Андрэй Макаёнак: жыццёвы і творчы шлях

0
1195
Андрэй Макаёнак
(1920—1987)

 

Асоба пісьменніка. Звесткі з біяграфіі

Выдатны беларускі драматург Андрэй Макаёнак з бляскам праявіў сябе як камедыёграф. Але яго гумар нярэдка падсвечваўся драматычнымі нотамі, а то набываў і трагікамічны характар ці атрымліваў філасофскую заглыбленасць. Гумар і сатыра былі дзейснымі сродкамі барацьбы з грамадскімі і ўласна чалавечымі заганамі. Яе Макаёнак вёў настойліва і мэтанакіравана, без нуднага павучання, якое не можа разлічваць на поспех. Драматург гэта адчуваў усёй глыбіннай сутнасцю сваёй натуры, вельмі шчодрай на чалавечнасць і дабрыню. Яго называлі самым вясёлым беларускім пісьменнікам. У сваёй творчасці А. Макаёнак зведаў не толькі ўзлёты, але і спады, хаду па калдобінах, што было абумоўлена складанасцю таго часу, у які пісьменніку выпала жыць і працаваць.

Нарадзіўся Андрэй Ягоравіч Макаёнак 12 лістапада 1920 г. у вёсцы Борхаў Рагачоўскага раёна. Скончыў сярэднюю школу ў Журавічах. Восенню 1939 г. быў прызваны ў армію. Удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне. У складзе феадасійска-керчанскага дэсанта, лёс якога аказаўся трагічным, атрымаў цяжкае раненне, з-за якога быў звольнены з вайсковых шэрагаў. Працаваць давялося ваенруком у Акаурцкай школе ў Грузіі, сакратаром гаркама камсамола ў Гродне, памочнікам сакратара Журавіцкага райкама партыі і на іншых пасадах. Закончыўшы Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ (1949), стаў штатным супрацоўнікам сатырычнага часопіса «Вожык» і на працягу 1949—1953 гг. загадваў там аддзелам прозы.

Працу ў драматургіі пачаў з аднаактовак, якія друкаваў з 1946 года.

Сакрэты пісьменніцкага майстэрства настойліва спасцігаў яшчэ ў час вучобы ў Мінску. Тады ён «перачытаў усю камедыйна-сатырычную літаратуру ад Арыстафана да Крапівы». Сярод славутых мастакоў, у якіх вучыўся, як «трэба пісаць», — Шэкспір, Сервантэс, Гогаль, Катлярэўскі, Астроўскі, Салтыкоў-Шчадрын і зноў жа Крапіва. Макаёнка ў творах Крапівы вабілі вобразнасць роднай мовы, уменне бачыць праблему «з усіх бакоў», ствараць маштабныя сатырычныя характары, узрошчаныя на нацыянальнай глебе.

Не без крапівінскага ўплыву нарадзілася першая сатырычная камедыя А. Макаёнка «Выбачайце, калі ласка!» (1953). Драматург трапна высмеяў паказуху і падман, якімі тады было пранізана афіцыйнае жыццё краіны ад верху да нізу. Асабліва ўдаліся пісьменніку маштабныя сатырычныя вобразы махінатараў Каліберава і Моцкіна, а таксама яркі вобраз «зацюканага» старшыні калгаса Гарошкі. Драматург-сатырык выкрывае дзейнасць аферыстаў, якія займаюцца прыпіскамі ў калгасных хлебанарыхтоўках, гэта значыць выдаюць фальшывыя квітанцыі аб здачы хлеба дзяржаве. Сваёй п’есай драматург уздымаў значнасць сатыры і адмаўляў так званую тэорыю бесканфліктнасці.

Вялікі сцэнічны поспех выпаў камедыі «Выбачайце, калі ласка!». Спектаклі па п’есе былі пастаўлены на падмостках каля 200 тэатраў розных савецкіх рэспублік і замежных краін. Камедыя прынесла Макаёнку вядомасць і папулярнасць. Гэта натхніла драматурга на новыя творы ў камедыйным жанры. Мастакоўскае даследаванне вясковай рэчаіснасці ён працягнуў у камедыях «Каб людзі не журыліся» (1957), «Лявоніха на арбіце» (1961, адзначалася Літаратурнай прэміяй імя Янкі Купалы, тады вышэйшай пісьменніцкай узнагародай у рэспубліцы), «Таблетку пад язык» (1972).

Такія арыгінальныя п’есы «Зацюканы апостал» (1969) і «Трыбунал» (1970) «далі падставы гаварыць пра новага Макаёнка. Новы Макаёнак — гэта смелы, але разважлівы, вывераны творчы пошук» (Сцяпан Лаўшук). У «Трыбунале» драматург у вельмі своеасаблівым ракурсе паказаў народны гераізм у гады Вялікай Айчыннай вайны. П’еса мае падвойнае жанравае вызначэнне: трагікамедыя, народны лубок. Тут шырока выкарыстоўваюцца анекдатычныя сітуацыі, смешна-шаржыраваныя сцэны з прыкметамі фарсу, стылістыка народнай казкі, лубка. І ўсё напоўнена глыбокім сэнсам.

За камедыю «Таблетку пад язык» і трагікамедыю «Трыбунал» (1970) А. Макаёнак у 1974 г. атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі імя Якуба Коласа. Меў ён і званне народнага пісьменніка Беларусі (1977). У 1971—1982 гг. быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

На зарубежную тэматыку драматург упершыню выйшаў у творы «Зацюканы апостал». Звярнуўся да яе зноў у п’есах «Кашмар» (1974) і «Дыхайце эканомна!» (1982). І «Кашмар» (іншая назва «Святая прастата»), і «Дыхайце эканомна!» маюць пэўную антываенную накіраванасць. Тут пісьменнік з трывогай гаварыў пра вельмі вострую тады пагрозу тэрмаядзернай вайны і згубнасць для грамадства неабмежаванай гонкі ўзбраенняў, якая патрабавала велізарных матэрыяльных затрат і ўжо гэтым наносіла непапраўную шкоду уцягнутым у яе дзяржавам.

Моцнае ўражанне рабілі глыбокія і вострыя выступленні Макаёнка па праблемах драматургіі, тэатра і кіно на розных прадстаўнічых сходах і пісьменніцкіх з’ездах, задзірыста-баявыя артыкулы ў беларускім і маскоўскім друку. Ды маскоўская трыбуна (яе тады называлі ўсесаюзнай) была абжыта драматургам намнога больш грунтоўна, чым беларуская. Ва ўсякім разе, у Маскве ў самых розных выданнях ён выступаў куды больш часта, чым у друку рэспубліканскім.

А колькі інтэрв’ю, часам вытрыманых у жартоўна-гумарыстычным плане, але заўсёды сур’ёзных і глыбокіх па змесце, цікавых адказаў на анкеты з рознай нагоды параздаваў А. Макаёнак тады, як зрабіўся славутым! Гэтыя інтэрв’ю і анкетныя адказы незаменныя для вытлумачэння творчасці А. Макаёнка і вельмі многа даюць для разумення своеасаблівасці драматургіі, гумару і сатыры ў літаратуры, тэатры і кіно. Рознабаковая актыўнасць наўрымслівага сатырыка добра працавала на развіццё нашай культуры, у якой уклад А. Макаёнка ўяўляецца вельмі значным і плённым.

П’еса «Дыхайце эканомна» стала апошнім творам пісьменніка. А. Макаёнак раптоўна памёр 16 лістапада 1982 года.

 

Творчыя пошукі драматурга

Андрэй Макаёнак імкнуўся не толькі да стварэння вострых канфліктаў, праблемнасці, сатырычнай дзейснасці слова. Ён вёў актыўны жанравы пошук, клапаціўся пра разнапланавасць драматургічнага мастацтва. Трагікамедыяй названы «Зацюканы апостал» (1969). Твор гэты вельмі своеасаблівы, адзін з самых арыгінальных у спадчыне А. Макаёнка. Згадаем, трагікамедыя — драматычны твор, у якім спалучаюцца рысы трагедыі і камедыі. Тут бывае шмат смеху рознай танальнасці, але развязка падзей трагічная, як у п’есе «Зацюканы апостал» Макаёнка (ператварэнне апостала праўды ў ідыёта).

«Зацюканы апостал» ствараўся ў рэчышчы інтэлектуальна-філасофскай драматургіі і вызначаецца насычанасцю думак, прытчавай шматзначнасцю, гранічнай абагульненасцю персанажаў. Яны не маюць уласных імёнаў, называюцца проста: Тата, Мама, Сын, Дачка, Дзед. Такія ўмоўна-абагульняльныя вызначэнні дзейных асоб характэрны для драмы або тэатра абсурду.

У спісе дзейных асоб драматург даў кожнаму з іх даволі падрабязныя, пераважна з’едлівыя, характарыстыкі. Наяўнасць аўтарскіх характарыстык дзейных асоб для драматургіі нязвыклая. «Закавырыста», з іранічнай усмешкай пазначаны час і месца дзеяння. Падзеі адбываюцца «недзе на ўзбярэжжы паўднёвага мора, здаецца, Міжземнага. Можа нават на заваляшчым якім востраве ў якім-небудзь акіяне, мелкім, неглыбокім, дзе і вады ўсяго па калена.

Час дзеі — якраз паміж мінуўшчынай і будучыняй. Акурат у свежай баразне паміж імі. Пакуль саха гісторыі не заарала гэтую баразну, паглядзім, падзівімся, што там дзеецца».

А дзецца справа непрыгожая, амаральная. Дружным наступам сямейка насядае на Сына (ён жа Малыш, вундэркінд), калі той пачынае казаць праўду. «Апостал» урэшце аказаўся «зацюканым». Драматург даследуе лёс чалавека, які выхоўваецца ў асяродку фальшу, дэмагогіі, бездухоўнасці. «Я яшчэ расту. Я вырасту!.. Так што я не толькі ваша дзіця, я — дзіця гісторыі, дзіця гэтых кніг…»— так кажа пра сябе Малыш, і міжволі ўзнікае пытанне пра тое, кім жа вырасце, стане ў будучым гэты маленькі герой. Сын прэтэндуе на выключныя правы для сябе, дыктуе сваю волю бацькам, ставіць свой «эксперымент» у сям’і (мірыць, затым сварыць Маму і Тату, прымушае іх танцаваць пад яго рытмы і мелодыі). Выкінуўшыся з трэцяга паверха ў акно, Сын-Малыш застаецца жывым, але траціць усе свае незвычайныя здольнасці і бунтоўны запал, па сутнасці становіцца ідыётам. Магчыма, ён начэплівае маску, імітуе сваё вар’яцтва, дэманструе знешнюю пакорлівасць у ажыццяўленні сваіх мэт. У п’есе завастраецца праблема страты агульначалавечых маральных каштоўнасцей, асуджаецца людская крывадушнасць, схільнасць да хлусні, падману, агрэсіўнае непрыманне праўды, прыніжэнне асобы чалавека.

Яшчэ больш арыгінальная п’еса А. Макаёнка «Пагарэльцы». Яна пісалася ў 1967—1980 гг. Драматург, які звычайна працяглы час выношваў свае творы, а потым пісаў іх хутка, у асобных выпадках за некалькі дзён, над гэтай п’есай працаваў так доўга таму, што ў ёй распрацоўваў небяспечную па тых часах тэму — сродкамі сатыры гаварыў пра знікненне сумленных людзей у выніку сталінскіх рэпрэсій. Яны ў «пагарэльцах» называюцца землетрасеннем, катастрофай, катаклізмам і іншымі сінонімамі-эўфемізмамі. Эўфемізмы ўжываліся найперш з-за аглядкі на тагачасную цэнзуру. Па гэтай жа прычыне ў прадмове «Ад аўтара» зазначана, што падзеі, узноўленыя ў творы, адбыліся «даўным-даўно. Як кажуць: было, было, дый быллём парасло. Магчыма, толькі некаторыя дзядулькі ды бабулькі і прыгадаюць тую быль».

І ўсё ж Макаёнак расставіў выразныя апазнавальныя знакі, якія зусім пэўна звязваюць падзеі твора з перыядам рэпрэсій у савецкім грамадстве. Сярод такіх знакаў — напышлівая фразеалогія таго часу, пашыраныя тады лозунгі, якія гучалі прывабна, але не адлюстроўвалі рэальнае становішча краіны.

Загубленым у п’есе Макаёнка аказаўся старшыня райвыканкама Віктар Бурлакоў (персанаж пазасцэнічны), чалавек сумленны і патрабавальны перш за ўсё да самога сябе. Гэта ён дае такі гуманістычны наказ сабе (і нашчадкам): пражыўшы дзень, падумай, што зрабіў: «Ці справядліва? Чым гэта павернецца для цябе, для людзей заўтра? Праз год? Праз дзесяць гадоў?».

Добра паказаў драматург і тое, як вялікая ўлада, не абмежаваная строгімі рамкамі закону, разбэшчвае пазбаўленых высокіх маральных крытэрыяў людзей, робіць іх небяспечнымі для грамадства.

Гэтая думка, вельмі важная ў мастацкай канцэпцыі п’есы, уражліва сцвярджаецца праз з’едлівую сатырычную абмалёўку персанажаў, што прыходзяць на змену сумленным працаўнікам, знішчаным у выніку рэпрэсій.

Першае месца ў камандна-адміністрацыйнай сістэме належыць Хведару Паўлавічу Ухватаву, само прозвішча якога мае прамую сувязь са словамі «хапаць», «ухапіць», «хватка». І Хведар Паўлавіч апраўдвае гэтае прозвішча. Вядома, не адразу. Да таго як зрабіцца поўнаўладным начальнікам, ён паводзіў сябе зусім іначай. «Мой Федзя быў цішэй вады, ніжэй травы. Ні з кім не сварыўся, нікому дарогу не перайшоў. Ён сам баяўся крытыкі і нікога не крытыкаваў. Былі ўсякія дыскусіі, дыспуты, дык ён жа ўцякаў ад іх… Калі дзе-небудзь галасавалі, ён жа ніколі першы рукі не падымаў. Прыглядаўся — як усе, так і ён. З начальствам ніколі ў дыбкі не станавіўся. Ніколі не пярэчыў. Ніякай хулы ад яго не чула», — зазначае жонка Ухватава ў трывожную ноч масавага хапуна, яшчэ не ведаючы, што яе Хведар не толькі не загінуў, але і атрымаў вялікую ўладу над людзьмі. Ды гэтая ўлада не падмацавана ні жаданнем працаваць дзеля людзей, ні арганізатарскімі здольнасцямі, ні цвярозай ацэнкай паплечнікаў, ні сумленнасцю, ні грунтоўнымі ведамі, ні культурай.

Затое ёсць у Хведара Паўлавіча гатоўнасць, «калі трэба, калі скажуць», усё «перавярнуць дагары нагамі». І ён варочае, становячыся ўрэшце крутым і фанабэрыстым, жорсткім у расправах уладалюбцам.

Ды ўсё некалі заканчваецца. Стаў безуладным пенсіянерам і Ухватаў. Дык былыя хаўруснікі, на якіх ён «любіў праехацца вярхом са шпорамі», здзекуюцца ўжо з яго, даводзячы да смяртэльнага інфаркту.

Тыя хаўруснікі ніколькі не лепшыя за Ухватава, а ў нечым яшчэ і горшыя за яго. Вось, напрыклад, Бусько. У «райзаготжывёле» ён круціў хвасты каровам, а потым захацеў улады і над людзьмі, бо цвёрда засвоіў, што «чалавек без улады — не чалавек. Так, пустое месца».

Пакуль Ухватаў уладу меў, Бусько дагаджаў, фігуральна кажучы, лізаў яму зад. Затое з Ухватава-пенсіянера ён здзекуецца ці не найбольш за ўсіх іншых. Не вартыя добрага слова і Кудасаў, адметны толькі сваім незвычайным нюхам, або Клёпкін, пра якога можна сказаць: дурны, дурны, ды хітры. А гэта самыя небяспечныя дурні нават пры невялікай уладзе.

Ірвецца да ўлады і маладзейшае пакаленне, асабліва каларытна прадстаўленае Буськовым пляменнікам Гарыкам, таксама нікчэмным тыпам, які ўжо і ў дзядзькі вымагае грошы за маўчанне пра яго амурныя справы з прайдохай сакратаркай. Той Гарык як быццам заатэхнік. Ён займаўся штучным асемяненнем жывёлы, «здзекаваўся з цёлак, авечак, свінаматак», словам, быў «штучным бугаём, штучным бараном, штучным кныром», а цяпер займае пасаду інжынера па бягучым рамонце, не маючы ніякай падрыхтоўкі ні па будаўніцтву, ні па інжынернай спецыялізацыі. Атрымалася незайздросная, але па-майстэрску пададзеная галерэя небяспечных пагарэльцаў са старымі замашкамі.

Па сваёй жанравай сутнасці п’еса «Пагарэльцы» — таксама трагікамедыя. Але драматург дае ёй адметнае вызначэнне-характарыстыку: «Пралог і эпілог адной прыватнай трагікамічнай гісторыі». Гэтыя дзве часткі п’есы, якія ахопліваюць пачатак і канец узноўленых падзей, раздзелены дваццацігадовым ці трохі большым часавым прамежкам. Такая значная разбежка ў часе дзеяння дзвюх частак п’есы дала магчымасць Макаёнку добра паказаць, як трагічныя падзеі пачыналіся і да чаго яны прывялі. Лагічным і цалкам заканамерным атрымаўся трагічны фінал «Пагарэльцаў», падкрэслены смерцю Ухватава, якога давялі да забойчага інфаркту яго ж былыя хаўруснікі. І ў гэтым таксама ёсць элемент трагікамічнасці.

Андрэй Макаёнак любіў даваць сваім творам нязвыклыя жанравыя вызначэнні. «Таблетку пад язык» (1972) ён назваў камедыяй-рэпартажам. Тут сапраўды адчуваецца публіцыстычна-рэпартажны пачатак у спрэчках пра зямлю і аб праве чалавека выбіраць па сваім жаданні месца жыхарства.

Больш традыцыйная, чым іншыя яго п’есы, «Верачка» (1979), у якой асуджаюцца праявы «бяздушнасці, грубасці, чэрствасці» ў стасунках паміж людзьмі, атрымала ў драматурга назву «сентыментальны фельетон». Ужо гаварылася, што «Трыбунал» мае падвойнае жанравае акрэсленне: трагікамедыя, народны лубок. П’еса «Кашмар» (1979) мае аўтарскую жанравую памету «небяспечная камедыя».

Імкненне да арыгінальнасці відавочнае і ў падрабязных, часам яўна здзеклівых характарыстыках дзейных асоб пры іх традыцыйным пераліку ў «Таблетцы пад язык» і ў «Зацюканым апостале», а таксама ў «Кашмары» і ў «Лявонісе на арбіце», але ўжо не ў пералічальным спісе, а ў самім тэксце твораў. У «Лявонісе» ж па-свойму дасціпна гучыць згадка пра час дзеі ў камедыі: «У суседзяў — учора, у нас — сёння, у вас — заўтра». Праўда, у гэтай п’есе бракуе жыццёвай пераканальнасці канфлікту і характару працавітага гаспадара Лявона Чмыха. Ён з лёгкасцю аддае карову ў калгас. Не было на той час такога дабрабыту за кошт грамадскай гаспадаркі, каб вяскоўцам стала непатрэбнай уласная кароўка.

Драматург упрыгожыў адпаведным у кожным выпадку эпіграфам «Лявоніху на арбіце», «Таблетку пад язык» і «Кашмар», даваў аўтарскія прадмовы да некаторых сваіх камедый. Яны ёсць у «Зацюканым апостале», «Пагарэльцах», «Верачцы» і часам уключаліся ў спектаклі ў выглядзе запісанага на магнітную стужку звароту да гледачоў.

Вельмі нязвыклы і арыгінальны ў «Кашмары» зварот драматурга да героя гэтага твора Старога, сын якога, гонячыся за модай, перайначыў сваё імя Іван на Жана, а яшчэ не аддаў па некалькі капеек удаве з чатырма дзяцьмі і кульгавай жанчыне. Звыклы да абсалютнай сумленнасці Стары ўспрымае гэта як ганьбу для ўсяго свайго роду і таму страшэнна пакутуе. Драматург добра разумее пакуты Старога і выходзіць на прамы зварот да яго: «Якое ж гора няўцешнае ў цябе, чалавеча? Якая ж бяда напаткала цябе? Ад чаго на твары тваім такія мукі адбіліся? Чаму ж ты слязамі так заліваешся? І маўчыш. Ціха, бязгучна плачаш, нібы гора тваё сусветнае, нібы бяда твая непапраўная, нібы боль у цябе не толькі твой, а ўсяго твайго роду-племені. Ты крыкні, стары, крыкні! Вызвалі душу, аблегчы яе крыкам. Ну, паспрабуй выплеснуць са словамі тую горыч, што накапілася ў цябе на сэрцы».

У «Таблетцы пад язык» (1972) ёсць уверцюра. Яна пачата радкамі з вядомай песні (словы К. Буйло) «Люблю наш край, старонку гэту». Такі пачатак, як і сама уверцюра, звыклая для оперы, а не для драматычных твораў, спатрэбіўся Макаёнку, каб падкрэсліць глыбінную любоў да вёскі і земляробчай працы. Яго нярэдка папракалі за нібыта зняважлівае і абразлівае стаўленне да зямлі. Такога ў пісьменніка не было і блізка. А любоў была сапраўдная, непаказная і непадманная. Пра гэта гавораць і прачулыя лірычныя ноты ў непасрэдна аўтарскім тэксце, які ва уверцюры да «Таблеткі пад язык» не ўкладваецца ў вусны персанажаў, а даецца зноў жа да імя самога аўтара: «Кожны раз, калі я пачую гэтую песню («Люблю наш край»), перада мною ўзнікае, як дзівосны міраж, як дзіцячая казка, вобраз майго роднага сяла, і сэрца пачынае шчымець радасцю жаданай сустрэчы… І няважна. даўно я там быў ці толькі ўчора адтуль.

Не, не забыць мне яго ніколі. Там — радзіма. У душы яна. У памяці. У снах неспакойных».

Гэта, як і ў прамым звароце да Старога з «Кашмару», па сутнасці прачулая лірычна-эмацыянальная проза, а не проста аўтарскае тлумачэнне да тэксту п’есы. І такая лірызацыя не была самамэтай. Яна суадносілася з праблематыкай тых твораў, у якіх даваліся лірыка-паэтычныя аўтарскія ўстаўкі.

У п’есах А. Макаёнка прываблівае падтэкставая глыбіня яго твораў, вынаходлівасць у стварэнні нечаканых паваротаў інтрыгі, віртуознае валоданне сцэнічным словам. Яно звычайна свеціцца жывымі і яркімі фарбамі народнай мовы, багатае на дасціпнасць, можа быць шматзначным за кошт напоўненасці алегарычнасцю і сімволікай. А ў канчатковым выніку (і гэта галоўнае) слова ў п’есах Макаёнка выдатна раскрывае сапраўдную сутнасць персанажаў, робіць іх не бляклымі манекенамі, а змястоўнымі вобразамі, у якіх шчодра адлюстроўваюцца рэаліі жывога жыцця.

Акрамя п’ес, А. Макаёнак пісаў мастацкія і дакументальныя сцэнарыі, па якіх здымаліся тэлевізійныя пастаноўкі і кінафільмы. У аснову сцэнарыяў клаліся часам уласныя ранейшыя творы (кінафільм «Рагаты бастыён», зроблены па камедыі «Лявоніха на арбіце»). Па матывах купалаўскай «Паўлінкі» пісьменнікам створаны сцэнарый для кінафільма «З кірмашу», які з поспехам ішоў па беларускім і маскоўскім тэлебачанні. Па аповесці «Нявестка» Аляксея Кулакоўскага Макаёнак напісаў сцэнарый «Шчасце трэба берагчы». У сувязі з 65-годдзем Кандрата Крапівы стварыў сцэнарый дакументальнага фільма «Кандрат Крапіва — народны пісьменнік» пра гэтага майстра сатыры, якога Макаёнак лічыў галоўным настаўнікам у сваёй сатырычнай творчасці.

Андрэй Ягоравіч пераклаў на беларускую мову творы вядомых драматургаў савецкага часу Аляксандра Карнейчука, Леаніда Зорына і некаторых іншых.

Д. Я. Бугаёў,
прафесар, кандыдат філалагічных навук

Крыніца публікацыі: Беларуская літаратура: дапам. для вучняў 10-га класа агульнаадукац. устаноў з беларус. і рус. мовамі навучання / А. І. Бельскі [і інш.]; пад рэд. А. І. Бельскага, М. А. Тычыны. — Мінск: Адукацыя і выхаванне, 2009. — С. 260—269.

Пра аўтара: Дзмітрый Якаўлевіч Бугаёў (1929—2017) — вядомы літаратуразнавец. Працаваў у БДУ: з 1964 г. — дацэнт, з 1987 г. — прафесар. Аўтар кніг «Шчодрае сэрца пісьменніка» (1963), «Паэзія Максіма Танка» (1964; 2-е выд. — 2003), «Уладзімір Дубоўка» (1965), «Максім Гарэцкі» (1968; 2-е выд. — 2003), «Шматграннасць» (1970), «Зброяй сатыры, зброяй праўды» (1971, 2-е выд. — 2004), «Вернасць прызванню: творчая індывідуальнасць Івана Мележа» (1977), «Талент і праца» (1979), «Чалавечнасць» (1985), «Васіль Быкаў: нарыс жыцця і творчасці» (1987), «Арганічнасць таленту» (1989), «Праўда і мужнасць таленту» (1995), «Спавядальнае слова» (2001), «Служэнне Беларусі» (2003), «Жыццём ідучы» (2013).