Іван Шамякін

0
34599

Празаік, драматург, сцэнарыст, грамадскі і дзяржаўны дзеяч.

Народны пісьменнік БССР (1972). Акадэмік АН Беларусі (1994). Герой Сацыялістычнай Працы (1981). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1951), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1968), Дзяржаўнай прэміі БССР у галіне тэатральнага мастацтва, кінематаграфіі, радыё і тэлебачання (1982), Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1957), Літаратурнай прэміі Міністэрства абароны СССР (1978), прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва (2002).

Нарадзіўся Іван Пятровіч Шамякін 30 студзеня 1921 г. у вёсцы Карма Добрушскага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і лесніка. Сям’я часта пераязджала. Пасля заканчэння сямігодкі вучыўся ў Гомельскім тэхнікуме будаўнічых матэрыялаў, які скончыў 1940 г. Па нaкіpaвaнні паехаў у Бeлacтoк, дзe працаваў тэxнікaм пpaмкaмбінaтa, aлe xyткa быў пpызвaны ў Чырвоную Армію. З 1940 г. служыў пад Мурманскам, быў курсантам вучэбнай батарэі зенітна-артылерыйскага дывізіёна. У час Вялікай Айчыннай вайны — камандзір гарматы, камсорг дывізіёна. Ваяваў пад Мурманскам, Кандалакшай, Петразаводскам, удзельнічаў у вызваленні Польшчы, у баях на Одэры. Пасля дэмабілізацыі восенню 1948 г. вярнуўся на радзіму. У 1945—1948 гг. настаўнічаў у вёсцы Пракопаўка Церахаўскага раёна. З 1946 г. вучыўся на завочным аддзяленні Гомельскага педагагічнага інстытута. У 1948 г. пераехаў у Мінск. Скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КП(б)Б (1950). Працаваў старшым рэдактарам Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, у 1952—1953 гг. быў галоўным рэдактарам альманаха «Советская Отчизна» (цяпер часопіс «Нёман»). З 1954 г. — намеснік старшыні, з 1966 г. — сакратар, з 1968 г. — другі сакратар, з 1971 г. — першы намеснік старшыні, у 1976—1980 гг.— першы сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. У 1980—1990 гг. — галоўны рэдактар выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя».

Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1963—1985) і СССР (1980—1989). Старшыня Вярхоўнага Савета БССР (1971—1985). У 1963 г. у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у працы 18-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Уваходзіў у склад ЦК КПБ (з 1976 г.), быў старшынёй Беларускага камітэта абароны міру (з 1987 г.).

Памёр 14 кастрычніка 2004 г., пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.

У гады вайны з вершамі і нарысамі выступаў у армейскім друку. Першы празаічны твор «Помста» быў надрукаваны ў часопісе «Полымя» ў 1945 г. Аўтар раманаў «Глыбокая плынь» (1949), «У добры час» (1952), «Крыніцы» (1956), «Сэрца на далоні» (1964), «Снежныя зімы» (1968), «Атланты і карыятыды» (1974), «Вазьму твой боль» (1979), «Петраград — Брэст» (1983), «Зеніт» (1987), «Злая зорка» (1993), «Вялікая княгіня» (1996). Стварыў пенталогію «Трывожнае шчасце»: аповесці «Непаўторная вясна» (1957), «Начныя зарніцы» (1958), «Агонь і снег», «Пошукі сустрэчы» (абедзве — 1959), «Мост (1965). Выдаў зборнікі прозы «Помста» (1945), «На знаёмых шляхах» (1949), «Дзве сілы» (1951), «Першае спатканне» (1956), «Матчыны рукі» (1961), «Вячэрні сеанс» (1968), «Бацька і дзеці» (1971), «Гандлярка і паэт. Шлюбная ноч» (1976), «У роднай сям’і» (1986), «Драма» (1990), «Сатанінскі тур» (1995), «Палеская мадонна» (1998), «Пошукі прытулку» (2001).

Аўтар кніг публіцыстычных і літаратурна-крытычных артыкулаў «Размова з чытачом» (1973), «Карэнні і галіны» (1986). Асобным выданнем выйшаў дзённік пісьменніка «Роздум на апошнім перагоне» (1998).

Напісаў п’есы «Не верце цішыні» (1958), «Выгнанне блудніцы» (1961), «Дзеці аднаго дома» (1967), «Экзамен на восень» (1973), «Баталія на лузе» (1975), «І змоўклі птушкі» (1977), Залаты медаль» (1979). Аўтар сцэнарыя чатырохсерыйнага тэлеспектакля «Трывожнае шчасце» (з А. Гутковічам, паст. у 1968), кінасцэнарыяў мастацкіх фільмаў «Крыніцы» (з Ю. Шчарбаковым, 1964), «Хлеб пахне порахам» (1973). У 1974 г. выйшаў зборнік кінааповесцей і п’ес «Экзамен на восень». Па творах пісьменніка зняты мастацкія фільмы «Сэрца на далоні» (1964), «Гандлярка і паэт» (1978), «Шлюбная ноч», «Вазьму твой боль», «Атланты і карыятыды» (1980) (усе — 1980), «Глыбокая плынь» (2005).

Выйшлі Зборы твораў у пяці (1965—1966), шасці тамах (1977—1979), васьмі тамах (2003—2007) і адным томе (2009). У 2010—2014 гг. ажыццёўлена пасмяротнае выданне Збору твораў у 23 тамах.

Узнагароджаны ордэнам Леніна, трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Кастрычніцкай рэвалюцыі, Айчыннай вайны ІІ ступені, Дружбы народаў, Знак Пашаны, ордэнам Айчыны ІІІ ступені, медалём Ф. Скарыны, іншымі шматлікімі медалямі.

Імeм Івана Шамякіна нaзвaны дзяржаўны ўніверсітэт у Мазыры, вуліца ў Мінску (мікрараён «Сухарава»), у 2006 г. у гонар народнага пісьменніка адкрыты помнік-бюст у вёсцы Карма Добрушскага раёна, усталяваны мемарыяльныя дошкі на доме № 11 па вуліцы Янкі Купалы ў Мінску (2006) і на будынку сельскай бібліятэкі на радзіме народнага пісьменніка ў вёсцы Карма (2016).