Янка Брыль

0
36722

1917 – 2006

Празаік, эсэіст, перакладчык, дзіцячы пісьменнік, грамадскі дзеяч.

Народны пісьменнік Беларусі (1981). Ганаровы акадэмік НАН Беларусі (1994). Лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР (1952), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1982), Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1963).

Ля роднай вёскі “Загор’е”

Янка (Іван Антонавіч) Брыль нарадзіўся ў Адэсе ў сям’і чыгуначніка. У 1922 г. разам з бацькамі вярнуўся на радзіму бацькоў, у вёску Загор’е (Загора) на Навагрудчыне (цяпер Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць). У 1931 г. скончыў польскую сямігодку і паступіў у Навагрудскую гімназію, але праз матэрыяльныя цяжкасці вучыцца не змог. Працаваў па гаспадарцы, займаўся самаадукацыяй. У 1939 г. быў прызваны ў Войска Польскае, служыў у марской пяхоце. З пачаткам Другой сусветнай вайны (1.09.1939) удзельнічаў у абарончых баях супраць гітлераўскіх акупантаў. У верасні 1939 г. пад Гдыняй трапіў у нямецкі палон, восенню 1941 г. уцёк з няволі на радзіму і стаў удзельнікам партызанскага руху. З кастрычніка 1942 г. — сувязны партызанскай брыгады імя Жукава Баранавіцкага злучэння, з 1944 г. — разведчык партызанскай брыгады «Камсамолец». Рэдагаваў газету «Сцяг свабоды» Мірскага падпольнага райкама партыі і сатырычны лісток «Партызанскае жыгала». Пасля вызвалення Беларусі працаваў рэдактарам раённай газеты ў г. п. Мір, быў літаратурным супрацоўнікам газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну» (з кастрычніка 1944 г.), загадваў аддзелам рэдакцыі часопіса «Вожык». У розныя гады быў намеснікам рэдактара часопісаў «Маладосць» і «Полымя», працаваў рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР. У 1966—1971 гг. — сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР.

Я. Брыль з жонкай Нінай Міхайлаўнай

Двойчы выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага савета БССР (1963—1967, 1980—1985). Старшыня Беларускага аддзялення таварыства «СССР — Канада» (1967—1990).

Памёр 25 ліпеня 2006 г., пахаваны на могілках у Калодзішчах пад Мінскам.

Я. Брыль і І. Мележ

У друку выступіў з вершамі ў 1938 г. Аўтар аповесцей «Сірочы хлеб» (1942—1956), «У Забалоцці днее» (1951), «На Быстранцы» (1955), «Апошняя сустрэча» (1958 — 1959), «Ніжнія Байдуны» (1975), «Золак, убачаны здалёк» (1978), «Муштук і папка» (1990). Выйшлі кнігі прозы Я. Брыля «Апавяданні» (1946), «Нёманскія казакі» (1947), «Вераснёвая рунь» (1949), «Зялёная школа» (1951), «У Забалоцці днее» (1951), «На Быстранцы» (1955), «Надпіс на зрубе» (1958), «І смех, і бяда» (1958, сатыра і гумар), «Працяг размовы» (1962), «Птушкі і гнёзды» (1964, раман), «Ты жывеш» (1973), «Акраец хлеба» (1977), «Гуртавое» (1980) «Ад сяўбы да жніва» (1987) і інш. У суаўтарстве з А. Адамовічам і У. Калеснікам напісаў дакументальную кнігу «Я з вогненнай вёскі…» (1975). Выдаў кнігі артыкулаў і нататак «Роздум і слова» (1963), «Трохі пра вечнае» (1978).

Я. Брыль, А. Макаёнак і П. Панчанка

Выйшлі з друку зборнікі лірычных запісаў і мініяцюр «Жменя сонечных промняў» (1965), «Вітраж» (1972), «Сёння і памяць» (1985), «На сцежцы — дзеці» (1988), «Пробліскі» (1992), «Пішу як жыву», «Вячэрняе» (абодва — 1994), «Дзе скарб ваш» (1997), «Сцежкі, дарогі, прастор» (2001), «З людзьмі і сам-насам» (2003), «Блакітны зніч» (2004), «Парастак» (2006).

Дзецям адрасаваў кнігі «Ліпка і клёнік» (1949), «Зялёная школа» (1951), «Светлае ранне» (1954), «Пачатак сталасці» (1957), «Жыў-быў вожык» (1976), «Сняжок і Волечка» (1983), «Цуды ў хаціне» (1998).

Выданні Я. Брыля на замежных мовах

Пераклаў творы Э. Ажэшкі, Б. Пруса, М. Канапніцкай, Я. Івашкевіча, Л. Талстога, А. Чэхава, У. Караленкі, К. Паўстоўскага, А. Вішні, А. Даўжэнкі, В. Казачэнкі і інш.

Выйшлі Зборы твораў у двух (1960), чатырох (1967—1968) і пяці (1979—1981) тамах.

Зборы твораў пісьменніка

Узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Айчыннай вайны ІІ ступені, Дружбы народаў, Знак Пашаны, медалём Ф. Скарыны і інш.

Імем Я. Брыля названы вуліцы ў Мінску і Гдыні (Польшча), у 2008 г. у гонар народнага пісьменніка адкрыта мемарыяльная дошка на доме № 78 па праспекце Машэрава.

Апошні прыжыццёвы зборнік празаіка