Сацыялізацыя асобы з’яўляецца сёння адной з фундаментальных праблем сацыяльна-гуманітарных навук. Мадэрнізацыя важнейшых сфер жыцця, дэвальвацыя сістэмы традыцыйных каштоўнасцей, шматлікія тэхнагенныя фактары негатыўна ўплываюць на здольнасць асобы да сацыяльнай адаптацыі, да паўнавартаснай самарэалізацыі. «Асаблівую вастрыню праблеме сацыялізацыі асобы надаюць працэсы глабалізацыі і інтэграцыі, у выніку якіх, з аднаго боку, адбываецца ўзаемнае пранікненне культур, змешванне традыцыйных для розных сацыяльных супольнасцей норм і каштоўнасцей, а з другога — імкненне гэтых супольнасцей да захавання самабытнасці і адрознасці. Гэтыя працэсы няўхільна адбіваюцца на ўзроўні як груп, так і асобаў, у выніку чаго нярэдкімі робяцца праявы маргіналізацыі, а таксама страты адчування стабільнасці, суб’ектыўнай упарадкаванасці. І тое, і іншае небяспечна <…>, бо адсутнасць выбудаваных унутраных перакананняў, маральных арыенціраў, наяўнасць супярэчнасцей у структуры асобы схіляюць да дэструктыўных учынкаў і да супраціву грамадству, а часам і да парушэнняў псіхічнай самарэгуляцыі» [1, с. 8]. Пошук аптымальных механізмаў і эфектыўных інструментаў сацыялізацыі асобы стаў у сучасным навуковым свеце надзвычай актуальнай задачай.
Між тым, у сусветнай літаратуры існуе цэлы шэраг выбітных мастацкіх твораў, дзе аналізуюцца абставіны і сацыяльныя з’явы, якія адыгралі вызначальную ролю ў станаўленні пэўных герояў, дзе таленавіта і рэалістычна адлюстраваны ўзаемаадносіны чалавека і грамадства ў розных сацыяльна-гістарычных умовах. Сярод іншых мастацкіх узораў асаблівае месца займае аўтабіяграфічная проза, якая па вызначэнні арыентуецца на мастацкае асэнсаванне асабістага жыццёвага вопыту і амаль заўсёды звязана з асвятленнем тых фактараў, якія найбольш істотна паўплывалі на фарміраванне асобы. Інакш кажучы, менавіта аўтабіяграфічная проза няўхільна вымагае адлюстравання працэсаў сацыялізацыі, выхавання і самаідэнтыфікацыі асобы.
Канкрэтна-сацыяльным зместам аўтабіяграфічнай літаратуры абумоўлена яе важнасць для сучасных гуманітарных навук. Актуальнасць твора, гістарычная перспектыўнасць пошукаў аўтара вызначаюцца не толькі эстэтычнай каштоўнасцю мастацкага ўзора, але і пільнасцю сацыяльнага зроку пісьменніка, яго здольнасцю заўважыць тыя з’явы жыцця, у якіх найбольш паўнавартасна выяўляюцца тэндэнцыі часу.
Асобнай увагі заслугоўвае руская класічная літаратура, у якой працэс станаўлення асобы стаў асноватворнай ідэяй у цэлым шэрагу аўтабіяграфічных твораў. Да іх ліку належаць славутая трылогія Льва Талстога «Дзяцінства» (1852), «Падлеткавасць» (1854), «Юнацтва» (1857), мемуарна-аўтабіяграфічная аповесць Сяргея Аксакава «Дзіцячыя гады Багрова-ўнука» (1858), аўтабіяграфічная тэтралогія Мікалая Гарына-Міхайлоўскага «Дзяцінства Цёмы» (1892), «Гімназісты» (1893), «Студэнты» (1895), «Інжынеры» (няскончаная), аўтабіяграфічная трылогія Івана Вальнова «Аповесць аб днях майго жыцця. Сялянская хроніка», якая складаецца з частак «Дзяцінства», «Падлеткавасць», «Юнацтва» (1912—1914), аўтабіяграфічная трылогія Максіма Горкага «Дзяцінства» (1913—1914), «У людзях» (1916), «Мае ўніверсітэты» (1923), аповесць Аляксея Талстога «Дзяцінства Мікіты» (1922), інш. Фактычна ва ўсіх названых творах канцэптуальна адлюстраваны шматлікія ўзаемадачыненні асобы з грамадствам і са светам, якія няўхільна ўплываюць на фарміраванне светапогляду чалавека, на працэсы яго сацыялізацыі, інкультурацыі і самаідэнтыфікацыі.
У беларускай літаратуры таксама нямала аўтабіяграфічных мастацкіх твораў, дзе таленавіта і шматгранна адлюстраваны свет дзяцінства і юнацтва, жыццё падлеткаў і моладзі ў пэўны гістарычны час, дзе аналізуюцца абставіны і сацыяльныя з’явы, што адыгралі вызначальную ролю ў станаўленні характараў герояў. Асаблівае месца сярод іх належыць трылогіі І. Навуменкі «Дзяцінства. Падлетак. Юнацтва». Аналагаў такога заглыбленага і шматпланавага адлюстравання працэсаў самапазнання і самавызначэння асобы, эвалюцыі мыслення і фарміравання характару, канцэптуальнага выяўлення ўсяго шляху сталення (ад моманту, калі герой пачынае «памятаць сябе» і да таго імгнення, калі ён аб’ектыўна ўсведамляе сябе дарослым) у айчынным прыгожым пісьменстве няма. Пры гэтым, галоўны герой намаляваны ў рэальных абставінах народнага быцця, яго жыццё натуральным чынам звязана з гістарычнымі і сацыяльнымі падзеямі часу, а лёс — адначасова індывідуальны, непаўторны і тыповы для цэлага пакалення.
Сама назва трылогіі І. Навуменкі падкрэслівае, што ў працы над раманам аўтар свядома арыентаваўся на мастацкія ўзоры рускіх класікаў, найперш — Льва Талстога. Але па сваёй аснове (не толькі па сюжэтных перыпетыях, апавядальнай манеры, творчых прыёмах і мастацкіх акцэнтах, а, галоўнае, па сваёй гістарычна-ментальнай сутнасці) гэты твор самабытны і арыгінальны. Нягледзячы на розніцу культурных кантэкстаў, трылогіі рускага і беларускага пісьменнікаў яднае відавочная кропка судакранання — праблема сацыялізацыі асобы.
У трылогіі «Детство. Отрочество. Юность» Л. Талстой адлюстраваў працэс развіцця індывідуальнасці, выявіў тыя змены, якія адбываюцца ва ўнутраным свеце асобы пад час сталення. У полі зроку аўтара — «аналіз душэўных рухаў» (М. Чарнышэўскі), мастацка-філасофскі пошук шляхоў маральнага самаўдасканалення.
Іван Навуменка адлюстраваў лёс цэлага пакалення —свайго пакалення. У адным з інтэрв’ю народны пісьменнік падкрэсліў, што рабіў гэта свядома і мэтаскіравана, што менавіта гэта было яго творчай задачай [2]. З асабістай і прыватнай гісторыі трылогія І. Навуменкі вырастае ўрэшце ў аб’ёмную і шматфарбную карціну нацыянальнага свету.
Адлік свядомага жыцця героя І. Навуменкі — Васі Войціка, пачынаецца з сямі гадоў. У гэтым узросце ён дастаткова самастойны, на яго ўскладзены пэўныя абавязкі — гаспадарчыя справы, клопат пра малодшага брата: «Бяда Васю з Петрыкам! <…> Петрыку толькі чатыры, але валачэцца за старэйшымі хлопцамі, як роўны. Петрык даўно засланяе Васю свет. Гады два Вася калыхаў яго, няньчыў і, можна сказаць, выхаваў на сваю галаву. Цяпер малодшы брат ні на крок не адстае ад Васі» [3, c. 17]; «Маці нараджае яшчэ аднаго брата, якому нават імя яшчэ не прыдумалі, і Вася перабіраецца ў дзедаву хату. Бо маці яшчэ нядужая, ляжыць у ложку і не можа гатаваць ежу. Вася памагае маці: коле дровы, носіць ваду» [3, c. 21]. Выхаванне малодшых дзяцей старэйшымі было традыцыйным у беларускай народнай педагогіцы. «Старэйшыя дзеці, выхоўваючы малодшых, развівалі і сваю ўласную самастойнасць, адказнасць за даручаную справу, рыхтавалі сябе саміх да будучага сямейнага жыцця» [4, c. 98]. Сямігадовы Вася Войцік адчувае сябе паўнавартаснай асобай, ён выконвае ў сваёй сям’і немалаважную ролю.
Дзяцінства Ніколенькі Ірценьева — героя трылогіі Л. Талстога, пачынае адлік з дзесяці гадоў. Дваранская сям’я жыве, натуральна, у зусім іншых умовах. Ужо эпізод знаёмства з юным героем дэманструе надзвычайную далікатнасць хлопчыка, яго ўражлівасць і чуллівасць: «…Ровно в третий день после дня моего рождения, в который мне минуло десять лет и в который я получил такие чудесные подарки, в семь часов утра Карл Иваныч разбудил меня, ударив над самой моей головой хлопушкой <…> по мухе» [5, c. 7]. Ніколенька раздражняецца: «Он очень хорошо видит, что разбудил и испугал меня, но выказывает, как будто не замечает… противный человек! И халат, и шапочка, и кисточка — какие противные!» [5, c. 7]. Праз хвіліну: «Карл Іваныч, <…> посмеиваясь, начал щекотать мои пятки. <…> Как я ни боялся щекотки, я не вскочил с постели и не отвечал ему, а только глубже запрятал голову под подушки, изо всех сил брыкал ногами и употреблял все старания удержаться от смеха. «Какой он добрый и как любит нас, а я мог так дурно о нём думать!» [5, c. 8]. Ніколенька шчыра і горка плача ад сораму за свае непрыстойныя думкі.
Леў Талстой надзвычайна пільна аналізуе думкі, учынкі, нават самыя дробныя адценні эмоцый свайго героя. Дынаміка падзей у творы замаруджаная, аўтар перадусім засяроджаны на ўнутраным свеце Ніколенькі Ірценьева. Гэтай псіхалагічнай заглыбленасці запатрабавала ад пісьменніка галоўная мастацкая ідэя — выяўленне ўплыву вострых перажыванняў дзяцінства на ўсё наступнае жыццё.
Жыццё Ніколенькі — бесклапотнае, утульнае, напоўненае любоўю і пяшчотай, але па-свойму ізаляванае і самотнае. У хлопчыка фактычна няма сяброў, межы яго свету — патрыярхальная дваранская сям’я, родавая сядзіба, клапатлівыя настаўнікі і адданыя слугі. Родныя і блізкія займаюцца адукацыяй і выхаваннем дзіцяці, але не даюць яму магчымасці атрымліваць самастойны досвед. Ніколенька не мае ўмоў для паўнавартаснай сацыялізацыі. Дарослыя кантралююць жыццё хлопчыка, але ніхто з іх не ўспрымае яго ўсур’ёз — да Ніколенькі ставяцца, як да маленькага дзіцяці, у ім не бачаць асобы. Ніхто не цікавіцца яго перажываннямі, ніхто не ўяўляе, якія складаныя філасофскія пытанні даймаюць дзесяцігадовага хлопчыка. Ніколенька пакутуе з-за няўважлівасці блізкіх, ён адчувае сябе адзінокім і нікому не патрэбным. «Чалавек робіцца адзінокім тады, калі ўсведамляе непаўнавартаснасць сваіх адносінаў з людзьмі, якія з’яўляюцца значнымі для яго асабіста, калі ён адчувае востры дэфіцыт камунікатыўных зносінаў. Адзінота гэтаксама робіцца небяспечнай праблемай, калі ўзаемаадносіны не эвалюцыянуюць ні ў сяброўства, ні ў любоў, ні ў варожасць, пакідаюць людзей абыякавымі адзін да аднаго» [6, c. 15]. У Ніколенькі развіты інтэлект і чуйная душа, у яго шмат пытанняў і супярэчлівых жыццёвых назіранняў, але абмеркаваць усё гэта яму няма з кім. Хлопчык паступова замыкаецца ў сабе.
У адрозненне ад Л. Талстога, І. Навуменка не настолькі пільна заглыблены ва ўнутраны свет свайго героя, у творы перадусім дамінуе падзейнасць. Жыццё Васі Войціка вельмі дынамічнае — яно складаецца з традыцыйных сялянскіх спраў, але для маленькага хлопчыка гэта яркія і запамінальныя ўражанні: дзед смаліць кабана, бацькі бяруць сына з сабой на жніво, на сенажаць, Вася самастойна пасвіць каня, дапамагае бацькам па гаспадарцы. Асабліва радасныя эмоцыі ў хлопчыка ад святаў. Дзяды, Саракі, Каляды, Вялікдзень, Пакровы, вясновы і асенні Мікола, іншыя. Святы — гэта адмысловыя абрады, смачныя вячэры, госці ў хаце, цікавыя размовы дарослых. Жыццёвы досвед у Васі Войціка назапашваецца натуральна, з уласных назіранняў, з практыкі. Пісьменнік дакладна падкрэслівае асаблівасці дзіцячай псіхалогіі героя. Некаторым рэчам і сітуацыям Вася яшчэ не можа даць адназначнай ацэнкі, але інтуітыўна ўсведамляе, што ў жыцці ўсё значна складаней, чым яму ўяўлялася: «Дзіўна паводзіць сябе Адам. Адзін на адзін з Васем ён найлепшы сябар, але пры другіх хлопцах як бы ад Васі аддаляецца. Калі хлопцы падкалваюць ці абражаюць Васю, смяецца разам з усімі» [3, c. 46]. Хлопчык спакваля пачынае заўважаць і разумець зманлівасць бачнага, адрозніваць шчырасць і няшчырасць. Інакш кажучы, Вася Войцік самастойна набывае жыццёвы вопыт, сацыялізуецца.
Важную ролю ў станаўленні юнага героя адыгрывае сямейнае выхаванне, заснаванае на народнай педагогіцы. Выхаванне хлопчыка адбываецца нязмушана, амаль незаўважна — родныя і блізкія не вядуць з ім спецыяльныя павучальныя размовы, толькі ў бытавых стасунках даюць парады, робяць заўвагі, хваляць альбо ўшчуваюць. «На працягу многіх стагоддзяў народная педагогіка назапасіла пэўны вопыт у справе выхавання і навучання падрастаючага пакалення. Педагагічныя ўяўленні, погляды, меркаванні, ідэі праяўляліся ў працоўнай дзейнасці, у традыцыях, звычаях, гульнях, святах, вуснай народнай творчасці, сямейным ладзе жыцця. На аснове практычнага ажыццяўлення гэтых уяўленняў-ідэй фарміравалася своеасаблівая сістэма народнага выхавання» [4, c. 5]. Аксіёмы, засвоеныя хлопчыкам у сям’і, вельмі простыя: хлеб здабываецца працай, старэйшых трэба паважаць, у стасунках з людзьмі быць сумленным, а вось красці, хлусіць ды лайдачыць — вялікая ганьба.
Неабходна адзначыць, што выхаванне і сацыялізацыя — з’явы зусім не тоесныя, хаця і вельмі падобныя між сабой. Выхаванне — накіраваны працэс уплыву аднаго чалавека (ці групы людзей) на другога з мэтай навучання этычным нормам і маральным прынцыпам, разуменню гуманнасці. «Выхаванне — абавязковае навучанне, але не чаму заўгодна, а толькі законам жыцця, жыццёвай мудрасці. Гэта глыбока маральны працэс» [7, c. 144]. Сацыялізацыя — працэс засваення сацыяльных роляў і культурных норм грамадства, у якім індывідуму даводзіцца існаваць і функцыянаваць. Кожная сацыяльная роля вымагае ад асобы пэўных правіл і норм паводзінаў, якія карэлююць яе зносіны з грамадствам. Гэтыя правілы і нормы могуць не адпавядаць паводзінам выхаванага чалавека, сацыялізаванасць не з’яўляецца гарантам выхаванасці. «Можна быць сацыялізаваным, але нявыхаваным. І наадварот — выхаваным, але абсалютна несацыялізаваным — г. зн. не ўмець жыць, не ведаць жыцця» [7, c. 144].
Немалаважнай умовай сацыялізацыі дзіцяці з’яўляюцца гульні і забаўкі. Яны садзейнічаюць не толькі фізічнаму развіццю — развіваюць спрыт, сілу ці хуткасць рэакцыі, але і дазваляюць пашыраць досвед пра міжасабовыя стасункі, пра спосабы ўзаемадзеяння.
Вася Войцік вялікі аматар традыцыйных вясковых гульняў. Ён адзін з самых малодшых у кампаніі падлеткаў, таму асабліва стараецца сцвердзіцца: «Гульня ў “ялавога”, “кругавога”, нават у звычайныя “цуркі” — гэта ўсё гульні ў перамогу. Перамагае спрытнейшы, хітрэйшы, разумнейшы. Вася найбольш любіць гуляць у “кругавога”. Пасярэдзіне пылкай вуліцы вымалёўваецца вялікі круг. Унутры круга выдыбае адна каманда, наўзбоч — другая. Мяч у каго-небудзь з хлопцаў, якія ходзяць па-за кругам. Важна пацэліць мячом у таго, хто ўнутры круга, і паспець разбегчыся. Васю рэдка давяраюць мяч, але калі давяраюць, то ён стараецца біць без промаху. Можа, таму, што ён яшчэ малы, і тыя, што ў крузе, проста не вераць, што гэткаму шкету могуць даць мяч. Засунуўшы рукі ў кішэні, Вася тры ці чатыры разы праходзіць па крузе, нічым не выяўляючы, што мяч у ягоных руках. Некаторыя хлопцы проста выскаляюцца, не адчуваючы небяспекі, ушчыльную падступаюць да Васі. Маўляў, бі, чаго марудзіш? І Вася без промаху б’е. Бывае, пасля гэтага яму зноў даюць мяч» [3, c. 50]. Праз гульнёвыя ўзаемаадносіны хлопчык засвойвае ўніверсальны жыццёвы вопыт, вучыцца выбудоўваць адносіны з людзьмі.
Вялікую ролю ў развіцці дзіцяці адыгрываюць даследаванні навакольнай рэчаіснасці — назіранні за прыроднымі з’явамі, вывучэнне расліннага і жывёльнага свету. Васю Войціка надзвычайна цікавяць птушкі: «У Васі безліч планаў наконт птушак. Колькі нясуць яек, якога колеру яйкі ў вераб’ёў, чакунцоў, сініцы, як іх птушаняты падрастаюць у гняздзечку — Вася добра ведае. Ён прагне даведацца пра іншых, большых па памеры птушак: дзікіх галубоў, сіваваронак, удодаў, кнігавак, качак. Але як гэта зрабіць?» [3, c. 122]. Вася цікуе за птушкамі ля хаты і на пашы, у лесе і ў полі. Хлопчык мае магчымасць задаволіць сваю цікаўнасць, рэалізаваць дапытлівасць.
У Ніколенькі Ірценьева такой магчымасці няма, яму вельмі рэдка даводзіцца заставацца без пільнага кантролю дарослых. Між тым, сучасныя псіхолагі падкрэсліваюць, што празмернае апякунства дарослых, «калі з дзіцяці не спускаюць вачэй, можа мець негатыўны вынік. У гэтым выпадку ў дзіцяці не фарміруюцца механізмы, якія дазваляюць здзяйсняць эмацыйны кантакт. Нярэдка здараецца, што ў такога дзіцяці, калі яно вырастае, не складваюцца адносіны з людзьмі» [8, c. 317]. Л. Талстой неаднаразова акцэнтуе ў творы, што яго герой пазбаўлены элементарнай магчымасці самастойна паназіраць за навакольным светам, яму не выпадае сам-насам паблукаць у лесе, прайсціся па лузе, уважліва паназіраць за навакольнай прыродай. Калі ж аднойчы бацька бярэ Ніколеньку з сабой на паляванне, хлопчык настолькі перапаўняецца ўражаннямі, што забываецца пра ўскладзеныя на яго абавязкі. Дзіця, як вялікае дзіва, разглядае ўсё, што адбываецца навокал: «Около оголившихся ветвей того дуба, под которым я сидел, по серой, сухой земле, между сухими дубовыми листьями, желудьми, пересохшими, обомшалыми хворостинками, желто-зеленым мхом и изредка пробивавшимися тонкими зелеными травками кишмя кишели муравьи. Они один за другим торопились по пробитым ими торным дорожкам: некоторые с тяжестями, другие порожняком. Я взял в руки хворостину и загородил ею дорогу. Надо было видеть, как одни, презирая опасность, подлезали под нее, другие перелезали через, а некоторые, особенно те, которые были с тяжестями, совершенно терялись и не знали, что делать: останавливались, искали обхода, или ворочались назад, или по хворостинке добирались до моей руки и, кажется, намеревались забраться под рукав моей курточки. От этих интересных наблюдений я был отвлечен бабочкой с желтыми крылышками, которая чрезвычайно заманчиво вилась передо мною. <…> Вдруг Жиран завыл и рванулся с такой силой, что я чуть было не упал. Я оглянулся. На опушке леса, приложив одно ухо и приподняв другое, перепрыгивал заяц. Кровь ударила мне в голову, и я все забыл в эту минуту: закричал что-то неистовым голосом, пустил собаку и бросился бежать. Но не успел я этого сделать, как уже стал раскаиваться: заяц присел, сделал прыжок, и больше я его не видал» [5, c. 26—27]. Ніколеньку неверагодна сорамна ад усведамлення, што прапусціў зайца, што забыўся пра сваю адказную ролю. Ён ізноў выглядае перад усімі маленькім хлопчыкам, не здольным справіцца з элементарным даручэннем.
Рафінаванае арыстакратычнае выхаванне адыгрывае ў лёсе Ніколенькі Ірценьева адмоўную ролю. Хлопчык не падрыхтаваны да негатыўных праяў жыцця, ён хваравіта рэагуе на фальш, цынізм і крывадушнасць. Найвялікшым расчараваннем Ніколенькі з’яўляецца «пераасэнсаванне» асобы бацькі. Па меры сталення сын пачынае разумець амаральную сутнасць паводзінаў бацькі, які падманвае жонку, праз азартныя гульні спускае на вецер спадчыну сваіх дзяцей. У шэрагу іншых расчараванняў галоўнага героя — брат Валодзя, які ў многім падобны да бацькі, князь Іван Іванавіч, які прымушае хлопчыка ўпершыню адчуць прыніжаную залежнасць ад заможнага сваяка, фанабэрыстая бабуля, якая бянтэжыць няшчырасцю і цынізмам. Невыносным ударам лёсу робіцца для Ніколенькі страта маці. Менавіта з гэтай трагічнай падзеі ў яго жыцці пачынаецца новы этап: «Со смертью матери окончилась для меня счастливая пора детства и началась новая эпоха — эпоха отрочества» [5, c. 86]. На гэты час юнаму герою ідзе дванаццаты год, ён самотны, расчараваны і разгублены.
Варта адзначыць, што нават імя героя Л. Талстога застаецца нязменным ва ўсіх трох частках. Калі параўнаць этапы дзяцінства, падлеткавага перыяду і юнацтва герояў рускага і беларускага пісьменнікаў, то відавочна, што абодва аўтары невыпадкова акцэнтавалі ўвагу на імёнах сваіх персанажаў. У першай частцы рамана І. Навуменкі хлопчык выступае пад імем Вася, па меры сталення яго імя набывае «саліднасць» і ў падлеткавыя гады ён ужо Васіль. А ў трэцяй частцы ўзмужнелы і самастойны герой увогуле пачынае гаворку з чытачом ад першай асобы, што з’яўляецца своеасаблівым сведчаннем яго даросласці. А вось герой Л. Талстога і ў дзіцячым, і ў падлеткавым, і нават у юнацкім узросце завецца Ніколенькам, нібыта ён не сталее, а па-ранейшаму застаецца маленькім наіўным дзіцем.
Мэтазгодна згадаць, што тагачасная крытыка заўважыла пэўную «аднабаковасць» аповесці Л. Талстога. Аднак на гэтыя (нясмелыя і ледзь прыкметныя) спробы скептычных ацэнак рэзка адрэагаваў М. Чарнышэўскі, які выступіў у абарону пісьменніка з артыкулам «Детство и Отрочество. Сочинения графа Л. Н. Толстого». Аўтарытэтны крытык, схільны «эпаціраваць суперніка» (Г. Пляханаў) гнеўна запытаў, ці правільна ён зразумеў «нечто вроде намека на то, что граф Толстой ошибся, не выставив картин общественной жизни в «Детстве» и «Отрочестве»; …да мало ли и другого чего он не выставил в этих повестях? в них нет ни военных сцен, ни картин итальянской природы, ни исторических воспоминаний, нет вообще много такого, что можно было бы, но не уместно и не должно было бы рассказывать: ведь автор хочет перенесть нас в жизнь ребенка, — а разве ребенок понимает общественные вопросы, разве он имеет понятия о жизни общества?» [9, c. 429]. Думаецца, у пэўнай ступені памыляліся і тыя крытыкі, якія ўбачылі «аднабаковасць» аповесці, і іх апанент.
З першымі нельга адназначна пагадзіцца, бо відавочна, што Л. Талстой адлюстраваў жыццё свайго героя надзвычай шматгранна, глыбока і псіхалагічна дакладна. У творы няма «карцін грамадскага жыцця», бо Ніколенька Ірценьеў быў ад яго ізаляваны. Уражанне пра «аднабаковасць» твора ўзнікае менавіта з-за «аднабаковасці» жыцця героя, з-за выключнай несацыялізаванасці выхаванца арыстакратычнай сям’і. А з другім нельга пагадзіцца, бо дзіця, несумненна, здольна асэнсаваць фактычна ўсё, што адбываецца ў грамадскім жыцці. Небяспечна адваротнае (якраз тое, што дэманструе Л. Талстой) — калі юная асоба штучна пазбаўляцца магчымасці вывучаць жыццё, аналізаваць яго і сутыкацца са шматлікімі супярэчнасцямі навакольнай рэчаіснасці.
Герой І. Навуменкі, напрыклад, жыве ў эпоху вострых сацыяльна-палітычных канфліктаў і глабальных эканамічных зрухаў. Хлопчык назірае, як прыходзіць калектывізацыя, як адбываецца раскулачванне, якім чынам дзейнічаюць мясцовыя органы ўлады. Усё гэта Вася ўспрымае непасрэдна, адпаведна ўласнай логіцы: «Так, калгас у мястэчку створан, але што ён сабой уяўляе, Вася не ведае. <…> Зямлі цяпер ні ў дзеда, ні ў бацькі няма. Дзед у калгас не паступіў, бацька на чыгунцы, але іх зямля ўсё адно абагулена і адышла пад калгас. Васю крыўдна, што ён болей ніколі не паедзе на Выбедзь, дзе стаіць драўляны маяк, або ў Рогаўку ці на Дуброву, дзе яны сеялі ячмень, авёс, лён, садзілі бульбу» [3, c. 69]. Нават пра голад — балючае для дзіцяці выпрабаванне — гаворка вядзецца ў адпаведнай для юнага героя танальнасці: невясёлай, але стрыманай. Васю, безумоўна, палохаюць «апухлыя», «зарослыя шчэццю» ўкраінцы, якія «бясконцым ланцугом вандруюць па вуліцы», ён шкадуе маці, якая вымушана абмяняць на пуд грэчкі свой адзіны ўбор — «дзявочае» паліто і «чаравікі з высокімі халяўкамі». Аднак ні драматызму, ні, тым больш, трагізму ў развагах хлопчыка няма, — дзіцяці ўласцівы аптымістычны погляд на свет.
Клапоцяць героя І. Навуменкі і многія іншыя з’явы, якім хлопчык не можа знайсці вытлумачэння: «Наплываюць новыя падзеі, і яны таксама не надта вясёлыя. Захапляецца Вася беларускімі кнігамі, глытае, калі дастае, адну за другой, але ўсё адно ні «Дрыгвы» Якуба Коласа яшчэ не прачытаў, ні «Сокі цаліны» Цішкі Гартнага. Цяпер апошнюю кнігу, відаць, ніколі не прачытае. Бо настаўніца Латаніна, жонка Гудовіча, якая выкладае ў пятым класе беларускую мову і літаратуру, загадала заклеіць у падручніку партрэты Цішкі Гартнага, Платона Галавача, Міхася Чарота. Яны, аказваецца, ворагі народа. Настаўніца нічога не тлумачыць, а вучні не распытваюць. <…> Наогул дзіўныя справы творацца на свеце. Не паспеў выйсці падручнік па гісторыі СССР для 3—4 класаў (яго і ў пятым класе вывучаюць), як у ім таксама трэба заклейваць партрэты ворагаў народа. Хто б мог падумаць, што сярод іх апынуцца нават славутыя маршалы — Тухачэўскі, Блюхер» [3, c. 274—275]. Вася і яго сябры не могуць не заўважаць арышты і звальненні лепшых школьных настаўнікаў, не могуць не бачыць, якімі праблемамі жыве навакольны свет. Думаецца, што М. Чарнышэўскі памыляўся, калі катэгарычна сцвярджаў, што «дзіця не мае ўяўлення пра жыццё грамадства».
Перыяд дзяцінства Васі Войціка ахоплівае крыху болей за шэсць год, дзяцінства Ніколенькі Ірценьева — прыкладна паўтара гады. І. Навуменка разглядае жыццё свайго героя ў шматстайных аспектах (пачуцці, уражанні, назіранні, гульні, праца, захапленні, вучоба, сяброўскія стасункі, сямейнае жыццё, хатнія абавязкі і інш.), Л. Талстой аналізуе пераважна аспекты пачуццяў, эмоцый.
Перыяд падлеткавасці Васіля доўжыцца прыкладна пяць гадоў. У гэты час ён працуе ў рамонтнай брыгадзе на чыгунцы, пазней — у леспрамгасаўскай бібліятэцы. Адной з важнейшых жыццёвых мэтаў героя з’яўляецца адукацыя. Прага да навукі падштурхнула падлетка да паступлення ў завочную школу.
У аповесці «Отрочество» Л. Талстой засяроджвае ўвагу на самых сумных сутках з жыцця Ніколенькі. Хлопчык атрымаў «адзінку», нахаміў настаўніку, адкрыў партфель бацькі і зламаў ключ. Аўтар дэталёва — на працягу шасці раздзелаў — расказвае пра гэтыя падзеі, пра пакаранне хлопчыка і яго глыбокія перажыванні. Разам з тым у аповесці ўвасоблены філасофскія развагі героя, якія дэманструюць, як змяняецца яго ўнутраны свет ў час сталення, якія пытанні яго хвалююць: «Едва ли мне поверят, какие были любимейшие и постояннейшие предметы моих размышлений во время моего отрочества, — так они были несообразны с моим возрастом и положением. <…> В продолжении года, во время которого я вёл уединенную, сосредоточенную в самом себе, моральную жизнь, все отвлеченные вопросы о назначении человека, о будущей жизни, о бессмертии души уже представились мне; и детский слабый ум мой со всем жаром неопытности старался уяснить те вопросы, предложение которых составляет высшую ступень, до которой может достигать ум человека, но разрешение которых не дано ему» [5, c. 134]. Пакутлівая адзінота, заглыбленасць у самога сябе, адсутнасць даверлівых адносінаў у сям’і часам даводзяць падлетка амаль да стану хваробы: «Но ни одним из всех философских направлений я не увлекался так, как скептицизмом, который одно время довёл меня до состояния, близкого сумасшествию. Я воображал, что, кроме меня, никого и ничего не существует во всём мире, что предметы не предметы, а образы, являющиеся только тогда, когда я на них обращаю внимание, и что, как скоро я престаю думать о них, образы эти тотчас же исчезают. <…> Были минуты, что я, под влиянием этой постоянной идеи доходил до такой степени сумасбродства, что иногда быстро оглядывался в противоположную сторону, надеясь врасплох застать пустоту (néant) там, где меня не было» [5, c. 135]. Па сутнасці, думкі і развагі аб складаных пытаннях чалавечага свету — адзінае, што разнастаіць жыццё героя, займае час. Падлетак не ўсведамляе сябе па-за межамі сям’і, пачуваецца маленькім і бездапаможным. Напрыканцы аповесці «Отрочество» ён заўважае: «Впрочем, на меня мало и обращают внимания: мне только [курсіў мой. —Л. А.] пятнадцать лет…» [5, c. 137].
Васілю Войціку ў пачатку аповесці «Падлетак» прыкладна трынаццаць гадоў. У гэтым узросце ён зусім самастойны і нават у пэўнай ступені незалежны: «Маючы заробак, Васіль выпісвае на другую палавіну года «Звязду». Ён адчувае сябе амаль дарослым [курсіў мой. —Л. А.]» [3, c. 282]. Напрыканцы аповесці (у пачатку 1941 года) герою І. Навуменкі столькі ж, як і герою Л. Талстога. У іх падобныя планы, абодва рыхтуюцца да сур’ёзнай вучобы. Аднак якія розныя ў падлеткаў успаміны аб мінулым, якімі рознымі пачуццямі яны жывуць! У І. Навуменкі: «Васіль нават трохі смуткуе, што паступова робіцца дарослым. Далей і далей адыходзіць пара бесклапотнага дзяцінства, розных прыгод, захапленняў» [3, c. 283]. У Л. Талстога: «Да, чем дальше подвигаюсь я в описании этой поры моей жизни, тем тяжелее и труднее становится оно для меня. Редко, редко между воспоминаниями за это время нахожу я минуты истинного теплого чувства, так ярко и постоянно освещавшего начало моей жизни. Мне невольно хочется пробежать скорее пустыню отрочества и достигнуть той счастливой поры, когда снова истинно нежное, благородное чувство дружбы ярким светом озарило конец этого возраста и положило начало новой, исполненной прелести и поэзии, поре юности» [5, c. 136].
У аповесці «Юность» Л. Талстой даследуе ўжо нават не столькі ўнутраны свет свайго героя, колькі разважае аб магчымасці самаўдасканалення асобы, аб выніках узаемадзеяння чалавека і свету. Ніколенька застаецца тым жа далікатным хлопчыкам, якім быў у маленстве. Юнак не здаў экзамен і не перайшоў на другі курс універсітэта. Гэта даводзіць яго амаль да нервовага зрыву: ён на тры дні зачыняецца ў сваім пакоі, бясконца плача, кляне свой лёс, прафесароў, бацьку, сяброў па вучобе. Ніколенька адчувае сябе глыбока няшчасным чалавекам — адчужаным ад грамадства, абсалютна не прыстасаваным да жыцця. Л. Талстой па-мастацку вобразна і псіхалагічна дасканала выявіў прычынна-выніковыя сувязі гэтай драмы свайго героя.
Юнацтва героя І. Навуменкі прыпадае на Вялікую Айчынную вайну. Васіль Войцік трапляе на фронт, удзельнічае ў баях, у вызваленні Усходняй Прусіі. На яго вачах гінуць сябры, сам ён быў некалькі разоў паранены, перамогу сустрэў у Верхняй Сілезіі. У фінале аповесці «Юнацтва» герою пісьменніка крыху больш за дваццаць год, ён аб’ектыўна дарослы чалавек.
Такім чынам, аўтабіяграфічныя трылогіі Л. Талстога і І. Навуменкі даюць багаты матэрыял для вывучэння працэсу сацыялізацыі асобы — выяўляюць функцыі сям’і і бліжэйшага атачэння чалавека ў яго далейшым жыцці, вобразна адлюстроўваюць ролю агульных узаемадачыненняў чалавека з навакольным светам. Абодва літаратурныя творы выразна дэманструюць тыя шматстайныя, рознаўзроўневыя сацыяльна-культурныя кантэксты, у якіх працэс сацыялізацыі дзіцяці паскараецца або замаруджваецца; адбываецца сталенне падлетка або замацаванне яго інфантыльнасці, дысанансных адносін з іншымі людзьмі, з грамадствам.
Літаратура
- Шамионов, Р. М. Социализация личности: системно-диахронический подход / Р. М. Шамионов [Электронный ресурс] // Психологические исследования. — 2013. —Т. 6, № 27. — С. 8. — Режим доступа: http://psystudy.ru
- «Мае героі былі рамантыкамі»: стэнаграма размовы з нар. пісьменнікам Беларусі І. Навуменкам у БДУ // Беларус. літаратуразнаўства. — 2008. — № 6. — С. 115—124.
- Навуменка, І. Дзяцінства; Падлетак; Юнацтва: аповесці / І. Навуменка. — Мінск: Маст. літ., 2008. — 622 с.
- Арлова, Г. П. Беларуская народная педагогіка / Г. П. Арлова. — Мінск: Нар. асвета, 1993. —120 с.
- Толстой, Л. Н. Избр. соч.: в 3 т. / Л. Н. Толстой; редкол.: Г. И. Беленький [и др.].— М.: Худож. лит., 1989. —Т. 3. — 671 с.
- Кобзев, Р. А. Влияние уровня субъективного ощущения одиночества на степень социализированности в юношеском возрасте / Р. А. Кобзев // Личность — слово — социум: материалы ІХ Междунар. науч.-практ. конф. (Минск, 29—30 апр. 2009 г.): в 2 ч. / редкол.: В. В. Фалалеев (гл. ред.) [и др.]. — Минск: Паркус плюс, 2009. — Ч. 1— С. 14—18.
- Добреньков, В. И. Фундаментальная социология: в 15 т. / В. И. Добреньков, А. И. Кравченко. — М.: ИНФРА-М, 2005. —Т. 8: Социализация и образование. — 1040 с.
- Мудрик, А. В. Социализация человека: учеб. пособие / А. В. Мудрик; — 3-е изд., испр. и доп. — М.: МПСИ; Воронеж: МОДЭК, 2010. — 624 с.
- Чернышевский, Н. Г. Детство и отрочество. Сочинение графа Л. Н. Толстого. Военные рассказы графа Л. Н. Толстого / Н. Г. Чернышевский // Чернышеский, Н. Г. Полн. собр. cоч.: в 15 т. — М.: Гослитиздат, 1947. — Т. 3. — С. 421—431.
Л. В. Алейнік,
кандыдат філалагічных навук, дацэнт
Крыніца публікацыі: Acta Albaruthenica.— Warszawa, 2015. — Т. 15. — С. 11—22.