ТРАДЫЦЫІ ЯКУБА КОЛАСА Ў ПРОЗЕ УЛАДЗІМІРА КАРАТКЕВІЧА

 А. Л. Верабей, кандыдат філалагічных навук, дацэнт

0
3984

Уладзіміра Караткевіча многае збліжае з Якубам Коласам. Яго першыя друкаваныя вершы «Здесь будет канал» і «Якубу Коласу» (адпаведна на рускай і беларускай мовах) былі змешчаны 29 ліпеня 1951 г. у аршанскай газеце «Ленінскі прызыў». У другім з іх малады паэт пафасна і ўзнёсла славіў песняра, які «ў змрочныя злыя гады» спяваў аб свабодзе і цяжкім народным лёсе, заклікаў свой народ да змагання за лепшую долю, зваў «да косаў, да стрэльб і да віл» і які «народнай, цудоўнаю мовай цудоўныя песні… пеў» [1].

Летам 1952 г. У. Караткевіч даслаў для ацэнкі Якубу Коласу свае раннія творы пад назвай «Казкі і легенды маёй Радзімы». А восенню таго ж года накіраваў яму з Кіева віншаванне ў сувязі з 70-годдзем, дзе, выказваючы сваю любоў і павагу да пісьменніка, у прыватнасці, адзначыў: «Купала быў моцны сваёю тугою па Радзіме, Вы – упэўненай верай у яе, спакойнаю любоўю да яе» [2].

У верасні 1955 г. У. Караткевіч разам з іншымі ўдзельнікамі рэспубліканскай нарады маладых пісьменнікаў сфатаграфаваўся з Якубам Коласам. Ён згадваў песняра ў вершах «На паўстанках, засыпаных лісцем бярозавым», «Кнігі», характарызаваў яго творчасць у нарысе «Зямля пад белымі крыламі», напісаў да яго 90-годдзя артыкул (пакуль не выяўлены).

У. Караткевічу былі блізкія патрыятычны змест, мастацкая дасканаласць яго твораў і шматграннасць яго таленту. Якуб Колас, на думку А. Адамовіча, быў «у аднолькавай ступені лірык і эпік, філосаф і бытапісальнік, рамантык і па-народнаму мудры і практычны чалавек» [3, 10].

Коласаўскія пачатковыя радкі з паэмы «Новая зямля» («Мой родны кут, як ты мне мілы!..») могуць стаць эпіграфам да ўсёй яго творчасці. У сваёй паэме ён апаэтызаваў родную зямлю і ўзвялічыў чалавека гэтай зямлі. Тое ж самае зрабіў і У. Караткевіч у рамане «Каласы пад сярпом тваім» і ўвогуле ва ўсёй творчасці.

У. Конан слушна адзначыў: «Лірыка-эпічная “Новая зямля”– велічная карона Дрэва Паэзіі нашага паэта, яе аптымістычная сімфонія, дзе нават трагічны фінал («Смерць Міхала») асвечаны светлай надзеяй на сялянскі Рай, на духоўна пераўтвораную карміцельку-зямлю» [4, 245]. У. Караткевіч таксама жыў думкай пра дасканалае грамадства. Калі мара беларускага народа пра з’яўленне Хрыста як збавіцеля і выратавальніка ў «Сівой легендзе» толькі згадвалася, калі ў рамане «Каласы пад сярпом тваім» на падставе легенды пра жарабя старога Міколы гэта мара набыла спецыфічнае мастацкае развіццё, то ў рамане «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» яна стала скразной, галоўнай.

Майстэрствам і глыбінёй зместу вызначаецца апісанне сну Братчыка, дзе ён трапляе на неба, у Рай, і сустракаецца там з самім Богам Саваофам. Хрыстос, які ўзнёсся на неба, убачыў дастатак і заможнасць. Як народная і аўтарская мара пра лепшае жыццё з’явілася перад Братчыкам і тая зямля, з якой ён прыйшоў: «Абдзёртая і няшчасная пры ім, абрабаваная ваяводамі і войтамі і драпежнымі набегамі чужынцаў, яна зараз распасціралася перад ім у нятленным ззянні вечнай красы». І гучала на ёй «пяшчотная і цвёрдая, прыўкрасная, вечная, неўміручая беларуская мова» [5].

У. Караткевічу каштоўны быў і вопыт Якуба Коласа як аўтара філасофска-алегарычных «Казак жыцця» і паэмы «Сымон-музыка». Думаецца, яму імпанаваў патрыятызм і гістарызм песняра, выяўлены ва ўступе да трэцяй часткі паэмы «Сымон-музыка»:

Тут схадзіліся плямёны

Спрэчкі сілаю канчаць,

Каб багата адароны
Мілы край наш зваяваць,
А нас цяжка ў сэрца раніць,
Пад прыгон узяць навек,
Нашы скарбы апаганіць,
Душу вынесці на здзек,
Каб у віры той ашукі
Знішчыць нашы ўсе сляды,
Каб не ведалі і ўнукі,
Хто такія іх дзяды [6].

Падобныя праблемы трывожылі і У. Караткевіча і яго герояў. Паэт у вершы «Паўлюк Багрым» усхвалявана прамаўляў:

Беларусь мая, сонца,
Дарагая і родная маці!
На якіх раздарожжах
Згубіла ты шчасце сваё?
Ці ўдасца хоць дзецям
Шчаслівага дня дачакаці
Пасля мужнасці гэткай,
Пасля столькіх крывавых баёў (1, 29).

Медыкус у аповесці «Цыганскі кароль» сцвярджаў: «Мы – гной пад нагамі чужынцаў» (2, 91). Алесь Загорскі ў рамане «Каласы пад сярпом тваім» пераконваў свайго сябра Мсціслава Маеўскага, што паўстанне неабходнае, бо «ў рабстве гіне дух» (4, 294). Героі У. Караткевіча адчулі таксама і повязь часоў.

Слушна пісаў У. Конан: «Коласава паэма “Сымон-музыка”, па сутнасці, беларуская духоўная “Адысея”, дзе паказана, як наша зямля нараджае і выхоўвае свайго Арфея – мастацкага Выратавальніка народа, яго Прарока» [7, 154]. Нямала зведаў выпрабаванняў і пераадолеў перашкод герой Якуба Коласа.

Складаную духоўную эвалюцыю ад махляра, прытворшчыка і валацугі да мысляра і пакутніка, праўдашукальніка і змагара, народнага абаронцы і выратавальніка праходзіць і Юрась Братчык у рамане У. Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». І Гервасій Выліваха з легенды «Ладдзя Роспачы» не толькі жыццялюб, абаронца людзей, бунтар і шчыры патрыёт роднай зямлі, але, як і коласаўскі Сымон, ён музыка. Гервасій Выліваха, нібы антычны Арфей, каб выратаваць родную зямлю і людзей, спускаецца з лютняй нават у апраметную.

Можна знаходзіць падабенства ў мастацкім плане паміж такімі сімвалічнымі вобразамі з паэмы «Сымон-музыка», як ліст на дрэве, адзінокі жытнёвы колас, чуллівы звон, дубок, блукаючы прамень і такімі шматзначнымі вобразамі з твораў У. Караткевіча, як груша і сосны на высокай дняпроўскай строме, каласы, серп, крыніцы, карані, званы і гарады ў прадоннях азёр.

У паэме Якуба Коласа Ганна не толькі дзяўчына, але і вобраз Беларусі, Сымон не толькі музыка, але і прарок, нацыянальны Месія. Нібы герой народнага эпасу выступае Раман Ракутовіч у «Сівой легендзе» У. Караткевіча. Згаданаму герою адсеклі кісці рук, а яго каханую дзяўчыну Ірыну асляпілі. Так пранікнёна і балюча паказаць аслепленую і абязручаную, але няскораную Беларусь мог сапраўдны талент.

У рамане «Каласы пад сярпом тваім» стары Загорскі-Вежа, падтрымліваючы Алеся ў цяжкую для яго хвіліну, прамовіў: «Жыццё – даброта. Найвялікшая даброта, якая дадзена кожнаму, нягледзячы на ўвесь боль» (5, 241). І гэта прагучала ў духу роздуму коласаўскага Андрэя Лабановіча з трылогіі «На ростанях»: «Што ні кажы, а жыццё, ужо само па сабе, ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны дар» (9, 12).

Уладзіслаў Берасневіч з аповесці У. Караткевіча «У снягах драмае вясна» не прымае палажэнняў артыкула аднаго аўтара, дзе сцвярджаецца, што «абуджэнне самасвядомасці Італіі пры Гарыбальдзі або Русі пры Пушкіне – станоўчая з’ява, а абуджэнне самасвядомасці Лабановіча – толькі што “не хавае ў сабе асаблівай небяспекі”». У. Караткевічу імпанавала Коласава імкненне абудзіць у беларусах пачуццё нацыянальнага гонару, адсутнасць якога праз развагі Андрэя Лабановіча пісьменнік бачыў у тым, што «на галаву беларускага народа, як вядома. многа выліта памыяў, годнасць яго прыніжана і мова яго асмеяна, у яго няма імя, няма твару». І далей герой робіць наступную выснову: «А з гэтага вынікае тое, што беларус-інтэлігент адмяжоўваецца не толькі ад свайго народа, але і ад бацбкоў сваіх» (9, 82).

Коласаўскі герой не толькі разважае, думае, але і нясе асвету народу, дзейнічае, хоча змяніць жыццё да лепшага. Пэўным чынам блізкія да яго сваім патрыятызмам і высакароднасцю такія героі У. Караткевіча, як Андрэй Беларэцкі, Андрэй Грынкевіч, Алесь Загорскі, Антон Косміч. Яны, як і героі твораў Якуба Коласа, захапляюцца прыгажосцю роднай зямлі, умеюць смяяцца, жартаваць, жыць паўнакроўным жыццём.

Відаць, невыпадкова імя галоўнага героя трылогіі Якуба Коласа і імёны  караткевічаўскіх герояў Беларэцкага, Свеціловіча, Грынкевіча супадаюць. Імя Андрэя ў перакладзе з грэцкай мовы значыць «мужны». Такім чынам, гэтыя героі выступаюць мужнымі абаронцамі людзей, змагарамі за праўду і справядлівасць.

Якуб Колас і У. Караткевіч былі цудоўнымі пейзажыстамі. Дасканала апісаны Дняпро ў рамане «Каласы пад сярпом тваім»: «Дняпро цячэ між высокіх берагоў спакойна і ўпэўнена, вымываючы з-пад адхонаў пясок, адкрываючы часам для вачэй чалавечых тое, што сам жа раней схаваў ад іх: наздраватыя вапнякі, чырвоныя з ліловым адценнем пліткі жалезняку і векавечныя, варожскіх часоў, дубы» (4, 12). Па эпічнай шырыні думкі, па рамантычнай вобразнай афарбоўцы і ўвогуле па сваёй танальнасці гэты ўрывак на ўзроўні лепшых узораў пейзажных апісанняў. Прыгадаем хоць бы гогалеўскае «Чуден Днепр при тихой погоде…» ці коласаўскае «Спакойна і павольна, як у зачарованым сне…».

Лабановіч марыў «абысці пехатою цэлы раён, апісваць яго, сабраць народныя песні, легенды і іншыя віды народнай творчасці, багата ілюстраваць сваё падарожжа фатаграфіямі» (9, 328). Андрэй Беларэцкі з аповесці У. Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха» па прафесіі вучоны-фалькларыст, які збірае народныя легенды.

Андрэй Лабановіч думаў у роднай вёсцы пра перанос балотнай зямлі на пясчаную і будаўніцтва грэблі. Андрэй Грынкевіч у рамане У. Караткевіча «Леаніды не вернуцца да Зямлі» («Нельга забыць») кажа сваёй каханай жанчыне: «Мы напішам першую сапраўдную гісторыю беларускага мастацтва. Гэта цяжка. Нам давядзецца аб’ездзіць разам усю Беларусь, адшукаць тое, што забыта, вывучаць, біць у набат, калі штосьці занядбалі або бураць. Гэта будзе сумленная гісторыя. Яна не будзе забываць ні добрага, ні дрэннага… Ты прыкладзеш да гэтай кнігі веды, а я так выкладу яе, каб яна чыталася запоем, як легенда» (3, 323).

Прадаўжаючы традыцыі сваіх папярэднікаў, у тым ліку і Якуба Коласа, абапіраючыся на вопыт айчыннай і сусветнай культуры, У. Караткевіч стварыў дасканалы мастацкі летапіс жыцця свайго народа.

Літаратура

  1. Ленінскі прызыў. – 1952. – 29 ліп.
  2. Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа. – Вопіс КП 13318/Аа– 3061.
  3. Адамовіч, А. Шлях да майстэрства: станаўленне мастацкага стылю К. Чорнага / А. Адамовіч. – Мінск: Выд-ва АН БССР, 1958. – 180 с.
  4. Конан, У. Беларуская літаратура ў кантэксце хрысціянскіх ідэалаў / У. Конан // Полымя. – 2000. – № 2. – С. 231–252.
  5. Караткевіч, У. Збор твораў: у 8 т. – Мінск: Маст. літ., 1990, – Т. 6. – С. 467. Далей творы У. Караткевіча цытуюцца па гэтым выданні, том і старонка падаюцца ў дужках.
  6. Колас, Я. Збор твораў: у 14 т. / Я. Колас. – Мінск: Маст. літ., 1974. – Т. 6. – С. 356. Далей творы Я. Коласа цытуюцца па гэтым выданні, том і старонка падаюцца ў дужках.
  7. Конан, У. Беларускі музыка – Арфей / У. Конан // Полымя. – 1992. – № 11. – С. 149–158.
  8. Караткевіч, У. Творы: проза, драматургія, публіцыстыка / У. Караткевіч. – Мінск: Маст. літ., 1996. – С. 162–163.

А. Л. Верабей

 

Крыніца публікацыі: Каласавіны. Матэрыялы навук. канф., прысвечанай 120-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа “Творчая спадчына Якуба Коласа ў кантэксце сучас. літ. працэсу” / Дзярж. літ.-мемарыял. музей Я. Коласа; склад.: Г. І. Зайцава, М. Н. Далідовіч. – Мінск, 2003. – С. 246–251.