Кожны з іх – яркая і непаўторная постаць. І калі Я. Брыль раскрыўся галоўным чынам як рэаліст, то У. Караткевіч – пераважна як рамантык. Іх яднае духоўная роднасць. Яны блізкія лірычна-паэтычнай манерай пісьма, далучанасцю да кніжных традыцый, высокай культурай творчасці. Іх сяброўства грунтавалася на моцнай любові да роднай зямлі і жыцця, на самаахвярным служэнні мастацкаму слову, на ўзаемаразуменні і падтрымцы. Яны – выдатныя апавядальнікі, цудоўныя спевакі, нястомныя вандроўнікі.
Іх сувязі надзвычай шматгранныя. На працягу 1958–1983 гг. яны ліставаліся. Прататыпам Яна Каптура ў рамане У. Караткевіча «Леаніды не вернуцца да Зямлі» стаў Янка Брыль. У. Караткевіч прысвяціў Я. Брылю апавяданне «Барвяны шчыт» (1963). У нарысе «Зямля пад белымі крыламі» (1971, 1976) назваў апавяданні Я. Брыля цудоўнымі, высока ацаніў яго раман «Птушкі і гнёзды», сказаў пра пісьменніка як пра выдатнага майстра. Да 50-годдзя Я. Брыля было прымеркавана эсэ У. Караткевіча «Мой друг і мая зямля» (1967). Я. Брыль напісаў пра свайго сябра эсэ-ўспамін «Наш Караткевіч» (1985), згадаў пра яго ў многіх лірычных запісах.
У эсэ «Мой друг і мая зямля» У. Караткевіч успомніў, што недзе ў 1946 г. напісаў гістарычны твор: «…гэткі дамарослы валенрадзізм, замешаны на крыві, слінях і ружовай вадзе» [2, с. 320], дзе адным з трагічных персанажаў быў Я. Брыль. Заўважыў, што, відаць, па радыё пачуў такое прозвішча, якое здалося яму прыдатным. Прызнаўся, што першы зборнік апавяданняў. Я. Брыля, выдадзены ў 1946 г., ён тады не чытаў. Адзначыў далей, што каб не зганьбіць сябе і, галоўнае, сябра, «трэба будзе неяк дабрацца да гэтага забытага ў Оршы опуса ды спаліць яго» [2, с. 321].
Захапленне У. Караткевіча апавяданнямі і першымі кнігамі Я. Брыля прыйшло крыху пазней. Маючы на ўвазе апавяданне Я. Брыля «Як маленькі», ён заўважыў: «І ўражанне святла. І – памятаеце? – срэбнае павуцінне на дзвярах гумна. І стаіць перад гэтым цудам змучаны жыццём чалавек, які раптам адчуў у сабе душу» [2, с. 321].
Уладзіміру Караткевічу падчас вучобы ў Кіеўскім універсітэце заказалі для аднаго з украінскіх часопісаў артыкул пра Я. Брыля, аповесць якога «У Забалоцці днее» была ўганаравана ў 1952 г. Дзяржаўнай прэміяй СССР. Ён згадаў: «Не памятаю, ці быў той артыкул надрукаваны. Памятаю толькі, што хваліў. Не таму, што на сто працэнтаў падабалася, а таму, што з усяго напісанага тады на гэту тэму – “Забалоцце” рэзка вылучалася. Былі жывыя людзі, абставіны, пейзажы» [2, с. 321].
Пазнаёміліся яны ў верасні 1955 г., калі У. Караткевіч прыехаў з вёскі Лесавічы на Кіеўшчыне, дзе настаўнічаў, у Мінск на Шостую рэспубліканскую нараду маладых пісьменнікаў. І ў У. Караткевіча, і ў Я. Брыля ёсць цікавыя згадкі пра іх першую сустрэчу. Так, Я. Брыль пісаў: «На той… нарадзе маладых пісьменнікаў я не быў, прыехаў з Нарачы, калі яна ўжо закончылася. Аднак да сустрэчы з Караткевічам паспеў пачуць пра яго як пра найцікавейшага з маладых. А сустрэліся мы ў кнігарні, дзе ён здзівіў мяне і маладым, свабодна гучным беларускім голасам у размове з прадаўшчыцамі, і колькасцю купленых кніг, і сваім адметным выглядам высока-танклявага юнака, маладзейшага за свае, як потым стала мне вядома, дваццаць пяць» [1, с. 428].
Янка Брыль быў старэйшы за У. Караткевіча на 13 гадоў. Аднак, нягледзячы на такую розніцу ў гадах, яны рабіліся ўсё бліжэй адзін аднаму. У. Караткевіч пісаў: «Аднойчы, прыехаўшы ўжо з Оршы, я заначаваў ў яго, і тут мы перагаварылі адной з тых шчырых, бадай, толькі славянскіх, размоў, калі са здзіўленнем і раптоўнай гарачнасцю заўважаеш, што думаеш аднолькава з іншым, што словы аднаго падхапляе другі, не чакаючы нават канца выказанай думкі, бо яна, як свая. І самае важнае – аднадумства ў дужа важлівых для сябе рэчах. Такіх глыбокіх і часам балючых, што аб іх не скажаш і брату» [2, с. 322].
Яскравай старонкай беларускай літаратуры з’яўляецца перапіска У. Караткевіча і Я. Брыля. Яна раскрывае багацце духоўнага свету абодвух пісьменнікаў, непаўторнасць іх таленту і характараў. Маладзейшы хоча атрымаць ад старэйшага ацэнку сваіх твораў, дзеліцца думкай пра яго прозу. У лісце за 22.04.1958 г. У. Караткевіч паведаміў: «Апрацую апавяданні яшчэ раз (іх будзе, напэўна аж чатыры: “Завеі”, “Пацукалоў”, “Лятучы галандзец” і “Просценькая гісторыя”), дадам да апавяданняў яшчэ адну – дзве малюсенькія аповесці з цыкла “Сямейныя паданні роду Яноўскіх” (вазьму хаця “Цыганскага караля” або “Дзікае паляванне караля Стаха”) – і дашлю летам, калі будзе час» [3, с. 57]. Я Брыль у лісце за 26.04.1958 г. падтрымаў У. Караткевіча: «Па-мойму, усё гэта і вельмі цікава, і патрэбна, і ўсё гэта сучаснае ў залежнасці толькі ад таго, як яно напісана» [3, с. 59].
Уладзімір Караткевіч у лістах да Я. Брыля захапляецца мовай беларускіх актаў, хронікаў і летапісаў, разважае над літаратурнымі праблемамі, выказвае моцную любоў да роднага Прыдняпроўя. У цяжкую жыццёвую часіну шукае падтрымкі ў старэйшага сябра. І той у лісце за 8.03.1960 г. дасылае так патрэбныя словы маладзейшаму: «Праўда – і маё братняе жаданне, каб Ты не браў на сэрца сваё непасільнага цяжару, каб Ты не ішоў без патрэбы па лініі найбольшага супраціўлення, каб Ты прасейваў пачуцці свае праз няўмольнае сіта жыццёвай мудрасці, якая – не заўсёды проза. Я не да разважлівага эгаізму клічу, а да чысціні пачуццяў, да як найбольшай увагі да чалавека, да справы святой, якой Ты ўжо не маеш права не служыць…” [3, с. 83–84]. Заўважым, што ліст Я. Брыля за 8.03.1960 г. быў з некаторай дапрацоўкай уключаны ў XXIII раздзел рамана У. Караткевіча «Леаніды не вернуцца да Зямлі”. Даслаў яго галоўнаму герою Андрэю Грынкевічу Якуб Каптур, прататыпам якога з’яўляецца Я. Брыль. Пазней У. Караткевіч адзначыў, што гэты ліст Я. Брыля «літаральна выратаваў мяне ў самы, бадай, страшны час майго жыцця» [2, с. 322].
Асабліва зблізіла Я. Брыля, У. Караткевіча і У. Калесніка паездка 18–24 чэрвеня 1963 г. па Слонімшчыне, Лідчыне і Навагрудчыне. У Слонімскім краязнаўчым музеі У. Караткевіча ўразіла каменная галава язычніцкага Бога, аблічча якога, здалося яму, «было такое самае – моцнае і масіўнае» [2, с. 323], як і ў Я. Брыля. Тады ж па просьбе У. Караткевіча яны наведалі ў Зэльве Л. Геніюш, там разгарэлася ў іх спрэчка «пра літаратуру і мастацтва, пра дабро і зло» [2, с. 324]. Каля Маламажэйкава на хутары ўвагу У. Караткевіча прывабіла курная хата. У. Караткевіч пісаў: «…А тады, у тое падарожжа, зарадзілася яшчэ і тое, без чаго цяпер рэдка абыходзіцца кожная хоць трохі доўгая наша сустрэча. Гэта песні. У яго добры голас, і разам мы ствараем не такі ўжо кепскі дуэт.
Ехалі. Спявалі старажытныя рамансы, беларускія, польскія, украінскія, рускія песні» [2, с. 326–327]. У. Караткевіч заўважыў, што тады ён любаваўся «не толькі Наваградскім замкам, капцом Міцкевіча і Свіцяззю. Любаваўся яшчэ і ненасытнай чалавечай прагнасцю, з якой глядзеў на ўсё гэта, сто разоў бачанае ім, Янка. Нібы піў прыгажосць» [2, с. 327]. Усхваляваныя і пранікнёныя словы прысвяціў У. Караткевіч Загор’ю, роднай вёсцы Я. Брыля.
Уладзімір Караткевіч адзначыў: «Мне радасна, што мы адзін у аднаго першыя чытачы і крытыкі, што я чытаў “Птушкі і гнёзды” задоўга да надрукавання і яшчэ тады сказаў сам сабе, што гэта дужа своеасаблівы і сучасны раман, магчыма, лепшы за апошнія дзесяцігоддзі» [2, с. 326]. Для У. Караткевіча асабліва дарагія былі ў яго сябра «бездакорная пісьменніцкая і чалавечая сумленнасць» [2, с. 326], яго розум і высокая даравітасць, «тое, што ён харошы чалавек і харошы друг. Чалавек. Асоба» [2, с. 326].
2–9 чэрвеня 1965 г. Я. Брыль, У. Караткевіч і Р. Барадулін падчас вандроўкі наведалі Рагачоў, Кісцяні, Гарадзішча, Чэрыкаў, Крычаў, Оршу, Полацк, Ушачы, возера Вечалле, Лепель. Вясной 1969 г. У. Караткевіч і Я. Брыль адпачывалі ў Крыме. У сакавіку 1971 г. у складзе групы беларускіх пісьменнікаў наведалі буйныя прадпрыемствы Урала. У чэрвені 1971 г. Я. Брыль, У. Караткевіч і У. Калеснік вандравалі па Міршчыне і Навагрудчыне. У розныя часы яны, з У. Калеснікам і М. Аўрамчыкам, выступалі на Камянеччыне, Пружаншчыне і Бярозаўшчыне, з Ф. Янкоўскім, наведалі Глушчыну. Былі іншыя паездкі і сустрэчы.
У 1962–1963 гг., калі выдавецтва не згаджалася публікаваць раман У. Караткевіча «Леаніды не вернуцца да Зямлі», Я. Брыль дапамагаў свайму сябру. Падтрамаў ён У. Караткевіча і тады, калі ў выдавецтве ўзніклі прэтэнзіі і да яго рамана «Каласы пад сярпом тваім». Спатрэбілася спецыяльнае, 22 лютага 1967 г., аб’яднанае пасяджэнне сакратарыята, секцый прозы і крытыкі Саюза пісьменнікаў Беларусі, дзе разглядаўся гэты раман У. Караткевіча. На тым пасяджэнні Я. Брыль разам з І. Мележам, М. Лобанам, Г. Кісялёвым, А. Адамовічам, Я. Скрыганам, В. Адамчыкам, І. Навуменкам, А. Асіпенкам, А. Мальдзісам, Н. Гілевічам рэкамендаваў твор да друку, адзначыў, «што гэтай кнігай будзе прыпаднесены ўрок, як трэба любіць народ, як трэба разбірацца ў сваёй гісторыі, як аслабаняцца ад зусім непатрэбнага комплексу ніжэйшасці, які ўбіваўся нам на працягу стагоддзяў усімі прыгнятальнікамі» [5].
Уладзімір Караткевіч дзяліўся з Я. Брылём творчымі планамі. У лісце за 22.04.1958 г., згадваючы задуму напісаць некалькі маленькіх аповесцяў пра гісторыю беларускай шляхты пад агульнай назвай «Сямейныя паданні роду Яноўскіх», адзначыў, што адну з іх, дзе раскажа гісторыю пра цыганскае каралеўства, якое было на Беларусі ў канцы XVIII ст., можна падаць у духу буфанады.
У лісце за 25.03.1962 г. паведаміў, што раман «Каласы пад сярпом тваім» пачне з апісання старой грушы на беразе Дняпра: «Цвіце яна апошні год, бо рака падмыла. А яна не ведае, яна ўся белая і мужная, бо толькі карэннямі трымае ўласнае жыццё. Як сама наша зямля» [3, с. 89].
У лісце за 26.07.1964 г. згадаў, што піша навелу «Ладдзя Роспачы» «аб адным сярэдневяковым беларускім “зламірозе”, які любіў жыццё», што атрымліваецца «дзікая, але своеасаблівая мешаніна з “Дэкамерона”, Рабле, французскіх фаблё і беларускіх не вельмі прыстойных казак» [3, с. 106].
У лісце, які быў напісаны ў 1964 г., сцвярджаў, што неабходна вярнуць у беларускую літаратуру Я. Баршчэўскага, прапанаваў разам перакласці яго «Шляхціца Завальню», захапляўся ім: «Дзівосны пісьменнік, стыліст, Беларусь пяшчотна любіць, дыялогі – па-беларуску, стыль, побыт, фантазія, народны характар – усе чыста беларускія… А гэта проста беларускі Гогаль… І такі тыповы, рамантычны беларускі гафманізм! І такая фантазія!» [3, с. 115].
У лістах У. Караткевіча і Я. Брыля няма дробязнага, побытавага. Яны шчыра і ўдумліва вядуць гаворку пра літаратуру і жыццё, падаюць цікавыя звесткі асабістай біяграфіі. Іх лісты з’яўляюцца арганічнай часткай творчай спадчыны пісьменнікаў. Напрыклад, лісты У. Караткевіча высвецілі адметныя грані яго лірычна-рамантычнага таленту. У некаторых з іх непаўторна раскрыліся многія стылёвыя асаблівасці старабеларускай мовы, змешчаны яго цікавыя малюнкі. У лістах Я. Брыля, як і ў яго прозе, ёсць паэтычнае бачанне свету, тонкі псіхалагізм, пластычнасць малюнка, філасафічнасць, інтэлектуалізм. Лірык па тыпе мастацкага мыслення, ён і ў лістах значна бліжэй да рэалістычнага светаўспрымання, чым да рамантычнага. І ў лістах раскрылася выключная чуйнасць пісьменніка да мовы.
У лісце за 26.04.1958 г., думаючы пра творы У. Караткевіча, Я. Брыль згадаў «Кала Бруньёна» Р. Ралана і «Легенду пра Уленшпігеля» Ш. дэ Кастэра. Я. Брылю быў блізкі гістарызм мыслення У. Караткевіча, глыбокі роздум пісьменніка пра лёс народа , а таксама тое, што, пры ўсім драматызме і нават трагізме, яго творчасць вызначалася моцным жыццесцвярджальным пафасам, пра што яскрава сведчыць, напрыклад, легенда «Ладдзя Роспачы» ці раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».
Уладзімір Караткевіч таксама, адчуваючы глыбокую далучанасць Я. Брыля да народнага жыцця, у лісце за 10.05.1958 г. прасіў яго «зрабіць павольны, дэталізаваны ў раланаўскім духу, смачны раман» [3, с. 63]. Пазней Я. Брыль напіша аповесць «Ніжнія Байдуны» (1975), дзе з гумарам і журбой, псіхалагічнай і сацыяльнай заглыбленасцю пакажа жыццё заходнебеларускай вёскі 1920–1930-х гг., раскрые несмяротны народны аптымізм. Я. Брыль аднаму з першых даў прачытаць гэту аповесць У. Караткевічу, які быў у захапленні ад яе.
І ў жыцці, і ў літаратуры яны ўмелі смяяцца, радавацца жыццю. Як згадвае Я. Брыль, рускае выданне кнігі прозы «Чазенія» (1969) У. Караткевіч так яму падпісаў: «…ад смяшлівага, як дзіця, – смяшліваму, як падлетак, ад гыгалы – гэгэкалу…» [1, с. 434].
Янка Брыль цікава расказаў пра У. Караткевіча, які, жывучы па-суседску, забіваючы з А. Мальдзісам цвік у сцяну сваёй кватэры, трапіў вастрыём гэтага цвіка ў вастрыё цвіка, які быў затынкаваны ў сцяне кватэры свайго сябра, і той цвік, на другім баку сцяны, вылез не вастрыём, а капялюшыкам [1, с. 432–433].
Пра шырыню і шчодрасць натуры У. Караткевіча сведчыць і наступная згадка Я. Брыля: «А наш Валодзя ў маскоўскім рэстаране пачаставаў вялікую групу неграў – за ўсе грошы ў першы дзень камандзіроўкі, — “хай ведаюць, што такое Беларусь!..”» [4, с. 140].
Янка Брыль зрабіў асобня крытычныя заўвагі пра мову і, як вызначыў, «паэтычныя вольнасці» ў рамане У. Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», з любоўю сказаў пра «Валодзеву шчырую, натуральную паэтычнасць, прастату і складанасць, дзіцячую схільнасць да смеху, часамі крыўдлівасць, таксама ледзь не дзіцячую, лёгкую ранімасць, што ніколі не затойвалася ў недастойнай помслівасці, пра яго юначы рамантызм і сталае высакародства, што пераходзіла сяды-тады ў крыху пацешнае рыцарства, як быццам ён пазычыў яго ў сваіх гістарычных герояў» [4, с. 133], пра «адчуванне несмяротнасці — яго і справы, якой ён служыў і служыць» [4, с. 142], пра яго чалавечую абаяльнасць, пра яго талент і эрудыцыю, пра паяднанасць нацыянальнага і агульналюдскага ў яго творчасці.
Літаратура
- Брыль, Я. Запаветнае: выбр. творы / Я. Брыль. – Мінск: Беллітфонд, 1999. – 442 с.
- Караткевіч, У. Збор твораў: у 8 т/ У. Караткевіч. – Мінск: Маст. літ., 1991. – Т. 8, кн. 2. – 495 с.
- Уладзімір Караткевіч і Янка Брыль: перапіска 1958–1983 гг. // Шляхам гадоў: гіст.-літ. зб. / уклад. У. Мархель. – Мінск: Маст. літ., 1990. – С. 54—138.
- Уладзімір Караткевіч: Быў. Ёсць. Буду!: успаміны, інтэрв’ю, эсэ / уклад. Г. Шаблінскай. – Мінск: Маст. літ., 2005. – 518 с.
- ЦНБ НАН Беларусі. – Ф. 11. – Воп. 2, 42-я ўмоўная папка.
А. Л. Верабей
Крыніца публікацыі: Русская и белорусская литература на рубеже XX–XXI веков: сб. науч. ст: в 2 ч. / редкол.: С. Я. Гончарова-Грабовская (отв. ред.) [и др.] – Минск: РИВШ, 2007. – Ч. 2. – С. 185–190.