ЯНКА КУПАЛА
Лета
Эх ты, лета гарачае, бурнае!
Ажыўляеш ты поле і луг.
Люба, думкі пакінуўшы хмурныя,
На свет выйсці ды глянуць вакруг.
Шум стаіць над лясістай дуброваю,
Быццам рада аб нечым ідзе;
Рэчка, ў прысадзь схаваўшысь альховую,
Бурліць; рыбка плюскоча ў вадзе.
Ў збожжа ўсякае ніва прыбралася —
Хараства там якога няма! —
Як зялёны дыван, распласталася;
Шопат нейкі плыве ад жытца.
Колас з коласам гутарку дзіўную
Завялі, бы на хмары злуюць;
Песні жаваранкаў пераліўныя
Замаркоціцца, спаць не даюць.
А лагі, а гумнішчы, аселіцы?
Вось абняў, прытуліўся, ляжы…
Хто з вас, хто не любіці асмеліцца
Ўлетку свет ад мяжы да мяжы?..
Дай жа, лета, мне веру магучую,
Што калісь сваю долю знайду,
Дай мне песні пець сілу жывучую,
Дай працівіцца крыўдзе і злу! [5, с. 65].
1907
ЯКУБ КОЛАС
Ручэй
Між алешын, кустоў,
Дзе пяе салавей,
І шуміць і грыміць
Срэбразвонны ручэй.
Як матулька, вярба
Хіліць голаў над ім,
І глядзяцца кусты
Пышным верхам сваім.
Абступаюць яго
Чараты, асака,
Падыходзіць мурог
Да яго здаляка.
Часам зорка ўначы
На яго кіне зрок,
І хмурынка не раз
Зазірне ў ручаёк.
І схіляе трава
Над ім пасмы-брыжы,
А ён, жэўжык-пястун,
Гучным смехам дрыжыць.
То заскочыць у гай,
То курган абаўе,
Дзе сярдзіта бубніць,
Дзе лагодна пяе.
Люба слухаць той спеў,
Несціханы, густы,
І пад песні яго
Адпачынеш і ты [4, с. 282—283].
1909
Воблака
Уткнуўшы ў бераг вудзільно,
Я вуджу раніцою.
А воблака? Плыве яно
І небам і вадою.
Нарэшце клюнула разок —
І рыбка немалая! —
З пяром гусіным паплавок
Пад воблака нырае.
Стаіў дыханне. Цішыня…
Убок рукой умелай
Я падсякаю галаўня,
Цягну з хмарынкі белай.
Вада ў кругах,
Вада ў кругах,
І неба ў ёй не тое…
А воблака? Яно ў руках
Трапечацца жывое [6, с. 133—134].
1937—1939
ПЯТРУСЬ БРОЎКА
Як ліст дубовы…
Не страшна мне
Ні твань, ні багна,
Ані віхуры гул і свіст —
Я за жыццё схапіўся прагна,
Як за галлё
Дубовы ліст.
Па восені,
Мядзяны, дужы,
Між хмурай стыні ён гарыць…
Трасуць яго вятры і сцюжы,
А ён адно ў адказ —
Звініць.
Калі зімой
Мятлюга грае
І злосна шчэрыцца мароз,
Ён, як далонню, прыкрывае
Галінку тую,
Дзе прарос.
І толькі ў ясны дзень
Вясновы,
Калі красуе ўсё вакол, —
Перад лістком зялёным, новым
Ён ціха падае
На дол [2, с. 283].
1956
ПІМЕН ПАНЧАНКА
* * *
На Палессі восень…
Гусі белыя
Выскублі мядовую траву.
І вятры, ад сцюжы ашалелыя,
То журботна свішчуць,
То равуць.
Смех і кветкі,
Вы куды падзеліся?
Навакол
Стагі, стагі, стагі.
Чым жа ты цяпер са мной падзелішся,
Прыпяць, пачарнелая з тугі?
Ліст пажоўклы да плашча прыколеш?
Ці на момант вернеш мне ізноў
Каснічок зары,
Світальны колер
Тапалёў, буслоў і туманоў?
А сама замкнешся у лядоўні,
Лета у стагі паклаўшы спаць…
Будуць коні сніць лугі мядовыя
І, як людзі, цяжка уздыхаць [7, с. 95].
1965
МАКСІМ ТАНК
Наднарачанскія сосны
Яны калышуцца —
З асмаленымі кронамі,
З залітымі жывіцай
Ранамі ад куль.
У ясную пагоду
Аж на заходні бераг Нарачы
Уброд пераносяць сонца,
Памагаюць рыбакам
Цягнуць з сялявай невад;
А вечарам
Спяваюць з піянерамі
I скачуць цераз агонь.
У навальніцу —
З далоні на далонь
Сваіх пакручаных
I вузлаватых рук-галін
Перакідаюць
Абліскавічаныя
Гром і хмары.
Я, нават будучы глухім,
Між тысяч іншых сосен
Адрозніў бы іх пошум
I, нават будучы сляпым,
Абняўшы ці пацалаваўшы,
Іх пазнаў бы [8, с. 166—167].
1969
РЫГОР БАРАДУЛІН
* * *
Заспаная раніца мжыстая,
На фарбы і гукі скупая.
Нібыта сцяжынаю мшыстаю,
Прыціхлай зямлёю ступаеш.
I вёдры прыглушана бразгаюць
Каля адсырэлае студні,
Лісцёваю дыхае брагаю,
Пакутуе восень застудай.
Цыбатай нагой жураўлінаю
Імшарамі верасень крочыць.
Ад кіслых прысмак журавінавых
Заплюшчыла сонца вочы.
Цвітуць успаміны верасам.
Няяснае мроіцца-сніцца.
I моцна жадаецца-верыцца,
Што ўсё да паўдня праясніцца [1, с. 75].
1961
НІЛ ГІЛЕВІЧ
* * *
Вы шуміце, шумiце
Нада мною, бярозы,
Калышыце, люляйце
Свой напеў векавы;
А я лягу-прылягу
Край гасцінца старога,
На духмяным пракосе
Недаспелай травы.
А я лягу-прылягу
Край гасцінца старога,
Галавой на пагорак,
На высокі курган,
А стамлёныя рукі
Вольна ўшыркі раскіну,
А нагамі ў даліну —
Хай накрые туман…
Вы шумiце, шумiце
Нада мною, бярозы,
Асыпайце, мілуйце
Ціхай ласкай зямлю.
А я лягу-прылягу
Край гасцінца старога:
Я здарожыўся трохі.
Я хвілінку пасплю [3, с. 40].
1963
Крыніцы мастацкіх тэкстаў
- Барадулін, Р. Выбраныя творы: у 2 т. / Р.Барадулін. — Мінск: Маст. літ., 1984. — Т. 1: Вершы. — 415 с.
- Броўка, П. Збор твораў: у 7 т. / П.Броўка. — Мінск: Маст. літ., 1976. — Т. 2: Вершы, паэмы. — 536 с.
- Гілевіч, Н. Выбраныя творы / Н.Гілевіч. — Мінск: Кнігазбор, 2009. — 600 с.
- Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. / Я.Колас; НАН Беларусі, Ін-т літ. імя Я. Купалы. — Мінск: Беларус. навука, 2007. — Т. 1: Вершы (1898—1910) / рэд. тома М. І. Мушынскі; падрыхт. тэкстаў і камент. К. А. Казыра, Т. Р. Строевай. — 622 с.
- Купала, Я. Выбраныя творы / Я. Купала; уклад. У.Гніламёдава, А. Шамякінай; камент. А. Шамякінай; прадм. Н. Гілевіча. — Мінск: Беларус. кнігазбор, 2002. — 640 с.
- Куляшоў, А. Збор твораў: у 5т. / А. Куляшоў; уклад., прадм. В. Куляшовай. — Мінск: Маст. літ., 2009. — Т. 1: Вершы. — 527 с.
- Панчанка, П. Выбранае: вершы, паэма / П.Панчанка; прадм. Р. Барадуліна. — Мінск: Маст. літ., 1993. — 542 с.
- Танк, М. Збор твораў: у 13 т. / М.Танк. — Мінск: Беларус. навука., 2007. — Т. 4: Вершы (1964—1972). — 384 с.
Падрыхтавалі:
Ілона Адамовіч, Крысціна Сабіч, Марына Чэкун,
студэнты ІV курса спец. «Беларуская філалогія»