ПРАСТОРАВЫЯ ФАКТАРЫ І ТВОРЧАСЦЬ У ПАЭМЕ ЯКУБА КОЛАСА “СЫМОН-МУЗЫКА”

0
1979

Асэнсаванае ўспрыняцце прасторы адрознівае прасторавыя паводзіны чалавека, абумоўлівае цесную прывязанасць да асвоенай прасторы не столькі фізічную, колькі эмацыянальную, духоўна-псіхалагічную. Адказны “за свет і за сябе ў свеце” (М. Бярдзяеў), чалавек імкнецца да суладнасці і гарманічнай паяднанасці з навакольнай прасторай. У гуманітарным асэнсаванні яна заўжды ўспрымаецца як аб’ект пазнання і як прадмет эмацыянальна і псіхалагічна насычанага перажывання. Расійскі фізіёлаг і філосаф А. Ухтомскі, што ўвёў у навуковы ўжытак тэрмін хранатоп, важнейшае, калі не першачарговае значэнне надаваў інтуітыўна-псіхалагічнаму пазнанню рэчаіснасці: “Сэрца, інтуіцыя і сумленне – самае дальнабачнае з таго, што мы маем”. Дамінаванне маральна-духоўных, этычных чыннікаў ва ўспрыманні прасторы прывяло да яе анталагізацыі, усведамлення як фундаментальнага складніка мысленча-творчых працэсаў і чалавечага быцця ўвогуле. Існуюць меркаванні, што прастора “складае з чалавекам нейкае, няхай перарыўнае, але адзінства, не кантэкст для яго, а агульны з ім “жывы” тэкст. Памежна можна было б гаварыць пра ландшафт, тэрыторыю, краіну, планету, як пра “аддаленыя” або “працяглыя” абалонкі чалавека, экстрапаляцыі ці метафары цялеснай прасторы” [8, с. 271]. Выступаючы своеасаблівым працягам чалавека, прастора ўсведамляецца як фактар скіраванасці да духоўных вяршынь, спасціжэння вышэйшых сэнсаў, фарміравання творчай індывідуальнасці, набыцця персанальнай і нацыянальнай ідэнтычнасці.

У літаратуры і мастацтве адлюстраванне прасторы скрозь прызму свядомасці садзейнічае таму, што яна пачынае ўспрымацца як “аўтапартрэт душы” (С. Эйзенштэйн). Тонкае адчуванне прасторы і яе прыгажосці, выступаючы важным момантам творчай ідэнтыфікацыі і самавыяўлення, абумоўлівае павышаную знакавасць вобразаў прасторы ў мастацкіх тэкстах, іх іканічнасць, здольнасць трансліраваць нацыянальна-быційныя сэнсы, бо, згодна А. Шэфтсберы, “усякая прыгажосць ёсць ісціна”. Для творчай асобы, на думку Ю. Лотмана, “рэальная прастора робіцца іканічным вобразам семіясферы – мовай, на якой выражаюцца разнастайныя пазапрасторавыя значэнні, а семіясфера ў сваю чаргу, пераўтварае рэальны прасторавы свет, што акружае чалавека, па свайму вобразу і падабенству” [4, с. 320]. Паэтычная свядомасць не адмежавана, наадварот – арганічна ўлучана ў светавое адзінства, дзе “ўсё звязана з усім”. Праз непасрэднасць і шчырасць духоўна-інтуітыўнага бачання, адчування прасторы творца адкрывае яе філасофска-антрапалагічныя сэнсы.

Вядомыя радкі з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля” – “Таемны вы, зямлі скрыжалі, // Чаго ў сябе вы не ўпісалі”, – заахвочваюць да расчытання тайнапісу прасторы, спасціжэння яе структуры і сэнсу праз прызму чалавечай свядомасці. На падобную зашыфраванасць у радках паэтычных шэдэўраў вышэйшых, таямнічых сэнсаў звярнуў увагу Ю. Лотман у дачыненні да “Боскай камедыі” Дантэ, якога назваў архітэктарам: “Свет як прадукт творчасці павінны валодаць мэтай і значэннем, пра кожную дэталь яго можна было б спытаць: “Што яна азначае?” Гэта натуральнае для ўспрыняцця архітэктурнага тварэння пытанне ў прымяненні да прыроды і Сусвету, пераўтварае іх у семіятычныя тэксты, сэнс якіх належаў дэшыфроўцы… Свет выступаў як велізарнае пасланне яго Творцы, які на мове прасторавай структуры зашыфраваў таямнічае паведамленне” [5, с. 448].

Мастацкі свет коласаўскіх паэм “Новая зямля”, “Сымон-музыка” поліфанічны, шматсэнсавы, сімвалічна зашыфраваны ў адпаведнасці з “мнагалучнасцю, мнагавобразнасцю і выключнасцю” жыцця, засвоенага ў прасторавых вобразах, дэталях і структурах. Універсальна-знакавая сімволіка дазваляе інтэрпрэтаваць вобразы не толькі як прыродныя з’явы і маляўнічыя ландшафтна-тапанімічныя адзінкі, але, найперш, як культурную прастору, устойлівую і ўзнаўляльную, якая мае агульначалавечыя каштоўнасныя параметры і мацуецца на сутнасных духоўна-нацыянальных канстантах. Ландшафтна абумоўленыя характарыстыкі, суадносныя з нацыянальна-псіхалагічнымі, і ствараюць шырокую гаму ідэйна-сэнсавага напаўнення твораў, больш выразна выяўляюць і акрэсліваюць мастацкія стратэгіі творчай рэалізацыі пісьменніка. Аналізуючы паэму “Сымон-музыка”, Я. Гарадніцкі лічыць, што “ў спосабах разгадкі таямніц быцця, якімі прапаноўвае карыстацца Сымону дзед (Даніла), прысутнічаюць, як гэта ні падасца дзіўным, прыкметы семіятычнага аналізу, расчытання глыбіннага сэнсу падзей па нейкіх пакінутых слядах і знаках” [1, с. 124]:

– Эге ж, хлопчыку, на свеце
Многа розных ёсць загадак,
Ды для іх ёсць свой парадак,
Іх ключы – у іх прымеце.
Аб іх вецер нам гаворыць,
І шумяць аб іх лясы,
І глядзяць яны з расы,
Аб іх кажуць неба зоры,
Воды ў рэчках і азёрах,
…Гэта ёсць прымета, знак,
Толькі трэба адгадаць іх.
Вось затым жа чалавеку
І той розум, хлопча, дан,
Каб ён мог зганяць туман,
Што гняце яго спрадвеку,
І каб змог ён, позна-рана,
Зняць няведання пячаць,
А той напіс неўчытаны
Растлумачыць, адгадаць. [3, с. 428]

Маляўніча выпісаныя аўтарам ключавыя топасы навакольнай прыроднай прасторы ў сваёй візуальна-тактыльна-акустычнай цэласнасці, валодаюць патэнцыяльнай здольнасцю “зняць няведання пячаць”, расшыфроўваюць духоўныя асновы народна-нацыянальнага быцця, транслююць яго спрадвечную мудрасць, вышэйшыя ісціны і сэнсы. Сімволіка прыроды і нацыянальна-ментальныя характарыстыкі ў творах Якуба Коласа арганічна спалучаны ў адзіны комплекс антрапалагічных значэнняў, у прасторавых катэгорыях наглядна і шматпланава выяўлена “геаэтнічная дадзенасць” беларусаў. Жывапісна пластычны і маляўнічы свет прыроды праламляецца праз аўтарскае вобразна-метафарычнае мысленне, насычаецца аксіялагічным патэнцыялам, маральна-духоўнай і этыка-філасофскай сканцэнтраванасцю і знаходзіць выяўленне ў слове. Галоўны герой паэмы “Сымон-музыка” неаднаразова выказвае думкі пра адухоўленасць і адмысловыя здольнасці складнікаў навакольнай прасторы, спасцігнуць сутнасць якіх магчыма толькі шляхам пошукавых намаганняў узвышанай, прасветленай, творчай асобы: “Я так думаю, дзядок, // Што на свеце ўсё дазвання, // Нават камень і пясок, // Мае думкі і настроі, // Толькі ж нам іх не згадаць: // Трэба чыстым быць душою, // Каб іх тайнасці пазнаць” [3, с. 416]. З мысленча-творчымі, пазнавальнымі працэсамі звязваецца ў паэме прасторавы вобраз дарогі. Пазнанне ісціны прадугледжвае выхад мыслення за межы аб’ектыўнай дадзенасці, пошукавую скіраванасць шляхоў-дарог, без якіх набыццё новага ведання немагчымае. Шматлікасць і бясконцасць дарог у свеце тлумачыцца Я. Коласам у сувязі з бясконцасцю працэсаў унутранага развіцця і звязанымі з імі ўласцівасцямі чалавечага існавання як руху па асваенні шматмернай жыццёвай і быційнай прасторы, наданні ёй суб’ектыўнага сэнсу, скіраванасці за межы сваёй дадзенасці:

Гэй, дарогі ў чыстым полі,
Ніці шэрыя зямлі!
Колькі к долі і нядолі
Ног людскіх вы праняслі!
Выйшла б казка, ды якая,
Каб маглі вы расказаць
То, што й думка не згадае,
Што адным вам толькі знаць! [3, с. 320]

Беларускі класік працягвае гогалеўскую традыцыю ўспрымання дарогі як магчымасці асваення прасторы, крыніцу станоўчых перамен, шляху да выратавання, і абавязкова – умовы для паўнакроўнага, насычанага духоўна-творчага жыцця: “Какое странное, и манящее, и несущее, и чудесное в слове: дорога! и как чудна она сама, эта дорога: ясный день, осенние листья, холодный воздух…” [2, с. 211]. Сам пісьменнік у сваіх лістах прызнаваўся, што менавіта ў дарозе ў яго звычайна развіваецца задума, акрэсліваецца змест, вымалёўваецца сюжэт твораў, а падарожжа ўспрымаецца як практычна адзіны сродак аднаўлення і падтрымання жыццёвай і творчай энергіі, набыцця раўнавагі, прасветленасці ў планах, дзеяннях і ўчынках.

Герою паэмы Якуба Коласа не ўласціва прывязанасць да штодзённых бытавых клопатаў, скіраванасць на назапашванне матэрыяльных даброт, у выніку якога магчыма пераўтварэнне чалавека ў працяг, нерухомы прыдатак створанага ім самім матэрыяльнага свету. Але не толькі і не столькі сямейны канфлікт вымушае Сымона сысці з дому. На працягу ўсёй паэмы відаць, што герой заўсёды выпраўляецца ў дарогу не па прычыне збегу нейкіх неспрыяльных абставін, а згодна інтуітыўнаму адчуванню будучых перспектыў духоўна-творчага і пачуццёвага развіцця, пошуку свайго месца і прызначэння ў жыцці. М. Мушынскі заўважае, што “для Сымона непрымальнай аказалася не цяжкая жабрачая доля, а той небяспечны шлях, якім спадзяваўся павесці яго жабрак, спажывецкая мараль, несумяшчальная з высокім прызваннем музыкі” [7, с. 49].

Пошукавы творчы дух заўсёды бярэ сваё: быццё падарожнага адпавядае формам існавання творчай свядомасці, спосабам спазнання свету. Развіваючы думку П. Валеры аб тым, што “мае пачуцці прыходзяць да мяне здалёк”, М. Мамардашвілі ўвогуле лічыць, што “чалавек ёсць істота далёкага” [6, с. 20]. Далі і дарогі вабяць і клічуць Сымона, “навяваюць думкі”, “нараджаюць мары”, абуджаюць імпульсы духоўнай працы і, як вынік, натхняюць на творчасць. Менавіта ў працэсе насычэння прасторавымі ўражаннямі, перажывання чароўнасці і неабсяжнасці свету, адкрыцця новых даляглядаў і спасціжэння іх сэнсаў адбываецца духоўнае станаўленне і развіццё героя: “Далі, лёгшы сінім морам, // Вабяць душу мне прасторам // І чаруюць новым краем, // Клічуць к нейкім новым зорам // Далі, злеглыя за гаем” [3, с. 361]. У мастацка-філасофскім асэнсаванні Якуба Коласа вобраз дарогі прадстаўлены як спосаб існавання герояў, пераадолення імі жыццёвых перашкод, а таксама як універсальны сімвал памкненняў духа, бясконцага руху творчай думкі, быційных адкрыццяў.

Своеасаблівай калыскай, у якой сфарміравалася пачуццёва абвостраная, узвышаная над паўсядзённасцю асоба мастака з вытанчаным эстэтычным густам, здольнасцю да роздумнасці і тонкіх перажыванняў, выступае ў паэме вобраз поля. Прасторавая стыхія і своеасаблівыя жыццёвыя рытмы поля і лугу садзейнічалі паўнакроўнаму праяўленню творчых здольнасцей Сымона, уважлівасці і назіральнасці да кожнай з’явы навакольнага свету. Паэзія і прыгажосць, мудрая ўраўнаважанасць наваколля шчодра раскрыліся, адбіліся ў духоўна-псіхалагічных якасцях таленавітага хлопчыка: “Заміраў тады хлапчынка, // І здавалася яму, // Што ён знае, як травінка // Сваю думае думу, // Што гаворыць жытні колас, // І аб чым шуміць ячмень, // І чаго спявае ўголас // Мушка, конік, авадзень…” [3, с. 289]

Поле ў яго прасторавай адкрытасці і сэнсавай разамкнутасці сувымернае ўнутрана-духоўнаму свету Сымона, атаясамліваецца са свабодным рухам яго творчай думкі, яе памкнёнасцю да загадкавага і неспазнанага. Асэнсаванае прыняцце прастору і шырыні навакольнага свету абуджае ўяўленне і фантазію хлопчыка, надае моцныя імпульсы яго духоўнаму развіццю, імкненню “пашырыць свой прастор”. Усведамленне таямнічасці і бясконцасці даляў адкрывае іншы, больш глыбокі і адначасова ўзвышаны ўзровень быцця. Паміж Сымонам і прасторай поля складваюцца асаблівыя прасторава-індывідуальныя ўзаемаадносіны ў форме дзейснага сузірання, руху думкі, пульсацыі пачуцця, якія дазваляюць структураваць і ўпарадкаваць сканцэнтраваныя ў гэтай прасторы пазітыўныя атрыбуты прыродна-нацыянальнага быцця адпаведна развіццю сваёй свядомасці і пазнавальным здольнасцям:

Добра ў полі: волі многа
І прастору-шырыні,
Вабяць далі там малога,
Як прынадныя агні.
Што ёсць там, за тым, унь, гаем,
Дзе зляглі нябёс вянцы?
Новы край і край за краем
І краі ва ўсе канцы!
І снуецца думка тая,
Каб пашырыць свой прастор;
Думка ўсюды залятае:
За сяло, за хвалі гор… [3, с. 291]

Такім чынам, у паэме Якуба Коласа “Сымон-музыка” пах, водар, дух творчасці і духоўнасць творчай асобы знітаваны з прасторавымі фактарамі паветра і глебы, поля і лесу, дому і дарогі, асноўнымі канстантамі нацыянальнай карціны свету і паўнавартаснымі элементамі індывідуальна-аўтарскай канцэпцыі быцця. Выяўленне гарманізуючых прыродных чыннікаў у поліфанічнай прасторы творчасці набліжае да разумення сапраўднага яе значэння ў станаўленні і рэалізацыі асобы. Маральна-духоўны патэнцыял асобы, першародныя творчыя здольнасці паўнакроўна і шматпланава раскрываюцца і рэалізуюцца праз сувязь з самымі простымі, непасрэдна чалавечымі абставінамі, паўсядзённа-побытавымі і натуральна-прыроднымі ўмовамі існавання.

БІБЛІЯГРАФІЧНЫЯ СПАСЫЛКІ

  1. Гарадніцкі, Я. Дзве паэмы / Я.Гарадніцкі // Полымя. – 2019. – №  – С. 114–125.
  2. Гоголь, Н. В. Собрание сочинений: в 7т. / Н. В. Гоголь. – М.: Худож. лит., 1976–1978. – Т. 5: Мёртвые души. – 1978. – 541 с.
  3. Колас, Я. Збор твораў: у 14т. / Я. Колас. – Мінск: Маст.. літ., 1972 – 1978. – Т. 6: Паэмы “Новая зямля “ і “Сымон музыка”. – 1974. – 624 с.
  4. Лотман, Ю. М. Семиосфера / Ю. М. Лотман. – СПб: Искусство-СПб, 2000. – 704 с.
  5. Лотман, Ю. М. Семиотика пространства / Ю. М. Лотман // Лотман, Ю. М. Избранные статьи. – Таллин: Александра, 1992. – Т.1: Статьи по семиотике и типологии культуры. – С. 386–480.
  6. Мамардашвили, М. Психологическая топология пути / М. Мамардашвили. – СПб.: Изд-во Рус. христианского гуманит. ин-та, Журнал “Нева”, 1997. – 568с.
  7. Мушынскі, М. І. Свайму часу і вечнасці / М. І. Мушынскі // Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. – Мінск: Беларус. навука, 2007. – Т. 1. Вершы (1898–1910). – С. 8 – 144.
  8. Сид, И. О. Геопоэтика. Пунктир к теории путешествий / И. О. Сид. – СПб: Алетейя, 2018. – 428 с.

Ж. С. Шаладонава,
кандыдат філалагічных навук


Крыніца публікацыі:
Cлавянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай: матэрыялы ХІІІ Міжнар. навук. канф., прысвеч. 100-годдзю БДУ і 90-годдзю з дня нар. чл.-кар. НАН Беларусі праф. А. А. Лойкі, Мінск, 28–29 кастр. 2021 г. / Беларус. дзярж. ун-т; рэдкал.: С. А. Важнік (гал. рэд.) [і інш.]; навук. рэд. А. І. Бельскі. – Мінск : БДУ, 2021. – С. 271–275.