Пенталогія «Трывожнае шчасце» і раман «Вазьму твой боль» – знакавыя для Івана Шамякіна творы. Сапраўды, паняцці шчасця і болю вызначальныя ў лёсе народнага пісьменніка. А лёс яго, асоба яго – і характэрныя для эпохі, і адметныя ў гісторыі беларускай літаратуры.
Лёс, творчую індывідуальнасць творцы вывучае псіхалогія літаратурнай творчасці. Навука пакуль мала распрацаваная, але надзвычай важная ў сувязі з інтэнсіўным стварэннем штучнага інтэлекту, увогуле павелічэннем хуткасці прагрэсу цывілізацыі.
Творчы працэс – складаная рэч, ён вельмі розны ў розных пісьменнікаў, з цяжкасцю ўводзіцца ў межы якіх-небудзь дакладных фармулёвак і законаў, часам невытлумачальных для саміх творцаў. Большасць з іх могуць перадаць толькі свае адчуванні ад творчага працэсу, ці тое, як нараджаецца натхненне, узнікае задума твора, але яны не здольны рацыянальна раскласці творчы працэс на часткі, глыбока разабрацца ў яго сутнасці.
Яшчэ ў 1980-я гады, калі пачала – па прапанове нашага загадчыка кафедры, прафесара А. А. Лойкі, – рыхтаваць дысцыпліну «Псіхалогія літаратурнай творчасці», я распрацавала даволі вялікую анкету для пісьменнікаў і паслала на іх адрасы. Адказалі толькі У. Караткевіч і В. Адамчык. Яны тады жылі побач на адной пляцоўцы ў пісьменніцкім доме па вуліцы К. Маркса, 36, і Уладзімір Сямёнавіч угаварыў Адамчыка адказаць на мае пытанні. А мне Караткевіч паведаміў, што сам збіраецца займацца гэтай праблемай, таму і адгукнуўся на маю просьбу. Як вядома, ён не паспеў… Яго адказы на прапанаваную анкету ўвайшлі ў 8-томны Збор твораў і ў Поўны збор твораў класіка, які рыхтуецца прафесарамі нашага філалагічнага факультэта пад кіраўніцтвам лепшага знаўцы літаратурнай спадчыны Уладзіміра Караткевіча А. Л. Вераб’я. А астатнія пісьменнікі, нават сябры І. Шамякіна, якія часта наведвалі наш дом, так і не здолелі авалодаць матэрыялам – прааналізаваць уласную творчую індывідуальнасць. Відаць, тут ёсць свая заканамернасць. Гэта сведчанне таго, што творчы працэс з’яўляецца настолькі непасрэднай функцыяй свядомасці майстроў, што часта няўлоўны для саміх яго носьбітаў. Тым больш каштоўныя іх уласныя назіранні над сабою – як ва Уладзіміра Караткевіча.
І. Шамякін таксама не раз апавядаў пра сябе – на сустрэчах з чытачамі, адказваючы на іх шматлікія пытанні. Ён цікава расказваў сваю біяграфію, але ва ўласны творчы працэс асабліва не паглыбляўся, хоць пра сяброў, калег пісаў шмат, пранікнёна і таленавіта. Больш, чым ён, ніхто не выдаў меморый пра беларускіх пісьменнікаў, прычым меморый добразычлівых, нават кранальных. Яны – вынік уласных назіранняў, творчых кантактаў з калегамі, а не вынік навуковых доследаў. Тым не менш у яго ўспамінах шмат дакладных характарыстык, слушных дэталяў.
Асоба самога Івана Пятровіча таксама цікавая. Яе тым больш важна вывучаць, што менавіта ў яго ў найбольшай ступені супадалі ўласная чалавечая сутнасць і тое, што ён прапаведваў у творчасці. А гэта далёка не заўсёды адпавядае адно аднаму – пісьменнік як асоба і пісьменнік як творца.
Пра І. Шамякіна пісалі шмат, у тым ліку самыя вядомыя ў Беларусі даследчыкі – акадэмікі В. Каваленка, І. Навуменка, У. Гніламёдаў. Выхад у свет 23-томнага Збора твораў Івана Шамякіна (2007–2014 гг.) з грунтоўнай прадмовай У. Гніламёдава садзейнічаў больш уважліваму сучаснаму прачытанню творчасці І. Шамякіна. Менавіта Уладзімір Гніламёдаў назваў Шамякіна «летапісцам дзвюх эпох», і словы гэтыя аказаліся ў дачыненні да Івана Пятровіча крылатымі, надзвычай дакладнымі. Збор твораў рыхтаваўся пад кіраўніцтвам члена-карэспандэнта НАН Беларусі М. Мушынскага, які ў працэсе падрыхтоўкі тамоў зрабіў таксама і «Летапіс жыцця і творчасці І. Шамякіна». На жаль, Міхась Іосіфавіч не паспеў давесці працу да канца, таму поўнай яе назваць нельга. Тым не менш гэта надзвычай каштоўная кніга, важкі ўнёсак у беларускае літаратуразнаўства, бо тут маюць значэнне не толькі шматлікія, часта малавядомыя, факты з жыцця Шамякіна, але і замацаванне, на прыкладзе яго лёсу, метадалагічных асноў такога кшталту рэдкіх выданняў.
Псіхалогія творчасці вывучае розныя аспекты асобы пісьменніка. Гуманітарная навука звяртаецца і да метадаў генетыкі, грунтуецца на іншых прыродазнаўчых навуках. У наш час біёлагі ўслед, як ні дзіўна, за старажытнымі астролагамі, сцвярджаюць, што момант зачацця больш важны, вызначальны для лёсу чалавека, чым момант яго нараджэння. Ды толькі бацькі, як правіла, не расказваюць дзецям пра абставіны іх зачацця – няёмка ім, што зразумела, і не ўсе памятаюць. Пры жаданні ў наш час, калі мы вывучаем значную асобу, можна вышукаць звесткі пра кліматычную, нават астранамічную абстаноўку, некаторыя іншыя знешнія абставіны пачатку жыцця таго ці іншага чалавека.
Яшчэ ў канцы ХІХ ст. выдатны італьянскі псіхолаг Чэзарэ Ламбразо, на працы якога і сёння часта спасылаюцца, звяртаў увагу на неабходнасць, даследуючы творчую асобу, ведаць геаграфічныя, кліматычныя, увогуле прыродныя ўмовы яе фарміравання. На практыцы, у канкрэтным разглядзе творчасці пісьменнікаў, гэта рэдка вытрымлівалася – у асноўным заўсёды звярталася ўвага на біясацыяльныя і сацыяльныя фактары: уплыў сям’і, асяроддзя, грамадства, абставін быцця.
Іван Шамякін нарадзіўся на паўднёвым усходзе Беларусі – у вёсцы Карма Добрушскага раёна Гомельскай вобласці. У геолагаў свае меркаванні наконт дадзенага рэгіёна, але асабіста я мяркую, што гэта былое дно так званага Мора Герадота, як і ўсё Палессе. Прычым размяшчалася мора і тое, што ад яго засталося, на так званай Рускай платформе, магутнасць чахла якой тут – 500–700 м, а пад ім пароды моцнага базальтавага фундаменту. З карысных выкапняў – торф, гліна, пясок. Невыпадкова ў Добрушы працуе адзін з найбольш вядомых на постсавецкай прасторы завод фарфоравых вырабаў, а фарфор робіцца са жвіру. Такім чынам, зямля несла на сабе дастаткова разнастайныя пласты. І ў кожнага такога пласта свая, так бы мовіць, аўра, як яна ёсць у кожнага чалавека. Маецца на ўвазе тое, что выпраменьванні ад геалагічных пластоў абавязкова неяк праецыруюцца на паверхню зямлі.
У наш час усё большую папулярнасць атрымлівае біяэнергаінфарматыка (БЭІ) – навуковы напрамак, які вывучае інфармацыйна-энергетычныя стасункі ў прыродзе і ў грамадстве. У БЭІ заключаны элементы пошуку новых парадыгмаў, якія маюць якраз у многім псіхалагічны аспект, ва ўсялякім разе звязваюць псіхіку чалавека з самымі рознымі сістэмамі жывога і нежывога (а відаць, у сусвеце ўсё жывое, а значыць, усё валодае свядомасцю).
Такім чынам, у Добрушскім раёне пераважалі пяскі, гліна, торф, дададзім і дастаткова неўрадлівыя глебы, як у большасці рэгіёнаў Беларусі. На характар беларусаў дрэнна гэтыя рэчывы не ўплывалі, але ці мелі нашы землякі ў дастатковай колькасці ўсе мікраэлементы, неабходныя для нармальнага фізіялагічнага развіцця? Я думаю, усё ж мелі, бо шмат якія мікраэлементы выпрацоўваюць расліны, што абумоўлена іх генетычнай прыродай. У любым выпадку нашы продкі прыстасаваліся да пэўнага прыроднага акружэння, пэўнай флоры. Добруш і вёску Карму акружалі суцэльныя лясы з надзвычай багатай расліннасцю. Шамякін і вырас у лесе.
На характар мясцовасці, а значыць, і на характар людзей, што на ёй жывуць, вялікі ўплыў аказваюць вадаёмы. Зямляк І. Шамякіна, наш выдатны мастак і дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў назваў Добруш «маленькай Венецыяй», бо горад акружаюць рэчкі і каналы. А бягучая вада – гэта па сутнасці і своесаблівая дарога па паверхні зямлі, і разлом у зямной кары, які звязвае чалавечую цывілізацыю з глыбокімі нетрамі, надзвычай таямнічымі.
Продкі, як ні дзіўна, часцей паглядалі на неба, чым мы, бо ведалі сваю ад яго залежнасць. Адной з самых папулярных навуковых тэорый ХХ ст. з’яўляецца геліябіялогія нашага земляка Аляксандра Чыжэўскага (ён родам з Гродненшчыны). А. Чыжэўскі, вучань К. Цыялкоўскага, даказаў залежнасць жыцця індывідаў і нават вялікіх соцыумаў ад тых ці іншых працэсаў на Сонцы. Праўда, яшчэ нашы продкі славяне цудоўна ведалі, што яны – «дзеці сонца», з ім звязана не толькі гаспадарчая дзейнасць, але і святы, абрады, фактычна ўвесь побыт. Уласна, геліябіялогія – толькі сегмент вялікага напрамку ў навуковым дыскурсе, які бярэ пачатак яшчэ ад старажытнай астралогіі. Астралогія сапраўды прайшла літаральна тысячагадовы шлях развіцця: у кожнага ўладара, пачынаючы ад часоў Старажытнага Егіпта і Вавілона, былі сярод служак свае астролагі, якія пастаянна назіралі за небам і без рэкамендацый якіх ні адна справа не рабілася. Наш Сімяон Полацкі цікавіўся астралогіяй і зрабіў дакладны гараскоп Пятра Першага, калі будучы імператар толькі нарадзіўся. Вераць у астралогію, якую лічаць сур’ёзнай навукай (яна ж заснавана на матэматыцы, на складаных разліках), і многія сучаснікі. Астралогія, безумоўна, не навука, а паранавука, але адносную ісціну сцвярджае – залежнасць жыцця асобнага чалавека і груп людзей ад касмічных фактараў. Лёс асобы не прама вызначаецца размяшчэннем зорак і планет на небе, але, ясна, што космас, і найперш Сонца, аказваюць выключнае ўздзеянне на Зямлю, на яе прыроду і, адпаведна, на гаспадарчае і нават палітычнае быццё грамадства.
Працэсы, што адбываюцца на Сонцы, цыклічныя. Ёсць цыклы на мільёны гадоў, на сотні тысяч, на сто гадоў, на адзінаццаць гадоў. Але для людзей найбольш відавочныя – унутрыгадавыя. Беларускія класікі Янка Купала, Кузьма Чорны, Васіль Быкаў нарадзіліся летам. Іх асобы і творчасць нясуць, безумоўна, святло і дабро, сонечныя па сваёй сутнасці. Але, мне здаецца, светаадчуванне ва ўсіх згаданых слынных творцаў дастаткова драматычнае. Якуб Колас, Андрэй Макаёнак, якія нарадзіліся восенню, Максім Багдановіч, Іван Шамякін, Іван Мележ, якія нарадзіліся зімой, больш жыццярадасныя па светаадчуванні. Таму што вызначальным з’яўляецца менавіта момант зачацця. У народжаных восенню і зімой зачацце – вясной, і перынатальны перыяд прыйшоўся на сонечныя, светлыя, цёплыя дні. Нездарма ва ўсходніх краінах – Кітаі, Карэі, Японіі – пачатак жыцця чалавека лічыцца не з дня нараджэння, а з дня зачацця. Але паколькі вылічыць такі дзень не заўсёды магчыма, то ўсім толькі народжаным дзецям у Азіі адразу прыбаўляюць адзін год.
Безумоўна, не толькі перынатальны перыяд, але і абставіны жыцця накладваюць адбітак на характары мастакоў і іх светаўспрыманне, скажам, смяротная хвароба М. Багдановіча не магла не паўплываць на творчасць, якая, тым не менш, у цэлым выключна жыццесцвярджальная. Я добра памятаю і цяжка хворага апошнія дваццаць гадоў яго жыцця Івана Мележа. Але ён пераадольваў хваробу штодзённай працай, што нязменна даравала радасць, таму стварыў свой адметны, выключна гарманічны, ва ўсім беларускі эпічны стыль, на якім ніяк не адчуваюцца ўсе цяжкасці існавання аўтара. Таму што асноўнае закладзена прыродай. Як гавораць, талент – ад Бога (ад прыроды), але характар таленту можа быць розны, і ён у многім абумоўлены псіхатыпам.
Шамякін па псіхатыпе (а псіхатып – прыроджаная якасць) надзвычай жыццярадасны. Я памятаю яго – да пачатку 1990-х гадоў – як чалавека смяшлівага і заўсёды сярод людзей вясёлага (нездарма ён пасябраваў з камедыёграфам А. Макаёнкам, які яго пастаянна смяшыў), іранічнага да многіх з’яў у грамадстве і самаіранічнага, а таксама выключна дапытлівага і цікаўнага да самых розных праяў жыцця.
Дапытлівасць развілася ў дзяцінстве. Найперш дзякуючы працы. Іван – старэйшы з чатырох дзяцей Шамякіных. Таму ён заўсёды дапамагаў маці. Бацька яго – служачы, ляснік, у яго хапала працы па ахове лесу, і хатнімі справамі ён асабліва не займаўся. А ўсе клопаты ў полі, на агародзе, па догляду за жывёламі і, безумоўна, хатняя праца ўскладвалася на маці – Сынклецію Сцяпанаўну. Іван Пятровіч і знешне падобны больш да яе, да роду Калініных (дзявочае прозвішча маці), а не Шамякіных. Ды і па рахманым характары ён – у маці. Дарэчы скажу, што яго арганізатарскія здольнасці ўжо ў дарослым узросце, магчыма, ад дзеда – Сцяпана Калініна, якога настолькі паважалі ў вёсцы, што на працягу больш чым дваццаці гадоў выбіралі старастам вялікай Кармы.
Важны занятак маленькага Івана – пасвіць свойскую жывёлу ў лесе. Бо сям’я жыла, калі бацька стаў лесніком, менавіта ў лесе, на так званых «стражах». Шмат якія іншыя беларускія пісьменнікі ў дзяцінстве – пастухі. Паколькі гэта ўважлівы нагляд (ваўкоў, рысяў тады было поўна), то дзеці развівалі ў сабе назіральнасць: неабходна было сачыць за лясным гушчаром, ды і за зменамі ў надвор’і. Менавіта назіральнасць – пачатак фарміравання таленту.
Мой бацька, ужо будучы пісьменнікам, набыўшы машыну, часта вывозіў нашу сям’ю ў пушчу па грыбы і ягады. Мы з маці адыходзілі далёка, а ён заўсёды заставаўся каля машыны, хадзіў вакол яе, асабліва не аддаляючыся. Але дзіўна – заўсёды набіраў больш грыбоў, чым мы ўсе разам. Гэта вынік добрай назіральнасці, умення арыентавацца ў лесе, выпрацаванага ў дзяцінстве.
Сузіранне з’яў, працэсаў у прыродзе выхоўвала тонкасць і абвостранасць успрыняцця, навык заўважаць дробязі і нюансы прыроднага жыцця. У той жа час звыклая адзінота вымагала і да рэфлексіі, паглыблення ва ўласную душу, саманазірання. Так фарміраваўся Шамякін-пісьменнік. Прырода ўвайшла ў яго сэрца як Радзіма, вобразы прыроды – праекцыя Радзімы. Прычым у Шамякіна – менавіта як сацыяльнага аўтара – можна заўважыць імкненне пераносіць прыродную гармонію на чалавечае грамадства. Шамякін – ідэаліст, бо заўсёды спадзяваўся на лепшае, ва ўсялякім разе марыў пра лад у свеце, пры гэтым пільным вокам заўважаў у ім шматлікія антаганізмы. На ўсіх этапах творчасці ў яго можна прасачыць тугу па прыроднай прыгажосці і прагу адкрыць ці сцвердзіць яе ў соцыуме.
Сялянскае паходжанне і выхаванне абумовілі цвярозасць розуму пісьменніка, яго мэтанакіраванасць, дысцыплінаванасць, цягавітасць – працаваў да апошніх дзён жыцця.
Назіральнасць садзейнічала і добрай памяці. Ніякіх сімптомаў страты памяці нават і перад смерцю ў таты не назіралася. Мяркую, гэта звязана таксама і з яго манерай чытання. Чытаў вельмі павольна, вяртаўся да прачытаных старонак, шмат што падкрэсліваў алоўкам. Затое запамінаў назаўсёды. І гэта відаць па творах: яго героі ўзгадваюць цытаты, назвы, персанажаў з мноства класічных твораў – практычна цытуюць Біблію, ледзь не ўсіх аўтараў беларускай, сусветнай літаратуры.
Адносна чытання самога Івана яшчэ ў дзяцінстве: бацька толькі паказаў яму літары, і вельмі здзівіўся, калі праз два месяцы высветліў, што сын ужо бегла чытае. У выніку ў школу на дзявятым годзе жыцця Шамякін пайшоў добра падрыхтаваным. Вучоба давалася яму лёгка. Праўда, з-за пераездаў сям’і школы прыходзілася неаднаразова мяняць. Да пятага класа вучыўся ў вёсцы Краўцоўка, дзе асабліва ўдзячны настаўніцы Валянціне Рабцавай. У пятым класе жыў у вёсцы Церуха Гомельскага раёна: тут вучыўся разам з Машай Кротавай, якая праз некалькі гадоў, у 1940 г., стане яго жонкай, каханай на ўсё жыццё і прататыпам шэрагу твораў. Шосты клас – гэта школа ў роднай Карме, і жыў Іван не з бацькамі, а з бабуляй Калінінай. Тут стаў, па яго ж словах, «прыкладным вучнем, выдатнікам, дысцыплінаваным, актыўным». Такім ён заставаўся і ў дарослым узросце – у войску, дзе выбіраўся камсоргам дывізіёна, і ў Саюзе пісьменнікаў, дзе праслужыў дваццаць шэсць гадоў першым сакратаром праўлення. І па ўспамінах многіх пісьменнікаў, гэтыя гады – лепшы час у гісторыі Саюза пісьменнікаў Беларусі. Такім Іван Пятровіч быў і на пасадзе галоўнага рэдактара Беларускай савецкай энцыклапедыі імя П. Броўкі ў 1980-я гады. Праўда, па ўспамінах супрацоўнікаў Энцыклапедыі, – залішне мяккім, залішне ліберальным, памяркоўным кіраўніком. Але справа, тым не менш, рабілася выдатна. Дастаткова паглядзець, колькі выйшла за дзесяць гадоў яго кіраўніцтва ўнікальных выданняў.
Шамякін рэдка ўспамінаў сваю вучобу ў гомельскім тэхнікуме будаўнічых матэрыялаў, адзначыўшы, праўда, пачатак тут сваёй творчасці – пакуль паэтычнай. Але я мяркую, што ў тэхнікуме выкладчыкі здолелі зацікавіць студэнтаў архітэктурай. Ва ўсялякім разе, дойлідства шмат што вызначыла ў жыцці і ў творчасці Шамякіна. Збудаванні – тое акружэнне, у якім жыве чалавек, – уваходзілі ў яго свядомасць паступова: ад вясковых хат і старожак у лесе да Зімовага палаца і хмарачосаў Амерыкі. Шамякін шмат ездзіў, асабліва ў краінах Еўропы, ды і па Савецкім Саюзе. Асабліва яго захаплялі Вена, Белград, Кіеў, Санкт-Пецярбург. Увогуле падабаліся яму многія гарады, але найбольш ён усё ж любіў барочныя з іх яркай вобразнасцю, квяцістасцю аздаблення. Іван Пятровіч як першы сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі курыраваў будаўніцтва Дома літаратара па вуліцы Фрунзэ ў Мінску і Дома творчасці пісьменнікаў «Іслач» – унікальных, неардынарных збудаванняў, прычым суперсучасных. Дзякуючы захапленню дойлідствам у эпічных творах Шамякіна вывераны сюжэт, у якім выразна прасочваюцца, як і на кожным гарманічным будынку, усе лініі, а таксама суразмерная архітэктоніка.
Падарожжы – таксама форма адукацыі. А атрымліваць вышэйшую адукацыю пасля вайны яму прыйшлося завочна ў Гомельскім педінстытуце, а потым – у Вышэйшай партыйнай школе ў Мінску. Сёння філалагічны факультэт БДУ размешчаны якраз у будынку ВПШ. Іван Пятровіч нярэдка ўспамінаў вучобу ў ВПШ, сваіх выкладчыкаў – быў ім удзячны. На жаль, я не запомніла іх прозвішчаў. А ў прынцыпе ён вучыўся ўсё жыццё – найперш у простых людзей, з якімі заўсёды любіў размаўляць, а таксама, натуральна, шляхам самадукацыі – з кніг. Кнігі прывозіў з усіх паездак. Прычым не толькі Шамякін, але і яго сябры-суседзі – І.Мележ, І. Навуменка, Я. Брыль – захапіліся бібліяфільствам пад уплывам, я мяркую, паэта-акадэміка Пятра Глебкі, які жыў у нашым жа пад’ездзе. Менавіта ён сабраў лепшую ў Мінску бібліятэку. Шамякін надзвычай цаніў дружбу з П. Глебкам, яго парады. Цікавы быў чалавек – мудры і добры. Памятаю, ён вучыў нас, пісьменніцкіх дзяцей, рабіць так званыя «сакрэты» у зямлі, фарміруючы мары пра цуд. Хто яшчэ з акадэмікаў займаўся шасцігадовымі, клапаціўся пра развіццё іх фантазіі?
Кожны з сяброў, калег, суседзяў, безумоўна, уплываў на Шамякіна. Некаторыя з гэтых уплываў ён асэнсоўваў. Увогуле творчае асяроддзе – надзвычай важны фактар фарміравання асобы мастака, хоць пісьменніцтва – выключна індывідуальная праца. У 1950–1980-я гады творчае жыццё ў Мінску квітнела. Дом літаратара, асабліва калі сам будынак размяшчаўся па вуліцы Энгельса, быў літаральна родным домам для творцаў – яны прыходзілі сюды не для нейкай патрэбы, а проста для размоў, сяброўскіх кантактаў. А потым, пасля сваёй працы, амаль штодня, Шамякін прыводзіў калег да нас на кватэру, бо жылі мы тады насупраць Дома літаратара – у так званым «пісьменніцкім доме» па вуліцы К. Маркса, 36. Пра незвычайную атмасферу нашага дома я пісала неаднаразова. І пра пастаянныя цікавыя гутаркі ў кабінеце бацькі – таксама.
Яшчэ жыло сярод пісьменнікаў адчуванне асаблівага карпаратыўнага духу. Толькі ў канцы 1980-х гг. пачалося раздзяленне па ідэалагічных поглядах. А да таго некаторае размежаванне ішло па лініі «заходнікі» – «усходнікі». Праўда, у прынцыпе гэта не ўплывала, скажам, на сяброўства паміж творцамі. А чытацкай публікай і ўвогуле не заўважалася. Магчыма, я ў дзяцінстве яшчэ не ўсё ўсведамляла. Праўда, запомніўся мне такі эпізод. Недзе ў пачатку 1970-х гг., калі праўленне СП пастанавіла ўтварыць стаўкі для некалькіх рабочых сакратароў у арганізацыі, Шамякін, будучы першым сакратаром, прыцягнуў да гэтай працы землякоў – Леаніда Гаўрылкіна, Анатоля Грачанікава. І хоць працавалі яны добра, але на зямляцтва «гомельскіх» абрынуліся нядобразычліўцы-зайздроснікі. Шумелі тады шмат. Прыйшлося ад сакратароў у СП адмовіцца, і бацька цягнуў шматлікія абавязкі адзін. Шамякін тут выявіў сябе як чалавек наіўны – быў упэўнены, што праца землякоў пойдзе на карысць справе. Пацярпеў фіяска. Усё ж творцы – людзі вельмі тонкай арганізацыі, ім бывае цяжка дагадзіць. Мала хто адчуваў удзячнасць, скажам, дзяржаве, хоць у савецкі час для пісьменнікаў былі створаны самыя спрыяльныя для творчасці ўмовы. А вось Шамякін удзячнасць адчуваў – і народу, і дзяржаве.
Мастацтва, і ў прыватнасці мастацтва слова, – вяршыня чалавечага духу. Шамякін надзвычай любіў сваю прафесію і сур’ёзна ставіўся да яе. Ён лічыў, што пісьменнік выяўляе ўнутраны свет сваіх сучаснікаў з найбольшай глыбінёй і вастрынёй у параўнанні з творцамі іншых відаў мастацтва. Таму ён верыў у сваю высокую місію, ганарыўся ёю. І як жа цяжка было бачыць яго, ды і іншых пісьменнікаў, у 1990-я гады, такіх разгубленых і прыніжаных ад выпрабаванняў, што раптам абрынуліся на народ, ды і на іх саміх, а галоўнае – адчуваць ім, упершыню ў жыцці, сваю непатрэбнасць у свеце.
Іван Пятровіч быў упэўнены, што пісьменнік – чалавек перш за ўсё сумленнага таленту. Ён хацеў бачыць сваіх калег мужнымі і высакароднымі, смелымі і праўдзівымі. У большасці выпадкаў такімі іх бачыў. І сам быў такі.
Т. І. Шамякіна,
доктар філалагічных навук, прафесар,
прафесар кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства БДУ
Крыніца публікацыі: Іван Шамякін – пісьменнік, акадэмік, грамадскі дзеяч. Да 100-годдзя з дня нар. народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна: матэрыялы адкрытага навук.-практ. семінара, Рэсп. Беларусь, Мінск, 18 лют. 2021 г. / Беларус. дзярж. ун-т ; рэдкал.: Т. І Шамякіна (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск : БДУ, 2021. – С. 6—16.