ЗЯМНОЕ — КАСМІЧНАЕ Ў КАНТЭКСЦЕ ПАЭТЫЧНАЙ ФІЛАСОФІІ ЯНКІ КУПАЛЫ

Бельскі Алесь Іванавіч доктар філалагічных навук, прафесар, заг. кафедры

0
3904

Сусвет здаўна вабіў, клікаў да сябе чалавека, які сваёй думкай імкнуўся ахапіць неабдымныя, неабсяжныя прасторы, пранікнуць у нетры таямнічага космасу. Да асэнсавання прыроды і звязаных з ёй аб’ектаў, стыхій падключылася міфасвядомасць, якая дае хоць і спецыфічнае, але глабальнае бачанне свету. Неспазнанае бязмежжа, звышнатуральнае, нават містычна-чароўнае (напрыклад, зацьменне сонца ці метэарытавы дождж) незвычайна абуджалі фантазію чалавека, у якога складваліся ўяўленні пра сувязь зямлі і неба. Нярэдка гэта было эмацыянальна-вобразнае, наіўна-казачнае тлумачэнне свету, аднак па-свойму прыгожае і вельмі паэтычнае. Старажытная касмагонія яскрава адбілася ў астральных і салярных міфах, легендах, замовах і іншых фальклорных творах, дзе ўвасоблены нябесныя з’явы, касмічныя аб’екты. У гэтай сувязі слушна адзначаецца, што «ўсю суму ўяўленняў пра Космас і Зямлю нашы продкі абагульнялі ў выглядзе нейкай канкрэтнасці — мадэлі», а «міфапаэтычная мадэль свету заўсёды выключна гарманізаваная: усё зямное ў ёй звязана з Космасам, выводзіцца з яго, аб’яднана пэўнымі касмічнымі законамі» [1, с. 28, 29]. Пачынаючы з антычнасці (Геракліт, Гесіёд і інш.) і да ХХ стагоддзя, якое вядома тэорыямі і вучэннямі А. Эйнштэйна, К. Цыялкоўскага, У. Вярнадскага, П. Фларэнскага і інш., выказваліся погляды на ўладкаванне свету і наша існаванне ў міжпланетнай прасторы.

Зорны сусвет будзіў творчую думку пісьменнікаў і мастакоў розных эпох. Ужо Ф. Скарына, тлумачачы старонкі Бібліі, скіроўваў да пазнання светабудовы, сэнсу існавання пад вечным небам. Беларускія творцы дзякуючы сіле мастацкага ўяўлення абжылі і ачалавечылі сусвет. Уражваюць, да прыкладу, сваёй прагнастычнай смеласцю фантазіі мастака Я. Драздовіча ці паэта А. Куляшова, увасобленыя ў іхніх творах задоўга да надыходу касмічнай эры. Калі чытаеш вершаваныя радкі М. Багдановіча з запытаннем «Нашто ж на зямлі // Сваркі і звадкі, боль і горыч, // Калі ўсе мы разам ляцім // Да зор?» [2, с. 155], то пераконваешся ў слушнасці таго, што пазней сказаў У. Вярнадскі пра чалавека як суб’екта касмічнага быцця: «Чалавек упершыню рэальна зразумеў, што ён жыхар планеты і можа — павінен — мысліць і дзейнічаць… у планетным аспекце» [3, кн. 2, с. 24]. Я. Купала — адзін з першых беларускіх паэтаў, чый позірк быў прыкаваны «к зорам агністым, к прыволлю нябеснаму» [4, т. 2, с. 152]. Ён не толькі шматаблічна ўвасобіў нацыянальны свет, але і выявіў маштабнасць пейзажнага мыслення, узняўся да філасофскага касмізму. Яго цікавала ўзаемасувязь і ўзаемазалежнасць зямнога і нябеснага жыцця.

Касмізм і маштабнасць думкі сучаснай паэзіі шмат у чым абумоўлены першаадкрыццямі Я. Купалы. Менавіта ён як паэт з раскаваным позіркам на свет адлюстраваў краявіды з кінематаграфічнай аб’ёмнасцю, панарамна, а яшчэ — гіпербалізавана і сімвалічна. Сваім зрокам і пачуццём Я. Купала шырока ахапіў прасцягі беларускай зямлі («Я тут бачу свой край: рэчку, поле і бор…»), ракурс яго светабачання па-сапраўднаму касмічны: «Мой дом — прыволле звёзднай далі, // арламі мераны абшар…» [4, т. 2, с. 112]. Сусвет для паэта — зямля і неба ў іх непарыўнай цэласнасці, родны і блізкі дом. У яго творчасці выяўляецца паэтычны культ сонца. Пра купалаўскі вобраз сонца можна гаварыць у суаднесенасці з даўняй касмаганічнай карцінай свету, дзе нябесная светланосная энергія — вышэйшая сіла жыцця. Я. Купала паэтызуе гэтае галоўнае нябеснае свяціла з адухоўленасцю, узвышана, успрымае як штосьці высокае, ідэальнае, вечнае, што сімвалічна ўвасабляе сабой такія маральна-духоўна-філасофскія катэгорыі, як праўда, шчасце, праўда, свабода, ісціна, справядлівасць: «І праўда возьме верх нязводне: // Такі ўжо сонца вечны ход» [4, т. 2, с. 82]. Вось чаму паэт імкнуўся разам са сваім заняволеным, пагарджаным народам вырвацца «к яснаму сонцу з цьмы, з беспрасвецця…» [4, т. 3, с. 79]. У паэтычным мысленні Я. Купалы відавочная бінарная апазіцыя «сонца — цемра» («Сонца з цемрамі змагаецца…»), і гэтая антыномія сведчыць пра адвечнае змаганне светлага і змрочнага пачаткаў у сусвеце, Паэт пастаянна апелюе да сонца і зорак як субстанцый нейкага разумнага універсуму, боскага і мудрага светаўладкавання. Сонца для Купалы, асабліва вясновае і купальскае, сімвалізуе само духоўнае адраджэнне народа, без яго ён не ўяўляе Беларусі і яе будучыні: «Клічам, сонца, цябе як адзін!», «Як у свята купальскае, сонца, // Свой жывы абнаўляеш паглёд, // Аднаві славу нашай старонцы, // Аднаві яе сумны народ!» [4, т. 2, с. 115]. Спалучаючы зямное і высокае, гарызанталь і вертыкаль, паэт дасягае геакасмічнага светаразумення, інакш кажучы, разглядае родную зямлю як сакральную частку сусвету. Беларусь і яе быццё звязваецца ва ўяўленні паэта з вышэйшай духоўнай сферай: «З сонцам злучыся, зорамі йскрыся…», «Хорам твой — неба і нівы краса…» [4, т. 3, с. 76]. Сонца ў Купалы жыццядайнае і жыццятворнае, яно «полымем вызвала к слаўнай сяўбе», абудзіла «думы заспаныя» [4, т. 3, с. 95]. Маладая Беларусь асацыюецца з самім сонцам, яна бачыцца паэту ў сонечна-зорным убранні — дзівосным, незвычайным, казачным: «З зорак усходніх, заходніх, з бліскучай // маланкі выткаў бы шаты, // З сонца і кветак-пралесак карону- // вяночак звіў бы табе я»; «Воблачак зняў бы на трон з небасклону, // з-пад сонца пышны, багаты» [4, т. 3, с. 120]. Паэт услаўляе сонечны дзень, сонечную Бацькаўшчыну: «Смела ў сонцы ідзеш, як жывы агняцвет; // Сееш ласкава сны залацістыя…» [4, т. 3, с. 95]. Я. Купала з аптымізмам сцвярджае ідэю сонечна-прасветленага быцця на зямлі — быцця, пазбаўленага цемры, уладкаванага па законах гармоніі і прыгажосці: «Самое сонца ўзяць у рукі // І, як з паходняй, з ім ісці. // Святлом ніштожыць нашы мукі, // Увесь плач роднае зямлі» [4, т. 3, с. 67]. Паэт стварыў высокі салярны культ Беларусі. Можна сказаць, што ён абагаўляе сонца, якому складае песні-гімны і малітвы.

Для хранатопу ў вершах, у якіх выяўляецца касмічны ракурс светаадлюстравання, характэрна міфалагічная ўключанасць «я» аўтара ў прастору і прыроднае быццё. У нябесных свяцілах паэту бачацца жывыя, адухоўленыя істоты, якія дзякуючы прыёму антрапамарфізму набываюць уласцівасць думаць і адчуваць. Гэтыя нябесныя істоты-персанажы здольны паспрыяць у штодзённым жыцці, засцерагчы, абараніць чалавека ці паспагадаць яму. Для Купалы «Сонца, Месяц і Зоркі, — кажучы словамі А. Афанасьева, — пільныя нябесныя вартавыя, ад вачэй якіх ніхто не схаваецца» [6, с. 159]: «Ты, ясна сонца, месяц, ясен свет, // І вы, на небе часценькія зоры, // Вы ўсе, што кропіце расою цвет // І асвятляеце сушу і моры»; «Зямлю агрэйце, вырасцце траву, // Не пашкадуйце есць і піць жывінам, // Шаўковую сцяліце мураву, // Абгарадзіце жалязяным тынам…» [4, т. 6, с. 110]. У народным духу, на міфапаэтычны лад нябесныя сілы заклікаюцца паэтам да лучнасці з Зямлёй, каб гэтая еднасць паспрыяла гарманічнаму ўладкаванню жыцця і свету. Купалаў герой пад сонцам, небам, Млечным Шляхам жыве рамантычнай думкай-марай пра чалавечае шчасце, жадае, каб і далёкія зоркі, нябесныя свяцілы зрэагавалі на малітвы і просьбы, прычыніліся да зямных спраў, пазначылі іншы лёс беларусам і роднаму краю. Герой Купалы паўстае як асоба велічна-рамантычная, якая лучыцца «са святламі бязмежна ўсясвету» і «аглядае міры» [4, т. 3, с. 172]. Думка паэта ўзбуйняецца, набывае глабальны характар і маштабнасць. Ён, паядноўваючы розныя планы — гарызантальны і нябесна-касмічны, стварае разгорнутую метафару зямнога быцця: «Млечны Шлях, што нябесны дзядзінец // Засцілае, я б зняў на зямлю // І масціў бы ім новы гасцінец // Цераз родную ніву сваю», «Сонца ўзяўшы агністае ў рукі, // што гарыць над бязмерам палёў, // Я па Млечным тым Шляху без мукі // Чалавека да шчасця бы вёў» [4, т. 3, с. 172]. Я. Купала, нягледзячы на гіпербалізацыю вобраза чалавека, не займаў пазіцыю антрапацэнтрызму. Паэт узвышае чалавека, аддае належнае «думнаму цару зямлі», не абмяжоўвае яго магчымасці ў спазнанні сусвету, гаворыць, што той «…неба ўсе скрыткі падгледзеў: // Злічыў, колькі зор, што ёсць на іх…» [4, т. 3, с. 103]. Купала, аднак, перакананы, што «гэтых сіл» сусвету не перасягнуць чалавеку, ён павінен быць у пастаянным духоўным пошуку: «…Аб роднай старонцы пытайся // Ты неба, зямлі і жыцця» [4, т. 2, с. 126]. Я. Купала сцвярджае філасофскую ідэю Зямлі-Беларусі як вызначальнай у вялікім сусвеце. На гэткіх жа геацэнтрычных пазіцыях стаіць і рускі паэт В. Брусаў: «Я — сын земли, дитя планеты малой, // Затерянной в пространстве мировом»; «Я — сын земли, где дни и годы кратки, // Где сладостна зеленая весна, // Где тягостны безумных душ загадки…» [5, с. 136]. «Эдэмам вечным» лічыць сваю зямлю В. Брусаў, адзінай, непаўторнай і райскай паўстае родная зямля з твораў Я. Купалы: «Зямлі і сонцу нізка пакланюся — // Я — сын зямлі і сонца вольны сын!» [4, т. 4, с. 14]. Лірычны герой паэта паўстае як чалавек сонца і зямлі, у яго ўяўленні іх сувязь адвечная і непарыўная. Падобнае светаадчуванне выявілася ў «Слове аб палку Ігаравым», дзе «адносіны да Сонца спалучылі ў сабе пачуццё сусвету і пачуццё зямлі, непадзельна з’яднаныя паміж сабой» [7, с. 79]. Дзеля таго каб родная зямля пазбавілася пакут, гора, сышлі з яе «чорныя долі з мяцеліцаў шумамі», беларускі пясняр прамаўляе прачулыя словы малітвы: «Я буду маліцца да яснага сонейка…», «Я буду маліцца да зорак і жаліцца…» [4, т. 1, с. 83]; «Малюся я небу, зямлі і прастору, // Магутнаму Богу — Ўсясвету малюся…» [4, т. 3, с. 77]. Думкай паэт узносіцца да сонца як ідэала зямнога быцця: «Ды ў свет зноў за сонцам, за новай зарой!» [4, т. 2, с. 128].

Сімвалам паяднання зямнога і нябеснага выступае ў паэзіі Я. Купалы вобраз дрэва, якое аб’ядноўвае свет-зямлю і касмічную сферу. Так, явар выступае як частка не толькі канкрэтнай мясціны, але і вялікага свету: «…Быў ён князем гэтых ніваў, // На ўсім свеце меў павагу», «…І ківае галавою, // Ўсё ківае ў свет далёкі» [4, т. 2, с. 75]. Явар і каліна спраўляюць «модлы пакорныя з маткай-зямлёй» і «тайна ў ночаньку чорную месяца, зор выглядаюць» [4, т. 2, с. 110]. Купала надзяляе дрэвы незвычайнымі ўласцівасцямі, яны з’яднаны з нябесным светам, самой вечнасцю. Разам з тым ім пасылаюцца «неба… непрыветы», «неба помсты» (вершы «Вольха», «Дзве таполі» і інш.). Праз «касмічную» падсветку паэт увасабляе канцэпцыю жыцця-існавання дрэва, пры гэтым досыць часта прачытваецца аналогія з чалавечым лёсам. У вершы «Груша» ён стварае мадэль сусветнага дрэва: «Калышацца сталетняя, // Шуміць на ўсе староны, // На ёй галінаў тысячы, // Лісткоў на ёй мільёны», «…Шуміць, заходзе ў гутарку // То з небам, то з зямлёю» [4, т. 3, с. 112]. Дрэва, як і чалавек, трымаецца сваёй роднай глебы, хоць яго вабіць вышыня нябёсаў.

Я. Купала з захапленнем і замілавана-пяшчотна ставіцца да зорак. З імі паэт звязвае самае дарагое і запаветнае. Зорнае неба — пастаянны аб’ект Купалавага светасузірання Для беларускага песняра, як і для нямецкага філосафа І. Канта, — гэта вечная субстанцыя, найвялікшая духоўная каштоўнасць: «Неба свой нямы сход: месяц, зор, харавод // Над зямлю то выводзіць, то зводзіць…» [4, т. 2, с. 92]. Уяўленні Купалы пра зоркі звязаны з народнымі міфапоглядамі, таму гэтыя нябесныя свяцілы персаніфікуюцца, паўстаюць дзейнымі персанажамі сусветнай містэрыі. Зорнае неба таямнічае і загадкавае, адтуль сыходзіць на зямлю святло Боскай існасці. Адсутнасць зор на небе прадвяшчае беспрасветнасць і цяжар зямнога існавання (верш «А як мы з хаткі выходзім…»). Менавіта касмічная праекцыя дае магчымасць выразней убачыць рэальны «ландшафт жыцця». Зорнае неба як увасабленне духоўнай вышыні і маральнай чысціні быццам момант ісціны для чалавека і грамадства. Я. Купала, як і В. Брусаў, правяраюць жыццёвую рэальнасць, праводзячы паралель паміж нябесным і зямным светам: «З зораў, з-пад неба ўсё быцце зямельнае // Проймеш паглядам цікавым наскрозь; // Бачыці будзеш — з жыццём нераздзельныя — // Крыўду, бяспуцце, нянавісць і злосць» [4, т. 2, с. 156]; «Пусть новый мир встает из бездн безвестных, // Не знающий, что в прошлом были мы: // О нем мечтаю, в свете звезд небесных…» [5, с. 163]. Зорнае неба — святыня, крыніца духоўнай энергіі, якая дае моц, каб супрацьстаяць жыццёвым выпрабаванням і нягодам: «Зоры веру ўлілі сілам зломаным» [4, т. 3, с. 98]. З небам Я. Купалу спалучае тонкая і глыбокая духоўная сувязь. Неба і зямля паўстаюць для яго ў гарманічным адзінстве: «З зямлёй і небам звязывае мяне ніць — // Неразарваная веквечна пуціна: // Зямля мяне галубіць, як вернага сына, // А сонца мне душу не кідае туліць» [4, т. 4, с. 19]. Ён апелюе да Усявышняга, Бог для паэта велічны і ўсёмагутны — «цар і неба, і зямлі». Ва ўспрыманні светабудовы відавочны тэацэнтрызм Я. Купалы: «Вачамі сонейка і зор агністых // Агляд Ты робіш дзень і ноч міроў…» [4, т. 3, с. 86].

Такім чынам, Чалавек і Сусвет — гэта каштоўнасны цэнтр філасофска-паэтычнага светаразумення Я. Купалы. Як і герой Гусляр з аднайменнай паэмы, паэт адчувае сябе неад’емным суб’ектам сусветнай прасторы-быцця: «Небу справу здае сэрца, думка мая, // Сонцу, зорам, арлам толькі роўна» [4, т. 6, с. 56]. Паміж сонцам, зоркамі і ўнутраным светам паэта існуе тонкая эмацыянальна-адухоўленая сувязь, якая красамоўна сведчыць пра гарманічнае адзінства з прыродай. Засяроджанасць на нябесных вобразах і краявідах, якія набываюць сімволіка-філасофскае ўвасабленне, — гэта па сутнасці заглыбленасць Купалы ў жыццё, быційныя і вечныя пытанні чалавечага існавання. Мадэль сусвету ў яго паэзіі — сінтэз мікра- і макрааб’ектаў ды рэалій, трывалае паяднанне зямнога і касмічнага. Геакасмізм Я. Купалы — гэта маштабнасць светабачання і светаразумення, пазнавальны рух думкі да сутнасці касмічна-зямнога быцця ў цеснай суаднесенасці з эстэтычным пачаткам у паэтычнай вобразатворчасці.

Літаратура

1. Шамякіна, Т. І. Міфалогія Беларусі (нарысы) / Т. І. Шамякіна. — Мінск: Маст. літ., 2000. — 400 с.

2. Багдановіч, М. Выбраныя творы / М. Багдановіч. — Мінск: Беларус. кнігазбор, 1996. — 494 с.

3. Вернадский, В. И. Размышления натуралиста: в 2 кн. / В. И. Вернадский — М.: Наука, 1975—1977. — 2 кн.

4. Купала, Я. Поўны збор твораў: у 9 т. / Я. Купала. — Мінск: Маст. літ., 1995—2003. — 9 т.

5. Брюсов В. Стихотворения / сост. Н. Банников / В. Брюсов. — М.: Мол. гвардия, 1989. — 190 с.

6. Афанасьев А. Поэтические воззрения славян на природу: в 3 т. / А. Афанасьев. — М.: Изд-ние К. Солдатенкова, 1865. — Т. 1. — 804 с.

7. Осетров Е. И. Книга о русской поэзии / Е. И. Осетров. — М.: Сов. Россия, 1982. — 352 с.

Алесь Бельскі

Крыніца публікацыі: Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні: зб. навук. прац / рэдкал. У. І. Каяла [і інш.]. — Гродна: ГрДУ, 2007. — С. 25—32.