Сёння пішуць пра паэтычны сусвет Сапфо і Лі Бо, Фёдара Цютчава і Мікалая Гумілёва, космас Мікалая Клюева і Сяргея Ясеніна, Веліміра Хлебнікава і Ганны Ахматавай… Ёсць і паэтычны космас-сусвет Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Аркадзя Куляшова… Уласна кажучы, а што ўяўляе сабой паняцце «паэтычны сусвет», якія яго структура і параметры? Зразумела, даследчыкамі маюцца на ўвазе не толькі касмічныя вобразы і матывы. Раскрыццю і асэнсаванню гэтага мастацка-эстэтычнага феномена прысвечана манаграфія К. Кедрава «Паэтычны космас» (1989). Спасціжэнне філасофска-паэтычнага космасу М. Багдановіча прапанавала Т. Чабан у літаратурным артыкуле «Космас “Вянка”» (1991). У сувязі з высвятленнем такой дэфініцыі, як паэтычны сусвет, будзе дарэчы ўлічваць вельмі важныя думкі-меркаванні: «Інстынкт культуры ёсць не толькі нешта зямное, але і нешта сусветнае — у абсягах космасу…» (Голосовкер, Я. Э. Логика мифа. — М., 1987, с. 160); «Будова фізічнага свету неаддзельная ад насельнікаў, якія назіраюць яго, у самым фундаментальным сэнсе… Існуе нейкі прынцып, які ажыццяўляе неверагодна тонкае падключэнне да Сусвету. Але гэта не фізічны, а антрапічны прынцып» (Девис, П. Суперсила. — М., 1989, с. 148). Паэт валодае надзвычай тонкай эмацыянальна-душэўнай арганізацыяй, ён акурат і здольны ўспрымаць, нават улоўліваць касмічныя энергіі і гукавыя хвалі сусвету. Усё існае і амаль няўлоўнае нібы пранікае і перацякае ва ўнутраны свет мастака, набываючы рытмадыханне і слоўна-вобразную форму.
Паэтычны свет — з’ява надзвычай аб’ёмная і глыбінная, аднак калі яна набывае шырокія прасторава-часавыя рамкі, шматмерную канцэпцыю ўніверсуму, вялікае багацце сэнсаў, матываў, нацыянальных вобразаў і ўніверсальных культурных сімвалаў, то можна гаварыць пра яго як мегасвет, вялікую сукупнасць-змесцішча ўсяго існага, дзе значнасць набывае нават сціплы элемент пейзажу, мікрадэталь ці асобнае слова ў рытміка-інтанацыйнай плыні верша. Паэтычная карціна свету аўтара можа разгортвацца да маштабу сусвету. Гэта адбываецца тады, калі свет у гэтай сваёй усёабдымнасці і вобразна-сэнсавай шматграннасці засвойваецца мастаком як штосьці сваё, вельмі істотнае і глыбіннае. Такім чынам, свет вялікага паэта роўны ці амаль роўны Сусвету, ён па-сапраўднаму касмічны і ўніверсальны.
Паэтычны сусвет — гэта яго вобразна-матэрыяльная напоўненасць, інакш кажучы, свет ад травы да зор, ад сцежкі, дарогі, топаса хаты да ўспрымання дому як сферы планетна-касмічнага быцця чалавека, што знайшло яскравае ўвасабленне ў радках Янкі Купалы: «Мой дом — прыволле звёзднай далі, // Арламі мераны абшар…» («Мой дом»). Паэтычны сусвет — гэта маштаб думкі, глыбіня мыслення ў яго вертыкальным, філасофскім зрэзе, гэта духоўнае багацце і веліч асобы, яе маральна-этычны і каштоўнасны сэнс поглядаў, перакананняў, імкненняў. Паэт выводзіць нас у космас духу, паядноўваючы сваёй думкай свет зямны і нябесны, дольны і горні, быційна-грахоўны і вышэйшы ў сваёй гарманічнасці, мудрасці, боскасці, ідэальны ў сваім харастве і дасканаласці. Сінтэз у мастацкім успрыманні гарызанталі і вертыкалі, нацыянальнага і агульназначнага, зямнога і агульнапланетнага, матэрыяльна-быційнага і духоўнага — гэта і ёсць шлях тварэння вялікага, маштабнага Космасу, які змяшчае паэтычная сфера аўтарскага «Я» і ўвесь сусвет з яго таямніцай бясконцасці прасторы, часу і вечнасці. Нездарма паэтаў называюць пасланцамі нябёсаў, якім даецца дар разумення, адчування чагосьці вышэйшага і сакральнага ў сутнасці светабудовы.
Такім чынам, паняцце паэтычнага сусвету складанае і шматахопнае, яно ўлучае ў сябе і аўтарскае бачанне, пазнанне, адлюстраванне рэчаіснасці, і нацыянальную карціну свету, і касмічную прастору.
У сваім успрыманні нацыянальнага ландшафту і прасторы Купала перасягаў зямное вымярэнне, ён паэтычнай думкай імкнуўся туды, «дзе сонца, дзе зоры» («Мая думка»), на высокі рамантычны лад паэтызаваў будучыню Беларусі і бачыў яе ў міфалагізаваным святле — як сонечна-зорную, грандыёзна-велічную з’яву, дзейства касмаганічнага парадку: «Ясна, святочна ў красы ўбярыся, // Птушкай свабоднай сягні ў вышыну, // З сонцам злучыся, зорамі йскрыся…»; «Хорам твой — неба і нівы краса» («Выйдзі…»). Купалаўскі касмізм думкі асабліва яскрава пераконвае ў тым, што свет вялікага паэта — гэта па сутнасці макрасвет, створаны праз далучэнне і ўсведамленне сябе ў прасторы і часе Сусвету. Такое касмічнае чуццё, незвычайная звышінтуіцыя, глабальна-філасофскае светабачанне і светаразуменне было дадзена ў ХХ стагоддзі нямногім беларускім пісьменнікам, найперш бліскучым аналітыкам, геніям — Янку Купалу, Якубу Коласу, Максіму Багдановічу, Уладзіміру Дубоўку, Кузьму Чорнаму… У гэтым шэрагу як адна з буйных і маштабных постацей — асоба Аркадзя Куляшова, стваральніка глыбіннага і шматмернага філасофскага хранатопу. Макракосм знайшоў выяўны адбітак у сэнсава-змястоўнай прасторы яго творчасці, і гэтая вобразна-матыўная канструкцыя і лінгвасемантычная канцэптасфера разгортваюцца да ўзроўню вялікага сістэмна-комплекснага цэлага — мастацкага-паэтычнага метасвету (ці: сусвету, космасу). Анталагічнае, ментальнае і экзістэнцыйнае сталі асновай пазнання А. Куляшовым вышэйшых касмічных сфер, ён наблізіўся і ўзняўся да ўзроўню адкрыцця таямніц часу, прасторы і быцця як мысляр магутнага інтэлекту, паэт філасофскага складу мыслення, зямлянін, які адчуў сябе чалавекам сусвету. Вельмі добра стасуюцца да А. Куляшова словы М. Гумілёва: «…И если я ведаю тайны — поэт, чародей, // Властитель вселенной, — тем будет страшнее паденье» («Я верил, я думал…»).
З пазіцый тэалагічных Бог ёсць стваральнік Сусвету і ўсяго існага ў ім, з’яўляецца яго Уладаром. Няцяжка заўважыць, што паэтычны сусвет А. Куляшова трымаецца на глыбокіх духоўна-маральных сэнсах, агульначалавечых, вечных каштоўнасцях, у аснове сваёй хрысціянскіх. Зрэшты, яго думка карэліравала з рэлігійным у перакладах з рускай паэзіі, напрыклад, верша М. Лермантава «Я адзін выходжу на дарогу…»: «…Даль прыціхла, молячыся Богу, // Зорка зорцы голас падае». Галоўная сэнсаўтваральная сіла куляшоўскай паэзіі — гэта вялікае і глыбіннае пачуццё любові, якое з’яўляецца вызначальнай этычна-духоўнай катэгорыяй быцця. «Бог ёсць любоў, хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім» (1 Іан 4, 16). Куляшоў-паэт і яго космас найперш пачынаецца з любові да бацькоўскай хаты, роднай зямлі, сваёй Бесядзі і ўсёй навакольнай прыроды з яе хараством. Гэтае пачуццё праяўлялася ў канкрэтна-пачуццёвай і рамантычнай вобразнасці, разам з тым было па-сапраўднаму касмічным, набывала ўсёабдымны агульначалавечы характар: «Я не знаю, калі // Палюбілася сонцу зямля, // А зямлі палюбілася сонца, — // Толькі знаю — не меней // Налічвае год іх любоў, // Чымся сонца праменняў, // Зямля — залатых каласоў» («Аб любві») [10, с. 272]; «Для жыцця, для любві // Сонца зноў адмыкае зямлю» («Аб рэўнасці») [10, с. 273]. Страта любові ўспрымаецца паэтам як усясветная катастрофа:
Парушыўшы законы прыцягнення,
Планетамі сярод другіх планет
Існуем мы з табой як выключэнне,
Мая любоў, — як свет і антысвет.
.…………………..
Аднак зямля б мая асірацела
І ўвесь сусвет ахутала б імгла
Каб, выбухнуўшы раптам, адляцела
Ты ў невядомасць з хуткасцю святла.
(«Парушыўшы законы прыцягнення…»)
Можна казаць пра савецкасць паэта, яго ідэалагічную веру пад чырвоным сцягам, пра тое, што ён «сам выбіраў ганаровы прэзідыум сэрца свайго» («Народжаны ў век наш гразовы…»), аднак відавочна іншае: ён меў чулае і неспакойнае сэрца, у якім месціўся сусвет любові, дабрыні, чалавечнасці, жыла трывога за вялікае і малое. Паэтычны сусвет А. Куляшова не халодна-прагматычны, не зашораны дарэшты нейкімі ідэалагемамі, а гранічна адкрыты, духоўна незамглёны, неабсяжны, па-чалавечы прывабны, агромністы і велічны, як храм. У мастацкім успрыманні аўтара адчувальна прысутнічае сакральнае стаўленне да свайго беларускага, нацыянальнага, і гэта ідзе ад народнай культурнай традыцыі, народна-хрысціянскага разумення жыцця і светаладу. Паэт лічыў: «…Любоў — бяздомнік, прапісаны // У верным сэрцы назаўжды» («Чужой любві я не зайздрошчу…»). У сферу свайго сэрца ён улучаў любоў і каханне, жыццё і шчасце, усё чалавечае і сапраўднае. Яму былі вядомыя боль і пакуты, агонь і жах смерці. І таму ў экзістэнцыйна-гуманістычным дыскурсе паэзія А. Куляшова ўспрымаецца як творчасць, накіраваная на раскрыццё глыбока чалавечага патэнцыялу асобы, сцвярджэнне непераходных духоўных сэнсаў і анталагічных каштоўнасцей як універсальных, як галоўнага апірышча быцця — зямнога і касмічнага.
Мае рацыю В. Куляшова, якая так тлумачыць філасофска-эстэтычны феномен паэзіі свайго бацькі: «Яе, любові да роднай зямлі, хапіла, каб засеяць паэтычным словам неабсяжную прастору — Космас — і абжыць яе» (Куляшова, В. «Вялікай любові дажджом і агнём…» / В. Куляшова // Нар. воля. — 2009. — 6—9 лют. — С. 3). Напачатку А. Куляшоў абжываў сусветную прастору сілай свайго паэтычнага ўяўлення, сілай фантазіі зямнога чалавека. Яго, як і ў свой час Ламаносава і Лермантава, Купалу і Багдановіча, уразіла хараство, веліч і бязмежнасць касмічнага прастору. Ён скіроўваў свой позірк на «зоры далёкія», дзівіўся, уяўляў, марыў. Юнак-летуценнік верыў у тое, што зможа некалі весці дыялог з паэтам іншай галактыкі, у якога гэтак жа «сэрца гарыць»: «Прымі прывітанне, бясконцы сусвет // Далёкіх Цэнтаўраў і Львоў, // Далёкі таварыш, далёкі паэт // З няходжаных Млечных Шляхоў» («Як дзень адыходзіць…»). Касмічны ракурс светабачання і светаразумення пачаў пашырацца. Хоць паэт прызнаваўся: «Зямля дала мне сілы…» («Крылы»). У вершы «Зямля» (1947) выявіўся геакасмічны погляд, які зноў вывеў паэтычную думку ў «сусвет незнаёмы». Паэт з фенаменальнасцю прадбачыў надыход касмічнай эпохі з яе глабальным разуменнем месца чалавека ў макрасвеце. Чалавек на Зямлі і ў Сусвеце — гэтая прасторава-часавая мадэль з цягам часу набыла ў паэзіі А. Куляшова маштабна-філасофскае ўвасабленне. Паэт нібы прапаноўваў працяг роздумаў-разважанняў К. Цыялкоўскага на тэму «Будучае Зямлі і чалавецтва» (такую назву мае яго кніга, выдадзена ў Калузе ў 1928 годзе). Касмізм паэта палягае ў рэчышчы традыцыі рускага і беларускага сімвалізму (А. Блок, В. Брусаў, Я. Купала, М. Багдановіч і інш.) з іх узбуйнена-аб’ёмным бачаннем свету, скіраванасцю да зорнага неба, іншых светаў і верай у лучнасць Зямлі і Сусвету. Аўтар вершаў пра космас мысліць глабальнымі катэгорыямі, імкнецца спасцігнуць прыродна-быційны сэнс існавання чалавека ў прасторы і часе: сацыяльным, гістарычным, экзістэнцыйным (мінулае — сучаснае — будучае). Ён стварае адметную геакасмалогію, якая прымыкае да тэорыі наасферы У. Вярнадскага. Зямное і касмічнае цесна паяднаны ў паэтычным светаадлюстраванні А. Куляшова, які мае свой адказ на пытанні: што такое чалавек, дзеля чаго даецца жыццё, куды рухаецца наша планета і чалавецтва, што чакае нас за парогам нябыту? Уключаючы чалавека ў кантэкст «Зямля — Сусвет», ён у развагах пра будучыню чалавечай цывілізацыі фактычна прыходзіць да той жа высновы, што і К. Цыялкоўскі: наша планета Зямля адзіная і непаўторная ў сваім родзе, «яе будучы лёс і ёсць лёс Сусвету» (Циолковский, К. Будущее Земли и человечества. — Калуга, 1928, с. 4). Гэтак як і Цыялкоўскі, беларускі паэт усведамляе выключную каштоўнасць чалавека і жыцця. А. Куляшоў рухаўся ў рэчышчы неасферных ідэй У. Вярнадскага, які лічыў, што «перад чалавекам адкрыецца вялікая будучыня, калі ён зразумее гэта і не будзе выкарыстоўваць свой розум і сваю працу на самазнішчэнне» (Вернадский, В. И. Химическое строение биосферы Земли и ее окружения. — М., 1965, с. 327). Наўрад ці можна адназначна пагадзіцца з ранейшымі сцверджаннямі наконт таго, што А. Куляшоў узвышаў чалавека і лічыць яго цэнтрам Сусвету. Ён, безумоўна, не адмаўляў духоўна-метафізічную глыбіню асобы, яе патэнцыял. Паэт найперш акцэнтаваў увагу на гуманістычнай ролі чалавека, гаварыў пра яго адказнасць за лёс жыцця на Зямлі і будучыні. На пачатку 1960-х гг. узмацнялася рэальная пагроза тэрмаядзернай катастрофы: згадайма падзеі так званага Карыбскага крызісу, які быў выкліканы супрацьстаяннем паміж СССР і ЗША, менавіта тады ваенная небяспека была надзвычай пагрозлівай і свет апынуўся на мяжы новай сусветнай трагедыі. Калісьці К. Цыялкоўскі спадзяваўся, што чалавечая супольнасць зможа «дасягнуць дасканаласці і выключыць усялякую магчымасць зла і пакут у межах сонечнай сістэмы» (Циолковский, К. Будущее Земли и человечества, с. 25). А. Куляшоў прапаноўваў новае глабальнае мысленне, гуманістычную альтэрнатыву палітыцы мілітарызацыі, ён ствараў сваімі думкамі і ідэямі паэтычна-філасофскую наасферу. Пра змену светапогляднай парадыгмы слушна гаварыў У. Вярнадскі: «Чалавек упершыню рэальна зразумеў, што ён жыхар планеты, і можа — павінен — мысліць і дзейнічаць у новым… планетным аспекце» (Вернадский, В. И. Размышления натуралиста: в 2 кн. — М., 1977, кн. 2, с. 24). А. Куляшоў, усведамляючы, што існаванне чалавека і любой нацыі, народа, наогул чалавецтва немагчыма па-за прыродай, Зямлёй-маці і яе асяродкам, сцвярджаў высокі экалагічны ідэал будучыні: «…а я руку // Гарачую працягваю прыродзе — // З дваццатага ў трыццатае стагоддзе» («Завея лісцяў у сняжынак пух…»). У маштабнай карціне свету А. Куляшова прыярытэтным бачыцца прыродацэнтрызм, а не тытанічнае ўзвелічэнне чалавечага «я», гіпертрафіраванае месца чалавека ў космасе:
Я — трэці свет, я кропелька малая
Тых светаў двух — звычайны чалавек.
Што неба і зямлю ў сабе змяшчае
І ў свет адзін злучае іх навек.
(«Нябёсы — акіян, я знаў даўно…»)
«Звычайны чалавек» — частка Прыроды, Сусвету, інакш кажучы, у ім увасабляецца адзінства зямнога і касмічнага. Лірычны герой В. Брусава таксама ўспрымаў сябе «прыродным чалавекам», уяўляў сваё месца ў светаўладкаванні досыць выразна і акрэслена: «Я — сын земли, дитя планеты малой, // Затерянной в пространстве мировом»; «Я — междумирок» («Сын земли»). Чалавек у Куляшова атрымаў «у рукі… усю Зямлю, з арэнай — Млечным Шляхам» («Не старадаўні бард, але…»), і паэт жадае бачыць яго ў маральна-духоўным плане гуманістычным універсумам Космасу, здольным захаваць трываласць светабудовы. Такi маштабны, касмiчны погляд на ролю чалавека як суб’екта касмічнага быцця зблiжае А. Куляшова са светабачаннем амерыканскага паэта ХIХ ст. У. Уiтмена, якi ў сваёй кнiзе «Лiсце травы» паказвае чалавека падкрэслена гiпербалiзавана, узвышае яго як велiчную постаць сусвету i гiстарычнага часу: «Мне мала ўсяго зямнога шара, мне мала аднаго цеснага стагоддзя, // Мне трэба абавязкова тысячы такiх шароў i ўсе, як адно, стагоддзi» (пер. Я. Сiпакова). І ў А. Куляшова, і ў У. Уiтмена чалавек змяшчае ў сабе вялiкi свет-космас, ён мікракосм, Чалавек Чалавецтва. А. Куляшоў быў перакананы, што лёс Чалавецтва, Прыроды, Зямлі залежыць ад чалавечага розуму, мудрасці, умення рабіць выбар з пазіцый вечнасці, глабальна-касмічнага мыслення. В. Бечык у кнізе «Шлях да акіяна» (1981) слушна піша: «Для паэта выхад чалавека ў космас звязваецца з многімі душэўна-чалавечымі праблемамі, з думкамі аб адказнасці чалавека, аб эстафеце дабраты і душэўнага цяпла, аб неабходнасці ўладкаваць… жыццё і тут, на Зямлі». І далей, цытуючы куляшоўскія радкі пра палёт «на пошукі нябеснага свяціла», яшчэ раз зазначае: «Гэта, вядома, не толькі позірк у будучыню. Гэта — заклапочаны роздум аб сённяшнім жыцці насельнікаў Зямлі, гуманістычнае дбанне аб тым, каб людзі былі людзьмі, каб чалавецтва… мацавала, развівала і лепшыла свае духоўныя, маральныя асновы» (Бечык, В. Шлях да акіяна. — Мінск, 1981, с. 164, 165). А. Куляшоў быў чалавекам, які стаў сведкам жахлівага разбурэння чалавеча-зямнога светаўладкавання (ваенная катастрофа, атмасфера страху і людскія ахвяры часу культу Сталіна), і таму ён у другой палове 1950-х — 1960-я гады, на новым этапе гістарычнага руху грамадства, імкнуўся зацвердзіць гуманістычную этыку як асноватворную, перавагу новага мыслення, заснаванага на чалавечым розуме, маралі, духоўнасці, усведамленні непарыўнага адзінства з прыродай, усім існым на Зямлі. Новай гуманістычнай думкай ён хацеў ахапіць Сусвет, сагрэць яго сваім жывым, палымяным сэрцам.
Пейзажныя вобразы зрабіліся ў паэзіі А. Куляшова значнымі канцэптамі ў асэнсаванні чалавека ў макрасвеце. Гэта дапамагае паэту сцвердзіць галоўныя жыццёва-духоўныя каштоўнасці. Так, дрэва ўяўляе «вобраз нейкай універсальнай канцэпцыі» (Топоров, В. Н. Происхождение поэтических символов // Ранние формы искусства: сб. ст. — М., 1972, с. 93). Сусветна-касмічнае дрэва — своеасаблівы цэнтр апоры, мадэль светабудовы, трываласць якой у адным з вершаў паэта сімвалізуюць сасна і бяроза. А. Куляшоў асэнсоўваў праблему экалогіі Прыроды, Жыцця, Зямлі, усведамляючы магчымую катастрафічнасць лёсу чалавецтва, якое апынулася на мяжы ядзернага самазнішчэння. Пра гэта яскрава сведчыць гіпербалічная экспрэсія: «А што як Зямлю нашу выпусцяць з рук // Сасна і бяроза?» («Сасна і бяроза») . У аснове яго ідэйна-мастацкай філасофіі ляжыць акурат «этыка адказнасці і еднасці»: адказнасці за Прыроду, Зямлю — наш агульны Дом, духоўнай еднасці з лесам, полем, ракой, акіянам, небам, сонцам, з усім светам, дзе для чалавека заключаны ўніверсальна-анталагічны сэнс быцця. Лірычны герой А. Куляшова быццам змяшчае памяць мінулых часоў, канцэнтруе ў сабе гістарычны вопыт чалавецтва, таму і хвалюецца пра яго лёс і жыццёвыя перспектывы. Паэт верыў у вялікія магчымасці чалавецтва і яго духоўны патэнцыял. Наш беларускі паэт гэтак, як і А. Эйнштэйн, У. Вярнадскі, А. Чыжэўскі і іншыя вучоныя, верыў у чалавечы розум, няспыннасць і працяг жывога жыцця. Аўтарскі аптымізм і развагі пра вечны рух часу знайшлі яскравае ўвасабленне ў вершы «На паўмільярдным кіламетры». Разам з паэтам мы ўслухоўваемся ў кукаванне зязюлі, якая калісьці паклікала яго ў вандраванне «на многа тысяч дзён». Афарыстычна гучаць заключныя радкі твора:
Пяройдзе шлях у новы шлях,
Расстанне — ў новае спатканне,
Напеў жалейкі — ў труб гучанне,
Выток жыцця — ў жыцця працяг.
Такім чынам, А. Куляшоў як паэт-аналітык здолеў заглыбіцца ў таямніцы касмічнага быцця і часу, з дапамогай логасу, пазнавальна-асэнсавальнай думкі выявіць суадносіны і сувязі паміж макра- і мікрасветам. Ён сканструяваў уласны паэтычны сусвет паводле духоўна-эўрыстычнага і вобразна-філасофскага мадэлявання прасторы. А. Куляшоў актуалізаваў ідэю маштабна-глабальнага, планетарнага мыслення чалавека, па-грамадзянску страсна сказаў пра яго высокую і адказную экалагічна-гуманістычную місію на Зямлі і ў Сусвеце. Лірычны герой паэта — асоба касмічнай значнасці, яго думка валадарыць у самых шырокіх прасторавых каардынатах. Ён паўстае як прадстаўнік сферы чалавечага розуму, высока арганізаванай сістэмы духоўна-энергетычных сувязей з Космасам, носьбіт эмацыянальна-інтэлектуальнай інфармацыі аб прасторы, часе, будучыні. А. Куляшоў істотна пашырыў мастацка-эўрыстычныя і прагнастычныя ўяўленні беларускай паэзіі пра Сусвет і месца, ролю ў ім чалавека, ён па-сапраўднаму ўзняў беларускі верш да ўзроўню філасофскага касмізму.
Алесь Бельскі,
доктар філалагічных навук, прафесар
Крыніца публікацыі: Бельскі, А. Беларуская літаратура ў кантэксце традыцый і сучаснасці / А. Бельскі. — Мінск: Выдавец Зміцер Колас, 2017. — С. 119–125.