Васіль Быкаў

0
29570

Празаік, публіцыст, сцэнарыст, грамадскі дзеяч.

Народны пісьменнік БССР (1980). Герой Сацыялістычнай Працы (1984). Лаўрэат Ленінскай прэміі (1986), Дзяржаўнай прэміі СССР (1974), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1978), Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1964), расійскай прэміі «Трыумф» (1999). Ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна (1996).

Васіль Уладзіміравіч Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 г. у вёсцы Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Пасля заканчэння 9 класаў у Кублічах вучыўся ў Віцебскім мастацкім вучылішчы: перш на мастакоўскім аддзяленні, потым быў пераведзены на скульптурнае аддзяленне. Пакінуў вучобу ў сувязі з адменай стыпендый, вярнуўся дахаты, дзе скончыў Кубліцкую сярэднюю школу.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны мабілізаваны на абаронныя работы, быў у складзе інжынернага батальёна. У зіму 1941 г. і ў 1942 г. жыў на станцыі Салтыкоўка і г. Аткарску, дзе вучыўся ў чыгуначнай школе. Улетку 1942 г. прызваны ў Чырвоную Армію. Са жніўня 1942 па лістапад 1943 г. — курсант Саратаўскага пяхотнага вучылішча. З 1943 г. ваяваў камандзірам узвода аўтаматчыкаў і ўзвода палкавой, а потым армейскай артылерыі, удзельнічаў у баях на 2-ім і 3-ім Украінскіх франтах. Вызваляў Украіну, з дзейнай арміяй прайшоў Румынію, Балгарыю, Венгрыю, Югаславію, Аўстрыю. Двойчы паранены, ляжаў у шпіталях. Бацькі атрымалі пахаронку, у якой паведамлялася, што камандзір узвода 339-га стралковага палка Быкаў Васіль Уладзіміравіч забіты 10 студзеня 1944 г. Служыў ва Украіне, у Беларусі, на Далёкім Усходзе.

З 1947 г. жыў у Гродне, спачатку працаваў мастаком у гродзенскіх майстэрнях, потым у рэдакцыі абласной газеты «Гродзенская праўда» (1947—1949). У 1949—1955 гг. служыў у Савецкай Арміі. Пасля дэмабілізацыі быў літаратурным супрацоўнікам, літаратурным кансультантам газеты «Гродзенская праўда» (з 1956 па 1972 г.). У 1972—1978 гг. — сакратар Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР. З 1978 г. жыў і працаваў у Мінску. Займаўся творчай працай. З 1997 г. жыў за мяжой — у Фінляндыі, Германіі, Чэхіі.

Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1978—1989). Народны дэпутат СССР (1989).

У 1990—1993 гг. — прэзідэнт згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», у 1999—2003 гг. — старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтра. Уваходзіў у склад праўлення Саюза пісьменнікаў СССР, Рады Саюза пісьменнікаў Беларусі, рэспубліканскага Савета Фонду міру.

Памёр 22 чэрвеня 2003 г., пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.

Друкаваўся з 1947 г. Выступаў як журналіст, друкаваў нататкі, замалёўкі, фельетоны, нарысы.

Аўтар кніг прозы «Жураўліны крык», «Ход канём» (абедзве —1960), «Трэцяя ракета. Здрада» (1962), «Альпійская балада» (1964), «Адна ноч» (1965), «Аповесці» (1969), «Сотнікаў. Абеліск» (1972), «Воўчая зграя» (1975), «Аповесці і апавяданні» (1978), «Пайсці і не вярнуцца» (1979), «Знак бяды» (1984), «Кар’ер» (1987), «У тумане» (1989), «Сцяна» (1997), «Пахаджане» (1999), «Бліндаж» (2006) і інш. Выдаў зборнікі артыкулаў «Праўдай адзінай» (1984), «На крыжах» (1992), «Крыжовы шлях» (1998), кнігу ўспамінаў «Доўгая дарога дадому» (2002).

Ліставанне В. Быкава і Р. Барадуліна склала кнігу «Дажыць да зялёнай травы» (2008).

Паводле твораў В. Быкава зняты мастацкія фільмы: «Трэцяя ракета» (1963), «Альпійская балада» (1966), «Дажыць да світання» (1975), «Воўчая зграя» (1976), «Доўгія вёрсты вайны» (абодва — 1976), «Абеліск», «Узыходжанне» (абодва — 1977), «Знак бяды» (1985), «На Чорных лядах» (1994), «У тумане» (2012) і інш.

Выйшлі Зборы твораў у чатырох (1980—1982), шасці (1992—1994) тамах. З 2005 г. выдаецца Поўны збор твораў народнага пісьменніка ў 14 тамах.

Узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны І ступені, медалём Ф. Скарыны і інш.

У 2004 г. створана сядзіба-музей В. Быкава ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна, у 2014 г. у Ждановічах пад Мінскам адкрыты музей-дача народнага пісьменніка, у 2008 г. у Віцебску ў яго гонар ўсталявана мемарыяльная дошка па вуліцы Суворава, 15, на будынку дзіцячай мастацкай школы № 1.