ФРАЗЕАЛАГІЗМЫ Ў МОВЕ ТВОРАЎ ЯНКІ КУПАЛЫ: СЕМАНТЫЧНЫ АСПЕКТ

0
290

У кожнага народа ёсць паэты, веліч і значэнне якіх узрастае ад пакалення да пакалення. Творчасць Янкі Купалы даўно ўжо прызнаная не толькі ў нашай краіне, але і далёка па-за яе межамі. Яна натхняла і будзе натхняць шматлікія пакаленні людзей, якія знаёміліся і яшчэ пазнаёмяцца з бессмяротнымі тварэннямі аднаго з самых вялікіх геніяў беларускай зямлі. Кожнае пакаленне чытачоў імкнецца спазнаць сакрэты хараства і моцы Купалавага слова.

Янка Купала валодаў геніяльным чуццём духу мовы, ён разумеў яе як ніхто іншы, прадбачыў заканамернасці яе развіцця. Паэт даваў узоры трапнага выкарыстання жывога народнага слова, мясцовых гаворак, фальклору. Кожнае слова пад яго пяром набывала своеасаблівае гучанне. «Творачы сваё паэтычнае слова з мовы народнай, паэт узводзіў родную мову ў новую якасць мовы літаратурнай. Збіраючы моўны скарб, паэт нават самыя “этнаграфічныя” і “мясцовыя элементы” яго ператвараў у новае гучанне» [1, с. 337].

Янка Купала аказаў вялікі ўплыў на фарміраванне лексічнага складу беларускай мовы, багатым і выразным з’яўляецца купалаўскі сінтаксіс, незвычайна шырокім выглядае стылістычны дыяпазон яго мовы. Нацыянальную спецыфіку мовы Купалы ў найвышэйшай ступені выражае багатая і шматлікая фразеалогія. Як слушна адзначае вядомы фразеолаг І. Я. Лепешаў, «Янка Купала вельмі добра ведаў жывую мову свайго народа і вусную народную творчасць і ў першую чаргу з гэтых крыніц браў разнастайныя моўныя сродкі, у тым ліку і фразеалагізмы» [5, с. 68]. У ягоных вершах, паэмах, п’есах вельмі часта сустракаюцца фразеалагічныя адзінкі, якія надаюць мастацкай мове каларыт жывой гаворкі, узмацняюць вобразнасць і эмацыянальнасць.

Прадметам нашай увагі з’яўляюцца фразеалагізмы, выяўленыя ў творах Янкі Купалы, якія маюць структуру спалучэння слоў, г. зн. адзінкі, у якіх няма ні граматычна галоўнага, ні граматычна залежнага кампанента. Выяўленне і апісанне фразеалагічна-семантычных груп адзінак гэтай разнавіднасці стала аб’ектам аналізу.

На ўзроўні лексікі пытанні семантычнай класіфікацыі былі аб’ектам увагі многіх даследчыкаў. У залежнасці ад прыроды, крытэрыяў і прынцыпаў вылучэння лінгвісты фіксуюць розныя лексічныя групоўкі, ці класы слоў. Так, В. С. Ахманава вылучае семантычную групу, у якую ўключае падразрад слоў у межах дадзенай часціны мовы, аб’яднаных агульнасцю значэння, і лексічную, да якой адносіць рад слоў, аб’яднаных агульнасцю родавага значэння, г. зн. такіх слоў, якія абазначаюць разнавіднасці аднаго і таго ж роду прадметаў [2, с. 118, 402]. У «Лексікалогіі сучаснай беларускай літаратурнай мовы» з улікам пазамоўных і ўнутрымоўных крытэрыяў на ўзроўні лексіка-семантычнай сістэмы вылучаюцца тры асноўныя класы слоў: прадметна-тэматычныя групы, лексіка-семантычныя групы і семантычныя палі [3, с. 292]. Пэўныя кірункі ў семантычнай класіфікацыі слоў прапаноўваліся Д. М. Шмялёвым, Ф. П. Філіным, Б. А. Плотнікавым, А. Я. Міхневічам і інш.

На ўзроўні фразеалогіі праблема семантычнай групоўкі фразеалагічных адзінак таксама была аб’ектам увагі шматлікіх даследчыкаў. Так, схему «ідэаграфічнай класіфікацыі фразеалагічных адзінак» прапанаваў у свой час А. С. Аксамітаў. Ён вылучыў фразеалагічныя мікрасістэмы – фразеалагізмы прадметнасці, узаемадзеяння, руху, адносін, стану, якасці, колькасці. Кожная мікрасістэма падзяляецца на групы, куды ўваходзяць фразеалагізмы, якія адлюстроўваюць больш прыватныя, канкрэтныя паняцці [1, с. 103]. Пры разглядзе іншых пытанняў фразеалогіі звяртаецца ўвага і на семантычныя групы фразеалагічных адзінак у даследаваннях І. Я. Лепешава, М. А. Даніловіча, В. В. Маршэўскай. Грунтоўная характарыстыка фразеалагічна-семантычных груп назоўнікавых фразеалагізмаў дадзена ў працы Л. М. Якшук [7, с. 50–58].

Класіфікацыя выразаў-спалучэнняў па фразеалагічна-семантычных групах ажыццяўлялася з улікам катэгарыяльнай прыналежнасці фразеалагічных адзінак, таму ў склад фразеалагічна-семантычнай групы ўключаліся фразеалагізмы, якія маюць агульнае катэгарыяльнае значэнне і адну ці некалькі агульных сем. У сувязі з гэтым былі вылучаны назоўнікавыя, прыметнікавыя, дзеяслоўныя, прыслоўныя фразеалагічныя адзінкі. Унутры кожнай разнавіднасці вылучаецца па некалькі фразеалагічна-семантычных груп.

Назоўнікавыя фразеалагізмы. Адзінкі гэтага семантыка-граматычнага разраду аб’яднаны агульным значэннем прадметнасці. Тут можна вылучыць наступныя фразеалагічна-семантычныя групы:

выразы, якія маюць значэнне «чалавек» або «людзі»: мал і стар (малы і стары) ‘усе, кожны’, ад малога да вялікага ‘ўсе’, мал і вялік ‘кожны’, ні стары ні малы ‘ніхто’: Ідзе ўсё войска на папар; Прыйшло, скланіла галаву, I дружна, дружна мал і стар Скубець вільготную траву [3, т. І, с. 309]; Люблю за яго [Пушкіна] багацце думак, за сюжэтнасць, за зразумеласць яго мовы для ўсіх — ад малага да вялікага [3, т. VII, с. 276];

фразеалагізмы – назвы паводле сваяцкіх адносін паміж людзьмі: косць з (ад) косці ‘параджэнне, дзецішча каго-н., чаго-н.’: «Як можна? Шляхцянка – род панскі, косць з косці – З мужыцкай крывёю змяшаціся хоча!..» [3, т. V, с. 45];

фразеалагізмы, катэгарыяльная сема якіх выражаецца словамі «што-небудзь», «невядома што»: паўтара людскога, што ласка: [Марыля]: На той [скрыпцы] гудзеў як авадзень, і на гэтай таксама выводзіш нейкае паўтара людскога [3, т. VI, с. 327]; [Фокуснік]: Далей – тое ўсё, як казка… А за працу мне што ласка [3, т. VI, с. 135];

фразеалагічныя адзінкі са значэннем абстрактнага неадушаўлёнага назоўніка: грушы на бярозцы ‘няпраўда’, кроў і косць ‘аснова’: Ну, праўда ж, як грушы на бярозцы! [3, т. V, с. 46]; «Шуман» – Вільні кроў і косць, Быў і будзе, як ёсць [3, т. II, с. 155];

фразеалагізмы – назвы прадуктаў спажывання: і да хлеба ‘ўсяго многа, дастаткова (прадуктаў харчавання)’, хлеб-соль ‘пачастунак’ (у I знач.) і ‘харч’ (у 2 знач.): Дзяўчыну ўжо маем, – што болей нам трэба? Дый буталь гарэлкі – к ёй хлеб і да хлеба [3, т. ІІ, с. 23]; Ідуць маладыя за ручку ўдваём. Бацька з маткай века Ад дзяжы дзяржыць, А на ім – гарэлка I хлеб-соль ляжыць [3, т. V, с. 26]; Апаследненькі грош З цябе [мужыка] лупіць казна, Хоць у хаце дзяцям, Хлеба, солі няма [3, т. І, с, 81].

Прыметнікавыя фразеалагізмы. Выразы гэтага семантыка-граматычнага тыпу выступаюць характарыстыкай асобы, прадмета або асобы і прадмета. Фразеалагізмы са значэннем асобы ўтвараюць наступныя фразеалагічна-семантычныя групы:

характарызуюць чалавека з боку яго знешняга выгляду: кроў з малаком ‘дужы прыгожы чалавек з румяным, свежым тварам’, як калена ‘лысы, пляшывы’: Меў [пан] некалькі сёстраў, стройных і мілых, Прыгожых у твары, здаровых па сілах; Кроў, проста, здаецца змяшаная з малаком [3, т. V, с. 41]; [Арыстос]: Бачу. Твой плех, як калена… [3, т. VІІ, с. 94];

характарызуюць чалавека паводле яго разумовых здольнасцей: без клёпкі ў галаве ‘пра неразумнага, тупаватага чалавека’, не ўсе дома ‘пра дзівака, ненармальнага чалавека’: [Данілка]: Ці ж я ўжо такі, без усіх клёпак у галаве, каб разумным праўду гаварыць? [3, т. VІ, с. 190]; [Сцяпан]: Ці ж я не казаў, што ў цябе тут… не ўсе дома [3, т. VI, с. 190];

характарызуюць чалавека паводле яго падабенства з іншымі людзьмі: не астатні ‘не горшы за іншых’, ані ў людзі ‘і да чога няздатны’: Хлопец я здатны і дастатні… Таксама ў працы не астатні.. I што я ёй зрабіў такое [3, т. ІV, с. 130]; Днём нашле [бяда] сон, ночкай збудзе, Сцерагчы будзе парогу; Ані з ёй табе ў людзі, Ані з ёй табе да бога! (3, т. ІІ, с. 355];

характарызуюць сацыяльную прыналежнасць асобы: лата да латы ‘вельмі бедны’: І дзяўчына яго [Ярэму] любіць, Хоць лата да латы [3, т. V, с. 446];

характарызуюць фізічны стан асобы: як забіты ‘безжыццёвы’: Толькі ты, брат, адзін, як забіты, ляжыш І на долю сваю Не ўстаеш, не глядзіш [3, т. І, с. 81].

Фразеалагічна-семантычную групу са значэннем прадмета, якому ўласцівы станоўчыя ці адмоўныя якасці, утвараюць адзінкі як блін ‘роўны, плоскі’, на вырост ‘велікаваты, з запасам’: Загудзеў мой тапор, – як блін, поле ляжыць [3, т. I, с. 265]; На бадрыкі-зрыўкі Шыты на вырост [3, т. IV, с. 163].

Асобную групу складаюць фразеалагізмы, якія могуць абазначаць прымету, якая ў залежнасці ад сваёй канкрэтызацыі ў пэўным кантэксце можа дастасоўвацца да асобы, канкрэтнага ці абстрактнага прадмета: так сабе ‘ані добры, ні дрэнны (пра каго-н., што-н.)’: Як неабчэсаная каменная брыла, Казлоў звычайна так сабе работнік [3, т. V, с. 302]; Старое замчышча ці так сабе палац – калісь, знаць, важны – сягоння напаўразвалены [3, т. VI, с. 65].

Дзеяслоўныя фразеалагізмы. Гэта адзінкі з агульным значэннем дзеяння. Сярод іх можна вылучыць наступныя фразеалагічна-семантычныя групы:

фразеалагізмы, якія выражаюць загад: ні (ані) з месца ‘не рухацца, стаяць на месцы’: Як яго [коніка] Сцёпка ні граў – паганяў, Хоць ты забі – ані з месца [3, т. V, с. 56];

фразеалагізмы са значэннем адмаўлення дзеяння: з’есці і не аблізацца ‘не падаць выгляду’: [Кацярына]: Каб толькі папусцілася, дык з’еў бы мяне і не аблізаўся б нават [3, т. V, с. 337];

адзінкі са значэннем фізічнага стану асобы: не дыхаць ‘памерці, загінуць’: Вольны [найміт], яго бо апошні з сіротаў, Што вясной спух з голаду, больш не дыша [3, т. V, с. 322];

фразеалагізмы, якія характарызуюць паводзіны асобы: дняваць і начаваць ‘праводзіць дзе-небудзь увесь дзень, многа часу’, у абцасы ‘танцаваць’: А дзе ні гляджу я – Дома толькі дужа днюе і начуе – Я ад вас далёка [3, т. II, с. 22]; А вы, моладзь… ну, ў абцасы! Да ружанца і да танца! [3, т. І, с. 351].

Прыслоўныя фразеалагізмы. У гэты семантыка-граматычны разрад уваходзяць фразеалагізмы, якія абазначаюць прымету дзеяння ці стану. Іх умоўна можна падзяліць на два семантычныя разрады: азначальныя і акалічнасныя. Самую вялікую групу сярод азначальных выразаў утвараюць фразеалагізмы са значэннем спосабу дзеяння: з-пад воку ‘непрыкметна, тайком’, як у гаршку ‘інтэнсіўна’: Гэй, малітвам, быццам бітвам, Стар’ё аддалось, А з-пад воку глядзяць к боку, Ці дадуць хто штось [3, т. І, с. 337]; Зіяюць вежы пазалотай, Жыццё кіпіць, як у гаршку [3, т. ІІ, с. 237]. Сярод колькасных фразеалагізмаў вылучаюцца такія, якія маюць значэнне самай высокай меры якасці пэўнай прыметы (балота балотам ‘вельмі брудны’) і самай крайняй, нізкай меры, якасці чаго-небудзь (ні каплі ‘ніколькі, ані’): А ў Палянах так і засталіся вуліцы балота-балотам [3, т. VII, с. 251]; Ні каплі вады на зямлі не было [3, т. 1, с. 362]. У разрадзе якасных адзінак якасная характарыстыка дзеяння суправаджаецца ўказаннем на характар ці спосаб яго ўтварэння: не за грошы ‘шчыра, з душою’: Слухай, малец, будзь прыкладным, Раджу не за грошы, Не паддайся вачам здрадным Дзеўчыне харошай [3, т. 1, с. 116].

Акалічнасныя фразеалагізмы аб’ядноўваюць у сваім складзе выразы, якія абазначаюць месца (з па-за вуглоў ‘збоку’), час (да золка ‘рана, да світання’), мэту (на адходнае ‘на развітанне’), умову (у доўг ‘з умовай звароту’): Зайграла гучна музыка, – Пайшоў душы гуляць, На гэта ж толькі слабыя З па-за вуглоў глядзяць [3, т. І, с. 292]; Або ў поўнач устань і сонца Запалі да золка, Дзе ні кінь – дык клін [3, т. ІІІ, с. 235]; [Паўлінка]: Ну, дык хай музыкі на адходнае хоць марша зайграюць [3, т. VI, с. 225]; [Мужык]: Сеяў шнур – у доўг даў магазын [3, т. VI, с. 22].

Такім чынам, дыяпазон выкарыстання фразеалагізмаў у творах Янкі Купалы вельмі шырокі. Выразы толькі адной структурнай разнавіднасці ўтвараюць шматлікія фразеалагічна-семантычныя групы.

Спіс літаратуры

1. Аксамітаў, А. С. Беларуская фразеалогія / А. С. Аксамітаў. – Мінск: Вышэйш. шк., 1978. – 222 с.
2. Ахманова, О. С. Словарь лингвистических терминов / О. С. Ахманова. – М.: Сов. Энцикл., 1969. – 60 с.
3. Купала, Я. Збор твораў: у 7 т. / Я. Купала. – Мінск, 1973–1976. У далейшым спасылкі даюцца па гэтым выданні з пазнакай адпаведнага тома і старонкі.
4. Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы / АН Беларусі. Ін-т мовазн. імя Я. Коласа; пад рэд. А. Я. Баханькова. – Мінск: Навука і тэхніка, 1994. – 463 с.
5. Лепешаў, І. Я. Стылістычныя функцыі фразеалагізмаў у творах Янкі Купалы / І. Я. Лепешаў // Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні: матэрыялы навук. канф., Гродна, 24 кастр. 2001 г. / Гродзен. дзярж. ун-т iмя Я. Купалы; рэдкал.: А. Э. Астраух [і інш.]; пад рэд. У. І. Каялы, І. Я. Лепешава. – Гродна: ГрДУ, 2002. – 391 с.
6. Чорны, К. Збор твораў: у 8 т. / К. Чорны; АН БССР, Ін-т літ. імя Я. Купалы; рэдкал.: В. В. Барысенка [і інш.]. – Мінск: Маст. літ., 1974. – Т. 6. – 511 с.
7. Якшук, Л. М. Назоўнікавыя фразеалагізмы у сучаснай беларускай літаратурнай мове: дапам. / Л. М. Якшук; пад рэд. праф. І. Я. Лепешава. – Гродна: ГрДУ, 2008. – 221 с.

А. С. Садоўская,
кандыдат філалагічных навук, дацэнт

Пра аўтара. Алена Станіславаўна Садоўская (нар. у 1965 г.) – даследчык беларускай мовы, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, скончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы (1987), з 1991 г. выкладае ў гэтай установе, з 2014 г. выконвала абавязкі загадчыка кафедры беларускага і супастаўляльнага мовазнаўства, з 2017 г. – загадчык кафедры беларускай філалогіі, аўтар звыш 150 навуковых і вучэбна-метадычных прац.