Беларусь пачатку ХХ стагоддзя апынулася ў неспрыяльных грамадска-палітычных умовах, яна была пазбаўлена права на самастойнае нацыянальна-культурнае развіццё, цярпела сацыяльны ўціск і несправядлівасць з боку царскага рэжыму. І вось менавіта ў гэтых абставінах з’явілася патрэба ў асобах пасіянарнага тыпу і мужнага, дзейснага грамадзянскага характару, якія здолелі б адрадзіць нацыянальную свядомасць беларускага народа, дапамаглі яму самасцвердзіцца ў духоўна-гістарычным існаванні, прадвызначылі будучы лёс сваёй Бацькаўшчыны. Адным з тытанаў духу і стаў Якуб Колас, які ў сваёй творчасці пазначыў шлях сацыяльна-духоўнага і нацыянальнага быцця, мэтанакіравана абуджаў у тагачасных беларусах пачуццё чалавечай годнасці, пашырыў народнае светабачанне і светаразуменне, выхоўваў глыбокае пачуццё любові да Радзімы.
Цікавым уяўляецца зірнуць на паэзію Якуба Коласа з пункту гледжання найбольш значных канцэптуальных вобразаў, праз якія раскрываюцца адраджэнскія і асветніцкія ідэі, праблема духоўных пошукаў народа і тэма будучыні Беларусі. Мае рацыю А. Лойка, адзначаючы, што «ў лірыку яго шырока ўваходзілі думкі і перажыванні паэта як народнага інтэлігента, грамадскага дзеяча, чалавека арыгінальнай натуры» (Лойка, А. Гісторыя беларускай літаратуры: дакастрычніцкі перыяд, ч. 2, с. 214). І яшчэ адзін надзвычай істотны момант: прыродныя вобразы, рэаліі навакольнага ландшафту ў паэзіі Якуба Коласа «сакралізуюцца, узвышаюцца як нацыянальныя сімвалы», яны «ствараюць адметную коласаўскую топіку айчыны» (Багдановіч, І. Э. Авангард і традыцыя: Беларус. паэзія на хвалі нац. Адраджэння. — Мінск, 2001, с. 200).
Дарога — адзін з такіх сімвалічна-змястоўных вобразаў. Ён сягае ў глыбіню народнай свядомасці і культуры чалавецтва. Дастаткова згадаць, якое важнае значэнне гэты матыўны топас набывае ў Бібліі, дзе гаворыцца і пра вандроўныя дарогі Хрыста, яго шлях на Галгофу, пра тое, што Гасподзь «ахоўвае дарогу праўды», а чалавеку трэба ўнікаць «дарогі ліхое», хадзіць «дарогаю добрых» (Прытчы 2:8, 12, 20).
З дарогай у паэтычных творах Якуба Коласа звязваецца матыў руху наперад да чагосьці новага і неспазнанага. Праўда, гэты рух для лірычнага героя паэта пачаўся не адразу, бо яму перашкаджаюць бездараж, скаванасць духоўных сіл, адсутнасць адчування перспектывы ў прасторы. У вершы «На ростанках» пануе атмасфера панылага смутку і няўпэўненасці. Герой паэта шукае-намацвае сваю жыццёвую дарогу, якая выведзе са змроку-цемры да новай рэальнасці:
Не відно мае дарогі —
Горы, лес, балоты, гразь…
Колькі смутку і трывогі
Ў гэткі цяжкі, цёмны час!
Дзе ж, дарога ты другая?
Я стаю адзін, адзін,
Ноч вакол ляжыць глухая…
Ці ж то свет сышоўся ў клін?
Паэт упэўніўся ды пераканаўся ў тым, што дарога, якая выпала працоўнаму чалавеку і беларусам у цэлым, цяжкая, пакутлівая і неспагадная. Гэта дарога абяздоленасці і суцэльных выпрабаванняў: «Ой, дарога-сцежка, // Вузкая, крывая! // І ты, жыццё наша, // Ты, доля такая!» («Дарога»). Здаецца, гэтая дарога пралягае ў нікуды, пазбаўлена перспектывы і канчатковай мэты. Зразумела, Якуба Коласа не задавальняла такая бязмэтная «дарога, як сляза», жыццёвы рух у нейкі безвыходны тупік. Паэт пачынае пакутліва шукаць выйсце з гэткіх складаных канкрэтна-гістарычных абставін, калі цэлы народ не здольны выкіравацца на шлях да новага жыцця і сваёй шчаслівай будучыні. Мае рацыю М. Мушынскі, які, разглядаючы творчасць Якуба Коласа, адзначае, што «вобраз дарогі, матыў пошуку шляхоў у будучыню становіцца вядучым у паэзіі паслятурэмнага перыяду», што «лірычны герой вершаў хоча разабрацца ў тым, якой дарогаю ён ідзе, каб спасцігнуць праўду жыцця, сэнс чалавечага існавання і прычыны становішча, у якім апынуўся асабіста ён і яго народ» (Мушынскі, М. Свайму часу і вечнасці // Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. — Мінск, 2007, т. 1, с. 27, 28). У двух вершах 1912 г. «У дарозе» і «У дарогу!» выяўляецца драматызм аўтарскага светаразумення. Вандроўны дух кліча паэта ў невядомае, спараджае трывожныя прадчуванні «…Даль неаглядная, даль засмучоная, // Смугай спавіта ўся ты!»; «…Далей узгоркамі // Ў даль невядомую, з думкамі горкімі, // З горам і смуткам маім!» («У дарозе»); «На блуканне-гора // Бог судзіў, няйначай…»; «Не з дабра ж іду я // К людзямчужаніцам» («У дарогу!»). Асуджанасць на блуканне ў пошуках лепшай долі абвастрае пачуццё роднага кутка, свайго «дарагога краю». Герой паэта перажывае, што пакідае сваю хату-дом, што страчвае штосьці галоўнае ў жыцці. Аднак ён на гэтай зямлі асуджаны цярпець пакуты, несправядлівасць, бяспраўе, страты. Займець лепшую будучыню для яго азначае выправіцца ў вялікі свет і адшукаць там праўду, волю і справядлівасць. Герой Коласа, як і сам паэт, цудоўна разумее, што трэба выйсці на агульную супольную дарогу да шчасця-долі. А пакуль, канстатуе і сведчыць ён, родны край у абладзе «начнога змроку», дзе немагчыма абраць дакладны кірунак, крочыць наперад і адчуваць сябе свабодным чалавекам: «Што няма парадку, ладу, // Што ў хвасце другіх мы, ззаду, // Без дарогі йдзём…»; «Дзе найгоршыя дарогі, // Дзе штогод растуць астрогі — // Перша месца — нам» («Роднаму краю»). Лёс беларусаў — крыжовы, цярністы і пакручасты шлях: «А куды ісці — не знаю, // Не ўлаўлю дарогі. // Дагарае дзень. Змярканне // Ахапляе далі. // Калі ж скончыцца блуканне // Ў бездарожных хвалях?» («На крыжовых дарогах»); «Крыж, крыніцы і дарогі — // Ўсё паўнюсенька жуды…» («З дарогі»). І таму паэт жадаў перамен, клікаў кожнага з беларусаў да сацыяльнай дзейснасці, духоўнай актыўнасці, бо толькі так можна пераўтварыць свет, наблізіць «жыцце залатое»: «…Сам з нягодамі змагайся, // Сам прабі дарогу!» («Будзь цвёрды»). Паэт выказваў аптымістычную веру ва ўнутраны патэнцыял народа, яго выратавальна-вызваленчую моц і здольнасць супрацьстаяць цяжкасцям, нягодам, перашкодам. Менавіта з вобразам-сімвалам дарогі ён звязваў надзею на лепшую нацыянальную будучыню.
Якуба Коласа непакоіў драматычна-трагічны лёс народа ва ўмовах царызму, яго не задавальняла «глухая дарога» Беларусі наўзбоч чалавечай цывілізацыі і гісторыі, прагрэсу гуманістычнай культуры. Назвай свайго верша «На прастор!» ён накрэсліваў прасторава-гістарычную перспектыву, да якой павінны імкнуцца беларусы — выйсці на шырокі духоўны прасцяг, у свет чалавечай свабоды, светлага і прыгожага існавання:
Гэй, на волю, на разлогі
Смужных даляў і палёў,
Дзе ва ўсе канцы святоў
Леглі вольныя дарогі!
Рух у гэты іншы свет, варты і асобнага чалавека і цэлага народа. У вершы «Дарога», напісаным у 1916 г., Якуба Коласа захапляе сама магчымасць руху і душэўнага разгарнення, спазнання чагосьці важнага і новага: «Эх, прастор! Эх, воля, воля…»; «Ну што ж? Далей, гайда далей, // За узгоркі тыя!». Дарога выводзіць паэта ў нацыянальны і агульначалавечы сусвет, і ў гэтым выяўляецца яго маштабна-філасофскі погляд на прасторавае існаванне чалавека і народа. Найбольш яркае вобразна-сэнсавае ўвасабленне коласаўская канцэпцыя шляху да будучыні знайшла ў паэме «Новая зямля»: «Прасторны шлях! калі ж, калі // Ты закрасуеш на зямлі // І злучыш нашы ўсе дарогі». Шлях яднання, паразумення, згоды — у гэтым заключаецца глыбінная філасофска-гуманістычная думка паэта.
У 1917—1920-я гг. Якуб Колас імкнуўся зразумець і асэнсаваць тыя шляхі-дарогі, якія выпалі нашаму краю ў гістарычна складаны перыяд. Ён як асветнік і педагог усведамляў, што Беларусь і нацыю трэба ствараць, фарміраваць, трэба адукоўваць людзей, даваць ім веды, выхоўваць любоў да роднага, беларускага. Каб пазбавіцца цемнаты, духоўнай абмежаванасці, абудзіць самасвядомасць чалавека, неабходна крочыць дарогай асветніцтва і навукі. Толькі так «прыйдзе шчасце-воля», заззяе «прамень свабоды». Ісці-крочыць мірнай, стваральнай дарогай, узбагачаць сябе ўнутрана, светапоглядна, інтэлектуальна — у гэтым бачыў Колас-паэт шлях да прасвятлення і ўзвышэння свайго народа: «Браты! Вялікая дарога // Чакае нас і родны край… («Да працы!»). Паэт трывожыўся пра тое, якім шляхам пойдзе Беларусь далей, якая гістарычная будучыня яе чакае. Вобраз дарогі ў сэнсава-структурным кантэксце верша «Звон шыбаў» паўстае як сімвал невядомасці, страты перспектывы, надзейнага арыенціра ў руху ў заўтрашні дзень:
…Ці то знак хто хоча даць,
Што згубілі мы дарогу,
Б’е трывогу.
Будучыня Беларусі бачылася тады Якубу Коласу яшчэ не зусім выразнай і акрэсленай. Аднак ён у адным быў глыбока перакананы: дарога беларусаў павінна пралягаць да вольнага і шчаслівага жыцця, ім трэба добра ўсведамляць, што самая галоўная нацыянальная каштоўнасць і духоўны набытак — «дом, што вякамі будавалі» («На Новы год»). У гэтым доме «…толькі мы самі — // Долі сваёй кавалі!» («Беларускаму люду»). Напярэдадні савецкай явы Якуб Колас жыў неспакойнай думкай пра лёс Бацькаўшчыны, адчуваў страх і трывогу перад днём наступным, новым часам, які нёс з сабою грандыёзныя змены і выпрабаванні.
Такім чынам, змястоўная трыяда, вобразна-сэнсавы кантэкст «дарога — прастор — будучыня» яскрава раскрывае эвалюцыю мастацкага светапогляду і духоўных шуканняў Якуба Коласа. Вобраз-сімвал дарогі ў лірыцы паэта з’яўляецца ідэйна значным, асноватворным і набывае глыбокае сацыяльнафіласофскае напаўненне. Прастор і будучыня ўспрымаюцца Коласам як з’явы вышэйшага духоўнага парадку, з якімі трывала з’яднаны мэта і сэнс чалавечага існавання, быцця нацыі.
Алесь Бельскі
Крыніца: Бельскі, А. Беларуская літаратура ў кантэксце традыцый і сучаснасці / А. Бельскі. — Мінск, 2017. — С. 51—54.