Васіль Быкаў: жыццёвы і творчы шлях

0
540

Да 100-годдзя з дня нараджэння

Васіль Быкаў
(1924—2003)

Асоба пісьменніка. Жыццёвы і творчы шлях

Сярод беларускіх пісьменнікаў, якія прыйшлі у літаратуру ў другой палове XX стагоддзя, самую шырокую вядомасць атрымаў Васіль Быкаў. Ён стаў упоравень з нашымі вялікімі класікамі — Янкам Купалам, Якубам Коласам, Максімам Багдановічам, Максімам Гарэцкім… Іх традыцыі ён працягваў і ўзбагачаў у новых гістарычных умовах. Выдатныя творы Васіля Быкава выходзілі больш чым на 50-ці мовах планеты. Яны забяспечылі яму сусветнае прызнанне. I гэта не было выпадковай удачай. Пісьменнік, надзелены магутным талентам і бескампраміснай сумленнасцю, упарта дакопваўся да праўды народнага жыцця, ад паказу якой свядома не адступаўся ніколі. I зусім натуральна, што вызначальнай, арганічна-глыбіннай асаблівасцю быкаўскіх твораў з’яўляецца іх народнасць. У 1980 г. яму было і афіцыйна прысвоена званне народнага пісьменніка Беларусі. Народнасць у Быкава вылучалі і славуты акадэмік Андрэй Сахараў, і самыя праніклівыя даследчыкі літаратуры, той жа Алесь Адамовіч, які падкрэсліваў, што народнасць ёсць у самім быкаўскім поглядзе на жыццё, у яго ўспрыманні рэчаіснасці.

Нарадзіўся Васіль Уладзіміравіч Быкаў 19 чэрвеня 1924 г. Яго радзіма — невялічкая вёска Бычкі на заходняй ускраіне Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. «Цяпер у маіх Бычках два дзесяткі самотных хатаў, палова з якіх стаяць пустыя. У астатніх дажываюць свой век нямоглыя пенсіянеры», — згадваў пісьменнік у сваёй спавядальнай і развітальнай кнізе-біяграфіі «Доўгая дарога дадому» (2002).

Бацькі Васіля Быкава — тыповыя беларускія сяляне. Яны вызначаліся сваёй працавітасцю, але добрай долі не мелі, хоць і пражылі працяглае жыццё. Маці (яе звалі Ганна Рыгораўна) памерла на 90-м годзе жыцця — восенню 1984-га, бацька (Уладзімір Фёдаравіч) пражыў 78, ён памёр у снежні 1966-га. Матэрыяльныя нястачы у дзяцінстве на мяжы выжывання вярэдзілі душу Васіля Быкава працяглы час, па сутнасці, яны не забываліся ніколі.

Пачатковую адукацыю Васіль атрымаў у родных Бычках і недалёкай Слабодцы, а з пятага класа працягваў вучобу ў Кублічах — добра вядомым у гісторыі Беларусі мястэчку за тры кіламетры ад Бычкоў. «Цяпер гэта захудалая вёска з некалькімі сілікатнымі будынкамі», — гаворыцца ў «Доўгай дарозе дадому”. У Кублічах Быкаў закончыў дзевяць класаў і паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча, дзе спачатку плацілі ладную па ўяўленнях вясковага юнака стыпендыю. А як яе адмянілі, Васіль падаўся ў Віцебскую школу фабрычна-заводскага навучання (ФЗН), у якой рыхтавалі кваліфікаваных рабочых-будаўнікоў (бетоншчыкаў-арматуршчыкаў). Там «кармілі, давалі прытулак у інтэрнаце, а пасля яшчэ пачалі і апранаць», — успамінаў пісьменнік. У час вайны (1942) ён у г. Аткарску Саратаўскай вобласці закончыў яшчэ адну школу ФЗН, ужо чыгуначнага профілю.

Пасля Віцебскай ФЗН юнака накіравалі на Украіну — у г. Шостку (Сумская вобласць). Там у Быкава былі сваякі, у якіх ён спадзяваўся знайсці прытулак, а ў дадатак песціў думку экстэрнам здаць экзамены за сярэднюю школу (хлопец трохі вучыўся ў дзесятым класе ў Кублічах) і паступіць у Шосцінскі індустрыяльны інстытут. На Украіну ў чэрвені 1941 г. Васіль Быкаў яшчэ заехаў, але нічога са сваіх планаў не ажыццявіў, бо напад гітлераўцаў на савецкую краіну ўсё крута перайначыў. I Быкаву па ваенкаматаўскай мабілізацыі давялося капаць супрацьтанкавыя равы, ствараць іншыя абаронныя рубяжы, удзельнічаць у жорсткіх баях на Паўднёва-Заходнім фронце.

Мабілізаваным Быкаў заставаўся да канца 1941 г. Але па сваім узросце ён пакуль не падлягаў прызыву на абавязковую ваенную службу і таму з армейскіх шэрагаў яшчэ звальняўся. Да вясны 1942 г. хлопец жыў у калгасе на Саратаўшчыне, потым быў у той школе ФЗН, дзе рыхтавалі рабочых-чыгуначнікаў. У жніўні 1942 г. Быкава прызвалі на абавязковую ваенную службу. I ён трапіў у запасны полк пад Тацішчавам (Саратаўшчына), а з верасня 1942 г. па кастрычнік 1943-га займаўся ў Саратаўскім пяхотным вучылішчы. Атрымаў званне малодшага лейтэнанта і быў накіраваны на фронт. Ваяваў ужо да Перамогі. Быў двойчы цяжка паранены, яшчэ адно раненне было параўнальна лёгкае, перанёс і сур’ёзную кантузію. А пасля бою пад Севярынкай на Кіраваградчыне (студзень 1944 г.) яго ўвогуле палічылі забітым і афіцыйнай «пахаронкай» паведамілі пра гэта бацькам. Але добрая доля тады, як і ў мностве іншых скрутлівых выпадкаў, зберагла Быкава. І ён яшчэ і пасля Перамогі з невялікім перапынкам, які прыпадае на 1947—1948 гг., быў на армейскай службе, аж да сярэдзіны 50-х гадоў. Канчатковае звальненне ў запас адбылося ў 1955 годзе.

Быкаў на доўгі час трывала асталяваўся ў Гродне, працаваў у абласной газеце «Гродзенская праўда» ў якасці журналіста, стыльрэдактара, літсупрацоўніка і літкансультанта. Пасля першай дэмабілізацыі Быкаў жыў тут у 1947—1948 гадах. Ён зарабляў свой кавалак хлеба мастаком мастацкіх майстэрняў. У 1972—1978 гг. быў сакратаром Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 1978 г. Васіль Уладзіміравіч, які ўжо стаў славутым пісьменнікам, пераехаў у Мінск, дзе пражыў 20 гадоў. А потым была Швецыя (з красавіка па май 1998 г.), Фінляндыя (чэрвень — снежань 1999-га), Германія (люты 2000 — снежань 2002-га). 27 сакавіка 2003 г. Быкаву ў Празе (Чэхія) зрабілі аперацыю па выдаленні запушчанай злаякаснай (анкалагічнай) язвы страўніка. Здавалася, што справа ідзе на папраўку. I праз два тыдні шпітальнага лячэння Васіль Быкаў выпісаўся з Пражскай бальніцы. 23 мая 2003 г. ён вылецеў у Мінск як быццам для таго, каб працягнуць лячэнне ў Бараўлянах. Але на самай справе ён добра разумеў, што ратунку для яго ўжо няма. I ў Беларусь ён вяртаўся, каб легчы ў родную зямлю. Памёр выдатны пісьменнік 22 чэрвеня 2003 г. Ягоная смерць вялікім душэўным болем адгукнулася ў сэрцах мільёнаў беларусаў і шматлікіх людзей у многіх краінах свету.

Выхаваны на традыцыях рускай і сусветнай класікі (А. Пушкін, Л. Талстой, Ф. Дастаеўскі, Э. Хемінгуэй, А. Камю і інш.), а таксама на лепшых дасягненнях роднай літаратуры (Янка Купала, Якуб Колас, Міхась Лынькоў, Кузьма Чорны і інш.), Быкаў сцвердзіў сябе найперш у творах пра Другую сусветную вайну, часткай якой была і наша Вялікая Айчынная вайна. Шмат пахадзіўшы яе крывавымі франтавымі дарогамі, пісьменнік бачыў вялікі гераізм і вялікія трагедыі. Але масавая гібель людзей, на вялікай вайне непазбежная, пераварочвала яго чулую душу прынцыповага гуманіста. I ён пранікнуўся нянавісцю да вайны, якую называў самым праклятым «з усіх ліхаў, заведзеных жыццём на зямлі». Гэта было быкаўскае перакананне, выпакутаванае ўласным вопытам. «Усе пакуты, кроў, боль, бруд, холад вайны» (словы А. Адамовіча) Быкаў мужна, не зважаючы на зацятыя нараканні афіцыйных артадоксаў рознай пары, адлюстроўваў у сваіх творах, бо сам спазнаў горка-балючы смак франтавога гібення, якое толькі для рэдкіх выбраннікаў лёсу не заканчвалася трагічна. Васіль Быкаў па шчаслівай выпадковасці (а можа, па волі Боскай) апынуўся сярод гэтых выбраннікаў, але пекла вайны ён зачарпнуў глыбока, поўнай мерай.

Яму давялося камандаваць вайсковымі падраздзяленнямі самага «нізавога» ўзроўню — спачатку стралковым узводам, потым узводам аўтаматчыкаў, затым узводам супрацьтанкавых гармат. I тыя, і другія былі «на коннай цязе. Але коні на полі бою жылі меней, чым жылі салдаты», — пісаў Быкаў. Гэта для артылерыстаў часта стварала безвыходнае становішча. А ў дадатак да ўсяго наша артылерыя, тыя саракапяткі ды 76-міліметроўкі, была малаэфектыўнай супраць нямецкіх «тыграў» і «фердынандаў». Каб іх падбіць на адлегласці, трэба было трапіць у гусеніцу ці ў бензабак. Вельмі няпростая задача.

Але краіну трэба было ратаваць любой цаной. Выручаў бяспрыкладны гераізм шматмільённай арміі радавых удзельнікаў вайны — салдатаў, сяржантаў, малодшых афіцэраў, якім даставалася самая цяжкая франтавая доля. Іх мужнасць і самаахвярнасць з найбольшай паўнатой і адлюстраваў Васіль Быкаў у творах пра вайну.

Першае сваё апавяданне пад назвай «Дапякло» празаік апублікаваў у 1947 г. Разам з пяццю іншымі гумарыстычнымі апавяданнямі, не звязанымі з ваеннай тэмай, яно ўвайшло ў невялічкую быкаўскую кніжачку «Ход канём», выдадзеную ў 1960 г. Але гэтыя творы пісьменнік не лічыў колькі-небудзь значнымі і ніколі не перадрукоўваў іх.

У тым жа 1960 г. выйшла і кніга пісьменніка «Жураўліны крык». Тут змешчана 19 апавяданняў рознай тэматычнай скіраванасці. Сярод іх ёсць творы з адметным быкаўскім почыркам пра вайну («Смерць чалавека») і пра мірны час («На сцяжыне жыцця»). Але вызначальнай у кнізе «Жураўліны крык» з’яўляецца аднайменная аповесць, якая стала першынцам найбольш упадабанай пісьменнікам літаратурнай формы. З часоў «Жураўлінага крыку» ён стаў аддаваць перавагу перад усімі іншымі жанрамі менавіта невялікай, сцісла і густа напісанай аповесці з абмежаваным колам персанажаў, з лакалізаваным у часе і прасторы апавядальным полем, але з вялікай маральна-этычнай і філасофскай заглыбленасцю, з выдатнай псіхалагічнай дакладнасцю ў паказе герояў. За драматычна-напружанымі, часта трагічнымі паваротамі ў іх заўсёды няпростым лёсе выразна бачыцца маштабнасць пісьменніцкага разумення жыцця і чалавека, трагедыйнасць быкаўскага погляду на рэчаіснасць.

Усяго Васіль Быкаў стварыў больш за дваццаць такіх тыпалагічна роднасных аповесцей і раман «Кар’ер», які таксама ў структурна-выяўленчым, тыпалагічным плане мае шмат агульнага з яго аповесцямі. Па сваёй змястоўнасці і нават па фармальных параметрах блізкімі да аповесцей з’яўляюцца і некаторыя апавяданні пісьменніка («Жоўты пясочак», «Труба», «На чорных лядах» і інш.).

У быкаўскіх аповесцях глыбока адлюстраваны франтавая вайна і партызанская ды падпольная барацьба супраць гітлераўцаў. Пра франтавую вайну пасля «Жураўлінага крыку» Быкаў з выдатным майстэрствам напісаў у аповесцях «Здрада», «Трэцяя ракета», «Пастка», «Мёртвым не баліць» (адзін з самых аўтабіяграфічных мастацкіх твораў пісьменніка), «Праклятая вышыня», «Дажыць да світання», «Яго батальён», «Пакахай мяне, салдацік». Вялікая папулярнасць выпала на долю аповесці «Альпійская балада», прысвечанай трагічнаму лёсу нашых ваеннапалонных. Гэта адзіны ў Быкава, прыхільніка пісьма «пяром аналітыка», твор, у якім ёсць рамантычная стылёвая плынь, звязаная з каханнем маладых герояў, якія ўцякаюць з гітлераўскага канцлагера.

Васіль Быкаў не быў удзельнікам партызанскага руху. Але і пра яго ён напісаў з глыбокай праўдзівасцю (аповесці «Круглянскі мост», «Сотнікаў», «Абеліск», «Воўчая зграя», «Пайсці і не вярнуцца», «У тумане», раман «Кар’ер»).

Ёсць у Быкава і выдатныя творы, у якіх паказ вайны падсвечваецца і паглыбляецца адлюстраваннем даваеннага жыцця (аповесці «Знак бяды» і «Сцюжа»). Даваенная рэчаіснасць паказана і аповесці «Аблава».

Мастакоўскі і ўласна чалавечы, маральна-духоўны аўтарытэт Быкава яшчэ пры жыцці пісьменніка для мільёнаў людзей быў непахісным. І справа тут не ў нейкай модзе, за якою Быкаў ніколі не гнаўся, а ў вялікай сіле і мужнасці яго таленту, у яго мастакоўскай сумленнасці, сапраўднай грамадзянскасці, глыбіннасці сцверджанай ім праўды пра наш шматпакутны народ, пра тыя выпрабаванні, з якімі сутыкнулася чалавецтва ў ХХ стагоддзі.

«Сотнікаў»

Аповесць «Сотнікаў» (1970) —адзін з самых дасканалых і глыбокіх твораў не толькі ў самога Быкава, але і ва ўсёй шматнацыянальнай савецкай літаратуры той пары пра Вялікую Айчынную вайну. Галоўнай для пісьменніка і тут стала маральна-этычная праблематыка. У артыкуле «Як была напісана аповесць “Сотнікаў”» празаік падкрэсліў: «Перш за ўсё і галоўным чынам мяне цікавілі маральныя моманты, якія, спрасціўшы, можна сфармуляваць так: “Што такое чалавек перад знішчальнаю сілай бесчалавечных абставін? На што ён здольны, калі магчымасці абараніць жыццё вычарпаны да канца і прадухіліць смерць немагчыма?”» (курсіў В. Быкава).

Маецца на ўвазе сітуацыя, у якой немагчыма захаваць жыццё асобы сумленным шляхам, застаючыся чалавекам.

Пастаўленая ў аповесці праблематыка пранікнёным мастацкім словам даследуецца найбольш падрабязна праз вобразы двух галоўных герояў — партызанаў Сотнікава і Рыбака, якія ў безвыходных абставінах схоплены паліцаямі.

Прыслужнікі гітлераўцаў гатовы захаваць жыццё палонным партызанам, калі тыя згодзяцца пайсці на службу да фашыстаў. I вось цяпер шляхі былых таварышаў па зброі рэзка разыходзяцца: Сотнікаў ідзе на шыбеніцу, але не здраджвае сваім перакананням, салдацкаму абавязку, а Рыбак, каб пазбегнуць смерці, згаджаецца стаць паліцаем. Вельмі пераканальны паказ таго, што вызначыла вырашальны выбар аднаго і другога персанажаў, складае асноўны змест аповесці. Твор атрымаўся глыбокім у вялікай меры за кошт глыбіні псіхалагічнага аналізу характараў і Сотнікава, і Рыбака.

Сотнікаў. У параўнанні з Рыбаком ён яўна прайграе ў сэнсе жыццёвай учэпістасці, умення зручна ўладкавацца ў побытавым плане. Сотнікаў куды слабейшы здароўем. Яшчэ з дзяцінства ён пакутаваў ад кашлю, выклікаючы «нямала трывог у маці, якая бясконца перажывала за яго слабыя лёгкія». У палоне кашаль ужо становіцца неадчэпным спадарожнікам Сотнікава, неаднойчы ставячы яго пад удар.

Адзначаецца ў аповесці і тое, што Сотнікаў «баяўся колісь за сваё жыццё, калі мог лёгка і неўпрыкмет загінуць у баі, да апошняй хвіліны змагаючыся з ворагам». «Выходзячы з бою жывым, ён таіў у сабе ціхенькае задавальненне, што куля абмінула яго». Згадка, што пры ўсім гэтым Сотнікаў звычайна змагаўся з ворагам да апошняй хвіліны, вельмі істотная. Гэта сведчанне сотнікаўскай добрасумленнасці ва ўсім. На працягу аповесці такая акалічнасць падкрэсліваецца шмат разоў.

Сотнікаў не кадравы вайсковец. Ён настаўнік па прафесіі — закончыў двухгадовы настаўніцкі інстытут. А ў 1939-м быў прызваны на абавязковую вайсковую службу і стаў камбатам — камандзірам батарэі цяжкой (гаўбічнай) артылерыі, размешчанай на заходняй граніцы. Напад гітлераўцаў, якія тут сканцэнтравалі свае галоўныя сілы, паставіў у вельмі цяжкое становішча і батарэю Сотнікава. Але ў першым жа баі, узяўшы на сябе ролю наводчыка гарматы, ён падбіў чатыры нямецкія танкі. I сам быў кантужаны. Урэшце давялося адступаць: «Дванаццаць сутак ён прабіраўся з-пад Слоніма ад рэчкі Шчары з невялічкаю групкай хлопцаў-артылерыстаў, што ўцалелі з усяго некалі магутнага артылерыйскага палка». На Бярэзіне, той, што ўпадае ў Нёман, «у час пераправы яны ледзь не ўсе былі расстраляны з засады, а хто ўцалеў або не пайшоў на дно, апынуўся ў палоне ў немцаў». Палонным стаў і Сотнікаў, які свайго жыцця не шкадаваў, а быў захоплены знянацку.

Там яго моцна ўразіла мужнасць нашых людзей, іх самаахвярнасць, гатоўнасць кідаць выклік ворагу і ў такім становішчы. «На ўсё жыццё Сотнікаў запомніў, — чытаем у аповесці, — як улетку ў шталагу немцы дапытвалі старога сівога палкоўніка, пакалечанага, з перабітымі кісцямі рук, ледзь жывога. Гэты палкоўнік, здавалася, проста не ведаў, што такое пачуццё страху, і не гаварыў, а адчайна крычаў у вочы нямецкаму афіцэру гнеўныя словы пра Гітлера, фашызм і не зважаў ні на што… Вядома, палкоўніка потым расстралялі. Але тыя некалькі хвілін перад расстрэлам былі ягоным трыумфам, яго подзвігам, мабыць, не меншым, чым на полі бою, бо палкоўнік не ведаў нават, што яго хто ўчуе са сваіх (яны выпадкова аказаліся побач за сцяной барака)». Народ, у якога ёсць такія самаахвярныя людзі, перамагчы нельга, сцвярджае пісьменнік.

Непасрэдны ўплыў на лёс Сотнікава меў гераічны ўчынак параненага ў нагу і галаву лейтэнанта, які прыхаваным ножыкам-складанчыкам здолеў забіць немца-канваіра, а сваё жыццё скончыў самагубствам. Вельмі кароткае, можа, трохсекунднае замяшанне ў групе канваіраў, выкліканае адчайным нападам лейтэнанта, дазволіла Сотнікаву зрабіць яшчэ адну спробу вырвацца з гітлераўскага палону, па шчаслівай выпадковасці на гэты раз удалую.

У партызанах Сотнікаў ваюе самааддана. Пры сутычцы з нямецкімі аўтаматчыкамі, калі здавалася, што ўцалець ужо «было немагчыма», ён, збіраючыся ахвяраваць сабою, крычыць таварышам: «Уцякайце! Прыкрыю!» Там не здрэйфіў і Рыбак, але галоўную ролю адыграў і тады не ён, а Сотнікаў.

У Сотнікава жарсткаваты характар, які часам схіляе да паспешліва-адназначнага ўспрымання складаных жыццёвых сітуацый. Але жаданне быць справядлівым у дачыненні да самых розных людзей у хлопца ўсё ж ёсць. Ён даволі востра адчувае сваю віну перад Дзёмчыхай, якую паліцаі арыштавалі і ўрэшце павесілі за тое, што яна дала прытулак яму разам з Рыбаком. Той пра лёс Дзёмчыхі не турбуецца зусім. А Сотнікаў «з апантанай настойлівасцю» імкнецца давесці яе невінаватасць. Бярэ ён на сябе і раненне паліцая, якое аказалася смяротным і выклікала асаблівую злосць у жывых фашысцкіх прыслужнікаў.

Гэтыя ўчынкі Сотнікава азначаюць яго гатоўнасць памерці, каб неяк аблегчыць становішча і маці траіх дзяцей Дзёмчыхі, і свайго напарніка, яшчэ не здрадніка Рыбака, які таксама ўдзельнічаў у перастрэлцы з паліцэйскім збродам.

Такую гатоўнасць нельга лічыць пагардай да жыцця ўвогуле. Для Сотнікава, яшчэ раз паўторым, яно мела сваю каштоўнасць. Ёсць у яго і агіда да смерці праз павешанне. Вось яго адчуванні пад шыбеніцай: «Яму зрабілася да жаху брыдка і боязна ад аднаго толькі ўяўлення пра сябе павешанага ды і ад усяе гэтай старанна падрыхтаванай расправы. За час вайны ён і не падумаў пра магчымасць іншае смерці, чым ад асколка ці кулі, і цяпер усё ў ім інстынктыўна запратэставала супроць гэтага ўдушэння пятлёй». Але і тут Сотнікаў згадвае пра неабходнасць трымацца годна да канца. «Цяпер апошні яго абавязак — трываць з яснаю ўпэўненасцю ў сабе, без ценю страху ці шкадавання. Хай вешаюць».

Такі паварот думак у Сотнікава зусім заканамерны і псіхалагічна цалкам апраўданы. Нездарма ж у аповесці зноў і зноў паўтараюцца яго думкі: «Сваю смерць, якой бы яна ні была, ён павінен сустрэць з салдацкай годнасцю. Гэта стала цяпер галоўнай мэтай яго апошніх хвілін».

Разумеючы, што «ёсць жа на свеце штосьці непамерна важнейшае за сваю шкуру», Сотнікаў крытычным вокам акідвае зробленае ім самім і нешта станоўчае знаходзіць. На першым плане тут знішчаныя яго рукамі ворагі. «Толькі гэта і суцяшала, гэта наогул апраўдвала яго дваццаціпяцігадовае існаванне на свеце. Бо што яшчэ карыснага ён зрабіў людзям, калі не пасадзіў дрэва, не выкапаў калодзежа, не забіў ніводнай вужакі — без чаго, паводле ўсходняга павер’я, нельга лічыць удалым ніводнае жыццё на зямлі».

Ды не пустой, не марнай была і яго стойкасць у самых неспрыяльных абставінах, сама яго смерць, на якую ён пайшоў, каб не стаць здраднікам. Уздымаючыся да філасофскага асэнсавання праблемы, Сотнікаў усёй сваёй істотай пратэстуе «ад адной толькі думкі, што ягоная смерць стане марнаю выпадковасцю па волі гэтых п’яных прыслужнікаў (паліцаяў). Як і кожная смерць у барацьбе, яна павінна нешта сцвярджаць, нешта адмаўляць і па магчымасці здзейсніць тое, што не паспела здзейсніць жыццё. Інакш навошта тады жыццё? Надта трудна даецца яно чалавеку, каб безразважна ставіцца да яго канца».

Тут усё — глыбокая праўда. Ёсць яна і ў выпакутаваным адчуванні Сотнікава, што, пазбавіўшыся ад страху смерці, ён «прыдбаў сабе як бы нейкую незалежнасць ад драпежнае сілы ворагаў. Цяпер ён мог поўнаю мерай дазволіць сабе тое, што іншы раз абцяжарвалася абставінамі, непакоем за ўласнае жыццё; цяпер ён адчуваў новую магчымасць, непадуладную ні абставінам, ні ворагу і нікому ў свеце. Ён ужо не баяўся нічога, і гэта давала яму пэўную перавагу над іншымі і над сабой ранейшым таксама».

А яшчэ ў Сотнікава ёсць адчуванне, што на змену яму і іншым людзям, якія пайшлі на смерць, але не сталі здраднікамі, «прыйдуць другія. Смелыя заўсёды знойдуцца». Гэта выкліканыя добрым разуменнем жыццёвай рэальнасці думкі Сотнікава, які потым убачыў у натоўпе жыхароў, сагнаных для псіхалагічнага застрашвання на месца пакарання, і па-асабліваму цікаўнага хлопчыка ў будзёнаўцы. Адчуўшы яго глыбокую спачувальнасць, «Сотнікаў не ўтрымаўся і ціха, аднымі вачамі ўсміхнуўся малому — нічога, браток!». Якая шматзначная, псіхалагічна праўдзівая і ёмістая дэталь!

Наяўнасць таго хлапчука з яго выразным, па-дзіцячы шчырым спачуваннем стане падтрымкай Сотнікаву і ў самыя апошнія імгненні зямнога існавання. У аповесці выразна падкрэслена, што Сотнікаў, пераадольваючы нясцерпную самоту душы, і цяпер не зрываецца на дзікі і страшны крык, хоць такое інстынктыўнае памкненне ў яго мільгане, а засяроджвае свой позірк на хударлявым хлопчыку ў будзёнаўцы і памірае годна, як мужчына, а не слюнявы хлюпік. Ён сам, «каб апярэдзіць непазбежнае», выбівае ў сябе з-пад ног падстаўку-цурбан, на якім стаяў з пятлёй на шыі. Памірае Сотнікаў з усмешкай, няхай сабе «жаласнай, вымучанай», але ўсё ж усмешкай, пасланай самой будучыні ў асобе таго хлопчыка. Так паміраюць сапраўдныя людзі, якія і ў свой смяротны час захоўваюць мужнасць і чалавечнасць, думку пра жыццё і пасля іх.

Рыбак. Па натуры ён зусім някепскі чалавек. Быкаў падкрэсліваў у сваіх публіцыстычных выказваннях, што Рыбак «не вораг па перакананнях і не нягоднік па сутнасці». Але яму ўласціва духоўная глухата, маральная непераборлівасць, звычка клапаціцца толькі пра сябе. Гэта самым згубным чынам праявілася ў экстрэмальнай сітуацыі вайны; якая прад’яўляла свае надзвычай жорсткія рахункі, вельмі часта стварала абставіны бесчалавечныя, патрабуючы не проста звычайнай прыстойнасці, а ўмення выкладвацца да канца, да самай апошняй мяжы — ахвяравання жыццём дзеля перамогі. Рыбак на гэта аказаўся няздольным. Яго падзенне ў аповесці паказана вельмі пераканальна. Асабліва ўражвае тое, што Рыбак становіцца здраднікам, зусім не хочучы гэтага. Ён жа быў зусім неблагім партызанам, шмат клапаціўся і пра хворага, а потым яшчэ і параненага Сотнікава і нават спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, каб не далучацца да агіднага і яму паліцэйскага зброду. Але самагубства для Рыбака, калі ён наважыўся на яго, аказалася немагчымым па дробязнай прычыне. Ён збіраўся павесіцца ў прыбіральні, у якую паліцаі на некалькі хвілін дазволілі зайсці. Але ўжо не было папружкі. «Яе адабралі перад тым, як пасадзіць іх у склеп. Рукі яго марна замітусіліся ў адзежы, але нідзе ў яго не знаходзілася нічога, на тое здатнага.

За перагародкай глуха тупнулі боты, цягуча праскрыпелі дзверы. Рыбак сцяўся ў абсалютнай бездапаможнасці — не было нават магчымасці выканаць сваю апошнюю волю. Хоць ты рынься галавой уніз. Неадольная роспач ахапіла яго, і ён аж застагнаў ад нясцерпнасці, гатовы заплакаць».

Але не плача Рыбак, не кідаецца «галавой уніз», а кіруецца да начальніка паліцыі, каб паведаміць яму, што згодзен стаць паліцаем.

Раней Рыбак суцяшаў сябе, што шчыра несці паліцэйскую службу не будзе, а пры зручнай нагодзе ўцячэ. Гэта не больш, чым самападман, бо Рыбак прымаў удзел у прылюдным пакаранні Сотнікава, яго ліквідацыі. Гэта ж ні пры якіх акалічнасцях не можа быць даравана. Стаўшы у паліцэйскі строй, Рыбак і сам усёй выразнасцю адчуў, што «ўцякаць яму няма куды. Пасля гэтае ліквідацыі — няма куды. З гэтага строю да ўцёкаў дарогі няма». «Гэтаю ліквідацыяй яго скруцілі лепш, чым учора супоняй. I хоць пакінулі жывога, але нейкім чынам таксама ліквідавалі».

Пісьменнік спачатку збіраўся даць аповесці загаловак «Ліквідацыя», а потым адмовіўся ад такога намеру, падумаўшы, што твор з гэткім загалоўкам наўрад ці пройдзе праз цэнзурнае сіта. Ды назва «Ліквідацыя» не была б зусім дакладная ў дачыненні да Сотнікава і да іншых, павешаных разам з ім. Знішчаныя фізічна, яны ў пэўным сэнсе не ліквідаваны, бо застаюцца ў народнай памяці. Гэта лясінаўскі стараста Пётра Качан, маці траіх дзяцей Аўгіння Вокунь (па мужу Дзёмчыха) і яўрэйская дзяўчынка Бася. Іх вобразы не разгорнуты так дэталёва і грунтоўна, як цэнтральныя персанажы, але напісаны ўвогуле праўдзіва і глыбока. Яны, як і вобраз Сотнікава, паказаны ў трагедыйным святле і ўвасабляюць шмат таго, што дазваляе лепш зразумець народны характар вайны з фашызмам і тое, якой нялёгкай справай яна была.

Для лясінаўскага старасты Пётры Качана асабліва цяжка, пакутліва выступаць у ролі нямецкага паслугача. Але дзеля агульных, народных інтарэсаў ён ідзе і на гэта, не лічачыся з тым, што трэба пастаянна рызыкаваць жыццём.

Небяспека перш за ўсё зыходзіць ад фашыстаў і іх сапраўдных прыслужнікаў з паліцыі, якія, па словах Пётравай жонкі, «кожны Божы дзень грозяцца, крычаць ды яшчэ наганамі ў лоб тыцкаюць, гарэлкі трэбуюць».

З партызанамі, якія ненавідзяць здраднікаў і караюць іх без усякай літасці, таксама не проста, бо не кожнаму з іх адкрыеш абавязковую ва ўмовах падпольнай барацьбы тайну, не кожнаму скажаш, што старастам стаў па заданні змагароў з гітлераўцамі.

Годна трымаючыся з недасведчанымі партызанамі, якія неаднойчы пагражалі расстрэлам, Пётра, вядома, нічым не паступаецца і перад немцамі ды паліцаямі, якія спачатку саджаюць яго ў турму, а потым адпраўляюць на шыбеніцу. У турме ён таксама не губляе чалавечнасці. У яго хапае духоўнай сілы, душэўнасці і дабрыні на вельмі шчырую спагаду да няшчаснай Басі і маральную падтрымку Дзёмчыхі. I дзяўчо, і жанчыну ён засцерагае ад памылковых крокаў, якія маглі каштаваць жыцця іншым людзям. Увогуле ён і тут трымаецца знешне спакойна і разважліва. Добра разумеючы ўсю небяспечнасць, трагедыйнасць свайго становішча, Пётра ніяк не паказвае, што і яму, як і любому іншаму, паміраць нялёгка. I на смерць ён ідзе таму, што не жадае, як яму прапаноўваюць паліцаі, шпіёніць за партызанамі, не хоча нікога выдаваць, не можа запляміць сваё сумленне якой бы там ні было бруднай справай. Ідзе з годнасцю, выразна падкрэсленай у аповесці: «Высокі і стары, з белаю без шапкі галавой і заламанымі назад рукамі» ён першым набліжаецца да шыбеніцы і развітваецца з жыццём, «старанна, нібы ў царкве, пакланіўшыся людзям».

У адрозненне ад ураўнаважанага і сцішана-засяроджанага Пётры, Дзёмчыха паводзіць сябе па-жаночы імпульсіўна. У сваёй трагічнай роспачы яна крычыць, плача, галосіць, просіцца і праклінае. Але ж у яе застаецца на волю лёсу трое малых дзяцей. Вялікі, можна сказаць, святы матчын клопат пра іх і вымушае жанчыну кідацца з апошніх сіл. Аднак не толькі дзеля сябе, а нават і дзеля малых гаротнікаў яна, не ў прыклад Рыбаку, не можа пайсці на здраду, назваць тых людзей, што хавалі Басю, хоць гэта, здаецца, абяцала ёй шансы на выратаванне. Нянавісць да чужынцаў і іх прыслужнікаў, вернасць традыцыям народнай маралі, якая асуджае здрадніцтва безумоўна, не пакідае жанчыне іншага выбару.

Пра мастацкую дасканаласць твора. Аповесць «Сотнікаў» напісана з высокім мастацкім майстэрствам. Яно вельмі выразна выяўляецца ў глыбокай псіхалагічнай абгрунтаванасці кожнага кроку дзейных асоб, найперш Сотнікава і Рыбака, ды не толькі іх, але і персанажаў другога плана, таго ж старасты Пётры Качана, Дзёмчыхі і іншых.

Сюжэтная канва твора непрацяглая па часе дзеяння. Падзеі, узноўленыя ёю, доўжацца не больш адной зімы. Але сюжэт атрымаўся змястоўным і ёмістым. У ім няма знарочыстых ускладненняў, але драматычная напружанасць прысутнічае скрозь, бо персанажы пастаўлены ў экстрэмальныя ўмовы вайны і палону.

Кампазіцыя аповесці добра прадуманая і ва ўсім мэтазгодная. Яна трымаецца на паслядоўным чаргаванні невялікіх раздзелаў (іх усяго дзевятнаццаць) пра Сотнікава і Рыбака, праз паслядоўнае сутыкненне якіх і высвятляецца ключавая праблема — чаму, здавалася, блізкія людзі, воіны адной арміі, выбіраюць дыяметральна супрацьлеглыя шляхі: адзін барацьбіт з гітлераўцамі (Сотнікаў) трапляе на шыбеніцу, а другі (Рыбак) далучаецца да стану агідных і яму самому ворагаў.

Па-майстэрску падае Васіль Быкаў пейзажны фон, на якім разгортваюцца падзеі. У  аповесці пераважае пейзаж зімовы. Ён так насычае атмасферу падзейнага поля, што і самую аповесць можна назваць зімовай. Для твора пра акупацыю і палон пранізлівы холад, што пануе ў «Сотнікаве», зразумелы і зусім натуральны. Гэты холад падкрэслівае суровасць умоў партызанскай барацьбы супраць гітлераўцаў.

Аповесць і пачынаецца энергічна выпісаным малюнкам цяжкой зімовай дарогі, па якой двое партызанаў прабіваюцца да людскога жытла, каб здабыць нейкі харч для сябе і сваіх галодных баявых таварышаў: «Яны ішлі праз лес глухой, замеценай снегам дарогай, на якой не было ні чалавечага следу, ні каляіны, ні нават знаку ад капыта ці полаза. Тут, мусіць, і ўлетку не часта ездзілі, а цяпер, пасля доўгіх лютаўскіх мяцеліц, дык і ўсё зараўняла снегам, і каб не лес — елкі ўперамешку з хмызам, — які няроўна расступаўся па абодва бакі, пакідаючы ўсярэдзіне вузкую белую крывуліну, дык было б і не здагадацца, што тут дарога».

Спадарожнічаюць быкаўскім героям у іх пакутным зімовым шляху не «бярозы ды сосны, партызанскія сёстры», праслаўленыя ў некалі папулярнай песні, а змрочны ельнік, які пераходзіць у хмызняк ды алешнік, далёка не такі прывабны, як вясёла выбелены бярэзнік, падсвечаны выгоністымі соснамі з іх мядзяна-чырвонымі стваламі. Таму так радуюцца героі скупому пробліску месяцавага святла: «Над вяршаллем хвой угары лёгка слізгаў вышчарблены маладзічок месяца, які амаль не свяціў, толькі ледзь бліскаў у імглістым ззянні, аздабляючы змрочнае неба. Але з ім было неяк весялей, нібы хтосьці жывы рупна праводзіў іх у гэтай дарозе».

Гэта пейзаж даволі разгорнуты. Але на працягу аповесці будуць падавацца і кароткія пейзажныя штрыхі. Яны таксама зноў і зноў нагадваюць пра зіму і холад нават і ў тых выпадках, калі размова ідзе пра тое, як топяцца печы ў сялянскіх хатах.

Агульны змрочны фон у аповесці ўзмацняецца і з той прычыны што балота, на якім атабарыўся партызанскі лагер, называецца Гнілым, а Сотнікаў з Рыбаком ідуць ваўчыным следам.

Аднак і звер адчувае сябе ў зімовым лесе не вельмі ўтульна. Голад падганяе і яго. I ён «ціснуўся пад самы хмызняк, ступаючы роўна, нешырока, засцярожліва». Ціснуўся бліжэй да чалавечага жытла, спадзеючыся на нейкую спажыву. Яе мог даць хіба што прылесны хутар, на якім жылі спагадлівая ды ўвішная баба Прося і «агняная дзеўка» Любка. Яшчэ восенню яна прывячала партызанаў, «частавала іх сушанымі арэхамі».

Відаць, за спагадлівасць добрыя людзі і паплаціліся. Цяпер ад былой хутарской сядзібы, спаленай карнікамі, засталася толькі печ. Яна сіратліва стаіць пад гурбамі снегу, які «шчыльным пластом ляжаў і на пяколку і нават замуроўваў закапцелы чалеснік. Коміна ў печы не было, мусіць, абваліўся ў час пажару і цяпер разам з галавешкамі нязладна грувасціўся пад снегам».

Такія дэталі сваёй дакладнай рэалістычнасцю робяць вельмі моцнае ўражанне. Густата пакладзенага на іх чорнага колеру надае ім адценне сімвалічнасці, якое, вядома, не разбурае рэалістычны каларыт, а шматзначнасць дэталяў узмацняе. Гэта асабліва выразна выяўляецца ў тым, як глядзіць Рыбак на магутную печ-галандку ў кабінеце хітрага паліцэйскага следчага Партнова. Партноў — гад з гадаў, хаця ў дзяцінстве, як і Міколка Роўба з «Аблавы», быў чуллівы і спагадны. Стаўшы дарослым і ўжо ў рангу важнага начальніка, Міколка ўзначальвае аблаву на роднага бацьку і прымушае яго захлынуцца ў балотнай твані.

Партноў у балота арыштаваных не гоніць, але пасткі ставіць надзейныя. Намёк на гэта дае і магутная чорная печ у яго кабінеце. Рыбак нездарма адчуў у ёй пагрозлівы знак для сябе: «Яе чорны колер і крутыя прысадзістыя бакі прыгняталі, нагадваючы недарэчны помнік па чыімсьці жыцці».

Сімвалічна-пагражальным знакам было і тое, што лясок, які здалёку бачыўся здарожаным партызанам, аказаўся на самой справе ўсяго толькі «хамлачком хвоек» на вясковых могілках. Прыбаўляць аптымізму, а тым больш настройваць на вясёлы лад такая дэталь, вядома, не можа.

Шматзначна гучаць у аповесці і згадкі пра мноства пацукоў у склепе, дзе трымаюць зняволеных. «Пацукам цяпер толькі і жыць», — робіцца абагульненне ў аповесці. Яно ўжо мае на ўвазе не толькі пацукоў сапраўдных, прыроджаных, а і двуногіх, тыпу таго ж следчага Партнова, у вобліку якога неаднойчы падкрэсліваецца нешта жывёльнае (тхарыны тварык, набычаны лоб).

Зніжальныя дэталі з напамінкам пра звераватасць ці жывёльнасць скрозь ідуць і пры гаворцы пра іншых гітлераўскіх прыслужнікаў. «Звераватым бандыцкім абліччам» вылучаецца старшы паліцай. Пра другога паліцая зазначана, што ён «вепрукаваты». У трэцяга «лыплівыя, зусім свінаватыя вочкі». У прыдуркаватага паліцэйчыка Стася Гаманюка хрыпаты, «накшталт казлінага бляяння», голас.

Гранічна выяўлены жывёльныя рысы ў паліцэйскага ката Будзілы. Ён «здаравенны бугай, на два метры росту, з касцістым, нібы конская морда, тварам і аднавокі. Палохаў увесь яго драпежны медзведзяваты выгляд, асабліва вялізныя касматыя рукі, якія ён нёс, нібы цяжкія, абвіслыя долу рычагі». Такія дэталі падкрэсліваюць агідную сутнасць здраднікаў, тое, што ў іх няма добрых чалавечых пачаткаў як у душы, так і ў самім абліччы.

Не ўпрыгожвае Васіль Быкаў і партызанаў. Малюючы іх вобразы, ён таксама карыстаецца рэалістычнай дэталізацыяй, падкрэсліваючы самаахвярнасць народных мсціўцаў, іх прыцярпеласць да суровых умоў барацьбы, здольнасць трываць самыя разнастайныя бытавыя нягоды. Асабліва прыкметна гэта ў дэталях, звязаных з Сотнікавым. У яго «караткаваты шынелак», на нагах тоўстыя стаптаныя буркі, на галаве зусім не прыдатная для суровай зімы пілотка, насунутая на памарожаныя вушы. Голас у гэтага стойкага партызана сіплы, прастуджаны. Хлопца душыць ужо згадваны нястрымны кашаль. Па месцамі глыбокім снезе Сотнікаў не ідзе, а «прыстала шкандыбае» ці знямогла грабецца ды яшчэ «стрыгікае на адной назе. Счарнелая яго босая ступня, нібы нежывая, нягнутка калупала пальцамі снег, пакідаючы ў ім ненатуральны па зіме след».

Толькі Рыбак, яшчэ дзелавіты партызан, мае добрую зімовую шапку і фарсіць у фацэтным сугрэўным кажушку ды моцных трафейных ботах.

Дарэчы, той кажушок — добра запамінальная дэталь. Яна будзе некалькі разоў паўтарацца, бо і Рыбак зжыўся з гэтай сваёй апраткай, і паліцаі спадзяюцца, зноў і зноў напамінаючы пра гэта, ёю завалодаць, калі ім удасца Рыбака павесіць. Пра тое, што ён сам стане паліцаем і ніякага кажушка не аддасць, ім спачатку ў галаву не прыходзіць.

Падрабязнасці з яўна зніжальнай эмацыянальнай афарбоўкай, калі яны датычаць і дзейных асоб станоўчага плана, для Быкава пры яго трагедыйна абвостраным бачанні жыцця вельмі характэрныя. У стылістыцы аповесці яны, безумоўна, правамерныя, можна сказаць, па-свойму знакавыя.

Увогуле ж мастацкая дэталь у Васіля Быкава часам набывае і сюжэтна-кампазіцыйную значнасць, абумоўліваючы істотныя падзейныя павароты. У такой ролі выступае ўзятая партызанамі ў старасты Пётры Качана авечка, з якою доўга валаводзіцца Рыбак. Яе ўрэшце пазналі сквапныя на чужое дабро паліцаі і арыштавалі Пётру, бо ён не прыбег дакладваць, як патрабавалі акупацыйныя ўлады, што ў яго былі партызаны.

З сімвалічнай шматзначнасцю некалькі разоў згадваецца пустая пятля, пятая па ліку, на шыбеніцы, дзе ўжо разгойдваюцца целы павешаных Сотнікава, Дзёмчыхі, старасты Качана і яўрэйскай дзяўчынкі Басі. Рыхтавалася тая пятля для Рыбака. Цаной здрады ён ад сваёй пятлі адкруціўся. Але яна не так сабе боўтаецца на злавеснай перакладзіне. Гэта напамінак здрадніку, што ганебны канец для яго ўсё ж немінучы.

Васіль Быкаў глыбока і бескампрамісна даследаваў самыя балючыя праблемы жыцця, самыя трагічныя старонкі нашай гісторыі, паказваў і ўзлёты чалавечага духу, і бяздонні маральнага падзення людзей без цвёрдых перакананняў, сябелюбцаў і эгаістаў, зацыкленых на клопаце толькі пра ўласную выгаду.

Аўтарская пазіцыя ў творы. Выяўленне аўтарскай пазіцыі ў мастацкім творы дасягаецца ўсім яго зместам. Яно можа быць непасрэдным, адкрытым (найчасцей у лірыцы) ці апасродкаваным, вынікаць з сістэмы вобразаў, намаляваных у творы.

Аўтарская канцэпцыя жыцця і асобы звычайна адметная ў кожнага арыгінальнага пісьменніка. Глыбіня гэтай канцэпцыі, яе змястоўнасць паказвае значнасць пісьменніка, глыбіню яго спасціжэння рэчаіснасці.

Трагічнае ў творах літаратуры звязана з адлюстраваннем вострых, непрымірымых канфліктаў, якія звычайна заканчваюцца гібеллю героя.

Галоўным жанрам, у аснову якога кладзецца трагічнае, з’яўляецца трагедыя, адзін з трох асноўных жанраў драматургіі (у трыядзе камедыя, драма, трагедыя). Розныя праявы трагічнага адлюстроўваюцца і ў іншых родах і жанрах літаратуры.

Асабліва часта трагедыйнае завяршэнне разгорнутых падзей адбываецца ў прозе В. Быкава, пісьменніка з трагічным поглядам на рэчаіснасць. Трагічныя калізіі увогуле непазбежныя ў творах пра вайну, бо на ёй гіне мноства людзей.

У аповесці «Сотнікаў» трагічна (на шыбеніцы) абрываецца жыццё партызана Сотнікава, няшчаснай жанчыны Дзёмчыхі, трое дзяцей якой застаюцца пакінутымі на волю лёсу, а яшчэ старасты Пётры Качана і яўрэйскай дзяўчынкі Басі.

Маральнай трагедыяй можна назваць духоўную дэградацыю Рыбака, яго крах, пагібель як чалавека, бо ён з добрага партызана ператварыўся ў агіднага здрадніка-паліцая.

«Знак бяды»

Значнасць твора. Вобразы Петрака і Сцепаніды. Аповесць «Знак бяды» належыць да самых глыбокіх і змястоўных быкаўскіх твораў. Яна займае трывалае месца сярод тых вяршынных дасягненняў нашай літаратуры, якія складаюць яе гонар і славу. Напісана аповесць у 1982 годзе. У 1986 годзе В. Быкаў атрымаў за яе Ленінскую прэмію, самую прэстыжную ў былым СССР літаратурную ўзнагароду.

Быкаву ў аповесці «Знак бяды» ўдалося стварыць маштабныя ў сваёй чалавечай змястоўнасці і псіхалагічнай заглыбленасці характары галоўных герояў — Сцепаніды і Петрака Багацькаў. Дарэчы, іх вобразы ўвабралі ў сябе нямала адметных рыс, уласцівых бацькам пісьменніка — Ганне Рыгораўне і Уладзіміру Фёдаравічу. Толькі моцны валявы пачатак, якім у рэальным жыцці вызначаўся бацька, у мастацкім творы перайшоў да Сцепаніды, матчына ж памяркоўнасць і дабрыня замацаваліся за Петраком.

Якраз прыроджанай памяркоўнасцю тлумачацца і першапачатковыя Петраковы спробы неяк прыстасавацца да нечалавечых умоў фашысцкай акупацыі. Але такое, аказваецца, немагчыма. Бо то быў час, калі, як з роспаччу і болем думае-разважае Пятрок, «сабак б’юць, як людзей, і людзей страляюць, нібы сабак». I гэты ў нечым не па-сялянску непрактычны, рахманы і вельмі далікатны па натуры чалавек, які нязвыкла для земляроба захапляецца ігрой на скрыпцы, знаходзячы ў ёй душэўнае заспакаенне, урэшце ўсё ж не вытрымлівае і адкрыта выказвае паліцаям сваё абурэнне, пагарду і нянавісць. У яго няма іншай зброі, акрамя маральнага, чалавечага патэнцыялу. А гэта таксама нямала. Вось чаму пры ўсёй сваёй памяркоўнасці ў звычайных абставінах і схільнасці лепш саступіць, чым спрачацца, канфліктаваць, Пятрок адважваецца на прамы выклік нелюдзям, плацячы за яго самай вялікай на гэтым свеце цаной — жыццём.

Адчуўшы поўную несумяшчальнасць з нямецкімі фашыстамі і іх прыслужнікамі са «сваіх», быкаўскі герой свядома ідзе на гібель менавіта з-за таго, што ён — чалавек. А чалавеку з чулай душой немагчыма бясконца падладжвацца да падонкаў, у якіх няма нічога святога. Словам, жыццё пад дзікім прымусам і пры абсалютнай бяспраўнасці для ціхмяна-памяркоўнага, часта і залішне пакладзістага Петрака становіцца невыносным і непатрэбным. I гэта азначае, што і ў самых памяркоўных, рахмана-зважлівых натур цярпенне некалі канчаецца. Іх бунт, калі ён урэшце выбухае, асабліва рашучы і безаглядны. Пра гэта не варта забывацца ўсім, хто схільны злоўжываць людской даверлівасцю і цярплівасцю.

Зусім відавочная вышыня маральнага патэнцыялу і ў Сцепаніды, якая, як і Пятрок, не можа скарыцца перад нахабствам паліцаяў таму, што «яна чалавек, а яны звяры».

Такім чынам, у глыбінным стаўленні да чалавечнасці, разуменні яе Сцепаніда і Пятрок прынцыпова не адрозніваюцца. Але характары ў іх розныя, у нечым і супрацьлеглыя. Бо, у адрозненне ад свайго памяркоўна-ціхмянага мужа, здольнага на рашучы выклік толькі ўжо ў зусім крытычнай сітуацыі, у абсалютна невыносных абставінах, Сцепаніда вызначаецца баявітасцю, актыўнай наступальнасцю ў барацьбе з усвядомленымі, распазнанымі ёю злом і няпраўдай.

У багатай крытычнай літаратуры пра Васіля Быкава рабіліся спробы абвясціць увасабленнем нацыянальнага характару беларусаў, іх, як цяпер кажуць, ментальнасці або толькі Петрака, або толькі Сцепаніду. На самай справе абое яны — і рахманы Пятрок, і валявая, напорыста-ваяўнічая Сцепаніда — увасабляюць нашу псіхалогію ў яе полюсных пачатках, якія ў крынічных абставінах, можа, насуперак законам фізікі (але не псіхалогіі), сыходзяцца, паядноўваюцца. I гэта непазбежна. Бо ўласцівае і Сцепанідзе, і Петраку пачуццё справядлівасці мае агульныя вытокі, адну супольную апору — народную этыку, народныя ўяўленні пра дабро і прыстойнасць, тыя спрадвечныя агульначалавечыя «маральныя прынцыпы, якія выпрацоўваліся тысячагадовай гісторыяй». Так пісаў яшчэ ў 1986 г. Алесь Адамовіч, які тады ж слушна падкрэсліваў: «Маральная памяць народа, якая ідзе з глыбіні стагоддзяў, напрамую гучыць у аповесці “Знак бяды”».

I менавіта заглыбленасць у народную глебу, арганічная падключанасць светаадчування і Сцепаніды, і Петрака да самых глыбінных асноў народнай маралі і этыкі ў найбольшай ступені вызначаюць жыццёвасць і сапраўдную маштабнасць характараў гэтых быкаўскіх герояў.

Вобразы здраднікаў. З пазіцый народнай маралі і этыкі паказаны ў «Знаку бяды» і вобразы здраднікаў, прыслужнікаў акупацыйнага рэжыму. Яны, бадай, ніколі раней не выклікалі такой пільнай увагі пісьменніка. Асабліва грунтоўна, глыбока і рознабакова даследуецца бездухоўнасць паліцаяў, бесчалавечнасць, якая яднае іх, незалежна ад розніцы характараў і шляхоў да здрады, адметных у кожнага з гэтых вылюдкаў.

Жорсткасць паліцаяў выразна адцяняецца праз роздум Петрака. «Хаця ім што, — думаў Пятрок, — ім абы жорсткасць сваю спраўляць, упівацца сілай, людскую кроў піць. Без крыві засмяглі б іх глоткі. I гарэлкаю не размочаць. Не, не размочаць. Ім пасля крыві гарэлку давай, а пасля гарэлкі зноў на кроў цягне. Во па гэтым коле і носяцца. Ах, звяругі, звяругі!»

Асабліва лютуе «мажны, крутаплечы», раздабрэлы на народнай бядзе Гуж, старшы паліцай, які яшчэ з даваенных гадоў затаіў вялікую нянавісць да людзей, бо ягонага бацьку ў свой час раскулачылі, вядома, несправядліва. Дык Гуж яшчэ тады палохаў тую ж Сцепаніду, а вось цяпер, у перыяд гітлераўскай акупацыі, вярнуўся аднекуль з Данбаса, «каб помсціць людзям за мінулае ды піць гарэлку». «Я цяпер чаго сюды прыбіўся? — у парыве лютай злосці выскаляецца ён. — Думаеш, немцам служыць? Чхаў я на немцаў. Мне трэба разлічыцца з некаторымі… Што тут раскашавалі, як мой бацька на Салаўках канаў».

Гуж п’яны не толькі ад гарэлкі, якую пастаянна глушыць-жлукціць, але і ад улады, неабмежаванай у дачыненні да мірнага насельніцтва. «Я ўсю жысць быў падначалены, малы чалавек. Усяго баяўся. А цяпер у мяне ўласць! Поўная. Я ж цяпер для вас, — выхваляецца Гуж перад Сцепанідай, — вышэй, чым сельсавет… Вышэй, чым райком. Чым саўнарком нават. Я ж магу любога, каго хочаш стрэльнуць». I страляе, забівае бязлітасна.

Словам, і малы чалавечак становіцца вельмі небяспечным, калі ён дарываецца да поўнай, бескантрольнай, неабмежаванай улады!

Аднак Гуж, хоць ён і па натуры «помслівы і грызлівы», «як прывязаны на ланцуг сабака», мусіць, яшчэ не самае страшнае спараджэнне прыслужніцкай псіхалогіі. Гэта, прынамсі, яўны, закончаны і дастаткова паслядоўны вораг усяго чалавечага. I ад яго нічога іншага чакаць не даводзіцца. Чаканая ж небяспека як быццам і менш палохае.

А вось Патап Каландзёнак і Антось Недасека, якія таксама пайшлі на службу да гітлераўцаў і старанна выконваюць усе Гужовы капрызы, у пэўным сэнсе небяспечныя яшчэ больш, бо яны могуць «даваць нечаканасць». Пры бальшавіках яны былі шчырымі прыхільнікамі іх палітыкі і карысталіся тымі перавагамі, якія яна ім зрэдку давала. А цяпер, калі ўбачылі сілу ў другіх, у нямецкіх фашыстаў, — падключыліся да іхняй сістэмы і служаць ёй гэтак жа спраўна, як і Гуж. Ды яшчэ і на тое, каб іх за людзей лічылі, прэтэндуюць. Недасека, дык той самую Сцепаніду быў разжаліў. I яна аднойчы дзеліцца з ім сваім небагатым харчам. I, здаецца, як не пашкадаваць таго Недасеку, калі ён знешне такі ціхі і бяскрыўдны. Ды і ў паліцыю пайшоў, нібы ратуючы перш за ўсё дзяцей сваіх, якіх у яго ажно шасцёра.

Пісьменнік выразна паказвае, якая небяспека тоіцца ў такіх ціхіх ды бяскрыўдных, калі яны служаць злой сіле. А іх прынцып вельмі просты — дагаджаць любой уладзе, «хоць савецкай, хоць нямецкай». Калі загадаюць — дык яны гатовы і роднага брата павесіць, абы самім уцалець.

Пра роднага брата — не метафара, не фігуральны выраз. Брат у Антося сапраўды ёсць. I  маючы на ўвазе менавіта яго, паліцай пагаджаецца: «Загадалі б — павесіў бы. А то б самога павесілі». Гутарка ідзе пра старэйшага Недасеку, які пры бальшавіках адмовіўся нават ад бацькавага прозвішча і стаў Новікам. Ён мае настаўніцкую адукацыю, але таксама далёка не анёл. Яго жорсткасць наглядна выяўляецца ў час раскулачвання вяскоўцаў. Так што ў чалавечым сэнсе браты мала адрозніваюцца паміж сабой. Апошняя акалічнасць падкрэсліваецца і праз наступную шматзначную падрабязнасць. Зрабіўшыся прыслужнікам гітлераўцаў, Антось і знешне становіцца падобным да Новіка, функцыянера бальшавіцкага, які пры саветах любой цаной дамагаўся выканання самых злавесных афіцыйных дырэктыў. I таму не без поспеху рабіў кар’еру. Гэтым тады карыстаўся і Антось, спекулюючы дзеля ўласнай выгады і сваім бядняцкім становішчам, і мнагадзетнасцю.

А цяпер ён убачыў ратунак у паліцыі. Як убачыў яго там і Патап Каландзёнак — асабліва агідная і ненавісная фігура сярод усіх ворагаў, паказаных у «Знаку бяды». Ёсць у Каландзёнка фізічная недацёпістасць. Аднак яна не выклікае спачування, як гэта звычайна бывае, калі сустракаешся з фізічным недахопам у добрага ці проста звычайнага чалавека, а выглядае злавесна, бо спалучаецца з нейкай ідыёцкай стараннасцю. Нейкі страшны, вельмі небяспечны аўтаматызм мыслення, што ўласцівы Каландзёнку, даводзіць да абсурду любую справу, за якую ён бярэцца.

I не выпадкова Каландзёнак выклікае агульную гідлівасць вяскоўцаў і ў час прыслужніцтва бальшавікам, і ў перыяд шчыравання на гітлераўцаў. Сцепаніда думае пра яго з агідай, якая перарастае потым у пякучую нянавісць.

У паказе даваеннай «дзейнасці» Каландзёнка ёсць вельмі моцна напісаныя эпізоды. Адзін з іх — гісторыя з паклёпніцкім даносам, за які Каландзёнак атрымлівае боты, «неблагія яшчэ, хоць і паношаныя», бо з рэквізаваных. Данос гэты па-свойму далікатны, ва ўсякім разе даволі тонкі, бо ў ім была амаль праўда, толькі ледзь-ледзь зрушаны нюансы, нядобрасумленна вытлумачаны асобныя факты, якія з-за такога вытлумачэння набываюць зусім іншы сэнс і пагрозлівае гучанне.

На той данос Каландзёнка падштурхнулі дробная карыслівасць і маральная непераборлівасць, завуаляваныя пад модныя тады класавую пільнасць і непрымірымасць. У паліцыю ён ідзе ўжо для таго, каб выратаваць сваё жыццё. Цана подласці ўзрасла, але зноў карыслівасць, эгаістычны разлік на першым плане.

I таму Быкаў, малюючы вобраз Каландзёнка, і цяпер бескампрамісна судзіць такіх тыпаў, пазбаўленых глыбокіх каранёў у народнай глебе, а значыць, заўсёды гатовых у крытычнай сітуацыі занядбаць гуманістычныя, сапраўды народныя маральныя прынцыпы.

У «Знаку бяды» пісьменнік зусім пэўна акцэнтуе думку, што свае здраднікі ў маральна-этычным плане больш агідныя і часам практычна больш небяспечныя, чым самі фашысты, чужынцы, якія вынішчаюць жыхароў Беларусі не толькі непасрэдна, сваімі сіламі, але і з дапамогай паслугачоў, што ваююць супраць уласнага народа.

Вось што думае на гэты конт чулы да народнага гора Пятрок Багацька: «Прападзі яно ўсё пропадам! Дзе яшчэ тыя немцы, яшчэ немаведама, дабяруцца яны да яго Яхімоўшчыны ці не, а свае вось дабраліся. I хто? Родзіч Гуж. Ад таго, пэўна, свінчо не схаваеш, уведае і пра свінчо, і пра кароўку, і курэй, таксама як і пра ўсё ранейшае жыццё пры саветах — тут ужо не затоішся. У яго цяпер улада, захоча — павядзе ў мястэчка, у паліцыю і павесіць на першым слупе — сапраўды размова ў іх кароткая». Ён жа, Пятрок, але ў другім месцы разважае: «Вайна, канешне, нікому не ў радасць, лічы — усім гора, але калі тое гора праз немца, чужынца якога, дык што ж тут і дзівіцца, гэта як мор — чума ці халера, тут на каго наракаць? А калі гэтая чума праз сваіх, вясковых, тутэйшых людзей, вядомых усім да трэцяга калена, якія раптам перасталі быць тымі, кім былі ўсё жыццё, а зрабіліся нелюдзямі, звяр’ём, падуладным толькі гэтым набрыдам-немцам, тады як разумець тое? Ці яны раптам ператварыліся ў звяр’ё і вытвараюць такое па чужым прымусе, прытаптаўшы ў сабе ўсё чалавечае, ці, можа, яны і не былі людзьмі, адно прытвараліся імі ўсе гады да вайны, якая разбудзіла ў іх звяруг».

У пошуках адказу на гэтыя пытанні пісьменнік звярнуўся да гісторыі, зрабіў грунтоўны заход на даваенную рэчаіснасць. Гэта дазволіла яму больш глыбока раскрыць характары і Петрака, і Сцепаніды, і тых жа здраднікаў. Празаік паказаў, што апошніх пладзілі не толькі звычайныя чалавечыя слабасці, якія, як правіла, найбольш праяўляюцца ў складаных гістарычных абставінах, калі патрабаванні да людзей узрастаюць, становяцца асабліва высокімі, але і жорсткасць рэпрэсіўнай палітыкі бальшавіцкіх улад. А яны ўжо ў перыяд калектывізацыі выклікалі рэзкую незадаволенасць мільёнаў. Бо тады пад выглядам ліквідацыі кулакоў вынішчаліся самыя талковыя сяляне-гаспадары, гэта значыць, што фактычна наступ вёўся на сялянства як клас. Яно гвалтоўна пазбаўлялася сваёй галоўнай апоры — зямлі і ператваралася ў масу новых прыгонных, прымусова замацаваных за калгасамі.

Натуральна, што людзі бунтаваліся, адказвалі на рэпрэсіі паўстаннямі, якія падаўляліся бязлітасна. А ў выніку мы атрымалі не толькі новы клас бяспраўных выканаўцаў загадаў зверху, але і шмат зацятых ворагаў тыпу быкаўскага Гужа, якія дзеля помсты сваім крыўдзіцелям былі гатовыя і на супрацоўніцтва з чужынцамі, калі яны на нашай зямлі сталі ўладай, няхай сабе і часовай.

Пра мастацкую адметнасць твора. «Знак бяды» ўражвае і маштабнасцю дакладна вывераных у псіхалагічным сэнсе характараў дзейных асоб, і глыбінёй аналітычна-філасофскай думкі пісьменніка, яго гуманістычным пафасам.

Быкаў па-ранейшаму заставаўся цвярозым рэалістам. Але ў ягоным стылі цяпер прыкметна ўзрастала ўдзельная вага мастацкай сімволікі.

Сімвалічную шматзначнасць у «Знаку бяды» набывае бомба, якую Сцепаніда купляе ў сквапнага Карнілы, каб узарваць ёю мост на дарозе ў Яхімоўшчыну. Сама Сцепаніда, як вядома, гіне ў полымі ёю ж выкліканага пажару, каб не здавацца паліцаям, а яе бомба засталася. Яна «на ўзроўку чакала свае пары». Гэта заключная, самая апошняя фраза твора, якая мае глыбокі сэнс. У ёй ёсць выразны намёк на спрасаваную народную нянавісць да чужынцаў, якая, не зважаючы на жахлівую смерць Сцепаніды, з часам грымне магутным выбухам супраціўлення акупантам, вялікім размахам партызанскай вайны супраць гітлераўцаў. Нездарма ж аповесць у першапачатковых варыянтах мела і адпаведную назву — «Час прыйдзе».

Выразны сімвалічны падтэкст мае малюнак запусцення, што пануе на месцы былой хутарской сядзібы Багацькаў. Ім пачынаецца аповесць пра трагедыю двух цягавітых вясковых жыхароў, за якою паўстае трагедыя Беларусі з яе велізарнымі ахвярамі ў той вайне. Прычым аўтар і сам падкрэслівае абагульняльна-сімвалічны сэнс гэтага малюнка, характарызуючы яго як «знак даўняй бяды», што абрушылася ў трагічную часіну на беларускі хутар.

Яўная сімвалічнасць праглядвае і ў згадцы пра маладую тоненькую ліпку, якая «зусім нядаўна выкінула да сонца лічаныя свае лісточкі, у сваёй безабароннай адвазе здавалася госцяй з іншага свету». На фоне здзічэлага буяння «зараснікаў дзядоўніку, крапівы і малінніку» ды «самазадаволенай непрыступнасці калючай шыпшыны», што раскашуецца там, дзе некалі была дагледжаная сядзіба, гэтая маладзенькая ліпка ўспрымаецца як «увасабленне надзеі» (словы з аповесці), якая павінна хоць квола свяціць народу, здольнаму нараджаць такіх самаахвярных людзей, як быкаўскія Сцепаніда і Пятрок.

Але куды больш у аповесці сімвалаў змрочных, якія настойліва прадракалі Багацькам іх трагічную долю. Адзін з іх — кручаная вясна ў той год, калі Багацькі атрымалі ад бальшавікоў надзел зямлі, адабранай у пана Яхімоўскага, чалавека ўжо бездапаможнага і ўвогуле бяскрыўднага, які ўрэшце канчае жыццё самагубствам, нямала збянтэжыўшы новых гаспадароў.

Злавесна-сімвалічнай перасцярогай аказваецца і мёртвы жаваранак. Ён «з тых небаракаў, што ашукаліся першай абяцанкай вясны і паплаціліся жыццём за сваю заўчасную песню».

Таго нешчаслівага жаўранка, які на сваю бяду прыляцеў залішне рана, Багацькі знайшлі на сваім нечакана прыдбаным полі, якое ўпарта не хоча радзіць, бо вельмі ўжо глеістае і ў сухое надвор’е «камянела, бы тая скала». Таму і атрымала яно сімвалічную назву Галгофы. Гэта ўжо выразны подых біблейскіх матываў пакутніцтва. I разам з крыжам, які з вялікімі высілкамі ставіць Пятрок на сваёй Галгофе, атрымліваецца бясспрэчны знак адвечнай пакуты селяніна на гэтым свеце.

А як шмат гаворыць пра сялянскую замілаванасць да ўсяго жывога Сцепанідзіна стаўленне да свайго парсючка. У непрадказальнай віхуры вайны, калі небяспекі можна чакаць адусюль, «яе паслухмяны ўвішны парсючок здаваўся ёй радней за якога чалавека, як дзіця, не раўнуючы».

А вось як Пятрок ставіцца да сабакі Рудзькі, які потым застаўся без свайго гаспадара, забітага гітлераўцамі: «Рудзька бег ззаду, але затым на паваротцы да хутара трохі адстаў, і Пятрок, павярнуўшыся, ціха паклікаў яго. Рудзька наўскач дагнаў старога і больш ужо не адставаў. Здаецца, ён быў сціплы і выхаваны сабачка, які паважаў людзей і ніколі не соваўся куды без запрашэння».

Выдатная дэталь. Яна істотная не толькі для падкрэслівання чалавечнасці Петрака, які ў другім месцы «па-брацку» размаўляе з Рудзькам, але і як кантрастная паралель да жорсткасці паліцаяў, якія, абклаўшы смяртэльнай аблогай Сцепаніду, спачатку забіваюць гэтага далікатнага ў сваёй выхаванасці Рудзьку, а потым збіраюцца чыніць расправу і з жанчынай, тым самым вымушаючы яе на жахлівае самагубства.

Высокая мастацкая дасканаласць аповесці, глыбіня і значнасць яе праблематыкі абумовілі ўстойлівую цікавасць да «Знака бяды» не толькі чытачоў, але і прадстаўнікоў іншых галін мастацтва. Па гэтым быкаўскім творы беларускі рэжысёр Міхаіл Пташук зняў двухсерыйны мастацкі фільм, які стаў падзеяй у нашым кінамастацтве. М. Пташука пасля пастаноўкі гэтага фільма афіцыйна ўключылі ў дзесятку лепшых кінарэжысёраў Еўропы. Дзяржаўнай прэміяй Беларусі ў 1986 годзе адзначаны спектакль па «Знаку бяды», пастаўлены ў Рускім драматычным тэатры імя Максіма Горкага (Мінск). У 1985 годзе адбылася прэм’ера спектакля па гэтай жа аповесці ў Ленінградскім тэатры драмы і камедыі.

Д. Я. Бугаёў,
прафесар, кандыдат філалагічных навук

 
Крыніца публікацыі: Беларуская літаратура: дапам. для вучняў 11-га класа агульнаадукац. устаноў з беларус. і рус. мовамі навучання / А. І. Бельскі [і інш.]; пад рэд. А. І. Бельскага, М. А  Тычыны. — Мінск: Адукацыя і выхаванне, 2009. — С. 38—65.

Пра аўтара: Дзмітрый Якаўлевіч Бугаёў (1929—2017) — літаратуразнавец. крытык, педагог. Працаваў у БДУ: з 1964 г. — дацэнт, з 1987 г. — прафесар. Аўтар кніг «Шчодрае сэрца пісьменніка» (1963), «Паэзія Максіма Танка» (1964; 2-е выд. — 2003), «Уладзімір Дубоўка» (1965), «Максім Гарэцкі» (1968; 2-е выд. — 2003), «Шматграннасць» (1970), «Зброяй сатыры, зброяй праўды» (1971, 2-е выд. — 2004), «Вернасць прызванню: творчая індывідуальнасць Івана Мележа» (1977), «Талент і праца» (1979), «Чалавечнасць» (1985), «Васіль Быкаў: нарыс жыцця і творчасці» (1987), «Арганічнасць таленту» (1989), «Праўда і мужнасць таленту» (1995), «Спавядальнае слова» (2001), «Служэнне Беларусі» (2003), «Жыццём ідучы» (2013).