ЯКУБ КОЛАС
Шалёнага пса — на ланцуг!
Дык так, пачалося. Забойца ў паходзе,
I спушчаны псы з ланцугоў.
У грознай навале, у цяжкай прыгодзе
Больш мірных няма берагоў.
Да зброі, народы раскутай краіны:
Разбойнік штурмуе наш дом!
Магутнаю раццю, патокам адзіным
Абрушым на ворага гром!
Той мусіць загінуць, хто меч узнімае
На голавы мірных трудзяг.
Няхай жа агорне ноч цёмна-нямая
Падступных падлюг і туляг!
Дык чуйце, народы: ў паход на бандыта,
На меч перакуйце ваш плуг.
Захочам — і Гітлер, як пёс, будзе біты:
Шалёнага пса — на ланцуг!
[22]/VІ 1941
ЯНКА КУПАЛА
Зноў будзем шчасце мець і волю
Лютуе Гітлер ашалелы,
Яму ў Германіі зацесна,
Яму пад ногі дай свет цэлы,
Хай гіне ў муках свет балесных.
Ускормлен мясам чалавечым,
Крывёй народнаю скупаны,
Народам волю абязвечыў,
Лютуе кат пад звон кайданаў.
На Беларусь, маю радзіму,
Як шакал, рынуўся галодны,
На Беларусь, што леты, зімы
Жыла шчасліваю, свабоднай.
І рэжа, вешае нявінных
Бацькоў, дзяцей і старцаў кволых.
Крывавым полымем, скаціна,
Папеліць гарады і сёлы.
Мой край расквечаных прастораў
Сваім салдацкім топча ботам…
Ой, і адпомсціць за ўсё гора
Народ, за кроў, за сон пад плотам!
Ужо нядоўга панаванне
Яго разбойніцкае дзічы, —
Усенароднае паўстанне
Яму апошнія дні ліча.
Паўстаў народны гнеў і помста,
Паўсталі грозна партызаны,
Б’юць фашыстоўскі зброд прахвостаў,
Б’юць, дабіваюць гнід паганых.
Чырвонай Арміі ў падмогу
Ідзе народ з байцамі разам
Да шчасця церабіць дарогу,
Знішчаць нямецкую заразу.
Так дзень збліжаецца расплаты
За ўсё, што выцерпелі гэтак,
За нашы спаленыя хаты,
Нашых выразаных дзетак.
Ачысцім нашы лес і поле
Ад Гітлера, ад яго бандаў,
Зноў будзем шчасце мець і волю
Ў сваіх адноўленых прысадах.
Загоім раны, адбудуем
Свае сялібы зруйнаваны,
Сваю краіну маладую
Святлом асвецім нечуваным.
Зірнуць зноў нашы ўвысь палацы,
Святочна прыбяруцца людзі,
Як красаваўся, красавацца
Чырвоны сцяг над намі будзе.
1942
КАНДРАТ КРАПІВА
Развітанне сына
Не сумуй па мне, старая,
Будзь здарова, маці!
Вораг край мой разбурае —
Ці ж сядзець мне ў хаце?
Ці ж на тое палівала
Ты зямліцу потам,
Каб яна цяпер стагнала
Пад фашысцкім ботам?
Ці ж на тое мне пра волю
Пела над калыскай,
Каб марнела наша доля
Пад пятой фашысцкай?
Лепш свабодным легчы ў полі
Ад варожай кулі,
Чым аддаць сябе ў няволю
I цябе, матуля.
Бараніць пайду свабоду,
Біцца з гадам лютым,
Што нясе майму народу
Здзекі і пакуты.
Будзем жывы — будзем рады
Лёсу маладому,
А пакуль не знішчым гадаў,
Не чакай дадому.
1941
ПЯТРУСЬ БРОЎКА
Будзем сеяць, беларусы!
Хутка вызваляцца гонi
З-пад уцiску, з-пад прымусу,
Будзем сеяць, беларусы,
На ўсход сонца чыстым зернем…
Смерць на захад мы павернем!
Мы вясну сваю спаткаем, —
Дождж праменны зацярусiць…
Будзем сеяць, беларусы!
Прыйдзе рунь да нас з расою,
А на захад — смерць з касою.
Зацвiтуць ля новай хаты
Зноўку яблынi i грушы.
Будзем сеяць, беларусы!
Закуваюць нам зязюлi,
Пахаваюць катаў кулi.
Стане поле каласiцца,
Ляжа шоўкавым абрусам,
Будзем сеяць, беларусы!
Закрасуе буйна збожжа.
Нас нiхто скарыць не зможа!
Масква, 1942 г.
АРКАДЗЬ КУЛЯШОЎ
Над брацкай магілай
Ёсць пад Стараю Русаю
руская вёска Лажыны.
Там, нібы ў Беларусі,
і вербы растуць, і рабіны.
Там жаўцеюць
Прыгожыя
Краскі
За вёскай у лузе,
Там ржавеюць
Варожыя
Каскі,
Нібы ў Беларусі.
Там магіла ёсць брацкая ў лузе
за вёскай Лажыны,
Там хлапцы беларускія
чэсна галовы злажылі.
Мы без слёз іх хаваем,
Памятаем пра свой абавязак,
Нашы слёзы саромяцца
мужных вінтовак і касак.
Мы не плачам, хоць знаем,
не проста салдацкія косці
Засыпаем мы жвірам халодным,
а большае штосьці…
Засыпаем мы твары
з вачамі і вуснамі тымі,
На якіх пацалункі
дзяцей і жанок не астылі.
Жвірам сыплем на рукі,
якія дзяцей тых насілі,
Жвірам сыплем на ногі,
якія паўсвета схадзілі.
Ногі просяцца ўстаць,
яны стомы ў дарозе не чулі,
Ды ўвагналі ў магілу
Іх сілу
Варожыя кулі.
Рукі хочуць яшчэ
да грудзей прытуліць сваіх сірат,
Ды з варожае ласкі паганай
дол цесны ім вырыт.
Хоць прымае іх гэта зямля,
як сыноў сваіх, шчыра,
Але просяць іх вочы
хоць жменьку палескага жвіру.
Толькі дзе яго ўзяць?
Як яны Беларусь пакідалі,
У дарогу з сабою
Мяшэчкаў з зямлёю
Не бралі.
Што ім жменька зямлі той?
Ты ўся ім патрэбна, радзіма,
А ў дарожным мяшэчку
ўмясціць цябе ўсю немагчыма.
Паспрабуй у дарогу забраць
тыя пожні, палі і крыніцы,
Тыя пушчы, што могуць
хіба толькі ў сэрцы ўмясціцца.
Беларусь мая родная,
як жа я рвуся яшчэ раз
Пеша ўсю цябе змераць,
увесь і чабор твой, і верас!..
Сэрца просіць шляхоў,
Што цяжкім маім ботам пад сілу;
Наглытацца хачу туманоў,
Твайго ветру і пылу;
Наглытацца хачу за сябе і за тых,
Што не ўстануць з нябыту;
Вочы просяць нябёсаў тваіх,
Ім твайго не хапае блакіту.
Мы сяброў засыпаем зямлёй —
Ленінградцы, татары, узбекі,
Мы клянёмся варожай крывёй
Напаіць беларускія рэкі.
Мы салют аддаём,
памятаючы свой абавязак,
I не плачам, бо слёзы
суровых саромяцца касак.
1942 г.
МАКСІМ ТАНК
Мы вернемся
Клубамі чорнымі дым віўся,
Ўгрызаўся ў вочы і ў раллю.
Мы адступалі, падпаліўшы
Свае сядзібы і зямлю.
Каб там, дзе завітае вораг
Або праскача яго конь, —
Бурлілі рэкі і азёры,
І помсты палымнеў агонь.
Каб на шляхах, палях, ў акопах
Спакою вораг не зазнаў,
Каб жвір сыры, гарачы попел,
Яго магілы засыпаў.
Настане дзень баёў апошніх!
Мы адступілі, каб было
Дзе легчы ворагу на пожнях,
Парослых сіняй гавылой.
А мы шляхі вярнуцца знойдзем,
Як вырай іх знаходзіць век,
Па сонцу, што над намі ўзойдзе,
Па звону беларускіх рэк.
1941
ПІМЕН ПАНЧАНКА
Краіна мая
Краіна мая, радасць мая,
Песня мая маладая!
Па нівах тваіх, па тваіх гаях
Сынава сэрца рыдае.
Ты часта прыходзіш ка мне, як сон.
Хмараю праплываеш,
Птушкай садзішся на ціхі клён,
Звонкім дажджом ападаеш.
Тады ўспамінаецца ўсё да драбніц,
Што звязана з родным краем, —
Як жыта шуміць, як агонь зарніц
На дне азёр дагарае.
Як летам спякотным за днямі дні
Ішлі па іржышчы калючым…
Мы ранілі ногі аб камяні,
I нам не было балюча.
I не было нічога ярчэй
За сонца на родным небе,
I не было нічога смачней
Матчынага хлеба.
Вада з прыдарожнага ручая
Была саладзей за мёд нам…
Краіна мая, маці мая,
Лёс твой цяжкі і гаротны!
Топча, катуе тваю зямлю
Вылюдак ашалелы.
Я кроў да апошняе кроплі пралью,
Каб толькі табе палягчэла.
Ні славы, ні скарбаў я не хачу,
Мне б толькі прыйсці непрыкметна,
Зямлю сваю пад нагамі адчуць,
Надыхацца родным паветрам.
1942
Крыніцы мастацкіх тэкстаў
Броўка, П. Збор твораў: у 9 т. / П. Броўка. — Мінск: Маст. літ., 1987. — Т. 2: Вершы, паэмы, 1941—1953. — С. 20.
Колас, Я. Збор твораў: у 23 т. / Я. Колас. — Мінск: Беларус. навука, 2008. — Т. 3: Вершы (1939—1945). — С. 41—42.
Крапіва, К. Выбраныя творы: у 2 т. / К. Крапіва. — Мінск: Маст. літ., 1986. — Т. 1: Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы, апавяданні, фельетоны, памфлеты, аўтабіяграфія. — С. 177—178.
Куляшоў, А. Збор твораў: у 5 т. / А. Куляшоў. — Мінск: Маст. літ., 1974. — Т. 1: Вершы. — С. 196—198.
Купала, Я. Збор твораў: у 9 т. / Я. Купала. — Мінск: Маст. літ., 1998. — Т. 5: Вершы, пераклады (1930—1942). — С. 177—188.
Панчанка, П. Збор твораў: у 4 т. / П. Панчанка. — Мінск: Маст. літ., 1981. — Т. 1: Вершы і паэмы (1934—1945). — С. 139.
Танк, М. Збор твораў: у 13 т. / М. Танк. — Мінск: Беларус. навука, 2006. — Т. 3: Вершы (1939—1954). — С. 14—15.
Падрыхтаваў А. І. Бельскі.