ЯНКА КУПАЛА, ЯКУБ КОЛАС І БДУ

0
4865

Народныя паэты Беларусі, акадэмікі Янка Купала (1882—1942) і Якуб Колас (1882—1956) маюць непасрэднае дачыненне да стварэння першай вышэйшай навучальнай установы ў нашай краіне — Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ), які быў заснаваны ў 1921 г. у Мінску паводле пастановы Цэнтральнага выканаўчага камітэта (ЦВК) Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь (ССРБ) ад 25 лютага 1919 г.

Янка Купала.

Янка Купала (Іван Дамінікавіч Луцэвіч) — адзін з ініцыятараў адкрыцця БДУ. Ён ад самага пачатку падтрымліваў цесныя кантакты і сувязі з першай вышэйшай нацыянальнай установай Беларусі. Янка Купала быў асабіста знаёмы і неаднойчы сустракаўся з першым рэктарам БДУ Уладзімірам Іванавічам Пічэтам (1878—1947), добра ведаў першых універсітэцкіх выкладчыкаў Івана Іванавіча Замоціна, Мікалая Андрэевіча Янчука, Яўгена Іванавіча Барычэўскага, Аляксандра Мікалаевіча Вазнясенскага, Міхаіла Мікалаевіча Піятуховіча, Адама Антонавіча Бабарэку і інш. Імя Янкі Купалы фігуруе ва ўніверсітэцкіх справаздачах за 1922—1923 гг. Разам з вучонымі БДУ паэт удзельнічаў у стварэнні Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта) — першай навуковай установы, адкрыццё якой адбылося ў 1922 г. У тым жа 1922 г., 19 сакавіка, адбылася святочна-ўрачыстая падзея: «У актавай зале БДУ ўрачыстае пасяджэнне з нагоды 40-годдзя з дня нараджэння Я. Купалы. Адкрыў рэктар У. Пічэта, які сказаў, што “Купала для беларускай літаратуры тое ж, што Шаўчэнка — для ўкраінскай, і Міцкевіч — для польскай”. Даклады пра жыццё і творчасць юбіляра зрабілі М. Піятуховіч, А. Вазнясенкі і С. Кацэнбоген. Студэнт М. Зарніца прачытаў верш “Вялікаму песняру Бацькаўшчыны”. Я. Купала прачытаў верш “Перад будучыняй”» («Летапіс жыцця і творчасці»).

Ранейшая шыльда пры ўваходзе ў БДУ

22 лістапада 1925 г. на педфаку БДУ адбылася вечарына, прымеркаваная да 20-годдзя літаратурнай дзейнасці Янкі Купалы. З дакладамі пра творчасць паэта выступілі прафесары М. М. Піятуховіч і А. М. Вазнясенскі. Прафесар П. А. Бузук, які на той час нядаўна пераехаў у Мінск з Адэсы і пачаў працаваць у БДУ, прывітаў юбіляра на ўкраінскай мове. Янка Купала чытаў свае паэтычныя творы. Студэнцкую моладзь ён вітаў вершам «Арлянятам»:

Гэй, узвейце сваім крыллем,
Арляняты, буйна, бурна
На мінулых дзён магіле,
Над санлівасцю хаўтурнай!..

Янка Купала ў 1920-я гг. з маладых паэтаў вылучаў найперш Міхася Чарота, які быў ініцыятарам стварэння і кіраўніком першай у Беларусі літаратурнай арганізацыі «Маладняк». Сёмага сакавіка 1925 г. на рабфаку БДУ была наладжана літаратурная вечарына, прысвечаная Янку Купалу і Міхасю Чароту. Прагучалі даклады пра  іх творчасць, вершы ў гонар паэтаў. Янка Купала выступіў з чытаннем уласных вершаў.

Народны паэт 31 кастрычніка 1926 г. прысутнічаў на ўрачыстым пасяджэнні ў БДУ, прысвечаным 25-годдзю навуковай дзейнасці рэктара У. І. Пічэты, пра што паведамляла газета «Звязда» за 2 лістапада.

Уладзімір Іванавіч Пічэта — першы рэктар БДУ.

У сакавіку 1929 г. Янка Купала і Якуб Колас выкладчыкамі і студэнтамі БДУ вылучаны дэпутатамі ў Мінскі гарадскі савет.

У сувязі з юбілейнай датай — 25-годдзем з пачатку літаратурнай дзейнасці Янкі Купалы (1930) — Народны камісарыят асветы БССР устанавіў стыпендыю імя паэта на літаратурным аддзяленні педфака БДУ.

Янка Купала сярод вучнёўскай моладзі. 1921.

Янка Купала 23 красавіка 1933 г. разам з Якубам Коласам, Міколам Хведаровічам і іншымі выступіў на літаратурнай вечарыне ў БДУ, якая была прысвечана гадавіне пастановы ЦК ВКП(б) «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый». Ён прачытаў новыя вершы.

13 кастрычніка 1936 г. у актавай зале БДУ Янка Купала выступіў з чытаннем твораў. У літаратурнай вечарыне бралі ўдзел пісьменнікі Масквы, Беларусі, Украінскай ССР, Смаленскай вобласці.

У даваенны і пасляваенны час вучонымі БДУ даследаваліся жыццё і творчасць Янкі Купалы. Яму прысвечаны шэраг выданняў: студэнцкі альманах «Маладыя сілы» (1951; кіраўнік Ю. С. Пшыркоў), «Народныя песняры» (1972; склад. і рэд. І. Я. Навуменка), «Песні беларускай валадар» (1981; склад. і рэд. А. А. Лойка), «Творчая спадчына Янкі Купалы і Якуба Коласа і развіццё славянскіх моў і літаратур» (1982), «Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай» (2007, да 125-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа; пад агул. рэд. І. С. Роўды, рэдкал.: Т. І. Шамякіна і інш.), «Мова — літаратура — культура» (2012; да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, пад агул. рэд. Т. І. Шамякінай) і інш. Алег Лойка напісаў і выдаў раман-эсэ пра Янку Купалу «Як агонь, як вада…» (1982; дапрац. выд. — 1992). У навуковых зборніках і перыядычных выданнях надрукаваны шматлікія працы і артыкулы выкладчыкаў БДУ.

На радзіме паэта ў Вязынцы ладзіцца традыцыйны злёт студэнтаў БДУ, арганізатарам якога выступае філалагічны факультэт.

Студэнцкі злёт на радзіме Янкі Купалы ў Вязынцы (Маладзечанскі раён).

Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч) — адзін з першых выкладчыкаў БДУ, ён браў непасрэдны ўдзел у станаўленні філалагічнай адукацыі ва ўніверсітэце. Колас разумеў неабходнасць падрыхтоўкі будучых настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. З  3 лістапада 1923 г. Канстанцін Міхайлавіч пачаў выкладаць на педагагічным факультэце, а 3 снежня быў зацверджаны на пасадзе дацэнта БДУ, на якой працаваў да сярэдзіны студзеня 1926 г. Якуб Колас быў знаёмы з рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта У. І. Пічэтам з 1921 г., яны разам бралі ўдзел у стварэнні Інбелкульта. Універсітэту былі патрэбны новыя і высокакваліфікаваныя спецыялісты, рэктар сам займаўся падборам кадраў. Педагагічнаму факультэту патрабаваўся выкладчык методыкі беларускай мовы. У. І. Пічэта прапанаваў Якубу Коласу працу ў БДУ, і пісьменнік у верасні 1923 г. напісаў заяву ў прадметную камісію на імя І. І. Замоціна і быў прызначаны асістэнтам на кафедру беларускай мовы. Якуб Колас выкладаў і адначасова распрацоўваў методыку беларускай мовы як педагагічнай навукі і дысцыпліны. У 1926 г. пабачыла свет першае выданне «Методыкі роднае мовы». Захаваліся ўспаміны і сведчанні пра Коласа-педагога яго былых студэнтаў. Прывядзём некаторыя з іх.

Якуб Колас

Міхаіл Іванавіч Жыркевіч, беларускі мовазнавец і метадыст, дацэнт філфака БДУ, заслужаны дзеяч навукі БССР: «Студэнты ў аўдыторыі чакалі выкладчыка мовы К. М. Міцкевіча. Не ўсе ведалі, што гэта будзе Якуб Колас. Сустрэлі мы яго з вялікай радасцю. Перад намі быў выдатны майстар слова, вядомы беларускі пісьменнік. Заняткі па роднай мове, методыцы правядзення іх адразу захапілі нас. Ён вёў іх так, што мы адчулі мастацкасць, прыгажосць і сілу роднага слова. Мову беларускую мы вывучалі з вялікай ахвотаю, заўсёды старанна рыхтаваліся да заняткаў. Часта студэнты звярталіся да Канстанціна Міхайлавіча з просьбай прачытаць свае новыя творы. Наш любімы настаўнік задавальняў просьбу. Чытаў ён выразна, з натхненнем. Гэта быў узор таго, як трэба карыстацца мастацкім словам, даносіць яго да слухача. Якуб Колас ухваляў і захоўваў імкненне нашых маладых пісьменнікаў да вучобы. Дарэчы, Колас дапамог паступіць ва ўніверсітэт маладнякоўцу Паўлюку Трусу, якога лічыў самабытным даравітым хлопцам. Частым госцем і сваім чалавекам быў Колас у інтэрнацкіх пакоях студэнтаў. Па-бацькоўску распытваў ён пра матэрыяльнае становішча, зусім не чураючыся пазычыць дзясятку-другую, кажучы з усмешкай: “Аддасцё, калі заробіце”».

Іван Васільевіч Гутараў, доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт АН БССР, загадчык кафедры рускай літаратуры БДУ ў 1951—1957 гг.: «…Гаварыў Якуб Колас ціха, павольна, ласкава, але з вельмі багатай, задушэўнай інтанацыяй у голасе і тонкімі адценнямі ў міміцы. Лоб, бровы, вочы, нават губы і шчокі яго нібы змяняліся ў адпаведнасці з характарам думкі, станавіліся больш сціснутымі, напружанымі ці больш павольнымі, мяккімі. Асабліва яскрава назіралася гэта ў тыя хвіліны, калі мы выконвалі якое-небудзь практыкаванне па беларускаму правапісу, а наш настаўнік у задуменні прыпыняўся ля акна невялікай аўдыторыі. Часам па нашай просьбе Якуб Колас замест тлумачэння лінгвістычных законаў чытаў нам урыўкі са сваіх твораў…»

Якуб Колас сярод удзельнікаў гуртка беларускай культуры рабфака БДУ. 1925.

У 1924 г. Якуб Колас прымаў уступныя экзамены па беларускай мове ў абітурыентаў БДУ. Настаўнік М. Сяўрук, які тады паступаў ва ўніверсітэт і здаваў іспыты К. М. Міцкевічу, прыгадваў: «На экзамен ішлі з хваляваннем. У аўдыторыю зайшлі мы ўтрох — настаўнікі вясковых школ. Сустрэў нас Канстанцін Міхайлавіч вельмі ветліва, запрасіў сесці. Даведаўшыся, што мы настаўнікі, ён пацікавіўся працай кожнага з нас у школе, жыццём у вёсцы. Пасля здачы экзамену на развітанне Канстанцін Міхайлавіч пажадаў нам поспехаў у вучобе, раіў не парываць сувязі са школай, у час канікул дапамагаць у культмасавай рабоце на вёсцы… Не верылася — выдатны пісьменнік, а такі просты, ветлівы, чулы».

У 1924 г. Якуб Колас разам з Максімам Гарэцкім стварылі гурток беларускай культуры на рабфаку БДУ. Гурткоўцы наведвалі заняткі з удзелам вядомых беларускіх дзеячаў, на пасяджэннях разбіраліся творы маладых аўтараў.

Даваенны будынак аднаго з карпусоў БДУ, спраектаваных у канцы 1920-х гг.

Якуб Колас быў частым выступоўцам і госцем у БДУ, яго тут віталі і ўшаноўвалі. У 1922 г. факультэт грамадскіх навук правёў урачыстае пасяджэнне, прысвечанае святкаванню 40-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа. З уступным словам выступіў рэктар універсітэта У. I. Пічэта. 13 кастрычніка 1936 г. у гонар народнага паэта ў БДУ адбылася літаратурная вечарына, на якой яго віталі Янка Купала, Пятрусь Броўка, Андрэй Александровіч, Аркадзь Куляшоў, Аляксей Суркоў і інш. Выкладчыкі і студэнты БДУ 24 лістапада 1946 г. наладзілі святкаванне 40-годдзя творчай дзейнасці Якуба Коласа. Юбіляра прывітаў рэктар БДУ П. П. Савіцкі, дацэнты ўніверсітэта М. І. Жыркевіч і М. Р. Ларчанка, прагучалі вершы, прысвечаныя беларускаму песняру.

Янка Купала і Якуб Колас.1938.

У лістападзе 1952 г. з нагоды 70-гадовага юбілею Якуба Коласа ўшаноўвалі на ўрачыстым сходзе студэнтаў, выкладчыкаў БДУ і Мінскага педагагічнага інстытута. З дакладам пра жыццё і творчасць народнага паэта выступіў Ю. С. Пшыркоў, ад імя студэнцкай моладзі юбіляра вітаў Алег Лойка. Якуб Колас у канцы сходу прачытаў свае вершы. Адзначаючы сваё 70-годдзе ў сценах БДУ, Якуб Колас звярнуўся да студэнтаў са словамі, якія ўспрымаюцца як духоўны запавет класіка, вялікага сына Беларусі: «Дарагія студэнты і моладзь! У вас ёсць тры бясцэнныя дары, якім я магу толькі пазайздросціць, у той жа час і парадавацца. Першы дар — ваша маладосць, сіла, жыццярадаснасць. Другі дар — прасторныя, шырокія дарогі ў жыццё… Трэці ваш дар… сягоння яго яшчэ няма ў вас, але ён павінен быць, яго вы абавязаны здабыць — вашаю чэснаю, прынцыповаю, адданаю працаю на славу нашай Радзіме і народу… Гэты ваш дар можа і павінен праявіцца ў мнагаграннай вашай дзейнасці… А для гэтага вам трэба вучыцца, вучыцца і вучыцца, і не толькі ў сценах універсітэта і інстытутаў, але і па-за іх межамі.

Што ён такое, ваш трэці дар? Гэта ваш уклад у навуку, у паэзію, у мастацтва… Жыццё наша — бурнае, вясновае разводдзе. Яно не стаіць на месцы, яно развіваецца з дня ў дзень. Мой запавет вам: ідзіце ў нагу з жыццём, не адставайце, апераджайце яго. Не закапайце ў зямлю вашых дараў, а прымнажайце і аддайце іх народу…»

Жыццё і творчасць Якуба Коласа былі заўсёды ў полі зроку вучоных-філолагаў БДУ. Яму прысвяцілі манаграфіі і даследаванні І. І. Замоцін, М. М. Піятуховіч, І. Я. Навуменка, Ю. С. Пшыркоў, А. А. Лойка, Л. І. Фіглоўская, В. В. Казлова, В. П. Рагойша, М. Я. Цікоцкі, В. П. Красней, Ж. Я. Белакурская, У. Н. Радзівонаў і інш. Сцяпан Александровіч напісаў і выдаў трылогію пра жыццё і дзейнасць Якуба Коласа «Ад роднае зямлі» (1962), «На шырокі прастор» (1972), «Крыжавыя дарогі» (1985). У гонар Якуба Коласа ў БДУ выдадзены шэраг зборнікаў артыкулаў і матэрыялаў навуковых канферэнцый. Выкладчыкі філфака БДУ бяруць удзел у традыцыйных навуковых чытаннях «Каласавіны», якія ладзіць Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт: да 75-годдзя з дня заснавання БДУ / Беларус. дзярж. ун-т. — Мінск, 1996. — 65 с.
Дарагакупец, А. М. «Не закапайце ў зямлю вашых дараў, а прымнажайце i аддайце іх народу…»: Якуб Колас i яго педагагічная дзейнасць у БДУ / А. М. Дарагакупец // Беларус. літаратуразнаўства: навук.-метад. зборнік / гал. рэд. Л. Д. Сінькова. — Мінск: БДУ; Паркус плюс, 2010. — Вып. 8. — С. 138—146.
Иоффе, Э. Владимир Пичета и Якуб Колас / Э. Иоффе // Нёман. — 1973. — № 4. — С. 159—166.
Купала, Я. Поўны збор твораў: у 9 т. / Я. Купала. — Мінск: Маст. літ., 2003. — Т. 9, кн. 2: Дапаўненні да папярэдніх тамоў; Летапіс жыцця і творчасці; Дадатак. — С. 43—282.
Мушынскі, М. І. Летапіс жыцця і творчасці Якуба Коласа / М. І. Мушынскі; НАН Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы. — Мінск: Беларус. навука, 2012. — 1126 с.
Навукова-педагагічная дзейнасць Якуба Коласа ў 20—30-я гг. / Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа [Электронны рэсурс]. — Рэжым доступу: www.kolasmuseum.by › navu… Дата доступу: 25.02.2021.
Памяць і слава: Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, 1921—1941 / склад.: С. М. Ходзін, М. Ф. Шумейка, А. А. Яноўскі; рэдкал.: В. І. Стражаў (адк. рэд.) [і інш.]. — Мінск: БДУ, 2006. — 383 с.
Рагойша, В. П. Янка Купала і Якуб Колас у іх сувязях з Беларускім дзяржаўным універсітэтам (хроніка) / В. П. Рагойша, К. Р. Хромчанка // Народныя песняры: да 90-годдзя з дня нар. Я. Купалы і Я. Коласа: зб. артыкулаў / пад рэд. І. Я. Навуменкі [і інш.]. — Мінск: Выд-ва БДУ імя У. I. Ленiна, 1972. — С. 262—271.
Янка Купала: энцыкл. / рэдкал.: У. У. Андрыевіч (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск: БелЭн імя П. Броўкі, 2017. — Т. 1: А—З. — С. 112—113.

Падрыхтаваў А. І. Бельскі