Паэт, празаік, драматург, дзіцячы пісьменнік, педагог, навуковец, публіцыст, крытык, перакладчык, грамадскі дзеяч; адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і сучаснай беларускай літаратурнай мовы.
Народны паэт Беларусі (1926). Акадэмік АН Беларусі (1928). Заслужаны дзеяч навукі Беларусі (1944). Лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР (1946, 1949).
Працаваў асістэнтам кафедры беларускай мовы БДУ (1923—1926).
Якуб Колас (сапр. Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч) нарадзіўся 3 лістапада 1882 г. у вёсцы Акінчыцы Мінскай вобласці. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1902). У 1902—1906 гг. настаўнічаў у вёсцы Люсіна (Ганцавіцкі раён) і вёсцы Пінкавічы (Пінскі раён; абедзве Брэсцкая вобласць), у Верхменскім народным вучылішчы (Смалявіцкі раён Мінскай вобласці). За ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе ў ліпені 1906 г. у вёсцы Мікалаеўшчына (Стаўбцоўскі раён) звольнены з працы і аддадзены пад суд. Працаваў у рэдакцыі газета «Наша ніва» ў Вільні (1907). З 1908 г. настаўнічаў у прыватнай школе ў вёсцы Сані Сенненскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Талачынскі раён Віцебскай вобласці). 15 верасня 1908 г. засуджаны на тры гады турэмнага зняволення, якое адбываў у Мінскім астрозе. У 1912—1914 гг. — настаўнік Пінскага прыходскага вучылішча. У верасні 1915 г. мабілізаваны ў царскую армію, служыў у горадзе Перм, на Румынскім фронце. З верасня 1917 г. у горадзе Абаянь (Курская вобласць), настаўнічаў. У 1921 г. па выкліку ўрада БССР вярнуўся ў Мінск. Працаваў у Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы, у літаратурнай камісіі па збіранні вуснай народнай творчасці Інбелкульта, выкладаў у Белпедтэхнікуме, БДУ. З 1929 г. — віцэ-прэзідэнт АН Беларусі. У Вялікую Айчынную вайну жыў у Клязьме (пад Масквой), Ташкенце (жнівень 1941 — лістапад 1943). Са снежня 1944 г. — у Мінску.
Памёр 13 жніўня 1956 г., пахаваны на Вайсковых могілках у Мінску.
Уваходзіў у склад ЦВК БССР (1929—1931, 1935—1938), быў дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР (1946—1956) і БССР (1938—1956). Старшыня Беларускага рэспубліканскага камітэта абароны міру (з 1951 г.).
Першыя літаратурныя спробы Якуба Коласа адносяцца да часу вучобы ў настаўніцкай семінарыі (вершы на рускай мове, празаічны твор «Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле»). Першая публікацыя — верш «Наш родны край» у газеце «Наша доля» (1906). Аўтар паэтычных кніг «Песні-жальбы» (1910), «Водгулле» (1922), «Адпомсцім» (1942), «Голас зямлі» (1943) і інш. Выдаў зборнікі прозы «Апавяданні» (1912), «Нёманаў дар» (1913), «Родныя з’явы» (1914), «Крок за крокам», «На рубяжы», «У ціхай вадзе» (усе —1925) і інш. Стварыў цыкл «Казкі жыцця» (1906—1956). Напісаў паэмы «Новая зямля» (1911—1923), «Сымон-музыка» (1911—1925), «Суд у лесе» (1943), «Адплата» (1945), «Рыбакова хата» (1939—1947), трылогію «На ростанях», якая складаецца з аповесцей «У палескай глушы» (1921—1922), «У глыбі Палесся» (1924—1927), «На ростанях» (1949—1954), а таксама аповесці «На прасторах жыцця» (1926), «Адшчапенец» (1930—1931), «Дрыгва» (1933).
Выступаў як драматург. Аўтар п’ес «Антось Лата», «На дарозе жыцця» (абедзве — 1917), «Забастоўшчыкі» (1925), «Вайна вайне» (1926—1931, 1938), «У пушчах Палесся» (1937).
Для дзяцей выдаў кнігі «Міхасёвы прыгоды» (1935), вершаваную казку «Рак-вусач» (1938), паэтычныя зборнікі «На рэчцы зімой» (1941), «Вершы для дзяцей» (1945), зборнікі апавяданняў «У старых дубах» (1941), «Раніца жыцця» (1950). Апрацаваў шэраг беларускіх народных казак.
Выдаў падручнікі «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» (1909), «Методыка роднае мовы» (1926).
Пераклаў на беларускую мову паэмы «Палтава» А. Пушкіна, асобныя творы Т. Шаўчэнкі, П. Тычыны, А. Міцкевіча, Р. Тагора і інш.
У 2007— 2012 гг. выдадзены Збор твораў Якуба Коласа ў 20 тамах.
Па паэме «Новая зямля» створана опера Ю. Семянякам, паводле вершаў паэта — песні.
Узнагароджаны пяццю ордэнамі Леніна, ордэнамі Чырвонага Сцяга, Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі.
Імeм Якуба Кoлaca нaзвaны дpaмaтычны тэaтp y Віцeбcкy, Інcтытyт мoвaзнaўcтвa і бібліятэкa НАН Бeлapycі, шкoлы, бібліятэкі, вyліцы, плoшчы. Адкрыты дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны мyзeй пaэтa ў Мінску, у Акінчыцах, Смольні і Альбуці — яго філіялы. Адкрыты помнікі на Вайсковых могілках у Мінску, на радзіме паэта ў Мікалаеўшчыне, у Мінску, Навагрудку, Лунінцы, Ганцавічах, Ташкенце, Цяньцзіне (Кітай). У 1972 г. у Стaўбцoўcкім paёнe створаны Кoлacaўcкі зaкaзнік з мэтaй зaxaвaння пpыpoднaгa кoмплeкcу мяcцін, звязaныx з жыццём і твopчacцю нapoднaгa пaэтa.