* * *
Паклон табе, мой беларускі краю!
Ты – мой, я – твой: ад роду і навек.
(«Паклон табе, мой беларускі краю!..»)
* * *
Шчаслівая доля –
Трымацца бацькоўскай зямлі,
Як дрэва карэннем!
(«У век рэнегацтва…»)
* * *
У глыбінях зямлі, гераічнай і песеннай,
Нашых душ карані…
(«Лірычны каментар да нашага радаслоўя»)
* * *
Я родам з племя непакорных
I прад бядой не задрыжу!..
(«Я – беларус»)
* * *
Ад слова да бомбы – паўкрока ўсяго.
(«Цi дзень, а цi вечар – жыццё нам нагадвае…»)
* * *
Эгаізм – чалавечых душ іржа.
(«Эгаізм – чалавечых душ іржа…»)
* * *
За абдымкамi – падножка здрады…
(«Ісціна, адвечная, як свет…»)
* * *
На чужыя спакусы душой не паддайся…
(«Углядайся, мой сыне, пiльней углядайся…»)
* * *
…бязрэчыўны яд ёсць сумесь
гадства, подласці, страху смерці…
(«Сувязь»)
* * *
Чым гэткі лёс –
Ад страху потам мокнуць,
Дык лепш зусім
І назусім замоўкнуць.
(«Які няшчасны лёс…»)
* * *
Родныя гукі…
З гукаў — родныя словы…
Са словаў — песні,
Казкі, паэмы, драмы,
Жыццё, Радзіма, Народ.
(«Родныя гукі…»)
* * *
Страцiў слова, страцiў спадчыннае слова –
Штосьцi страцiў у душы абавязкова!
(«Страцiў слова, страцiў спадчыннае слова…»)
* * *
Сёння матчынай мовы, а заўтра
Засаромiшся мацi самой?
(«Роднае слова»)
* * *
Не згіне мова наша ў блудзе!
Яна нам светач – на вякі!
(«На новым вітку»)
* * *
Жыць і кахаць, або кахаць і жыць –
Адно і тое ж.
(«Жыць і кахаць, або кахаць і жыць…»)
* * *
Калi з былым нiякай iншай повязi –
То i аб гэткай шкадаваць дарма.
(«Шкадуеш, што на памяць нават дробязi…»)
* * *
Найстрашнейшая
Кара з усіх на зямлі –
Кара памяці.
(«Найстрашнейшая…»)
* * *
Любіць і цярпець.
І не прыніжаць сябе
Маладушнасцю.
(«Любіць і цярпець…»)
* * *
Годнасць і гонар
За свой чалавечы сан –
Годнасць і гонар.
(«Годнасць і гонар…»)
* * *
Рабі дабро! Хоць нават коштам
Апошніх сіл, апошніх мук.
І не пытай: каму? завошта?
Рабі – без просьбаў і прынук!
(«Родныя дзеці»)
* * *
Аднак жа не зайздросці:
у тых, што ездзяць гладка,
хутчэй драхлеюць косці.
(«Не зайздросці»)
* * *
Мы – дзеці тройчы ў вечным крузе.
Мы – дзеці роднае сям’і,
І дзеці маці Беларусі,
І дзеці матухны-зямлі.
(«Родныя дзеці»)
* * *
Каб песню, вартую народа,
На поўны голас шчыра спець –
Што трэба творцу? Вельмі многа!
Радзіму ў сэрцы трэба мець!
(«Родныя дзеці»)
* * *
Спявайце, помнячы нязменна:
Пакуль паэты будуць пець –
Не быць Радзіме безыменнай,
Зямлі бацькоў — не анямець!
(«Спявайце, юныя паэты…»)
Падрыхтавала Аляксандра Барычэўская,
студэнтка IV курса спецыяльнасці «Беларуская філалогія»






















