(1935-2014)
Паэт, перакладчык, эсэіст, сцэнарыст, грамадскі дзеяч.
Народны паэт Беларусі (1992). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1976) і прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1976). Ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна (1992).
Ганаровы доктар БДУ (1995).
Выпускнік філалагічнага факультэта БДУ (1959).
Рыгор Іванавіч Барадулін нарадзіўся 24 лютага 1935 г. на хутары Верасоўка Ушацкага раёна Віцебскай вобласці.
Выпускнік Ушацкай сярэдняй школы (1954), скончыў БДУ імя У. І. Леніна (1959). Працаваў рэдактарам у перыядычных выданнях: газеце «Советская Белоруссия», часопісах «Бярозка», «Полымя», з 1969 г. — у выдавецтве «Беларусь», з 1972 г. — у выдавецтве «Мастацкая літаратура» (загадчык рэдакцыі выбраных твораў у 1985—1995 гг.).
Памёр 2 сакавіка 2014 г., пахаваны ў г. п. Ушачы.
Друкавацца пачаў з 1953 г. Творчая спадчына пісьменніка складае больш як 100 выдадзеных кніг паэзіі, крытычных артыкулаў і эсэ, перакладаў.
Аўтар паэтычных зборнікаў: «Маладзік над стэпам» (1959), «Рунець, красаваць, налівацца!» (1961), «Нагбом» (1963), «Неруш» (1966), «Адам і Ева» (1968) «Вяртанне ў першы снег» (1972), «Абсяг» (1978), «Вечалле» (1980), «Амплітуда смеласці» (1983), «Маўчанне перуна» (1986), «Самота паломніцтва» (1990), «Міласэрнасць плахі» (1992), «Евангелле ад Мамы» (1995), «Босая зорка» (2001), «Ксты» (2005; 4-е выд. — 2013), «Рымскі дыпціх» (2006), «Халодная памяць вады» (2010), «Anіma» (2011), «Вяльмуе Бог абраннікаў сваіх» (2011) і інш. Выдаў кнігі сатыры і гумару «Дойны конь» (1965), «Станцыя кальцавання» (1971), «Прынамсі…» (1977), «Мудрэц са ступаю» (1988), «Дуліна ад Барадуліна» (2006) і інш.
Пісаў творы для дзяцей, якім адрасаваў зборнікі «Мех шэрых, мех белых» (1963), «Красавік» (1965), «Экзамен» (1969), «Ай! Не буду! Не хачу!» (1971), «Суровая вымова» (1976), «Што было б тады, калі б?» (1977), «Ці пазяхае бегемот?» (1981), «Азбука не забаўка» (1985), «Індыкала-кудыкала» (1986), «Кобра ў торбе» (1989), «Ішоў коця па канапе» (1997).
Працаваў у галіне мастацкага перакладу. Выдаў зборнікі перакладаў «Кахаць — гэта значыць…» (1986), «Беларусь мяне збеларушвае» (1993). Пераклады з мовы ідыш увайшлі ў кнігу «Толькі б яўрэі былі» (2011).
Выступаў як эсэіст, крытык, публіцыст. Аўтар кніг літаратурна—крытычных артыкулаў і эсэ «Парастак радка, галінка верша» (1987), «Аратай, які пасвіць аблокі» (1995).
Выйшаў Збор твораў у чатырох тамах (1996—2002).
Узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў, Знак Пашаны, латышскім Ордэнам Трох Зорак, медалём Ф. Скарыны і інш.
У 2017 г. у гонар народнага паэта адкрыта мемарыяльная дошка на доме № 4 па вуліцы Мележа ў Мінску.