Узмацненне цікавасці да рэгіянальнага зместу этнакультурнага быцця — адна з пашыраных сусветных тэндэнцый сучаснай эпохі. Захаванне самабытна-нацыянальнага, адзінкавага, унікальнага набывае асаблівую значнасць ва ўмовах глабалізацыі, цэнтраімклівых інтэграцыйных працэсаў. Невыпадкова ў сучаснай навуцы “ў агульнатэарэтычным плане актуальнымі застаюцца праблемы рэгіянальнай спецыфікі фальклору, вытокаў рэгіянальнасці, яе сувязяў з этнічнымі і этнакультурнымі працэсамі…” [1, с. 96]. Рэгіянальнае — неад’емны складнік беларускай этнакультурнай прасторы, а нацыянальнае — гэта і ёсць вобраз свету ў яго лакальна-мясцовай канкрэтыцы.
У беларускім літаратуразнаўстве таксама відавочная скіраванасць на даследаванне рэгіянальных аспектаў у мастацкай творчасці. Так, напрыклад, у навуковы ўжытак уводзіцца паняцце рэгіянальнага субстрату [гл.: 2]. Беларускае Палессе — надзвычай шматаблічная з’ява, якую характарызуюць этнаграфія і побыт, топасы і архетыпы, пейзаж і дыялектная мова, іншыя рэгіянальныя асаблівасці. Палессе — гэта і адметны мастацкі погляд на свет, сфармаваны разнастайнымі фактарамі: геаграфічнымі, прыроднымі, этналінгвістычнымі, этнаграфічнымі, сацыякультурнымі і інш.
Палескі рэгіён здаўна прыцягваў увагу этнографаў і фалькларыстаў, якія выявілі духоўнае багацце гэтага краю, асаблівасці народных поглядаў і уяўленняў. З. Я. Даленга-Хадакоўскі адзін з першых далучыўся да мэтаскіраванага вывучэння этнакультурнай спадчыны розных мясцін Беларусі, але “асабліва прываблівала яго Прыпяцкае Палессе, па якім неаднойчы вандраваў…” [3, с. 59]. Тут ён шукаў і знаходзіў адметнае, самабытнае, заклікаў і іншых пільна ўгледзецца ў аблічча і мінулае зямлі сваіх бацькоў і продкаў. Значна пазней В. Ластоўскі, пішучы пра М. Багдановіча, адзначаў, што “наша стыхія — лес і балота. Тут ёсць свая адменная краса, адменная рытміка, адменны чар. Трэба іх падгледзець, знайсці і вынесці на шырокі свет…” [4, с. 195]. М. Улашчык у 30-я гг. ХХ ст. вандраваў, як і З. Я. Даленга-Хадакоўскі, ён так убачыў Палессе і яго краявіды: “Лес недагледжаны <…> цягнецца кіламетры тры, за ім пачынаецца балота. Гэтыя балоты на поўдзень ідуць да Прыпяці і за яе, а на Захад — да Польшчы, Польшчы этнаграфічнай пад Берасцем. Неабсяжныя балоты з астравамі сухое зямлі, дзе раскінуты вёскі і расце лес” [5, с. 237].
Якуб Колас адным з першых пісьменнікаў ствараў, кажучы словамі таго ж В. Ластоўскага, “паэзію дрыгвы” [4, с. 195], эстэтычна адкрываў свет беларускага Палесся. Гэты вобраз з’яўляецца важным сэнсаўтваральным канцэптам у яго мастацкай творчасці, пра што сведчыць трылогія “На ростанях”, аповесць “Дрыгва”, п’еса “У пушчах Палесся”, празаічныя творы для дзяцей “Палеская вёска”, “Палессе” і інш. Тое, што канцэпт Палессе трывала ўвайшоў у структуру творчай свядомасці Якуба Коласа, найперш тлумачыцца цеснай спалучанасцю жыцця і лёсу пісьменніка з гэтым краем. Як мы памятаем, ён настаўнічаў “у палескай глушы” з 1902 па 1906 г. і з 1912 па 1914 г. Пэўна, як і яго герой Андрэй Лабановіч, пісьменнік, “пазіраючы на гэтыя балоты-пустэлі, <…> часамі пачуваў у сэрцы нейкую адарванасць ад жыцця і свету, як бы гэты свет сышоўся тут клінам”, але з цягам часу для яго стала “мілая гэтая глуш” [6, с. 19–20, 78]. “А твой вобраз маім // Прыглядзеўся вачам, // Да цябе маё сэрца ляжыць”,— прызнаецца паэт у сваёй любові да палескага краю, гаворыць, што любіць “той край, бы яго родны сын” [7, с. 354].
Палессе як канцэпт выступае ў лірыцы Якуба Коласа 1910-х гг. Гэты вобраз — эмацыянальна-сэнсавае ядро двух паэтычных твораў з аднолькавай назвай “Палессе”, вершаў “Палескія вобразы”, “Вясна на Палессі”, “Вечар на Палессі” і некаторых іншых. Пра коласаўскія творы палескай тэматыкі можна сказаць словамі І. Навуменкі: “…Колас малюе паэтычны воблік зямлі, краю, у якім спрадвеку жыве родны яму народ” [8, с. 47]. Палессе — гэта адметная светабудова, якую шматаспектна раскрывае пейзаж. Паэтычныя творы Якуба Коласа найперш даюць яскравае ўяўленне пра асаблівасці “ўмяшчальнага ландшафту” (Л. Гумілёў) Палесся. Паэт стварае яркія сезонна-каляндарныя замалёўкі (вясна і восень), раскрывае прыродна-кліматычны характар тутэйшых мясцін. Неаднойчы паэт кінематаграфічным буйным планам падае карціны палескага краю, і гэтая пейзажная панарама — мадэль палескага свету: “Край лясоў, край балот // І туманаў гнілых!” [7, с. 354]. Этнапрастору гэтага краю найперш характарызуе топас балота, які паўстае як галоўная прыродная стыхія: “Гэта ты, балот краіна! // Гэта ты, палескі край!”; “Усё балоты ды балоты!” [7, с. 263, 187]. Зрэшты, даследчык І. Чарота даводзіць, што ёсць “падставы разглядаць балота як своеасаблівы архетып беларускага мастацтва” [8, с. 116]. Якуб Колас захапляецца прасторнасцю палескага свету, яго разамкнёнасцю і непарушным спакоем: “Я люблю твой прастор, // Гмах шырокі балот…”; “А прастор, дык прастор — // І канца не відаць, // Не ахопіш, не змерыш зямлі” [7, с. 354]. Радасць, асалоду сузірання шырыні палескага прыволля паэт з пранікнёнасцю перадае ў вершы “Палескія вобразы” праз паўнагучнасць рытміка-гукавога ладу фразы: “Цёмны бор, кусты, балоты, // кучы лоз…”; “…чароты // Мора траў…” [7, с. 263]. Цесна спалучаны з вобразам балота архетып лесу. Гэта адзіная экасістэма, два вялікія аб’екты палескай светабудовы. Лес атуляе “балаты гнілыя”, падступае да “палескіх раўнін”: “Цёмны бор, кусты, балоты”; “Пацягнуўся лес сцяною — // Ельнік, дуб і хваіна; // Шум стаіць над галавою…” [7, с. 263, 187]. Лес міфалагізуецца як месца першародна-дзікае, якое, трэба заўважыць, падобнае на “першабытны лес” Дантэ: “Ціха ў лесе, бы ў магіле, // І канца яму няма… // Як у ночы, ў лесе цьма”; “Калі лес там, дык лес: // Можна тыдзень дыбаць…” [7, с. 187, 354]. Паэт, здаецца, адчувае спрадвечны дух лясных нетраў, уздзеянне таемных чараў. Захапленне змяняецца пачуццём няўтульнасці пасярод дзікай нерушы, якая насцярожвае, палохае, адгукаецца ў сэрцы трывогай: “Аж на сэрцы сцішна стала, // Аж забілася мацней, // Хоць бы поле заблішчала, // Хоць бы вёска ўжо хутчэй!..” [7, с. 187].
Палессе ў адлюстраванні Якуба Коласа паўстае ў вобразнай дэталізацыі, канкрэтыцы рэалій балотнай стыхіі, паэтызацыі расліннага і жывёльнага свету. Вось асобныя пейзажныя фрагменты, якія разам узятыя прэзентуюць “балот краіну” ў яе канкрэтна-вобразнай напоўненасці: “…Кучы лоз і дубняку, // Рэчкі, купіны, чароты, // Мора траў і хмызняку”; “Брод і грэбля кожны крок…”; “Пералескі, лес, паляна, // Старасвецкі дуб з жарлом, // Хвоя-веліч на кургане // З чорным буславым гняздом…”; “Гразь, пяскі, лужок зялёны, // Шум крынічкі з-пад карча, // Шэлест лісцяў несканчоны, // Крык у небе крумкача…”; “Вербы, груша-сіраціна, // Нізкарослы цёмны гай…” (”Палескія вобразы”); “Свішчуць птушкі над балотам, // Аж гамоніць лес і гай, // І далёка за чаротам // Бухнуў, нібы ў кадзь, бугай”; “Над балотам стогнуць кнігі, // Жураўлі ўгары крычаць” (“Вясна на Палессі”); “…Хоць у лозах тваіх // Вецер жудасна ўвосень шуміць”; “…Дзе бубняць бугаі, // Дзе красуе чарот, // І дзе травы, як мора, ляглі” (“Палессе”) [7, с. 263, 182, 354]. Беларуская паэзія да Якуба Коласа яшчэ не ведала такой засяроджанай увагі на вобразах палескай прыроды, рэалістычна дакладнага адлюстравання навакольнага свету. У паэтычным прасторавым мысленні паэта спалучыліся маштабнасць успрымання Палесся і канкрэтна-лакальны характар светабачання. Галоўная ж заслуга Коласа-мастака ў тым, што ён выявіў глыбокую духоўную повязь са светам палескіх краявідаў, узняў пачуццё прыроды да эстэтычнага захаплення, стварыў літаратурна-паэтычны міф Палесся, які ўвасабляе этнапрыроднае, геаграфічнае аблічча краю, з’яўляецца асновай разумення анталагічнага быцця палешукоў і ўтрымлівае ідэю экагармоніі.
Такім чынам, Якуб Колас ужо ў паэтычных творах 1910-х гг. рэпрэзентаваў прасторавую мадэль беларускага Палесся, геаграфію гэтага рэгіёну, закладваў архетыпічныя асновы пейзажнага мыслення. Рэгіянальны палескі свет у паэзіі Якуба Коласа — разгалінаваная сістэма пейзажных вобразаў, якія раскрываюць тыповую і адметную топіку краю, яго ландшафтнае аблічча. Палессе з коласаўскіх твораў паўстае ў шматаблічнасці і канкрэтыцы рэалій. Паэт малюе някідкую, але чароўную палескую прыроду. Ён эстэтызуе і ўзнёсла ідэалізуе вобраз Палесся. Гэта свет суладнасці і хараства, спакою і прастору, казачнай таямнічасці. Гэта па сутнасці першародны зямны рай. Коласаўскія пейзажы вызначаюцца дынамізмам, вобразнасцю і меладычнасцю слова. Якуб Колас выступае як шчыры і прачулы пясняр палескага краю, да краявідаў якога ён меў глыбокую прывязанасць і вялікае замілаванне. Ідэйна-эстэтычную сутнасць канцэпта “Палессе” ў творчасці Якуба Коласа, а таксама ў паэзіі Міхася Рудкоўскага, Яўгеніі Янішчыц, Віктара Гардзея, Леаніда Дранько-Майсюка, Міколы Пракаповіча і іншых коласаўскіх прадаўжальнікаў традыцыі мастацкай канцэптуалізацыі палескага свету можна акрэсліць тэрмінам “геасофія, які мае на ўвазе філасофію зямлі, сакральную тэрыторыю народа…” [10, с. 98]. Літаратурны вобраз Палесся, створаны Якубам Коласам, мае выключную духоўную значнасць для нашай агульнанацыянальнай памяці, асабліва ў звязку з праблемамі Чарнобыля і экалагічнага разбурэння традыцыйнай светабудовы.
Літаратура
- Путилов, Б. Н. Изучение фольклора региональное… // Восточнославянский фольклор: словарь науч. и нар. терминологии / редкол.: К. П. Кабашников (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Навука і тэхніка, 1993. — С. 95—96.
- Бельскі, А. І. Рэгіянальны субстрат і яго роля ў стварэнні нацыянальнага вобраза свету (на матэрыяле беларускай паэзіі) / А. І. Бельскі // Весн. Беларус. дзярж. ун-та. — Сер. 4. — 2001. — № 1. — С. 15—18.
- Аксамітаў, А. С. З душой славяніна: жыццё і дзейнасць З. Я. Даленгі-Хадакоўскага / А. С. Аксамітаў, Л. А. Малаш. — Мінск: Полымя, 1991. — 151 с.
- Ластоўскі, В. Выбраныя творы / В. Ластоўскі. — Мінск: Беларус. кнігазбор, 1997. — 512 с.
- Улашчык, М. Выбранае / М. Улашчык. — Мінск: Беларус. кнігазбор, 2001. — 608 с.
- Колас, Я. Збор твораў: у 14 т. / Я. Колас. — Мінск: Маст. літ., 1975. — Т. 9: Трылогія “На ростанях”. — 800 с.
- Колас Я. Збор твораў: у 14 т. / Я. Колас. — Мінск: Маст. літ., 1972. — Т. 1: Вершы 1898—1917 гг. — 562 с.
- Навуменка, І. Якуб Колас: нарыс жыцця і творчасці / І. Навуменка. — Мінск: Нар. асвета, 1982. — 207 с.
- Чарота, І. А. Пошук спрадвечнай існасці: Беларус. літ. ХХ ст. у працэсах нацыянальнага самавызначэння / І. А. Чарота. — Мінск: Навука і тэхніка, 1995. — 159 с.
- Шамякіна, Т. І. Элементы беларускай геасофіі як аснова нацыянальнай літаратурнай класічнай традыцыі / Т. І. Шамякіна // Беларуская філалогія: зб. навук. прац вучоных філал. ф-та БДУ / пад агульн. рэд. д-ра філал. н. І. С. Роўды. — Мінск: ВТАА “Права і эканоміка”, 2003. — Вып. 1. — С. 97—105.
Крыніца публікацыі: Комплекснае даследаванне фальклору і этнакультуры Палесся: матэрыялы ІІ Міжнар. навук. фальклорна-этналінгвіст. канф., 14–15 крас. 2005 г., Мінск: з нагоды 220-годдзя З. Даленгі-Хадакоўскага (Адама Чарноцкага) (1784—1825) / рэдкал.: В. Ліцьвінка (уклад.) [і інш.]. — Мінск: Выд. цэнтр БДУ, 2005. — С. 176—179.