Вуснамі свайго героя Андрэя Лабановіча аўтар трылогіі «На ростанях» Якуб Колас разважае: «Ёсць важныя дзве часціны, з якіх складаецца жыццё і яго глыбокі сэнс і хараство – чалавек і прырода. Бо ніколі не страціць для нас цікавасці чалавек, бо праяўленне яго розуму бязмежна, бо дарогі яго не вызначаны, бо формы яго жыцця і яго адносін да другіх людзей бясконца разнастайныя, канчаткова не выяўлены і ніколі не могуць стаць канчатковымі. А прырода! Колькі вялікага здавальнення дае нам яна! Бо прырода – найцікавейшая кніга, якая разгорнута перад вачамі кожнага з нас».
Яшчэ тысячагоддзi таму чалавек адкрыў у навакольнай прыродзе паэзію. Убачыў і адчуў праз непасрэднае, адухоўленае i наiўна-казачнае стаўленне да яе. Прырода па сутнасцi зрабiла чалавекам паэтам. У гэтай сувязi вядомы даследчык мiфалогii i фальклору А. Афанасьеў пiша, што «ў ёй (прыродзе. – А. Б.) знаходзіў ён жывую істоту, заўсёды гатовую адгукнуцца i на журбу i на весялосць. Сам не ўсведамляючы таго, ён быў паэтам…». Мастакі слова зрабіліся своеасаблівымі перакладчыкамi мовы прыроды на мову паэтычную, «яны – сiлай мастацкага бачання – пераўтварылi прыроду на свой лад i па падабенстве» (Я. Асятроў). Вялiкiя паэты стварылi свой надзвычай яркi i змястоўны мастацка-эстэтычны свет разумення прыроды, у якiм кожны з нас знойдзе i часцiнку ўласнага «я». Адным з такiх вялiкiх песняроў нацыянальнай прыроды i яе глыбокiм знаўцам, натурфiлосафам з’яўляецца Якуб Колас.
Да пачатку ХХ ст. беларуская паэзiя мела нешматлiкiя ўзоры прыродаапiсальнай лiрыкi (Я. Чачот, Я. Лучына, А. Гурыновiч i некаторыя iншыя). Вельмi прыкметнай мастацкай з’явай на шляху эвалюцыi пейзажнага жанру ў паэзii ўспрымаюцца вершы Алаiзы Пашкевiч (Цёткi) «Лета» i «Восень» (1902–1903). Аднак менавiта з выхадам зборнiка Якуба Коласа «Песнi-жальбы» (1910) i яго ж «Другога чытання для дзяцей беларусаў» (1909) можна звязваць якасна новы этап у эстэтычным адкрыццi роднай прыроды, якi прывёў да актыўнага станаўлення i развіцця пейзажнай паэзii ў нацыянальнай лiтаратуры.
Якуб Колас быў адкрывальнiкам прыгожага i цудоўнага ў беларускай прыродзе. Так, у яго творах гучалi элегiчныя песнi-жальбы, сацыяльныя матывы, але разам з тым нельга не адчуць, што ён з вялiкiм захапленнем i любоўю паэтызаваў «вобразы мiлыя роднага краю» (верш «Родныя вобразы»). Нягледзячы на сацыяльную заглыбленасць погляду на свет, Якуб Колас не толькi пазначыў, але i магутна сцвердзiў шлях эстэтызацыi паэтычнага мастацтва, i найперш – праз лiрыку прыроды. Яго пейзажная творчасць, якая жывапiсна i непаўторна выяўляе прыгажосць нацыянальнага пейзажу, пейзажных вобразаў, поўнiцца красой пачуццяў i красой слова, якраз i была падпарадкавана тым iдэйна-эстэтычным мэтам i задачам, якiя пазней акрэслiў перад паэзiяй на пачатку ХХ ст. В. Ластоўскi. У артыкуле «Сплачывайце доўг» (1913), надрукаваным пад псеўданiмам «Юры Верашчака», гэты вядомы «нашанiўскi» крытык i публiцыст гаварыў пра жаданне «з… твораў навучыцца бачыць каля сябе красу», заклiкаў паэтаў «выяўляць красу свайго народа i краю», вучыць беларуса «любiць i разумець гоман бору, плеск вады ў сонцы…».
Ужо са старонак «Нашай нiвы», у першай кнiзе «Песні-жальбы» Якуб Колас прадэманстраваў пранiклiвае эстэтычнае ўспрыманне навакольнай рэчаiснасцi, яркае жывапiсанне фарбамi, колерамi, гукамi. Паэт маляваў роднае прыроднае ўлонне надзвычай уражальна i запамiнальна i тым самым арыентаваў чытача «нашанiўскага часу» на «самае тонкае бачанне, адчуванне прыгажосцi навакольнага свету i прыроды» (І. Навуменка). Якуб Колас па сутнасцi стварыў культ хараства беларускай прыроды. Верш «Усход сонца» здзіўляе яркім спалучэннем святла і колеру, незвычайнай паэтызацыяй беларускай раніцы:
На ўсходзе неба грае
Пераліўным блескам,
Сыпле золатам над гаем
І над пералескам.
Чуць-чуць дрогне, прыліецца
Чырвань на ўсходзе –
Гэта неба ўсміхнецца
Людзям і прыродзе.
Якуб Колас адкрывае нам беларускі вобраз свету, нашу этнасферу. Сваёй творчасцю ён сфармаваў нацыянальнае пачуццё прыроды. Яго паэзiя красамоўна пераконвае ў тым, што радзіма пачынаецца для чалавека з пэўнага кутка. Пэўны рэгіён, асяродак, мiкрасвет – гэта духоўны выток вялікіх і глыбокіх пачуццяў. Краса прыроды абуджае любоў да роднага кутка, Радзімы:
Парэчча – слаўная мясціна,
Куток прыгожы і вясёлы:
Як мора – лес, як неба – долы,
Зіхціць у кветках лугавіна…
У многiх выпадках у коласаўскiх прыродапiсаннях мы сустракаем апазнавальныя рэалii i знакi беларускага Панямоння. Тыповы рэгiянальны вобраз свету намаляваны мастаком слова, напрыклад, у вершы «Высокi Бераг»:
Струменіць Нёман срэбраводны
Ў тваіх прыўдалых берагах,
А ў лозах ветрык вее згодны,
І ходзіць шум па чаратах.
Высокі Бераг, кут мой мілы!
Люблю я жоўць тваіх пяскоў,
Разложных хвоек гурт пахілы
І ціхі гоман лазнякоў.
Своеасаблiвасць ландшафту, прыродна-рэгiянальны каларыт панямонскага краю паэт раскрыў даволi яскрава i ўсебакова (паэма «Новая зямля», вершы «Роднае поле», «Родныя вобразы» i iнш.). Колас не быў бы Коласам-мастаком, каб пэўны куточак прыроды цi рэгiянальны пейзаж не набылi ў яго выяўленнi максiмальна аб’ектывiзаваны пачуццёвы змест, абагульняльны сэнс. Нёман вырастае ў яго мастацкай свядомасцi да этнiчнага сiмвала Беларусi. Гэтая рака – увасабленне свабоды, сілы і красы, своеасаблівы духоўны медыум паміж народамі:
О, наш чысты, наш свабодны
Нёман, быстрая рака!
Ты цячэш далёка, знаю,
З веку ў век і з году ў год.
Раскажы ж другому краю,
Як у нас жыве народ.
(«Нёман»)
Разам з тым у паэзii i прозе Якуба Коласа знайшоў адлюстраванне свет беларускага Палесся. З трылогii «На ростанях», вершаў «Палескiя вобразы», «Палессе» i некаторых iншых твораў перад намi паўстае адрозная прыродная стыхiя, iншыя ўмовы побыту беларуса, пры гэтым дамiнантную ролю тут адыгрываюць iншыя вобразы i рэалii ландшафту. Калi ў панямонскiх малюнках пейзажны позiрк фiксуе «ўзгорачкi роднага поля, рэчкi, курганы, лясы», «поле пясчанае… мiж гор i лясоў», крывую дарогу «мiж спелага жыта», «хмызнякi, каменне», «дуб разложысты» i каля яго Нёман, то палеская рэчаiснасць паўстае iншаю – гэта «балот краiна», «гмах шырокi балот»: «Цёмны бор, кусты, балоты, // Куча лоз i дубняку, // Рэчкi, купiны, чароты, Мора траў i хмызняку» («Палескiя вобразы»). Значыць, для пэўнага беларускага рэгiёну ўласцiвы свае найбольш характэрныя вобразныя знакi свету, што, безумоўна, ускладняе вылучэнне шэрага топасаў у якасцi галоўных этнiчных сiмвалаў. Якуб Колас стварыў шырокапанарамную карцiну нацыянальнага свету, прычым рэгiянальны панямонскi кампанент зрабiўся ў яго творчасцi неад’емнай асновай выяўлення духоўнай повязi з родным краем. Славуты рускi мастак I. Шышкiн зазначаў, што пейзаж павiнен быць не толькi нацыянальным, але i мясцовым. Асяроддзе, якое нарадзiла творцу, становiцца сферай яго этнiчнай прыналежнасцi, вытокам фармавання нацыянальнай душы i ментальнасцi. Бацькоўскi кут стаўся для паэта асяродкам вялiкага i багатага духоўнага зместу жыцця беларуса сярод прыроды: «Мой родны кут, як ты мне мілы! // Забыць цябе не маю сілы!».
Сiстэма вобразаў у коласаўскай творчасцi надзвычай багатая, яна адлюстроўвае карціну нацыянальнага свету. У яго творах часта гучаць пералiчэннi родных вобразаў, i разам узятыя яны раскрываюць рэалiстычна-канкрэтны i геаграфiчна дакладны беларускi пейзаж: «Лес i гай, палi i логi, // Луг, узгоркi i груды, // Крыж, крынiцы i дарогi…» («З дарогi»). Кожны з гэтых пейзажных вобразаў набыў у мастацкiм мысленнi паэта важнае iдэйна-эстэтычнае значэнне. Нацыянальнае пачуццё прыроды ў творчасцi Я. Коласа вырастае з пантэiстычнага, адухоўленага ўспрымання навакольнай рэчаiснасцi i характарызуецца мяккасцю i замiлаванасцю позiрку, адчуваннем гарманiчнай зладжанасцi свету, трымаецца на глыбокай еднасцi душы чалавека i душы прыроды. Найвялікшае шчасце і асалода для паэта – «свой голас разам зліць з песнямі прыроды». Якуб Колас – вiртуоз гукапiсу i малявання словам. Эстэтыка колеру i паэтыка гуку вызначальныя ў яго пейзажных вершах «Ручэй», «Першы гром», «Перад навальнiцай», «Усход сонца» i iнш. У гэтых пейзажах мастак слова праз колер паказаў, якiя тоiць у сабе родная прырода дзiвосна-чароўныя «скарбы гоства, сугалосся». У многiх выпадках гук, музыка-спеў у паэтавых прыродапiсальных малюнках – праява высока адухоўленага ўспрымання свету, сведчанне чуйнай фiласофскай повязi чалавека з прыродай i космасам:
Ахвацiла цiша
Ўсю душу маю.
Ночанька мая ты,
Водблiск глыбiнi!
Ты душу чаруеш
Спевам цiшынi.
Многа ў гэтым спеве
Водгукаў жывых,
Iх не зловiш вухам,
Чуеш сэрцам iх.
(«Ноч»)
Якуб Колас вельмi вобразна перадаваў з’явы прыроды, сузiраў i адкрываў у ёй красу, гармонiю. А гэта вымагала незвычайнага ўзнясення паэтычнага духу, бо «прыгажосць мастацтва, – як адзначаў Гегель, – з’яўляецца прыгажосцю, народжанай на глебе духу, i наколькi дух i твор вышэй прыроды i яе з’яў, настолькi ж цудоўнае ў мастацтве вышэй натуральнай прыгажосцi». Якуб Колас стварыў высокую паэзiю прыроды, уклаў у яе глыбокую эстэтыку слова, змест свайго «я». Шматлiкiя прыродаапiсаннi паэта вельмi лiрычныя, iнтымныя.
Галоўнае ў творчай манеры Якуба Коласа – гукавыяўленчасць, якая характарызуецца выкарыстаннем такiх сродкаў мастацкай выразнасцi, як асанансы, анафары, алітарацыі. Сапраўды, «найбольш услухоўваўся паэт у прыроду «вухам» (А. Лойка). Асновай музыкi ў яго творах становяцца прыродныя стыхii: гром, навальнiца, вецер, завея, бура… Прырода ў Коласа выпраменьвае «жыватворчы дух» музыкi, яна шуміць i звiнiць, гаворыць i спявае. Згадаем звонка-пералiвiстую мелодыю ручая ў вершах «Ручэй» i «Песнi вясны». Музыка верша Якуба Коласа – апiсальна-маляўнічая, гукавобразная, пластычная, гэта музыка яркіх колераў і фарбаў.
Партытура кожнага з такiх пейзажных твораў, як «Вясна» («Вясна, вясна жаданая!..»), «Мяцелiца», «Першы гром», «На полi вясною», «Гусi», «Адлёт жураўлёў», «Пад шум ветру», «Лес», «Да вясны», «Зiма» i iнш., вызначаецца тонкай iнтанацыйна-фанiчнай спалучанасцю слоў, плаўнасцю рытму, гiбкасцю лiнiй. Якуб Колас – майстар стварэння яркiх гукавых комплексаў, віртуоз у выкарыстанні музычна-выяўленчых сродкаў: «Громам узрушана грозная раць». Паэт, быццам чалавек-аркестр, здолеў увабраць у сябе ўсю полiфанiю гукаў, i ўзнаўляе ён музыку прыроды з глыбокай прачутасцю, эмацыянальнай насычанасцю слова. Паэтыка гуку, будова рытмiчнага малюнка ў Коласа характарызуецца незвычайнай выразнасцю, прасторавай разгорнутасцю i мяккасцю, як сама беларуская прырода. У яго творах, кажучы словамi І. Ралько, «кожная фанема (гук) атрымлiвае найбольшую магчымасць чысцiнi свайго гучання, чысцiнi, якая не зацямняецца пабочнымi шумамi, i ад таго кожны гук у слове цi рытмарадзе атрымлiвае тыя празрыстасць i чысцiню, якія з найбольшым эфектам i сiлай могуць уплываць на стварэнне ў рытмарадзе эстэтыка-пачуццёвай прыгажосцi кожнага гука, а значыць, i вершаванага радка ў цэлым…». Усю прыгажосць музычнасцi, маляўнiчай гукапiснасцi коласаўскiх пейзажных тэкстаў пранiклiва i па-свойму адметна раскрылi такiя беларускiя кампазiтары, як М. Чуркiн, М. Равенскi, А. Багатыроў, Л. Абелiёвiч, У. Алоўнiкаў, Ю. Семяняка, І. Лучанок i iнш. Так, у песні на коласаўскія словы «Люблю я прыволле шырокіх палёў» (музыка А. Багатырова, арыя Кузьміча ў оперы «У пушчах Палесся») хараство пейзажнага ўлоння апяваецца ўзнёсла i задушэўна. Мелодыка тут вызначаецца свабодным i шырока спеўным, нават эпічным характарам гучання.
Пейзажны малюнак «Лес» У. Алоўнiкава гэтак, як i аднайменны верш Якуба Коласа, заснаваны на гука- i рытмаперайманнi шэпту-шуму лесу. Фартэпiяннае суправаджэнне пранiклiва выяўляе iнтанацыйна-фанiчную змястоўнасць тэксту, у спалучэннi з вакальнай партыяй характарызуецца павольнасцю, размеранасцю гучання. У мелодыцы i тэксце звяртае ўвагу інструментоўка, выразная i адметная тэмбравая афарбоўка – паўторы ў музыцы гукавых лейтматываў, а ў тэксце алiтарацыя на гук «ш», дакладней, фанiчнае спалучэнне «шэ», «шу», «шы», «ша»: «Глуха шэпча лес зялёны, // І шумiць ён i шумiць…». Песеннае гучанне набыў i пейзажны верш Якуба Коласа «Зiма» («Надышлi марозы…»). У музычнай інтэрпрэтацыі гэтага пейзажу І. Лучанком тонка выяўлена суразмернасць i ўнутраная ладнасць радка, удала перададзена яго рытмічная манатоннасць, што стварае ўражанне зімовага спакою, цiшынi i нiбы загiпнатызоўвае слухача. І ў той жа час музыка напоўнена адчуваннем дзiвоснасцi зімовага прастору, незвычайнага святла i ззяння белага снегу.
Аркестравая музыка гучыць у прыродаапiсаннях «Новай зямлi», якую, апрача iншага, можна назваць беларускай паэмай-сiмфонiяй. А кожная карціна прыроды, узятая паасобку, – гэта своеасаблівая сiмфаньета: вясновая, летняя, восеньская i г. д. Якуб Колас тут вельмі гарманічна паяднаў мову музыкi i жывапісу, па сутнасцi яго паэтычны стыль – гэта музычны жывапiс. Музычна-колеравая вобразнасць, тэмбрава-полiфанiчны характар строфікі ўласцівы пейзажам «Новай зямлi». Экспрэсiўная, дынамiчная мова гукаў i фарбаў вызначае стылістыку раздзелаў «Каля зямлянкi», «Дарэктар», «Таемныя гукi». Прырода з апiсанняў Коласа паўстае як шматгалосы свет зыкаў, шолахаў, звону, галасоў, песень:
Скiдае лес убор зiмовы,
І шум другi на лад-спеў новы
Над борам цягне несканчона…
Мелодыка, абраная паэтам, заўсёды адпавядае пэўнай часiне года, пары сутак, стану прыроды i стварае неабходны эмацыянальны фон.
Музыка ў творах Коласа – гэта выява глыбіннай сутнасцi нацыянальнага паэтычнага светаадчування, гарманічнай духоўнай повязi беларускай душы з родным наваколлем.
У пейзажных карцінах паэмы «Сымон-музыка» яскрава выяўлены лiрыкадраматычны сiмфанiзм. У першай частцы створаны тры восеньскiя пейзажы, якiя прасякнуты музыкай суму, жалю, кранальных псiхалагiчна-медытатыўных перажыванняў. Iнтанацыйна-завостраным, кульмiнацыйным момантам у другой частцы становіцца закліканне вясны (трэцi раздзел), а таксама малюнак абуджэння прыроды, вясновай пары з навальніцай i громам. Далей, у трэцяй i чацвёртай частках, вельмi кантрасна, з драматычнай афарбаванасцю гучаць апісанні ночы i раніцы, зімы i вясны. Гэта мова вобразных сiмвалаў, фанiчна-семантычнага падтэксту. Паэт з душэўнай прыўзнятасцю сцвярджае непераможнасць святла, услаўляе адраджэнскую моц прыроды i духоўнага свету асобы: «Дню складаюць гімн паляны. // Хлопец чуе адраджэнне…» У фінале твора пейзажны малюнак раніцы напоўнены песняй жаўранка, гучыць як музыка «душы світання» i вечнага адраджэння.
У душы Сымона з’явы i галасы прыроды (шум лесу, спеў збожжа, крык жураўлёў i iнш.) адклiкаюцца глыбока эмацыянальна i нараджаюць тую жывую музыку, якая гучыць ва ўнісон з навакольным светам. Музыка – лад светаўспрымання i жыцця героя, бо пастаянна «ў iм штось грае, // Нейкiх спеваў шум дзіўны, // І няма iм канца-краю, // Iм валодаюць яны». Яго «чуткая струна» галосiць «смутнай восенi дажджом», перадае гайданне каласоў, шэпт лiстоты… Свае мелодыi з асаблiвай шчырасцю ён давярае лесу. Дзед Данiла адкрывае хлопцу жывую i гаваркую душу лесу. «Вось дзе музыка – паслухаць…» – кажа ён. Мiж тым музыка ў Сымоне – гэта i праява Боскага духу, якi скiроўвае позiрк i пачуццё ў прасцягі сусвету. Невыпадкова ў касмiчным краявiдзе ён адчувае «песню зорак», «хор зорак», «песень блескаў», «спеў музычнай цiшынi», усiм сэрцам iмкне к «ясным зоркам на спатканне», каб спасцiгнуць, перадаць тых «гукаў сэнс i мову». Зорны краявід зачароўвае героя сваёй таямнiчасцю i дзiвоцтвам, нараджае ў яго iстоце музыку нябёсаў, космасу. Зямныя i касмiчныя гукi перадаюць музычную аснову прыроды, жыцця, свету.
Коласаўскае адлюстраванне прыроды змяшчае глыбокую фiласофiю духу i думкi. Свет пейзажных карцiн i малюнкаў вельмi часта нясе ў сабе экзiстэнцыйны, фiласофскi змест – змест, якi пазначаны пранiклiвым адчуваннем складанасцi i плыннасцi чалавечага жыцця, суадносiнаў часовага i вечнага, змрочнага i светлага (паэмы «Новая зямля», «Сымон-музыка», вершы «Апошнi лiсток», «Адлёт жураўлёў», «У цемры» i iнш.). Прырода ў творах Якуба Коласа – адбiтак не проста настрою душы, а ў значнай ступенi ўмова быцiйна-фiласофскага iснавання, сродак духоўна-медытатыўнага выяўлення:
Зварот пары, знікненне лета…
То – водгулле душы паэта,
То – смутны вобраз развітання,
То – струн дрыгучых заміранне,
Натхненнай песні жаль сардэчны,
Жыцця і смерці – сымбаль вечны!
І люб і смуцен час прыгоды,
Калі душа ўсяе прыроды
З тваёю злучыцца душою
Ў адным суладдзі і настроі!
У паэзii прыроды Якуба Коласа выяўляецца глыбiнна-адухоўленая сувязь з сусветам, космасам. I гэтую сувязь паэт наладжвае праз вобразы касмiчнага плана – найперш праз вобразы неба, сонца, зорак, месяца (паэма «Сымон-музыка”, вершы «Неба», «Усход сонца», «Заход сонца», «Ноч» i iнш.). Сымон-музыка з аднайменнай паэмы паўстае як дзiця сусвету, якое апякуюць касмiчныя сiлы: яму «зоркi… спагадаюць», а «сонца – радасць, сонца – казка, што зганяе з сэрца дым». Неба i нябесныя свяцiлы – увасабленне незвычайнай прыгажосцi, нечага ідэальнага: «Палюбуйся, паглядзi ты, // Як прыгожанька ўгары, // Як усюды бляск разлiты, Быццам неба ў пажары!» («Неба»). Прычым – i гэта вельмi iстотная рыса – вобразы прыродных i касмічных стыхiй набываюць нярэдка сiмвалiчнасць.
Паэта цiкавiў не толькi рэальны свет краявiдаў, ён iмкнуўся надаць адлюстраванню прыроды iдэйна-значны, алегорыка-фiласофскi план выяўлення. Яскравым прыкладам такога асэнсавання прыроды могуць служыць «Казкi жыцця» (1908–1956). Жыццё прыроды тут становiцца падставай для фiласофскiх аналогiй, паралеляў, асацыяцый з чалавечым быццём. Прырода i яе вобразы (хмарка, вадаспад, дрэвы, i iнш.) становяцца жывымi дзейнымi асобамi, увасабляюць у сабе вялiкi i мудры змест, i, раскрываючы яго, пісьменнік па сутнасцi стварае фiласофскiя вобразы-сiмвалы, вобразы-метафары («Балотны агонь», «Вадаспад», «Дуб i чароцiна», «Хмарка» i iнш.). Прырода ў Якуба Коласа – гэта, з аднаго боку, асобнае i аўтаномнае ўлонне, якое ўспрымаецца як умяшчальня таямнiц i загадак, а, з другога, прырода – мацi i настаўнiца, якая вучыць, падказвае кожнаму з нас штосьці важнае, тое, як жыць, iснаваць, уладкоўваць асабiсты i грамадскi свет. Як кніга быцця паўстае прырода ва ўспрыманнi героя трылогii «На ростанях» настаўніка Лабановiча, якi ўсведамляе, што «ёсць дзве часцiны, з якiх складаецца жыццё, i яго глыбокi сэнс i хараство – чалавек i прырода». У мудрай, гарманічнай паяднанасцi чалавека i прыроды Якуб Колас бачыў сэнс сапраўднага духоўнага iснавання.
Нямала гаварылася нашымi даследчыкамі пра мiфапаэтычнае i язычнiцкае, у сваёй сутнасці народнае, успрыманне прыроды. I большасць разважанняў у гэтым кірунку выглядаюць абсалютна слушнымi. Аднак часам падобны падыход не ўлiчваў хрысцiянскасць, рэлiгiйнасць светаўспрымання Якуба Коласа. Даволi распаўсюджанымi ў 1970–1980-я гг. зрабiлiся меркаваннi наконт таго, што «трэба «апрасцiцца», выкінуць з душы еўрапейска-хрысцiянскую цывiлiзацыю, вярнуцца да язычнiцкага злiцця з прыродай…». Часам гучала i такое: Колас, маўляў, паэтязычнiк. Сакральнасць у коласаўскiм пачуццi прыроды адныя з першых адзначылі даследчыкі Т. Шамякiна, М. Мушынскi, У. Конан і інш. Рэлiгiйна-сакральны элемент прысутнiчае ў паэзii Я. Коласа даволi прыкметна: «Йдзе вясна ўжо, дзякуй Богу!» («Вясна»); «I Божы свет здаваўся мiлы», «Як бы сам Бог тут над зямлёю // Прайшоў i глянуў мiласцiва» («Новая зямля») i iнш. Каб пераканацца ў рэлiгiйнахрысцiянскай аснове пачуцця прыроды Коласа паэта, варта разгарнуць хаця б старонкi перавыдадзенага ў 1982 г. факсімільным спосабам зборнiка «Песнiжальбы»: сонейка «палiць свечку дарагую прад алтарам Бога» («Усход сонца»); «Бедная нiва, знаць, Богам забыта…» («Хмары»); «А у небе, ў Божым полi…» («Пташкi ў лесе шчабяталi…») i iнш. Духоўная прысутнасць, вобраз i iмя Бога ў паэтычных апiсаннях прыроды – гэта сведчанне рэлiгiйна-фiласофскага ўспрымання i разумення ўзаемасувязi чалавека i свету. Якуб Колас тым самым прызнае Божую волю i мудрасць уладкаванай ім светабудовы, адчувае, акрамя iншага, вышэйшы сэнс быцця, прадвызначаны не толькi законамi Прыроды, але i самiм Усявышнiм. Невыпадкова прырода ў Якуба Коласа – гэта храм, святыня. Беларуская паэзiя ў 1920-я гг. пачала страчваць гэтае пачуццё сакральнасцi, вiтала «сталёвых коней», дымныя фабрыкі, гул заводаў, словам, індустрыяльны поступ жыцця, якi, урэшце, i прывёў да разбурэння iдэалу экалагічнай гармонii, якi сцвярджаў у сваёй паэзіі Я. Колас i іншыя песняры роднай прыроды «нашанiўскага часу».
Паэзiя Якуба Коласа змяшчае ў сабе вялiкi эстэтыка-экалагiчны патэнцыял, г. зн. яна здольная выхоўваць пачуццё любовi i захаплення прыродай, iмкненне аберагаць яе красу, ландшафт, флору i фаўну. Можна згадаць, як чуйна i даверлiва адкрыта сэрца Сымона-музыкi навакольнаму хараству i музыцы прыроды. Ён тонка разумее жывую мову прыроды, ведае,
Што гаворыць жытні колас,
I аб чым шумiць ячмень,
I чаго спявае ўголас
Мушка, конiк, авадзень…
Прырода ў Якуба Коласа гэтак, як i ў нямецкага паэта, I. В. Гётэ, сама вучыць «видеть братьев во всём: в зверях, кустарнике, траве» («Фаўст»). Сёння пасля Чарнобыля мы пераканаліся, што чалавек проста не можа існаваць без повязi з прыродай i па-за прыродай. Засцерагчы свет ад руйнавання i апусташэння здольная духоўна гарманічная асоба – чалавек, які шануе свой край, дом, зямлю, родную мову, сям’ю, адчувае прыгожае, глыбокую еднасць з Богам i космасам. Выхаваць такога чалавека i заклікана творчасць Якуба Коласа, i найперш тыя яе старонкі, якія прысвечаны роднай прыродзе, паколькi там мы знаходзім яркае ўвасабленне iдэалу экалагічнай гармонii паміж чалавекам і навакольным светам – ідэалу, які здольны наблізіць нас да экалагічнай культуры будучыні.
А. І. Бельскі,
доктар філалагічных навук
Крыніца: Бельскі, А. І. Класікі і сучаснікі ў школе: [Вывучэнне творчасці пісьменнікаў] / А. І. Бельскі. – Мн.: Аверсэв, 2005. – С. 25–33.
Электронны варыянт артыкула падрыхтаваны да 105-годдзя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
У 1923–1926 гг. Якуб Колас (К. М. Міцкевіч) працаваў на педагагічным факультэце БДУ: спачатку як выкладчык кафедры беларускай мовы, а 3 снежня 1926 г. быў зацверджаны ў званні дацэнта. Выкладаў і адначасова распрацоўваў методыку навучання роднай мове























