* * *
Спакою не ведаць ні ноччу, ні днём
І не прыставаць у знямозе,
Вялікай любові дажджом і агнём
Зямлю цалаваць па дарозе.
(«Плыла, цалавалася хмара з зямлёй…»)
* * *
Кожны мае свой бор,
родны бор на зямлі…
(«Маё сэрца ў бары»)
* * *
Дай яшчэ раз прыпасці да любай зямлі…
(«Пра восень»)
Я – акіяну жытняга калоссе:
Мільёны лёсаў змешчаны ў маім,
Яшчэ да дна не вычарпаным, лёсе.
(«Мне кожны год, нібы жыццём другім…»)
* * *
Я – трэці свет, я кропелька малая
Тых светаў двух – звычайны чалавек,
Што неба і зямлю ў сабе змяшчае
І ў свет адзін злучае іх навек.
(«Нябёсы – акіян, я знаў даўно…»)
* * *
Дзіця вады, паўзу я ў глыб лясоў,
Развітваюся з берагам пясчаным,
Каб чалавекам, з глыбіні вякоў,
Устаць і зноў сустрэцца з акіянам.
(«Сышлося неба з акіянам блізка…»)
* * *
Ты была маёй любай зямлёю,
я – морам тваім.
(«Ты і я»)
* * *
Май прыходзіць пасля…
(«Аб рэўнасці»)
* * *
Любоў – не райскія сады,
Любоў – не дом падараваны,
Любоў – бяздомнік, прапісаны
У верным сэрцы назаўжды.
(«Чужой любві я не зайздрошчу…»)
* * *
П’ючы шумлівай славы хмель салодкі,
Не забывай пра горыч палыну.
(«Мы славу параўноўваем з віном…»)
* * *
Мінецца ўсё: пустая слава, мода,
І застанецца толькі сэнс адзін
Тых слоў, каторым саладзей ад мёду
Банкетнага быў палявы палын.
(«Варшаўскі шлях»)
Лепш цяжка жыць,
чым быць бадзёрым трупам…
(«Маналог»)
* * *
Жыццё –
шляхоў і рэк падабенства:
Рух падарожны
распачынае
Юнацтва наша
з крыніц маленства
І ў акіян небыцця
ўпадае.
(«Далёка да акіяна»)
* * *
Няма шляхоў да самазахавання,
Няма дарог да светазабыцця
У час ліхі ўзаемапалявання
Сіл супрацьлеглых: смерці і жыцця.
(«Цунамі»)
* * *
Няўжо навек
нас замяце няўвага
Сляпых завей,
бесчалавечных душ?
(«Глыбокі лістапад…»)
* * *
Ратуй людзей з бяды ліхой,
іх душы
На гвалт і на адчай не пакідай…
(«Варшаўскі шлях»)
* * *
Пакліч – былое адгукнецца
Жалейкаю за хваіной;
Скраніся – і важкой хадой
Наступнае ў паход кранецца.
(«На паўмільярдным кіламетры»)
* * *
Грукай у дзверы гісторыі!
(«Далёка да акіяна»)
* * *
Пяройдзе шлях у новы шлях,
Расстанне – ў новае спатканне,
Напеў жалейкі – ў труб гучанне,
Выток жыцця – ў жыцця працяг.
(«На паўмільярдным кіламетры»)
* * *
Ёсць у паэта свой аблог цалінны,
Некрануты прастор для баразён…
(«Ёсць у паэта свой аблог цалінны…»)
* * *
І хай тады вечнасць на песнях маіх
Нявечнасці ставіць пячатку.
(«Пра вечнае пяро»)
Гадзіннік мой – не сонца, што ў зеніце,
Гадзіннік мой – не сэрца, што ў грудзях.
Сваім дакладным часам на арбіце
Сама зямля мой вымярае шлях.
(«Гадзіннік мой – не сонца, што ў зеніце…»)
* * *
Не вечна ўсё пад месяца сярпом…
(«Адзіны серп на сённяшнім жніве»)
* * *
За годам год ляцяць дзесяцігоддзі,
Як дождж, як пыл, як снег на галаву…
(«За годам год ляцяць дзесяцігоддзі…»)
* * *
Мой год, нам трэба даражыць хвілінамі.
Для нас гадзіна – тэрмін немалы.
(«Мой Новы год»)
* * *
Адзінства гартаваць людзей павінна…
(«Цунамі»)
* * *
Свет будзе пець, смяяцца, слёзы ліць
Датуль, пакуль на свеце людзям жыць.
(«Хуткасць»)
* * *
Наперадзе – далечыні бязмежнай
Нязнаны край. Былое – за бартом.
(«Цунамі»)