Андрэй Макаёнак

0
18534

Драматург, сцэнарыст, перакладчык, грамадскі дзеяч.

Народны пісьменнік БССР (1977). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1974), Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1962).

Андрэй Ягоравіч Макаёнак нарадзіўся 12 лістапада 1920 г. у вёсцы Борхаў Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1938 г. скончыў Журавіцкую сярэднюю школу і паступіў у ваеннае вучылішча.  Аднак вучобу пакінуў, вярнуўся на радзіму, дзе працаваў у раённым Доме сацыялістычнай культуры. У 1939 г. быў прызваны ў Чырвоную Армію. У час Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у савецка-англійскай аперацыі ў Іране, у баях на Паўночным Каўказе і на Крымскім фронце. У красавіку 1942 г. быў цяжка паранены. Пасля дэмабілізацыі працаваў настаўнікам у Акаурцкай сярэдняй школе ў Грузіі (1942—1943). Зімой 1943 г. вярнуўся на радзіму. Працаваў сакратаром Журавіцкага райкама камсамола (1944, цяпер у складзе Рагачоўскага раёна), Гродзенскага гаркама камсамола (1945), загадчыкам партыйнага кабінета Магілёўскага чыгуначнага вузла (1945—1946), памочнікам сакратара Журавіцкага райкама партыі (1946—1947). У 1949 г. скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КП(б)Б. У 1949—1953 гг. — загадчык аддзела прозы часопіса «Вожык», у 1966—1978 гг. — галоўны рэдактар часопіса «Нёман».

Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага савета БССР (1971—1982). У 1965 г. у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у 20-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.

Памёр 16 лістапада 1982 г., пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.

Пачаў друкавацца з 1946 г. Аўтар аднаактовых п’ес «Перад сустрэчай» (1950), «Жыццё патрабуе» (1950), «Аксеніна цялушка», «Крымінальная справа» (абедзве — 1951), «Першае пытанне» (1952). Напісаў сатырычныя камедыі «Выбачайце, калі ласка» (1953), «Каб людзі не журыліся» (1957), «Лявоніха на арбіце» (1961), «Таблетку пад язык» (1972), «Святая прастата» (1974), сентыментальны фельетон «Верачка», трагікамедыі «Зацюканы апостал» (1969), «Трыбунал» (1970), «Пагарэльцы» (1980), «Дыхайце эканомна» (1982). Выйшлі зборнікі п’ес «Перад сустрэчай. Жыццё патрабуе» (1951), «Камедыі» (1961), «П’есы» (1974), «Кінасцэнарыі» (1989) і інш.

Іван Шамякін і Андрэй Макаёнак.1978 г.

Аўтар кінааповесці «Твой хлеб» (1956), кінасцэнарыяў мастацкіх фільмаў «Шчасце трэба берагчы» (па матывах аповесці А. Кулакоўскага «Нявестка», 1958), «Рагаты бастыён» (па п’есе «Лявоніха на арбіце», 1964), «Пасля кірмашу» (па матывах п’есы Янкі Купалы «Паўлінка», 1972), дакументальных фільмаў «У адзінай сям’і» (1957), «Кандрат Крапіва» (1961).

Пераклаў на беларускую мову п’есы Л.  Зорына «Дабракі», «Я, бабуся, Іліко і Іларыён» Н. Думбадзе і Г. Лордкіпанідзе, «Чацвёрты» К. Сіманава і інш.

Выйшаў Збор твораў у пяці тамах (1987—1990).

Іван Шамякін і Андрэй Макаёнак.

Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Знак Пашаны, медалямі.

Імем Андрэя Макаёнка названы вуліцы ў Мінску і Гомелі, на радзіме, у Журавічах, у 1982 г. у гонар народнага пісьменніка адкрыты помнік.

Макаёнак з дачкой і унучкай