Іван Навуменка: жыццёвы і творчы шлях

0
782
Іван Навуменка
(1925—2006)

 

Звесткі з біяграфіі

Іван Навуменка належыць старэйшага пісьменніцкага пакалення франтавікоў, прадстаўленага ў беларускай прозе імёнамі Івана Мележа, Васіля Быкава, Янкі Брыля, Андрэя Макаёнка, Івана Шамякіна. Агульная рыса гэтых аўтараў — вопыт ваеннага юнацтва, які адыграў значную ролю ў фарміраванні творчай асобы кожнага з іх.

Нарадзіўся Іван Якаўлевіч Навуменка ў 1925 годзе ў мястэчку Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і чыгуначніка. Суровай жыццёвай школай будучага літаратара і навукоўца сталася вайна. Юнак браў удзел у падпольнай дзейнасці, уваходзіў у армейскую разведвальную дыверсійную групу, быў партызанам Васілевіцкай брыгады імя Панамарэнкі. З снежня 1943 года ён — баец Савецкай Арміі, з якой прайшоў ваеннымі шляхамі ад Карэльскага перашыйку да Усходняй Прусіі і Сілезіі. Дэмабілізаваўся з войска ў снежні 1945 года.

Першая галіна пасляваеннай дзейнасці І. Навуменкі — журналістыка. Ён працаваў карэспандэнтам Мазырскай абласной газеты «Бальшавік Палесся», а ў 1951— 952 гг. — у рэдакцыі рэспубліканскай газеты «Звязда». У гэты час праявіўся і філалагічны склад творчай асобы І. Навуменкі — ён піша першыя артыкулы і рэцэнзіі, прысвечаныя творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа, Івана Мележа, Аркадзя Куляшова, Піліпа Пестрака і іншых пісьменнікаў.

Адначасова Іван Навуменка вучыўся на завочным аддзяленні філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта Пасля яго заканчэння паступіў у аспірантуру пры БДУ і завяршыў вучобу ў ёй у 1954 годзе. Неўзабаве ён абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Тэма працы ў творах Якуба Коласа».

З 1953 па 1958 гг. І. Навуменка працаваў загадчыкам рэдакцыі часопіса «Маладосць». З 1958 г. пачынаецца яго педагагічная дзейнасць — ён працуе старшым выкладчыкам, дацэнтам, а пасля абароны доктарскай дысертацыі (1969) — прафесарам, загадчыкам кафедры беларускай літаратуры БДУ (1969—1972).

У 1972 годзе І. Навуменку выбіраюць членам-карэспандэнтам АН БССР, і з гэтага моманту цэнтр яго дзейнасці пераносіцца ў беларускую Акадэмію навук. З 1973 па 1982 год І. Навуменка ўзначаліў Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы. Двойчы, пачынаючы з 1982 года, выбіраўся віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук. І. Навуменка быў ушанаваны званнем заслужанага дзеяча навукі БССР (1978), у 1980 годзе ён стаў акадэмікам АН БССР. У 1995 годзе яму нададзена званне народнага пісьменніка Рэспублікі Беларусь.

Вяршыня грамадскай дзейнасці І. Навуменкі — выкананне абавязкаў Старшыні Вярхоўнага Савета БССР адзінаццатага склікання (1985 — 1990). Пад яго старшынствам быў прыняты шэраг законапраектаў, што спрыялі развіццю нацыянальнай культуры, мовы.

Пакінуў гэты свет І. Навуменка на 82-м годзе жыцця. Памёр 17 снежня 2006 г., пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Мінску

Ад апавядання да рамана

Першыя свае апавяданні пісьменнік надрукаваў у 1955 годзе. Пачынаючы з сярэдзіны 50-х гг., адзін за адным выдаваліся зборнікі апавяданняў, навел і аповесцей — «Семнаццатай вясной», «Хлопцы-равеснікі», «Верасы на выжарынах», «Бульба», «Таполі юнацтва», «Вераніка», «Тая самая зямля», «Падарожжа ў юнацтва» і інш.

Многія з апавяданняў І. Навуменкі з’яўляюцца значным укладам у скарбонку беларускай навелістыкі. У іх прасочваецца лёс пакалення аднагодкаў аўтара. Ён стварыў адметны вобраз-тып семнаццацігадовага юнака, які сустракаецца з жорсткімі жыццёвымі выпрабаваннямі і, нягледзячы на супярэчнасці лёсу, захоўвае рамантычны, часам наіўна-рамантычны погляд на рэчаіснасць. Маладыя героі прозы Івана Навуменкі крочаць ваеннымі дарогамі, уваходзяць у студэнцкія аўдыторыі, перажываюць радасці і расчараванні кахання. Побыт, прыватнае, інтымна-душэўнае жыццё — тая сфера, у апісанні якой І. Навуменка паказвае сябе добрым знаўцам псіхалогіі, тых знешніх і ўнутраных канфліктаў, з якіх выспяваюць чалавечыя драмы.

Назвы зборнікаў і апавяданняў І. Навуменкі ў сваёй большасці сведчаць пра тую ролю, якую адыгрывалі ў яго творчасці юнацтва, маладосць або ўспаміны пра маладосць. Героі многіх празаічных твораў пісьменніка належаць да гэтай пары жыцця. Іх дарослае «я» толькі пачынае акрэслівацца, яны паўстаюць у тую часіну, калі іх дзяцінства пераходзіць у ранняе юнацтва або калі юнацтва змяняецца маладосцю. Нават калі персанаж паказваецца ў сталым веку, думкамі і ўспамінамі сваімі ён вяртаецца ў маладосць.

А самы ўлюбёны ў пісьменніка ўзрост, якім ён надзяляе сваіх герояў, — семнаццаць гадоў. Тыя самыя семнаццаць гадоў, якія згадваюцца і ў назве зборніка апавяданняў, і аднайменнай навелы.

У гэтыя гады, як заўважылі псіхолагі, працягваецца станаўленне чалавечай асобы; у той час як тэмперамент, рысы характару ў асноўным склаліся, светапогляд актыўна фарміруецца. У звычайных умовах гэта плаўны, паступовы працэс. Але героі навелы «Семнаццатай вясной» (1956) жывуць на зломе: у іх жыццё ўрываецца вайна. Руйнуецца ранейшы свет, дзе былі прырода, школа, кнігі: «Упершыню за многія гады і мне, і маім сябрам не патрэбна было здаваць экзаменаў. Не было і настаўнікаў, якія вучылі нас у школе. Адны з іх пайшлі на фронт і ваявалі пад Ржэвам, а можа, пад Севастопалем, а другія таксама не задавалі нам урокаў, бо на фасадзе нашай школы трапятаў чужы флаг з чорнай свастыкай».

Вайна перайначвае чалавечыя лёсы, уплывае на лінію паводзін юных персанажаў. Высокую паэзію змяняе суровая проза. У лірычнай узнёслай форме перадаецца светаадчуванне юнака: «Мне ішоў семнаццаты год. Мая семнаццатая вясна была вельмі багатай на кветкі, цеплыню, на тыя цудоўныя дні, калі, здаецца, сама зямля спявае песню сонцу, жыццю, высокаму сіняму небу». Герой апавядання не можа змірыцца са стратай гармоніі, цэлага свету, у якім панавалі аптымізм, душэўная раўнавага і ружовыя мары. І вось ужо ва ўмовах ваеннага часу яму трэба трымаць «экзамен» на сталасць. З недаўменнем і ніякаватасцю герой пісьменніка прызнаецца, што «ў гэты час, калі ішла вайна і калі там, на фронце, паміралі сапраўдныя героі, я, чалавек, які не зрабіў у жыцці яшчэ ніводнага подзвігу, закахаўся самым ганебным чынам». Закахаўся ён у тоненькую дзяўчыну ў белай сукенцы, з белым капялюшыкам на галаве і «жывымі сінімі вачыма». Стася працуе ў мясцовай аптэцы і з’яўляецца партызанскай сувязной. «Ганебны ўчынак» на самай справе зусім не ганебны, а сведчыць гэтае яго пачуццё пра жывы, паэтычны, чулы да прыгажосці свет юнака — свет, які не хоча прыняць разбуральную сутнасць вайны, упарціцца новым іншародным праявам, якія дэфармуюць жыццё. Дзеля Стасі хлопцу хочацца здзейсніць гераічны ўчынак, нейкі подзвіг, і зразумела чаму: каб звярнуць на сябе ўвагу, спадабацца ёй. Юнаку ўяўляцца, як ён адзін распраўляецца з ворагамі, забівае «цэлы дзесятак фашыстаў».

Праз усё апавяданне праходзіць мастацкая дэталь — пах бэзу. Гэты пах абуджае светлыя згадкі, з ім звязана цэлая гама пачуццяў: «У гэтую вясновую ноч я зноў пачуў, як прыемна пахне расцвіўшы бэз. Ён пахнуў так заўсёды, калі мы хадзілі здаваць экзамены». Паэтычны вобраз бэзу дапамагае аўтару ўвасобіць думку пра хараство кахання і маладосці, непераможнасць чалавечнасці і жыцця, духоўнага пачатку ў ім.

Крохкасць, няспеласць светапогляду семнаццацігадовых, якім наканавана было пераадольваць мяжу паміж мірам і вайной, выклікае ў самога апавядальніка супярэчлівыя пачуцці, дзе ёсць і разуменне, і цеплыня, і мяккая іронія. З такімі пачуццямі падаецца партрэт цэлага пакалення, які ў апавяданні «Вераніка» (1957) выглядае наступным чынам: «Наш клас быў гераічны. Нас у класе было шаснаццаць хлопцаў, і амаль усе мы марылі пра подзвігі. Чатырнаццаць з шаснаццаці збіраліся паступаць толькі ў ваенныя вучылішчы. Астатніх двух — Федзю Пячкура і Валерыя Самасада, якія разлічвалі трапіць у “цывільныя” інстытуты, — мы за вочы называлі дэзерцірамі».

Юным персанажам яшчэ давядзецца прайсці шлях да цвярозай самаацэнкі ў новых, жорсткіх умовах вайны. Гэты шлях з’явіцца працягам фарміравання чалавечай асобы ў новых, змененых абставінах, дзе ўсё меней месца будзе для гульні, ружовых мараў.

Большасць семнаццацігадовых герояў-летуценнікаў Івана Навуменкі ўцягваецца ў антыфашысцкую барацьбу, або, як яе называў пісьменнік Алесь Адамовіч, «вайну пад стрэхамі». Гэта змаганне на акупіраванай тэрыторыі, у падполлі або ў партызанскім атрадзе. Прастора дзеяння юных змагароў тая самая, што і ў мірны час, — вёска, мястэчка. Юнакі нават не адразу адчуваюць, якім варожым паступова робіцца свет вакол іх — напаўняецца небяспекай, падазронасцю, прысутнасцю ворага, нарэшце, смяротнай рызыкай. І. Навуменка з вялікай псіхалагічнай дакладнасцю перадае асаблівасці такога змагання. Учарашнія падлеткі, выхаваныя на кнігах Жуля Верна, семнаццацігадовыя юнакі бяруцца за справу змагання як за новую захапляльную гульню, мала раздумваючы пра наступствы такой легкадумнай забавы, пра непапраўныя страты, якімі можа абярнуцца паспешнасць, неабачлівасць.

Цімох, Цішка, Мікола, Сымон з апавядання «Семнаццатай вясной» здабываюць старую, заржавелую вінтоўку, майструюць самаробную міну, учыняюць сваю першую дыверсію — узрываюць чыгуначны мост. Пазней, напрыканцы твора, пісьменнік вуснамі крыху пасталелага героя дае цвярозую ацэнку такім учынкам: «Мы, брат, дурні вялікія… Ходзім табуном, самі стараемся выдзеліцца, у вочы кідацца. Людзі ў сто разоў разумней за нас робяць…»

Юнакі з аповесці «Снежань» (1958), назбіраўшы дэталяў, спрабуюць змайстраваць радыёпрыёмнік, каб слухаць па ім франтавыя зводкі, потым бяруцца за стварэнне падпольнай друкарні. У «кустаршчыне», з якой пачынаюць сваю дзейнасць падпольшчыкі, ёсць пэўны элемент «жульвернізму», прыгодніцтва. Але аўтар здолеў перадаць некалькімі штрыхамі адценне скрухі, прытоенага смутку, бо з пазіцыі свайго вопыту ўсведамляе недзіцячы, трагічны змест сутыкнення вайны і юнацтва. Смутак перадаецца праз радкі нямецкага паэта Генрыха Гейнэ, абраныя эпіграфам да аповесці: «Мне гэты боль знаёмы…»

Рамантызаваны зачын твора «Вераніка» кантрастуе з жорсткім і сціслым фіналам. Вераніка, дзяўчына-прыгажуня, з-за якой сварыліся і раўнавалі адзін да аднаго кавалеры-дзесяцікласнікі, недарэчна гіне ў гэтай самай «вайне пад стрэхамі». Немцы расстрэльваюць дзяўчыну за тое, што яна перадрукоўвала на машынцы лістоўкі.

У апавяданні «Хлопцы самай вялікай вайны…» (1970) матыў «гульні ў вайну», элемент юначай рамантызацыі змагання адсутнічае. Семнаццацігадовых юнакоў, якія выпраўляюцца ў войска, са спачуваннем і жалем праводзяць вясковыя жанчыны:

« — Сыночкі, канчайце хутчэй вайну. Ужо дыхаць болей нельга.

— Выганяйце немца — і дадому…

— Божа, божа, якія маладзенькія. Як дома тым маткам…

— Бач, шыя тоненькая. Які ён салдат — дзіця…

Некаторыя з баб выціралі ражкамі хустак слязіну…»

Да ўнутранай самаацэнкі семнаццацігадовых дадаецца яшчэ адзін погляд — жаночы, мацярынскі. Ёсць у апавяданні і трэці ракурс бачання. Гэта аб’ектыўны аўтарскі погляд, які ўраўнаважвае эмацыянальныя ацэнкі: «Вайна яшчэ не скончылася, а хлопцаў нараджэння дваццаць пятага года, з якімі разам хадзіў у школу і якія пайшлі на фронт, Віктар жывога ўжо не памятаў ніводнага…»

Пісьменнік стварыў калектыўны шматгранны партрэт свайго пакалення — хлопцаў 1925 года нараджэння. Яго твор — даніна памяці ўсім тым аднапалчанам і аднавяскоўцам, з кім разам ваяваў, рэквіем па тых, хто не вярнуўся з франтоў Вялікай Айчыннай. Трэба сказаць, што І. Навуменка належаў да так званага забітага пакалення: 97% з тых, хто нарадзіўся ў 1923—1925 гг., загінулі на вайне, не дачакаліся Дня Перамогі. Твор аўтабіяграфічны, пра што сведчыць у ім мноства падрабязнасцей і дэталяў. Гэтая дэталізацыя, дакладнае і лаканічнае апісанне падзей уяўляе сабой суровы рэалістычны жывапіс.

Аповед вядзецца ад імя Віктара Пасашка, які ўспамінае падзеі «самай вялікай вайны», удзельнікам якіх ён быў, згадвае сваіх аднагодкаў. З першых радкоў твора ён узнаўляе ўражанні і назіранні свайго франтавога жыцця. Гэты пачатак нагадвае скупыя звесткі з ліста салдата ці дзённік відавочцы падзей: «Пасля Бранска стала ясна, куды кіруецца эшалон. Станцыя Фаянсава, горад Кіраў, палявая пошта 07121. Хлопцы, каго тыдні на два прызвалі раней, паспелі прыслаць адтуль трохкутнікі. Станцыя Бранск І, як і Бранск ІІ, — у развалінах». Далей дэталёва апавядаецца пра тое, як Віктар «трапіў у добрую цяплушку», дзе «ёсць жалезная пячурка з выведзенай у столь, а не ў акно трубой». Усе апісанні ў творы нагадваюць сцісла-інфармацыйны стыль. І гэта невыпадкова: ва ўмовах вайны герою аўтара не да шматслоўнасці, нейкай квяцістасці, доўгіх, разгорнутых разважанняў.

Віктар Пасашка, апісваючы выпрабаванні на дарозе вайны, распавядае пра «хлопцаў самай вялікай вайны», іх лёсы. З яго вуснаў чуецца горкая, сумная праўда пра гібель моладзі 1925 года нараджэння: «Хлопцы ўжо былі на вайне. Ад іх сталі прыходзіць трохкутнічкі, але невясёлыя. Стрыечны брат Адам загінуў ля Дняпра, калі абыходзілі Оршу, Пеця Герасімаў дайшоў аж да Гродна. Ля Нёмана яго цяжка параніла, і некалькі дзён яшчэ жыў… Васіль Міхальчук прапаў без вестак…» Вось яно, сапраўднае жорсткае аблічча вайны, яе трагічны вынік. Канцоўка твора пададзена скупымі і суровымі штрыхамі. Дэталізацыя ў гэтым выпадку, калі называюцца ахвяры вайны, нагадвае дакумент, які ўзрушвае «жахам самога факту» пра страты маладога пакалення.

Змена ракурсаў бачання, шматмернасць аповеду ў творы «Хлопцы самай вялікай вайны…» сведчылі пра тое, што яго аўтар паступова набліжаўся да раманнага мыслення. Некаторыя матывы, мастацкія дэталі з апавяданняў, якія расказваюць пра лёс перадваеннага пакалення, будуць перанесены ў раманны цыкл — «Сасна пры дарозе» (1962), «Вецер у соснах» (1967), «Сорак трэці» (1973). Задуманая аўтарам як твор пра акупацыю, гэтая трылогія не толькі ўвабрала ранейшы навелістычны вопыт пісьменніка, але і напоўнілася новымі сюжэтнымі лініямі, разгарнулася як шырокая эпічная плынь.

Ажыццяўляючы творчую задачу — адлюстраванне жыцця пад акупацыяй, — І. Навуменка, як і А. Адамовіч у «Вайне пад стрэхамі», дакладна перадаў многія абставіны і ўмовы падпольнай барацьбы. А яна, гэтая барацьба, патрабуе адметнай тактыкі. Авалодаць некаторымі элементамі такой барацьбы герою твора Міцю Птаху ўдаецца толькі пасля першага арышту, калі ён сам-насам сутыкаецца з бязлітаснай сілай, што абрынулася на Бацькаўшчыну. Згадваючы эпізод допыту Міці нямецкім афіцэрам, Віктар Каваленка адзначаў, як нялёгка існаваць чалавеку пад акупацыяй, тым больш змагацца з ворагам: «Прытворства, гульня ў добранадзейнасць павінны дасягаць такой высокай дасканаласці, што абавязаны здавацца шчырымі. У рамане І. Навуменкі “Сасна пры дарозе” зафіксаваны той самы момант у тактыцы супраціўлення і барацьбы. Міця на допыце лёгка пераймае жаргон нямецкага афіцэра і, апраўдваючыся ў абвінавачванні ў сувязі з партызанамі, ужывае словы з ягонай жа лексікі: “Я не ведаў, што ён бандыт, — адказвае Міця і здзіўляецца свайму голасу — да таго ён шчыры, праўдзівы”. Бачнасць шчырасці і праўдзівасці тут таксама сродак барацьбы. Старацца здавацца шчырым перад ворагам? Так, і гэта, хоць яно і патрабуе смяртэльнай няспыннай рызыкі».

У другой і трэцяй частках трылогіі пісьменнік прасочваў нарастанне руху антыфашысцкага супраціўлення, зліццё падпольнай і партызанскай барацьбы.

Ваенная тэма працягвала распрацоўвацца і ў рамане «Смутак белых начэй» (1979). Гэты твор сведчыць пра адметны аўтарскі падыход да праблемы «чалавек і вайна». У аўтарскім стылі прысутнічае даверлівая, шчырая інтанацыя, якая выяўляе «ўнутраную» біяграфію героя. Рамантычнае светаадчуванне юных удзельнікаў вайны змяняецца душэўным болем, трагізмам.

Па дарозе творчасці

Ад ваенных будняў да ваеннай прозы, з універсітэцкай кафедры ў акадэмічную навуку — такія этапы жыцця і творчай эвалюцыі І. Навуменкі — літаратара і навукоўцы. З-пад яго пяра выйшлі літаратуразнаўчыя манаграфіі, прысвечаныя творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Змітрака Бядулі, Кузьмы Чорнага. Тэматыка прозы І. Навуменкі ў 1980—1990-я гады стала больш «мірнай». У цэнтры твораў «Летуценнік», «Асеннія мелодыі» паўстае новы герой — інтэлігент, асоба, надзвычай чуйная да разладу жыцця, схільная да глыбокай рэфлексіі. Гэты герой — пасталелы «семнаццацігадовы», і менавіта былы ваенны вопыт абвастраў яго зрок, актывізаваў пачуцці, рэакцыю на маральныя праблемы. Вайну празаік апісваў у рэтраспектыўным плане. Падзеі ваеннага мінулага ён згадваў у аўтабіяграфічнай трылогіі «Дзяцінства. Падлетак. Юнацтва» (1997) і яе працягу — аповесці «Любімы горад» (1999). Прырода, дзяцінства, юнацтва — вось каштоўнасці, да якіх звяртаўся пісьменнік у апошнія гады.

П. В. Васючэнка,
кандыдат філалагічных навук, дацэнт

 

Крыніца публікацыі: Беларуская літаратура: дапам. для вучняў 11-га класа агульнаадукац. устаноў з беларус. і рус. мовамі навучання / А. І. Бельскі [і інш.]; пад рэд. А. І. Бельскага, М. А. Тычыны. — Мінск: Адукацыя і выхаванне, 2009. — С. 111—120.

Пра аўтара: Пятро Васільевіч Васючэнка (1959—2019) — вядомы літаратуразнавец. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ (1981). Працаваў у Інстытуце літаратуры АН Беларусі (1984—1997), у 1997—2019 гг. — загадчык кафедры беларускай мовы і літаратуры Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Аўтар манаграфій і кніг «Драматургія і час» (1991), «Драматургічная спадчына Янкі Купалы» (1994), «Пошукі страчанага дзяцінства» (1995), «Сучасная беларуская драматургія» (2000), «Беларуская літаратура ХХ стагоддзя і сімвалізм» (2004) і інш.