Празаік, драматург, літаратуразнавец, публіцыст, грамадскі дзеяч.
Народны пісьменнік Беларусі (1972). Лаўрэат Ленінскай прэміі (1972), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1976, пасмяротна), Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1962).
Выпускнік філалагічнага факультэта БДУ (1945), скончыў аспірантуру БДУ (1948), выкладчык ваеннай справы (1943 — 1945), старшы выкладчык кафедры беларускай літаратуры БДУ (1948 — 1950).
Іван Паўлавіч Мележ нарадзіўся 8 лютага 1921 г. у вёсцы Глінішча Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння сямігодкі вучыўся ў сярэдняй школе № 1 у Хойніках, якую скончыў у 1938 г. Працаваў у Хойніцкім райкаме камсамола. У 1939 г. паступіў у Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры. З першага курса быў прызваны ў Чырвоную Армію, служыў у 289-м палку 192-й горна-артылерыйскай дывізіі (тэрыторыя Украінскай ССР). Летам 1940 г. удзельнічаў у ваенным паходзе ў Паўночную Букавіну і Бесарабіі. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны на фронце — на Збручы, пад Уманню, Нікалаевам, Сінелькавам, Лазавой, Растовам-на-Доне. У снежні 1941 г. быў паранены. У лютым — маі 1942 г. займаўся на курсах палітсаставу Паўднёвага фронту (г. Каменск), пасля якіх працаваў літсупрацоўнікам газеты 51-й стралковай дывізіі «Красноармейская правда». 20 чэрвеня 1942 года пад Растовам быў цяжка паранены. Лячыўся ў шпіталях Растова, Есентукоў, Тбілісі.
Потым жыў у Бугуруслане, выкладаў ваенную падрыхтоўку і завочна вучыўся ў Малдаўскім педагагічным інстытуце. У 1943 г. пераехаў на станцыю Сходня ў Падмаскоўі, дзе аднавіў працу Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. У 1943—1944 гг. выкладаў ваенную справу ў БДУ. У 1944 г. разам з універсітэтам пераехаў у Мінск. Адначасова завочна вучыўся на філалагічным факультэце БДУ, затым перайшоў на стацыянар (скончыў навучанне ва ўніверсітэце ў 1945 г.). У 1945—1948 гг. вучыўся ў аспірантуры пры БДУ. З мая 1945 г. па студзень 1947 г. адначасова працаваў у рэдакцыі часопіса «Полымя». У 1948—1950 гг. — старшы выкладчык кафедры беларускай літаратуры БДУ. Са жніўня 1950 г. па верасень 1951 г. працаваў у апараце ЦК КП(б)Б. З 1966 г. — сакратар, у 1971—1974 гг. — намеснік старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў БССР.
Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 7-га і 8-га скліканняў (1967—1976). Быў старшынёй праўлення Беларускага аддзялення таварыства «СССР — Францыя», старшынёй Беларускага рэспубліканскага камітэта абароны міру, членам Сусветнага Савета Міру (1970).
Памёр 9 жніўня 1976 г., пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.
У 1939 г. надрукаваны першы верш «Радзіме» ў газеце «Чырвоная змена». Першае выступленне ў друку як празаіка адносіцца да 1943 г.: газета «Бугурусланская правда» апублікавала апавяданне на рускай мове «Последняя операция». 25 лістапада 1944 г. газета «Звязда» надрукавала апавяданне на беларускай мове «Сустрэча ў шпіталі». Выдаў зборнікі аповесцей і апавяданняў «У завіруху» (1946), «Гарачы жнівень» (1948), «Блізкае і далёкае» (1954), «У гарах дажджы» (1957), «Што ён за чалавек» (1961), «Белыя вішні і яблыні» (1976). Аўтар рамана «Мінскі напрамак» (1947 — 1952, дапрац. выд. — 1974). Стварыў цыкл раманаў «Палеская хроніка»: «Людзі на балоце» (1962), «Подых навальніцы» (1966) і «Завеі, снежань» (1976). Аўтар п’есы «Пакуль вы маладыя» (1956), «Дні нашага нараджэння» (1958), аднаактоўка «Хто прыйшоў уночы» (1959).
Выйшла кніга літаратурна-крытычных артыкулаў, эсэ, інтэрв’ю і публіцыстыкі «Жыццёвыя клопаты» (1975). Дзённікі і запісы ваенных гадоў склалі «Першую кнігу» (1977).
Напісаў п’есы «Пакуль вы маладыя» (1956, асобнае выд. — 1958, паст. у 1957), «Дні нашага нараджэння» (1958), аднаактоўку «Хто прыйшоў уночы» (1959, асобнае выд. — 1966).
У 1965 г. па раманах «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» Беларускім тэлебачаннем створаны трохсерыйны спектакль. Беларускім тэатрам імя Янкі Купалы пастаўлены спектакль «Людзі на балоце» (1966), Гомельскім абласным тэатрам — «Подых навальніцы» (1977), «Страсці эпохі» (паводле рамана «Завеі, снежань», 1989). У 1978 г. спектакль «Подых навальніцы» пастаўлены Тэатрам юнага гледача. Радыёопера «Барвовы золак» напісана паводле раманаў «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» (1978). У 1979 г. пастаўлены тэлеспектакль «Завеі, снежань…» (1979). Створана экранізацыя «Палескай хронікі»: мастацкія фільмы «Людзі на балоце» (1981) і «Подых навальніцы» (1982). У 2012 г. спектакль «Людзі на балоце» пастаўлены на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.
Узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Чырвонай Зоркі, Знак Пашаны, медалямі.
Імем Івана Мележа названы Мазырскі драматычны тэатр, вуліцы ў Мінску, Гомелі, Хойніках, Лельчыцах, Беларуска-славянская гімназія № 36 і гарадская бібліятэка № 2 ў Гомелі, Глінішчанская сярэдняя школа Хойніцкага раёна, у Мінску на доме № 7 па вуліцы Янкі Купалы, у якім жыў народны пісьменнік, усталявана мемарыяльная дошка, у вёсцы Глінішча створаны літаратурны музей і ўсталяваны бюст І. Мележа, у 2010 г. у Хойніках адкрыта скульптурная кампазіцыя «Людзі на балоце».