Гісторыя шматлікіх літаратур народаў свету напоўнена легендамі, знакавымі момантамі, узлётамі і падзеннямі як асобных творцаў і іх твораў, так і незвычайнымі паваротамі лёсаў заснавальнікаў роднага прыгожага пісьменства.
Адна з такіх легенд прызнае, што калі ў 1937 годзе пасля шалёнага разгулу сталінскіх рэпрэсій у СССР на апошніх сямнаццаць беларускіх пісьменнікаў былі выпісаны ордэры на арышт, Сталіну далажылі, што калі ордэры ўступяць у дзеянне, Беларусь пазбавіцца сваёй нацыянальнай інтэлігенцыі. Правадыр народаў тут жа выклікаў да сябе міністра ўнутраных спраў Берыю і звярнуўся да яго: «Лаўрэнцій Паўлавіч, мы, здаецца, даўно не ўзнагароджвалі беларускіх пісьменнікаў?» Ступаючы мяккімі ботамі па варсістым дыване ў сваім прасторным крамлёўскім кабінеце, пахаджваючы з аднаго канца ў другі ўздоўж доўгага, масіўнага, адпаліраванага стала з чорнага дрэва, з уласцівай тырану афарыстычнасцю катэгарычна і безапеляцыйна абвясціў: «Луквідаваць ордэры, а выдаць ордэны».
Так былі ўзнагароджаны першыя з кагорты беларускіх пісьменнікаў: Янка Купала, Якуб Колас, Кузьма Чорны, Змітрок Бядуля. Праз нейкі час ўжо ўсе беларускія газеты «застракацелі» фотаздамкам, на якім красаваўся калектыўны партрэт беларускіх пісьменнікаў-ордэнаносцаў, якія даўно і справядліва заслугоўвалі высокіх узанагарод. Сюжэт аб тым, як было гэта ажыццёўлена — легенда… Але яскравая.
Нялёгкімі былі шляхі да прызнання ў волатаў народнага духу Янкі Купалы і Якуба Коласа. Аб гэтым сведчаць хоць бы «Адкрытыя лісты» ў друку і выступленні Купалы. Яны розныя, кожныя ў сваім часе, адрозныя па духу, адрозныя па шчырасці, інакшыя па сваім змесце і свабодзе выказвання песняра з народа. Звернемся да некаторых з іх, не прэтэндуючы на вычарпальнасць характарыстык і глыбіню навукова-даследчага аналізу. Нам сёння важней пульсуючыя думкі народных пісьменнікаў аб будучыні Беларусі, іх прага да незалежнасці і самастойнасці, імкненне выказаць жаданне беларускага народа самім вырашаць свой далейшы лёс і станавіцца ўпоруч з іншымі народамі свету, раскрыць спробу саміх беларусаў сцвердзіць сваю ідэнтычнасць нароўні з больш моцнымі суседзямі.
На 15-я ўгодкі сваёй літаратурнай дзейнасці ў прамове, сказанай у Мінску 24 чэрвеня 1920 года, нягледзечы на тое, што Беларусь яшчэ знаходзілася пад польскай акупацыяй, паэт Купала вылучыў галоўнае — адзінства народа ў змаганні за назалежнасць, не выказваючы аніякіх сімпатый ні да бальшавісцкай савецкай улады, ні да прысутных прадстаўнікоў так званай польскай акупацыйнай адміністрацыі. Купала палка і цвёрда даводзіў: «Трудны і цярністы шлях прыйшлося прайсці нам, беларусам, за гэты час змагання за лепшую долю, за лепшую славу для сваёй Бацькаўшчыны».
Купала згадвае тыя высілкі, калі «некалькі шалёных галоў захацелі галовамі мур прабіваць — адбудоўваць Бацькаўшчыну». З паэтычным запалам (вось дзе і калі і ў сувязіз чым праявілася захопленасць творцы вобразамі арлінага палёту і пазнейшага параўнання моладзі роднага краю з арлянятамі), захоплена і ўпэўнена Купала гаворыць аб гістарычнай мары беларусаў: «Арліным узмахам агняцветнай думкі мы скінулі й патапталі векавечную брахню, — брахню, што Беларусі не было й няма. Сваім векапомным і магутным духам народным, што адважна сягае да сонца, мы паказалі свету, што Беларусь была, ёсць і будзе». Купала ўпэўнены, што «…зямля, засееная касцьмі сыноў беларускіх, будзе вечна належаць да ўнукаў беларускіх; спаленую хату беларускі мазоль адбудуе, сваю сяўбу ён сам будзе жаць». Заканчвае Купала зваротам да ўсіх і кожнага на Беларусі: «Хай толькі асвеціць Вас вялікая думка — аддаць ўсё для сваёй Бацькаўшчыны, нават жыццё, калі яна Вас да гэтага пакліча».
Ужо ў іншым лісце ў рэдакцыю газеты «Савецкая Беларусь» Купала з нагоды 20-гадовага юбілею сваёй творчасці ў 1925 годзе прызнаваўся: «…гэта свята не маё, а беларускай нацыянальнай ідэі… Я толькі падслухаў думкі сардэчныя беларускага селяніна й работніка ды гэтыя думкі на паперу перавёў». У новых радках: «Але што не тварылася б на свеце, беларуская думка аб нацыянальнай і сацыяльнай волі як жыла, жыве, так і жыць будзе».
Зусім іншы змест і іншы настрой, якім кіраваўся народны паэт пры напісанні, укладзены (ці яму «ўклалі» ў вусны) у новы «Адкрыты ліст Я. Купалы», які напісаны ў Мінску 10.12.1930 года. Гэтаму папярэднічалі спроба самагубства паэта, частыя выклікі ў ГПУ, допыты, катаванні, суровыя і цвёрдыя патрабаванні каб паэт з народа ўзяў на сябе ролю кіраўніка міфічнай, як быццам бы створанай народнай інтэлігенцыяй нацыянал-фашысцкай контррэвалюцыйнай арганізацыі, якой і назву прыдумалі дамарошчаныя «архітэктары» палітычных авантур — «Вольная Беларусь».
На Захадзе, трэба сказаць, прынамсі ў выданні «Беларускі звон» у Вільні, выйшлі газеты з партрэтам Янкі Купалы ў чорнай жалобнай рамцы з надпісам: «Вядомы беларускі пісьменнік Я. Купала пакончыў жыццё самагубствам у знак пратэсту супраць бальшавіцкай тыраніі». Нібы нехта іншы, хто стаяў ззаду, падказваў тэкст Купалеу і вадзіў яго пяром. Немагчыма са спакойным сэрцам і абыякавасцю чытаць падобныя «прызнанні» творцы. «Я падпаў пад ўплыў нашаніўскага дробнабуржуазнага і кулацкага нацыяналістычнага адраджанізму… не змог ад іх пазбавіцца ды ўразумець і ўсвядоміць усю веліч і гістарычную немінучасць пралетарскай рэвалюцыі». Купала «адхрышчваецца» ад лепшых сваіх твораў, якія напісаны наперакор уладнай думцы, а як на самай справе, дык сапраўды «дзякуючы». У адкрытым лісце ў газету «Савецкая Беларусь» якраз пра гэта гаварылася так: «Дзякуючы гэтаму свайму асляпленню, з’явіліся такія творы з ярка нацыянал-дэмакратычнымі настроямі, як, прыкладам, “Паўстань”, “Перад будучыняй”, п’еса “Тутэйшыя” і інш.». У вершы «Паўстань», поўная назва якога «Паўстань з народа нашага…», напісанага 28 жніўня 1919 года, якраз гаварылася пра надзею, што беларускі народ вылучыць са сваіх шэрагаў прарокаў, песняроў, ваяк, Уладара. Менавіта ў гэтым вершы прагучаў заклік, які можа стаць ужо ў нашы сённяшнія ХХІ стагоддзя дні, праз цэлае стагоддзе, нацыянальнай ідэяй беларускага народа: «Збяры ў адну ўсю Беларусь сям’ю».
Прыкладна тым самым часам прагучаў заклік Якуба Коласа ў адказ на ажыццёўлены без удзелу саміх беларусаў падзел паводле Рыжскай дамовы 18 сакавіка 1921 года па жывому на Заходнюю і Усходнюю Беларусь: «Будзем мы самі гаспадарамі», выказаны ў вершы «Беларускаму люду».
Ці не акамулююць падобныя надзвычай удалыя і сапраўды яркія, кранаючыя і праўдзівыя , заклікі народных паэтаў Купалы і Коласа сённяшнія думкі, мары і здзяйснені беларускага народа ў новай, незалежнай, суверэннай Беларусі?! Дарэчы, усе гэтыя вершы, як і шмат іншых у Купалы і Коласа, былі забаронены, «рэпрэсіраваны» і ніколі ў савецкія часы не ўключаліся ў зборы твораў, і ні разу нідзе не перадрукоўваліся. Усяго падпала пад забарону 53 Купалавых вершы дарэвалюцыйнага часу і 14 твораў савецкай пары. Не меней іх было і ў Коласа — твораў, якія трапілі ў рэпрэсіўную мясарубку.
З творамі Коласа вытвараўся яшчэ горшы здзек ужо ў савецкія часы, адразу пасля рэвалюцыі, як, зрэшты, і з ім самім. «Новая зямля» — гэта старая зямля, кулацкі твор, які культывуе атавісцкія дробнабуржуазныя кулацкія настроі, цягне ў далёкае мінулае. Рыфмы дзеяслоўныя, памеры бедныя. Сюжэты абмежаваныя, апісанні расцягнутыя, аморфныя, зусім не дынамічныя, «не мускулістыя». «У палесскай глушы» — твор не пралетарскі, старая беларуская цягамоціна. Андрэй Лабановіч — лапатны гнілы інтэлігент. Рэзанёр і слюнцяй, бяздзейная натура.
Выступленні народных паэтаў байкатавала моладзь. «Тут больш глядзяць не на твор, а на твар», — скрушна заўважаў Колас пасля аднаго такога выступлення ў Барысаве. «Прышліце да нас Дудара і Вольнага, а ўсякіх там Коласаў ды Бядуль наша моладзь не ведае і ведаць не хоча», — прасілі ў лісце ў Цэнтральнае Бюро «Маладняка» маладнякоўцы-камсамольцы Полаччыны. Рабіліся спробы супрацьпаставіць і пасварыць Коласа і Купалу, на што тыя не паддаліся. «Мы ад Коласа не пакінем і воласа», — заяўлялі маладыя пііты, адразу пабраўшыся «ў рожкі са старымі».
Калі ўтвараўся Саюз пісьменнікаў Беларусі, на працягу двух гадоў ні Купалу, ні Коласа не ўключалі ў Аргкамітэт па падрыхтоўцы да з’езда , не вылучалі ў кіруючыя органы Саюза. «А дзе Кірыл і Мефодзій?» — сурова прагучаў папяраджальны воклік прадстаўніка з Масквы.
«Гэй, ўзвейце сваім крыллем, арляняты, буйна-бурна…», — вершам «Арляняты», які паэт зачытаў на сустрэчы студэнтам у 1923 годзе ў прысутнасці рэктара БДУ У. І. Пічэты, натхняў Купала ў палёт моладзь абноўленага краю.
Якуб Колас у канцы свайго жыцця ў жніўні 1956 года звярнуўся ў ЦК КП Беларусі з адкрытым лістом у абарону беларускай мовы і культуры, з прапановай пашырэння сферы ўжытку мовы тытульнай нацыі. Паўдня прасядзеў народны паэт Беларусі Якуб Колас у прыёмнай першага сакратара Цэнтральнага камітэта кампартыі Беларусі. Паэта доўга не прымалі. На вуліцы небывалая гарачыня. Духата даймала, але чыноўніцтва стаяла нязломна. Там даўно ўжо ведалі пра змест паслання. Аддаўшы ліст, не дачакаўшыся шчырай гутаркі, народны паэт ,вярнуўшыся дадому, памёр.
Янка Купала трагічна загінуў, выкінуўшыся з лесвіцы чацвёртага паверху гатэля ў Маскве 28 чэрвеня 1942 года. Ці яму дапамаглі ажыццявіць самагубства на гэты раз, напярэдадні яго 60-годдзя? Масква развітвалася з Купалам.
Што доўгі час берагло ад тэрора і заўчаснай смерці, ды нават дапамагала супрацьстаяць бальшавіцкаму гвалту над культурай народным пісьменнікам Беларусі Янку Купалу і Якубу Коласу? На гэта мы знаходзім адказ у працах заходніх вучоных, даследчыцкая думка якіх заставалася для літаратуразнаўцаў доўгі час недаступнай.
Упершыню прыводзім сведчанне навукоўцаў з Захаду, зазвагам і ацэнкам якіх мы так доўга не давалі веры, лічылі іх выказванні правакацыйнымі і не вартымі сур’ёзнага аналізу. У Лондане, у паўночнай яго частцы, у раёне Фінчлі, у беларускай бібліятэцы імя Францыска Скарыны, аўтару гэтых радкоў якраз і давялося пазнаёміцца, на наш погляд, з вельмі абгрунтаванымі і нязвыклымі довадамі таго, што ж «уратавала» Купалу і Коласа ў смяртэльныя і гібельны гады татальных сталінскіх рэпрэсій над дзеячамі літаратуры і культуры асабліва тут, на Беларусі, дзе ў 36 кіламетрах ад Мінска, на станцыі Негарэлае пад Дзяржынскам, пачыналася заходняя мяжа, калі следчыя гаварылі: «Дзверы нашых камер адчыняюцца толькі ў адзін бок».
У кнізе Станіслава Станкевіча «Янка Купала. На сотыя ўгодкі ад нараджэння» (Нью-Ёрк, 1982) аўтар прыводзіць шэраг сведчанняў, чаму бальшавікі і «партыя ўважала за выгаднейшае пакінуць (Купалу і Коласа. — У. Н.) прынамсі часова ў спакоі». Аўтар прыводзіць шэраг доказаў. На адным з такіх сцверджанняў нам хацелася б засяродзіць асаблівую ўвагу. Англійскі вучоны чэшскага паходжання Вальтар Коларц у кнізе «Расея й ейныя калёніі», выдадзенай па-англійску, а затым перакладзенай на французскую мову, падкрэсліваў трывалую думку вучоных заходняга свету, чаму рэпрэсіі «абмінулі» творцаў , чаму яны засталіся жывымі і маглі тварыць. Думаецца, што менавіта магутны талент і беззапаветнае служэнне свайму народу, уменне жыць і працаваць з народам, непарушная духоўная повязь з простым людам і жаданне выказвання запаветных дум народных далі магчымасць захавацца песнярам як духоўна, так і фізічна. Звернемся да самога выказвання (арфаграфія арыгінала захоўваецца). Чытаем разам:
«Роля, якую ігралі Колас і Купала ў савецкай Беларусі, не мае сабе падобных ува ўсім СССР. Ніводзін беларускі бальшавік ніколі ня йграў ролі народнага правадыра Беларусаў, гэтая роля правадырства была ў руках Коласа й Купалы. Заміж “адхіліць” двух паэтаў, савецкі ўрад пробваў кіраваць на “добры шлях” іхнюю паэтычную дзейнасць і выкарыстоўваць іх для камуністычнай прапаганды. Колас і Купала былі часта аб’ектамі крытыкі; у пэўных мамэнтах выглядала, што яны ў няласцы, але яны ніколі ня зьніклі, як гэта сталася із шматлікімі выдатнымі пісьменнікамі й паэтамі амаль усіх галаўнейшых народаў Савецкага Саюзу.
Вынішчэнне Коласа й Купалы было б раўназначным з банкруцтвам савецкай культурнай палітыкі ў Беларускай ССР, таму што гэтыя два чалавекі былі не толькі выдатнымі персанажамі, але, на справе, культурнымі “ініцыятарамі” свайго народу. Беларусь магла-б абыйсціся без сваіх гісторыкаў і фальклярыстычных “нацыянал-дэмакратаў”, яна магла абыйсціся без сваіх кіруючых палітыкаў, але Колас і Купала былі неабходнымі. Іхні выпадак паказвае, што на ўсё ёсць межы, нават на чысткі ў Савецкім Саюзе. Нельга было пасунуць чыстку на Беларусі аж да таго, каб паставіць пад небяспеку культурныя асновы трэйцяга народу Савецкага Саюзу. Вось чаму Колас і Купала былі ашчаджаныя, не зважаючы на іхнія “грахі” і “ўхілы”».
З падобнай думкай нельга не пагадзіцца. Купала і Колас былі «пакінуты», па словах заходніх вучоных, у беларускай літаратуры, іх творчасць засталася, хоць «секвестр» іх мастацкіх здабыткаў «кідаўся» ў вочы, заставаўся даволі адчувальным для тых, хто дасканала ведаў творчасць геніяў. На творах народных песняроў выгадаваліся цэлыя пакаленні. Немагчыма нават уявіць сабе, каб было іначай. Творчасць народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа ў многім прадвызначыла самасвядомасць беларускага народа, выхоўвала погляды на свет, на чалавека і прыроду, на лёс роднага краю, стала асновай жыццядзейнасці не аднага пакалення беларусаў і прадаўжае натхняць усіх нас, сённяшніх, на стваральную дзейнасць.
У гісторыі сусветных літаратур і культур не шмат знойдзецца прыкладаў такога шчырага і моцнага сяброўста апосталаў нацыянальнага духу, беззапаветнага служэння Бацькаўшчыне двух народных мысляроў — Купалы і Коласа, якія сталі сімвалам неўміручасці народнага духу, заставаліся вернымі ідэі беларускай дзяржаўнасці. Купала і Колас з адных крыніц духоўнага ўздыму ў адначассі былі пасланы беларусам нібыта ва ўзнагароду за векавечнае цярпенне і гаротнасць беларускага люду, з думкай і прадчуваннем так неабходнай для беларускага народа незалежнасці і высокай будучыні маладой сённяшняй Беларусі.
У. А. Навумовіч,
кандыдат філалагічных навук, дацэнт
Крыніца публікацыі: Гісторыя беларускай літаратуры: стан і перспектывы даследавання (да 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа): матэрыялы Міжнар. навук.-практ. канф. (Мінск, 15–16 ліст. 2017 г.) / Цэнтр даследаванняў белрус. культуры, мовы і літ. НАН Беларусі. — Мінск: Права і эканоміка, 2017. — С. 176—180.