Празаік, дзіцячы пісьменнік, крытык, літаратуразнавец, грамадскі дзеяч.
Народны пісьменнік БССР (1962). Акадэмік АН БССР (1953). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1968).
Міхаіл Ціханавіч Лынькоў нарадзіўся 30 лістапада 1899 года ў вёсцы Зазыбы Віцебскага павета Віцебскай губерні ў сям’і чыгуначніка. Сям’і Лыньковых даводзілася шмат пераязджаць і часта змяняць месца жыхарства. Дзіцячыя гады правёў у казарме на перагоне між станцыямі Магілёў і Лотва, потым у чыгуначнай будцы на перагоне між станцыямі Тошчыцы і Рагачоў. Але неўзабаве бацька Лынькова атрымаў пасаду пуцявога абходчыка. У школу пайшоў у вёсцы Старое Сяло пад Рагачовам. Скончыў двухкласную школу пры Рагачоўскай настаўніцкай семінарыі, а ў 1917 г. і саму семінарыю. Падзарабляў на чыгунцы, даваў прыватныя ўрокі. Настаўнічаў у Ліпініцкай земскай школе (цяпер Буда-Кашалёўскі раён). У 1919—1922 гг. служыў у Чырвонай Арміі. Удзельнічаў у савецка-польскай вайне, ваяваў з атрадамі С. Булак-Балаховіча. Пасля дэмабілізацыі настаўнічаў у вёсцы Свержань Рагачоўскага раёна. У 1925—1928 гг. — адказны сакратар рэдакцыі, намеснік рэдактара, у 1928—1930 гг. — рэдактар бабруйскай акруговай газеты «Камуніст». Арганізатар і кіраўнік Бабруйскага філіяла «Маладняка», быў адным з кіраўнікоў Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў (БелАПП). У 1930 г. пераехаў з Бабруйска ў Мінск. Працаваў у Дзяржаўным выдавецтве БССР (1930—1932), быў сакратаром аргкамітэта Саюза пісьменнікаў Беларусі (1932—1934) гг.), старшынёй праўлення Саюза пісьменнікаў БССР (1938—1948 гг.) З 1934 па 1941 г. рэдагаваў часопіс «Полымя рэвалюцыі». Удзельнік паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь (1939), рэдагаваў газету «Беларуская звязда» — орган палітупраўлення Беларускага фронту. У 1941—1942 гг. — рэдактар франтавой газеты «За Савецкую Беларусь» (выходзіла на Заходнім, Цэнтральным і Бранскім франтах). У час вайны друкаваўся ў газетах «Правда», «Известия», «Раздавім фашысцкую гадзіну» і інш. У 1943—1946 гг. і 1949—1952 гг. — дырэктар Інстытута літаратуры, мовы і мастацтва АН БССР.
Выбіраўся кандыдатам у члены ЦВК БССР (1921—1931 гг.), дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 1-га склікання (1940—1945). У складзе дэлегацый БССР неаднаразова ўдзельнічаў у працы сесій Генеральнай Асамблеі ААН.
У Саюзе пісьменнікаў СССР з першага года ўтварэння (1934).
Памёр 21 верасня 1975 г., пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.
Пачаў друкавацца з 1919 г. Выступіў у друку з апавяданнямі ў 1926 г. Выдаў зборнікі прозы «Апавяданні» (1927), «Гой» (1929), «Андрэй Лятун», «Апошні зверыядавец» (абодва — 1930), «На вялікай хвалі» (1934), «Баян» (1935), «Сустрэчы» (1940), «Астап» (1944) і інш. Аўтар раманаў «На чырвоных лядах» (1934), «Векапомныя дні» (1958, 2-е перапрац. выд. —1969). Напісаў нарыс «Герой Савецкага Саюза Канстанцін Заслонаў» (1944).
Аўтар кніг для дзяцей «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» (1937), «Міколка-паравоз» (1937), «Янка-парашутыст» (1937), «Ядвісін дуб» (1940) і інш.
Міхасю Лынькову належаць літаратуразнаўчыя працы «Беларуская літаратура за 30 год» (1948, на беларускай і рускай мовах), «Якуб Колас» (1952), «Летапіс эпохі: Беларускай савецкай літаратуры пяцьдзясят год» (1968). зборнікі «Літаратура і жыццё» (1978), «Публіцыстыка» (1980).
Выйшлі Зборы твораў у чатырох (1967—1968) і васьмі (1981—1985) тамах.
Узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна, трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі.
Пераклаў на беларускую мову асобныя творы А. Гідаша, М. Горкага, М. Ціханава і інш.
Імeм Міхася Лынькова названы вуліцы ў Мінску і Бабруйску, у пасёлку Лужасна Віцебскага раёна, яго імя носіць Крынкаўская сярэдняя школа Лёзненскага раёна, мемарыяльныя дошкі ўсталяваны ў Мінску на доме № 12 на праспекце Незалежнасці, дзе жыў народны пісьменнік, на доме № 1 па вуліцы Міхася Лынькова, у Бабруйску на будынку, дзе месцілася рэдакцыя газеты «Камуніст».