Выпрабаванне на чалавечнасць

0
10849

Вялікая Айчынная вайна істотна паўплывала на фарміраванне светапогляду І. Шамякіна. Пісьменнік перажыў цяжкі і крывавы час. Сэрцу жадалася, каб людзі больш не пакутавалі, каб жыццё пасля вайны стала лепшым і прыгожым. З пазіцый ідэй гуманізму пачаліся ідэйна-маральныя шуканні І. Шамякіна, маладога на той час празаіка. Наватарства пісьменніка асабліва яскрава выявілася ў аповесці «Помста» і рамане «Глыбокая плынь». Уласна кажучы, аўтар паказаў, што на вайне перамагала не толькі зброя, але і дабрыня, людскасць, міласэрнасць.

Пісьменніцкі светапогляд І. Шамякіна можна акрэсліць як глыбока гуманістычны. Далей на яго фарміраванне і абнаўленне ўплывалі сацыяльныя і духоўныя чаканні грамадства пасля смерці Сталіна, «адліжны» час, спароджаны ХХ з’ездам КПСС (1956 г.). І. Шамякін вуснамі свайго героя гаворыць: «Адбыліся такія падзеі! Пераварот у мазгах, у сэрцах». Ён на свае вочы пабачыў, як у тагачасных умовах чалавек «вызваляўся ад таго страху, які гнёў і ціснуў», пераканаўся, як важна «падтрымліваць тых, хто ўцалеў у бурах, падтрымліваць адзін аднаго» (Шамякін, І. Роздум на апошнім перагоне: дзённікі 1980—1995 гадоў. — Мінск, 1998, с. 228, 247). Менавіта тады надышла пара адноснай творчай свабоды, у савецкіх пісьменнікаў з’явілася магчымасць гаварыць праўду пра вайну, даваеннае мінулае і пасляваеннае жыццё (В. Някрасаў, В. Гросман, В. Шаламаў, В. Быкаў, П. Панчанка, А. Макаёнак, А. Кулакоўскі і інш.). Пасля суровых, бесчалавечных падзей пачынаўся нядоўгі перыяд дэсталінізацыі і дэмакратызацыі грамадскай свядомасці, адраджалася высокая традыцыя гуманізму ў мастацкай літаратуры.

Раман «Сэрца на далоні» (1963) пісаўся на хвалі аднаўлення і абнаўлення савецкай краіны пасля культу асобы Сталіна. Гэтым творам І. Шамякін зацвярджаў сябе як пісьменнік-гуманіст, чалавек новай рэальнасці і новай культуры. Ён выдатна перадаў дух свайго часу і эпохі, увасобіў у рамане «ўласна чалавечы бок вялікіх падзей» (Тычына, М. Усё чалавечае: развагі пра творчасць Івана Шамякіна // Роднае слова, 2001, № 1, с. 8). Людзі, якія да гэтага шмат перажылі, верылі ў «добры час», справядлівасць, змены да лепшага і сваю будучыню. Іх хвалявалі адносіны ў грамадстве да чалавека, якія ў сталінскія гады, як вядома, не вызначаліся належнай увагай, даверам і гуманнасцю. Пасляваенная рэчаіснасць мянялася, набывала іншыя абрысы. Няхай гэта быў і складаны, але радасны, шчаслівы час жыцця для многіх людзей. Хацелася кахаць і марыць, з чалавечай сардэчнасцю ставіцца адзін да аднаго, сумленна працаваць, спрачацца і адстойваць сваю думку. Усё гэта ў значнай ступені знайшло адлюстраванне на старонках рамана «Сэрца на далоні». Самім часам «адлігі» з яго высокім пафасам духоўнай, гуманістычнай перабудовы жыцця і быў у значнай ступені абумоўлены поспех твора ў чытачоў. І. Шамякін прыгадваў: «Раман “Сэрца на далоні” па чытабельнасці мог параўнацца хіба з “Глыбокай плынню”. Пасля ўжо ніводзін раман так не чытаўся — час у чытачоў адбірае тэлебачанне… Па “Сэрцы…” быў паток пісем. Я мусіў напісаць і апублікаваць у “Советской Белоруссии” цэлы артыкул “Размова з чытачом”, які пасля стаў назвай кнігі крытыкі і публіцыстыкі. Я адказваў на пісьмы чытачоў, на іх пытанні» (Шамякін, І. Роздум на апошнім перагоне, с. 254). Поспех рамана быў сапраўды фенаменальны, яго чыталі і абмяркоўвалі, спрачаліся наконт трактоўкі асобных вобразаў. На гэты конт ёсць сведчанні самога пісьменніка ў ягоных дзённіках. Шамякінскі твор займеў розгалас, у тым ліку ў тагачаснай савецкай крытыцы, стаў значнай літаратурнай падзеяй.

Пісаць раман «Сэрца на далоні» празаік пачаў пасля таго, як ім былі скончаны чатыры аповесці з будучай пенталогіі «Трывожнае шчасце» (на той момант гэта была яшчэ тэтралогія). Ён працаваў з невялікімі перапынкамі, але тым не менш даволі імпэтна, мэтаімкнёна — імкнуўся ўвасобіць творчую задуму ў жыццё. Наконт гэтага маецца ўласнае сведчанне Івана Пятровіча: «Значыцца, у 1960-м я пісаў ужо “Сэрца на далоні”, доўгіх прастояў у мяне на той час не было, хоць і сістэматычнай працы — з дня ў дзень, як напрыклад, над “Зенітам” ці “Злой зоркай”, таксама не было…» (Шамякін, І. Роздум на апошнім перагоне, с. 254.). У выніку атрымаўся надзвычай аб’ёмны, шматпланавы і густанаселены эпічны твор.

Раман прысвечаны падзеям, удзельнікам якіх І. Шамякін не быў. Задума твора выспявала з цікавасці пісьменніка да адной з малавядомых і складаных старонак Вялікай Айчыннай вайны — дзейнасці антыфашысцкага падполля. Як прызнаваўся аўтар, падрыхтоўчая праца над раманам заняла багата часу: прыкладна дзесяць гадоў ён збіраў звесткі пра падполле. Паводле пісьменніка, пафас і змест «Сэрца на далоні» поруч з шэрагам іншых твораў падказаны «трагедыяй народа, гераізмам партызан і падпольшчыкаў». Пры гэтым ён зазначыў: «Подзвіг беларусаў — тэма невычэрпная. Нас, удзельнікаў вайны, незалежна ад таго, дзе хто ваяваў, яна прыцягвала з асаблівай сілай» ((Шамякін, І. Карэнні і галіны: партрэты настаўнікаў, сяброў, бацькоў, сваякоў, штрыхі аўтапартрэта. — Мінск, 1986, с. 337). У пасляваенны час існавалі розныя погляды і меркаванні адносна падзей у захопленым ворагам Мінску. Гісторыя Мінскага падполля і стала штуршком для напісання такога значнага, грунтоўнага мастацкага рамана, як «Сэрца на далоні». І. Шамякін згадваў: «Здаецца, у 1957 годзе я два дні сядзеў на нарадзе былых падпольшчыкаў, пасля ХХ з’езда яны адважыліся сабрацца, і тыя, хто ацалеў, і тыя, што вярнуліся з берыя-цанаваўскага “курорта” (многія сядзелі). Думкі ў падпольшчыкаў аб сваёй арганізацыі, аб кіраўніках былі самыя супярэчлівыя… Асабліва многа гаварылі пра Івана Кірылавіча Кавалёва. Пра Казінца — так мала, што тады я не запомніў гэтае прозвішча, яно ўсплыло значна пазней» (Шамякін, І. Роздум на апошнім перагоне, с. 255). Аднак тады наконт гарадскога падполля зацвердзілася і распаўсюджвалася так званая афіцыйная версія — гэта версія В. Казлова, І. Варвашэні, яе падтрымлівалі П. Панамарэнка і К. Мазураў. Вось што ў гэтай сувязі пісаў І. Шамякін: «Тое, што я пачуў ад падпольшчыкаў на нарадзе і пры наступных сустрэчах, размовах (некаторыя з былых падпольшчыкаў працавалі ў выдавецтве — Вольга Крайко, Казачок, яшчэ нехта, усіх ужо не помню), не адпавядала версіі Казлова. Было ў Мінску падполле! Ды яшчэ якое! І гэтыя людзі, што ў першыя месяцы акупацыі ўзняліся на барацьбу, арганізаваліся, заслугоўваюць асаблівай славы» (Шамякін, І. Роздум на апошнім перагоне, с. 255). Пісьменнік, даведаўшыся праўду пра дзейнасць мінскіх падпольшчыкаў у гады вайны, не прыняў афіцыйных высноў і ацэнак партыйных органаў, а па сутнасці партыйных догмаў і хлусні. Ён набраўся адвагі і мужнасці, каб, выкарыстоўваючы сабраныя звесткі і матэрыялы, паказаць праўдзівую, у адпаведнасці з рэальным станам рэчаў, гісторыю барацьбы і змагання ўдзельнікаў падпольнага антыфашысцкага руху ў Беларусі.

Раман «Сэрца на далоні» меў прататыпаў, былыя падпольшчыкі пазналі тыя падзеі і абставіны, якія былі пакладзены пісьменнікам у аснову сюжэтных калізій. На старонках дзённіка І. Шамякін раскрыў для чытачоў таямніцы, які датычаць рэальных правобразаў герояў рамана: «Пошукі Іванам Новікавым герояў падполля далі мне Кірылу Шыковіча»; «Антон Яраш — падпольшчык — Кабушкін, пра гэтага хлопца ўжо ў першыя пасляваенныя гады хадзілі легенды» ((Шамякін, І. Роздум на апошнім перагоне, с. 256). А вось вобраз Гукана — збіральны, абагульнены тып героя: «Асэнсаванне чалавечага падзення (у імя чаго?) увогуле мужных людзей ашаламіла мяне і… нарадзіла Гукана — вобраз, якога бадай няма не толькі ў беларускай літаратуры, але і ва ўсёй савецкай літаратуры пра вайну. Крытыка не адразу дайшла да яго сэнсу. Адзін Сяргей Гусак, крытык сур’ёзны і ўдумлівы, праз паўгода пасля апублікавання рамана выступіў у “Нёмане” з рэцэнзіяй, якую так і назваў “Падзенне Сямёна Гукана”» (Шамякін, І. Роздум на апошнім перагоне, с. 256). Называліся канкрэтныя прататыпы іншых персанажаў. Асобныя версіі адмаўляе сам пісьменнік: «Мае калегі — такія “аналітыкі”, як Кучар, звязвалі Гукана з Казловым, але ў іх “плётках” я адчуваў элемент правакацыі ў адносінах рамана і аўтара — о, Кучару толькі дай зачэпку сутыкнуць людзей ілбамі — і катэгарычна адмаўляў гэтую сувязь» ((Шамякін, І. Роздум на апошнім перагоне, с. 256). Разам з тым сёння ўяўляюць цікавасць новыя факты і звесткі пра супрацьстаянне ў пасляваенны час партызанскіх кіраўнікоў В. Каржа і В. Казлова, выкліканае ў сувязі з публікацыяй мемуараў апошняга «Людзі асобага складу» (літаратурны запіс зрабіў А. Кулакоўскі). Васіль Корж не прымаў асобныя прынцыповыя моманты ў трактоўцы арганізацыі партызанскага руху сваім цёзкам Казловым (Гл.: Смирнов, Н. Уроки Василия Коржа // Нёман, 2009, № 2, с. 109—125). Уласна кажучы, менавіта гэтак жа І. Шамякін не пагадзіўся з поглядамі В. Казлова і іншых партыйных начальнікаў на гісторыю Мінскага падполля. Такім чынам, пісьменніцкае слова І. Шамякіна пра падполле ў гады фашысцкай акупацыі было смелым, праўдзівым і па-сапраўднаму наватарскім.

«Сэрца на далоні» — сацыяльны, маральна-этычны раман, у якім асэнсоўваюцца вельмі важныя жыццёвыя з’явы і грамадскія працэсы, у цэнтры ўвагі знаходзяцца напружаныя ўнутраныя шуканні герояў, складаныя дачыненні чалавека з часам, шляхі сумленных людзей да праўды і справядлівасці, шчасця і будучыні. Твор вызначаецца вострай праблемнасцю, тэматычнай шматграннасцю. І. Шамякін паставіў у рамане надзённыя і важныя праблемы — і сацыяльныя, і маральныя. Ён паказаў драматычную барацьбу за праўду пра падзеі нядаўняй вайны, атмасферу грамадскага жыцця, духоўных і этычных стасункаў паміж людзьмі. Адзін з важнейшых аспектаў тэматыкі рамана — тэма памяці. І. Шамякін асаблівую ўвагу надаваў праблемам сям’і, выхавання моладзі, адносін паміж пакаленнямі. Пісьменніка цікавіла асоба чалавека ў новых абставінах часу, яе псіхалогія і эмацыянальны свет.

Раман «Сэрца на далоні» — шматгеройны. Пісьменнік стварыў надзвычай шырокае кола вобразаў — інтэлігентаў (Антон Яраш, Кірыла Шыковіч, малады архітэктар Кухараў, хірург Майзіс, Адам Рагойша, Аляксей Тукала і інш.), савецкіх кіраўнікоў (Гукан, Тарасаў, Гамбіцкі, Кушнер і інш.), жанчын (Галіна Адамаўна Яраш, Валянціна Андрэеўна Шыковіч, Зося Савіч, Клаўдзія Сухадол, галоўурач Тамара Гаецкая і інш.), дзяцей і моладзі (Тарас, Іра, Наташа, Віктар, Славік, Маша, Ніна і інш.). Цэнтральныя персанажы рамана — таленавіты журналіст Кірыла Шыковіч і вядомы ў горадзе хірург Антон Кузьміч Яраш. Менавіта да гэтых персанажаў скіравана асноўная ўвага ў творы, вакол іх разгортваецца сюжэтнае дзеянне.

На пачатку рамана аўтар знаёміць нас з доктарам Ярашам і Кірылам Шыковічам, іх сем’ямі. Пісьменнік стварае малюнкі побыту і працы сваіх герояў. Яшчэ цяжка меркаваць пра тое, які тугі вузел канфлікту будзе завязаны ў жыцці Яраша і Шыковіча. У хуткім часе героі ўжо паўстаюць перад намі не ў хвіліны адпачынку і працоўных клопатаў, а ў складаных жыццёвых абставінах, душэўным напружанні, у сітуацыі маральнага выбару. Канфлікт у рамане І. Шамякіна набывае сваю вастрыню, маральна-этычную заглыбленасць, выразнае гуманістычнае гучанне. Гэты канфлікт сутыкае праўду і хлусню, палярызуе мужнасць і подласць, дабро і зло.

Старшыня гарвыканкама Сямён Парфёнавіч Гукан напісаў гісторыю падпольнага руху ў гады вайны, інтэрпрэтуючы яе па-свойму. Карыстаючыся высокай пасадай, ён імкнецца зацвердзіць уласную версію пра гарадское падполле як афіцыйны погляд. На самай справе ён уводзіць у зман грамадскасць, свядома хавае праўду, фальсіфікуючы мінулае. Гукан, адзін з былых кіраўнікоў гарадскога падполля, замоўчвае рэальныя факты і падзеі часу вайны, кіруецца ўласнымі карыслівымі мэтамі. Ён кідае цень на сумленных людзей, якія загінулі ў змаганні з фашызмам, і тым самым адыходзіць ад прынцыпаў маралі і этыкі, збочыў на шлях унутранай дэградацыі. Былы падпольшчык не зважае законы чалавечай прыстойнасці і сумлення, гатовы пераступіць праз усіх і ўсё на свеце. І праз памяць пра мёртвых, і праз тых, хто замінае на яго дарозе. А ўзяў Гукан на сваю душу вялікі грэх. Ён узвёў паклёп на мужнага чалавека і сапраўднага патрыёта доктара Савіча, хоць той у час вайны выратаваў яму жыццё. Гукан хаваўся ў доме гэтага вядомага ў горадзе чалавека, які быў звязаны з падпольшчыкамі. Гітлераўцы выкрылі доктара Савіча і расправіліся з ім. Вораг хітры, вераломны, скарыстоўвае нечаканыя метады і сродкі барацьбы. Фашысты не хацелі, каб прыклад шасцідзесяцігадовага доктара, да таго ж кіраўніка аддзела гарадской управы, натхняў на барацьбу і змаганне. Яны вырашылі дзейнічаць інакш. Фашысты абвясцілі, што быццам бы з доктарам Савічам расправіліся партызаны за супрацоўніцтва з акупацыйнай уладай. Сцяпану Савічу было наладжана пышнае пахаванне. Так герой стаў «здраднікам». Яго дачку Зосю адправілі ў фашысцкі канцлагер.

Кірыла Шыковіч дапамог Гукану напісаць дакументальную кнігу пра гарадское падполле. Рыхтуючы літаратурныя мемуары, журналіст не ведаў, нават не здагадваўся, што той даў неаб’ектыўную карціну мінулага, наўмысна не назваў многія імёны, не сказаў праўду пра падпольную дзейнасць тых, хто загінуў, а, наадварот, зняважыў памяць сумленных людзей. Хірург Яраш, які ў гады вайны быў падпольшчыкам, выявіў у кнізе Гукана хлусню, падман, фальсіфікацыю і напісаў аўтару ліст.

Пошук праўды, ісціны прывёў Шыковіча таксама да пераканання, што Гукан у сваіх мемуарах дыскрэдытаваў доктара Савіча, у скажоным святле падаў падзеі часу вайны. Журналіст напісаў для газеты артыкул «Хто ж такі доктар Савіч?» на аснове ўспамінаў былой падпольшчыцы Клаўдзіі Сухадол, у якім выступіў у абарону несправядліва абвінавачанага ў здрадзе сумленнага чалавека і патрыёта. Змагаецца журналіст за вяртанне добрага імя дачкі Савіча — Зосі. Шыковіч, сабраўшы дакументы і факты, зрабіў выснову, што «ў інфекцыйнай бальніцы актыўна дзейнічала падпольная група, пра якую пакуль што нідзе не ўпамінаецца ў афіцыйных дакументах. Кіраваў гэтай групай доктар Савіч, які меў сувязь з камандзірам партызанскага атрада імя Чапаева Пракопам Ігнатавічам Варавам». Савіч забяспечваў антыфашысцкае падполле медыкаментамі, хаваў савецкіх разведчыкаў і падпольшчыкаў.

Хірург Яраш і журналіст Шыковіч змаглі перамагчы ўласны страх, а баяцца было каго і чаго: Гукан надзелены магутнай адміністрацыйнай уладай. Яны дэманструюць сапраўдную мужнасць, калі выступаюць супраць «гуканаўшчыны» — цынічнай хлусні, крывадушнасці, дэмагогіі, кар’ерысцкай хітрасці. Гэтыя сутыкненне і барацьба за справядлівасць былі няроўнымі. Гукан імкнецца рознымі спосабамі спыніць намеры і захады Яраша і Шыковіча па вяртанні праўды аб мінулым. Сямён Парфёнавіч спрабуе іх скампраметаваць і запалохаць, запэцкаць у брудзе, дае зразумець, што нікога не пашкадуе і будзе помсціць. Яны пазбавіліся дач, якія нібыта пабудавалі без дазволу. У Шыковіча пачаліся праблемы з сынам, і неўзабаве ўзнікла справа «Аб выхаванні дзяцей». Гукан публічна ганьбіць свайго, можна сказаць, суаўтара кнігі, кідае яму папрок, які мае недвухсэнсоўны падтэкст: «Адрываешся ад жыцця. Закапаўся ў архівах…». З грамадзянскай мужнасцю і бескампраміснасцю змагаецца Шыковіч супраць злачыннай хлусні і двурушніцтва Гукана. Свой абавязак дакапацца да ісціны ён лічыць ледзь не галоўнай мэтай жыцця. У супрацьстаянні з Сямёнам Гуканам, які трымае ў руках уладу, ён не адступіўся, давёў справу да канца, праўда перамагла. Усхваляваны і поўны рашучасці, Шыковіч накіроўваецца ў кабінет да старшыні, каб «кінуць яму ў твар словы-каменні». Але пасля Кірыла Васільевіч супакоіўся, перадумаў, яму проста не захацелася бачыць гэтага подлага, цынічнага і агіднага чалавека. Кірыла Шыковіч разважае: «Галоўнае, што маральна ён прыкончаны, выкрыты. Цяпер ужо нішто — ні хітрыкі, ні заслугі, ваенныя і мірныя, — не паможа яму выкруціцца, захаваць позу героя. Праўда, як бы глыбока ні закопвалі, у якія б віры ні тапілі, у якіх бы архівах ні хавалі, яна ўсё адно ўсплыве, вырвецца на волю і з’явіцца ў сваім першародным харастве». Так аўтар рамантызуе свайго героя, які ўзняўся над пераможаным злом.

Чаму і навошта Гукан вінаваціў доктара Савіча ў супрацоўніцтве з акупантамі? Што падштурхнула яго адплаціць такой чорнай няўдзячнасцю людзям, якім быў фактычна абавязаны сваім жыццём? Ён выдатна ведаў, што доктар працаваў у горадзе па заданні падпольшчыкаў. Аднак Савіч, якога «немцы з пашанай пахавалі», лічыўся здраднікам, ворагам народа. Калі пасля вайны яго дачка Зося вярнулася з канцлагера, то Гукан спалохаўся, што ў яго могуць узнікнуць сур’ёзныя праблемы. «А ён баяўся за сваю кар’еру!.. За яе затаптаў у гразь…» — так гаворыць пра яго Шыковіч. Гукан пайшоў на подласць і зрабіў хлуслівы данос на Зосю Савіч. Яна была асуджана як здраднік і апынулася ў сібірскай высылцы. Тарасаў, сакратар райвыканкама, сумленна гаворыць Гукану праўду пра яго маральнае падзенне: «Дрыжаў за сваю скуру… Дрыжаў, як апошні баязлівец. Страціць партызанскую славу, кар’еру — вось чаго ты баяўся!» Для Гукана надышоў надзвычай цяжкі момант, у гэтай сітуацыі ён спрабуе ратаваць сваё рэнамэ. «Ну, змаладушнічаў! Я ж не хаваю», — пагаджаецца былы падпольшчык Гукан-Сажань. Ён знаходзіць тлумачэнне свайму ўчынку, нават апраўданне: «Але, я пабаяўся. А другія не баяліся?! Усе, хто перажыў трыццаць сёмы!..». Такімі мярзотнікамі, як Гукан, людзей рабіў жорсткі час, суровыя абставіны. Не ўсе маглі прайсці праз цяжкія выпрабаванні, страчвалі пачуццё сумлення і чалавечнасці. Вінаваты час, але ён не здымае адказнасці з кожнага за свае ўчынкі. Тарасаў не хавае сваіх пагардлівых адносін да Гукана, гаворачы, што больш не падасць яму руку. Ён «раптам убачыў, адчуў, зразумеў: чалавек гэты варожы яму па духу, па складу думак, па адносінах да людзей — па ўсім». В. Каваленка дакладна заўважыў: «У рамане “Сэрца на далоні” адносіны да гісторыі падполля сталі мерай вартасцей чалавека, важнай прыкметай яго поглядаў, імкненняў, маральнай і грамадзянскай сутнасці» (Каваленка, В. Іван Шамякін: нарыс жыцця і творчасці. — Мінск, 1980, с. 124). І. Шамякін сцвярджаў: без праўдзівага мінулага няма і не можа быць сучаснасці і будучыні. На гэтым трымаецца адзін з самых важных прынцыпаў дыялектыкі быцця.

Суровы, бязлітасны час зрабіў сваёй ахвярай Зосю Савіч. Вобраз гэтай жанчыны — гераічны і трагічны. У ваенныя гады яна дапамагала свайму бацьку, выратавала падпольшчыка, былога студэнта медінстытута Яраша ад фашысцкай расправы. Пасля вайны шмат напакутавалася, падарвала сваё здароўе, але захавала ў сабе маральную чысціню, лепшыя чалавечыя якасці. Яна дапамагае высветліць праўду пра доктара Савіча. Траўміраванае сэрца жанчыны пасля вайны не вытрымала, дало збой. І вось ужо хірург Яраш змагаецца за жыццё дачкі Савіча, якая калісьці, ратуючы яго, здзейсніла сапраўдны подзвіг, робіць ёй надзвычай складаную аперацыю: «Вось сэрца ляжыць на яго шырокай далоні. Жывое сэрца на далоні! І б’ецца, б’ецца, нібы хоча вырвацца». Сэрца на далоні — сімвал чалавечнасці, чуласці да чужога болю, любові да людзей. Любові, якая лечыць, дапамагае, ратуе. З вобразам Зосі Савіч звязана галоўная ідэя твора — гуманізму як галоўнай каштоўнасці жыцця.

У сувязі з вобразамі Зосі Савіч, яе бацькі і шэрагу іншых персанажаў трэба адзначыць ролю пісьменніцкага вымыслу пры канцэптуальнай распрацоўцы і ўзбуйненні характараў, іх мастацкай тыпізацыі. Пісьменнік патлумачыў, адкуль з’явіліся, як узніклі такія літаратурныя героі, як доктар Савіч і Зося: «А між тым гэта той факт, калі невялікі газетны артыкул ці расказ вагоннага спадарожніка дае і сюжэт, і вобразы. Цяпер ужо не помню, у якой газеце, у якім горадзе гэта адбылося, але помню, што прачытаў я гэта на Украіне, — аб тым, як немцы з помпай пахавалі забітага імі ж урача, які, як устанавіў журналіст праз многа гадоў, з’яўляўся адным з кіраўнікоў падполля. Адразу, напэўна, не звярнуў увагі, таму ніколі не спасылаўся на гэтую публікацыю (пазней, пасля апублікавання рамана, даведаўся, што падобны факт быў і ў нас — у Мазыры ці ў Калінкавічах, і ў адказах, вусных, чытачам я зрэдку спасылаўся на гэты факт). Але што такое мастацкі вымысел? З’явіўся Гукан — і ў добрага сюжэтчыка павінны былі з’явіцца  адпаведныя сітуацыя і вобразы — доктар Савіч і Зося, адносіны да якіх прывялі смелага партызана да нізкага падзення» (Шамякін, І. Роздум на апошнім перагоне, с. 256—257). Абое героі ў рамане — бацька і дачка — людзі з чыстым сумленнем, іх паводзіны, учынкі абумоўлены поклічам сэрца, яны ў гады фашысцкай акупацыі засталіся вернымі і адданымі радзіме, свайму народу. І гэты патрыятызм ды ахвярнасць доктара Савіча і яго дачкі Зосі вынікае з іхняй унутранай сутнасці. Ацэньваючы твор, В. Каваленка слушна пісаў пра яго герояў, што «гэта жывыя людзі, а не маральныя схемы дабрачыннасці» (Каваленка, В. Іван Шамякін, с. 122).

Прыкметнае месца ў рамане займаюць вобразы дзяцей, юнакоў і дзяўчат. Пісьменнік на прыкладзе Славіка, Тараса, Машы, Іры, Віктара, Наташы, Косці і іншых герояў паказвае сталенне і духоўнае станаўленне юнага пакалення.

Асабліва складаны пачатак самастойнага жыцця ў Славіка Шыковіча. Гэты юнак мае неардынарны і супярэчлівы характар. «Знешне грубаваты і цынічны, Славік быў уражлівы і па-дзявочы сентыментальны», — такія рысы спалучыліся ў яго асобе. Да таго ж малады Шыковіч легкадумны, піжоністы і задзірысты, ён імкнецца жыць не як трэба, а як хочацца. Сваімі хуліганскімі і непрадказальнымі паводзінамі Славік засмучае бацькоў. На бацькоў юнак мае крыўду за тое, што яны не даюць грошай і прымушаюць працаваць. У рэстаране Славік Шыковіч спакусіўся на выпіўку, пасля чаго ўчыніў скандал і трапіў у выцвярэзнік. У яго поглядах і адносінах да жыцця юнацкі максімалізм мяжуе з ігнараваннем норм этыкі. Пра гэта сведчыць яго хамская манера гаворкі з Машай, сутычка з бацькам, бойка з Тарасам, канфлікты і спрэчкі ў брыгадзе, якія ён правакуе. Як бачым, Славік Шыковіч — чалавек з цяжкім характарам, няўстойлівай жыццёвай пазіцыяй. Магчыма, асобныя выказванні і ўчынкі юнака можна разглядаць як своеасаблівую ахоўную рэакцыю, а то і пратэст, бо ён сустракае не тое, чаго чакаў ад іншых, у яго выклікае недавер пачутае і ўбачанае. Так, за абедам маладыя людзі гавораць пра свае мары і жаданні, пра тое, якой ім уяўляецца будучыня, дзеля яе, на думку Шыковіча-старэйшага, трэба «стаць лепшымі… Пазбавіцца перажыткаў». Славік іранізуе, з дзёрзкасцю ў голасе заяўляе: «Пра што мару? Ні пра што!.. Хачу паляцець у космас. У пустату. Дзе б ніхто не дапытваў і не чытаў “маралаў”» (с. 141—142). «Маралаў» — значыць натацый, павучанняў.

Аднак гэты малады герой не такі і безнадзейны, ён здольны мяняцца, рабіцца іншым, значыць і сапраўды можа «стаць чалавекам». Так, светлым промнем для яго стала пачуццё да Машы, якая станоўча ўплывае на юнака. Уплывае і сваім хараством, і словам, і паводзінамі. «Залатая сястра» — назваў яе неяк хірург Яраш. Аднак Маша ў выніку адпрэчыла каханне Славіка і аддала перавагу Тарасу. Юнак перажывае душэўную драму, кідаецца на ўцёкі з горада на бацькавай машыне — і трапляе ў аварыю. Маці Валянціна Андрэеўна да болю шкадуе сына, які апынуўся на бальнічным ложку: «Калі ён памрэ, я таксама не выжыву».

На прыкладзе ўзаемаадносін Кірылы Шыковіча з сынам можна пераканацца ў вастрыні гучання праблемы бацькоў і дзяцей. У пэўных абставінах бацька дакарае дзяцей, быццам выстаўляе ім свае рахункі, да таго ж ён падняў руку на сына. Не атрымліваецца ў Кірылы Васільевіча знайсці агульную мову са Славікам. Валянціна Андрэеўна, жонка Шыковіча, жыве клопатам, «каб лішняе з’елі дзеткі… і лішняе не выпілі». Славік гаворыць: «Усё мне было дазволена. Тут ужо маці старалася што ёсць сілы, каб я купаўся, як той сыр у масле. А потым раптам ажылі бацылы прынцыповасці. У першую чаргу — у бохана» . «Бохан», «стары конь» — такімі мянушкамі «ўзнагародзіў» сын бацьку. За дрэннае выхаванне сына Шыковіч на бюро райкама атрымаў вымову. Праца і ўласны прыклад бацькоў не сталі для Славіка арыенцірам у жыцці. Чаму? Напэўна, патрэбен быў, як кажуць, індывідуальны падыход бацькі да сына. Маці бачыла ў сваім Славіку ўвесь час маленькага хлопчыка, усё яму даравала. Пісьменнік завастрае праблему выхавання дзяцей, адказнасці бацькоў за іх маральнае здароўе, лёс і будучыню.

У творы І. Шамякіна цесна пераплецена грамадскае і асабістае. Выключную ўвагу празаік надаваў такім каштоўнасцям у жыцці, як сям’я, каханне, вернасць сяброўству. Ён паказваў, як сямейныя канфлікты і сямейнае бязладдзе прыносяць чалавеку пакуты і не даюць яму быць па-сапраўднаму шчаслівым. Пісьменнік усім пафасам твора сцвярджаў: людзі — гэта самае каштоўнае, і паводзіў чытачоў да думкі: толькі сумленнасць, спагада, міласэрнасць, чалавекалюбства, служэнне людзям могуць зрабіць грамадства духоўна паўнавартасным і маральна трывалым. Нібы ва ўнісон з думкай аўтара рамана гучаць словы паэта П. Панчанкі: «…Бяда і радасць ходзяць побач вечна, // Людзей ратуе толькі чалавечнасць» («На Брэстчыне карыбскі ураган…»).

Алесь Бельскі

 

Крыніца публікацыі: Шамякін, І. Збор твораў: у 23 т. / І. Шамякін. — Мінск: Маст. літ., 2013. — Т. 12: Сэрца на далоні: раман; падрыхт. тэкстаў і камент. Т. Махнач; паслясл. А. Бельскага. — С. 433—443.