Іван Мележ
(1921—1976)
Іван Мележ увайшоў у гісторыю беларускай літаратуры найперш як аўтар «Палескай хронікі» — шырокавядомага цыкла раманаў. Ён выразна прадэманстраваў мастацкія магчымасці рэалізму. І. Мележ адкрыў свету экзатычнае беларускае Палессе і ўславіў яго. Празаік стварыў цэлае багацце яркіх і каларытных народных тыпаў. І. Мележ быў узорам годных паводзін творцы, сумленнай і самаадданай працы ў літаратуры.
Біяграфія
У прадмове да адной з кніг І. Мележ пісаў пра свой творчы шлях: «Дарога гэта мае свае ўздымы і спады, свае павароты. Ёсць людзі, якія лічаць, што творчасць пісьменніка павінна быць простай, няспыннай дарогай угору. У жыцці так не бывае — калі толькі бывае! — рэдка». Жыццё пісьменніка, яго літаратурны шлях не слаліся роўным абрусам. Лёс не шкадаваў Мележа ў суровыя дні вайны, а ў літаратуры не абяцаў яму лёгкай славы, наканаваў ахвяраваць пісьменніцкай працы багата часу і сіл.
Іван Паўлавіч Мележ нарадзіўся 8 лютага 1921 г. у вёсцы Глінішча Хойніцкага раёна на Гомельшчыне. Пачатковую адукацыю атрымаў у мясцовай школе. Затым вучыўся ў сямігодцы, што ў Алексічах. Сярэднюю школу закончыў у Хойніках з атэстатам выдатніка.
У 1938 годзе юнак паступаў у Інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры ў Маскве, але не прайшоў па конкурсе. Вярнуўся на радзіму, працаваў у Хойніцкім райкаме камсамола. Восенню 1939 года быў залічаны студэнтам таго ж інстытута, у які першы раз не паступіў. Вучыўся Мележ у Маскве нядоўга. У 1940 годзе яго прызвалі ў войска. Вялікую Айчынную вайну сустрэў у Карпатах, пры самай граніцы. Адступаючы, удзельнічаў у кровапралітных баях. Некалькі разоў трапляў у акружэнне. У снежні 1941 года быў паранены. Працаваў у газеце «Красноармейская правда» 51-й стралковай дывізіі.
Летам 1942 года Мележ ізноў цяжка паранены — асколак раздрабіў правае плячо. Доўгі час ён пісаў левай рукой. Пісьменнік згадваў: «Аловак не хацеў слухацца. Пісаць не правай рукой з непрывычкі аказалася задачай цяжкай. Але куды цяжэй было пераказваць паперы тыя пачуцці, якія не давалі спакою мне, юнаку, якому здавалася тады, што ўсё зведана, перажыта…» Мележ лячыўся ў шпіталях Растова, Есентукоў, Тбілісі. Пасля ён быў адпраўлены ў тыл, жыў і працаваў у горадзе Бугуруслане, што на паўднёвым Урале.
Пачаў пісаць Мележ яшчэ школьнікам. Першы яго верш «Радзіме» быў надрукаваны ў 1939 годзе ў камсамольскай газеце «Чырвоная змена». На вайне ён рабіў дзённікавыя запісы, якія ў апрацаваным выглядзе падрыхтаваў да друку, назваўшы «Першая кніга». Яна была апублікавана пасля смерці празаіка ў 1978 годзе. У гэтай кнізе няма нічога выдуманага, усё грунтуецца на дакументах і фактах. Тут шмат яскравых падрабязнасцей франтавога побыту, цікавых назіранняў будучага пісьменніка, штрыхоў да партрэтаў, накідаў сюжэтаў магчымых твораў. У дзённіку адлюстраваны малюнкі трагічнай пары адступлення 1941 года, паказаны цяжкасці побыту ў тыле, выяўлены псіхалагічны стан самога аўтара.
У 1943—1944 гадах Мележ выкладаў ваенную падрыхтоўку ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, які распачаў сваю працу на станцыі Сходня пад Масквой. Адначасова вучыўся завочна на філалагічным факультэце. Пасля ён займаўся ў аспірантуры, пісаў кандыдацкую дысертацыю па творчасці Кузьмы Чорнага. Выбраў гэтага пісьменніка ў якасці аб’екта даследавання Мележ невыпадкова. З яго першымі апавяданнямі азнаёміўся менавіта Кузьма Чорны, які высока ацаніў талент маладога аўтара.
24 лістапада 1944 года ў газеце «Звязда» з’явілася апавяданне «Завіруха», прысвечанае памяці Кузьмы Чорнага (у гэтым жа нумары змешчаны некралог аб смерці Чорнага). Мележ нібы падхопліваў творчую эстафету ад пісьменніка, які блаславіў яго на шляху ў родную літаратуру.
У апавяданні «Завіруха» выявілася многае з таго, што стала характэрным у прозе Мележа: увага да «тыповых абставін», да псіхалогіі чалавека, драматычны сюжэт. А самае галоўнае — празаік стварыў пераканальны мастацкі вобраз героя. У характары маладога байца, беларуса Засмужца паказана яго ціхая, непаказная мужнасць, незвычайная цярплівасць і адказнасць перад іншымі людзьмі.
Пасля заканчэння аспірантуры І. Мележ некаторы час выкладаў беларускую літаратуру ў БДУ. Па словах пісьменніка, «дысертацыі не напісаў — замест яе напісаў некалькі кніжак прозы». У першыя пасляваенныя гады яго незвычайна захапіла літаратурная творчасць. Ён пачаў актыўна друкавацца на старонках часопісаў і газет, выдаў свае першыя кнігі прозы «У завіруху» (1946), «Гарачы жнівень» (1948).
У аповесці «Гарачы жнівень» упершыню выявілася пачуццё замілавання аўтара да Палесся, яго землякоў. У гэты ж пасляваенны час Мележ напружана працаваў над раманам «Мінскі напрамак» (1947—1952). Задача была маштабная: паказаць фронт і тыл, падполле і партызанскае змаганне, трагедыю вайны і подзвіг народнага духу. І. Мележ грунтоўна вывучаў дакументы, працаваў у архівах, знаёміўся з магчымымі прататыпамі герояў. Асабліва ўважліва ён даследаваў усё, што было звязана з жыццём і вобразам палкаводца Чарняхоўскага. З рукапісам рамана азнаёміўся Аляксандр Фадзееў, класік савецкай літаратуры, які напісаў аўтару грунтоўны ліст і на палях рукапісу зрабіў шмат карысных парад. Напісанню гэтага твора І. Мележ аддаў багата сіл і здароўя. «Мінскі напрамак» быў вельмі дарагі сэрцу пісьменніка, які прызнаваўся: «З вялікім хваляваннем і адданасцю пісаў я свой раман. Пяць гадоў працягвалася гэтае нецярплівае, ліхаманкавае гарэнне. Я жыў сваёй кнігай днём і ноччу. Пазней, здаецца, нічога падобнага не было. Можа, усё было так таму, што гэта была першая мая, як мне здавалася, сапраўдная рэч. Першая вялікая любоў, першая падзея». І яшчэ адзін штрых, які красамоўна характарызуе той перыяд жыцця пісьменніка: «5 гадоў працы над раманам. Днём на прагулках, ноччу — усё аб рабоце. Да знемажэння. Марафонскі бег». З боку І. Мележа выявілася неразуменне і рашучае непрыманне той крытыкі, якая знаходзіла гэты твор няўдалым і слабым. У канцы 60-х і на пачатку 70-х гг. І. Мележ дапрацоўваў «Мінскі напрамак» з улікам новага творчага вопыту прозы пра вайну, імкнуўся палепшыць і ўдасканаліць тэкст рамана. Ён дасягнуў большай псіхалагічнай глыбіні ў раскрыцці вобраза генерала Чарняхоўскага, паказаў яго як жывога чалавека, з індывідуальнымі рысамі характару. Пісьменнік даводзіў асобныя сцэны, эпізоды, шліфаваў стыль твора. Раман напісаны добрай беларускай моваю. Несумненна, пісьменнік шчыра адгукнуўся на «сацыяльны заказ» пісаць «гісторыю сучаснасці». А што магло быць у 40-я гады больш сучасным за ваенную тэму? На доўгі час Мележ захапіўся маштабнай задумай. Шмат хто з пісьменнікаў тады ў савецкай літаратуры ствараў ваенныя раманы-эпапеі. Жадаючы давесці сваё, Мележ ахвяраваў нямала часу і творчай энергіі на дапрацоўку рамана, які стаў набыткам літаратурнай гісторыі і прадметам даследавання навукоўцаў. Зрэшты, у вялікага чалавека цікавае ўсё: і яго першыя вопыты, і няўдачы.
Багата часу Іван Мележ аддаў выключна творчай працы. Яго апавяданні і аповесці склалі зборнікі «Блізкае і далёкае» (1954), «У гарах дажджы» (1957), «Што ён за чалавек» (1961). Аднак самым галоўным творчым здзяйсненнем пісьменніка стала «Палеская хроніка». Гэтай назвай звычайна аб’ядноўваюць тры раманы — «Людзі на балоце» (1961), «Подых навальніцы» (1965) і «Завеі, снежань» (1976). Па ацэнках крытыкаў, ён стварыў нацыянальную эпапею, якая з’яўляецца выдатнай з’явай у беларускай прозе ХХ стагоддзя. Першыя два раманы з «Палескай хронікі» прынеслі І. Мележу званне лаўрэата Ленінскай прэміі. Гэта была высокая і належная адзнака вялікага таленту пісьменніка.
З 1966 па 1974 гг. І. Мележ быў намеснікам старшыні Праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. Звольніўся з гэтай пасады па ўласным жаданні па стане здароўя. Цяжкая хвароба не адпускала яго. Па згадках жонкі пісьменніка Лідзіі Якаўлеўны, «ідучы ў бальніцу, Іван Паўлавіч застаўся верны сабе: узяў з сабою апошнія старонкі рамана “Завеі, снежань”, спадзяваўся дапісаць, калі стане адчуваць сябе лепш. У адзін з апошніх дзён, праводзячы мяне па бальнічным калідоры, з сумам сказаў: “Не дапішу… Няма сіл…”». Народны пісьменнік Беларусі Іван Мележ памёр 9 жніўня 1976 года.
«Людзі на балоце»
Творчая гісторыя. Праца над раманным цыклам пачалася ў сярэдзіне 50-х гадоў. Задума напісаць твор пра роднае Палессе і палешукоў з’явілася ў І. Мележа даўно. Яшчэ ў 1946 г. у сваім рабочым блакноце ён зрабіў запіс: «Напісаць аповесць пра Палессе». Ён меркаваў, што напіша кнігу пра меліяратараў, жыццё палешукоў у пасляваенныя гады. Калі ў пачатку 1956 г. ён прыступаў да ажыццяўлення даўняй задумы, то яму ўжо хацелася стварыць «раман аб простых людзях беларускага Палесся». Але і тады Мележ яшчэ збіраўся пісаць пра меліяратараў. Праўда, позірк яго скіраваўся ў мінулае далей, у перадваенныя гады на Палессі. У друку І. Мележ змясціў урыўкі са свайго новага твора, якому ён меўся даць загаловак «Час спадзяванняў». Там ужо называліся вёскі Алешнікі і Курані, грэбля паміж імі, Дзятлікаў Валодзька, яго брат Васіль з жонкаю Маняй. Урыўкі з рамана «Час спадзяванняў» сведчаць, што яны і з’яўляюцца першымі подступамі аўтара да «Людзей на балоце». І. Мележ адзначаў: «Я пачаў пісаць з перадваеннага часу, але, ледзь закончыў раздзельчык, вымушаны быў спыніцца. Пакутлівая няўпэўненасць у тым, што рэч задумана добра, найлепшым чынам, яшчэ доўга стрымлівала мяне. Урэшце, я вымушаны быў адмовіцца і ад гэтай задумы і пайсці далей, ад вытокаў жыцця, пра якое хацелася расказаць».
Пісьменніку спатрэбіўся нейкі час, каб зразумець, што ў яго душы, памяці, вопыце ёсць тое, чаго няма ні ў каго іншага на свеце. Трэба было ўсвядоміць асаблівую эстэтычную каштоўнасць асабіста ўбачанага, перажытага і перадуманага за жыццё. Пісьменнік нарэшце даверыўся ўласнаму вопыту. А яшчэ ён задумаўся над тым, што многае ў лёсе чалавека, калі не самае галоўнае, залежыць ад канкрэтнага часу, сацыяльных і гістарычных абставін.
Іван Мележ гаварыў, што «Людзі на балоце» «ў тым выглядзе, у якім яны напісаны», маглі з’явіцца толькі пасля вядомых перамен у жыцці грамадства, а менавіта ў перыяд так званай адлігі, якая пачалася ў другой палове 50-х гадоў. Доўгі час лічылася, што «чалавек — усяго толькі шрубка ў велізарным дзяржаўным механізме», гэта значыць адмаўлялася каштоўнасць чалавечай асобы. Адпаведна звужаліся рамкі творчай лабараторыі пісьменнікаў. І вось у літаратуры на хвалі грамадскіх перамен у цэнтр увагі трапляе чалавек, галоўнае месца надаецца «думцы народнай, думцы чалавечай». Менавіта тады Мележ глыбока ўсвядоміў сваю творчую задачу як даследчыка чалавека і жыцця: «Я шырока бачыў поле, па якім ішоў, адчуваў у ім сябе і работнікам, і гаспадаром. Але, што асабліва важна, поле гэтае я не толькі ведаў, я любіў яго. Таму што поле, па якім я ішоў, гэта было маё поле. Гэта было жыццё блізкіх мне людзей і маё жыццё. Я пісаў пра іх і адначасова пра сябе. Гэта было, думаецца, добрае ўзаемнае яднанне герояў, часу і аўтара». У «палескіх» раманах Мележа ўражвае вось гэта — шырыня погляду на жыццё, шматграннасць характараў, багацце ўнутранага свету герояў, бясконцасць перспектывы руху наперад. Тым самым пісьменнік адмаўляў вузкія схемы сацыяльнага разумення чалавека і свету. Празаік напісаў кнігу, у якой «цудоўнае жыло ў звычайным, трагізм — у звычайным, вялікае — у звычайным».
Твор, вобразна кажучы, паплыў шырокай і паўнаводнай ракой — з’явіўся першы раман «Людзі на балоце», высока ацэнены крытыкай і чытачамі. Другі раман — «Подых навальніцы» — ствараўся на працягу 1958, 1961—1965 гадоў. І. Мележ прызнаваўся: «Я не мог — рана ці позна — не напісаць гэтыя раманы — “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы”, — бо насіў іх у сабе як радасць і пакуту доўгія гады. Яны частка мяне самога — і вельмі дарагая. Родная вёска, людзі, маё юнацтва — усё гэта жыло ў маім сэрцы і не давала спакою». Трэці раман — «Завеі, снежань» — быў надрукаваны ўвесну 1976 года.
«Палеская хроніка» мела першапачатковую, умоўную назву «Куды вядуць дарогі?». Гэта хутчэй напрамак, у якім ішлі думкі пісьменніка, развіваўся сюжэт твора. У архіве празаіка захаваліся рукапісныя накіды і раздзелы чацвёртага («За асакою бераг») і пятага («Праўда вясны») раманаў, што павінны былі давесці герояў да дзён Перамогі над фашызмам і нават да сучаснасці. Такім чынам, пісьменнік хутчэй за ўсё меў намер стварыць пенталогію, гэта значыць раманны цыкл з пяці частак. Сам Іван Мележ востра адчуваў няўмольную хаду часу і свой адчай выявіў у словах, якія да сённяшняга дня выклікаюць хваляванне: «Адламала галіну, на якой поўна зялёных яблык. Я як гэта галіна. Поўна ва мне задум, якія прападуць са мною».
Тэматыка і праблематыка. Матэрыялам рамана «Людзі на балоце» паслужыла добра вядомае пісьменніку жыццё беларускай вёскі. Свой твор Мележ прысвяціў «бацьку, маці, бацькоўскай зямлі» (гэтыя словы вынесены ў эпіграф да рамана). «Людзі на балоце» сталі мастацкім адкрыццём палескага краю, яго жыхароў і прыроды. Мележ стварыў «гімн Палессю, яго людзям» (Міхась Лынькоў).
Каханне — бадай, ці не самая галоўная тэма рамана «Людзі на балоце», яна асабліва ярка раскрываецца праз трохкутнік: Васіль — Ганна — Яўхім. Пісьменніка займае праблема чалавечага шчасця ў пэўных абставінах жыцця і часу. Ён уважліва прасочвае развіццё пачуццяў сваіх герояў, тонка раскрывае свет іх настрояў і перажыванняў. Узаемаадносіны герояў, іх палкія страсці і пошукі шчасця ў творы беларускага пісьменніка набываюць гэткую ж сілу мастацкага выяўлення, як і ў раманах Міхаіла Шолахава «Ціхі Дон», Маргарэт Мітчэл «Знесеныя ветрам» і інш. І. Мележа хвалявалі «вечныя тэмы чалавечай існасці» (найперш каханне, сям’я), а гэта ў выніку і забяспечыла трывалую жыццёвую і духоўную аснову яго рамана «Людзі на балоце».
Праблема зямлі — цэнтральная, нават вызначальная ў ідэйным змесце «Палескай хронікі». Жаданне мець уласную зямлю — самая вялікая мара і неадольная страсць Васіля Дзятла. І. Мележ паказаў, што зямля для селяніна — найвялікшая каштоўнасць, аснова быцця і дабрабыту. Усе думкі Васіля скіраваны да зямлі, герою празаіка хочацца быць на ёй сапраўдным гаспадаром. Ён любіць сялянскую працу, ідзе да поля «як на сустрэчу з каханай» (Алесь Адамовіч).
Чалавек і час, чалавек і зямля, асоба і грамадства, чалавек і жыццё — праблемы, якія хвалявалі пісьменніка. Усе гэтыя праблемы ён імкнуўся асэнсаваць праз лёс сваіх герояў, свет іх думак і пачуццяў. Самае важнае для пісьменніка было ў тым, каб раскрыць таямніцы і загадкі чалавечай душы, чалавечай псіхалогіі.
Раман пра народ. Іван Мележ прызнаваўся, што хацеў «напісаць у пэўным сэнсе народную кнігу». Раман «Людзі на балоце» — гэта сапраўды народазнаўчая кніга. Галоўны яе герой — народ. Адсюль адно з жанравых вызначэнняў твора — «раман-народ» (Алесь Адамовіч). Пісьменнік паказаў лад жыцця палешукоў, іх працоўныя будні, побыт беларускай вёскі 20-х гадоў, святы і традыцыі гэтага краю.
Жыхары Куранёў жывуць у сваім часе і ў сваім свеце. Яны працуюць, мітусяцца, хвалююцца, гавораць пра жыццё і на розныя тэмы, перамешваючы вялікае і дробязнае, сумнае і вясёлае. А з часам, які, вядома, не выбіраюць, палешукам моцна не пашанцавала: не паспелі разжыцца на ўласнай зямлі, адчуць подых адноснай свабоды, як ужо давялося падпарадкоўвацца чужой волі-сваволі.
У паводзінах многіх герояў з народу выявілася ўсё адразу: і надзея, і недавер, прага змен і страх перад новым. Запамінаюцца вясёла-з’едлівыя рыфмаваныя рэплікі-досціпы Сарокі. Яна ўжо на сваім горкім вопыце зразумела, што гатовыя фальклорныя формулы не маюць належнага эфекту, і сама таленавіта прыдумляе на хаду прыказкі. Стары Глушак умее паўстаць у зручнай для яго ролі, а таму хітруе, маніць, прыстасоўваецца да абставін і людзей. Яўхім, першы хлопец на вёсцы, моцная, дзейная натура, бярэ сваё дзе нахабствам, дзе сілаю, вастрэй, чым хто ў Куранях, адчуваючы нутром, што яго лепшая пара мінулася. Шматдзетны Зайчык блазнуе-весяліцца, тугадум Нібыто-Ігнат злуе-пагражае, вясковы «палітык» Андрэй Руды сыпле газетнымі штампамі, Хоня жартуе і тады, калі хочацца плакаць…
Героі рамана Мележа — «простыя людзі звычайнай палескай вёскі». Усе разам яны — «бязмежна багатае людское мора, імя якому — народ». Так, той самы народ, словамі пра які пісьменнік хацеў закончыць сваю «Палескую хроніку»: «І ўсё-такі мы будзем жыць. Нас — не знішчаць. Бо мы — народ!»
Самабытнасць жыцця і характараў. У рамане «Людзі на балоце» І. Мележ шырока паказаў свет нацыянальнага жыцця — самабытнага і багатага на разнастайныя праявы. Празаік адкрыта і ўскосна палемізуе з папярэднікамі, якія ўспрымалі Палессе і паляшуцкае жыццё як экзотыку, дзе захаваліся першабытныя ўяўленні. Мележ меў адну істотную перавагу: ён глядзеў на сваё Палессе не здалёк або неяк збоку, а зблізку, вачыма ўлюбёнымі, і менавіта таму ў творы так шмат паэзіі, прачулага лірызму. Ён па-майстэрску пераводзіць увагу з плана апісання ў план роздуму аб лёсе дарагіх яму палешукоў, засяроджваецца на пошуках імі шчасця, дабрабыту, справядлівасці, сэнсу жыцця. Высвятляецца, што гэты свет па сваёй напоўненасці эмоцыямі, пачуццямі, страсцямі, перажываннямі гэткі ж агульначалавечы і духоўна багаты, як і свет іншага народа ці этнасу.
Іван Мележ не дажыў да часу, калі паняцце «менталітэт» увайшло ва ўжытак, і карыстаўся звыклымі: «народ», «нацыянальны характар». Ён імкнуўся дайсці да самых «каранёў», вытокаў народнай свядомасці. Пісьменнік зазначаў, што «толькі тады, калі мы будзем ведаць, адкуль мы, якімі былі, мы можам ведаць, хто мы. Ведаць цану сабе, свайму жыццю». Упершыню пасля Купалы, Коласа, Гарэцкага і Чорнага ён на поўны голас загаварыў пра глыбіннае адчуванне і разуменне беларусамі жыцця, прыроды, роднай зямлі, свету, паказаў, што вызначае іх настроі, лад пачуццяў, характар думак, асаблівасці рэагавання на падзеі. Мележ убачыў у жыцці і характарах сваіх землякоў шмат такога, што магло б зацікавіць сусветнага чытача.
Каляндарны цыкл (чаргаванне працоўных сезонаў) кіруе свядомасцю палешукоў, гэтых «людзей на балоце». Ён, дарэчы, ляжыць у аснове сюжэта рамана. Адчуванне зямнога часу, абмежаванага нараджэннем і смерцю чалавека, малаістотнае ў разуменні палешука. У «Палескай хроніцы» толькі аднойчы паказаны хаўтуры, калі памірае маленькая дачка Ганны Чарнушкі, хвароба і смерць якой кранае балюча і ўспрымаецца як страта хіба толькі самой маці (раман «Подых навальніцы»). Астатнія героі-палешукі жывуць так, быццам ім наканавана вечнасць. Яны ўключаны ў спрадвечны «кругазварот» працы, штодзённых клопатаў, жывуць ад сяўбы да жніва і ад жніва да сяўбы.
У творы пануе стыхія народнай песеннасці і атмасфера міфалагічных уяўленняў. Яго героі на вачах уражанага чытача ствараюць міф пра сябе, увасабляюць яго ў прыказках, анекдотах і легендах, у самім гучанні палескага дыялекту. Яны пільна ўзіраюцца, услухоўваюцца ў навакольны свет, шукаючы знакаў таямнічага лёсу. Шматзначнай падзеяй здаецца закаханым Васілю і Ганне тое, што ў час спаткання паміж імі прапаўзла гадзюка. У песні спяваецца пра мілага, што «паехаў у Адэсу», і ўжо блізкае мястэчка Хойнікі, куды павезлі «мілага», здаюцца Ганне такім жа далёкім, як Адэса, а словы «няма яго і не будзе» і наогул успрымаюцца як судовы прысуд. А нядобрых знакаў і пачварных сноў усё больш з кожнай падзеяй на вёсцы. У жыцці чалавека занадта шмат складанага і супярэчлівага, каб не трымацца звыклых уяўленняў, старых традыцый, правераных векавой практыкай ісцін. Той, хто парушае заведзеныя адвеку традыцыі, звычкі, рызыкуе быць асуджаным і адкінутым людской пагалоскай, бо яго паводзіны парушаюць, як здаецца, самае святое, пагражаюць існаванню сялянскага свету. Жанчыны з’яўляюцца захавальніцамі мясцовых традыцый і галоўнымі знаўцамі законаў жыцця.
Агульнае ўяўленне пра палешукоў выказваецца ў словах «ціхія, дзікія, у палоне забабонаў». Мележ удакладняе: сярод палешукоў, не толькі «за Гомелем», трапляюцца выдатныя майстры, «балотныя» мудрацы, свае прарокі, лекары, казачнікі, лірнікі, «філосафы на хутары», «паэты ў душы». Не падобныя адзін да аднаго жыхары адной вёскі, тым больш адрозніваюцца жыхары балота і лесу, рэчкі і поля. Аднастайнасць «балотнага рэгіёну» на справе ўражвае небывалай разнастайнасцю характараў і чалавечых лёсаў. Палешукі — гордыя людзі, у многіх з іх «век жыло перакананне, што яны вышэй за іншых. Што ў іх і “законы” і парадкі лепшыя, і яны самі — “разумнейшыя”». У кожнага — ад фанабэрыстага Яўхіма Глушака да ціхмянага Чарнушкі, ад упартага працаўніка Васіля Дзятла да вольналюбівай красуні Ганны Чарнушкі — сваё ўяўленне аб гонары і годнасці: «Дзе-дзе, а ў іх старане, дык аж лішне гэтага пераканання ў сваёй дасканаласці. Дзе-дзе, а тут лішне ўжо любілі іншыя пахваліцца, пакрасавацца, паказаць сваю хітрасць, свой розум». Гэтая адметнасць, унікальнасць паляшуцкай натуры змяшчае ў сабе як станоўчае, так і негатыўнае. Недавер да навізны, падазронасць, дробязныя хітрыкі, неразумная упартасць дзіўным чынам спалучаюцца з цярплівасцю, працавітасцю, настойлівасцю, цвёрдай воляй…
Адчуванне сваёй годнасці ў палешукоў сфарміравалася ў выніку жыцця наводдаль ад цывілізацыі, у паядынку з суровай прыродай, у якім разлічваць можна толькі на самога сябе. Мінулае жыхароў «балотнай рэспублікі», «Куранёўскай акругі» налічвае шмат стагоддзяў існавання сярод зялёнай раскі. Чалавек яшчэ не нарадзіўся, а яго ўжо чакае распісаная да драбніц праграма паводзін. Вось адкуль у тэксце словы і словазлучэнні «век», «звычай», «як заўсёды», «тысячы год назад», нават «сто тысяч год таму», «як вялося адвеку». Клопат пра гаспадарку — вялікі ўладар куранёўскіх дум — распараджаецца часам і шчасцем, дыктуе манеру паводзін, падказвае словы, адпаведныя сітуацыі. Вопыт і веды палешукоў заключаны ў адвечнай мудрасці: «калі расце лебяда, дык гэта не бяда, а калі расце званец, дык хлебу канец»; «добрую траву людзі сеюць, а дрэнная сама расце»; «бедная зямелька лепей за багатага мужыка»; «зямля — талерка: што пакладзеш, тое і возьмеш»; «паміраць збірайся, а жыта сей»; «хто сее, той і збірае». Падкрэслена побытавы аповед «пра звычайнае жыццё звычайных людзей» у рамане перарастае ў гімн народу-творцу, захавальніку беларускага духу.
Васіль Дзяцел. У вобразе Васіля Дзятла пісьменнік увасобіў адметны і каларытны народны тып характару. Васіль жыве працай рук сваіх, не ўяўляе сэнсу жыцця і шчасця без кавалка ўласнай зямлі. Прыгледзімся больш пільна да гэтага героя і ўбачым рысы яго паляшуцкага характару: працавіты, цярплівы, цягавіты, упарты, настойлівы ў дасягненні мэты. Спрадвечная народная мудрасць падказвае Васілю Дзятлу стыль паводзін у момант сумненняў: «як людзі», «па-людску», «як усе», «ён ужо не хлапчук які, а гаспадар». Гатовыя стандарты і формулы становяцца яго «філасофіяй жыцця»: «усе церпяць, цярпі і ты»; «Зямля — гэта зямля, не дым, не сорам — рэжучы яе, усё роўна, што рэжуць сэрца»; «жыццё — не вясёлае, бесклапотнае свята, а найбольш доўгі і клапотны будзень»; «уся сіла — у зямлі»; «няма зямлі — няма, лічы, і чалавека»; «гаспадарка — ето гаспадарка, аснова. Е аснова — і ты е».
Гэтая ж мужыцкая мудрасць падказвае герою, як быць у сітуацыі, калі трэба рабіць выбар паміж сям’ёй і каханнем: «жыць, як людзі», «трэба нечым паступацца», «пра дзело думаць трэба». Васіль прыкуты да зямлі, як Праметэй да скалы. Зямля, Радзіма — апошняя пядзя, якой ён нікому не саступіць: «Кажны прыходзіць, кажны камандуе, каму ахвота! Кажны — уласць над табой!» Лепшае і горшае, светлае і змрочнае, высокае і нізкае дзіўна перапляліся ў яго натуры: сарамяжлівасць пераходзіць у ганарыстасць, мяккасць — у цвёрдасць, пакора — у бунт. «Моцны арашок!» — ці то з захапленнем, ці то з асуджэннем заўважае і ацэньвае Васіля Дзятла вопытны і мудры Апейка.
Моц характару, цвёрдасць, цярплівасць, маральная пэўнасць у паводзінах, перакананасць у сваёй праваце — гэтыя рысы паляшуцкай душы склаліся за стагоддзі нялёгкага жыцця і змагання з балотам за кавалак хлеба на стале. Яны — вынік векавечнага паядынку з няласкавай і не вельмі шчодрай прыродай, калі ўсё каштавала такім рупліўцам, як Васіль Дзяцел, вялікіх фізічных і душэўных намаганняў. Менавіта таму гэты герой пісьменніка спадзяецца толькі на самога сябе, уласныя сілы.
Празмерная вера ў сябе, нават адчуванне перавагі над астатнім светам пры збегу акалічнасцей можа пераходзіць у сваю супрацьлегласць — недавер, хітрыкі, помслівую зласлівасць і зайздрасць. Гэтыя метамарфозы заўважаюцца ў паводзінах Васіля, які прагне любой цаной завалодаць кавалкам карчоўскай зямлі ля цагельні. Закаханы Васіль Дзяцел пачынае звыкла вымяраць шчасце і няшчасце меркамі дабрабыту і памерамі землянога надзелу, азірацца на свайго саперніка Яўхіма Глушака-Карча як на прыклад жыццёвай удачы і магчымасці хуткага ўзбагачэння. У час калектывізацыі, калі ўсё набыло новы сэнс, упартасць і недаверлівасць Васіля перашкаджалі яму паверыць у тое, што сапраўды ёсць формы жыцця і гаспадарання лепшыя за вядомыя палешукам, перанятыя ад дзядоў і бацькоў. Традыцыі былых пакаленняў кіравалі свядомасцю людзей тыпу Васіля Дзятла. Герой Мележа апынуўся ў драматычным канфлікце з рэчаіснасцю. Гэтая няцвёрдасць у сваіх перакананнях, сумненне ў вечных маральных каштоўнасцях, недавер да каханай прыводзяць Васіля Дзятла да непапраўных памылак.
Ганна Чарнушка. Здаецца, няма ў рамане Мележа больш незалежнага і рашучага чалавека, чым Ганна Чарнушка. Гераіня Мележа — сапраўды яркая асоба, прыгожы і бескарыслівы чалавек, для якога пачуццё годнасці вышэй за ўсё. Адважная, непакорлівая, неспакойная, гарэзлівая і нават небяспечная, яна здольная на бунт, калі гэта датычыць яе асабістага шчасця. Але і яна, калі надыходзіць адказны момант у жыцці і калі ўласнага вопыту ўжо проста не хапае, каб спасцігнуць ход і сэнс падзей, прыўзняць хоць на міг заслону перад будучыняй, раптам разгубілася, страціла цвёрдасць характару, урэшце прымае свой лёс як наканаванае. Ганна падпарадкоўваецца «бацькавай волі»: «сцерпіцца — злюбіцца»; «не любоўю ў сям’і сходзяцца, любоў — уцеха не бядняцкая, не жаноцкая»; «кветка дзявочая, пустая, — любоў»; «краса дзявочая — не бровы, не вочы, а рукі, умельства ў працы»; «не дзеўка чалавека сабе выбірае, а чалавек — яе»; «воля бацькі для дзеўкі — божая воля»; «так было са ўсімі, так будзе і з ёй»; «так было заведзена, так рабілі ўсе». Векавыя традыцыі, перажыткі сялянскай псіхалогіі, для якой былі ўласцівы практычнасць і разлік, мараль старога грамадства ўладараць над свядомасцю дзяўчыны і захінаюць перад яе позіркам жыццёвы прастор, які адкрываў перад моладдзю новы час.
Тым не менш Ганна Чарнушка здольная на крытычныя адносіны да мясцовых звычак, якія іншым здаюцца адзіна правільнымі. Яна пераступае праз іх, у той час як ніхто з куранёўцаў зрабіць гэта не адважваецца. Яе злыя кпіны, якіх пабойваецца нават такі смелы і нахабны дзяцюк, «першы хлопец на вёсцы», Яўхім Глушак, па сутнасці вось такі адмысловы спосаб, каб адстойваць сваю дзявочую і чалавечую годнасць. Ганна не баіцца людскіх нагавораў, калі застаецца сам-насам з Васілём на начлег у час касавіцы. Яна рашуча і рэзка адбівае з дапамогай усё тых жа насмешак спробы і брудныя намёкі Яўхіма ўсумніцца ў яе дзявочай цнатлівасці. Ганна не зважае на тое, што яе асудзяць, калі прыйдзе ў гурт да дзяўчат, ведаючы, што яе каханы ў гэты час сядзіць пад арыштам: маўляў, хлопец там пакутуе, а яна ў гурт заявілася весяліцца! Ніхто не здагадваецца, пра што яна думае, калі слухае сваю любімую — і Мележа таксама — песню «Шумяць вербы ў канцы грэблі», бо змест гэтай песні яна ўспрымае сэрцам, быццам гэта датычыць непасрэдна яе і яе каханага.
Ганна з насмешкай слухае страшныя аповеды сябровак пра ведзьмакоў і чараўнікоў і ў той жа час з жахам згадвае выпадак на лузе, калі паміж ёю і Васілём прапаўзла гадзюка — вельмі нядобры, паводле народнага павер’я, знак, знак блізкага няшчасця. Ганна і сваё каханне ўспрымае ў формах, уласцівых народнай песні: яна — галубка, а ён — голуб, яе чары — «белае лічка, чорныя бровы». Ганна Чарнушка як можа абараняе свой дзявочы гонар ад людскіх плётак, ад кпінаў вясковай моладзі. Гордая і незалежная, Ганна Чарнушка не звяртае ўвагі на гэтыя размовы і раіць не звяртаць увагі і Васілю: «Няхай кажуць, гавораць хоць цэламу свету, а я цябе любіць буду…». Вымярэнне праз сваё асабістае «цэлага свету» — несумненна, сведчанне праваты яе жаночага сэрца.
У адрозненне ад Васіля, Ганна здольная дзеля асабістага шчасця на рашучы ўчынак: беднасць яе не палохае, бо яна, сірата, ведае, што горш, чым яе бацька ў Куранях, мала хто жыве. Тым не менш родная сям’я, асабліва той час, калі жывая была яе маці і пра які любіў згадваць бацька, здаецца Ганне ідэалам будучай уласнай сям’і. Але марам дзяўчыны не суджана збыцца, бо ў яе невялікі выбар: багаты, але некаханы Яўхім, які паквапіўся на хараство, і бедны Васіль, хоць і каханы, які дзесяць разоў падумае, перш чым адважыцца на жаніцьбу. У яе паводзінах у самы адказны момант жыцця заключаецца вялікая, горкая і супярэчлівая праўда характару, абставін, часу, самой эпохі станаўлення новых адносін паміж людзьмі.
Аднак Ганна Чарнушка толькі ў хвіліны сумненняў у пачуццях Васіля мірыцца са сваім становішчам парабчанкі ў хаце ўласнага мужа. Тут на яе пазіраюць коса, з адкрытай непрыхільнасцю. Свёкар, Халімон Корч, свякроў дакараюць Ганну, што з беднай сям’і, што не любіць законнага мужа. Дапякаюць нават за тое, што яна працавітая, акуратная, а таму няма да чаго прычапіцца, каб зноў і зноў папікаць кавалкам хлеба. Пісьменнік пільна назірае за тым, як паводзіць сябе яго любімая гераіня, ён дазваляе ёй самавыявіцца і чакае з нецярпеннем, калі ж яна пакажа свой характар і сваю натуру. Здаецца, Ганна цалкам трапіла пад уладу традыцыі, страціла сваю незалежнасць і годнасць: як можа дагаджае свёкру, асабліва свекрыві, з усіх сіл спрабуе перацягнуць на свой бок абыякавага да яе становішча мужа. Яўхім хутка зрабіўся чужым да яшчэ нядаўна такой жаданай і такой недасяжнай красуні, перастаў шкадаваць і шанаваць, стаў слухацца ва ўсім бацькоў. Але акурат тут і скончылася яе цярпенне і прыніжэнне. Усе спробы захаваць мір у сям’і і лад у хаце, як лепшае ў чалавечым жыцці, гатоўнасць ахвяраваць сабой дзеля шчасця былі марнымі. Куранёўцы, грамада — на яе баку, усё бачаць і ўсё разумеюць. Карчы жывуць адной прагай багацця, дзеля таго каб захаваць сваё становішча гаспадароў жыцця ў час, калі пад іх нагамі захісталася зямля. Усё чалавечае ім недаступнае і абсалютна чужое.
У думках Ганны гучаць словы «доля», «бацькава воля», «лёс», «так заведзена», «шчасце», «дабрабыт», у якіх адлюстравана мара народа пра годнае жыццё і надзея на будучыню. Яна шукае прычыну свайго няшчасця не ў «адвечных законах», якім так лёгка падпарадкавалася, не наракае на кагосьці, а вінаваціць найперш сябе, бо паслухалася іншых. Ганна Чарнушка бунтуе супраць «жаночай долі», супраць звыклых паняццяў «не суджана, на раду напісана». Перад намі паўстае ранейшая Ганна — вясёлая, дасціпная, вострая на язык, ганарыстая, вольналюбівая, незалежная. Мы бачым у яе абліччы і вобразе асобу.
Ганна Чарнушка — чалавек новай эпохі. Яна не толькі нялюбаму і абыякаваму да яе мужу не сцерпіць абразы, але і каханаму, роднаму і блізкаму ёй Васілю не даруе звычайнага недаверу. Так адчувае і так думае ўжо не чалавек масы, а пэўная асоба, якая ўсведамляе сваю адзінкавасць і непаўторнасць. Праўда, яе замірэнне з уласным становішчам часовае, вымушанае. Ганна цярпліва чакае, калі яе каханы зразумее, што адбываецца. Дадзены ёю шанец не выкарыстаў ніводзін з яе абраннікаў: ні Васіль, ні Яўхім.
Чалавек і прырода. Іван Мележ прызнаваўся, што праца над раманам «Людзі на балоце» пачыналася з апісанняў палескай прыроды. «Я бачыў малюнкі Палесся перад сабою, яны будзілі ўспаміны, трывожылі. З успамінамі аб прыродзе прыйшлі ўспаміны аб людзях, зямлю засялілі людзі…» — прыгадваў ён. На пачатку рамана створана незабыўная карціна вясковай раніцы. Пісьменнік малюе яе рэалістычнымі фарбамі, засяроджвае ўвагу на тым, што акружае куранёўцаў у штодзённым жыцці. Ён скарыстоўвае гукавыя і слыхавыя вобразы, каб перадаць абуджэнне палескай вёскі: «…з каміноў на куранёўскіх стрэхах віліся ціхія ранішнія дымочкі, у расчыненых хлявах там і тут чулася цырканне малака ў даёнкі»; «У некалькіх дварах гукі гэтыя перабіваў часты, працавіты клёкат жалеза аб жалеза — касцы ладзілі, адбівалі малаткамі косы, рыхтаваліся ісці на балота». Звяртаюць увагу у гэтым аўтарскім апісанні наваколля адметныя, каларытныя словы: цырканне малака, клёкат жалеза.
Пейзаж у рамане «Людзі на балоце» выконвае дзве асноўныя функцыі: фон дзеяння і сродак раскрыцця псіхалагічнага стану персанажаў. Прырода дапамагае пісьменніку даць больш яскравае ўяўленне пра чалавека, жыццё, побыт. На пачатку другога раздзела падаецца апісанне маладзенькай рабіны, якая «ў жнівеньскім росквіце… заружавела, зазырчэла яркім, кідкім хараством, гарачым полымем агністых гронак». Гэтае прыгожае дрэўца параўноўваецца з вобразам вясковай красуні: «Як тая рабіна, цвіла ў гэтае лета Ганна».
Без прыроды немагчыма ўявіць мастацкую прастору рамана, духоўны свет яго герояў. Чалавек у І. Мележа арганічна, непасрэдна ўключаны ў навакольны свет, жыве і працуе ў суладнасці з прыродай: «Людзі заўсёды чым-небудзь былі заняты: уранку і ўвечары, летам і зімою, у хаце, на двары, у полі, на балоце, у лесе…». Балота, поле, лес — асноўныя тры прыродныя стыхіі, якія ўплываюць на жыццё палешукоў. Прыроду можна таксама лічыць дзейным героем рамана.
У рамане «Людзі на балоце» створана шмат пейзажных карцін і малюнкаў. Яны самі па сабе эстэтычна каштоўныя, выклікаюць захапленне сваім хараством і маляўнічасцю. І. Мележ лічыў, што «пейзаж… дапамагае стварыць у кнізе адчуванне паўнаты чалавечага быцця». Малюючы прыроду, пісьменнік выяўляе тонкае, вельмі паэтычнае ўспрыманне свету, пачуццё глыбокай замілаванасці хараством роднага краю.
Крыніца публікацыі: Беларуская літаратура: дапам. для вучняў 10-га класа агульнаадукац. устаноў з беларус. і рус. мовамі навучання / А. І. Бельскі [і інш.]; пад рэд. А. І. Бельскага, М. А. Тычыны. — Мінск: Адукацыя і выхаванне, 2009. — С. 217—233.