Празаік, крытык, публіцыст, літаратуразнавец, грамадскі і дзяржаўны дзеяч.
Народны пісьменнік Беларусі (1995). Акадэмік АН БССР (1980). Заслужаны дзеяч навукі Беларусі (1978). Доктар філалагічных навук (1969), прафесар (1971). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1972), прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1967).
Выпускнік філалагічнага факультэта БДУ (1950), скончыў аспірантуру БДУ (1954), працаваў на кафедры беларускай літаратуры БДУ (у 1958 — 1969 — старшы выкладчык, дацэнт, з 1969 — прафесар, у 1972—1973 — загадчык кафедры).
Іван Якаўлевіч Навуменка нарадзіўся 16 лютага 1925 г. у мястэчку Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і чыгуначніка. Вучыўся ў Васілевіцкай сярэдняй школе, за адзін год 16-гадовы юнак экстэрнам здаў экзамены за два класы. Марыў паступіць у інстытут, аднак пачалася Вялікая Айчынная вайна. Са студзеня 1942 г. уваходзіў у камсамольскую падпольную групу «За Радзіму», быў разведчыкам дыверсійнай групы капітана Ф. С. Манзіенкі, партызанам Васілевіцкай брыгады імя Панамарэнкі. У лістападзе 1943 г. разам з часцямі Чырвонай Арміі ўдзельнічаў у вызваленні мястэчка Васілевічы. 21 лістапада 1943 г. прызваны ў войска. Ваяваў на 1-м Прыбалтыйскім, Ленінградскім, 3-м Беларускім і 1-м Украінскім франтах. Дэмабілізаваўся ў снежні 1945 г. Працаваў у васілевіцкай раённай газеце «Сацыялістычная праца», потым карэспандэнтам мазырскай абласной газеты «Бальшавік Палесся» (1946—1951), у 1951—1952 гг. — у рэдакцыі рэспубліканскай газеты «Звязда».
Адначасова вучыўся на завочным аддзяленні філалагічнага факультэта БДУ, па заканчэнні якога (1950) паступіў у аспірантуру пры гэтай жа навучальнай установе, скончыў яе ў 1954 г. У 1953—1958 гг. — загадчык рэдакцыі часопіса «Маладосць». З 1958 г. выкладаў у БДУ, пасля абароны доктарскай дысертацыі (1969) — прафесар, потым загадчык кафедры беларускай літаратуры (1972—1973). З 1973 па 1982 г. працаваў дырэктарам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. У 1982—1991 гг. — віцэ-прэзідэнт АН Беларусі. З 1992 па 2002 г. — саветнік Прэзідыума НАН Беларусі.
Старшыня Вярхоўнага Савета БССР 11-га склікання (1985—1990).
Памёр 26 снежня 2006 г., пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Мінску.
Першыя апавяданні надрукаваў у 1955 г. у часопісе «Маладосць». Выдаў зборнікі аповесцей і апавяданняў «Сямнаццатай вясной» (1957), «Хлопцы-равеснікі» (1958), «Вайна каля Цітавай копанкі» (1959), «Верасы на выжарынах» (1960), «Бульба» (1964), «Таполі юнацтва» (1966), «Тая самая зямля» (1971), «Замець жаўталісця» (1977), «Пераломны ўзрост» (1986), «Водгулле далёкіх вёснаў» (1989), «Гасцініца над Прыпяццю» (1994) і інш. Аўтар раманаў «Сасна пры дарозе» (1962), «Вецер у соснах» (1967), «Сорак трэці» (1974), «Смутак белых начэй» (1979), «Асеннія мелодыі» (1987). трылогіі «Дзяцінства. Падлетак. Юнацтва» (1997). Яму належыць п’еса «Птушкі між маланак» (1982).
Выйшлі літаратуразнаўчыя працы «З глыбінь жыцця: крытычныя эцюды аб творчасці Якуба Коласа» (1960), «Пісьменнікі-дэмакраты» (1967), «Янка Купала: Духоўны воблік героя» (1967), «Якуб Колас: Духоўны воблік героя» (1968), «Якуб Колас: нарыс жыцця і творчасці» (1982, 2003), «Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч» (1992), «Змітрок Бядуля» (1995), «Максім Багдановіч» (1997), «Ранні Кузьма Чорны» (2000) і інш. Адзін з навуковых рэдактараў і суаўтар акадэмічнай «Гісторыі беларускай літаратуры XX стагоддзя» у 4 тамах. Выйшлі Зборы твораў у шасці (1981—1984) і дзесяці (2012—2017) тамах.
Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны ІІ ступені, Айчыны ІІІ ступені, медалём Ф. Скарыны, іншымі медалямі.
Імя Івана Навуменкі прысвоена вуліцы ў Мінску, у 2011 г. у памяць пра народнага пісьменніка адкрыта мемарыяльная дошка на доме № 36 па вуліцы К. Маркса.