Максім Танк

0
17225

Паэт, перакладчык, грамадскі і дзяржаўны дзеяч.

Народны паэт Беларусі (1968). Акадэмік АН Беларусі (1972). Герой Сацыялістычнай Працы (1974). Лаўрэат Ленінскай прэміі (1978), Дзяржаўнай прэміі СССР (1948), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1966), Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1959), Літаратурнай прэміі імя А. Фадзеева (1980).

Ганаровы грамадзянін Мінска (1987).

Максім Танк (Яўген Іванавіч Скурко) нарадзіўся 17 верасня 1912 г. у на Мядзельшчыне, у вёсцы Пількаўшчына, у сялянскай сям’і. Пасля пачатковай школы вучыўся ў Вілейскай, потым у Радашковіцкай і Віленскай гімназіях, з якіх быў выключаны за вальнадумства і непаслушэнства. У 1927 г. уступіў у камсамол і пачаў актыўна ўдзельнічаць у нацыянальна-вызваленчым руху. Працаваў інструктарам ЦК камсамола Заходняй Беларусі (1932—1933), вёў падпольную дзейнасць на Віленшчыне і Навагрудчыне.  Некалькі разоў арыштоўваўся польскай дэфензівай. З мая 1933 г да мая 1934 г. і з верасня да снежня 1934 г. сядзеў у віленскай турме «Лукішкі», дзе наладзіў выпуск рукапіснага турэмнага часопіса «Краты», пісаў вершы і вёў дзённікавыя запісы. У 1936 г. уступіў у Камуністычную партыю Заходняй Беларусі (КПЗБ). Працаваў у легальных заходнебеларускіх выданнях: у газетах «Poprostu», «Наша доля», часопісах «Беларускі летапіс», «Калоссе». Прыход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь у верасні 1939 г. сустрэў у бацькоў у Пількаўшчыне. Працаваў у сельскім камітэце. У 1939—1940 гг. — супрацоўнік абласной газеты «Вілейскай праўда» (у пачатку 1940-х гг. змяніла назву — «Сялянская газета). З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны — у эвакуацыі, у Саратаве, дзе ўступіў у народнае апалчэнне. Потым працаваў у ваенным друку: у газеце «За Савецкую Беларусь» (Бранскі фронт), агітплакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну». У 1945—1948 гг. — літаратурны рэдактар часопіса «Вожык», у 1948—1966 гг. — галоўны рэдактар часопіса «Полымя». З 1966 г. — першы сакратар, а ў 1971—1990 гг. — старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. Сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў СССР (1966—1986).

Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР (1969—1989) і БССР (1947—1971), Старшыня Вярхоўнага Савета БССР 6-га і 7-га скліканняў (1963—1971).  Уваходзіў у склад Савецкага камітэта абароны міру, старшыня Беларускага аддзялення савецка-польскай дружбы (з 1958 г.), потым таварыства «Беларусь — Польшча» (з 1991 г.).

Памёр у Мінску 7 жніўня 1995 г., пахаваны ў вёсцы Новікі Мядзельскага раёна.

Друкавацца пачаў з 1932 г. у часопісе «Пралом» (выдаваў з паэтам Я. Гарохам), «Часопісе для ўсіх», газетах-аднадзёнках «На пераломе» і «Беларускае жыццё» (апошняя выдадзена ў Львове, у ёй змешчаны першы, падпісаны псеўданімам Максім Танк, верш «Заштрайкавалі гіганты-коміны»). Аўтар зборнікаў паэзіі «На этапах» (1936), «Журавінавы цвет» (1937), «Пад мачтай» (1938), «Праз вогненны небасхіл» (1945), «Каб ведалі» (1948), «На камні, жалезе і золаце» (1951), «У дарозе» (1954), «След бліскавіцы» (1957), «Мой хлеб надзённы» (1962), «Дарога, закалыханая жытам» (1976), «Прайсці праз вернасць» (1979), «За маім сталом» (1984), «Збор калосся» (1989), «Мой каўчэг» (1994), «Errata» (1996). Напісаў паэмы «Нарач», «Каліноўскі», «Сказ пра Вяля» (усе — 1937), «Янук Сяліба» (1943), «Люцыян Таполя» (1946), «Мікалай Дворнікаў» (1978).

Выдаў паэтычныя зборнікі для дзяцей «Галінка і верабей» (1946), «Казка пра мядзведзя» (1947), «Урачыстае абяцанне» (1949). Кнігі казак «Ехаў казачнік Бай» (1955), «Конь і леў» (1955), «Казкі. Легенды» (1960), «Светлячок» (1970), «Лемантар» (1993).

Аўтар кнігі-дзённіка «Лісткі календара» (1970).

Пераклаў на беларускую мову асобныя творы А. Пушкіна, У. Маякоўскага, П. Тычыны, М. Рыльскага, А. Міцкевіча, Ю. Славацкага, Ю. Тувіма, Б. Лесьмяна, Е. Леца, У. Бранеўскага, Т. Ружэвіча, Ч. Мілаша, У. Слабодніка, Я. Судрабкална і інш.

Аўтар кнігі-дзённіка «Лісткі календара» (1970).

Выйшлі Зборы твораў у двух (1958), чатырох (1966—1967), чатырох, шасці (1978—1981) тамах. У 2006—2012 гг. выдадзены пасмяротны Збор твораў у 13 тамах.

Узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Чырвонага Сцяга, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Дружбы народаў, Айчыннай вайны ІІ ступені, медалём Ф. Скарыны, іншымі медалямі, а таксама афіцэрскім крыжам Адраджэння Польшчы, ордэнам Заслугі перад Польскай Народнай Рэспублікай.

Імем Максіма Танка названы Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт і вуліца ў Мінску, Мядзельская раённая бібліятэка, на доме № 15 па вуліцы Кульман у Мінску, дзе жыў народны паэт, і на доме № 1 па вуліцы, якой прысвоена імя Максіма Танка, устаноўлены мемарыяльныя дошкі, у 2014 г. адкрыты помнік-бюст у гонар паэта ў Мядзелі.