ПАЭТ ПАСВІЦЬ АБЛОКІ ВАЧЫМА…: штрыхі да партрэта Барадуліна-публіцыста (да 20-годдзя кнігі “Аратай, які пасвіць аблокі”)

А. Э. САБУЦЬ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт

0
3644

Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін – лірык і публіцыст, гумарыст і сатырык, перакладчык і крытык, эсэіст і аўтар шматлікіх дзіцячых паэтычных кніг. Гэта трэба ўмець напісаць “некананізаваныя ўспаміны” і кнігі вясёлых вершаў, казак-пераказак для дзяцей, або спавядальна-ачышчальную кнігу “Ксты” і казытліва-гарэзлівую блазенскую “Дуліну ад Барадуліна”, умець перакладаць і ўмець ліставацца. Кажучы словамі самога паэта, “асацыяцый караваны па ўсіх радках накіраваны” і “паэт будуе сам сябе, як храм”.

Рыгор Барадулін – адзін з тых, хто не паскупіўся сваё “пяро аскароміць прозай”: эсэістычнай, крытычнай (“Парастак радка, галінка верша: артыкулы, эсэ” (1987), “Аратай, які пасвіць аблокі: сяброўскае слова, эсэ і некананізаваныя ўспаміны” (1995)), аўтабіяграфічнай (“На таку майго веку” (1994)), эпісталярнай (“Дажыць да зялёнай травы…: ліставанне і аўтографы Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна (1960–2003)” (2008), “Паслаў бы табе душу…: ліставанне Рыгора Барадуліна з мамай (1954–1971)” (2009)). Усё з роду нязводнага – з паэтавага
Д р э в а   п а з н а н н я (“расток радка, галінка верша”), якое сёння па-барадулінску рунеецца, красуецца, наліваецца.

Асобнае слова – пра кнігу мастацкай публіцыстыкі “Аратай, які пасвіць аблокі: сяброўскае слова, эсэ і некананізаваныя ўспаміны” (1995), якая сёлета адлічыла юбілейныя дваццаць гадоў. Бо той, хто арэ зямлю, на думку паэта, павінен пасвіць аблокі вачыма. Душа паэта паглыбляецца аратайскай стыхіяй “патаемнага, пераемнага”.

Аддамо належнае, Рыгор Барадулін адчувае сябе сваім у шумнацечнай плыні крытычнага і публіцыстычнага слова. Паэтава муза жывіцца з уласна перажытага, з плёну асэнсаванага і ацэненага. “У мяне паўваходзілі ўсе, / Праз мяне павыходзілі моўчкі”. Думаецца, у мастацкай публіцыстыцы Барадулін не менш цікавы і неардынарны, чым у паэзіі – “хваробе ўсіх вякоў, … служанцы й каралеве”.

У мастацкай публіцыстыцы (найперш нарысавага і эсэістычнага парадку) “паства” для Барадуліна-аратая надзвычай шырокая і разгоністая. Аўтарскае “я” – у ягоных эсэ, “сяброўскім слове” і “некананізаваных успамінах” – душэўна ўтрапёных і хвалюючых, самабытных і неардынарных. Нестандартныя барадулінскія жанравыя фарматы “сяброўскага слова” і “некананізаваных успамінаў” – гэта праўдзіва напісаныя партрэтныя нарысы, у якіх агульная культурная (найперш – літаратурная) панарама раскрываецца праз індывідуальнае, асобнае з абавязковай аўтарскай ацэнкай і каментарыямі фактаў, падзей. Менавіта ў партрэтных нарысах барадулінскае “я” выяўляецца адкрыта, аналітычна-разважліва, абгрунтавана, што мае пераканаўчае псіхалагічнае ўздзеянне на чытача (у параўнанні нават з уласнымі аналітычнымі тэкстамі).

Так, паэту “самому ў сабе цесна”. У эсэ і патрэтных нарысах (па-барадулінску – “сяброўскім слове” і “некананізаваных успамінах”) “пройдзе” ледзь не ўвесь былы саюз пісьменнікаў за трыццаць гадоў па часе напісання. Гэта слова пра слынных дзеячаў культуры, землякоў, сяброў, з кім аўтар дзяліў радасць і горыч. Барадулінскае мастацка-публіцыстычнае слова – і пра сапраўдных майстроў слова, якімі нацыя дасюль жывая: пра Адамава сына, “першага еўрапейца ў новай беларускай літаратуры” Максіма Багдановіча і пра прарока-вешчуна, “сівабародага мудраца” Уладзіміра Дубоўку; пра крывічанку Ларысу Геніюш і пра “васілька ў жыце Беларушчыны” Васіля Быкава; пра купалаўскі ліпень і панчанкаўскі жнівень; пра апошнюю палескую язычніцу, якая пакланялася беларускаму слову Яўгенію Янішчыц і пра “нашага Уладзіміра Вялікага”, “талісманнага каменя крывіцкае душы”  ладзіміра Караткевіча, з якім шмат пройдзенага, перажытага, недасказанага… Няўлоўна-таямнічы сэнс бачыцца Барадуліну-эсэісту ў  самой  з а г а д ц ы: загадцы М. Багдановіча, загадцы У. Караткевіча, загадцы М. Стральцова… Ва ўсім – непадробная пячатка майстра, дзе годна бруіць пачуццё нацыянальнага генетычнага кода, дзе паразумеліся шанаванне ўсяго беларускага, крывіцкага і талент.

Што знітоўвае старонкі барадулінскіх эсэ і партрэтных нарысаў? Найперш святое пачуццё крэўнасці, еднасці, любові, назва якому – п а м я ц ь. Сяброўства даўжынёю ў жыццё. Памяць агульначалавечага зместу, падсілкаваная характэрнай для барадулінскай мастакоўскай асобы рысай гістарычнай памяці: “Бо ў дзяжы гісторыі вякі пакідаюць на завод рашчыну”.. Створаныя партрэтныя нарысы – гэта плён асэнсаванага і ацэненага, бо вялікае бачыцца на адлегласці. Заўважым, барадулінская муза жывіцца з уласна перажытага, у бальшыні сваёй з прывязанасці да канкрэтных рэалій “біяграфіі часу”. Імпануе аўтарская суб’ектыўнасць створаных партрэтаў, на якія “працуюць” барадулінскі артыстызм і вокамгненная рэакцыя. Барадулінскія “чорцікі” гарэзліва, часам зусім з’едліва і іранічна не толькі фіксуюць, але і ствараюць-каменціруюць карціны вясёлых і недарэчных эпізодаў пакалення “маладых літвераб’ёў”, іх настаўнікаў. І ў праве на гэта аўтару нельга адмовіць, бо ён – непасрэдны сведка і суддзя.

Барадулін застаецца Барадуліным у сваім катэгарычным імператыве, абгрунтаваным самасцвярджэнні. У гэтым – яго неардынарнасць, знакавасць, вагомасць: “Нацыя датуль жывая, пакуль жывуць яе апосталы!”.

У літаратурным партрэце, прысвечаным Максіму Багдановічу (“Не разбіць, не спыніць, не стрымаць…”), прасочваецца паэтава фанатычная любоў да ўсяго беларускага, крывіцкага. Аб’ектыўна намаляваны вобраз часу, паслядоўная сістэма аргументаваных фактаў, адназначнасць высноў-абагульненняў выразна падкрэсліваюць яснасць аўтарскай пазіцыі, падсілкаваную максімальнай эмацыйнай шчырасцю: “Гэта Максім Багдановіч прынёс у беларускую паэзію горад, гэта Максім Багдановіч прынёс у яе космас, гэта Максім Багдановіч убачыў і паказаў нам, як «у небе ціха зоркі расцвілі»… Максім Багдановіч ратаваў нацыю, ратаваў мову на краі адчаю… Гэта Максім Багдановіч запрасіў беларускае, крывіцкае слова прапусціць праз душу сваю сусветную культуру, не разгубіўшыся, не згубіўшыся, не збедніўшыся. Гэта Максім Багдановіч разварушыў беларускую думку …Космасу пра беларуса расказаў”. Інтымізацыя (калі аўтар уваходзіць у кантакт з чытачом) і эскізнасць падачы матэрыялу сведчаць пра шырокую эрудыцыю і высокую творчую культуру Барадуліна-нарысіста, які, у прыватнасці, запэўнівае, што Багдановіч “умеў чужое роднае мове слова … асвойчыць, зрабіць хатнім, абеларусіць”, таму неславянскае слова “Венера” стала родным і жаданым: “У нас маецца слова славянскага гучання: замест Венеры – Мілавіца. Але пастаўце ў радок (тут і далей вылучана намі. – А. С.) Мілавіцу – знікне холад, адлегласць, вера, нервы, усё тое, што гучыць у неславянскім свеце, ды воляю паэта яно стала родным у нашае мове. Атрымала грамадзянства ад Максіма Багдановіча”. Аўтарскія вобразная экспрэсія і метафарычная арыгінальнасць ацэначна ўзбагачаюць літаратурны партрэт Максіма Багдановіча, якога Барадулін заслужана называе “адзіным акном у Еўропу”, “першым еўрапейцам у новай беларускай літаратуры”. “Паэт ідзе ў свет, і свет прымае паэта”, – да такой сумарнай высновы прыходзіць Барадулін у сваім нарысе. Непадробнай пячаткай Барадуліна-майстра выступае філасофскае абагульненне падвоенай (Богам дадзены / па-багдановічаўску)  анафарычнай канструкцыі, што падкрэслівае нацыянальнасць талента вялікага класіка, а таксама актуалізуе прагнастычнасць публіцыстычнага тэксту: “Максім Багдановіч сапраўды Богам дадзены нашай нацыі, народу беларускаму, дадзены навырост… Богам дадзены, каб людзьмі заставаліся, звяраючы свае думкі і памкненні з тым, хто з зорамі гаварыў як роўны з роўнымі. Богам дадзены, каб мы па-багдановічаўску любілі сваю святую зямлю, імя якой Беларусь, па-багдановічаўску баранілі Бацькаўшчыну сваю ад рознае набрыдзі, нарасці, навалачы. Богам дадзены, каб Бога свайго помнілі, каб Бога свайго шанавалі, каб чужым багам не маліліся, бо мы – беларусы, бо мы – крывічы”.

Барадулінская душа чуйная да праўдзіва прамоўленага, бо паэт любіць саму плоць слова, цешыцца-гуляе з найдалікатнейшымі яго гранямі, наталяецца яго гучаннем, сэнсам. У нарысе “Не разбіць, не спыніць, не стрымаць…” Барадулін-творца спрабуе ўласна расшыфраваць-раскадзіраваць унікальнасць, веліч, “глыбінную прастату” Багдановіча  “Богам дадзенага” беларусам. Каб беларусы дачакаліся прарочага багдановічавага “залацістага, яснага дня”.

Асобнае слова Барадуліна-нарысіста пра Васіля Быкава, якому прысвечаны “Трыпціх” (“Апостал нацыі”, “Космас Васіля Быкава”, “Як васілёк у жыце Беларушчыны”). Мэта нарыса – пераканаць чытача, што Быкаў – “пароль сумлення і мужнасці, … пароль нашае шматпакутнае Беларусі”. Вылучэнне самага тыповага (“Беларусь, беларускую літаратуру і культуру ведаюць у свеце па Васілю Быкаву”), дакументальнасць рознай танальнасці (“Нарадзіўся Васіль Быкаў на Сёмуху. Свята, калі зямля з небам гаворыць”, “Быкаў прайшоў вайну не з карэспандэнцкім блакноцікам ці палітрукоўскай сумкай”), злабадзённасць (“Быкаў першы, хто сказаў непажаданую савецкай імперыі праўду пра вайну”) публіцыстычнага радка падштурхоўваюць барадулінскае “я” да гіпербалізаванага ў пэўным сэнсе домысла: “Бо ён, як ніхто, – Беларус”.

Адразу ж адчуваецца, што барадулінскі зямляк, старэйшы творчы крэўнік па пяры, стаў прыкладам і ўзорам для Барадуліна. Праз цэлы комплекс барадулінскіх думак і пачуццяў сцвярджаецца, што менавіта “з Васіля Быкава пачалася сталасць нашае літаратуры”, бо Быкаў “увасобіў сабою сумленне і інтэлект Беларусі”. Аўтар з правам ганарыцца тым, што два словы – Васіль Быкаў – заяўляюць пра нашу літаратуру ў свеце. Гучна (Васіль Быкаў – “светлы апостал нацыі”) і замілавана-метафарызавана (Быкаў – “васілёк у жыце Беларушчыны”), апантана-сцвярджальна і разам з тым рахмана, вобразна-асацыятыўна знітоўваюцца радкі пра тытул Быкава-творцы: “Тытул у Васіля Быкава адзін, і ён ад Бога – сумленны пісьменнік”.

Надзвычай арганічна, нязмушана, нават сузіральна-сцвярджальна гучаць барадулінскія радкі ў эсэ “Існасць” (Да абрысаў беларускае душы). Найперш гэта пазнавальна-эстэтычная эсэ-замалёўка, дзе Барадулін-чараўнік умее ўразіць, спакусіць агульнавядомым, ускалыхнуць патаемы душы да святасці. Філасофска-публіцыстычны пачатак (“Існасць, менталітэт, душа народа… Душа сама па сабе – касмічная цыганка, вандроўніца, яна вечная, яна – нязменная. … Душа народа, нацыі… у нейкае ступені паддаецца наваколлю, асяродку, калі хочаце, нават паветру. Падпадае пад уплыў”) надае свабодную, раскаваную манеру аповеду. Напрыклад: “Адна з легендаў – адкуль пайшлі беларусы – па-свойму перагукваецца з Бібліяй, усё ж натурай сваёй паганская. Я дазволіў сабе вольнасць крыху падрыфмаваць, падрытмізаваць легенду”. Або: “Душа – валадарка над чалавекам… Пра лядашчага чалавека, у якім ледзь ліпіць душа ў целе, нязлосна пакепліваюць: «Толькі дух ды пятух». Бо дух, дыхаць, тхнуць, тхло, натхненне, задуха, задушыць, душа – словы аднаго кораня”, – перакаўча, асацыятыўна разважае Р. Барадулін. Захапляе чытача і эмацыянальнасць аўтарскага маналогу:

“Бадай жа беларуская душа будзе здаровай і вясёлай. Душа няўлоўная і нечаканая, душа бунтоўная і рахманая. Пачаткова ж слова «бадай» гучала як Бог дай…

Дай жа Божа! Бог дай!”.

Барадулінскае эсэістычнае слова – вобразна-экспрэсіўнае, аплодненае творчым духам, існасцю, пэўнай неўтаймаванай непасрэднасцю, а не проста скрупулёзным веданнем законаў мастацкай творчасці.

“Асоба публіцыста як аўтара, вядомага аўдыторыі па сваёй літаратурнай творчасці, з’яўляецца тым дадатковым фактарам, які здольны прыцягнуць увагу чытача да публіцыстычнага слова. Вядомы пісьменнік мае большыя магчымасці ўплыву на грамадскую свядомасць за кошт папулярнасці свайго імя”,  слушна сцвярджае даследчыца публіцыстычнага тэксту Наталля Туміловіч. Думаецца, публіцыстычнае слова народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна мае сваю аўдыторыю. Гэта сапраўдная інтэлектуальная мастацкая публіцыстыка, якая пранізана ўлюбёнасцю ў беларускае слова, у крывіцкую радзінную памяць.

А. Э. САБУЦЬ,
кандыдат філалагічных навук, дацэнт

 Крыніца публікацыі: Сабуць, А. Э. “У мяне паўваходзілі ўсе…”: з мастацкай публіцыстыкі Рыгора Барадуліна / А. Э. Сабуць // Працы выкладчыкаў кафедры беларускай літаратуры: зб. навук. арт. / вып. 3 / пад рэд. Д. М. Лебядзевіча. – Гродна: ЮрСаПрынт, 2016. – С. 67–73.

Тэкст электроннай публікацыі падрыхтаваны ў рамках стажыроўкі на кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ з 3.12.2018 па 14.12.2018 г.