Кандрат Крапіва

0
17006

Паэт, драматург, празаік, сатырык, перакладчык, навуковец, грамадскі дзеяч.

Народны пісьменнік Беларусі (1956). Акадэмік АН БССР (1950). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1978). Герой Сацыялістычнай Працы (1975). Доктар філалагічных навук (1953). Лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР (1941, 1951, 1971), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1974).

Выпускнік літаратурна-лінгвістычнага аддзялення  педагагічнага факультэта БДУ (1930).

Кандрат Крапіва (сапр. Кандрат Кандратавіч Атраховіч) нарадзіўся 5 сакавіка 1896 г. у вёсцы Нізок Уздзенскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў царкоўнапрыходскай школе ў вёсцы Нізок, уздзенскім народным вучылішчы, 4-класным гарадскім вучылішчы ў Стоўбцах, з якога перавёўся ў такое ж вучылішча ў Койданава (цяпер г. Дзяржынск). Пасля заканчэння ў 1913 г. здаў экстэрнам экзамен на званне народнага настаўніка. З восені 1914 г. настаўнічаў у пачатковай земскай школе ў вёсцы Мнішаны на Міншчыне. У жніўні 1915 г. мабілізаваны ў царскую армію для ўдзелу ў Першай сусветнай вайне. У сакавіку 1916 г. скончыў Гатчынскую школу прапаршчыкаў. Удзельнічаў у баях на Румынскім фронце. У лютым 1918 г. дэмабілізаваны як настаўнік. Працаваў настаўнікам у вёсцы Каменка на Уздзеншчыне. У 1920—1923 гг. — камандзір у Чырвонай Арміі. З 1924 г. зноў настаўнічаў на Уздзеншчыне ў пасёлку Астравок. Вядома, што Кандрат Атраховіч атрымаў званне капітана пад канец вайны. У 1925 г. пераехаў у Мінск. Быў членам літаб’яднання «Маладняк», потым «Узвышша» (з 1926 г.). Працаваў інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інбелкульце (1925—1926). Скончыў БДУ (1930). У 1932—1936 гг. — загадчык аддзела ў часопісе «Полымя рэвалюцыі». Удзельнічаў у паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь (1939), у савецка-фінскай вайне (1939—1940). З пачатку Вялікай Айчыннай вайны — у ваенным друку, працаваў у франтавых газетах «За Савецкую Беларусь», «Красноармейская правда». У 1943—1945 гг. рэдагаваў сатырычную газету-плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну». У 1945—1947 гг. — рэдактар часопіса «Вожык». У 1947—1952 гг. — загадчык сектара мовазнаўства Інстытута мовы і літаратуры АН БССР, потым дырэктар Інстытута мовазнаўства АН БССР (1952—1956). З 1956 па 1982 г. — віцэ-прэзідэнт АН БССР. У 1982—1989 гг. — вядучы навуковы супрацоўнік-кансультант у аддзеле лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР.

Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР некалькіх скліканняў (1947—1990). У 1946 г. у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у працы першай сесіі Генеральнай асамблеі ААН у Лондане.

У Саюзе пісьменнікаў СССР з пачатку яго стварэння (1934).

Памёр 7 студзеня 1991, пахаваны на Усходніх могілках Мінска.

Пачаў друкавацца з 1922 г.: фельетон у вершах «Жылі-былі» змешчаны ў газеце «Красноармейская правда» на рускай мове, сатырычны верш «Сваты» — першая публікацыя на беларускай мове ў газеце «Савецкая Беларусь». Выдаў кнігі сатыры і гумару «Асцё» (1925), «Крапіва» (1925), «Біблія»  (1926), «Байкі» (1927), «Хвядос — Чырвоны нос» (1931, вершаваная казка), «Калючы строй» (1932), «Смех і гнеў» (1946), «Сатыра і гумар» (1954), «Жаба ў каляіне» (1957), «Сорак баек» (1966), «Байкі і вершы» (1971), «Пучок жыгучкі» (1973) і інш. Напісаў раманы «Мядзведзічы» (1932), апавяданні «Недарэчная штука» (1925), «Ліха яго разбярэ» (1926), «Вайна», «Мой сусед» (абодва — 1927), «Вось тут і пішы» (1928) і інш. Аўтар п’ес «Канец дружбы» (1934), «Партызаны» (1937), «Хто смяецца апошнім» (1939), «Проба агнём» (1943), «Валодзеў гальштук» (1945), «Мілы чалавек» (абедзве — 1945), «З народам» (1948), «Пяюць жаваранкі» (1950), «Зацікаўленая асоба» (1953), «Людзі і д’яблы» (1958), «Брама неўміручасці» (1973), «На вастрыі» (1982). Кандрату Крапіве належаць артыкулы «Думкі пра сатыру» (1928), «Аб сатырычнай камедыі» (1953), «Канфлікт — аснова п’есы» (1954) і інш.

Адзін з навуковых рэдактараў (з Я. Коласам і П. Глебкам) «Русско-белорусского словаря» (1953), навуковы рэдактар «Беларуска-рускага слоўніка» (1962, 2-е перапрац. і дап. выд. у 1988—1989), «Русско-белорусского словаря» (2-е перапрац. і дап. выд. у 1982), «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» ў 5 тамах (1977—1984) і інш. Суаўтар працы «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (з Р. І. Аванесавым і Ю. Ф. Мацкевіч, 1968—1969).

Пераклаў на беларускую мову асобныя творы У. Шэкспіра, Д. Фанвізіна, І. Крылова, А. Пушкіна, М. Гогаля, Т. Шаўчэнкі, А. Астроўскага, А. Чэхава, У. Маякоўскага, А. Твардоўскага і інш.

Выйшлі Зборы твораў у трох (1956), чатырох (1963), пяці (1974—1976) і шасці (1997—2004) тамах.

Узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Чырвонага Сцяга, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны ІІ ступені, Дружбы народаў, Чырвонай Зоркі, медалямі.

У гонар Кандрата Крапівы названы Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (ІМЭФ) НАН Беларусі, Уздзенская сярэдняя школа № 2, у Мінску на доме № 76 па праспекце Незалежнасці, у якім жыў пісьменнік, усталявана мемарыяльная дошка. Імя Кандрата Крапівы носяць вуліцы ў Мінску і Уздзе.