ПЕСНЯ СЭРЦА

Беларускія паэты — песняры кахання

(у дапамогу студэнтам: дыдактычны матэрыял да вывучэння беларускай лірыкі)

0
5785

ЯНКА КУПАЛА

З недацветаў

Зелянелі лагі,
Зацвіталі сады, —
З маладою сваёй
Я спаткаўся тады.
 
Вецер косы яе
Расплятаў, спавіваў,
Прыпадаў да грудзей,
Калыхаў, напяваў…
 
Абняліся мы з ёй,
Божым сном паплылі
Ўдаль да сонца ўдваіх
Па зялёнай зямлі,
 
Па квяцістым пуці,
Паласой залатой,
Ўдаль да сонца ўдваіх
Заадно з яснатой…
 
Пад агністай зарой,
Над сівым курганом
Заручаліся з ёй
Туманом і агнём…
 
Аж нязменная ноч
Наплыла, апляла,
Непраходнай сцяной
Паміж намі лягла:
 
Маладую маю
Разлучылі са мной…
     …………………
Так расстаўся навек
Я з сваёю вясной.
1911

ЯКУБ КОЛАС

Маёй Вясне

Я шмат пісаў, складаў ёй оды,
Маёй красе, маёй Вясне,
Яна ж была скупой заўсёды,
На ключ замкнёнай для мяне.
 
На голас мой не чуў адказу,
І я іду, нібы скрозь мжу,
Ды я ніколі і ні разу
Ёй злога слова не скажу.
 
Няўжо ж не буду знаць нічога
Ні ў яве-дню, і ў ночы-сне,
Была ці не яе дарога
Хоць раз скірована ка мне?
 
І я гадаю так і гэтак,
А ў сэрцы словы мне гучаць:
Ты не збярэш вясёлых кветак,
І час прыйшоў твой замаўчаць.
 
Ну што ж? Маўчу. На развітанне
Апошні раз ужо скажу:
Маю Вясну, як сонца ззянне,
Я ў сэрца з сумам палажу.
 
Дык не судзі ж мяне, як блазна.
Даруй мне ўсё, Вясна мая —
Ніхто не будзе так прыязны,
Як быў к табе прыязны Я.
18/ІV 1943

ПЯТРУСЬ БРОЎКА

Пахне чабор…

Хiба на вечар той можна забыцца?
…Сонца за борам жар-птушкай садзiцца,
Штосьцi спявае пяшчотнае бор,
Пахне чабор,
Пахне чабор…
 
Лёгкiя крокi на вузкай сцяжынцы.
Дзеўчына ў белай iскрыстай хусцiнцы,
Быццам абсыпана промнямi зор.
Пахне чабор,
Пахне чабор…
 
Выйсцi б насустрач, стаць i прызнацца.
Вось яно — блiзкае, яснае шчасце,
Клiкнуць хацелася — голас замёр.
Пахне чабор,
Пахне чабор…
 
Год адзiнаццаць, а можа, дванаццаць
Сэрца балiць, што не здолеў спаткацца,
Сэрца нязменна хвалюе дакор.
Пахне чабор,
Пахне чабор…
 
Час той схаваўся за дальняй гарою,
Здасца хвiлiнай — яна прада мною…
Выйду. Гукаю. Маўклiвы прастор.
Пахне чабор,
Пахне чабор…
1957

АРКАДЗЬ КУЛЯШОЎ

Бывай…

Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая.
Чаму так горка, не магу я зразумець.
Шкада заранкі мне, што ў небе дагарае
На ўсходзе дня майго, якому ружавець.
 
Ці помніш першае нясмелае прызнанне?..
Над намі жаўранкам звінеў і плакаў май.
Назаўтра золкае, туманнае світанне,
Суровы позірк твой і мой нямы адчай.
 
Пайшла ты, любая, пад гоман жоўтых сосен,
Пайшла, маўклівая, пад хваль жытнёвых шум,
Туды, дзе гойдала зялёнае калоссе
На сцежках ростані мой адзінокі сум.
 
Пайшла за ціхія, далёкія прасторы
Світальнай зоркай ты, што гасне ў сіняве.
Душы пакрыўджанай гарачыя дакоры
Слязой халоднаю застылі на траве.
 
Пайшла, пакінуўшы мне золкі і туманы,
Палынны жаль смугой ахутаных дарог,
Каб я хвілінны боль і горыч гэтай раны
Гадамі ў сэрцы заглушыць сваім не мог.
 
Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся.
Бывай, смуглявая, каханая, бывай.
Стаю на ростанях былых, а з паднябесся
Самотным жаўранкам звініць і плача май.
 
Бывай, абуджаная ў сэрцы, дарагая.
Твой светлы вобраз панясу я па жыцці.
На ўсходзе дня майго заранка дагарае,
Каб позна вечарам на захадзе ўзысці.
1928 г.

МАКСІМ ТАНК

Завушніцы

О, колькі раз прасіў я
Назначыць мне спатканне;
О, колькі раз хацеў я
Прызнацца ёй у каханні!
Ды ўсё перашкаджалі,
Калі дзяўчыне верыць,
То павадак вясновы,
То прымаразак-шэрань.
Але і я — упарты.
I каб свайго дабіцца,
Прасіў я шчыра майстра
Зрабіць ёй завушніцы.
На гэтых завушніцах
Я напісаў закляцце —
Усё, што не сказаў ёй,
А ў чым хацеў прызнацца.
Сягоння не ўцячэ ўжо
Ад слоў маіх гарачых
Ні ў час, калі смяецца,
Спявае або плача.
Ні ў час, калі прыляжа,
Змарыўшыся, змярканнем, —
Звіняць ёй завушніцы
Ўсё пра маё каханне.
1959

ПІМЕН ПАНЧАНКА

Рабінавы гай

Восень, жоўтым крылом не махай,
Не ўзляцець табе ўслед за зязюлямі.
Я прыйшоў у рабінавы гай,
Гай мой ціхі,
Як сам я, зажураны.
 
Лета справіла шчодра памінкі:
На рабінах — чырвоны агонь.
Гэта гронкі маіх успамінаў,
Гэта колер болю майго.
 
Гэта след і зары, і кахання,
Знак праклятай замовы,
Дрэў апошняе красаванне
Перад белаю карай зімовай.
 
Зноў зямля стане белым экранам.
Дык няўжо, што было, — упустую?
І чырвоныя гронкі, як раны,
Снегапад забінтуе?
 
Птушкі чырвань усю раздзяўбуць
Па ягадцы, па ягадцы,
Каб вясною рабінам вярнуць
Па песеньцы, па песеньцы.
 
А ці вернешся ты, дарагая,
Да гэтага гаю?
1964

НІЛ ГІЛЕВІЧ

* * *

Родная, мілая, любая!
Свет заімгліўся журбой.
Непагадзь страшная, лютая
Нас не мінула з табой.
З яснае выбіла.
Згасла вясёлка-дуга.
Вочы праменныя выпіла
Чорная скруха-туга.
 
Мілая, любая, родная!
Як ты далёка была!
Як, непрытульна-халодная,
Вечнасць марудна плыла!
Днямі пустынна-вятрыстымі
Стыла ў самоце душа,
Покуль, як лодка да прыстані,
Радасць да сэрца ішла.
 
Любая, родная, мілая!
Зноў я адчуў, што жыву.
Ясніцца далеч імглівая.
Свет разганяе журбу.
Холад далоняў не выстудзіў.
Сівер не выдзьмуў цяпла.
Д’ябал у Бога не высудзіў
Тое, што ты мне дала.
1994

РЫГОР БАРАДУЛІН

Добрай раніцы!

A птушкі расстанне прарочаць.
Зара маладая займаецца…
Кажу я табе:
                     — Добрай ночы!
Хоць трэба казаць:
                    — Добрай раніцы!
 
I вочы ўглядаюцца ў вочы,
Вясёлыя, шчыра ўсміхаюцца.
I кажуць яны:
                     — Добрай ночы!
Хоць трэба казаць:
                      — Добрай раніцы!
 
I рукі разняцца не хочуць —
Мацней яшчэ толькі сціскаюцца.
I кажуць яны:
                      — Добрай ночы!
Хоць трэба казаць:
                      — Добрай раніцы!
1957

Крыніцы мастацкіх тэкстаў

Барадулін, Р. Выбраныя творы: у 2 т. / Р. Барадулін. — Мінск: Маст. літ., 1984. — Т. 1: Вершы. — С. 30.

Броўка, П. Збор твораў: у 9 т. / П. Броўка. — Мінск: Маст. літ., 1988. — Т. 3: Вершы, паэмы, 1954—1964. — С. 77.

Гілевіч, Н. Выбраныя творы / Н. Гілевіч; уклад., камент. Н. Гілевіча; прадм. У. Конана. — Мінск: Кнігазбор, 2009. — С. 144—145.

Колас, Я. Збор твораў: у 23 т. / Я. Колас. — Мінск: Беларус. навука, 2008. — Т. 3: Вершы (1939—1945). — С. 122—123.

Куляшоў, А. Збор твораў: у 5 т. / А. Куляшоў. — Мінск: Маст. літ., 1974. — Т. 1: Вершы. — С. 27—28.

Купала, Я. Збор твораў: у 9 т. / Я. Купала. — Мінск: Маст. літ., 1997. — Т. 3: Вершы, пераклады (1911—1914). — С. 15—16.

Танк, М. Збор твораў: у 13 т. / М. Танк. — Мінск: Беларус. навука, 2006. — Т. 3: Вершы (1954—1964). — С. 113—114.

Падрыхтаваў А. І. Бельскі.