Творчасць Максіма Танка змяшчае ў сабе багацце і разнастайнасць канкрэтыкі нацыянальнага свету. Ён выявіў хараство і незвычайную прывабнасць роднай прыроды, у суладдзі з якой найбольш поўна раскрылася паэтычная душа нашага народа, здолеў па-мастацку ўвасобіць універсальна-шырокае кола пейзажных вобразаў і матываў (возера Нарач, дарога, нарачанскія сосны, поле, луг, сенажаць і інш.), і таму як тут не прыгадаць словы А. Лойкі: “У Максіма Танка ёсць усё”. Гэтая сістэма вобразаў па сутнасці адлюстроўвае нацыянальны космас беларусаў.
Зазначым адразу: цэнтрам прыродна-зямнога ўладкавання і паэтычнага свету, у прыватнасці, у М. Танка з’яўляецца вобраз сонца. Якое семантычнае напаўненне гэтага вобраза, якія асацыяцыі з ім звязаны, праілюструем на прыкладзе танкаўскай паэзіі заходнебеларускага перыяду. Акурат тады паэт абраў выразныя эстэтычныя арыенціры, сфармуляваў канцэптуальную праграму творчасці.
У першым томе “Збору твораў” (2006), а яго складаюць творы 1930—1939 гг., слова сонца — адно з самых прыкметных, найбольш ужывальных. Яно, вобразна кажучы, праменіць амаль з кожнага верша. Частотны падлік сведчыць, што ў ідэйна-вобразным кантэксце твораў паэт скарыстоўвае слова “сонца” і вытворныя ад яго прыметнікі (сонечны, сонечная, сонечных) амаль 40 разоў, а калі яшчэ мець на ўвазе вобразы світальнай зары, усходу, то можна пераканацца, што ад самага пачатку сваёй творчасці М. Танк — паэт святла і сонца.
Культ сонца ў танкаўскай паэзіі мае архаічныя рысы. Сузіраючы, як разгараецца зара, нябесны агонь, паэт, як і нашы продкі ў мінулым, чакае жыватворнага цуду, чароўнага святла, якое пераўвасобіць свет, зямное існаванне. Ён жыве па сонцу, па ім вывярае жыццё, рух да будучыні. Сонца для яго — пачатак усяго існага, крыніца абнаўлення, магутная і незвычайная сіла. Можна, сказаць, што лірычны герой паэзіі М. Танка ўвесь у чаканні сонца, у прадчуванні новага прасветленага быцця. “Чакаем сонца” — такую красамоўную назву мае адзін з яго вершаў.
Аднак сустрэча усходу сонца ў М. Танка — гэта больш чым вітанне добрага і спагаднага нябеснага свяціла. Сонца ў яго ўспрыманні паўстае як высокі рамантычны ідэал, вызначальны паэтычны сімвал. Яно — высокая мара, мэта і сэнс жыцця, дзеля чаго трэба прайсці праз цяжкасці, пакуты, выпрабаванні: “І аб казачнай старонцы // Голас гаварыў, // І пра волю, і пра сонца // Над прасторам ніў” (“Вецер птушкай біўся ў вокны…”).. Гэткі ж сімволіка-рамантычны характар увасаблення вобраза сонца выявіўся ў паэзіі нашаніўскага часу. Я. Купала, апелюючы да сонца, па-адраджэнску клікаў аднавіць былую славу “забранага краю”, узняць “сумны народ” да новага жыцця: “Дык глянь з хорамаў вольных, высокіх // Да крывіцкіх туманных нізін… // Казкай векаў блізкіх і далёкіх // Клічам, сонца, цябе як адзін!” (“Песня сонцу”). Шукаючы выйсце з сацыяльнага тупіка і нацыянальнага заняволення, М. Багдановіч прамаўляў ва унісон Купалу, выказваў сваю глыбокую веру ў сонца як крыніцу духоўнага адраджэння: “Не згасла сонца? Сонца гляне, // Усіх падыме ада сна. // Ён, гэты дзень, яшчэ настане,— // І “ачуняе старана”!” (“Кінь вечны плач свой аб старонцы!..”). На сонечны прасцяг клікаў беларуса З. Бядуля — клікаў, каб здзейсніць свае сацыяльныя і нацыянальныя імкненні, выбраць свой вольны шлях: “Ідзі, беларус, толькі сцежкай сваёй! // Сцежкай сваёю // Да Сонца ідзі!” (“Тры сцежкі”).
Нягледзячы на стогны і ныццё ветру, шум мяцеліцы, у сэрцы героя М. Танка таксама жыве духатворная ідэя сонца, і гэтая мара “ў глыбокім падзямеллі… аб светлым ранні” — сведчанне вялікай веры і мэтаімкнёнасці чалавека-змагара за лепшую долю паднявольнага краю. Беспрасветным і бесперспектыўным быў лёс беларусаў пры санацыйным рэжыме ў Польшчы, і таму многія з іх абралі шлях духоўнага супраціву, барацьбы за свае сацыяльныя і нацыянальныя правы. Невыпадкова вобраз сонца быў узняты паэтамі, і найперш М. Танкам, да ўзроўню высокага ідэалу.
З самых першых вершаў паэт вітае і заклікае сонца: “Цяпер, песня, я буду // Ісці аж да сонца // Тваім сцяганосцам” (“Колькі часу шукаў я…”); “І я малюся, сын нядолі, // Загледзеўшыся на Усход: // Нас асвяці ты сонцам волі, // Каб знішчыў путы мой народ!” (“Усход у зарыве чырвоным…”). У гэтых і іншых радках падкрэсліваецца асаблівы статус вобраза сонца як станоўчага ідэалу, яскрава выяўлена духоўна-эстэтычная арыентацыя паэта на салярны пачатак як стваральны, выратавальны, гарманізуючы. Святланосная энергія па сутнасці запальвае ўнутранае сонца-ідэал, з якім ідзе па жыцці і ступае на шлях змагання лірычны герой М. Танка. Маючы веру ў сонца як цэнтр новага і справядлівага ўладкавання свету, ён выгуквае палымяны вокліч: “Не адступай, брат, у змаганні, // Ідзі далей, як ты ішоў! // У новых бітвах сонца ўстане…” (“Не забывай”). У сваіх памкненнях і парываннях паэт імкне у будучыню, таму вызначальным у яго паэзіі становіцца матыў руху. Гэты рух усведамляецца М. Танкам як агульнанародны, агульназначны для нацыянальнага лёсу, бо толькі ў супольнай вызваленчай барацьбе можна дасягнуць “новай славы, новых сонц” (“Ты чуеш, брат…”). Рамантычныя вобразы агню і сонца робяцца ўвасабленнем пяснярскай місіі. Каб спраўдзіць яе, неабходна “зрабіць жыццём агонь”. У вершах “Час нам выходзіць усім грамадою…”, “Кантата”, “Сілы шмат маем ў руках мазольных…” і іншых вар’іруецца матыў руху грамады да сонечнай будучыні. Паэт глыбока разумее, што надышоў адказны час выбару свайго нацыянальнага шляху, усвядомленага дзеяння, таму з упэўненасцю сцвярджае, што “мы да сонца ўдаль пайдзём…”. Трэба крочыць туды, дзе “…зырка гарыць над зямлёю // Неба світальнай зарой”. Сонца паўстае як антыпод цемры, няволі, зімовай сцюдзёнасці, здранцвення сацыяльных і духоўных сіл народа. Ён перакананы, што з’яднанасць людскіх сэрцаў, згуртаванасць грамады павінны адбыцца дзеля перамогі святла над змрокам. Раскрываючы драматызм і трагізм барацьбы ў Заходняй Беларусі, паэт, нягледзячы на чалавечыя страты, услаўляе “бунтарныя дні, сагрэтыя сонцам і майскім цяплом” (“Вянок”). Гераізуе ён вобраз змагароў, што спачылі “ў курганах пясчаных, спакойных”, называе іх сокаламі. Сокал — птушка вышыні і сонца, міфалагічнае яе ўспрыманне адлюстроўвае чалавечую мару пра сувязь зямнога і нябеснага. Курган і сонца — узаемазвязаныя вобразы, у ідэйна-сэнсавым кантэксце верша М. Танка яны ўвасабляюць глыбінны сэнс. Курган сімвалізуе завяршэнне зямнога кола жыцця, сонца над ім паўстае як найвышэйшая ўзнагарода, сама бессмяротная слава і вечная крыніца святла: “…Шчаслівымі лепшымі днямі // Век будзеце вы курганамі // Глядзець ў ненагляднае сонца” (“Над курганамі”). Па сутнасці паэт гаворыць пра палеглых у курганах як рыцараў сонца, а гэта значыць, абаронцаў свабоды і будучыні роднай зямлі. Магутнай і непераможнай бачыцца яму сіла гераічная, сіла народная: “Сонца прымусілі б ноччу чорнай // пажарам новых дзён гарэць” (“Сілы шмат маем ў руках мазольных…”). Ідэя сонца як свабоды выяўляе сацыяльны, духоўны і гістарычны аптымізм паэта.
Асабліва жаданым і чаканым сонца было для паэта за астрожнымі кратамі. У віленскай турме “Лукішкі”, у якую ён трапіў за рэвалюцыйную дзейнасць, яму, як і іншым вязням, мроілася “сонца волі і вясны” (“Жаць ідзе батрачка рана…”). М. Танк у “Лістках календара” пісаў, што яго не пакідала адчуванне красы і паэзіі ў турэмнай адзіночцы, дзе былі толькі голыя сцены. “Пішу скупым промнем сонца, што прабіўся праз краты”,— прызнаваўся паэт у адным з вершаў (“Аловак адабралі…”). Нават адзін сонечны промень, які прабег па твары, ці тужлівая думка ў астрожнай цеснаце і цемры пра світальную зару абуджае веру і надзею. Сонца паўстае як вышэйшы суддзя і збаўца, яно не дае вязню заняпасці духам, дапамагае пераадолець зняволенне-ізаляцыю, робіць чалавечую асобу больш трывалай, унутрана непахіснай:
Але я веру, што сонца ўстане
І заіграе сярпом на шыбах,
На змрочных сценах майго падвала,
На недакончанай маёй песні.
(“Серп сонца”)
Усёй сваёй свабодалюбнай сутнасцю паэт сцвярджае магчымасць дачакацца немінучых перамен, дасягнуць жаданага ў жыцці і змаганні, бо дзе свеціць, пануе сонца — там воля і шчасце. Гуканне і чаканне гэтага нябеснага свяціла, аднак, не ператвараецца ў самамэту, маўляў, вось яно ўзыдзе — і ўсё імгненна перайначыцца. Сонца — тая крэатыўная сіла, якая пабуджае да актыўнага дзеяння:
Знай: хутка ты ўбачыш свой край у світанні,
У ззянні чырвоным усходніх зарніц…
Ты мусіш змагацца, а ў гэтым змаганні
І песні, і сонца, і волю здабыць!
(“Школьнік”)
Канцэпцыя сонца ў алегарычнай форме ўвасабляе сабой патрыятычна-вызваленчую ідэю. Узвышанае стаўленне да сонца як ідэалу раскрывае ўяўленні паэта пра свабоду, справядлівасць, праўду, радасць быцця. Гэты вобраз сімвалізуе ў творах М. Танка мару пра шчаслівы народны лёс, ідэальнае грамадства будучага. Сонца бачыцца паэту неад’емнай сутнасцю нацыянальнага быцця:
…Раны і межы краіна залечыць,
Плечы расправіць шырока магутныя,
Прыйдзе народ на вялікае веча.
Сонцам зазвоняць палеткі ўзараныя…
(“Тры песні”)
Час ужо зямлю апаясаць зарой,
Рассеяць густа зоры па старонцы,
Каб зазвінелі нашы нівы чорнаю раллёй
Пад залатым нарогам сонца.
(“З паднятай галавой”)
Сонца, святла і цеплыні не хапае роднаму краю паэта, без іх, здаецца, пакутуе ўсё жывое: “Ды ніколі не можна // Было ўдоваль напіцца // Таго сонца сіротам малым // З беспрацоўных кварталаў, // Сівым камяніцам, // Сутарэнням глыбокім, // Сырым” (“Павязлі цягнікі”). Сонца робіцца сведкаю і саўдзельнікам падзей: “Позна. // Абозы бежанцаў // сонца схавала з дарожным скрыпучым болем” (“На акопах”). Сацыяльная завостранасць у трактоўцы вобраза сонца досыць выразная. Пры гэтым выяўляецца грамадзянская пазіцыя паэта, яго патрыятычны светапогляд. Ён выступае як носьбіт сацыяльнага і духоўнага дзеяння. “А мы гімн сонцу пішам на граніце”,— з упэўненасцю сцвярджае паэт (“Чакаем сонца”). Сонца супрацьпастаўляецца з рэаліямі заходнебеларускай рэчаіснасці, і гэтая антыномія выяўляе глыбокую супярэчнасць у грамадскіх адносінах, сацыяльна-гістарычным быцці народа, які пазбаўлены паўнавартаснага духоўнага існавання і будучыні.
Як мы пераконваемся, выключнасць вобраза сонца абумоўлена яго сэнсавай значнасцю ў сацыяльнай канцэпцыі рэчаіснасці, з ім звязана выяўленне нацыянальнай ідэі. Беларусь уяўляецца паэту як краіна сонца.
Сонца — пастаянны спадарожнік паэта на этапах, у яго вандраваннях і шуканнях лепшай долі для роднага краю: “Ізноў дарога! <…> Ўдалі сінее ціха бор, // і плюшчыць вочы // даль ад сонца” (“Дарога”). Яму найчасцей пачуваецца няўтульна, дарога стамляе, бо сэрца прыгнятае сум, вярэдзяць неспакойныя думкі. Але ён упэўнены, што “трэба няспынна ісці да зары” (“Ціха, так ціха — ні ветру, ні шуму…”). Нярэдка сацыяльнае саступае месца эстэтычнаму пачуццю — і тады паэт, аглядаючы краявіды, адкрывае незвычайнае ў звычайным, апявае хараство родных вобразаў:
Сонца высака на небе,
Не дастанеш качаргой;
Залатога бору грэбень
Пахне шышкамі, смалой.
(“Ад дажджоў стары гасцінец…”)
Сонца ў вершах М. Танка метафарызуецца як дзівосная і непаўторная з’ява, можна сказаць, што яно — крыніца цуду і самой паэзіі: “Сонца ў калоссі згарэць не магло, // Покуль ноч не арасіла аселіцы” (“Сонца ў калоссі згарэць не магло…”); “Хмары, а сонца ў іх гразкім балоце // плямамі месіць дарог каляіны”; “Сонца дарогай пайшло за ўзгоркі” (“Над вазёрамі”); “….смяецца возера, // Ў сонцы расцвітаючы, як чырвоны мак…” (“Дзед і шчупак”); “…Дзе ля вадапою // ловяць сонца рыбакі” (“Казка пра Музыку”); “стыне сонца віно залатое” (“Асыпаюцца дні…”) і інш. М. Танк успрымае сонца і яго рух эмацыянальна, вобразна, паэтычна. Нябеснае свяціла, адухоўленае праз прыём паралелізму, часта прыпадабняецца да жывой істоты. Паэт захоплены чароўным ззяннем, прыгажосцю, касмаганічным дзействам сонца. Яно выклікае ўнутраны ўздым, адчуванне высокага і прыгожага ў зямным быцці.
Песні паэта, як ён прызнаваўся, гартаваліся “і ў сонцы, ў шолаху зарніц” (“Хай нас пагоняць…”). Вобраз сонца раскрывае рамантычны характар светабачання і светаразумення М. Танка, жыццесцвярджальную сілу яго паэзіі. У танкаўскай творчасці заходнебеларускага перыяду яскрава ўвасобілася фантазійная мадэль “сонечнага быцця”. Сонца выступае як пачатак і цэнтр гарманічнага ўладкавання свету. Гэты вобраз незвычайна ўзбуйняецца за кошт аўтарскай праекцыі на жыццёвыя з’явы, рэчаіснасць, абставіны, карэнныя праблемы часу, пры гэтым ён набывае сэнсавую значнасць, па сутнасці статус грамадскага ідэалу.
Думка паэта была пастаянна скіравана ў будучыню, туды, “дзе ў сонцы жыццё зелянее”. У творах ваенных і пасляваенных гадоў М. Танк заклікаў, а затым і вітаў “сонца зварот… на барозны”. У яго паэтычным свеце заўсёды было сонечна. Салярныя матывы зрабіліся скразнымі ў творчасці М. Танка, яны, як здаецца, утвараюць няспынны коларух. І ад гэтых “песень, сонца, светлых рос” з’яўляецца адчуванне духоўнай прыгажосці і несмяротнасці яго Паэзіі.
Алесь Бельскі
Крыніца публікацыі: Бельскі, А. Галасы і вобразы: літ.-крытыч. артыкулы / А. Бельскі. — Мінск: Лит. и Искусство, 2008. — С. 68—74.