Чалавек, яго думкі і пачуцці — галоўны аб’ект літаратуры, таму яе і называюць чалавеказнаўствам. Яшчэ мастацтва Антычнасці ўзвысіла культ чалавека прыгожага, мужнага, свабоднага, дасканалага. Эпоха Адраджэння зацвердзіла веліч чалавечага духу, высокую годнасць асобы, прыярытэт гуманістычнай культуры. Ідэалы гуманізму, хрысціянскага этычнага жыцця з’яўляюцца вызначальнымі ў светапоглядзе Ф. Скарыны, М. Гусоўскага, іх славутых папярэднікаў і паслядоўнікаў. «Хрысціянская этыка эпохі Сярэдневякоўя арыентавала чалавека на духоўныя каштоўнасці», пераключэнне «негатыўнай, эгаістычнай актыўнасці на хрысціянскі альтруізм», «выхаванне пачуцця сумлення як найвышэйшага крытэрыю асабістага і грамадскага жыцця людзей» (Конан, У. Выбранае. — Мінск, 2009, с. 25, 26).
На мяжы ХІХ—ХХ стагоддзяў, нягледзячы на хуткае развіццё таварна-капіталістычных адносін, тэхнізацыю грамадства і веру ў пазітыўныя перамены, адбываліся працэсы, якія сведчылі пра крызіс маральных прынцыпаў і гуманістычных асноў уладкавання рэчаіснасці. У гэтай сувязі на новым этапе для беларускай літаратуры асаблівую актуальнасць набывала пытанне станаўлення гуманізму як асноватворнай светапогляднай парадыгмы.
Гуманізм светаадчування знайшоў яскравае выяўленне ў творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча («Ідылія», «Гапон» і інш.). Яго канцэпцыя ўладкавання жыцця сканцэнтравала ў сабе сутнасць маральна-этычных пошукаў многіх прадстаўнікоў беларускай літаратуры першай паловы ХІХ стагоддзя, сярод якіх Я. Чачот, Я. Баршчэўскі, А. Рыпінскі і інш. Погляды В. Дуніна-Марцінкевіча грунтуюцца на аснове абстрактнага гуманізму: яны ўяўляюць сабой ідэал міжчалавечых стасункаў і чалавечнасці як умовы існавання для ўсіх і кожнага, незалежна ад сацыяльнай ці нейкай іншай прыналежнасці. Ён, думаючы пра выбар формулы жыццёвай філасофіі, прапаведаваў ідэю класавага (саслоўнага) прымірэння і салідарнасці, талерантнасці і чалавекалюбства.
Сацыяльнае і этычнае, нацыянальнае і агульначалавечае глыбока, трывала з’яднаў у сваёй паэзіі Ф. Багушэвіч. М. Грынчык, разглядаючы творчую дзейнасць паэта «з пазіцый актыўнага гуманізму», адзначае: «Навізна гуманістычнай канцэпцыі Ф. Багушэвіча заключаецца ў тым, што яна арганічна звязана з ідэяй нацыянальнага Адраджэння Беларусі… Працягваючы традыцыі В. Дуніна-Марцінкевіча і яго паслядоўнікаў, Багушэвіч прыдае ім гістарычную маштабнасць і абгрунтаванасць, разглядаючы іх у кантэксце новых сацыяльна-гістарычных з’яў і працэсаў» (Грынчык, М. Праблема гуманізму ў беларускай літаратуры парэформеннага перыяду // Грамадскія ідэалы: нацыянальныя традыцыі, сучасны стан, погляд у будучыню. — Мінск, 2002, с. 79). Ф. Багушэвіч выступае як сацыяльны гуманіст, які абараняе чалавечыя правы беларускага сялянства і ў цэлым свайго народа, прыгнечанага ў царскай Расіі і пазбаўленага палітычных і грамадзянскіх свабод, магчымасці развіваць нацыянальную адукацыю і культуру. Не толькі ў творах як паэт, але і ў рэальным жыцці як віленскі адвакат ён адстойваў інтарэсы простых людзей. Ф. Багушэвіч браў адказнасць за іншых, быў на баку пакрыўджаных, зняважаных, безабаронных людзей перад свавольствам і ўціскам тагачаснай улады. Нездарма за паэтам замацавалася рэпутацыя «мужыцкага адваката». З абароны «маленькага чалавека», яго фундаментальных правоў і годнасці пачыналася вялікая гуманістычная традыцыя беларускай паэзіі, і шырэй — нашай нацыянальнай літаратуры. Францішак Багушэвіч настойліва шукаў выйсце з сацыяльнай трагедыі жыцця, сапраўдны сэнс людскога існавання. Яго хвалявала пытанне: што можна супрацьпаставіць змрочнаму, гнятліваму быццю? Відавочная арыентацыя Ф. Багушэвіча на сацыяльна-этычныя прынцыпы жыцця і сістэму агульначалавечых каштоўнасцей, хрысціянскіх у сваёй аснове. У паэзіі Ф. Багушэвіча яскрава вылучаюцца галоўныя духоўныя каштоўнасці асобы і грамадства, што несумненна сведчыць пра гуманістычны імператыў яго мыслення: свабода, справядлівасць, праўда, сумленнасць, працавітасць, роўнасць, чалавечае братэрства, салідарнасць, дабрыня, спагадлівасць, павага і любоў да бліжняга, адданасць веры і роднай зямлі. Больш за тое, ён абуджаў народны дух і нацыянальную свядомасць: «Наша мова для нас святая, бо яна нам ад Бога даная, як і другім добрым людцам… Нас жа не жменька, а з шэсць мільёнаў… Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!..» («Прадмова» да зборніка «Дудка беларуская»). Ён верыў у духоўны патэнцыял беларуса, паколькі той мае ўнутраны стрыжань — сумленне, трымаецца спрадвечнай маралі і не прамяняе безразважна, з лёгкасцю сваё на чужое, тым больш не паквапіцца на тое, што не здабыта з працы, яго ўласных мазалёў (вершы «Мая хата», «Свая зямля» і інш.).
Такім чынам, Ф. Багушэвіч як народны заступнік стаяў на пазіцыях дзейснага гуманізму, востра крытыкаваў бяспраўнае грамадства, не прымаў сацыяльна-класавае размежаванне людзей, іх няроўнасць і ўзвышаў высокія нормы агульначалавечай маралі. Адбывалася сацыяльнае і маральнае самаўсведамленне яго героя, які вышэй за ўсё ставіў сваё, роднае (хату, зямлю). Вылучаючы універсальнае, агульназначнае, Ф. Багушэвіч сцвярджаў сацыяльна-гуманістычную парадыгму быцця.
Янка Купала цудоўна ўсведамляў сваю ідэйна-мастацкую звышзадачу — маральна рэабілітаваць шматмільённы беларускі народ у вачах чалавецтва і свету, паказаць рэальнасць духоўнага адраджэння «Маладой Беларусі» і зацвердзіць яе права на «свой пачэсны пасад між народамі». Шлях да нацыянальнай ідэі пачаўся для Янка Купалы з думкі пра сацыяльнае вызваленне мужыка-беларуса. Ён, падхопліваючы традыцыю Ф. Багушэвіча, яшчэ больш выразна і глыбока выявіў гуманістычную сутнасць сялянскага (нацыянальнага) менталітэту, маральныя каштоўнасці народнага светапогляду. У гэтай сувязі трэба яшчэ раз адзначыць, што беларускае сялянства складала пераважную большасць у этнічным і сацыяльным складзе тагачаснага насельніцтва так званага Паўночна-Заходняга краю. Грамадства ў часы Купалы па-ранейшаму было размежавана, раз’яднана паводле саслоўна-класавай прыналежнасці, маёмаснага і прававога становішча. З эстэтычна-этычнага ўзвышэння чалавечай годнасці селяніна (у шырокім сэнсе беларуса) і пачынаўся Янка Купала як паэт-гуманіст. Ён пастаянна абуджаў, падкрэсліваў і сцвярджаў чалавечае ў чалавеку, людскае як вызначальнае ў жыцці-існаванні: «Ніколі, браткі, не забуду, // Што чалавек я…» («Мужык»); «Ты ж вечна працуеш, век потам абліты! // Дык будзь чалавекам, бо ты ж не забіты!» («Не рвіся к багам»); «…Хай быць чалавекам захоча брат мой» («Вы кажаце…»); «Ці мы людзі, ці скаціна, // Хто мы тут?» («Брату»); «Долю мець будзем, — эй! будзем людзьмі!» («Чаго нам трэба»). Янка Купала выдатна бачыў галоўнае, універсальнае ў чалавеку, таму і заклікаў яго адчуць сябе самога, спасцігнуць уласную сапраўдную існасць. Ён вёў актыўны дыялог з тымі, хто гараваў пад сялянскім стрэхамі, у гэтым дыялогу з розумам і сэрцамі мільёнаў людзей эмацыянальную завостранасць набывалі пытанні чалавечага, сацыяльнага парадку. Паэт заахвочваў развіццё ўнутранага патэнцыялу, рост свядомасці, без чаго немагчыма матывацыя да сацыяльнага і маральнага жыцця, наўрад ці могуць з’явіцца неабыякавасць, мэтаімкнёнасць, актыўнасць. Калі кожны ўсвядоміць, хто ён і што з сябе ўяўляе, здолее «сказаць, што і я — чалавек» («Я — мужык-беларус…»), то тады, кіруючыся логікай думкі Янкі Купалы, і пачнецца пошук адказу на пытанні: як жыць далей? Што для гэтага трэба рабіць? Куды і па што ісці?
Янку Купалу, як і іншых паэтаў пачатку ХХ стагоддзя, глыбока ўзрушыла «народнае гора». Перад намі не проста паэт, а грамадская асоба, у светапоглядзе якой арганічна спалучана асабістае і агульнанароднае. На матэрыяле кніг «Жалейка», «Гусляр», «Шляхам жыцця» можна пераканацца, што ў аснове яго думак, роздумаў, назіранняў ляжыць пачуццё адказнасці за навакольнае жыццё, пакуты чалавека, недасканалае ўладкаванне грамадства: «А слёзы другіх, што ліюцца над намі, // Ці ж могуць даць спаць нам спакойна?..» («Шчасце»); «Ці ж мала няшчасцяў, ці ж мала слёз мора? // Ці ж мала кайданаў, мучэнняў не ў меру?» («Перад бурай») і інш. Гуманнасць пазіцыі паэта відавочная: ён з хрысціянскім спачуваннем і шкадаваннем ставіўся да прыніжаных, спакутаваных, бяспраўных людзей, даведзеных да прымітыўнага, убогага існавання:
О, жаль мне праз гэта вас, людзі загнаныя,
Цёмныя людзі, гаротныя людзі,
Жаль, што вы такія, праз свет пагарджаныя,
Жаль, што так жыцца йшчэ доўга вам будзе…
(«З маркотных думак…»)
Карціны сацыяльнай рэчаіснасці жахлівыя, змрочныя і гнятлівыя, яны ўяўляюць перакулены, дысгарманічны свет, які ператварыўся для «цёмных, нешчаслівых» у зямное пекла: «І відзець страшна… // Людскі ўвесь енк і плач, // Аж хоць кладзіся ў магілу // І свету гэтага не бач» («З песень а бітвах»); «Дый над гэтай крывёю магільныя // Расплываюцца енкі сірот, // Плачуць цяжанька людзі бяссільныя, // Плача змучаны ўвесь мой народ» («З песень абняволі»). Беларускі селянін для паэта «пеклаў цёзка» («Спусташэнне»). Кола пакут для яго фатальнае, бясконцае, у такой сітуацыі крайняй нястачы і прыгнёту ён пазбаўлены самага галоўнага ў жыцці — чалавечай радасці, шчасця, долі, будучыні. Сацыяльную абяздоленасць народа ва ўмовах царскага рэжыму Янка Купала ўспрымаў як найвялікшую трагедыю, нацыянальную катастрофу.
Янка Купала быў перакананы: беларус можа змяніць штосьці ў сваім лёсе пры ўмове ўнутранага вызвалення, разумення ўласнай вартасці і значнасці. І не толькі сацыяльнай, маральнай. Выключнае месца ў яго творчасці набывае пытанне нацыянальнай ідэнтычнасці асобы, інакш кажучы, нацыянальнага самаўсведамлення. Паэт прыйшоў да высновы пра самадастатковасць беларускага народа, яго права пра раўнапраўе, духоўнае адраджэнне і развіццё. Паэт выступаў за захаванне самабытнага «я» беларуса ў вялікім свеце: «…Кожны народ сам сабе пан; // І беларус можа змясціцца // Ў сям’і нялічанай славян!» («Ворагам беларушчыны»). Янка Купала сцвярджае ідэю высокай нацыянальнай годнасці беларуса, адстойвае яго духоўную паўнавартасць. Безаблічнасць, страта нацыянальнага гонару цэлым народам хвалявала Купалу. Яго займаў нацыятворчы працэс, ён прадэманстраваў патрыятычна-пасіянарнае выяўленне ўнутраных сіл і памкненняў народа. А. Луцкевіч адзначае, што «ўсё нашае нацыянальнае сілай творчага таленту свайго Купала падыймае на вышыню агульналюдзскага разумення, знаходзячы ў ім і адбіраючы цэннасці агульналюдзскае вагі. Гэта перадусім — вялікая краса й дух волі, гэта — магутны парыў да вызвалення і цела і духа народу, гэта — імкненне да чалавечнасці» (Луцкевіч, А. Выбраныя творы. — Мінск, 2006, с. 245). У паэзіі Янка Купалы вельмі выразная нацыянальная рыса гуманізму. Беларуса, беларускі народ паэт уключае ў кантэкст суіснавання з іншымі народамі і чалавецтвам.
У канцэпцыю чалавечай асобы Янка Купала паклаў агульназначныя ідэі і каштоўнасці, найперш такія, як свабода, справядлівасць і роўнасць. Для паэта быць чалавекам азначае «быць вольным» («Вы кажаце…»). Ён сцвярджаў неад’емнае права кожнага чалавека на вольнае існаванне, годнае чалавечае жыццё. Дасягнуць гэтага ў тагачаснай рэальнасці, грамадскім быцці беларусу было неймаверна цяжка, проста немагчыма. Ён даўно «не знаў… дум свабодных», не мог скінуць «няволі ланцугі» («Воргам беларушчыны», «Там»). Таму паэт падчас рэвалюцыі 1905 г. ды і пазней спадзяваўся, што на Белай Русі абудзіцца «дух свабоды і сілы мяцежнай» («Перад бурай»). Янка Купала заклікаў да актыўнага дзеяння, жыў палымянай верай у вызваленчыя сілы свайго народа:
Пойдзем, ўзяўшы за сцяг свой і роўнасць, і згоду
Жыцця лепшага покуль не знойдзем,
Пойдзем, пойдзем здабываці свабоду,
Як адзін, як адзін дружна пойдзем!
(«Пойдзем…»)
Свабодалюбівыя пачуцці і памкненні паэт зацвярджае як найвышэйшую духоўную каштоўнасць асобы: «Душой я вольны чалавек, // І гэткім буду цэлы век!» («Песня вольнага чалавека»); «За свабоду сваю, // Усёй душой пастаю…» («За свабоду сваю…»). Ланцугі, кайданы, ярмо паўстаюць як вобразны кантраст, які раскрывае антыгуманістычны характар царскай палітыкі.
Свабода, воля ўяўляюцца паэту як ідэал, праява вышэйшых — касмічных, боскіх — сіл, іх уплыву на асобу чалавека. Невыпадкова матыў свабоды ў сэнсавым кантэксце вершаў паўстае поруч з вобразамі сонца, неба, зор, ветру і іншых актыўных прыродных стыхій. Герой Купалы прызнаецца: «Малюся свабоднаму ветру — віхуры, // Што лётае птушкай ад краю да краю…» («Мая малітва»). Свабода для Купалы — гэта ўнутраная прастора асобы, выяўленне яе вышэйшай існасці. «Дух чалавека рвецца ўдаль» («Кругаварот») і перасягае зямное вымярэнне. Паэт скіроўвае нас ад хаосу, дысгармоніі рэчаіснасці да космасу, яго хараства і велічы: «На небе свабода, святло і прыволле, — // А думцы замала: няма там людзей…» («Мая думка»). Людское зямное быццё, наадварот, недасканалае, нягоды і няшчасці сталі спадарожнікамі народнага лёсу. Здаецца, ніхто і нішто не парушыць ход гісторыі. На зямлі ўладараць сон, здранцвенне, зіма, мароз, завеі…. І ўсё ж наперакор гэтаму Янка Купала натхнёна паэтызуе мару пра ўсеагульную свабоду: «Сцежку свабоднаму духу народа, // Сцежку да сонца і зор залатых!» («Годзе…»). Сімвалам волі ў яго паэзіі выступае вобраз сокала:
Як сокал, і я б мкнуў да зор:
Там сонца, раздолле, прастор;
Без жалю б пакінуў зямлю,
І хатку, і долю сваю».
(«Вецер, і сокал, і я…»)
Доля «забранага краю» балюча прыгнятае паэта, бо на сваёй зямлі беларус стаў чужым і паднявольным, апынуўся пад цяжкім маральным прэсінгам нейкага зачараванага, беспрасветнага існавання. Сонца, зоркі — сведкі і саўдзельнікі людскога лёсу: «Плача сонца маладое // Над планетай над старою, // Іскры сыплюцца цурком…» («Знямога»). Паэт быццам жадае заклікаць нябесныя сілы перамагчы зямную цемру, зло і прасвятліць народнае жыццё. Як можна пераканацца, гуманізм паэта ў шэрагу твораў набывае ярка выяўлены рамантычны характар.
Любоў — важны сэнсаўтваральны матыў Купалавай паэзіі. Сэрца, душа — вобразы, якія яскрава характарызуюць унутраны свет чалавека і самога паэта (вершы «Сэрца спытай…», «Адгукніся, душа!» і інш.). Стан сэрца і душы характарызуе адносіны да спрадвечнага народнага скарбу — роднага слова. Паэт сэрцам і душой моліцца, адгукаецца на з’явы жыцця і свету, хвалюецца пра вечныя нацыянальныя і агульначалавечыя каштоўнасці, і ўсе гэта выразна раскрывае гуманізм яго духоўнага светаадчування. Сэрца ёсць універсальны орган чалавечага духу, гэта выток, цэнтр гуманізму. Існуе меркаванне: «Мы павінны ўключыць у сферу сэрца ўвесь свет, бо сэрца ёсць мікракосм існага» (Учение Живой Этики. Сердце. — М., 1995, с. 151).
Свет чалавечы бачыўся Купалу як асяродак, далёкі ад сапраўднага гуманізму, наадварот, паэт з трывогай рэагаваў на нарастанне негатыўных з’яў, разбурэнне маральна-хрысціянскіх асноў жыцця: «Колькі жудкага, // Колькі горкага // Зла ўсялякага // Ходзіць, поўзае!» («З песень нядолі»); «Свет, людзі-шэльмы // Крадуць, лгуць шчыра…» («Паэзія»); «Раскрыйся нанова, магіла: // Страшней цябе людзі і свет» («Адвечная песня»). Этычныя нормы знікалі, затое ўсталёўваліся ваўчыныя законы, бурлілі нянавісць і злосць. Гэта быў час пагарды да чалавека, разладу грамадства, вялікіх узрушэнняў і бітваў. Янка Купала разумеў, што людзі, як і ў дабіблейскую эпоху, не памяняліся, засталіся такімі ж самымі грахоўнымі, не змянілася іх унутраная прырода. Гэтыя людзі дужыя і слабыя, добрыя і злыя, сумленныя і хцівыя. Крызіс чалавека прымусіў паэта задумацца пра маштабны, эпахальны характар канфлікту дабра і зла, і адначасова падштурхнуў да пошуку новай, глабальнай у сваёй аснове, гуманістычнай канцэпцыі быцця. У вершы «Чалавеку» ён гаворыць пра абмежаваныя чалавечыя магчымасці: «Мае свет неадкрытыя сілы… // Гэтых сіл не пазнаць да магілы // Табе, думнаму цару зямлі» («Чалавеку»). Імкнучыся адшукаць сэнс быцця, ён востра адчуваў, што ёсць таемная духоўная крыніца ўздзеяння на чалавека. У. Гніламёдаў адзначае: «Купала як бы адчуў духоўную першааснову светабудовы, яе таямніцу, і ён па-новаму ставіць пытанне аб ролі чалавека ў светабудове» (Гніламёдаў, У. Янка Купала: новы погляд. — Мінск, 1995, с. 46). Паэт шукаў сродак сваёй узаемасувязі з Богам, каб знайсці шлях выратавання для людзей і Бацькаўшчыны. Яму жадалася: «…Каб наша малітва ўзляцела / Аж там, аж пад неба, да Бога!» («З сіроцкай долі»). Пасля палымяных грамадзянскіх вершаў у абарону значнасці чалавека ён ствараў паэтычныя малітвы, у якіх просіць «прасветласці божай» («Дайце мне…»). Скіраванасць чалавека і народа да Бога вызначае сутнасць аўтарскай канцэпцыі свету: «Малюся… // Магутнаму Богу — Ўсясвету малюся…» («Мая малітва»).
Ідэя чалавекалюбства вызначальная ў паэзіі Янка Купалы, які, у чым пераконваюць многія яго творы, прытрымліваўся этыкі хрысціянскага гуманізму. Паэт марыў пра трывалую гуманістычную супольнасць людзей: «Кіньма сваркі, звадкі; // Жыйма, як родныя дзеці // Адной нашай маткі!» («Любімось, мае суседзі!»); «Сваркі, звадкі не раз былі згубай для нас, // Разлучалі са шчасцем, з свабодай… // Хай жа з Новым Гадком новы бліжыцца час, // Брацтва, роўнасць, супольнасць і згода!» («Навагоднія жаданні»); «Хай льюцца-зыльюцца ад хаты да хаты // У адно ўсе грамады, ўсе людзі ўсіх ніў!» («Вялікдзень»). Ён марыў і думаў пра свой прыгожы нацыянальны дом, дзе жыццё будзе будавацца на аснове агульначалавечых каштоўнасцей. Сэнс быцця для Купалы заключаецца ў духоўнай еднасці, чалавечым братэрстве, згодзе, мірным існаванні. Разам з тым паэт адчуваў сябе сынам свету, нават шырэй — чалавекам сусвету: «Мой дом — прыволле звёзднай далі…» («Мой дом»). У такім планетна-касмічным аспекце мысліў і М. Багдановіч: «Нашто ж на зямлі // Сваркі і звадкі, боль і горыч, // Калі ўсе мы разам ляцім // Да зор?» («Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы…»). Гуманістычнае мысленне Янка Купалы па-сапраўднаму маштабнае, яно, як мы пераканаліся, пашыраецца да агульначалавечага, планетнага маштабу. Паэт апярэджваў сваю эпоху, ён марыў пра гуманістычны вобраз новай Беларусі і новы дзень чалавецтва. Сучасная думка сцвярджае «неабходнасць новага, Планетнага гуманізму… Мы павінны прызнаць тое, што кожны чалавек на планеце Зямля роўны іншым у сваёй вартасці і каштоўнасці, незалежна ад месца пражывання і перакананняў» (Андреева, Л. С. Природа человека и гуманизм. — Режим доступа: www.atheismru.narod.ru/humanism/journal/45/andreyeva.htm – — Дата доступа: 16.02.2010).
Гуманізм Янка Купалы мае ўсёабдымны характар, утрымлівае ў сабе разнастайныя аспекты: сацыяльны, нацыянальны, рэлігійны, філасофска-маральны. Інакш, кажучы, гуманістычны светапогляд вялікага паэта вызначаецца шматаблічнасцю і разам з тым характарызуецца сваёй сістэмнасцю, багаццем сэнсавых кампанентаў.
У гады Першай сусветнай вайны і пераломныя 1918—1920-я гг. гуманістычны вопыт падказваў паэту, што трэба супрацьстаяць чарговым сацыяльна-палітычным катаклізмам усёй сваёй чалавечай сутнасцю. Яго ахапілі боль і трывога за чалавека, народ, мільёны людзей, іх лёс і будучыню. У выніку Янка Купала быў адным сярод першых, «хто бескампрамісна бараніў традыцыі гуманізму», катэгарычна не прымаў «крывавага разгулу грамадзянскай вайны, праяў антыгуманізму, спароджаных тэрорам» (Лойка, А. Галгофа: кн. лёсаў. — Слонім, 2001, с. 9—10). На Захадзе тады гаварылася пра «заняпад Еўропы» (О. Шпэнглер), у Беларусі таксама пачыналася вялікая катастрофа гуманізму.
Канфлікт чалавека і грамадства прывёў у 1930-я гг. да занядбання агульначалавечых каштоўнасцей. Літаратура на той час разглядалася як «зброя класавай барацьбы». Абясцэньвалася чалавечае жыццё. Сведчаннем таму вершы М. Чарота «Свой прыгавор падпісваю першы…», М. Лужаніна «Дзень гневу», Янка Купалы «Мала іх павесіць…» і інш. Доўгі час культывавалася думка, што «сапраўдны гуманізм — …гуманізм сацыялістычны, які спалучае ў сабе вялікую любоў да працоўнага чалавека і лютую нянавісць да яго ворагаў» (Гісторыя беларускай савецкай літаратуры, 1917—1940 / пад рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — Мінск, 1981, с. 346). Вайна катастрафічна паглыбіла крызіс гуманізму. Літаратуры трэба было знайсці філасофіі знішчэння і руйнавання гуманістычную альтэрнатыву. Аднавіць парушаны парадак светабудовы, пазначыць «шлях да чалавечае чыстаты» (К. Чорны), шлях, па якім «наперад ісці чалавеку гуманнаму» (А. Адамовіч). Грамадства мела патрэбу ў пераўтварэнні чалавека па законах прыгажосці і дабрыні. Літаратура пераарыентоўвала свядомасць чалавека на агульначалавечыя маральныя каштоўнасці (творы К. Чорнага, І. Шамякіна, Я. Брыля, П. Панчанкі, М. Танка, В. Быкава і інш.). Невыпадкова ў новым ХХІ стагоддзі як прыярытэтны вылучаецца «агульначалавечы (духоўны) узровень каштоўнасцей, якому павінны быць падпарадкаваны зямныя (матэрыяльныя) каштоўнасці, каб пазбегнуць рэгрэсу і гібелі чалавецтва» (Башкова, Н. В. Преображение человека в философии русского космизма. — М., 2007, с. 174]. Менавіта ўнутраным, гуманным станам чалавечай асобы і вызначаецца прагрэс грамадства, яго перспектывы. Гэта выдатна паказала беларуская класічная паэзія яшчэ на этапе свайго станаўлення.
А. І. Бельскі,
доктар філалагічных навук
Крыніца публікацыі: Бельскі, А. Беларуская літаратура ў кантэксце традыцый і сучаснасці / А. Бельскі. — Мінск: Выдавец Зміцер Колас, 2017. — С. 34—43 (тэкст артыкула друкуецца ў скароце).