Рыгор Барадулін: жыццёвы і творчы шлях

0
4510
Рыгор Барадулін
(1935–2014)

Рыгор Барадулін – адзін з вядомых сучасных майстроў слова. Ён носіць высокае званне народнага паэта Беларусі, якое было нададзена яму ў 1992 годзе. “Чараўнік слова з Ушачаў” – назваў гэтага паэта Пімен Панчанка. Рыгор Барадулін, быццам ювелір, граніць радок, стварае ўражанне лёгкасці пісьма. Пра такіх паэтаў гавораць, што яны маюць талент з ласкі Божай.

 

Жыццё і творчы плён

Радзіма Рыгора Іванавіча Барадуліна – Ушаччына, адзін з маляўнічых куткоў Віцебскай зямлі. Тут ён нарадзіўся на хутары Верасоўка. Барадулін неяк прызнаўся, што горад для яго – часовае месца жыхарства, а родны ўшацкі кут – мясціны, дзе ён адчувае сябе нязмушана і ўтульна. Сэрца паэта глыбока і моцна зраслося з ушацкімі дарогамі, пяскамі, дрэвамі, азёрамі… На гэтай крэўнай еднасці з зямлёй бацькоў трымаецца свет барадулінскай паэзіі: “Без ушацкіх азёр, як сухмень, задыхаўся”; “Пясок Ушач – пачатак мой і скон…”.

Дзіцячай радасці будучы паэт спазнаў небагата. На Ушаччыну прыйшла вайна, якая падчас блакады навечна забрала бацьку Івана Рыгоравіча (1944), прынесла нялёгкую напаўсіроцкую долю. І ў суровую блакаду, і ў цяжкія пасляваенныя гады хлапчука сагравала матчына сэрца. Ёй, любай маці Акуліне Андрэеўне, паэт пакланяецца ўсё сваё жыццё, абагаўляе яе вобраз, выказвае сыноўнюю ўдзячнасць матчынай хаце, матчынаму слову, матчыным песням, матчыным рукам, матчынаму цяплу і самаахвярнасці:

Каб на сівярах не марозна было,
Каб збілася з ног снегавеяў конніца,
Пакінула мне на зямлі
Цяпло
Акуліна Андрэеўна –
Вогнепаклонніца…

(“Вогнепаклонніца”)

У 1954 г. Рыгор Барадулін скончыў Ушацкую сярэднюю школу і падаўся на вучобу ў Мінск. Міхась Стральцоў згадваў, як Барадулін часта запрашаў у свой студэнцкі пакой і чытаў з блакноціка новыя вершы, а яшчэ тое, як асабліва захоплена смакаваў народнае слова. На студэнцкія гады прыпадае і пачатак творчага самасцвярджэння паэта ў літаратуры. Першы яго зборнік “Маладзік над стэпам” (1959) стаў прыкметнай з’явай у тагачаснай паэзіі, пра маладога тады аўтара загаварылі як пра цікавага і арыгінальнага творцу. А далей былі сустрэчы з кнігамі Р. Барадуліна “Рунець, красаваць, налівацца!” (1961), “Нагбом” (1963), “Неруш” (1966), “Адам і Ева” (1968) і некаторымі іншымі.

Уваходзіны Рыгора Барадуліна ў літаратуру прыпалі на другую палову 1950-х – 1960-я гады. Гэта быў час “адліжны”, пасля ХХ з’езда партыі, які ўзяў у краіне курс на рэфармаванне савецкай сістэмы і дэмакратызацыю грамадскага жыцця. 1960-я гады былі спрыяльныя для развіцця мастацтва слова. Сярод пісьменнікаў “новай хвалі” прыкметна вылучыўся самабытны голас Рыгора Барадуліна. Сваёй творчасцю ён эстэтычна ўзвышаў тагачасную паэзію, якая доўгі час хварэла на агульшчыну і гладкапіс, паглыбляў лірыка-інтымны і філасофскі свет беларускага верша, абнаўляў формы і прыёмы версіфікацыі.

Пасля заканчэння БДУ паэт працаваў у рэдакцыях беларускіх часопісаў “Бярозка”, “Беларусь”, “Полымя”, выдавецтве “Беларусь”, а, пачынаючы з 1972 г., больш дваццаці гадоў аддаў плённай працы ў рэспубліканскім выдавецтве “Мастацкая літаратура”. За гонар лічылася, калі кнігу маладога аўтара браўся рэдагаваць Р. Барадулін, а яшчэ было больш ганарова, калі Рыгор Іванавіч пісаў і прадмову, бласлаўляючы на ўзлёце ў вышыні роднай літаратуры.

Самым галоўным у жыцці для Р. Барадуліна заўсёды заставалася творчасць. У 1970–1990-я гг. ім створаны не адзін дзесятак паэтычных кніг – “Рум” (1974), “Абсяг” (1978), “Вечалле” (1980), “Амплітуда смеласці” (1983), “Маўчанне перуна” (1986), “Самота паломніцтва” (1990), “Міласэрнасць плахі” (1992), “Евангелле ад Мамы” і інш. Што і казаць, паэтычных кніг выйшла нямала. Не заўсёды, як вядома, колькасць пераходзіць у якасць. Аднак такога і не бывае, каб усе паэтычныя тэксты ў зборніку мелі аднолькавую мастацкую вартасць.

Асабліва шмат паэт зрабіў на ніве мастацкага перакладу, ён выйшаў у шырокі свет еўрапейскай і сусветнай літаратуры. Дзякуючы творчым намаганням Р. Барадуліна ў перакладзе на беларускую мову выйшлі кнігі Амара Хаяма, Яна Райніса, Федэрыка Гарсія Лоркі, Габрыэлы Містраль, Барыса Пастарнака, Стэфана Паптонева, Івана Драча і інш. Паасобныя творы многіх паэтаў свету склалі кнігі перакладчыка “Кахаць – гэта значыць…” (1986).

Рыгор Барадулін напісаў шмат твораў і кніжак для маленькіх чытачоў (найбольш поўна яго дзіцячая паэзія сабрана ў зборніку “Ішоў коця па канапе”, 1997). Ён выдаў кнігі гумару і сатыры (“Дойны конь”, “Станцыя кальцавання”, “Прынамсі”, “Мудрэц са ступаю” і інш.). Усё гэта сведчыць, што талент Барадуліна надзвычай шматгранны.

 

Маці, радзіма, прырода

Тэме маці ў паэзіі Р. Барадуліна прысвечаны дзесяткі твораў – паэма “Куліна”, вершы “Не ведаючы тэорыі вольных вершаў…”, “Мама”, “Маме на васьмідзесяцігоддзе”, “Веды”, “Багіня” і інш. Да вобраза Акуліны Андрэеўны паэт звяртаецца амаль у кожнай сваёй кнізе. Бо надзвычай шмат звязана з ёй, роднай матуляй, шчымлівых і радасных згадак пра мінулае: пра выратаванне ў блакаду, разам перажытыя цяжкія пасляваенныя дні, сустрэчы ў матчынай хаце. У матчынай душы, па-народнаму чуйнай і спагаднай, песеннай і духоўна багатай, паэт бачыць галоўную аснову жыцця і свету. Вобраз маці для Р. Барадуліна – галоўны цэнтр духоўнага прыцягнення. Штодзённы сялянскі побыт вясковай жанчыны бачыўся паэту як свет мудрага беларускага ладу жыцця:

Мама,
Колькі жыла,
Выходзіла ў космас
Цемры, святла,
У космас адкрыты,
Дзе чакалі
Даёнкі, матыкі, карыты,
У космас
Лесу, гарода, саду,
У космас клопату
Пра пагоду, пра ўроду, расаду.
І сам-насам з Сусветам,
Як з тым суседам,
Гутарыла і зябла…

(“У адкрытым космасе”)

Колькі слоў любові і глыбокага шанавання выказана паэтам да сваёй матулі! Яна паўстае як захавальніца цяпла, само сумленне і сімвал прычашчэння. Паэт стварыў зямны і разам з тым высокі культ Маці: “Прычашчаюся з Яе рукі, // Спавядаюся прачыстай Маме” (верш “Я царкву ў душы нашу…”). Згадваецца багдановічаўскі культ мадоннаў, зямны і разам з тым надзвычай адухоўлены вобраз маці ў “Новай зямлі” Якуба Коласа. Мама паэта, хоць была і непісьменнаю, а ўвасабляла вялікі і багаты свет адвечнай мудрасці, яна была здатная на многае. З верша “Веды” мы даведваемся пра рознабаковасць ведаў маці: “ведала, што да чаго на небе, у лузе, у хаце”, “ведала тэалогію – на памяць малітвы шаптала…”, “ведала астраномію – па зорках дарогу шукала…”, “ведала аграномію – што сеяць, калі і дзе”, “была ўрачом дзіцячым, і цвёрдым на руку ветэрынарам…”, “была філолагам з выключным слыхам…”, “ведала міфалогію паганскае даўніны, старых святых…”. У вершы “Не ведаючы тэорыі вольных вершаў…” паэт гаворыць, што “мама лісты… пісала верлібрам без знакаў прыпынку, без абавязковых вялікіх літар…”. Маці падарыла паэту “біблію слова”. Перад ёй паэт схіляе галаву самазабыўна, з сыноўняй удзячнасцю:

Гэта і ў сшытку неба
Занатавана зорамі –
Каб я чытаў да скону ў сораме,
Што не ведаю нічога без мамы,
Што без мамы
Я – непісьменны самы!

(“Веды”)

А колькі тугі выліваецца ў радках паэта ад таго, што ён назаўсёды страціў маці! “Мамы не стала – не стала радзімы…” – так шчымліва, з болем прызнаўся паэт. З светлай тугой уваскрашае ён вобраз маці ў вершы “Дзякуй! Даруй…”. Твор гэты, які ўвайшоў у кнігу “Евангелле ад Мамы”, напаўняе матчыну тэму біблейскімі матывамі – матывамі пакаяння і просьбы аб дараванні:

Позна ўжо ўспамінаць са страхам,
як самаўпэўнена я хлусіў
сэрцу твайму святому.

……………….

Даруй, што шчырасць тваю
выстуджваў, як сівер, сурова.
Дзякуй табе за жыццё!

 

Даруй за няўдзячнасць,
МАМА…

 

У гэтым выказванні шчырых, глыбінных чалавечых пачуццяў найбольш поўна выяўляецца духоўная сутнасць асобы паэта.

Радзіма – адна з цэнтральных і скразных тэм барадулінскай паэзіі. Усё тое, што складае яе непаўторнае аблічча – “спадчыннае возера” Вечалле, рэкі і рачулкі, матчына хата, народная песня, – стала для Р. Барадуліна асновай паэтычнага мыслення. Ён прызнаецца, што “сын зямлі” і глядзіць “яе вачмі… на свет сягоння” (верш “Я – сын зямлі”). У паэме “Вяртанне ў першы снег”, вершах “Заінелая Ушаччына”, “Смага”, “Трыпціх Ушаччыны”, “Вытокі”, “Лісток ушацкай восені”, “Зноў дома…” і шматлікіх іншых выяўляецца глыбокае духоўнае паяднанне душы паэта з радзімай свайго дзяцінства, прыродай роднага краю, з усім тым, што надало глыбінны сэнс яго жыццю.

Зямля бацькоў для паэта – самая вялікая і галоўная каштоўнасць жыцця. Між тым у творчасці Р. Барадуліна вельмі багата твораў пра экзотыку іншых краін, ён часта вандраваў па блізкім і далёкім замежжы. Але заўсёды паэт вяртаўся ў сваіх думках да родных вобразаў, роднага краю. Раніца ў Кітаі яму ўбачылася шэраю перапёлкай, якая “ад расы крыло абтрасае”. Гэтая маленькая птушка выклікае пачуццё шкадавання ў шырока вядомай народнай песні “Перапёлачка”. Згадваецца шэрая перапёлка ў вершы “Яна адна, зямля вякоў…” (зборнік “Маўчанне перуна”). Яна быццам сімвал песеннай беларускай зямлі:

Здалёк відна
Зямля бацькоў,
Матуль,
Дзе песня б’ецца
Перапёлкай шэрай.

 

Верш “Яна адна, зямля вякоў…” напоўнены роздумам пра лёс старажытнай зямлі бацькоў. Ён імкнецца зразумець уклад і сэнс жыцця продкаў, вытокі іх духоўнай сілы. Зямля паэта здаўна была месцам скрыжавання чужых інтарэсаў, часта ператваралася ў арэну бітваў. Беларусы падымаліся на барацьбу, самаахвярна гінулі, баронячы волю і мірнае жыццё: “У курганах, // Што выраслі з былін, // Спачылі // З поля подзвігу ратаі”. Продкі – волаты, героі, змагары, іх подзвіг услаўляе сваім натхнёным словам паэт: “На смерць ішлі // За гэтую зямлю, // За гэтую красу, // За сцяг світання, // Сыны зямлі”. Землякі паэта бралі зброю ў рукі, каб засланіць сябе і сваіх блізкіх ад варожай навалы, каб новыя пакаленні маглі жыць на сваёй зямлі і гадаваць дзяцей, вырошчваць хлеб, слухаць кукаванне зязюль.

У вершы “Яна адна, зямля вякоў…” паэт падводзіць чытача да асэнсавання праблемы гістарычнай памяці. Сапраўды, трэба захаваць памяць пра свае радаводныя вытокі, спадчыну, мінулае роднай зямлі. Твор напісаны на эмацыянальна-ўзвышанай хвалі.

У многіх вершах паэт з любасцю, замілаваннем піша і гаворыць пра родную зямлю. Р. Барадулін лічыць, што “кожны мае свае Ушачы”. Нас, сваіх чытачоў, у вершы “Наведвайце бацькоў…” ён заклікае не забываць родныя гнёзды, трымацца бацькоў і бацькаўшчыны:

Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем,
Каб душою не ачарсцвець,
Каб не страціць святое штосьці.

 

Рыгор Барадулін – таленавіты паэт прыроды. У пейзажных вершах ён выявіў сябе як бліскучы жывапісец слова. Яго стыль пісьма можна вызначыць як метафарычны жывапіс. “Сіла таленту Барадуліна, – адзначае Алег Лойка, – у маляўнічасці, надзвычайным багацці метафар, эпітэтаў, у глыбокім вычуванні роднага слова, майстэрскім валоданні ім”. Рыгора Барадуліна называюць каралём метафары. Ён любіць маляваць слоўнымі фарбамі. Красамоўны прыклад жывапісу словам – верш “Заспаная раніца мжыстая…” (1960). Паэт стварыў яркі вобразны малюнак восені:

Цыбатай нагой жураўлінаю
Імшарамі восень крочыць.
Ад кіслых прысмак журавінавых
Заплюшчыла сонца вочы.

 

Чытаючы гэты верш, можна пераканацца, што Р. Барадулін валодае вострым мастацкім зрокам, ён умее будзённыя з’явы рэчаіснасці і дэталі сялянскага побыту паказаць у незвычайным святле, з эстэтычнага боку, вельмі маляўніча: “І вёдры прыглушана бразгаюць // Каля адсырэлае студні, // Лісцёваю дыхае брагаю, // Пакутуе восень застудай”. У творы звяртаюць увагу вобразныя азначэнні-эпітэты, адметная паэтычная лексіка, якая надае восеньскаму малюнку адметны каларыт: “заспаная раніца мжыстая”, “пакутуе восень застудай”.

Метафара ў Р. Барадуліна смелая і нечаканая ў сваім асацыятыўным спалучэнні з’яў. Прыклады барадулінскага метафарызму можна прыводзіць бясконца: “трымціць лісток ледзь-ледзь бяссонніцай на вейцы”, “як кураняты, кволыя, пушыстыя, праклюнуліся коцікі вярбы”, “сузор’і віснуць выспелай рабінай”, “брод шукаюць бярозы-бяглянкі” і шмат інш. Маляўнічымі фарбамі напісаны пейзажныя замалёўкі паэта “Раніца”, “Восень”, “Уцякала зіма ад вясны”, “Паляць бульбоўнік”, “Сакавік”, “Лясная дарога”, “Зялёная цішыня” і інш.

Прырода ва ўспрыманні Р. Барадуліна – свет адухоўлены, поўны жывога руху, таямнічай загадкавасці. Трава і кветкі, дрэва і рака, лес і дарога і іншыя вобразы ў іх сукупнасці складаюць у яго паэзіі нацыянальную карціну свету. Яшчэ ў 1960-я гг. паэту жадалася, каб чалавек не разбураў гармонію, першародства прыроды, каб ён захаваў у сэрцы “наіўную дабрыню”, спрадвечную веру ў казку, у тое, што ў нетрах лесу і балота жывуць дзіўныя істоты (верш “У лес прыціхлы…”). Пачуццё прыроды ў Р. Барадуліна захоўвае сувязь з традыцыямі міфалогіі і фальклору. Яго лірычны герой, як і некалі нашы продкі, адухаўляе прыродныя з’явы і стыхіі, па-народнаму стоена шануе “маўчанне перуна”, вітае з “пашанаю Ярылу”. Беларуса паэт не можа ўявіць без гэтай наіўна-казачнага свету.

Сучасны чалавек, на жаль, у многім зруйнаваў у сабе “прапрадзедаў наіўную дабрыню”, стаў прагматычна-карыслівым і абыякавым у адносінах да маці-прыроды. Сёння відавочна, што экалагічныя асновы і сувязі на нашай зямлі глыбока парушаны. З драматызмам Р. Барадулін успрымаў свет адразу пасля чарнобыльскай трагедыі, якая прынесла бяду чалавеку і прыродзе. У кнігах “Самота паломніцтва” і “Міласэрнасць плахі” гучаць матывы смутку, жалобы, пагрозы жыццю (вершы “Куды вецер вее”, “Першы снег”, “Малітва наступнасці” і інш.).

 

Пра час, вечнасць і вечнае

“…Малітоўнік вечнасці гартаю”, – прызнаецца Рыгор Барадулін у адным з вершаў. Маральна-філасофская заглыбленасць вызначае змест шматлікіх твораў паэта. Адзін з такіх – верш “Пакуль жывеш, развітвайся з жыццём…” (1985). Што значыць жыццё чалавека ў няспыннай плыні часу? На гэтае пытанне шукалі адказ многія паэты. Барадулін спрабуе таксама выказацца на гэтую філасофскую тэму. “Ты з дрэва часу // Кволая галіна”, – даводзіць ён, усведамляючы хуткаплыннасць і незваротнасць часу, а разам з ім і жыцця. Паэт, разважаючы пра сэнс існавання на зямлі, дае параду:

Старайся не ў дзяльбе,
А ў малацьбе,
Каб вымаліць з цемрачы праменне.
Ляж зморшчынкай
Ва ўсмешцы на ілбе,
Каб недзе ўспомніла жыццё цябе,
У незваротнай вечнасці –
Імгненне.

Паэт падводзіць нас да думкі, што трэба шанаваць кожны падораны Богам дзень, памятаць пра вечнае і вечнасць. А таму нельга жыць шэра, нудна, нецікава, без працы і дбання пра іншых людзей. Нельга быць падзёншчыкам, спажыўцом, марнаваць час і жыццё.

Тэма Бога  – галоўная ў паэтычных кнігах Р. Барадуліна “Евангелле ад Мамы” і “Ксты” (2005). Ад маці ён пераняў патрэбу несці “царкву сваю ў душы… з алтаром святла”. У лепшых творах рэлігійна-хрысціянскага і філасофскага зместу паэт нагадвае пра тое, што кожны з нас павінен несці ў душы святло, быць глыбока маральным і этычным у сваіх думках і паводзінах. Р. Барадулін складае прачулыя паэтычныя вершы-малітвы. У вершы “Божа, паспагадай усім…” ён звяртаецца з просьбай да Бога, каб спрыяў, дапамагаў беларусам і ўсім людзям нашай зямлі. Паэту жадаецца, каб заўсёды ў жыцці панавалі згода, мір, чалавекалюбства. Але для гэтага трэба прайсці шлях ачышчэння, таму ён у сваёй паэтычнай малітве просіць:

Да любові, да чысціні.
Да святла, да святога ўлоння,
Усявышні, і заўтра і сёння
Заблуканыя душы вярні!

Сучасны паэт, як і калісьці Кірыл Тураўскі, Францыск Скарына, кліча да чалавечнасці, любові, маральнай прыгажосці і дабрадзейнага этычнага жыцця (вершы “Як Бог да цябе не аслеп…”, “Не ўзірайся на свет варожа…”, “Адна ў небыццё і быццё дарога…” і інш.). Р. Барадулін перакананы, што з імем Бога трэба шукаць суцяшэнне, паратунак, трываць і верыць у лепшае.

 

Мова, слова, гук

Тэма роднай мовы, яе лёсу хвалявала Р. Барадуліна, пачынаючы ад вершаў “Неруш”, “Мая мова” ў зборніку “Неруш”. Паэт заўсёды адчуваў глыбокую духоўную еднасць з мовай беларускага народа. “Мова перадаецца з дыханнем матчыным… Слова ідзе з вякоў у вякі. І словам вякі жывыя”, – гаворыць паэт.

Верш “Неруш” (1965) Р. Барадулін напісаў у перыяд, калі ў савецкай краіне быў узяты курс на “зліццё нацый і моў”. Тады пачала ўсталёўвацца ідэя адзінай мовы як сродку міжнацыянальных зносін. Розным народам, у тым ліку беларусам, прапаноўвалася ў камуністычным грамадстве адмовіцца ад роднай мовы. Р. Барадулін, як і іншыя паэты ў той час, цудоўна разумеў значэнне, першаснасць і прыярытэт роднага слова ў духоўным жыцці беларускага народа. Мова – спрадвечны, непарушны скарб яго душы, унікальная, нічым незаменная каштоўнасць. Роднае слова валодае незвычайнай цудадзейнай сілай:

Слова,
што як нарог для ратая,
Як для ластаўкі –
стромы вільчак,
Ад якога на небе світае,
Ад якога яснее ў вачах.

Нерушам ранішнім бачыцца Р. Барадуліну родная мова, гэта значыць у першароднай, некранутай красе, як само святло і чысціня раніцы. Неруш мовы – свет таямніц і вялікага духоўнага багацця. Паэт запрашае на пошук моўных скарбаў, да авалодання імі. Толькі трэба ставіцца да гэтых багаццяў беражліва, ашчадна і з належнай адказнасцю. Гэтак, як у свой час Янка Купала, Максім Багдановіч, Алесь Гарун, паэт услаўляў і бараніў мову як найвялікшы духоўны скарб. Заключныя радкі верша гучаць як палымяная клятва-прысяга:

Неруш свой
панясу я аберуч,
Як слязіну з матуліных воч.
Ад абразы,
ад позірку злога,
Шлях заблытаўшы для наслання,
Неруш ранішні –
матчына слова,
Мне, як бору,
цябе засланяць!

Рыгора Барадулін – сапраўдны майстар у галіне словатворчасці. Ён валодае зайздросным моўным чуццём, вынаходзіць адметныя і яркія неалагізмы. Барадулінскія наватворы (аказіяналізмы) сведчаць пра арыгінальнасць аўтарскага самавыяўлення, пра пошукавы характар яго думкі, якая імкнецца адкрыць новыя сэнсы і прадэманстраваць, што праца з родным словам – цікавы творчы працэс. Прыдуманых паэтам лексічных новаўтварэнняў набярэцца на цэлы міні-слоўнік: “азёрыцца поплаў”, “дзятлінка снежнарутая”, “і снегавіцей, і цішэй”, “з ранетадрома стартуе лета”, “лечыць найлепей Імглатэрапія”, “без рэхавокай сястры”, “забітая хімі-катамі” і інш. Усе гэтыя прыклады яскрава пераконваюць у тым, што Р. Барадулін – “чараўнік паэтычнай стыхіі”, які карыстаецца родным словам віртуозна, дэманструе незвычайную раскаванасць фантазіі.

Рыгор Барадулін шмат эксперыментуе з гукам, клапоціцца пра гукавое афармленне верша. Гнуткі рытм стварае непаўторнае гучанне радкоў у вершы “Матылёк”. У гэтым творы выразная алітэрацыя на “л”, пры гэтым ні разу не ўжыты гук “р”. Мяккі гукапіс перадае палёт матылька: “Лілею // млявы // плёс // люляе…” Гукапіс становіцца для паэта прадметам заўзятай творчай гульні. Гэты гульнёвы прынцып вызначае рытміка-інтанацыйнае гучанне такіх вершаў, як “Станцыя Грамы”, “Крык крыг”, “Да партрэта Ваўчэнскага возера ў гуках” і інш.

А. І. Бельскі,
доктар філалагічных навук, прафесар

 
Крыніца публікацыі: Беларуская літаратура: дапам. для вучняў 11-га класа агульнаадукац. устаноў з беларус. і рус. мовамі навучання / А. І. Бельскі [і інш.]; пад рэд. А. І. Бельскага, М. А. Тычыны. – Мінск: Адукацыя і выхаванне, 2009. – С. 120–131.