Янка Кyпaла

0
33613

Паэт, драматург, перакладчык, публіцыст, крытык, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

Народны паэт Беларусі (1925). Акадэмік АН БССР (1928) і АН УССР (1929). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1941).

Янка Купала (сапр. Іван Дамінікавіч Луцэвіч) нарадзіўся 7 ліпеня 1882 г. у фальварку Вязынка каля Радашковіч (цяпер Маладзечанскі раён Мінскай вобласці). З сям’і збяднелай шляхты, старэйшы продак якой па бацьку згадваецца ў дакументах ХVІІ ст. Скончыў Бяларуцкае народнае вучылішча (1898), вучыўся на агульнаадукацыйных курсах А. С. Чарняева ў Пецярбургу (1909—1914), у народным універсітэце імя А. Л. Шаняўскага ў Маскве (1915). Пасля смерці бацькі (1902) працаваў на гаспадарцы, хатнім настаўнікам («дарэктарам»), пісарам у судовага следчага ў Радашковічах (1903), малодшым прыказчыкам у памешчыка на Сенненшчыне (1904), практыкантам і памочнікам вінакура на броварах у памешчыцкіх маёнтках (1905—1908). У 1908—1909 гг. працаваў у газеце «Наша ніва» і адначасова ў бібліятэцы Б. Л. Даніловіча (Вільня). З кастрычніка 1913 г. зноў у Вільні, супрацоўнік «Беларускага выдавецкага таварыства», рэдактар «Нашай нівы» (1914—1915).

У час Першай сусветнай вайны прызваны ў армію (студзень 1916 г.), служыў у дарожна-будаўнічым атрадзе шляхоў зносін у Мінску, Полацку, Смаленску. З ліпеня 1918 г. агент Аддзялення забеспячэння Заходняй вобласці. 21 студзеня 1919 г. пераехаў у Мінск. Загадваў бібліятэкай пры Беларускай хатцы, рэдагаваў часопісы «Рунь» (1920) і «Вольны сцяг» (1920—1922). З пачатку 1921 г. працаваў намеснікам загадчыка літаратурна-выдавецкага аддзела Народнага камісарыята асветы БССР, уваходзіў у Акадэмічную камісію Акадэмічнага цэнтра Наркамасветы БССР па ўдакладненні і апрацоўцы беларускай тэрміналогіі. Удзельнічаў у стварэнні Беларускага дзяржаўнага тэатра (1920), Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1921), Інстытута беларускай культуры (1922), рэспубліканскіх выдавецтваў. З пачаткам барацьбы і рэпрэсій супраць нацыянальнай інтэлігенцыі абвінавачваўся ў прыналежнасці да контррэвалюцыйнай арганізацыі «Саюз вызвалення Беларусі». 20 лістапада 1930 г. зрабіў спробу самагубства, аднак выжыў.

У 1934 г. удзельнічаў у працы І з’езда Савецкіх пісьменнікаў БССР, І Усесаюзнага з’езда Саюза савецкіх пісьменнікаў (ССП) СССР, дзе быў выбраны членам Праўлення ССП СССР. У 1939 г. увайшоў у склад прэзідыума Праўлення ССП СССР. Выбіраўся кандыдатам у члены ЦВК БССР (1929—1931, 1935—1938), дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (з 1940 г.).

У Вялікую Айчынную вайну жыў у Маскве, потым у пасёлку Пячышчы каля Казані. Трагічна загінуў 28 чэрвеня 1942 г. у Маскве ў гасцініцы «Масква». У 1962 г. урна з прахам Купалы перавезена ў Мінск і пахавана на Вайсковых могілках.

Пісаць пачаў на польскай мове. Першы вядомы беларускі верш «Мая доля» датуецца 1904 г. Першы беларускі друкаваны верш «Мужык» (мінская газета «Северо-Западный край, 15 мая 1905 г.).

Аўтар зборнікаў паэзіі «Жалейка» (1908), «Гусляр» (1910), «Шляхам жыцця» (1913), «Спадчына» (1922) і інш., паэм «Курган» (1910), «На Куццю» (1911), «На Дзяды» (1912), «Бандароўна», «Магіла льва», «Яна і я» (усе — 1913), «Безназоўнае» (1924), «Тарасова доля» (1939) і інш., п’ес «Паўлінка» (1912), «Прымакі», «Раскіданае гняздо» (абедзве 1913), «Тутэйшыя» (1922).

Шмат друкаваўся як публіцыст. Напісаў артыкулы «Ці маем мы права выракацца роднай мовы?» (1914), «Незалежнасць», «Незалежная дзяржава і яе народы», «Больш самачыннасці», «Моладзь ідзе» (усе — 1919), «Справа беларускага Адраджэння за мінулы год» (1920) і інш.

Пераклаў на беларускую мову «Слова аб палку Ігаравым», творы А. Міцкевіча, А. Пушкіна, Т. Шаўчэнкі і інш.

У 1995—2003 гг. выдадзены Поўны збор твораў Янкі Купалы ў дзевяці тамах.

Паводле твораў паэта створаны оперы, балеты, сімфоніі, песні і інш.

Узнагароджаны ордэнам Леніна.

Імeм Янкі Купалы нaзвaны дpaмaтычны тэaтp y Мінcкy, Інcтытyт літаратуразнаўства, дзяржаўны ўніверсітэт у Гродна, парк у г. Мінску. У гонар народнага паэта ўсталяваны шматлікія мемарыяльныя дошкі ў Беларусі і за мяжой, названы шкoлы, бібліятэкі, вyліцы, плoшча ў г. Ашдод (Ізраіль). Адкрыты помнікі на Вайсковых могілках у Мінску, на радзіме паэта ў Вязынцы, у Мінску, Гомелі, Ляўках, Радашковічах, Харужанцах (Лагойскі раён), Нью-Ёрку, Маскве.