Пімен Панчанка

0
16852

Паэт, перакладчык, публіцыст, крытык, журналіст, грамадскі дзеяч.

Народны паэт Беларусі (1973). Ганаровы акадэмік НАН Беларусі (1994). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1981), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1967), Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1959).

Панчанка ў Бягомлі

Пімен Емяльянавіч Панчанка нарадзіўся 23 жніўня 1917 г. у Таліне. Радзіма паэта — Бягомльшчына (Віцебская вобласць), дзе прайшлі яго дзіцячыя і раннія юнацкія гады. З 1933 г. — у Бабруйску. Працаваў на дрэваапрацоўчым камбінаце рабочым, потым скончыў гадавыя педагагічныя курсы (1934). Настаўнічаў у Бабруйскім і Кіраўскім раёнах (1934 — 1939). Адначасова завочна вучыўся ў Мінскім педінстытуце, які скончыў у 1939 г. У верасні 1939 г. прызваны ў Чырвоную Армію. Удзельнічаў у вайсковым паходзе ў Заходнюю Беларусь. У гады Вялікай Айчыннай вайны — спецыяльны карэспандэнт у армейскіх і франтавых газетах. Быў на Бранскім, Заходнім, Калінінскім, Паўночна-Заходнім франтах. У 1944—1945 гг. знаходзіўся ў складзе ваеннай місіі Чырвонай Арміі ў Іране. З 1946 г. пасля дэмабілізацыі — загадчык аддзела часопіса «Вожык», з 1948 г. — загадчык аддзела, потым намеснік галоўнага рэдактара газеты «Літаратура і мастацтва». У 1953—1958 гг. — галоўны рэдактар альманаха «Советская Отчизна» (цяпер часопіс «Нёман»), у 1958—1966 гг. — часопіса «Маладосць». З 1966 г. працаваў на пасадзе сакратара праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. З 1972 г. — на творчай рабоце.

Панчанка ў коле пісьменнікаў

Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1959—1967, 1971—1990). Быў старшынёй Беларускага рэспубліканскага камітэта абароны міру.

Памёр 2 красавіка 1995 г., пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.

Панчанка з Брылём

З першымі вершамі выступіў у друку ў 1934 г. (раённая газета «Кіравец» і альманах «Ударнікі»). У гады Вялікай Айчыннай вайны друкаваўся ў газеце «За свабодную Беларусь», сатырычных выданнях «Партызанская дубінка» і «Раздавім фашысцкую гадзіну».

Панчанка з Быкавым

Аўтар паэтычных зборнікаў «Упэўненасць» (1938), «Вераснёвыя сцягі» (1940), «Дарога вайны» (1943), «Далёкія станцыі» (1945), «Гарачыя вятры» (1947), «Прысяга» (1949), «За шчасце, за мір!» (1950), «Шырокі свет» (1955), «Кніга вандраванняў і любові» (1959), «Нью-Ёркскія малюнкі» (1960), «Тысяча небасхілаў» (1962), «Пры святле маланак» (1966), «Снежань» (1972), «Крык сойкі» (1976), «Вячэрні цягнік» (1977), «Млечны Шлях» (1980), «Маўклівая малітва» (1981), «Лясныя воблакі» (1985), «І вера, і вернасць, і вечнасць» (1986), «Прылучэнне» (1987), «Горкі жолуд» (1988), «Высокі бераг» (1993), «Зямля ў мяне адна» (1996), «Жытнёвы звон» (2002) і інш.

Панчанка з жонкай

Выдаў зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў «На паэтычным небасхіле» (1977).

Працаваў у галіне мастацкага перакладу. Пераўвасобіў па-беларуску творы Ф. Шылера, А. Міцкевіча, Я. Райніса, А. Суркова, А. Пракоф’ева і інш.

Кабінет

Выйшлі Зборы твораў у двух (1959), трох (1967—1971), чатырох тамах (1981—1983).

Узнагароджаны ордэнам Леніна, трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума — Знак Пашаны, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі.

Панчанка з пісьменнікамі

Імя Пімена Панчанкі носяць вуліцы ў Мінску і Гродна, у 1996 г. у сталіцы на доме № 29 па вуліцы Пуліхава, у якім жыў народны паэт, усталявана мемарыяльная дошка, у сярэдняй школе № 199 г. Мінска створаны літаратурны музей Пімена Панчанкі.

Пісьменнікі. 1969 г.
Панчанка,Танк,Пестрак
Панчанка з унукамі