СЛОВАЎТВАРАЛЬНЫЯ ВАРЫЯНТЫ АД’ЕКТЫВАЎ У МОВЕ ТВОРАЎ ЯКУБА КОЛАСА

0
775

Літаратурная творчасць Якуба Коласа адыграла важную ролю ў развіцці сучаснай беларускай літаратурнай мовы і станаўленні яе норм. Як вядома, Якуб Колас прыйшоў у літаратуру ў пачатку ХХ ст. і працаваў у ёй на працягу даволі значнага перыяду. Вынік гэтага — адлюстраванне ў мове яго твораў тых працэсаў, што ўласцівыя мове — жывой гістарычнай з’яве, якая знаходзіцца ў пастаянным развіцці. У мове твораў Якуба Коласа адзначаецца варыянтнасць на розных  моўных узроўнях – лексічным, марфалагічным, словаўтваральным , сінтаксічным–, што з’яўляецца не толькі вынікам няўстойлівасці моўных норм, але і праяўленнем “натуральнага стану мовы як канкрэтна-гістарычнай з’явы, адным з унутраных праяўленняў літаратурнай мовы, што ў сваю чаргу, дазваляе выкарыстаць варыянтныя формы ў якасці аднаго са сродкаў стылістычнага ўзбагачэння мастацкага маўлення” (Горбачевич, К. С. Вариантность слова и языковая норма. — Л., 1978, с. 9).

Да словаўтваральных варыянтаў адносяцца словы, якія супадаюць па значэнні і тоесныя па каранёвай марфеме, але аформленыя рознымі афіксамі. Два ці больш варыянты, утвораныя ад аднаго базавага (утваральнага) слова (асновы), складаюць варыянтны рад ці варыянтную пару.

Для  твораў Якуба Коласа вельмі характэрна ўжыванне суфіксальных варыянтаў прыметнікаў. Асаблівую прадуктыўнасць набываюць адназоўнікавыя ад’ектывы з суфіксам -н-, якія складаюць наступнае “варыянтнае поле”: -н- – -лів-; -н- – -ов-/-ав-; -н- – -ск- /-цк-;  -н- – цк-, -эрск-; -н- – -ніцк-; -н- – -анск-.

З суфіксам –н- – -лів- выяўлены такія варыянтныя пары, як велічны — велічлівы, гнеўны — гняўлівы, дробязны — драбязлівы, жаласны — жаласлівы, заразны — заразлівы, зманны — зманлівы, пакутны — пакутлівы. Поўнае супадзенне семантычнага аб’ёму назіраецца ў прыметніках велічны — велічлівы, гнеўны — гняўлівы, дробязны — драбязлівы, жаласны — жаласлівы.

Велічны — велічлівы (разм.) ‘грандыёзны, незвычайны па сіле праяўлення’: Куточкі ўспомню зацішныя і велічны Чымган. (Узбекістан); І зрок яго раптам загарэўся: перад  вачамі цьмяна вырысоўваліся… контуры прыгожага, велічлівага замка. (На ростанях).

Гнеўны — гняўлівы (разм.) ‘які выражае гнеў’: Яна (Марыя)ўстае і кажа з гнеўным хваляваннем: “Паслухай, гетман, для цябе забыла я пра  ўсё на свеце…” (Палтава); Маланка радзей палыхае ў гняўлівых клубках … (Пасля навальніцы).

Дробязны — драбязлівы (разм.) ‘неістотны, дробны’: Быць можа ўсё гэта пакажацца дробязным пытаннем… (Прамова); Але і Мартын хутка забывае ўсю гэту па істоце драбязлівую рэч. (Дрыгва).

Жаласны — жаласлівы ‘які выклікае жаласць, спачуванне’: Плача дудка галасіста плачам жаласным такім. (Батрак); Ціхі, жаласлівы Яхімаў голас гнусава загучаў у святліцы і раптам асекся. (Царскія грошы).

Семантычнае размежаванне значэнняў назіраецца ў варыянтных парах заразны — заразлівы, зманны — зманлівы, клопатны — клапатлівы.

Прыметнікі заразны — заразлівы супадаюць у значэнні ‘які распаўсюджвае хваробы’: Хвароба яго не заразна. (Адплата); А іх небяспека не адхілена, пакуль па многіх краінах свету поўзаюць заразлівыя вошы…  (Дзесяць гадоў). Прыметнік заразлівы  мае яшчэ значэнні ‘які робіць шкоду’: Згубіў ты мяне, зладзюга, заразлівы гад недабіты. (Адплата); ‘які лёгка перадаецца іншым, пераймаецца іншымі’: .. і тады ён (Янка Тукала) смяяўся такім заразлівым смехам, што нельга было не паддацца яму. (На ростанях).

Варыянтнасць прыметнікаў зманны – зманлівы дасягаецца за кошт значэння ’які тоіць у сабе зман, здольны паслужыць асновай для няправільнага меркавання аб кім-, чым-небудзь’: Ноч так зманна, так трывожна. (Сымон-музыка);  Таццяна прыслухоўваецца да гэтых шолахаў і ўглядаецца ў няясныя і зманлівыя контуры цёмных сілуэтаў. (На ростанях). Акрамя таго,  слова зманны мае яшчэ значэнне ‘які вабіць, прыцягвае да сябе’: А гоман мараў, мілы, зманны, у светлых далечаў блукаў. (На шляхах волі).

Варыянтная пара прыметнікаў пакутны — пакутлівы супадае ў значэнні ‘які прычыняе пакуты, мукі’: Песні цягучыя, песні пакутныя!.. Бачу і чую вас тут. (Родныя вобразы); … мы набліжаемся да такой мяжы, што пакідае за сабой … цяжкі і пакутлівы кавалак жыцця. (На ростанях). У прыметніка пакутны паводле Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы адзначаецца яшчэ значэнне ‘які пераносіць, церпіць пакуты’: Чым жа пацешыць вас, людзі пакутныя? (Старыя песні).

Слоўнікі беларускай мовы не фіксуюць прыметнікаў велічлівы, драбязлівы, зманны. Як адзначаецца ў акадэмічнай “Граматыцы беларускай мовы” (1962), “у мове мастацкай літаратуры ёсць значная колькасць прыметнікаў, якія з’яўляюцца адзнакай размоўнага стылю або індывідуальнай словатворчасці пісьменнікаў, не набылі значэння агульнай нормы” (Граматыка беларускай мовы. — Мінск, 1962, т. 1, с. 202—203). Да разраду індывідуальна-аўтарскіх слоў адносяцца і прыметнікі велічлівы, драбязлівы. Прыметнік зманны адносіцца да дыялектных слоў і выкарыстоўваецца Якубам Коласам як сродак вобразнага ўжывання. Варыянтнасць астатніх прыметнікаў дасягаецца за лік літаратурных слоў.

З суфіксамі  -н- – -ов-/-ав– выяўлены варыянтныя пары зімні — зімовы, кірмашны — кірмашовы, дыяментны—дыяментавы, лясны — лесавы, снежны — снегавы. Поўнасцю супадаюць у значэнні прыметнікі зімні — зімовы ‘звязаны з зімой, які бывае зімой’: Незаметна набліжаліся зімнія вакацыі. (На прасторах жыцця);Скідае лес убор зімовы. (Новая зямля); ‘прызначаны для зімы, які выкарыстоўваецца зімой’: На ёй было лёгкае футра, зімняя шапачка… (У палескай глушы); Шапкі былі на іх  самыя разнастайныя… зімовыя ці проста летнія. (Дрыгва); кірмашны—кірмашовы ‘які звязаны з продажам тавараў у пэўную пару года ў вызначаным месцы’: У кірмашныя дні, наваліўшы ручную цялежку свінінаю, свінабой з жонкаю цягнуць яе на рынак… (У двары пана Тарбецкага); Па кірмашовай часці гэта ўжо ты спецыяліст. (На святой зямлі); дыяментны—дыяментавы ‘які характэрны для дыяменту, падобны на дыямент’: Гараць дыяментным агнём маністы… (Адплата); … зоркі пасыходзілі з неба і купаліся ў бліскучых пералівах вады, бы тыя дыяментавыя кветачкі (Ноч, калі папараць цвіце); снежны—снегавы ‘які мае дачыненне да снегу, складаецца з снегу, утрымлівае ў сабе снег’: Борзда насыпаюцца гурбы, снежныя курганы… (Зімні вечар); Нізка звіслі над зямлёю хмары снегавыя… (Мяцеліца). Паралельныя формы адносяцца да літаратурных і выкарыстоўваюцца пісьменнікам для большай яснасці і дакладнасці думкі.

Варыянты лясны — лесавы (разм.) супадаюць у значэнні ‘які жыве ў лесе’: У лесе спяваюць дразды, лясныя жаваранкі… (Прылёт птушак); Лесавы жаваранак ужо снаваў у небе… (Крыніца). Прыметнік лясны ў творах Якуба Коласа ўжываецца яшчэ ў значэннях ‘які мае дачыненне да лесу, уласцівы лесу’: У глухія лясныя нетры выганялі калгаснікі жывёлу… (Сустрэча з ворагам) і ‘які мае адносіны да лесаводства, звязаны з лесаводствам і эксплуатацыяй лесу’: Быў  у Зімяніна і ў міністра лясной прамысловасці… (На схіле дзён).Варыянты лясны—лесавы ўжываюцца ў розных стылях мовы: прыметнік лесавы аказаўся пад уплывам размоўнай мовы, слова лясны — літаратурнае. Якуб Колас ужывае спалучэнне розных стыляў, каб надаць мове твораў большую выразнасць і ёмістасць.

Варыянтнае поле прыметнікаў з суфіксамі -н- – -ск-/-цк– уключае прыметнікі дармаедны — дармаедскі, інтэлігентны — інтэлігенцкі, літаратурны — літарацкі, санаторны — санаторскі, чарнасоценны — чарнасоценскі, шляхетны — шляхецкі, элегантны — элеганцкі.  Поўнасцю  супадаюць у значэнні прыметнікі дармаедны — дармаедскі ‘які не працуе, а жыве на чужы кошт’: Злосна… бічуе Шаўчэнка дэспатаў-цароў і дармаеднае, тупое духавенства. (Шаўчэнка і беларуская паэзія); Гэтыя ваяводы-акулы і падобны да іх іншы дармаедскі зброд адкрыта заяўляюць аб сваіх .. імкненнях на ўсход. (Яны пратэстуюць), санаторны—санаторскі (разм.) ‘уласцівы санаторыю, такі, які бывае ў санаторыі’: ‘Вось такія вынікі.. санаторскага побыту, лекаў і адпачынку. (З пісьма);  Я жыву санаторскім жыццём. (З пісьма), чарнасоценны — чарнасоценскі ‘які мае адносіны да чарнасоценцаў, складаецца з чарнасоценцаў’: А побач з гэтым вынікам чарнасоценныя манархічныя саюзы (На ростанях) ; .. Мацютава свіння хоча запісацца ў чарнасоценскі саюз рускага народа… (Калодка пчол).

У астатніх паралельных формах адбываецца семантычнае размежаванне значэнняў.

Прыметнікі  інтэлігентны — інтэлігенцкі з’яўляюцца варыянтамі тады, калі супадаюць у значэнні ‘уласцівы інтэлігенту’: Гэта быў пажылы чалавек, інтэлігентны з выгляду… (На ростанях); Акуратна падстрыжаная бародка-лапатка асабліва падкрэслівала гэты інтэлігенцкі выгляд. (На ростанях). Акрамя таго, у прыметніка інтэлігентны адзначаецца значэнне ‘адукаваны, культурны’: Наталля — мілая, разумная, інтэлігентная дзяўчына. (З пісьма); А прыметнік інтэлігенцкі валодае яшчэ значэннем ‘які мае адносіны да інтэлігента, інтэлігенцыі’: Тут былі абшарнікі… арандатары.., дробная шляхта, а таксама прадстаўнікі інтэлігенцкіх прафесій…. (Дрыгва)

Прыметнікі літаратурны — літарацкі з’яўляюцца варыянтамі тады, калі маюць значэнне ‘які адпавядае нормам, замацаваны у пісьменнасці, літаратуры’: На чарзе дня… стаіць у нас пытанне аб ачышчэнні літаратурнай мовы ад нацдэмізмаў. (Мова М. Лынькова па раману “На чырвоных лядах”); Гаворка іх пляцецца, не знаючы цэнзур, ні густу літарацкага, і слова забіяцкага не чэшуць тут пад шнур. (Паслушная жонка).

Варыянтнасць прыметнікаў элегантны—элеганцкі адбываецца на аснове значэння ‘з густам, прыгожа адзеты, які трымае сябе галантна, далікатна’: Стась і Лабановіч былі самымі элегантнымі маладымі людзьмі. (На ростанях); У касцёле свентаянскім будзеш “Янам” элеганцкім! (Святы Ян). Акрамя таго, лексема элеганцкі мае значэнне ‘зграбны, прыгожы’: І на нагах у яго не лапці, а элеганцкія боты і майткі з добрага сукна, ды з лампасамі… (Дрыгва).

Назіранні над стылістычнымі асаблівасцямі мадэлей з суфіксамі –н- —ск-/-цк- сведчаць аб тым, што паралельныя формы інтэлігентны—інтэлігенцкі ўласцівы літаратурнай мове. Не адзначаны слоўнікамі варыянты дармаедны, літарацкі, элеганцкі. Прыметнікі дармаедны, элеганцкі з’яўляюцца індывідуальна-аўтарскай прыналежнасцю пісьменніка, літарацкі, шляхецкі –  адносяцца да ўстарэлых.

Словы літаратурны,элегантны, санаторны з’яўляюцца нормамі літаратурнай мовы, прыметнікі дармаедскі, чарнасоценскі, санаторскі аказаліся пад уплывам размоўнай мовы. Варыянты з суфіксамі –н- –  -ск-/-цк- надаюць мове твораў вобразнасць, эмацыянальнасць, нацыянальную самабытнасць.

Словы-варыянты з суфіксамі –н- – -цк- -– -эрск-: братні — брацкі — братэрскі супадаюць у значэнні ‘які мае з тым, хто гаворыць, агульнасць класавых інтарэсаў’: Здабыткам працоўных… стала літаратура народаў братніх рэспублік. (Светлыя старонкі дружбы); Знамянальным фактам была дружба двух брацкіх народаў… (Светлыя старонкі дружбы); … працоўныя, зліўшыся ў братэрскі саюз,… будуюць сваё жыццё.. (Першыя дзесяць). У стылістычных адносінах адзначаныя прыметнікі разглядаюцца як літаратурныя.

Варыянтнасць прыметнікаў з суфіксамі -н- -– -ніцк-: злачынны –злачынніцкі адбываецца за кошт значэння ‘які зрабіў злачынства, парушыў існуючыя законы’: Магутная рука шматмільённых народаў… выб’е смертаносную зброю са злачынных, залітых крывёю рук забойцаў. (Магутная сімфонія міру); Злачынніцкай сямейцы мы вытрасем духі. (Чырвонаармейцы). Акрамя таго, прыметнік злачынны мае яшчэ значэнне ‘які заключае ў сабе злачынства’: Нейкія злачынныя думкі навялі як бы туман на маладога хлопца. (У палескай глушы) У стылістычных адносінах варыянты адрозніваюцца паміж сабой: прыметнік злачынны – літаратурнае слова, а яго варыянт  не фіксуецца ў слоўніках, што дае падставы кваліфікаваць як індывідуальна-аўтарскае.

Варыянты катаржны — катаржанскі супадаюць у значэнні ‘які мае адносіны да катаргі’: Шміту далі дзесяць  катаржных гадоў. (На ростанях); …прывычнае вуха магло ўлавіць няясны шум і бразгатанне катаржанскіх кайданаў. (Цені мінулага). Адрозніваюцца варыянты ў стылістычным плане: катаржны адносіцца да літаратурных, катаржанскі не фіксуецца слоўнікамі і з’яўляецца вынікам індывідуальнай словатворчасці пісьменніка.

Наяўнасць варыянтных утварэнняў у мове твораў Якуба Коласа сведчыць аб глыбокім, дасканалым веданні аўтарам роднай мовы, аб высокім аўтарскім майстэрстве. Сярод разгледжаных суфіксальных варыянтаў прыметнікаў пераважаюць агульнаўжывальныя разнавіднасці, маюць месца дыялектныя і аўтарскія інавацыі. Якуб Колас, мэтанакіравана выкарыстоўваючы варыянтнасць, уносіць пэўную спецыфіку ў яе змест і структуру, развівае і ўзбагачае яе стылістычныя функцыі.

З. І. Бадзевіч

 Крыніца публікацыі: Працы кафедры сучаснай беларускай мовы. – Мінск: РІВШ, 2008. – Вып. 7. – С. 19–24.