Уладзіміру Караткевічу былі блізкія глыбокая народнасць, адраджэнскі пафас, мастацкая дасканаласць, нацыянальная адметнасць, ідэйна-тэматычная і жанрава-стылёвая шматграннасць творчасці Янкі Купалы. Яднала абодвух мастакоў і тое, што яны выяўлялі прыхільнасць пераважна да рамантычнага тыпу мыслення, выказвалі прыкметную ўвагу да фальклору, міфалогіі, гісторыі. Я. Купала і У. Караткевіч шмат зрабілі для адраджэння нацыянальнай самасвядомасці і гістарычнай памяці беларусаў.
Янка Купала быў адным з любімых беларускіх пісьменнікаў У. Караткевіча. Думаецца, невыпадкова першымі публікацыямі У. Караткевіча, што з’явіліся ў ў 1955 годзе ў беларускіх рэспубліканскіх выданнях і што істотна паўплывалі на яго творчы лёс, сталі верш “Машэка” (часопіс “Полымя”, № 7) і нарыс “Вязынка” (кніга “Янка Купала. Зборнік матэрыялаў аб жыцці і дзейнасці паэта”). Пазней ён пісаў пра песняра ў вершы “Дзень першы” (1958), артыкулах “Пакуль гэта сэрца б’ецца” (1962), “Зліццё з душой народнай” (1982), п’есе “Калыска чатырох чараўніц” (1981) і іншых творах.
У артыкуле “Пакуль гэта сэрца б’ецца” У Караткевіч адзначыў, што яшчэ ў раннім дзяцінстве, да вайны, быў зачараваны Купалавай паэзіяй, такімі ягонымі творамі, як верш “Гэта крык, што жыве Беларусь”, паэмамі “Курган”, “Магіла льва”, “Бандароўна”, падкрэсліў выключны уплыў Я. Купалы на яго як на творцу. Згадаў, што ў ліпені 1938 г. старэйшы брат паказаў яму ў Оршы на нейкім свяце Я. Купалу. А пасля вайны яго моцна ўразілі попел і галавешкі на месцы Купалавай дачы ў Ляўках, а таксама знявечаныя адхоны над Дняпром, што абудзіла ў ім яшчэ большую любоў да роднай зямлі.
Хутчэй за ўсё ў канцы чэрвеня 1952 г. У. Караткевіч разам з сябрам наведаў Вязынку. Там, у Вязынцы, у кнізе водгукаў запісаў: “Адсюль ён выйшаў яшчэ чалавекам, каб першай зоркаю ўзысці на беларускім небе” [2].
Неўзабаве напісаў нарыс “Вязынка”, які даслаў жонцы паэта Уладзіславе Францаўне і які праз тры гады быў апублікаваны. У гэтым нарысе непасрэдна і шчыра апісаў ўражанні ад наведвання радзімы песняра, захоплена і ўдумліва асэнсаваў яго творчасць, прывёў паэтычныя радкі з такіх яго вершаў, як “Ворагам Беларушчыны”, “Жняя”, “Прарок”, “Песня мая”.
Заўважым, што летам 1952 г. У. Караткевіч даслаў на ацэнку Я. Коласу свае раннія творы пад назвай “Казкі і легенды маёй Радзімы”. Сярод іх быў і верш “Машэка”. Відаць не без уплыву паэмы Я. Купалы “Магіла льва” звярнуўся ён да вобраза Машэкі і па-свойму яго асэнсаваў.
У лісце да Максіма Танка за 20.6.1956 г. даслаў аўтапародыю і аўтакарыкатуру, дзе назваў сваіх творчых настаўнікаў:
Калі першым каханнем гарыць галава,
Калі горка – кладу я з сабой
“Бэзу куст”, “Ткачых” і “Магілу льва”,
А не свой барабанны бой [1].
У артыкуле “Якім шляхам ісці?” ( газета “Літаратура і мастацтва, 1959, 26 жніўня) У. Караткевіч, разважаючы пра беларускую паэзію, адзначыў, што “мы даўно выраслі з сялянскіх пялёнак”, што “мы адчулі ўжо добра сваю сталасць” і што “ў нас застаецца традыцыя беларускай народнай песні, традыцыя вершаў, якія выраслі на гэтай багатай глебе, вершаў Купалы і Багдановіча, Багушэвіча і Коласа”. Як бачым, для У. Караткевіча істотнымі былі традыцыі беларускай класічнай паэзіі, у тым ліку і традыцыі творчасці Я. Купалы.
Артыкул “Пакуль гэта сэрца б’ецца” (Маладосць, 1962, № 7) быў прымеркаваны да 80-годдзя песняра. У ім аўтар сцвярджаў, што “Купала застанецца першай нашай любоўю, нашымі вачыма, нашым сумленнем, нашым вечна жывым сэрцам”, адзначаў: “ Нам дорага ўсё ў ім: і ўзлёты генія, і простыя чалавечыя памылкі, і шлях, цяжкі і слаўны, як у кожнага вялікага паэта. І нельга ўзяць з нашых дум яго рамантызм, і яго святую праўду, і яго веру. Бо ён верыў у казку нашай радзімы.
І ён вельмі верыў у свой народ. Толькі гэта і дало яму сілу стварыць тое, што ён стварыў, даць нямому народу, якім усе пагарджалі, песню, слова і мову”.
Ідэя нацыянальнага адраджэння роднага краю была вызначальная для Я. Купалы. У сваіх вершах нашаніўскай пары ён паэтызаваў, узвялічваў і сцвярджаў чалавечую годнасць мужыка, абуджаў яго (“Мужык”, “Я мужык-беларус”, “Што ты спіш?”) . Ад вобраза мужыка паэт ішоў да адкрыцця беларускага народа (“Ахто там ідзе?”), маладой Беларусі [“Маладая Беларусь” (“Вольны вецер напеў вольных песень табе…”)]. Паэт самаахвярна служыў роднай зямлі, разважаў пра яе гістарычны лёс, марыў пра яе лепшую будучыню ў вершах “Грай, мая жалейка…”, “Там”, “Ворагам Беларушчыны”, “Мая малітва”, “Гэй, наперад!”, “Нашай ніве” (“Не загаснуць зоркі ў небе…”), “Песня званара”, “Над Нёманам”, “Цару неба й зямлі”, “Годзе…”, “Выйдзі…”, “Сярод раз’юшаных сатрапаў…”, “Бацькаўшчына” і інш. Ягоныя вершы вызначаліся грамадзянскім пафасам, філасафічнасцю, элегічнасцю, трагедыйным і адначасова жыццесцвярджадьным гучаннем.
Глыбока і шматгранна выявіў у сваёй творчасці любоў да радзімы таксама і У. Караткевіч. Ён плённа развіў патрыятычныя традыцыі Я. Купалы ў вершах “Матчына душа”, “Паўлюк Багрым”, “Гусі-лебедзі ў лугах зялёных…”, “Беларуская песня”, “Таўры”, “На Беларусі Бог жыве…” і інш.
Нібы прадаўжаючы думку свайго папярэдніка, У. Караткевіч у вершы “Паўлюк Багрым” прамовіў”:
Беларусь,
прачынайся!
Я цябе абуджаю!
Ты павінна прачнуцца,
Не праспі сваё шчасце ўначы… [3, т. 1, с. 83]
Яднала абодвух паэтаў глыбокая патрыятычная думка і пранікнёнае лірычнае пачуццё.
Блізкія былі У. Караткевічу і філасофска-патрыятычныя вершы Я. Купалы “Спадчына”, “Свайму народу”, “Паязджане”, створаныя ў 1918 годзе, у час замежнай інтэрвенцыі, у цяжкі для Беларусі час. У вершы “Спадчына Я. Купала з незвычайнай шчырасцю і пяшчотай сказаў пра сваю любоў да Старонкі Роднай. Істотныя рысы светапогляду У. Караткевіча выявіліся ў яго сцвярджэнні:
“На Беларусі Бог жыве”, –
І няхай давеку жыве” [3, т. 2, с. 125].
Янка Купала для ўвасаблення сваіх патрыятычных ідэалаў звяртаўся да вобразаў забранага краю, летаргічнага сну, раскіданага гнязда, Вялікага Сходу, курганоў, вечавога звону, паходні, замчышча і інш. У. Караткевіч непаўторна прадоўжыў купалаўскія традыцыі, калі звяртаўся да вобразаў каласоў, сярпа, грушы і соснаў на строме Дняпра, шыпшыны, мора, званоў у прадоннях азёр і інш.
Прадаўжаючы традыцыі Ф. Багушэвіча, Янка Купала на пачатку творчага шляху ў вершы “Мая хатка” прамовіў:
Хоць старая, хоць крывая,
З аднаго гнілля, –
Не аддам яе нікому, –
Бо яна мая!
Бо яна мая! [ 4, т. 1, с. 235]
Пазней ў яго драме “Раскіданае гняздо” раскіданае сямейнае гняздо Зяблікаў вырастае да вобраза-сімвала разбуранай Беларусі. Гэта драма Я.Купалы была блізкая У. Караткевічу як сацыяльны, філасофска-сімвалічны твор, у якім аўтар дасканала асэнсаваў гістарычны лёс Беларусі.
Улічваючы вопыт сваіх папярэднікаў, У. Караткевіч у вершы “Абяцаюць нам новы раскошны дом…” напісаў:
Абяцаюць нам новы раскошны дом,
Але тут нам жыць і канаць,
Тут пад кожным навекі здабытым бугром
Нашы продкі забітыя спяць [3, т. 2, с. 131].
Уладзімір Караткевіч надзвычай шматгранна раскрыў у сваёй творчасці вобраз Беларусі, паказаў яе трагічную і гераічную гісторыю, яе прыгажосць і веліч. Напрыклад, ён арыгінальна трансфармаваў у сваёй творчасці купалаўскі вобраз раскіданага гнязда. Думаецца, у казцы “Чортаў скарб” вобраз сялянскай хаты вырастае да вобраза-сімвала увогуле хаты беларуса. У п’есе Я. Купалы “Раскіданае гняздо” праўдашукальнік і філосаф Лявон Зяблік, які не ўяўляе свайго жыцця без роднай хаты і роднай зямлі, прамаўляе: “Чалавек з зямлёй зрастаецца, як гэта дрэва: ссячы дрэўца – засохне. Адбяры ў чалавека зямлю – згіне” [4, т. 7, с. 213]. Героі твораў У. Караткевіча таксама не ўяўляюць свайго жыцця без роднай зямлі, без радзімы. Так, у апавяданні “Блакіт і золата дня”, якое ў першадруку мела назву “Каўчэг”, пісьменнік паказаў не толькі прыгажосць і непаўторнасць Палесся, але і сцвердзіў думку, што хоць каўчэг-кірмаш палешукоў крыху затрымаўся да свайго свята, але ён усё ж такі даплыве ў прызначаны час да храма, да лепшай і шчаслівай будучыні. Пісьменнік па-мастацку дасканала адлюстраваў і ўславіў Беларусь у рамане “Каласы пад сярпом тваім” і нарысе “Зямля пад белымі крыламі”. Напрыклад, другая кніга рамана “Каласы пад сярпом тваім” мае шматзначную адраджэнскую назву – “Выйсце крыніц”. А Гервасій Выліваха, галоўны герой аповесці “Ладдзя Роспачы”, адпраўляючыся ў пекла, захапіў з сабою кветку шыпшыны, якая ўвасабляла родную зямлю і якая аберагала і ратавала яго ў падземным царстве.
Бунтарны, непакорлівы і свабодалюбівы Сымон Зяблік прамовіў: “Спакон вякоў усё гэта наша было, ёсць і будзе. Мы не прыблуды якія…<…> А ці ведаеш, мамка, што гэта значыць ім пакарыцца? ці хоць дагадваешся? Гэта, мамачка, значыць: прадаць, утапіць сябе, цябе, нас усіх у няволю ім на векі вечныя – запрапасціцца ў вечнае рабства…” [4, т. 7, с. 235, 245]. Бунтарамі, змагарамі, праўдашукальнікамі, высароднымі рыцарамі Беларусі з’яўляюцца караткевічаўскія Андрэй Беларэцкі, Алесь Загорскі, Юрась Братчык, Антон Косміч і іншыя героі. Андрэй Беларэцкі ў аповесці “Дзікае палчванне караля Стаха” разважаў: “Для мяне ў той час было значна больш важлівым зразумець , хто я, якім багам я павінен маліцца.<…> Я тады шукаў свой народ і пачынаў разумець, як і многія ў той час, што ён тут, поруч, толькі за два стагоддзі з нашай інтэлігенцыі добра выбілі гэта разуменне” [3, т. 4, с. 322].
Думаецца, што купалаўскія развагі пра паязджанства і раскіданае гняздо знайшлі своеасаблівы працяг у творчасці У. Караткевіча. Так, Андрэй Свеціловіч з аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха” прамовіў: “І ўсё ж непрытульны мы народ… <…> І гэты ганебны гандаль радзімай на працягу сямі стагоддзяў. <…> Дорага б я даў таму чалавеку, які скіне нарэшце з шыі ўсіх гэтых гнілых шляхцюкоў, тупых Homo novus’aў, пыхатых выскачак, прадажных журналістаў і зробіць яго гаспадаром уласнага лёсу” [3, т. 4, с. 383–384]. Непрытульнасць і непрыкаянасць на роднай зямлі адчуваў і медыкус у аповесці “Цыганскі кароль”: “Мы – гной пад нагамі чужынцаў” [3, т. 4, с. 523]. Пра свой, беларускі дом думаў У. Караткевіч, калі прыводзіў у аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха” легенду пра Стаха Загорскага.
Пераканананым рэвалюцыянерам-дэмакратам і шчырым патрыётам Беларусі выступае ў рамане “Каласы пад сярпом тваім” Алесь Загорскі. Ён прамаўляе: “Але радзіма мне даражэй за ўсё. І калі радзіме маёй дрэнна – мне таксама няміла нічога, акрамя радзімы” [3, т. 7, с. 453]. Разумеючы неабходнасць будучага паўстання, ён пераконвае Мсціслава Маеўскага: “А зброю браць усё адно давядзецца. <…> Зразумей, трэба… У рабстве гіне дух” [3, т. 7, с. 356].
У творчасці У. Караткевіча знайшла далейшае ўвасабленне таксама ідэя Я. Купалы з драмы “Раскіданае гняздо” пра Вялікі Сход, дзе будзе вырашацца лёс Бацькаўшчыны. Так, у Алеся Загорскага, Яраслава Раўбіча, Васіля Корчака і іншых герояў рамана “Каласы пад сярпом тваім”, як і ў герояў гэтай драмы Я. Купалы, сваё разуменне і свае шляхі пошукаў лепшай долі для свайго народа.
Як сведчаць архіўныя матэрыялы [5], на самым пачатку адным з эпіграфаў да рамана “Каласы пад сярпом тваім” У. Караткевіч хацеў узяць наступныя радкі з верша Я. Купалы “Цару неба й зямлі”:
Паймі! пачуй! Сон наш і свой стрывожы, –
Закон і суд свой праведны пашлі!..
Вярні нам Бацькаўшчыну нашу, Божа,
Калі Ты цар і неба, і зямлі! [4, т. 3, с. 87]
Ідэі тыранаборства, праметэізму, што выявіліся ў вялікай імправізацыі Конрада з III часткі “Дзядоў” А. Міцкевіча і ў вершы “Цару неба й зямлі” Я. Купалы па-свойму ўвасобіў У. Караткевіч у вершы “Быў. Ёсць. Буду.”, дзе вышэйшым увасабленнем творцы, на яго думку, з’яўляецца той,
…хто крывёю піша
Ў нязгодзе
З рабства подлай дарогай,
Хто за Край Свой Родны, за ўсе Народы
Паўстане нават на Бога [3, т. 2, с. 121].
Як і Я. Купала ў паэме “На Куццю” У. Караткевіч у сваёй творчасці ідэалізаваў , паэтызаваў мінуўшчыну Беларусі, тым самым выступаў супраць нацыянальнай няволі, абуджаў беларусаў да лепшага жыцця.
Янку Купалу і Уладзіміра Караткевіча збліжае героіка-рамантычны пафас іх творчасці. Непакорлівы і высакародны гусляр кажа князю ў паэме “Курган”:
Скурганіў бы душу чырванцом тваім я;
Гуслям, княжа, не пішуць законаў:
Небу справу здае сэрца, думка мая
Сонцу, зорам, арлам толькі роўна [ 4, т.6, с. 56].
Уладзімір Караткевіч таксама самаахвярна і высакародна служыў радзіме і мастацкаму слову. У казцы “Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў”, разважаючы пра высокае мастацтва таленавітага музыкі Алеся Бан-Жвірбы, напісаў: “Калі ты не складзеш такой песні ў гонар Радзімы і волі, вайны і любові, – шэлег табе цана” [3, т. 3, с. 616]. У рамане “Каласы пад сярпом тваім” падчас пострыгу Алеся Загорскага вуснамі Басак-Яроцкага пісьменнік раскрыў сутнасць так блізкага яму кодэкса шляхетнай годнасці: “З гэтай хвіліны памятай, князь, душа твая належыць толькі Богу і гэтым палям, шабля – ваяводзе справядлівай вайны, жыццё – усім добрым людзям, сэрца – каханай. Але гонар і чэсць – яны належаць толькі табе і больш нікому…” [3, т. 7, с. 85]. Красамоўна выявіў эстэтычнае крэда У. Караткевіча і яго апошні верш, напісаны 19 чэрвеня 1984 г. да 60-годдзя В. Быкава:
Час стагоддзі, як касой, сцінае,
Веры, царствы, догмы йдуць да ценяў…
Ўсё мінае – Гонар не мінае,
Бо народжаны адным сумленнем.
Калі сонца выб’ецца з туману,
Толькі іх і ўспомніць хор народаў,
Воінаў сваіх, святых і зраненых,
Рыцараў сумлення і свабоды [ 3, т. 2, с. 289].
Гэтыя словы, адрасаваныя В. Быкаву, добра выявілі таксама сутнасць самога У. Караткевіча, які і ў жыцці, і ў літаратуры быў рыцарам сумлення і свабоды, рыцарам роднай Беларусі.
Уладзіміру Караткевічу была блізкая думка Я. Купалы, выказаная ў паэме “Магіла льва”:
Пачнём дакапывацца самі
Разгадку нашых крыўд і бед,
Што леглі цёмнымі лясамі
На нашай долі з даўніх лет [4, т. 6, с. 91].
Сацыяльны, нацыянальны і адначасова асабісты, індывідуальны пачаткі арганічна паяднаныя ў вершы У. Караткевіча “Машэка”:
Нішчу я паноў, замкі іх палю,
Я ламаю іх векавы бізун,
Помшчу за маю бедную зямлю,
За яе жальбу, за яе слязу,
За тваю красу, за маю любоў,
Што ў пакоях іх кветкай адцвіла…
[3, т. 1, с. 93–94]
У гэтым вершы і ўвогуле ў сваёй творчасці У. Караткевіч, звяртаючыся да мінуўшчыны, следам за Я. Купалам імкнуўся знайсці “разгадкі нашых крыўд і бед”.
У паэме “Магіла льва” Я. Купала сказаў: “Але не скрыці ад нікога // Нам крыўды цэлай грамады!” [4, т. 6, с. 97]. І для У. Караткевіча таксама была важная думка народная. Магутны і непераможны вобраз народа стварыў пісьменнік у рамане “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, калі гэты народ пад гукі велічнага харала ў гневе, як ільвіца, падымаўся на бітву супраць сваіх крыўдзіцеляў.
У камедыі “Паўлінка” паказальнымі для У. Караткевіча былі высмейванне дамастроеўскіх асноў засцянковай шляхты, мастацкая змястоўнасць характараў, нацыянальны дух твора, камедыяграфічнае майстэрства аўтара. Прадаўжаючы традыцыі Я. Купалы, У. Караткевіч па-свойму паказаў беларускую шляхту, Напрыклад, у аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха” пры апісанні балю ў Балотных Ялінах з прычыны паўналецця гаспадыні пісьменнік, раскрываючы заняпад шляхецкага саслоўя, з адценнем іроніі паведаміў: “Калісьці адзін пан ехаў на шасці конях, а зараз шэсць паноў на адным кані” [3, т. 4, с. 368]. Ён кпіў у аповесці з фанабэрыі і пыхі дробнапамеснай шляхты: “Размаўляла дама з самым сапраўдным французскім пранонсам, які, як вядома, захаваўся на зямлі толькі ў дзвюх мясцінах: у салонах Парыжа і ў засценку Кабыляны пад Оршай” [3, т. 4, с. 368].
Калі ў аповесці “Сівая легенда” У. Караткевіч паказаў пачатак рэнегацтва беларускай шляхты ў першай трэці XVII ст., то ў аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха” намаляваў яе звыродлівы стан у канцы XIX ст, абумоўлены гэтым рэнегацтвам. І тут нам бачацца таксама традыцыі Я. Купалы, які ў трагікамедыі “Тутэйшыя” вуснамі Янкі Здольніка, што гаварыў з Усходнім і Заходнім вучонымі, саркастычна ахарактарызаваў некаторых жыхароў Беларусі: “ А так, так! Вы згадалі: яны самдзеле тожа – беларусы, з пароды рэнэгатаў і дэгэнэратаў” [4, т. 7, с. 274].
Традыцыі “Пінскай шляхты” В. Дуніна-Марцінкевіча і “Паўлінкі” Я. Купалы развіў У. Караткевіч і ў рамане “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, калі з адценнем іроніі прывёў развагі пра сябе Багдана Роскаша: “Скура ў мяне не такая грубая і закарэлая, як у нейкага там мужыка або ў польскага ці жмойцкага двараніна, і таму я ішоў за высокай сваёй сахою асцярожна, каб церне не ўпялася ў нагу” [3, т. 9, с. 111].
Паэму Я. Купалы “На Дзяды” можна разглядаць ў кантэксце “Трэнаса” М. Сматрыцкага, вобраза Плачкі з твора Я. Баршчэўскага “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”. Раскрываючы ў рамантычнай форме гістарычны лёс Беларусі, душа якой, “звязана, схавана”, стогне, бядуе і плача “ так на ўзмежку, на капцы у полі”, паэт прамаўляе:
Адплацілі роднай матцы
Княжаняты-дзеці:
Відмай кінулі бадзяцца
Сіратой гібеці [4, т. 6, с. 77].
Адзначым, што ў другой палове 1950-х гадоў У. Караткевіч выношваў задуму напісаць цыкл твораў, дзе хацеў асэнсаваць гісторыю беларускай шляхты. Зрабіў гэта ў аповесцях “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Цыганскі кароль”, “Сівая легенда”, рамане “Каласы пад сярпом тваім” і іншых творах. Так, у аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха” паказаў, што злачынства, якое адбылося ў пачатку XVII ст., прывяло да дрэнных вынікаў у будучыні беларускага народа. А ў рамане “Каласы пад сярпом тваім” Даніла Загорскі-Вежа, які адмовіўся прыехаць на пострыг свайго ўнука Алеся, прамовіў: ”Халуі ўсе” [3, т. 7, с. 102]. І гэтыя ягоныя словы добра выявіла не толькі стан беларускага грамадства сярэдзіны XIX ст. Яны стасуюцца ўвогуле да таго грамадства, якое задавалена сваім рабскім становішчам і якое не хоча ці не можа змяніць уласнае жыццё да лепшага.
Пісьменнік не прымаў здраду, двурушнніцтва, крывадушнасць. Супрацьпастаўляў ім высакародства, самаахвярнасць і духоўную прыгажосць, што было ўласціва яго станоўчым героям.
Прыгожая, разумная, дасціпная і вострая на язык Паўлінка з аднайменнай камедыі Я. Купалы, з’яўляецца ўвасабленнем і маладой Беларусі. Яна з паэмы “Яна і я” таксама ўвасабляе жанчыну і Беларусь, якую паэт хоча праславіць “паміж народаў сваіх, чужых зямель” [4, т. 6, с. 119]. Думаецца, што сімвалічнымі з’яўляюцца і вобразы Надзеі Яноўскай з аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха”, Агны Вецер з трагедыі “Маці ўрагану” і іншыя жаночыя вобразы з твораў У. Караткевіча.
Як і творчасць Я. Купалы, творчасць У. Караткевіча прасякнута не толькі трагедыйным, але і аптымістычным, жыццесцвярджальным пафасам. У сваім першым апублікаваным вершы Я. Купала сцвердзіў “Я буду жыць! – бо я мужык!” [4, т. 1, с. 52]. У вершы “Нашай ніве” (“Не загаснуць зоркі ў небе”) прадоўжыў: “Не загіне край забраны, // Покі жывы людзі” [4, т. 3, с. 51]. Веліч, прыгажосць жыцця, кахання, роднай зямлі і яе людзей раскрыў у камедыі “Паўлінка” і паэме “Яна і я”.
У 1955 годзе У. Караткевіч верш “Заяц варыць піва” завяршыў такімі словамі: “Павінна быць і ў зайца радасць // Перад халоднаю зімой” [3, т. 1, с. 70]. Пазней у аповесці “Ладдзя Роспачы” і ў рамане “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” стварыў змястоўныя вобразы Гервасія Вылівахі і Юрася Братчыка, якія ўвасабляюць здаровы народны пачатак ва ўспрыманні і ацэнцы жыцця, народны гумар і аптымізм.
Так, Гервасій Выліваха, жыццялюб, мастак, бунтар, абаронца людзей і шчыры патрыёт роднай зямлі, нават у пекле гуляе ў шмахаты за сваё жыццё з самой Смерцю. У гэтым творы пісьменнік сцвярдзіў, што любоў, цярпенне, смех і жартаўлівасць дазволілі беларускаму народу выжыць у самых неспрыяльных умовах.
Велічным, патэтычным і ўрачыстым гімнам, гонарам за сваю зямлю і яе людзей прасякнуты верш У. Караткевіча “Беларуская песня:
Дзе мой край? Там, дзе людзі ніколі не будуць рабамі,
Што за поліўку носяць ярмо ў безнадзейнай турме,
Дзе асілкі-хлапцы маладымі ўзрастаюць дубамі,
А мужчыны, як скалы, – ударыш, і зломіцца меч [3, т. 2, с. 5].
Нарыс “Зямля пад белымі крыламі” з’яўляецца своеасаблівай мастацкая энцыклапедыяй Беларусі. Гэты твор напісаны таленавіта і з любоўю. Пісьменнік ахапіў у і беларускую гісторыю ад самых старажытных часоў і да 70-х гадоў XX ст., расказаў пра прыроду свайго краю і нацыянальны характар беларуса, згадаў гістарычныя падзеі, напісаў пра славутых грамадскіх і культурных дзеячаў, пра гарады, мястэчкі і вёскі, пра помнікі гісторыі і культуры беларускага народа.
У паэме-ідыліі Я. Купалы “Яна і я” ўслаўлены каханне, жанчына, праца, гармонія і прыгажосць жыцця. Гэту паэму можна суаднесці з такімі творамі, як “Песня песняў” Саламона, “Буколікі” і “Георгікі” Вергілія, “Дафніс і Хлоя” Лонга, “Герман і Даратэя І. В. Гётэ, першы раздзел “Леснікова пасада” з паэмы “Новая зямля” Я. Коласа.
Уладзімір Караткевіч таксама плённа развіваў літаратурна-кніжныя і фальклорна-міфалагічныя традыцыі ў разуменні шчаслівага, гарманічнага і справядлівага грамадства. У рамане “Леаніды не вернуцца да Зямлі” гэта выявілася ў асэнсаванні сутнасці зорак Леанідаў, а ў фінале – падання пра Рагнарадзі: “Ага, калісьці ў скандынаваў было паданне, што наступіць дзень і тады ўсе багі і героі пойдуць на поле, што завецца Рагнарадзі, і стануць біцца ў ім у страшэннай сечы, пакуль усе не падуць, а пасля час скончыцца
Змрочнае паданне. Але Рагнарадзі чалавецтва будзе зусім іншым, светлым. Загінуць усе, хто не хоча або не можа ўвайсці ў новае. Туды ўвойдуць добрыя і жывыя” [3, т. 6, с. 337].
Для герояў паэмы Я. Купалы “Яна і я” раем на зямлі было тое месца, дзе яны жылі. Вуснамі Алеся Загорскага ў рамане “Каласы пад сярпом тваім” пісьменнік расказаў гісторыю-прытчу пра таленавіты, прыгожы і працавіты беларускі народ пра ягоную зямлю, якая з’яўляецца сапраўдным раем і пра “найгоршае ўва ўсім свеце начальства” [3, т. 8, с. 354], якое даў яму Бог.
Уладзімір Караткевіч дасканала ўвасобіў у сваёй творчасці мару беларускага народа пра з’яўленне Хрыста як збаўцы і выратавальніка. Калі гэта мара ў аповесці “Сівая легенда” толькі згадвалася і прысутнічала як намёк, калі ў рамане “Каласы пад сярпом тваім” на падставе легенды пра жарабя Святога Міколы гэта мара набыла спецыфічнае мастацкае развіццё, то ў рамане “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” яна стала скразной, галоўнай.
Майстэрствам і глыбінёй зместу вызначаюцца заключныя раздзелы рамана, дзе апісваецца сон Братчыка, ягоны шлях на галгофу і ягоная сустрэча з сябрамі. У сне ён узнёсся на неба, у рай і убачыў там дастатак і заможнасць. Як народная і аўтарская мара пра лепшае жыццё з’явілася перад вачамі Братчыка і тая зямля, з якой ён прыйшоў: “Абдзёртая і няшчасная пры ім, абрабаваная ваяводамі і войтамі і драпежнымі набегамі чужынцаў, яна зараз распасціралася перад ім у нятленным ззянні вечнай красы”. І гучала на ёй, “ як музыка, пяшчотная і цвёрдая, прыўкрасная, вечная неўміручая беларуская мова” [3, т. 9, с. 450].
Янка Купала ў паэме “Магіла льва” пісаў:
Збіраць пачнем зярно к зярняці,
Былое ў думках ускрашаць,
Каб быт на новы лад пачаці
І сеўбу новую пачаць [4, т. 6, с. 91].
Уладзімір Караткевіч у мінуўшчыне таксама шукаў адказы на балючыя пытанні сучаснасці. Алесь Загорскі, Кастусь Каліноўскі з рамана “Каласы пад сярпом тваім” гатовыя ахвяраваць уласным жыццём дзеля абнаўлення і паляпшэння грамадства.
Велічны і сімвалічны атрымаўся фінал рамана У. Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, дзе сейбіты на чале з Хрыстом “падымаліся на вяршыню круглага пагорка, як на вяршыню зямнога шара” . Ішлі яны насустрач нізкаму сонцу, “і, гатовае да довага жыцця, падала зерне ў цёплую, мяккую зямлю” [3, т. 9, с. 472].
Для абодвух мастакоў актуальная была думка пра арганічную повязь часоў. У паэме Я. Купалы “На Куццю”, калі ў фантастычнай сцэне княжацкага балю на старым замчышчы ў калядны вечар князю ягоныя ганцы прынеслі добрую навіну, што людзі ягонай зямлі не ўмёрлі, то ён выказвае веру, што “не ўмруць, не ўмруць ужо яны, // Раз хочуць сонца, славы, песні” і таму прапануе:
А чарку першую ўзнясём
За цень мінуўшчыны у сеці,
Другой к цяпершчыне прап’ём,
Праславім будучыню трэцяй [4, т. 6, с. 70].
Уладзімір Караткевіч у інтэрв’ю А. Мальдзісу сказаў: “У падзеях мінулага – нашы карані. А дрэва без каранёў не можа ні існаваць, ні, тым больш, прыносіць плады” (Літ. і мастацтва, 1967, 21 ліп.). Гэта думка ўвасобілася і ў рамане “Чорны замак Альшанскі”, дзе пісьменнік дасягнуў асаблівай свабоды самавыяўлення, паказаў багацце і разнастайнасць жыцця, выступіў супраць духоўнага спусташэння чалавека і дзе раскрыў не прыватную і займальную гісторыю, што здарылася з яго героямі, а выявіў повязь паміж мінуўшчынай і сучаснасцю, раскрыў жыццё ў яго складанасцях і супярэчнасцях, сцвердзіў думку пра непераможнасць і ўсемагутнасць дабра і чалавечнасці.
Янка Купала і Уладзімір Караткевіч, такія розныя і непаўторныя ў сваёй творчасці, былі блізкія ў сваіх адраджэнскіх ідэалах, у сваіх марах пра шчаслівую будучыню Беларусі.
Літаратура
- Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. – Ф. 25. – Воп. 2. – Адз. зах. 66. – С. 14, адв.
- Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, кніга водгукаў 1948–1955 гг., філіял музея Янкі Купалы ў Вязынцы.
- Караткевіч У. Збор твораў: у 25 т. / У. Караткевіч. – Мінск: Маст. літ., 2012–2015. – Т. 1–10. Творы У. Караткевіча цытуюцца па гэтым выданні, том і старонка падаюцца ў дужках.
- Купала, Я. Поўны збор твораў: у 9 т. / Я. Купала. – Мінск: Маст літ., 1995–2003. Творы Янкі Купалы падаюцца па гэтым выданні, том і старонка падаюцца ў дужках.
- Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі, аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў. – Ф. 11. – Воп. 2. – Адз. зах. 115. – С. 1.
А. Л. Верабей
Крыніца публікацыі: Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай: да 750-годдзя з дня нараджэння Дантэ Аліг’еры і 85-годдзя Уладзіміра Караткевіча: матэрыялы XII Міжнар. навук. канф., Мінск, 22–24 кастр. 2015 г. : у 2 ч. / пад рэд. Г. М. Бутырчык. – Ч. 1. – Мінск: Выд. цэнтр БДУ, 2015. – С. 15–26.