«ПАЭЗІЯ – СЛУЖАНКА Й КАРАЛЕВА…»: ПРА БАРАДУЛІНА БЕЗ БАРАДУЛІНА

А. Э. САБУЦЬ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт

0
4447

Завецца ўшацкай старана,
Спрадвечнасцю старая,
Якая сына нам дала,
Зямля бацькоў,
Святых святая. 

Яго маленства — то маленства
Куліне-маці, Беларусі,
Яго маленства  то укленства
Нябачнаму Тому
За песню мовіць крывіцкаму слову. 

Хай лёсу ціха аблачынка
Асеніцца ў сіняй журбе,
Трывогачуйная вада сплыве
І небаўзлётная надзея
Паэта цепліць ланна, чынна.

Белай кужаллю ахутана і сёння ціхая ўшацкая зямля. Пульхны чысты снег празрыстымі пацеркамі ўсцілае гэты райскі прыстанак. Можа, таму жыццядайнае радовішча паэта празоранае – яно, ружанцовае, высвечвае шляхі-дарогі, густы туман гадоў, праз які ўсё ж зіма пахне сырадойна… Тут, на радзімнай крывіцка-ўшацкай покуці, сачылася жывіцаю святло паэзіі Р. Барадуліна. Гэта тут белымі пялёсткамі сыплюцца рамонкі, белых яблынь грому рады красавік, тут ласка ціхая Куліны ў вачах, тут асацыяцый караванаў  вечалле, і чуецца ў шматгалоссі іх і перуновае маўчанне, і амплітуды смеласці размах… Няўрокам кажучы, ідзе мудрэц са ступаю, несучы паломніцтва самоту на плячах. Ён – адсюль, з гэтай урадлівай удзячнай зямлі, якая наканавана была яму першародным подыхам маці, матчынай хаты, матчынай мовы – тым   с в я т ы м,   якое бруіць у паэтавым свеце як найістотнейшы акцэнт, якое ўдыхнула самабытнасць крывіцкага слова, пашанліва раскрыла багацце народнапесенных скарбаў. Перад Маці, Мовай, Бацькаўшчынай – шчодрадайная споведзь паэта, гарачая, сыноўняя.

Гэта тут творца збудоўваў свой свет, каб словам сваім веставаць за найдаражэйшую спадчынную святыню – матчыну Вушачу. Муза ягоная знаходзіла апірышча ў вечным, светлым і святым. Паэзія Р. Барадуліна гоіць і наталяе. Яна выбаленая, вынашаная і, такая ж, спеўная і надрыўная, выліваецца ў шчымлівай сыноўняй споведзі. Паэзія Барадуліна заўсёдная, бо сілкавалася самым святым і непераўзыйдзеным ва ўсе часы – спадчыннай памяццю («магільнікам памяці раблюся»). Гэта якраз тое, на чым вымяраецца і вывяраецца сутнасць чалавека на зямлі, разлітая і ў паганскім адухаўленні, і ў хрысціянскай любасці да бліжэйшага.

Чым палоніць гожая, пракаветная барадулінская паэзія? Ашчаджонасцю згаданай святасці, неардынарнасцю мыслення, артыстычнай моватворчасцю. То віртуоз мастацкавыяўленчага гукапісу і адмысловы майстар каламбурна-гульнёвых наватвораў. Дзякуючы апантанаму пранікненню ў дух мовы, якая са слоў творцы «са дна дзіўнабоскай паганскай асновы», паэт набіраў сілу прыроднага чуцця слова. Ён увесь – у жыццядайным «інтэлекце зямлі», у нерушавай пластыцы самапачатковага гука- і духасэнсу, каб голасна заявіць, што «да сэнсу трэба сэрцам дабрацца». І, зразумела, ягоная імправізацыйная стыхія аніяк не ўкладалася ў пракрустава ложа сучаснага аналітыка-філасофскага анатаміравання. У гэтым і заключаецца феномен мастацкага ўніверсуму самога Барадуліна як творцы.

Барадулінскае слова – мудрае і ранішняе сваёй шчырасцю – будзе яшчэ доўга прыцягваць увагу тонкіх цаніцеляў прыгожага пісьменства, якім зусім неабыякава, што крылася ў душы паэта. Бо кожнае лясное «крум» «Нагбома» і снежнарутая дзятлінка «Неруша», шчымлівая матчына песня «Рума» і пах вечаровага жытла «Абсягу», кожная хваля «Вечалля» і малітва наступнасці «Самоты паломніцтва», плечны апакаліпсіс «Міласэрнасці плахі» і кожная вечаровая пацера «Евангелля ад Мамы» – гэта тое існа-барадулінскае, чым сілкавалася ягоная сталасць і старасць. Бо кожны паэт – майстар, які шануе Арфея, а гэта значыць, ягонаму радку дадзена сіла абуджэння.

Чытаю паэта нашча, каб наталіцца. Гартаю Барадуліна.

Гартаю паэта-сына… Душа ягоная – на хутары Верасовачка, у матчынай хаце, на Ваўчэнскім возеры. Тут раскута і ўпэўнена валадарыць Яе Вялікасць Паэзія – цнатлівая пані-берагіня. Неўтаймаваная ўлюбёнасць у сваю «малую радзіму» выкрасае незабыўныя радкі: «Нават страшна дыхнуць  // Маладыя аблокі // над Ушаччынай ціха плывуць». Менавіта ў зямной, крэўнай знітаванасці ёсць адвечнае прыцягненне і ўсведамленне сябе мікрачасцінкай няспыннай плыні жыцця. Бо зямля бацькоў дала паэту права называцца сынам, бо ў ёй – сам уклад жыцця. Барадулінская прага першавытокаў, імкненне імі праверыць існасць жыцця – не аўтарская дэкарацыя, а перш за ўсё ягонае жыццёвае крэда. Непераходзячае  «Трэба дома бываць часцей», над сутнасцю якога не ўладарны час, ці не стала ўжо беларускай ідыёмай, такой роднаснай кожнаму беларусу. Паэтызацыя роднага хатняга кутка з яго зямнымі атрыбутамі сілкавала мастакоўскае «я», для якога вёска – «акадэмія жыцця і паэзіі». Талент паэта – ад маці і ад Бога. І ён жа – ад продкаў, ад землякоў, якія потам і расой здабывалі хлеб, якія кожным подыхам спасцігалі вышэйшую філасофію быцця ўшацкага. Мудрыя і дасціпныя, яны знітаваны з жыццёвай філасофіяй паэта. «Я  сын зямлі, // нашчадак хлебаробаў». Аўтарскія вясковыя замалёўкі з натуры выразныя багаццем беларускай душы і нейкай невытлумачальнай святасцю. Далучанасць лёсу паэта да лёсу сваёй зямлі як неспатольна радаводнага выяўляецца праз псіхалагічна насычаны «зямлі аратайны розум». Арганічна-цэласнае растварэнне ў згаданым трыпціху ёсць наскае барадулінскае вяртанне да першародных вытокаў, да асэнсавання спадчыннага. Максіма паэта – Маці, Мова, Беларусь – глыбока прачутая, вывераная, выпакутаваная. Надзейнае апірышча шукаў паэт у непадзельным адзінстве гэтых самых дарагіх для яго паняццяў. Спалучэнне іх – роднаснае, бо ўспрымаліся яны ім як жывая плоць, бо праз іх вымяралася паэтам сутнасць жыцця на беларускай зямлі. Трохзор’е гэтых святынь высвечвала памяць вайны, філасофію народнага быцця, сівую мінуўшчыну і гісторыю з непрадказальнымі наступствамі. Усё з роду нязводнага — і ў гэтым народнасць паэзіі Р. Барадуліна.

Гартаю паэта-мастака… Душа ягоная хмялела і млела ад ушацкіх краявідаў. Душа рахманая і бунтоўная, першакрынічна-глыбінна жыла ў млявым лёце знясіленай завеі, у залевах шаленства, у ляшчынніку, што моліцца на лог, у першым марозе, які запахне матчыным дыханнем, у маміным леце… Паэт жывапісуе. Яшчэ старажытнагрэчаскі пісьменнік Сіманід афарыстычна называў жывапіс нямой паэзіяй, а паэзію – жывапісам, які прамаўляе. Барадулін незапраграмаваны – ён «з нерваў, расы, цеплыні» (І. Шклярэўскі). Першароднае ў яго настолькі моцнае, што прыродная настальгія перарастала ў вялікую ўнутраную сілу. Паэт нават мог сказаць, што «трава праславянствам пахне». Хрышчоным паганцам, ад якога так і зыходзілі паганскі гарт і самавітасць, зарэкамендаваў сябе мастак. Свята шануючы дух паганскі, ён сказаў пра сябе: «Маланкай кшчоны паганец, малюся агню і вадзе». І яго Яснавокасць блакіт, і яе Ласкавасць бярэзінка варажбітна замовілі спрадвечнае, арганічнае суладдзе з Прамаці-прыродай, якая адкрывалася перад паэтам ва ўсёй сваёй непаўторнай цялеснасці і цнатлівасці. У вялікай пашане ў Барадуліна-паганца былі крывіцкія багі, калі «Беларускае слова ад гневу, // Ад Ярылы, ад Перуна». Менавіта стыхія здаровага народнага розуму, мудрых адносін да з’яў прыроднага быцця, усяго жывога панавала ў мастакоўскіх радках. Бо трэба было ўмець так па-беларуску асязальна запытацца: «Адкуль была ў сэрцы прапрадзедаў наіўная дабрыня ?..»

Гартаю паэта-паганца, паэта-крывіча… Крывіцкае слоўца слугавала яму. Барадулінскія радкі дыхаюць свабодна і раскавана, і разам з тым яны – то мілагучна-пластычныя, то напружана-драматычныя, то гнеўна-ашаламляльныя – малююць непрадказальныя стылістычныя пералівы. Ды й сам паэт зменлівы і шматгранны ў выяўленні (быццам хвалі тыя, якімі ён вызначвыў жанр «Слухаючы мора» – «хваля-паэма»). Шматдаравальная любоў да кожнай жывой істоты, да маці, мовы, Бацькаўшчыны, да жыцця, урэшце, як дарунку Божага – ці не ў іх крыўся аптымізм паганскага гарту? То кроўная повязь з памяццю свайго радаводу. Бо «кроў у малым ад нормы адхіленні // па жылах першародная цячэ».

Гартаю паэта-дбайніка, паэта-віртуоза… Ягоная муза жыватворная. Зайздроснае адчуванне прыроднай раскаванасці народнага самабытнага слова, прачулы лірызм яго паэзіі, унаследаваныя прыбабунькі, пад’ялдычкі, хуткамоўкі, словы матчыны з Ушаччыны, дзе каламбур і досціп увасоблены праз настальгічна прачутую атрыбутыку нацыянальнага характару, – у стыхіі Р.Барадуліна, які са свету паганска-народнага, адухоўленга самавітым паганскім жыццялюбствам. Менавіта адсюль бачыцца шырокая амплітуда стылёвай танальнасці – ад пяшчотна-лірычнай да гнеўна-сатырычнай, адсюль ягоныя і ўзбуджаная неўтаймаванасць, і гранічная скандэнсаванасць, і каларытная метафарычнасць, і надзвычай характарны яршысты радок. Самабытны барадулінскі талент ведаў цвёрдую цану крэўнаму беларускау слову, з паганскай багавейлівасцю вяртаў яму спаконвечнае. Творца ўзнаўляў першародна-этымалагічную сутнасць народнага ўяўлення аб пэўнай з’яве і само тлумачэнне этымалагічнай асновы слова праз таўталагічны код стварала натуральнасць вершаванага радка. Быць зямлянам-беларусам, пакуль вакол, па-барадулінску кажучы, азёрна, борна, гойна, пакуль над вачыма неба, ад жаўранкаў ажаўранелае. Гуляючы словам лёгка і нязмушана, ён умеў і творча сваволіць, і спазнаваць, вяртаючыся ў неруш роднага слова, не губляючы першароднасці і мройлівай узнёсласці. Сама «манера разумець рэчы» (В. Бялінскі) ў Р. Барадуліна даволі ўстойлівая. Таму і варажба на Вялікай Кітайскай сцяне, і суаўтарства з Гудзонам, і тапалёвая готыка, і цень Катула ёсць не нейкія адмысловыя метафары, а арганічна-цэласнае растварэнне ў трыпціху матчына хата-Ушачы-Радзіма менавіта праз  ф і л а с а ф е м у   ш л я х у, што так ці іначай вёў да матчынага парога – адкуль паэт падаваўся ў дарогу і куды ён імкнуўся «дома бываць часцей». Таму нездарма ж у «Самоце паломніцтва» па-хатняму адчувае сябе парыжская нізка паэта. Таму нездарма ж Барадуліна цяжка перакладаць на іншыя мовы – ён самабытны. Таму нездарма ўсплывае паэтава, спавядальнае: «Сарока асфальт нехалодны // Мацае лапкаю. // І мне не хапае паху // Баравое смалы», бо гэта той існа-барадулінскі дух, якім наталяюцца ягоныя «расток радка, галінка верша». Ну, а што давала апратку словам паэта? Кулініна дыханне, слоўца-показка, спеў і плач. Ва ўзнёсла-матчыным «Мой сынок, каласок, васілёк, // баравое зеллейка, // Мой каласутанька…» столькі было багавейнага напрарочана, столькі «было зямлі і неба, // Лесу і мурагу», што сыноўняе сэрца «біблію слова матулінага» (іменна свяшчэнна-непераўзыйдзенае біблейскае) берагло да скону, бо яно – слова – было хлебам для душы яго.

Гартаю паэта-цнатліўца… З вялікай сімпатыяй і замілаваннем напісаны радкі, дзе душа далікатна датыкалася да сакральна прыгожага пачуцця. «Пахлі вечарам валасы // І падміргвалі грудзі зорам…» Пяшчотна і апантана, ціха і гучна. Бо што прымушае трымцець сэрца і што  пакідае яго абыякавым? Што кідае ў абдымкі і што выштурхоўвае з іх? Хто адкажа нам, грэшным, якім пасланы гэтыя самыя страшныя і самыя салодкія пакуты? Духоўны свет паэта ткаўся-снаваўся з вясновага палу вачэй і расцвіўшых слядоў, самазабыцця начы і мілосці з вачыма лані, маладзічка пяшчоты і спёкі спелых грудзей. Скажыце, наіўна-мройлівая асалода, трызненне?.. Толькі жыццялюб мог прашаптаць так па-ранішняму: «Мне б вякоў не хапіла // Слухаць вочы твае». Ці не ўскалыхнулі вас так даверліва выдыхнутыя словы сярод віру жыцця, у якім шмат хараства і непаўторнасці, імгненнасці і вечнасці, спакусы і цнатлівасці, сцюдзёнасці і гарачыні ?… Пад анёльскім крылом ранішняга цнатліўца Яго Жанчына світальна ўзышла сарамліва-трывожным саборам, жытло Яго душы заселена Ёю, не святою, а зямною, як сенажаць. У паводзінах жа з іншымі – старасвецкая гжэчнасць, вячыстая далікатнасць: «Зірнулі Вы  і зацвілі дзяды, // Дзядоўнік Вашай рупнасцю крануты. // Туман дыхнуць баіцца на сляды». Зямным быў жа і сам Барадулін-паэт. Ягоная багавейная лагода, цнатлівасць і юрлівасць – адсюль, ад паганства, каб род не звёўся. Услухоўваюся ў таямнічы даверлівы шэпт:

Я выцісну цябе з сябе,
Як выціскаюць яд змяіны.
У харашбе,
У варажбе
Усю святую
Да хвіліны.
Я выцісну цябе з сябе,
Як выціскаюць яд змяіны. 

Так панавіта, прыгожа-ўзнёсла лунае неўтаймаванае, цвярозае і часам па-веснаму п’янлівае пачуццё тога паэта-шчасліўца, які быў глыбока перакананы, што «Жвірынкі лірыкі на дне // Ракі // Па імені Жанчына».

Гартаю паэта-спавядальніка…  Зварушлівая душа творцы дзякавала Госпаду за дазвол слова мовіць на зямной бяседзе. «З тлумам  ды з малітваю жыву, // Паважаючы зямлю сырую, // Бо  пачынаю адчуваць расстанне». Гэта былі яшчэ тыя, зараз так далёкія дзевяностыя гады…  Духоўнае ачышчэнне і прычашчэнне ягонай існасці ўзнаўлялася праз святыні маці і малітвы. Святло Вечнай Кнігі – жыццёвы прытулак паэта. Сапраўды, як заўважыў Паскаль, зямную навуку трэба зразумець, каб палюбіць; боскую навуку трэба ж палюбіць, каб зразумець. Вечаровыя пацеры для паэта – «гэта з небам размова». Ноткі мастакоўскага суму развітання чуюцца пры Святле Бібліі, Матчыным багаславенні ў бурлівым жыццёвым тлуме. Ягоныя вершаваныя споведзі – гэта любоў да жыцця ў шматгранным абліччы, гэта вяртанне да запаветных пачаткаў быцця. Сталая паэтычная муза жывілася пераважна з усвядомленага, па-велікоднаму світальнага адраджэнска-біблейскага. То сустрэча з Нябесным Гаспадаром. Пад знакам Матчынага дабравесця набіралі моц спавядальныя матывы. Бо ці не ад матчынай душы вера ў Бога, ці не з вуснаў маці малітва? Маці адтуль прыносіла добрыя весткі, і барадулінскі сповед перад Богам і Маці апекаваўся іх адной-адзінай святасцю: «На ты лепей з Богам і з маці». Сваю Маці паэт абагаўляў, і праз Яе вобраз увасоблена найвялікшая любоў і замілаванне боскай сутнасцю мацярынства: «Спавядаюся прачыстай Маме».  Бо ці не цяплом матчынай адданасці і самаахвярнасці быў сагрэты матчын парог, ці не крэўнымі матчынымі словамі, песнямі была спазнана і адчута бацькаўшчына, ці не спрацаванымі матчынымі рукамі былі выпешчаны зямля і жыта, ці не трывожным матчыным сэрцам напрарочана доля ў жыццёвай дарозе, ці не тая Адзіная – завахавальніца роду і ўсяго існага, жывога ў святым для паэта ўшацкім прыстанку? Кранальна і шчымліва гучаць сёння ў малітоўным звароце да маці два балючыя словы — «Дзякуй» і «Даруй». Бо – «храмам матчына глухая хата», бо матчына хата – сімвал яго радзімы, што ўзыходзіць да ўсеабдымна-зямнога: «Матчына хата слухае, // ці ўсё на зямлі спакойна».

Гартаю паэта-аратая… То заўсёдная барадулінская радасць і боль за аратаяў-ваяроў. Аратаі на гонях зямлі-карміцелькі. Аратаі на гонях беларускай культуры. Дбанне пра хлеб надзённы і пра хлеб духоўны. Бо той, хто арэ зямлю, памятае і пра аблокі, або, на думку паэта, павінен пасвіць аблокі вачыма. Аблокі – той раскошны выган, дзе можна раздольна пасвіць думкі свае. Душа паэта паглыблялася аратайскай стыхіяй «патаемнага, пераемнага». Здаецца, знітоўвае радкі святое пачуццё крэўнасці, еднасці, любові, назва якому – памяць, падсілкаваная характэрнай для барадулінскай мастакоўскай асобы рысай гістарычнай памяці. «Бо ў дзяжы гісторыі вякі пакідаюць на завод рашчыну». Барадулінскае ўтрапёнае слова пра апосталаў нацыі – пра Адамава сына, «першага еўрапейца ў новай беларускай літаратуры» М. Багдановіча і пра прарока-вешчуна, «сівабародага мудраца» У. Дубоўку; пра святую пакутніцу, унучку Ф. Скарыны, крывічанку Л. Геніюш і пра васілька ў жыце Беларушчыны, «светлага апостала нацыі» В. Быкава; пра купалаўскі ліпень і панчанкаўскі жнівень; пра апошнюю палескую язычніцу Я. Янішчыц, якая пакланялася беларускаму слову, Я. Янішчыц і пра новага звестуна Адраджэння, «нашага Уладзіміра Вялікага» У. Караткевіча. Што асабліва ўсцешна, дык пры ўсёй непадобнасці, а шмат у чым і супрацьлегласці творчых манер, чую ў барадулінскім радку купалаву ёмістасць, крылатасць і танкаўскую мудрую жыццёва-засяроджаную разважлівасць, броўкаўскую сардэчную шчымлівінку і панчанкаўскую нервовую імпульсіўнасць, задзірыстую бескампраміснасць, выбуховую наравістасць… Але ва ўсім — непадробная пячатка майстра, дзе годна бруіць пачуццё нацыянальнага генетычнага кода, дзе паразумеліся шанаванне ўсяго беларускага, крывіцкага і талент. У сваіх некананізаваных успамінах – слова пра слынных дзеячоў культуры, землякоў, сяброў, з кім аўтар дзяліў радасць і горыч: успамін пра мастака-эмігранта Барыса Заборава з неспазнаным космасам душы, пра апошняга яўрэйскага паэта ў Беларусі Рыгора Рэлеса, пра мэтра і крытыка Рыгора Бярозкіна, «чыйму слову давяралі, нават позірк чый улавіць стараліся». Таму спавядальна-шчырымі выглядаюць радкі:

Мы заўважаем па сябрах,
Наколькі пастарэлі самі.

 Так, як сапраўдны талент, ён адчувае сябе сваім у шумнацечнай плыні крытычнага слова. Але ж рамкі «вулканічнай энергіі» (Гей) барадулінскага паэтычнага і крытычнага слова давалі дыхнуць і перакладчыцкаму майстэрству паэта, якому «самому ў сабе цесна». На творчым рахунку паэта – пераклады паасобных твораў У. Шэкспіра, Дж. Байрана, Р. Кіплінга, Р. Бёрнса, Ж-Б. Мальера, А. Рэмбо, А. Міцкевіча, Т. Шаўчэнкі, А. Пушкіна. Асобнымі выданнямі выйшлі «Слова пра паход Ігаравы», творы Я. Райніса, А. Хаяма, Г. Містраль, С. Вальехі, Б. Пастарнака, М. Шагала, А. Вазнясенскага, І. Драча, паэтаў Балтыі і інш. Барадулінская гукатворчасць лучыцца з колам еўрапейскіх аўтараў і мае сілавое поле ў сучаснай паэзіі. Нездарма ж, відаць, паэт цікавіўся ўсходняй філасофіяй і культурай, пра што сведчаць шматлікія перазовы твораў. На беларускай мове найлепшыя рубаі персідскага паэта Амара Хаяма выдадзены ў таленавітым перакладзе Р.Барадуліна, ён жа асэнсоўваў і філасофію класічнай кітайскай спадчыны, прылучаючыся да свету паэзіі Ду Фу, зманлівай так характэрным у канфуцыянстве Сярэднявечча паняццем «жэнь» – чалавечнасцю, адданасцю, слугаванню Бацькаўшчыне (кніга «Гуканне паэзіі Усходу»). Паэтава муза жывілася з уласна перажытага, з плёну асэнсаванага і ацэненага, бо вялікае бачылася на адлегласці.  Т о л ь к і    ц і    б у д з е    а ш ч а д н а – п о ў н а    в ы д а д з е н а    с п а д ч ы н а    п а э т а   ?

Гартаю паэта-ахоўцу годнага, беларускага, паэта-ваяра… Паэзія Р.Барадуліна – то малітва Беларусі, узрошчаная на Евангеллі ад Маці. Пад знакам гэтых святынь вывяраецца сёння кожнае паэтычнае слова на жывучасць, ягоная апантаная ўлюбёнасць у беларускую Святасць і Светласць. Паэт веставаў за гаспадаранне ў крывіцкім беларускім доме. Бо ягоная вера ў адраджэнне нацыі, яе суверэнітэту бралі ў натхняльнікі і высокі дух продкаў, і вялікую міласэрнасць Бога. У палітыцы Барадулін быў на ўзроўні свайго бачання свету. Не палічым яго за кашчуйніка, але й Біблію аўтар лічыў пэўным чынам палітызаванай, бо яна вядзе барацьбу з сіламі сатаны за светлыя ідэі Хрыста. І індульгенцыю на непагрэшнасць аўтар не атрымаў, ды і не імкнуўся да яе. Паэзія жыве для паэзіі, часам сілкуецца падсоленай прозай жыцця. Для смаку. І паэтам-творцам гэта надзвычай адчувальна. То ратаванне той самай прыгажосці, якая павінна выратаваць свет. Не назаву паэта абуральна здзеклівым і ў нястрымным «Свет уратуе не прыгажосць, // Свет уратуе // Вера й злосць». Запытаецеся, што гэта: гульня ў бірулькі ці гульня ў бісер? А можа, сапраўды, у такім разе літаратура – самая лепшая забаўка, каб здзекавацца з людзей (з рамана «Сто гадоў адзіноты» Габрыэля Гарсія Маркеса)? Думаецца, неспатольная прага пошуку вымагае першаштуршкоў ад падобных парадаксальных пытанняў, бо адчуваецца суперажыванне паэтам за лёс Бацькаўшчыны, якую заўсёды прадзімалі сіверныя скразнякі часу. Палітычна-злабадзённы эпатаж барадулінскай паэзіі дыктаваўся вокамгненнай рэакцыяй творцы, набываў часам ваяўніча-наступальны характар, але Паэт быў далёкі ад ментарства. Бо не старэе і не мяняе апраткі душа яго паэзіі, якая шырэй за нормы, формы, школы; якую натхняла дападзенне да першародных высноў, глыбокае асэнсаванне радзінна-крэўных вытокаў народнага светаразумення. Барадулін, па-адраджэнску ўсхваляваны лёсам Бацькаўшчыны, уздымаў значныя прыярытэты Маці-Беларусі праз усю творчасць. Паэт адухоўлена маліўмя перад святым воблікам Беларусі. «Пакуль жыву, // Датуль малюся Беларусі // і да сваіх з малітвай гэтай адыду». Нездарма ж барадулінская мастакоўская муза сягала ў нябёсы і, каб не стала ёй балесна і сцюдзёна пры думцы, «што спадчыну датрачваю, // Старасць без пасагу пакідаю», уратуй яе апекай, Усявышні.

Гартаю паэта-інтэлігента…. Гартаю і патрапляю на васілёк – кволенькую блакітную кветачку з букеціку, падараванага мне Рыгорам Іванавічам аднойчы ўлетку 1997-га. Падараванага з так характэрнай для яго выкшталцонай шляхотнасцю і непадробнай зухаватасцю. Трымаючы сёння гэтае засушанае глыбока-таемнае вочка тут, у Гародні, я думкамі пра васількі ўшацкія, пра васільковы юбілей творцы, ахутаны ўжо сіняй журбой, але з небаўзлётным спадзяванкам на святое, вечнае. Хай будзе пухам Паэту Ягоная ўшацкая зямля. Хай будзе неспатольная душа ягоная пад міласэрнай апекаю Усявышняга, каб сагрэць душу Беларусі. Каб споўніць паэтаў запавет захаваць-зберагчы «святам свянцонае беларускае слова».

А. Э. САБУЦЬ,

кандыдат філалагічных навук, дацэнт

 

Крыніца публікацыі: Сабуць, А. Э. «Паэзія – служанка й каралева…»: пра Барадуліна без Барадуліна / А. Э. Сабуць // На Нёманскай хвалі: літ. альманах. – 2016. – № 5. – С. 195–201.

Тэкст электроннай публікацыі падрыхтаваны ў рамках стажыроўкі на кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ з 3.12.2018 па 14.12.2018 г.