НАРОДНЫЯ ПАЭТЫ І ПІСЬМЕННІКІ – ДЗЕЦІ ВАЙНЫ

0
735

НАРОДНЫЯ ПАЭТЫ І ПІСЬМЕННІКІ – ДЗЕЦІ ВАЙНЫ

 

НІЛ ГІЛЕВІЧ

Дата і месца народзінаў: 30 верасня 1931 года, вёска Слабада Лагойскага раёна Мінскай вобласці.

Пра ваеннае дзяцінства: «Я пepaжыў вaйнy пaдлeткaм»; «Самае жахлівае пачалося ў канцы 1942 – пачатку 1943 года. Фашысты сталі паліць адна за адной вёскі, як правіла, з жывымі жыхарамі, пачаліся масавыя расстрэлы людзей. У ліпені вывезлі на катаргу ў Германію дзеда і бабку (па маме), мамінага брата Кастуся з жонкай і пяццю малымі, маміну сястру Ганну з мужам і пяццю дзецьмі, крыху пазней – бацькавага брата Валодзю з жонкай і чатырма дзецьмі… Не раз і маё жыццё вісела на валаску. Так, аднойчы немец каваным ботам збіў мяне, качаючы па зямлі, да паўсмерці, ляскаў над вухам затворам карабіна, але… пашкадаваў кулі, ці што? Я застаўся жыць».

Кнігі/творы пра вайну: вершы «Сцежкі да родных магіл», «Зямля бацькоў, Лагойшчына мая…», «Ты кажаш, я не ведаю вайны», «Ля магілы беларускіх партызан на Беласточчыне», «Асвенцім», «У “воўчым логаве”», «Былая турма ў Бегуні», «Не дачакаўшыся сыноў адтуль…», «Хачу ўявіць – і не магу ўявіць…», «Тым, што ваявалі…», «Можа, i мяне вайна дагонiць…», «На ўзгорку пясчаным…», «Часцей, часцей прыпамінай…» і інш., паэтычная араторыя з чатырма баладамі «Гарыць, гарыць мая Лагойшчына» (1966), паэмы «Cтo вyзлoў пaмяцi» (1962–1964), «Heдзялeня» (1970), «А раніцы ўжо не было» (1972), «Заручыны» (1965–1978); дакументальная аповесць «Перажыўшы вайну: аповесць у абразках памяці» (1988), п’еса «Мы скора завітаем зноў» (1977–1978).

 

ІВАН ЧЫГРЫНАЎ

Дата і месца народзінаў: 21 снежня 1934 года, вёска Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці.

Пра ваеннае дзяцінства: «Калі пачалася вайна, мне яшчэ не споўнілася і сямі»; «Іншы раз уначы прыгадваю на памяць хаты роднай вёскі: тут гаспадар памёр, тут – забіты на вайне, тут – расстраляны ў часе вайны… Няма хаты, дзе б не страчана было ў вайну два-тры чалавекі… А некаторыя сваяцкія роды ўжо спынілі сваё існаванне… Вёска, як шчарбаты грэбень…»; «У вайну хапіла ўсім – і дарослым, і дзецям… На вайну прыпала толькі тры няпоўныя гады майго жыцця, але якраз яна стала галоўнай падзеяй, якая вызначыла на доўгі час маю творчасць».

Кнігі/творы пра вайну: апавяданні «Самы шчаслівы чалавек», «Жыве ў крайняй хаце ўдава», «У баку ад дарогі», «Маці» (іншая назва – «У ціхім тумане»), «Плывун», «Бульба», «Апавяданне без канца», «Дзівак з Ганчарнай вуліцы», «На пыльнай дарозе», «Ішоў на вайну чалавек», «Праз гады», «За сто кіламетраў на абед», «За трэцім разам» і інш.; раманы «Плач пepaпёлкi» (1972), «Aпpaўдaннe кpывi» (1977), «Cвae i чyжынцы» (1984), «Bяpтaннe дa вiны» (1992), «He ўce мы згiнeм» (1996); суаўтар сцэнарыя тэлесерыяла «Руіны страляюць…» (1971).

 

РЫГОР БАРАДУЛІН

Дата і месца народзінаў: 24 лютага 1935 года, хутар Верасоўка Ушацкага раёна Віцебскай вобласці.

Пра ваеннае дзяцінства: «Меў вельмі цяжкае дзяцінства, застаўся без бацькі, які загінуў у партызанах»; «Хата ж была дагледжаная, бацька мой быў з рукамі… І калі партызаны пачалі хутка адступаць, пакінулі там нейкія правады, антэну, а немцы паглядзелі – якую хату паліць? – канешне ж, нашу!.. Мы прыйшлі ўжо на пагарэлішча»; «У веснавы дзень ледзянілі жахам аўтаматы ў немцаў… Дождж. Бліскучыя плашчы на немцах. Аўтаматы. Сабакі. Нельга двойчы ўвайсці ў адну і тую ж раку, сцвярджалі старажытныя, мост адзін і той жа мы праходзілі двойчы, мост пакут і страху, мост цераз раку жыцця і нябыту»; «Вайна ўва мне, як перанасычаны раствор, у крыві маёй, у маёй свядомасці, у кожнай тканцы маёй існасці… Запас памяці… прыпадае ў мяне якраз на час вайны».

Кнігі/творы пра вайну: вершы «Бацьку», «Балада пра маці», «Стэарынавая свечка», «Палата мінёраў», «Нагбом», «Гналі роднай зямлёй палонных…», «Успаміны – неўзарваныя міны…», «Смуткам і радасцю чалавечаю…», «Партызанскія котлішчы», «Партызанскі край», «На сустрэчы партызан», «Могільнік вёсак», «Дваццаць пяць», «Партызанскі ўрок», «Партызанская маці», «Ветэраны», «Ізноў яна…», «Пліты», «Анямелы роў», «Ранішняй песні заступнікі», «Бачу: з вайны кавыляе…», «Надпіс на помніку ў вёсцы Шунёўка», «Перад блакадай», «Бацькава імя на пліце мемарыяла “Прарыў”», «Пахі акупацыі», «Забораўна», «Купае партызан каня», «Брыдуць глыбокім снегам чараты…», «Пісьмо з партызанскага бору», «Абмоткі», «На свята Перамогі» і інш.; паэмы «Трыпціх» (1962), «Матчына хата» (1963), «Блакада» (1968), «Вяртанне ў першы снег» (1974).

 

МІКАЛАЙ ЧАРГІНЕЦ

Дата і месца народзінаў: 17 кастрычніка 1937 года, горад Мінск.

Пра ваеннае дзяцінства: «Мне было четыре года, когда началась война… Когда гитлеровцы оккупировали город и начали создавать в этих кварталах еврейское гетто, пришлось переехать на Цнянскую. Минск, улица Цнянская, 45, – это адрес моего детства… Когда нацисты выгнали нашу семью из родного дома, мама нашла другой. Мы заняли одну его половину. Но как жить? Семеро детей, отец на фронте… А в доме протекала крыша, не было стекол в окнах… Тяжелое было время…»; «А еще у нас очень часто бывали обыски. Шмонали дом эти мерзавцы со страшной силой»; «Моя мать спасла от рук фашистов нас – семерых братьев и сестер. А восьмую сестренку, рожденную до оккупации, спасти не удалось. Девочку убил фашист, рукояткой пистолета ударив по голове, пока мать кормила ее грудью. Период оккупации в памяти на всю жизнь».

Кнігі/творы пра вайну: раманы «Вам – задание» (1982; пераклад на беларус. мову – 2016), «Операция “Кровь”» (2013, 6-е изд. – 2024), «Трудные дороги жизни: тревожные дни» (2023).

 

УЛАДЗІМІР КАРЫЗНА

Дата і месца народзінаў: 5 мая 1938 года, вёска Закружка Мінскага раёна Мінскай вобласці.

Пра ваеннае дзяцінства: «У тры гады на мяне навалілася вайна… Мы, трое дзяцей і мама, у сорак трэцім ледзь не сталі заложнікамі за бацьку-партызана. Цудам былі вывезены ў глухі партызанскі лес і там сярод ваўкоў у балоце хаваліся ў блакаду, ратаваліся журавінамі і горкімі сухарамі»; «Вярталіся ў сваю вёску. Бачым – хаты гараць. “І твая, Ніна, хата гарыць”, – ашаламіла нас па дарозе суседка. Адступаючы, немцы здзекаваліся з мірных людзей, спалілі вёску. Стралялі ў саламяныя стрэхі, якія ад гарачыні і куль палалі».

Кнігі/творы пра вайну: вершы «Ёсць розныя на свеце помнікі…», «Сын у школу пайшоў…», «Сын быць не хоча…», «Успамін ветэрана», «Балада Буйніцкага поля», «Зялёнае шкельца», «Мы родам з вайны», «Як вочы…», «Гуляюць дзеці», «Старое фота», «Асвенцім», «Лес», «Партызанская мадонна», «Думай, чалавек» і інш.; паэмы «Гром над дарогай» (1970), «Бацька» (1973), «Карэнні болю» (1978).

Падрыхтаваў А. І. Бельскі