(30 верасня 1931 — 29 сакавіка 2016)
Паэт, перакладчык, празаік, драматург, публіцыст, літаратуразнавец, фалькларыст, грамадскі дзеяч.
Народны паэт Беларусі (1991). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1980). Кандыдат філалагічных навук (1963), прафесар (1978). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1980), Міжнароднай прэміі імя Хрыста Боцева (1986).
Выпускнік філалагічнага факультэта БДУ (1956), скончыў аспірантуру пры ўніверсітэце (1959), працаваў на кафедры беларускай літаратуры БДУ (1960 — выкладчык, 1968 — дацэнт, 1978—1986 — прафесар).
Ніл Сымонавіч Гілевіч нарадзіўся 30 верасня 1931 г. у вёсцы Слабада Лагойскага раёна Мінскай вобласці.
У першыя пасляваенныя гады працаваў калгасным паштальёнам. Пасля заканчэння сямігодкі (1947) паступіў у Мінскае педагагічнае вучылішча імя Н. К. Крупскай, якое скончыў у 1951 г. Апошні год вучобы спалучаў з працай настаўніка ў адной са школ Мінска. У 1952—1956 гг. — студэнт БДУ імя У. І. Леніна, потым навучаўся ў аспірантуры пры гэтым жа ўніверсітэце. У 1960—1986 гг. — выкладчык, старшы выкладчык, дацэнт, прафесар кафедры беларускай літаратуры БДУ. З 1958 па 1963 гг. адначасова працаваў літкансультантам газеты «Звязда». У 1980—1989 г. — першы сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. З 1989 г. — старшыня рэспубліканскага Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Стваральнік і галоўны рэдактар газеты (спачатку — бюлетэня ТБМ) «Наша слова» (1990).
Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1985—1990). У 1990 г. выбраны народным дэпутатам БССР, з чэрвеня гэтага ж года — старшыня пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета БССР па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны. Член Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР.
Памёр 29 сакавіка 2016 г., пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Мінску.
Упершыню ў друку з вершамі выступіў ў 1946 г. Аўтар кніг паэзіі «Песня ў дарогу» (1957), «Прадвесне ідзе па зямлі» (1959), «Неспакой» (1961), «Бальшак» (1965), «Перазовы» (1967), «Лісце трыпутніку» (1968), «А дзе ж тая крынічанька» (1972), «Запаветнае» (1975), «Актавы» (1976), «У добрай згодзе» (1979), «Святлынь» (1984), «Родныя дзеці» (1985), «Як дрэва карэннем» (1986), «Повязь» (1987), «Талісман», «На высокім алтары», «Вечны матыў» (усе — 1994), «…І плямы на табе няма», «Сказ пра Лысую гару» (абедзве — 2003), «На флейце самоты» (2004), «Замова ад страху» (2009) і інш. У 1980 г. выйшаў зборнік п’ес «Начлег на буслянцы».
Аўтар кніг па літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы «Акрыленая рэвалюцыяй» (1962), «Наша родная песня» (1968), «Паэтыка беларускай народнай лірыкі» (1975), «Паэтыка беларускіх загадак» (1976), «Мой белы дзень» (1992) і інш. Укладальнік і навуковы рэдактар фальклорных зборнікаў «Песні сямі вёсак» (1973), «Лірычныя песні» (1976), «Лірыка беларускага вяселля» (1979), «Народныя казкі, байкі, апавяданні і мудраслоўі» (1983).
Выдаў зборнікі артыкулаў «У гэта веру» (1978), «Удзячнасць і абавязак» (1982), «Покліч жыцця і часу» (1983), «Годнасць, сумленнасць, мужнасць» (1988), «Вяртанне і працяг» (1990), «Любоў прасветлая» (1996), «Толькі мы самі» (2005). Напісаў аўтабіяграфічную аповесць «Перажыўшы вайну» (1988). Памяці жонкі Ніны Іванаўны прысвечана кніга «Добры анёл беларускасці» (2007).
Працаваў у галіне перакладу. Выдаў асобнай кнігай аповесць П. Вежынава «Сляды застаюцца» (1960), раман С. Даскалова «Свая зямля» (1961), зборнік «Балгарскія народныя песні» (1961), паэтычныя анталогіі «Ад стром балканскіх» (1965), «Маці мая Славенія» (1978), зборнік югаслаўскай паэзіі «Па камянях, як па зорах» (1981), кнігі Н. Вапцарава «Песня пра чалавека» (1982), Г. Джагарава «Зямля — як чалавечая далонь» (1984), Х. Радзеўскага «Цвіціце, зёлкі, травы, дрэвы» (1985), О. Жупанчыча «У вечным дазоры» (1986) і інш.
Дзецям адрасаваў паэтычныя зборнікі «Зялёны востраў» (1963), «Дождж-грыбасей» (1966), «Загадкі» (1971), «Добры чалавек» (1987), «Шчаслівыя хвіліны» (2001). Асобнай кнігай выйшла аповесць «Разумная дзевачка» (2005).
У 2003—2013 гг. выйшаў Збор твораў у 23 тамах.
Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, медалём Ф. Скарыны, балгарскім ордэнам Кірыла і Мяфодзія І ступені, ордэнам Югаслаўскай зоркі са стужкай, украінскім ордэнам князя Яраслава Мудрага ІІІ ступені і інш.