Зварот да міфалогіі мастацкай літаратуры і культуры ў цэлым — з’ява невычарпальная: міф успрымаецца як нешта прыгожае, незвычайнае, што стымулюе яго выкарыстанне і запазычанне творцамі. Менавіта ў ХХ і ХХІ стагоддзях узрастае цікавасць беларускіх аўтараў да міфалогіі. Літаратура бярэ з яе не толькі вобразы, параўнанні, сюжэты, але і сам тып мыслення. Даследаванне архетыповых асноў творчасці класікаў, выяўленне і тлумачэнне міфалагічных элементаў, што набывае асаблівую актуальнасць пры разглядзе паэзіі, дапамагае зразумець нацыянальную адметнасць беларускай літаратуры.
Вершы і паэмы Янкі Купалы, створаныя ў нашаніўскі перыяд, пачынаюць у беларускай літаратуры простую, меладычную, глыбокую па змесце і выразную па форме паэзію. Купала здолеў злучыць у вершаваных радках адчуванне трагізму навакольнага жыцця і веру ў адраджэнне краіны, у прыход долі да беларускага народа. Можна сцвярджаць, што нашаніўская паэзія Янкі Купалы — наскрозь міфалагічная, дзе міфалагічныя элементы арганічна ўплецены ў тканіну мастацкіх твораў, глыбінна засвоены душой паэта або, наадварот, «узятыя» з душы. Купалаўскі міфалагізм — надзвычай адметны, яркі, народны, светапоглядна з’яднаны з уяўленнямі простага чалавека — найперш селяніна — яго забабонамі, прымхамі, яго анімістычным адчуваннем жыцця.
Сімвалічнае напаўненне вобраза роднага краю і вобраза чужыны
«Край беларускі мірны, сумны» (верш «Брату ў чужыне»), «няшчасны край» (верш «Памяці С. Палуяна»), маладая старонка (верш «Маладая Беларусь»), спакойны край (верш «Я ад вас далёка»), невясёлая старонка (верш «З песень аб сваёй старонцы»), Беларусь-маці (верш «Гэй, капайце, далакопы…»), матка-зямля (верш «Гэта крык, што жыве Беларусь»), карміцелька (верш «З дарогі») — такімі словамі ў розных творах называе Янка Купала Беларусь. Як прыкметы радзімы згадваюцца Нёман, Дзвіна, Буг, Белавежа, Налібокі (вершы «Я нясу вам дар…», «Ужо днее»). Беларусь у разуменні паэта «гартавана слязамі і крывёю народа», «няпамяці пылам пакрытая», зямля прадзедаў (верш «Для зямлі прадзедаў маіх…»). Ворагі лічаць яе збунтаванай зямлёй (верш «Ісцінна чорнае трыо»), Купала называе яе загнанай (верш «Родныя песні»), сваёй забранай стараной, скаванай мучальніцай-княжной (паэма «На Куццю»).
Я табе, зямля прадзедаў маіх,
Не патраплю нічога жалець на свеце…
Я цябе душой рад бы сваёй сагрэці
І карону сплесці з сонца, зор залатых (1; 3, с. 80), —
шчыра гаворыць лірычны герой верша «Для зямлі прадзедаў маіх…». З гэтых радкоў паўстаюць не толькі яго бязмежная любоў да радзімы, але і жаданне здзяйсняць справы ў яе імя. Вобраз роднай зямлі для паэта велічны, святы, ён яднае яго з продкамі — гэта скарбніца перш за ўсё духоўных каштоўнасцей.
Шчырая адданасць сваёй бацькаўшчыне, замілаваныя адносіны да ўсяго роднага адкрыта выяўляюцца і ў вершах «Я люблю», «Гэта крык, што жыве Беларусь». Кожная дэталь сціплага, простага пейзажу і вясковага побыту з’яўляецца прывабнай і патрэбнай паэту. Прадметам паэтызацыі становяцца хатка, гумно, тачок, сад, бярозка, ручай… Беларусь не ідэалізуецца Янкам Купалам, ён бачыць і разумее рэальнасць, перажывае за свой народ, які пакутуе ад цяжкога жыцця. Паэт непакоіцца і за лёс свайго краю, і за лёс беларусаў.
Любоў да зямлі абудзілася ў Янкі Купалы яшчэ ў маленстве. У вершах, напісаных на польскай мове, паэт прызнаецца, што любіць зямлю ўсёй душою, прагне яе «абкружыць несмяротнай славаю». У яго снах яна «ў зеляніне, ўся ў святле», ззяе «смела жыццём». Але гэта не супадае з рэчаіснасцю: «Замест вясны і сонца — злавесная цемра, // На тваіх квяцістых нівах — каменне і куколь».
Любоў лірычнага героя да роднай зямлі, імкненне служыць ёй і гатоўнасць за яе памерці выяўляюцца ў многіх вершах. Гарачыя словы малітвы за родны край, людзей, усё роднае знаходзім у двух аднайменных вершах «Мая малітва». Паэт прызнаецца радзіме: «Я пра цябе не забудуся, — засумую, заплачу // Эх, нават пасля смерці — у тваім лоне, у магіле», ён гатовы загінуць за свой край у барацьбе і просіць радзіму не гнаць яго ад свайго парога (верш «Для зямлі прадзедаў маіх…»). Кроўная сувязь з радзімай, перажыванні за яе лёс і з-за яе болю пераліваюцца ў сны лірычнага героя:
Яшчэ ў калысцы я наўчыўся з песень сніць
Аб гэтых блізкіх мне, а цесных так мясцінах:
Што роднай нівы я мільённая часціна,
Што зоркі роднай ў сэрцы мне іскрынка тліць (4, с. 20).
Ідэал Радзімы-маці — гэта «яўная алегорыя маці… Архетыпам тут з’яўляецца містычная далучанасць прымітыўнага чалавека да зямлі, на якой ён жыве і ў якой спачываюць духі яго продкаў» [2, c. 27], — такая думка псіхааналітыкаў К. Г. Юнга і Э. Наймана з’яўляецца слушнай. Далучанасць чалавека да роднай зямлі, якая падсвядома суадносіцца з маці, у беларускіх прыказках заўважае Р. М. Кавалёва: «Беларусы бачылі безумоўную каштоўнасць «прыроднага» мацярынства ў тым, што праз маці, якая нарадзіла дзяцей, праз факт іх нараджэння ў пэўным месцы дзеці далучаюцца да вышэйшай каштоўнасці кожнага чалавека — Радзімы: «Дзе маці нарадзіла, там і радзіма». Локусы малой радзімы афарбоўваліся святлом мацярынства: «Дарагая (мілая) тая хатка, дзе радзіла мяне матка»; «Мілы той куток (дамок), айдзе рэзан пупок», «Дарагі той куток, дзе завязалі пупок» [3, с. 151]. У паняцці радзіма сышлося духоўнае і матэрыяльнае, радзіма як ідэал успрымаецца глыбока і інтымна. На думку паэта, памяць пра чалавека непагасная, калі ў яго любоў да радзімы такая ж моцная, як любоў сына да сваёй маці (верш «Памяці Вінцука Марцінкевіча»).
Жыццё беларускага краю з’яўляецца галоўным творчым імпульсам. Паэту балюча ўспрымаць «сірочае кананне» народа і краю (верш «Цару неба й зямлі»), тое, што ў жыцці людзей нічога не змяняецца (вершы «Памяці С. Палуяна», «Па межах родных і разорах…» і інш.). У вершы «Забраны край» паэт разважае пра жыццё краіны, «спавітай у вечны туман», — праца людзей на чужых палетках, баль нечысці, разлад паміж бацькамі і дзецьмі, пакора чужынцам. Прадзедавы косці не вытрымліваюць такога жыцця і паўстаюць з магіл, каб народ абудзіўся.
З беларускім народам лірычны герой адчувае еднасць: «Я з імі мучуся ўраўне, // Ў адных закут з імі кайданах…», ён жыве болем за народ і любоўю да народа, імкнецца сцвердзіць, што беларусы таксама адносяцца да сям’і славян (верш «Ворагам беларушчыны»), марыць пра грамаду моцную і смелую (верш «А хто там ідзе?»), пра адраджэнне краіны. Ад гэтага і вызначэнне асабістага шчасця паэта — бачыць долю ў родным народзе (верш «Я не паэта»).
Хвалюе і непакоіць Янку Купалу лёс роднай мовы. Ён ведае, што роднае слова — магутнае, бессмяротнае, «крыўды, няпраўды змагло», называе яго свабодным і загнаным. Хоча, каб пачуў і зразумеў кожны беларус, што «родная мова… мілей найбагатшай чужой!»
«Бацькаўскае слоўца» адпавядае душы чалавека, яно зжылося з беларусамі, прайшло з імі праз стагоддзі. Ворагі «брэшуць мярзотна» (польскамоўны верш «Люблю цябе, зямля…»), але яны не могуць адабраць роднае слова ад чалавека, нават калі разлучаюць дзяцей і бацькоў. А смяецца над мовай той, «хто не знаў ніколі // Чалавечых думак, чалавечай долі, — // Хто ў грудзях гадуе злосна, непрытворна // Замест сэрца — камень, мест душы — дым чорны». Як корань звязаны з дрэвам, а сонца — з небам, так і слова непарыўна звязана з чалавекам. Адсюль і мара паэта «падняць скібіну слова… // На запусцелым дзірване // Сваёй старонкі Беларусі». Купала верыць, што мова беларусаў будзе «вечна жыці».
Вобразы Беларусі ў вобліку жанчыны і народа як яе дзецей сустракаюцца ў некаторых творах, напрыклад у вершах «За праўду», «Беларушчына», «Выйдзі…». Апісанне яе знешняга выгляду таксама сведчыць пра ўспрыманне паэтам краіны ў вобліку жанчыны, персаніфікацыю гэтага вобраза. На яе галаве — карона з пралесак, «Ўся сама — ясната лебядзіная» (верш «Маладая Беларусь»), яна ў зеляніне, уся ў святле, «ззяе смела жыццём» (верш «Зямля») або — яе «рукі і ногі у ранах, // А раны на сэрцы — каму ж іх паняць?!» (верш «Ужо днее»), на ёй лахманы, «што доўгія векі // …валачыла з кастры, з палыну» і карона, сплеценая з церняў (верш «Выйдзі…»). У вершы «Ўсюды лета…» Беларусь успрымаецца лірычным героем як прыгожая дзяўчына-каралеўна, якую ён заклікае выйсці, паказацца свету. А ў заключных радках паэмы «Яна і я» вобраз каханай зліваецца з вобразам радзімы:
Я песняй мілую сваю праслаўлю
Паміж народамі сваіх, чужых зямель,
Каб не загінула, як кветка, у бяспраўю, –
Жыла й тады, як ляжа ў вечную пасцель.
А воля мне жалезная патрэбна
За крыўды маёй мілай помстай заплаціць,
Што гаравала так яна бясхлебна,
Што ланцугамі мусіла шмат лет званіць
(6, с. 119).
Як адзначае П. Васючэнка, метафара «забраны край», гэтаксама як і вобраз Радзімы-жанчыны, на пачатку ХХ стагоддзя былі традыцыйнымі.
У некаторых творах Янкі Купалы Беларусь і яе народ паказваюцца сіротамі. Як скрушліва заўважае паэт (верш «Адгукніся, душа!..»), беларусы — гэта вечныя сіроты, якіх ніхто не шкадуе: ні свой брат, ні Бог, або «народ асірацелы» (верш «Новы год»). Успрыняцце Беларусі ў вобразе сіраты вынікае на падставе аналізу алегарычных твораў «Ужо днее» (яго гераіня называе сябе сіратой), «На Дзяды» і некаторых іншых. У паэме «На Дзяды» створаны выразны алегарычны малюнак: сіратой засталася маці, яе змусілі бадзяцца княжаняты-дзеці. Магчыма, раскрываючы гэты вобраз, Купала імкнуўся паказаць гаротную долю радзімы-маці, загубленай дзецьмі. З яе трох сыноў толькі старэйшы працуе (хутчэй за ўсё — гэта селянін), у другога — ахвота да ляжання, ён жыве за кошт чужой працы (пан), а малодшы — любіць падганяць, здзекавацца (умоўна можна назваць яго катам). Пасля таго, як дзеці выраслі, сярэдні і малодшы паехалі ў свет. Спачатку вярнуўся сярэдні: запрог у плуг старэйшага брата, а маці выгнаў бадзяцца. Потым прыехаў дахаты і малодшы — яшчэ больш стаў здзекавацца: крывавіў старэйшага брата ранамі, стражы, запоры над ім ставіў, не пашкадаваў і маці. «Суд судзіў, што я — не я ўжо, // І распяў на крыжы», — гаворыць пра яго жанчына.
Які лёс будзе гэтых дзяцей — пытанне застаецца без адказу:
Ці апомняцца сыночкі
У сваёй правіне?
Ці загінуць сярод ночкі,
Што і след загіне?.. (6, с. 78)
У вершы «Суды» сустракаем падобны вобраз пакут жанчыны, якую апранулі ў жабрачы ўбор, «На бадзянне пусцілі, на здзек». Яе лёс цяжкі, але яна застаецца няскоранай. «Не здолеюць суды цемнатворныя // Ёй спаганіць і вырваць душу», — падкрэслівае яе жыццёвую моц паэт.
Прывязанасць да роднай зямлі надзвычай востра адчуваецца на чужыне. Лірычнаму герою цяжка ў чужой старане, наплываюць розныя ўспаміны (верш «У чужой старане»). Там ён заўсёды думае пра Беларусь, разумее, што толькі на радзіме чалавек можа быць шчаслівым.
Я ад вас далёка… А дзе ні гляджу я —
Дома толькі думка днюе і начуе;
Знаю толькі пушчы Белавежскай гоман,
Знаю толькі рэчку — з плытнікамі Нёман…
І далей: «Я ад вас далёка… Жыву між чужымі, // Чую ж вашы песні, — водклік шлю сваімі» (2, с. 125).
Суадносіны радзімы і чужыны ў нашаніўскай паэзіі Янкі Купалы прыблізна адпавядаюць народнаму разуменню суадносін маці і мачыхі. Сад і хорам на чужой зямлі для лірычнага героя не заменяць хату і бярозкі радзімы (верш «Я ад вас далёка…»). Паэт папярэджвае, што на чужыне больш слёз, нуды, няма блізкіх людзей, адзінота, «Там любіць свой край прысягнеш // Лепей, як жыццё», называе яе «край халодны, чужы». Выснова, да якой прыходзіць Янка Купала і які выказвае чытачам як параду ў вершы «Не шукай…», — немагчыма знайсці шчасце, долю, сяброў і радзіму на чужыне, усё гэта ёсць блізка, там, дзе цябе нарадзіла маці. «Толькі ўмей шукаці блізка!» — двойчы паўтараецца ў гэтым творы. Верш «Брату ў чужыне» напісаны ў форме звароту да чалавека, які жыве на чужыне: ці помніць ён сваю радзіму? У ім называюцца элементы сакральнай прасторы: калыханка маці, родная хата, сяло, гасцінец, поле, мова і г. д. А ў вершы «Шчасце» («Ты гаворыш, суседзе, што на свеце ўсё едзе…») выказваецца думка: сваё роднае «толькі камня не ўзруша».
Тэма жыцця ў чужым краі знаходзіць працяг у лёсах людзей, якія паспыталі шчасця-долі на чужыне. Купала стварае некалькі сюжэтных твораў, прысвечаных гэтай тэме: у вершы «З дарогі» вандроўнік вяртаецца на родную зямлю, туды, дзе ён некалі пакінуў жонку, дзяцей і бацькоў. Калі ён жыў далёка ад іх «у бядзе… цяжкой, // Ні шчасця, ні долі не бачыў ніколі, // Бядуючы слёзна парой». Бацькоўская хата ацалела, але ў ёй ужо жывуць чужыя людзі. Падобныя творы — «Шчасце», «Чатыры крыжы», героі якіх, вяртаючыся ў родныя мясціны, таксама не знаходзяць сваіх блізкіх. У вершы «Адступнік» адваротная сітуацыя. Маці хварэе, і людзі паведамляюць пра гэта сыну, які падаўся ў чужы край. Сын вяртаецца «не то князем, не то панам, // Не то трэзвым, не то п’яным», гаворыць на незразумелай мове. Маці называе яго не інакш, як чужаніцам. Потым сын зноў кідае яе і едзе на чужыну. Як бачна з верша, гэты чалавек стаў чужынцам на роднай зямлі. Абыякавасць да хворай маці дапаўняецца яго абыякавасцю да радзімы.
Такім чынам, у паэтычным свеце Янкі Купалы ідэя мацярынства беларускай зямлі (ідэал Радзімы-маці) выяўляецца не столькі ва ўспрыняцці роднай зямлі ў якасці месца з’яўлення на свет або як зямлі-карміцелькі, колькі праз адчуванне святасці роднай старонкі (і ўсяго роднага), адказнасці перад зямлёй, на якой жылі продкі. Непарыўная повязь чалавека з радзімай, любоў да яе і служэнне ў імя яе дабрабыту — падаюцца паэтам як ідэал чалавечых адносін да свайго краю. Чужына не заменіць радзіму — таксама як мачыха не можа замяніць чалавеку маці. Купала не толькі персаніфікуе вобраз радзімы, надзяляючы яе жаночым воблікам, але і ўспрымае сувязь народа з роднай зямлёй як далучанасць дзяцей да маці: Беларусь разумеецца паэтам як Маці, а беларусы, беларускі народ — як яе дзеці.
Ідэя народнага абуджэння — вобразы змагароў
Жыццё ў беларускім краі сімвалічна перадаецца Янкам Купалам праз вобраз сну — бяздумнага, прыгнечанага, ціхага, пакорнага стану жыцця людзей, калі навакольным падзеям не даецца асэнсавання. Сон сімвалізуе забітасць беларусаў, іх цемнату і бязвольнасць, абыякавасць да грамадскіх з’яў. У многіх вершах прасочваюцца матывы сну народа, сну роднага краю, на фоне якіх «мучыцель» спраўляе баль (напрыклад, у вершы «Над сваёй айчызнай»). Вырашэнне праблемы народнага абуджэння адбываецца ў паэтычным свеце Янкі Купалы і праз стварэнне вобразаў змагароў, людзей, якія ўжо абудзіліся і павінны дапамагчы абудзіцца іншым. Прыклады такіх людзей знаходзім у вершах «Песня вольнага чалавека», «Прарок». Купала стварыў вобразы і абуджаных сялян (напрыклад, у вершы «Спрасоння»). Непакорнасць і ўнутраная сіла змагароў паказваюцца праз кантраст з іх знешняй скаванасцю, закутасцю ў кайданы. Герой верша «Песня вольнага чалавека» смела раскрывае людзям сваё ўнутранае адчуванне волі: «Душой я вольны чалавек, // І гэткім буду цэлы век!». У другім творы знаходзім апісанне ўнутранай сілы героя, якога Купала называе «паслом святла»:
Душа палала дзіўным жарам,
Бы з зораў выснутая ніць,
Што свет магла б сваім пажарам
Абвіць і к сонцу ўваскрасіць (3, с. 83).
Маналог героя да ворагаў, якія асудзілі яго як забойцу, вядуць на вісельню з-за таго, што ён змагаўся за праўду, змешчаны ў вершы «Перад вісельняй». Герой гаворыць, што ён не быў забойцам, а быў ваякам. Гэта тыповы прыклад купалаўскага бунтара, які спакойна пойдзе на смерць, але не здрадзіць сваім перакананням, гэта ідэал самаахвярнага служэння Радзіме, на які свядома і падсвядома павінны арыентавацца ўсе будзіцелі народа.
Змагароў сімвалізуюць вобразы арла і сокала. Арол у міфалогіі — птушка, якая, па словах А. Галана, «суадносіцца з сонцам, або з богам неба, у больш архаічных вераваннях… з’яўлялася «грамавой птушкай», уяўляла сабой бога апраметнай, які падняўся ў неба» [4, c. 232]. У міфалогіях розных народаў свету арол — сімвал нябеснай сілы, агню і бессмяротнасці, увасабленне багоў і іх вястун. Паводле ўяўленняў славян, гэта — цар птушак, старэйшы і самы галоўны сярод іх. Яго «традыцыйна лічылі ўладаром неба; павер’е прыпісвала яму здольнасць наведваць нябесны свет… Арол жыве больш за ўсіх птушак і валодае здольнасцю амаладжэння» [5, c. 390]. У творах Янкі Купалы арол — станоўчы вобраз, гэта птушка, якая імкнецца да прыгажосці, прастору, свабодная і моцная (вершы «Да сваіх думак», «О. М. Пяшчынскаму»). На думку паэта, зваяваныя людзі, «перамогшы усё, узняліся арламі, // Бліскам былі нам, тым бліскам, што гас і не згас!» (2, с. 52).
Сокал надзяляецца некаторай аддаленасцю ад рэальных з’яў жыцця: яму «свету не жаль; // Мілей яму небная даль» (1, с. 169), — заўважае паэт. Разам з гэтым сокал па-сапраўднаму любіць волю (верш «Рвуцца сілы…» і інш.), што адпавядае якасцям купалаўскага змагара. Вобразы сокала і арла сінанімічныя, часам узаемазамяняльныя. Гэта адпавядае фальклорнай традыцыі, згодна з якой Янка Купала называе хлопца сокалам (верш «Да дзяўчатак») або арлом (верш «Ён і яна»), звяртаецца да селяніна: «Саколе!» (верш «На поле тае» і інш.).
У нечым вобраз змагара ў нашаніўскай паэзіі Янкі Купалы адпавядае вобразу рэвалюцыянера ў лірыцы Някрасава. Гэта вобраз ідэальны, адарваны ад паўсядзённасці і падняты над ёю, гэта «чалавек адной думкі і адных пачуццяў, увасабленне надзвычайнай унутранай сабранасці, цэльнасці, маральнай чысціні, узвышанасці памкненняў, самаахвярнага служэння людзям… Лёс рэвалюцыянера — трагічны лёс, але ён зайздросны і жаданы. З непазбыўным цяжкім смуткам спалучаецца захапленне подзвігам рэвалюцыянера, пакланенне перад яго мужнасцю і рашучасцю» [6, c. 41].
Як адзначае Янка Купала, сілы, якія маглі б перамагчы ворагаў і адпаведна палажыць канец жыццёвай няроўнасці і несправядлівасці, маюцца ў беларускім краі, але яны не абуджаныя (верш «Над сваёй айчызнай»), «дрэмлючыя» (верш «Песня і сіла»), «прыспаныя» (верш «Моладзі»). Паэт згадвае барацьбітоў, якія загінулі за народную справу, гаворыць, што іх дзейнасць не была марнай і што іх слава «несмяротная», а іх справы — павінны мець працяг (вершы «Я відзеў душы сільныя…», «Зваяваным», «Перад бурай»). У вершы «Дзе вы?» змяшчаюцца запытанні, куды падзеліся змагары, чаму іх свабодныя песні замёрлі і чаму ў беларускім краі ўсё спіць.
У паэме «На Куццю» князь імкнецца асэнсаваць падзеі ў беларускім краі. Ён высылае трох ганцоў, каб яны абходзілі яго ўладанні і абуджалі людзей. Паэт надзяляе ганцоў сімвалічнымі атрыбутамі, прызначанымі для народнага абуджэння: першы ганец — светлы, нясе светач, другі — падобны на «гром з жывымі перунамі», мае стрэлы і лук, а трэці — з гуслямі, пра яго Купала гаворыць, што ён адначасова «і раб і цар, // І слаб і дуж ва ўсякім дзеле». Ганцы расказваюць князю, што людзі жывыя, але «з вачэй не зняты йшчэ павязкі… // Відны сляды цямрычнай ласкі». Князь адказвае, што народ не памрэ, узнясе пасад на панаванне сваёй краіне.
Рэакцыя сялян на заклікальныя словы прарока паказвае іх душэўную слабасць, меркантыльныя інтарэсы: замест таго, каб унікнуць у сутнасць ідэі, яны спадзяюцца на грошы; адчуванне патрэбнасці пастаяць за ідэю падмяняецца разлікам, што за актыўнасць нехта заплаціць (верш «Прарок»). У вершы «Рвуцца сілы…» выказваецца думка пра марнасць парыванняў энтузіястаў. Паэт не сумняваецца, што змагацца за лепшую долю патрэбна, але ён бачыць і паказвае агульную непадрыхтаванасць да гэтага.
У некаторых творах паэт заклікае людзей да выпрацоўкі неабходных (не толькі на пачатку ХХ стагоддзя) чалавечых якасцей: унутранага адчування волі (верш «Нашто?»), смеласці і моцы (верш «Будзь смелым!..») і інш. Распавядае аб тым, што вольны чалавечы дух створаны «з сонц мільёнаў», «гром, перуны ў руках трымаць, спыняць не слаб» (верш «Чаму?»).
Універсальнай характарыстыкай сапраўднага быцця з’яўляецца паняцце жыццёвай сілы. «Прыватнымі, канкрэтнымі праяўленнямі гэтага актыўнага самаразгортвальнага пачатку выступаюць: сіла зямлі, сіла народа, сіла селяніна, сіла таленту як часцінкі агульнай сілы; і калі яны сапраўдныя, яны заявяць аб сабе, адваююць права на існаванне», — адзначае А. С. Майхровіч [7, с. 94]. Замест слёз патрэбна сіла — сцвярджае Купала ў вершы «Град». А ў вершы «Не чакай…» знаходзім такія радкі: «Павер сіле, толькі сілай // Збудзешся ўсіх мук!» Сімвалічнае значэнне набываюць сялянскія прылады працы — сякера і каса, якія становяцца сімваламі зброі, з якой народ у прызначаны для гэтага час пойдзе змагацца за праўду. У вершы «Перад вісельняй» пры дапамозе вобраза тапара ствараецца метафара народнай помсты крыўдзіцелям. Каса атаясамліваецца з «шаблячкай» (верш «З песень нядолі»), да яе звяртаецца Мужык з паэмы «Адвечная песня»: «І калі ж з табой // Мы, сталёвая, // Здабываць пайдзём // Шчасце новае?».
Лапаць у нашаніўскай паэзіі Янкі Купалы суадносіцца з селянінам, становіцца сімвалам цяжкога паднявольнага жыцця. Пляценне лапцей звязвае селяніна з няволяй (верш «Беларус»). Лапцямі нельга імі шануйце // Цяжкую працу, — // Лапатнік корміць // Пана з палацу». Купала верыць, што некалі лапаць стане «памяткай… // Прышлым народам», і калі дабрабыт і дастатак заменяць лапці на «боты, камашы», то хоць адзін лапаць застанецца ў царкве, і народ пра яго будзе спяваць песні.
Вобразам-сімвалам працы ў творах Янкі Купалы становіцца рука селяніна. Яна сімвалізуе не толькі яго працавітасць і зробленае ім, але і яго сілу. Умелая і здаровая рука ўсё прыводзіць да ладу, яна мазолістая (вершы «Сяўцу», «Ах, ці доўга…»), працавітая (верш «Вясна» («Ой, вясна, ой, вясна!..»).
Паэтызацыя працы, і найперш — дружнай сялянскай працы, нярэдка набывае алегарычнае значэнне. «Ці даждуся кос і песень касцоў // На другой, на вялікай касьбе?..» — задумваецца лірычны герой верша «За касой». Вобраз агульнай, дружнай працы знаходзім у некаторых творах (напрыклад, у вершах «Касьба», «Канюх»). Амаль у кожным выпадку ўжывання вобразаў прылад працы, яны ўспрымаюцца як народная зброя (вершы «Грайце, песні», «З песень нядолі», «Пятровы час», «А ты, браце, спі!» і інш.).
Вобраз грамады ў паэзіі Купалы набывае значэнне агромністай гістарычнай сілы, здольнай аб’яднацца і адстаяць свае чалавечыя правы. У хрэстаматыйным вершы «А хто там ідзе?» паўстае вобраз абуджанай грамады, якая ўключае ў сябе ўсіх беларусаў. Вялікая і дружная, аб’яднаная адзіным намерам «людзьмі звацца», грамада ўсвядоміла сваю бяду і гора, абудзілася ад сну і нясе на паказ усім людзям свету сваю крыўду. Заклік паўстаць грамадою, прачнуцца знаходзім у вершах «Там», «Гэй, наперад!». Паэт асэнсоўвае дзейнасць грамады ў мінулым, згадвае, што калі нехта з грамады гінуў, астатнія ішлі наперад (верш «Касцу»).
Сярод вобразаў абуджаных людзей у нашаніўскай паэзіі Янкі Купалы выдзяляецца вобраз сейбіта. Ён успрымаецца паэтам як чалавек, які цесна звязаны з жыццядайнай сілай зямлі — зернем, хлебам, разумеецца як пачынальнік важнай справы. З сейбітам суадносіцца С. Палуян, якога Купала называе «сявец у родных слоў сяўбе». Сейбіт мае «сваяцтва» з сонцам (верш «З вячэрніх дум»). Кожны чалавек успрымаецца паэтам як сейбіт у тых справах, да якіх ён мае дачыненне: «Чым сяўцоў болей — пасеюць болей, // Болей узойдзе, болей пажнуць» (верш «За пасвяшчэнне, вершык харошы…»). Калі чалавек працуе з радасцю, верай, надзеяй — яго справы даюць плён (паэмы «Яна і я», «Адвечная песня»). У вершы «З песень аб вясне» падкрэсліваецца ўнутраная моц сейбіта: «сіла ў сяўца немалая… // Захоча — і свет пераверне!», Янка Купала верыць, што слава і доля залежаць ад сейбітаў.
Супрацьлеглае апісанне аратага знаходзім у аднайменным вершы — араты стаў гарбатым з-за сваёй працы, хоць яшчэ не стары, яго «ногі, і рукі // Крывыя дрыжаць», ён працуе ўсё жыццё, але нічога не мае, нават не мае хлеба. «З цябе свет багаты, // Ты ж усіх бядней…», — гаворыць паэт аратаму.
Уласную творчасць і творчасць іншых людзей Янка Купала звязвае з вобразам сяўбы (вершы «Жніво», «Памяці Вінцука Марцінкевіча»), а таксама з ёю звязвае і асэнсаванне падзей мінулага, якое дазволіць пачаць «новую сяўбу», новае жыццё (паэма «Магіла льва»). У значэнні ‘пачатак злой справы’ выкарыстоўваецца толькі вобраз сяўбы мучыцеляў, якія імкнуцца «ў путы працоўных закуць» (верш «З песень аб няволі»). У цэлым сяўба — станоўчы вобраз, яна ўспрымаецца як стваральная, галоўная для чалавека праца.
Хай злыдні над намі скрыгочуць зубамі —
Любі сваю ніву, свой край
І, колькі ёсць сілы, да самай магілы}
Ары, барануй, засявай!..
(2, с. 10) — верш «Аратаму».
Сімвалічнае значэнне абуджальнікаў народа набываюць вобразы песняроў, «песні» і музыка якіх аказваюць уздзеянне на людзей. Сутнасць вобраза песняра супадае з антычным вобразам Арфея, героем грэчаскай міфалогіі, імя якога «азначае ‘той, хто лечыць Святлом’… Арфей, як пасля і ўсе геніяльныя паэты, пераводзіў высокія, але адцягненыя ісціны на мову жывых вобразаў» [8, c. 341]. Магічнай сіле спеваў і музыкі Арфея пакараліся не толькі людзі, але і багі, і ўся прырода. Адсюль матывы чароўнай музыкі — паэзіі, якая мае здольнасць да ўнушэння, і вобраз яе выканаўцы — аўтара. У вершах знаходзім разважанні Купалы аб тым, якім павінен быць пясняр («Песняру-беларусу», «Свінапас і стрынатка», «Памяці Шаўчэнкі» і інш.). У вершы «Памяці Т. Шаўчэнкі» адзначаецца, што калі пясняр памірае, то яго песня жыве. Сінанімічнымі вобразу песняра ў нашаніўскай паэзіі Янкі Купалы з’яўляюцца вобразы музыкі (вершы «Жыў музыка Налім…», «Грай жа, музыка…»), гусляра (верш «Гусляр» і адпаведная назва паэтычнага зборніка, паэма «Курган»), дудара (верш «Дудар»), лірніка (верш «Жальцеся, грайкія струны…»), званара (верш «Песня званара») і інш. Музычныя інструменты апяваюць народную нядолю і няволю, закранаюць глыбіні чалавечай душы: баявыя сурмы «завуць змагаць няволі штурмы» (верш «З песень а бітвах»), голас гусляў — моцны, «неўніманы, // Як бы хвалі мора» (верш «Гуслі-самаграі»). З музычных інструментаў лірычны герой абірае сабе жалейку (вершы «Як пайду я, пайду…», «На жалейцы»; назва першага паэтычнага зборніка — «Жалейка»).
Вобразы ворагаў
«Слова «вораг» набыло цяперашняе значэнне як другаснае, а першапачаткова яно было адным з абазначэнняў Чорнага бога», — такое меркаванне выказвае А. Галан [4, c. 197]. (Дарэчы, ад слова «вораг», якое абазначала згаданае боства, утварылася слова «варажыць»). Агульны для міфалогіі ўсіх індаеўрапейскіх народаў міф пра змаганне бога-грамоўніка і яго ворага змея (выгляд якога і мог прымаць Чарнабог) з’яўляецца вытокам вобразаў супрацьлеглых змагарных сіл — сіл дабра і праўды (змагары) і сіл зла, несправядлівасці (ворагі). У славян такім богам-змагаром быў Пярун, а пасля хрысціянізацыі Пярун замяніўся хрысціянскімі святымі і анёламі: грамоўнікамі лічацца Ілля, Юры, архангелы Міхаіл і Гаўрыіл.
Як высвятляецца з даследавання нашаніўскіх вершаў Янкі Купалы, да сваіх ворагаў і нядобразычліўцаў лірычны герой залічвае ўсіх ворагаў свайго народа і сваёй краіны; зло ў жыцці звязвалася ім з вобразам ворагаў, успрымалася як сусветнае зло. Апазіцыя сябар — вораг адпавядае ўніверсальнай апазіцыі святло — цемра. Купала смела і гнеўна выказваў свае думкі праз мастацкую творчасць, выступаў абаронцам свайго народа і свайго краю, адзін на адзін з усімі ворагамі.
Як паэт, які абраў сваёй справай служэнне радзіме і свайму люду, ён адказвае ўсім цікаўным, што не гоніцца за славай, што песні яго не для паноў (вершы «Я не для вас…», «Адповедзь»). Таксама ён выступае ў абарону беларускай мовы. У форме размовы з ворагамі пабудаваны некаторыя асобныя вершы, напрыклад, верш «Блізкім і далёкім», «Слугам алтарным».
Кантраснае адлюстраванне ў творах жыцця багатых і бедных узмацняе разуменне несправядлівасці, выкрывае хцівасць паноў, робіць выразным іх здзек над простым чалавекам. Некаторыя творы пабудаваны на супастаўленні жыцця паноў і сялян (вершы «Якія», «Дужыя і слабыя», «Тут і там», алегарычныя творы «Пчолы і трутні», «Бот і лапаць»). Асаблівым матывам становяцца разуменне і паказ сацыяльнай няроўнасці (напрыклад, у вершах «Спрасоння», «А ты, браце, спі!»).
Аўтар-апавядальнік у вершы «Град» тлумачыць мужыку, што пан абыякавы да жыцця сялян, таму не можа да іх добра адносіцца:
Ці ж знае, чым гора, хто з горам не знаўся?
Паноў такіх добрых няма, брат, нідзе.
Паны толькі могуць гуляці да поту (1, с. 256—257).
Знешні выгляд пана і знешні выгляд селяніна поўнасцю адрозныя, як і іх жыццё. Пан «век цэлы адзеты і сыты, // І з думкай адной, каб пражыць весялей!». Ён спіць у золаце (верш «Лапці»), гуляе, яму «цэлы век свята па свяце», мае шмат зямлі (верш «Так… не…»), у яго ёсць карэта, сытыя коні (верш «Дзе ні вылеці з няволі…») і г. д.
Ды ўсё ж пры такім раскошным жыцці пан жорсткі, злы, бесчалавечны. У вершы «Град» ён фактычна асуджае сялянскую сям’ю на смерць ці на жабрацтва. Яго ўчынак ілюструе панскі «клопат» пра людзей, з працы якіх ён жыве. Купала апісвае, як пан бязлітасна выганяе селяніна з хаты, нягледзячы на тое, што ён за яе заўсёды плаціў (вершы «Гоніш мяне, панічок…», «Вось тут і жыві…»).
У вершы «З песень а бітвах» пан-мучыцель параўноўваецца з шакалам. Каб селяніну (чытачу) было лепш зразумела, Купала тлумачыць, што гэты звер не мае сваёй адвагі і жывіцца з уловаў іншых звяроў. «Ўрагоў нашых рык шакалі» — метафара верша «Нашай долі» (Першай беларускай газеце)».
Служба ў пана цяжкая, пакутная: слуга вымушаны маўчаць, цярпець зневажанні і лаянку. Панская служба — няволя, бо селянін вымушаны рабіць тое, што загадваюць, і так, як загадваюць. Напрыклад, у вершы «Песня жней» знаходзім апісанне бяспраўнай працы на пана: «пан-дабрадзей» надзяліў кожную жняю загонам. За працай жней наглядае «злы аконам», які «ганяе жаць бардзей». За цяжкую, непасільную працу пан справіць дажынкі і дасць гарэлкі — у гэтым праявіцца яго «дабрадзейства». У вершы «На службе» хлопец расказвае пра сваю цяжкую службу ў бязлітаснага, крыважэрнага пана. «Смокча кроў з мяне пан, як змяя, // Ды йшчэ грозіць, што выганіць вон», «у палон мяне звабіўшы свой, // Крыві мала — жыццё б адабраў».
Да паноў Купала залічвае і разбагацелых за чужы кошт: гэта пан, які глядзіць з пагардай на простых людзей, хоць сам некалі гандляваў авечкамі; хцівец, які назбіраў грошай з працэнтаў і пабудаваў фабрыку, на якой працуюць мужыкі, а ён атрымлівае даход; лекар, які, калі ішоў вучыцца, збіраўся дапамагаць бедным, але выйшла іншае — шляхам падману, за нішто абірае простых людзей; ксёндз, які вучыць не грашыць, а сам толькі гэта і робіць; пузаты аканом, які «клёку за капейку // Не мае ў галаве», адчуўшы ўладу, лае людзей, забыўшыся, як пасвіў свіней у іх вёсцы; шляхціц, «марны шэршань», не вітаецца з бяднейшымі за сябе, хоць сам ходзіць у лапцях. Да гэтых асоб лёгка далучаецца і выхадзец з мужыкоў, які, стаўшы старшынёй, па назіраннях народа, «як чорт перамяніўся», пачаў сябраваць з ураднікам і пісарам (верш «І як тут не смяяцца…»). У вершы «Песенька для некаторых маладых людзей» Купала называе адступнікаў, якія вучацца на доктара, банкіра і г. д. і на словах заступаюцца за народ. Паэт гаворыць пра іх: «І кожны сыт будзе, багацце чужою // То крыўдай, то працай размножа… // І ўсе вы, і ўсе вы палкі дармаедаў // Сабой павялічыце — й толькі». Акрамя таго, у форме жыццёвых гісторый пра людзей, якія прыбіліся да паноў, напісаны вершы «Чары» і «Нібы казка».
Чужынцаў, захопнікаў і «апекуноў» Купала залічвае да ворагаў беларускага народа (вершы «Ўсё саюзы…», «Як не выйдуць чарнасотнікі…», «Ісцінна чорнае трыо», «Хаўруснікам», «Чужым», «Апекунам» і інш.), часта ён выкрывае іх злыя намеры і дзейнасць праз мастацкі прыём алегорыі (вершы «Сваякі», «Ігнат і п’яўкі», «Груганы», «Кажух і вата»). Напрыклад, у вершы «Гэй, капайце, далакопы…» ворагі капаюць яміну-магілу, у якой будуць хаваць Беларусь. У некаторых творах міфалагізуюцца Захад і Усход («сілы з усходу і захаду») — вершы «Тае снег…», «Годзе…».
Алюзію на біблейскі сюжэт продажу Хрыста знаходзім у вершы «На рынку»: згадваюцца 30 срэбнікаў Юды, гаворыцца, што за душу беларуса трэба даваць менш, бо ўсё даўно стала танным — «душы і цуды». З абурэннем перадаюцца паводзіны святара: «Адбіваючы тут жа паклоны плашмя, // Нейкі нехрысць крапідлам махае, пяе // Ды шыпіць, як гадзюка, Хрыстова імя, // І за золата гэта імя прадае…» (верш «У бяссонную ноч»). У вершы «Слугам алтарным» паэт прама гаворыць святарам, што яны гандлююць Ісусам і не па-хрысціянску караюць іншадумцаў «Крывёй, крыжамі і пажарам».
Вобраз цара таксама паказваецца крыважэрным, «звыродным». Трэба змагацца, пакуль цар «Крыві ўсяёй не выссаў з вас!», — чытаем у вершы «Там». Цар «бічуе», збірае народныя грошы на вайну (вершы «Што ты спіш?..», «Водклік з 29 кастрычніка 1905 г. у Мінску»). «Хто ж драць будзе, як цар голаў зложа?» — з сумнай іроніяй кажа паэт. Праз вобраз ворагаў скандэнсавана перадаюцца гатоўнасць і здольнасць нажыцца, абабраць, зняважыць. Вобраз захопніка (ворага) у творах Купалы не мае канкрэтнага аблічча, уласцівага літаратурнай традыцыі (напрыклад, воінскім аповесцям пра Батыя, Мамая і інш.), гэты вобраз сумарны, складзены з асобных штрыхоў.
Адпаведнае сімвалічнае значэнне варожасці, адмоўнасці выяўляецца і ў семантыцы некаторых купалаўскіх вобразаў птушак. Груганы наводзяць слёзы сваім крумканнем (верш «Каб я князем быў…»), балююць у час вайны (верш «Вясна 1915-ая»). У вершы «Песні вайны» груган называецца злавешчым, а яго прылёт становіцца дрэннай прыкметай. Ноч «урок, і залом абымае крылом, // Гругановым крылом спавівае» (2, с. 91).
Вобраз гругана ў творах Янкі Купалы мае семантычную сувязь з вобразам ворагаў, якія спраўляюць «з груганамі йгрышчы // На косцях братніх на ўвесь мір!» (1, с. 40). У вершы «Над Нёманам» створаны вобраз «торгу гругановага», які вядзецца за беларускі край (падобнае — і ў вершы «Груганы»). У вершы «Прыяцелі» ідзе размова двух сяброў — гругана і ваўка, якія цешацца, што калі няма войнаў, ёсць пакаранне смерцю, з чаго і можна пракарміцца. А ў вершы «Груган і салавей» груган прапануе салаўю сваяцтва. Салавей дзякуе «за чэсць!» і гаворыць, што хоць яны і птушкі, але груган — драпежнік.
Вобраз каршуна, які забівае птушак і якога таксама могуць забіць, магчыма, сімвалізуе прыгнёт, прыгнятальнікаў народа. Алегарычны верш «Каршун» — пра тое, як зло справядліва пакарана: каршун забіў пеўня ў няроўнай бойцы, а потым зноў збіраўся некага забіць, але прыйшоў стралец і забіў каршуна. У вершы «З песень аб вясне» таксама гаворыцца, што каршун забівае «азябшых птушак», і выказваецца ўпэўненасць: «Загіне з выстралу каршун». Адсюль і пажаданне лірычнага героя ворагам: «Хай крыўдзіцель дрыжыць, як падбіты каршун» (3, с. 152).
Варта адзначыць, што ў славянскай міфалогіі падобныя птушкі (каршун, ястраб, арол, мышалоў, скапа і некаторыя іншыя) аб’ядноўваюцца ў вобраз вялізнай драпежнай птушкі, якая надзяляецца сімволікай бруду і смерці, а таксама ёй надаюцца дэманічныя і агідныя ўласцівасці. У Купалы гэтыя птушкі ўвасабляюць эксплуататарства, суадносяцца з ворагамі беларускага народа і беларускага краю.
У нашаніўскай паэзіі да вобразаў, якія сімвалізуюць жыццё паноў, адносяцца вобразы багацця (золата) і рукі пана. Багацце ўвасабляе злосць, нялюдскасць пана ў адносінах да бедных. Яно ўспрымаецца як зло, якое спараджае зняважлівыя адносіны пана да сялян, абумоўлівае ягоную жорсткасць і абыякавасць да іх жыцця (напрыклад, у вершы «Гоніш мяне, панічок…», паэме «Адплата кахання»). Рука пана становіцца сімвалам зла, яна здольная на забойства (вобраз пана Лаўчынскага і іншыя вобразы паноў у паэмах Янкі Купалы).
Вобраз пана адпавядае вобразу багатага ў біблейскай прытчы пра Лазара Беднага, у якой расказваецца пра жыццё багатага чалавека, які кожны дзень банкетаваў, а ля яго варот ляжаў хворы жабрак Лазар. Памёр Лазар і трапіў у рай. Памёр і багаты, але трапіў у пекла. Аднойчы ўбачыў багаты Лазара і папрасіў Абрагама, каб Лазар зменшыў яго пакуты, ахаладзіў вадой яго язык. «Але Абрагам сказаў: дзіця, згадай, што ты атрымаў ужо добраснае тваё ў жыцці тваім, а Лазар ліхое; і цяпер ён тут, між намі і вамі вялізная прорва, так што тыя, хто хоча перайсці адсюль да вас, не могуць; гэтаксама і адтуль да нас не пераходзяць» (Лк. 16: 19-31) [9, c. 294—295].
Да архетыпа Лазара Беднага, які стаў асновай вобраза мужыка ў беларускай літаратуры, далучаўся вобраз «трэцяга дурня», казачнага героя, вядомага і любімага ў народзе (слушна тлумачыць генезіс вобраза селяніна У. Конан). Менавіта дурань, малодшы сын у сям’і, у канцы казкі заўсёды перамагаў «разумных братоў» і атрымліваў узнагароду.
Варта адзначыць, што вобраз Лазара быў вядомым у сялянскім асяроддзі найперш з Лазаравых песень, якія былі вельмі папулярнымі на беларускай зямлі ў ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Сялянам была блізкай і зразумелай іх галоўная ідэя, звязаная з тым, што пакрыўджаным і прыгнечаным людзям на тым свеце будзе лепш, чым на гэтым. За пакуты і здзекі, вытрыманыя чалавекам у гэтым жыцці, у іншасвеце будзе рай, а багатыя трапяць у пекла. Пад уплывам песень разам з аптымістычнай верай у лепшае жыццё ўзнікалі пакорлівасць і пасіўнасць. Са зменай стагоддзяў настаў новы час, у які беларускаму краю і народу былі патрэбныя іншыя песні. Іх і ствараў Янка Купала.
Супрацьстаянне сімвалічных вобразаў святла і цемры
Паднявольнае жыццё беларусаў паказваецца змрочным. «Плача ў няволі край наш радзімы», — адзначае паэт. Акрамя вобразаў кайданаў, ланцугоў, путаў, якія сімвалізуюць народную няволю, прыгнёт (вершы «З песень нядолі», «Перад вісельняй»), пакутнае жыццё перадаецца праз вобразы ночы, хмар, туману, сцюжы, папаўзухі-завірухі і інш.
У беларускім краі адсутнічае святло: «Цемната // Над светам пануе» (верш «Люлі, люлі, мужычок!»), «сонца жыць баіцца», «зоры шчасця, зоры славы // Не льсняць» (верш «Як тут весела спяваці?»). Аднак, на думку паэта, гэта жыццё перад світаннем (верш «Прад світаннем»). Ноч адухаўляецца — яна туманіць беларускі народ (верш «Валачобнікі» і інш.), царствуе (верш «Жар не згас»), зацягвае людзей «у багну бядноцця» (польскамоўны верш «Беларус»), «засцілае… свет цемнатамі» (верш «Чалавеку»). Для ўзмацнення адмоўнасці вобраза ноч аб’ядноўваецца з падобнымі па эмацыянальнай афарбоўцы вобразамі: з сіверам (верш «Памяці Вінцука Марцінкевіча»), туманам (верш «Ночка») і інш. Цяжкое жыццё Беларусі і беларускага народа ў творах Янкі Купалы сімвалізуюць і вобразы зімы, цемры (вершы «Зіма» («На марозе, на мяцеліцы…»), «Выйдзі…», «Чалавеку» і інш.). Семантыка адмоўнасці, варожасці ўласціва і іншым начным вобразам, якія ў творах паэта ўзмацняюць адчуванне «цемры» жыцця: хаўруснікамі становяцца хмарка і маладзік, калі наганяюць «сум вечны людзям» (верш «Хмарка і маладзік»). Вобраз месяца Купала адносіць да адмоўных вобразаў і таму, што ён звязаны з ноччу, і таму, што ён «не грэе, хоць і свеціць» (верш «Аб мужыцкай долі»). Вобраз хмар набывае амбівалентнасць: яны не толькі злыя, бязлітасныя і могуць «затрэсці хацінай», заціснуць сабой (вершы «Хмары і думы», «Развейся, туман», «Над Нёманам», раздзел «Перад бурай» з «Песень вайны» і інш.), але і нейтральныя: яны сумуюць («Уступ да паэмы»), разумеюць лірычнага героя, спачуваюць яму (верш «З песень беззямельнага»). Нязменна адмоўным з’яўляецца вобраз туману (вершы «Памяці С. Палуяна», «Развейся, туман», «Зваяваным», «Вісельнік» і інш.). Гэтыя і іншыя адмоўныя вобразы выкарыстоўваюцца паэтам для адлюстравання безвыходнасці чалавечага жыцця, фізічных і душэўных пакут: «Думкі, сэрца, паглёд // Абліў лёд, скаваў лёд», — чытаем у вершы «Снег». У некаторых творах адмоўныя вобразы нагрувашчваюцца (росы, цень, зімовы холад, мяцеліцы і інш.), напрыклад, у вершы «З асенніх напеваў».
Паэт адчувае, што настае час змен, час, у які «бітва йдзе сусветна // Між святлом і апраметнай» (верш «Праявы»), час барацьбы паміж сапраўдным і несапраўдным (вершы «Прад світаннем», «На вялікім свеце», «Летняя раніца»). Як ужо адзначалася, у нашаніўскай паэзіі Янкі Купалы сімвалічнае значэнне маюць вобразы буры, паводкі, разводдзя, пад якімі разумеецца змаганне (найбольш выразна гэта адлюстравана ў вершах «Перад бурай», «Паводка»). Сіла паводкі скрышыць усе перашкоды, з ёй паэт звязвае мару пра лепшую будучыню беларусаў (верш «Паводка»). Супрацьстаянне вобразаў святла (галоўным з якіх з’яўляецца вобраз сонца) і вобразаў цемры, выразна выяўленае ў нашаніўскай паэзіі Янкі Купалы, адпавядала і сімвалічна адлюстроўвала рэвалюцыйныя памкненні паэта, веру ў тое, што жыццё беларусаў і беларускага краю зменіцца да лепшага, напоўніцца святлом.
Значнасць вобраза сонца ў беларускай літаратуры, гэтаксама як і ў сусветнай літаратуры ў цэлым, вынікае з міфалагічнай традыцыі. Славянскі культ сонца (уяўленні пра сонечных багоў Дажбога, Хорса, Ярылу і Агня Сварожыча) адпавядае індаеўрапейскім уяўленням пра бога сонца, які быў не толькі «будучым абнавіцелем свету, але і ўладаром шчаслівай краіны, дзе сацыяльнага зла ўжо няма, адсутнічаюць нястачы, прыгнёт, войны, пануюць дабрачыннасць, мудрасць і справядлівасць». З усіх прыродных стыхій славяне больш за ўсё любілі сонца. Яны называлі яго святым, праведным, чыстым і светлым. Сонца лічылася добрым і справядлівым абаронцам слабых і прыгнечаных. Паводле даследчыка Д. Дудко, славянскія салярныя міфы леглі ў аснову фальклорных вобразаў (казачныя тры браты, купальскі Ян і інш.), аказалі ўплыў на прыпадабненне Хрыста да сонца. Пры гэтым трэба ўлічваць, што «індаеўрапейскі бог сонца — не лагодны і пакорны пакутнік за праўду, а яе абаронца, моцны і смелы ваяр» [10, с. 150]. Такімі, напрыклад, уяўляліся Мітра, Вішну, Апалон.
У Купалы сонца становіцца галоўным вобразам, які ўвасабляе святло. Прыход сонца павінен прынесці абнаўленне ў жыццё, перамагчы сацыяльную несправядлівасць, якую сімвалізуюць адмоўныя вобразы цемры (думку аб тым, што сонца пераможа хмары, знаходзім, напрыклад, у вершы «Не ўздыхай»).
У творах паэта нам не сустрэлася атаясамліванне сонца з боствам або з боствам-ваяром. Між тым у іх часта паказваюцца стваральная дзейнасць і моц сонца: яно можа сваім агнём знішчыць ланцугі «па ўсёй чыста зямлі» (верш «За свабоду сваю…»). Штодзённая праца сонца адлюстравана ў вершы «Захад сонца», у якім Купала просіць яго «распаліць агні // Веры ў будучнасць», аднавіць краіну і народ (верш «Песня сонцу»). Найчасцей сонца сімвалізуе волю. У вершах «З песень нядолі», «На старую ноту», «Песня вольнага чалавека», «Касьба», «Жальцеся, грайкія струны…» прасочваецца купалаўскі матыў аб тым, што «воля сонейку раўня». Увогуле, сонца атаясамліваецца паэтам з рознымі станоўчымі вобразамі: з доляй-радасцяй (верш «Захад сонца»), праўдай (верш «Можна…»), вясной (верш «Засвяціла цяпло…»). Толькі аднойчы сустракаем вобраз сонечнага шляху (верш «Летам»): «А на небе след цярэбе // Сабе сонца залаты, // Свеціць, грэе долы, горы, // Ў сэрцы шле агонь святы», які непасрэдна пераклікаецца з міфалагічнымі ўяўленнямі. У вершы «Цару неба й зямлі» знаходзім думку аб тым, што Бог глядзіць на сусвет «вачамі сонейка і зор агністых». Слова «сонца» Янка Купала выкарыстоўвае як лозунг, які заклікае да барацьбы (вершы «Песня-байка», «Там» і інш.). Менавіта да сонца павінен выйсці з беспрасвецця народ (верш «Пойдзем…»). У вершы «Знямога» вобраз Сонца міфалагізуецца — яно плача над планетай з прычыны таго, што на Зямлі людзям жывецца цяжка. У вершы, акрамя сонца, апісваюцца дзеянні Хаосу і цемры. Супрацьстаянне вобразаў святла і цемры ў навакольным жыцці адлюстравана ў многіх творах (вершы «Вясенняя раніца», «Знямога», «На вялікім свеце…», «К зорам» і інш.).
Адпавядае славянскім міфалагічным уяўленням і разуменне амбівалентнай сутнасці сонца: яно мае светлую і цёмную іпастасі, прыносіць на Зямлю не толькі святло і цяпло, але і бедствы. У паэтычнай спадчыне Янкі Купалы гэта адлюстравана: сонца пяшчотнае (верш «Грайце, песні»), жыццядайнае (верш «Ці ты ўзойдзеш калі, сонца?») або нячулае (паэма «Зімою»), разбуральнае (верш «Спёка»). У адным з вершаў адбываецца нават накладанне вобразаў сонца і злыбяды, што ў кантэксце твора абазначае бязлітаснасць і нячуласць сонца (верш «Грымну я, грымну па струнах бунтарных…»). Даследчык Д. Дудко прыводзіць версію аб тым, з чаго магло ўзнікнуць уяўленне аб разбуральнасці сонца: паводле славянскай міфалогіі, ноччу сонца «знаходзіцца ў падзем’і, дзе рухаецца да месца ўсходу. Таму сонечны бог часам становіцца змрочным, смертаносным, нават жорсткім. Аднак добрыя, светлыя рысы ў ім усё ж пераважаюць» [10, с. 151].
Расу Янка Купала ўспрымае як слёзы сялян (верш «На добры стары лад») або як кроў (у няскончанай паэме «Гарыслава» раса чырвоная). Атаясамліванне вобразаў слёз і расы ілюструе вобраз слёзы-росы ў вершы «Памяці Мар’і Канапніцкай». Раса выкарыстоўваецца для абазначэння пакут. Селянін не спадзяецца на хуткае змяненне жыцця: «Пакуль сонца ўзыйдзе, // Раса выесць вочы» (верш «На старую ноту»). У прыведзеных радках Янка Купала змясціў прыказку («Пакуль сонца ўзыйдзе, раса вочы выесць»), крыху памяняўшы ў ёй парадак слоў, з якой і быў утвораны беларускі фразеалагізм «раса вочы выядае», які мае значэнне ‘хто-небудзь нешчаслівы, жыве ў горы, нядолі’ [11, с. 263—264]. На нашу думку, тлумачэнне семантыкі гэтага фразеалагізма ‘надакучаць бясконца’, якое прапануюць аўтары «Слоўніка мовы Янкі Купалы» (у 8 т.), з’яўляецца памылковым. Матыў, звязаны з тым, што «начная раса выесць вочы» з прычыны адсутнасці сонца, знаходзім і ў вершы «На беларускую выдавецкую суполку «Загляне сонца і ў наша аконца». А ў вершы «Касьба» вобразы расы і касы ўжываюцца побач: «Махай дружна касой, пакуль згіне раса — // Куй жалеза, пакуль не астыне яно!». Паэтычнае выкарыстанне прыказкі ўзмацняе заклікальны падтэкст верша. Любая справа павінна рабіцца ў час. Раса павінна згінуць, калі ўзыдзе сонца, яго святло ачысціць жыццё ад цемры.
Вобраз зорак (больш паэтычны, узнёслы варыянт — вобраз зораў, утрымлівае ў сабе семантычную няпэўнасць, выкліканую тым, што не заўсёды магчыма выявіць з твора, ад якога слова ўтвораны гэты вобраз — зорка або зара, і адпаведна — што ён абазначае. Такая ж «двайная» семантыка вобраза зораў сустракаецца і ў творчасці іншых беларускіх паэтаў, напрыклад, у паэзіі Я. Янішчыц) у Янкі Купалы не мае выразнага сімвалічнага значэння: у творах згадваюцца міфалагічныя ўяўленні аб тым, што кожны чалавек мае сваю зорку на небе, якая свеціць яму на працягу яго жыцця (вершы «Лірнік вясковы», «Зоркі»). У вершы «Зоркі» паэт разгортвае гэтую міфалагічную ідэю — лірычны герой верша бачыць на небе не толькі сваю зорку і зоркі сваіх бацькоў, але і зорку роднай зямлі. Ён адзначае, што зорка бацькі згасла, зорка маці «звольна губляе бліск», ягоная зорка «сумнаю мглой спавілася», і толькі зорка роднага краю «лепей міргае». Такім чынам, адлюстроўваецца думка, што мара пра лепшую будучыню радзімы збываецца.
Янка Купала зоркі называе «кветкамі нябеснымі» (верш «Вячэрняя малітва»), яны могуць заглянуць у душу лірычнага героя і зразумець яго (верш «Думкі перад вясной»), яны ажыўляюць, вабяць надзеяй, аклікаюць пакутнікаў-сялян (вершы «Усе разам», «Прад світаннем», «Брату-беларусу»), да іх звяртаюцца з малітвай язычнікі, каб аберагчыся ад чужынцаў («Урывак з паэмы»). Зоркай яснай, якая абуджае, свеціць, называе паэт выдавецкую суполку «Загляне сонца і ў наша аконца». Беларускую ідэю (беларускую думку) Янка Купала ўспрымае таксама ў вобразе зоркі (верш «Блізкім і далёкім»). Галоўная чалавечая мэта, чалавечая патрэба ў вершы «К зорам» перадаецца як імкненне да зорак, імкненне ўверх. Узнікае метафара, у якой суадносяцца вобразы зорак і сяўбы: зоры «разгараюцца // Льсніста ў мільённай па небе сяўбе». Вобраз волі ўспрымаецца як вобраз «ясназоркі волі» (верш «Сумна, сумна жыць на свеце…»), для яго стварэння паэт спалучае вобразы сонца і зоркі. У выніку вобраз «ясназоркі волі», створаны накладаннем гэтых двух вобразаў святла, набывае новыя, больш магутныя якасці:
Дык завабма ў нашы сеці
Ясназорку волю,
Што людзям, як сонца, свеціць
Ў радасным прыволлю (1, 151).
Як адзін з варыянтаў матыву пра ўсход сонца, чаканне гэтага ўсходу ў вершы «Што ты спіш?..» выказваецца думка аб тым, што ў жыцці адбываюцца змены — усходзіць «зорка праўды святой», яна «няволю-бяду // Сваёй зніме рукой!».
У творах Янкі Купалы сімвалам народнага абуджэння становіцца паходня. Яе нясуць людзі, якія самі абудзіліся і сталі духоўнымі настаўнікамі для іншых (верш «А ты, браце, спі!»). Паходня суадносіцца з сонцам (верш «Прыстаў я жыць…»), з ёй звязваецца ўяўленне пра незнішчальную моц святла: «Бо, калі гасне паходня старая, — // Новую заўтра распаліць народ», — чытаем у вершы «Песня мая». У некаторых творах можна знайсці заклік аб тым, каб чалавек браў паходню (светач) і ішоў адстойваць свае правы (вершы «А ты, браце, спі!», «Моладзі»).
Вобраз сэрца, у якім гарыць агонь, сімвалізуе абуджанага чалавека: загасла сэрца маладога паэта С. Палуяна, якое «прыветна біла зорам, яснаце, // Як толькі душ вялікіх б’ецца», — чытаем у вершы «Памяці С. Палуяна». Купала лічыць, што агнём трэба запаліць сэрца (вершы «У купальскую ноч», «За праўду»), верыць, што жар не згас у сэрцах беларусаў:
Ў сэрцах нашых жар не згас —
Бухне ў свет калісь яскрава,
Бо наперадзе йшчэ ў нас
Барацьба, жыццё і слава! (3, с. 173, верш «Жар не згас»).
Вобраз сэрца як паходні сустракаем у драматызаванай паэме «Сон на кургане», у якой старац заклікае людзей ісці са сваімі «падпаленымі» сэрцамі шукаць праўды. Спалучэнне названых сімвалічных вобразаў сэрца і агню станавілася на пачатку ХХ стагоддзя літаратурнай традыцыяй (згадаем, напрыклад, вобраз Данка ў рускай літаратуры і інш.).
Як неаднаразова адзначалася даследчыкамі, адраджэнне радзімы ў нашаніўскай творчасці Янкі Купалы сімвалізуе вясна. З ёй звязваецца мара пра тое, што вясна людское гора «пахавае ў рацэ, спале сонца агнём» (верш «Засвяціла цяпло…»), што з прадчуваннем прыходу вясны ўзнікае патрэба «прачнуцца» (верш «На полі тае»). Вясна ўспрымаецца паэтам як свята абнаўлення жыцця, найбольш яскрава гэта відаць у вершы «Вялікдзень», дзе Купала апісвае «спатканне вялікіх двух святаў» — прыход вясны і ўваскрэсенне Хрыста. Матыў «вясна зменіць нам зіму» сустракаецца ў многіх творах (вершы «Выйдзі…», «Яшчэ прыйдзе вясна», «Тае снег…», «Як не выйдуць чарнасотнікі…», «Водклік з 29 кастрычніка 1905 г. у Мінску» і інш.). Купала лічыць, што з прыходам вясны асвеціцца ўсё навокал і нават просты селянін адчуе, што ён чалавек.
У некаторых вершах праяўляецца расчараванне паэта з-за адчування кантраснасці абуджэння ў прыродзе і нязменнай пасіўнасці ў жыцці сялян, іх «сну» (вершы «Не для нас…», «З вясной», «Ідзе вясна»). Часам светлая будучыня беларускага краю перадаецца праз вобраз зары (вершы «Не ўздыхай», «Ужо днее»). У вершы «Маладая Беларусь» («Гэй, ты, гэй, Беларусь, маладая старонка…»), напісаным у форме размовы паэта з будучай вольнай Беларуссю, Купала расказвае пра яе славу, як краіна «ўзышла, расцвіла непагаслай зарой». Падобны малюнак, створаны ўяўленнем паэта, назіраем і ў вершы «Беларушчына». Калі вобраз сонца і іншыя вобразы святла ў нашаніўскай паэзіі Янкі Купалы найперш адлюстроўваюць ідэю змагання, паўстаюць як змагарныя сілы, наяўныя ў прыродзе, купалаўскі вобраз вясны раскрывае вынік змагарнай «дзейнасці» вобразаў святла, успрымаецца як ідэал новага, шчаслівага жыцця, да якога неабходна імкнуцца людзям, у аснову вобраза вясны пакладзены архетып «залатога часу».
Такім чынам, галоўнай ідэйнай асновай нашаніўскай паэзіі Янкі Купалы становіцца ідэя нацыянальнага вызвалення, адраджэння радзімы. Спалучэнне міфа і гісторыі выяўляецца найперш праз стварэнне вобразаў супрацьлеглых сіл — сіл дабра і праўды (змагары) і сіл зла, несправядлівасці (ворагі), якія генетычна ўзыходзяць да міфа пра змаганне бога-грамоўніка і змея, чаму адпавядае і паэтычнае выяўленне гэтай ідэі ў вобразах супрацьстаяння святла і цемры.
* * *
Класіка не падуладна часу, бо ў ёй закладзены магчымасці развіцця мастацкай культуры як пэўнага рэгіёна, так і краіны, свету. Новы погляд на творы класікаў з улікам сімвалічнай глыбіні мастацкіх вобразаў дазваляе раскрыць глабальныя архетыпы, а гэта ў сваю чаргу стварае магчымасць для вызначэння важнейшых асаблівасцей нацыянальнага менталітэту і нацыянальных літаратурных традыцый. Сёння надзвычай актуальна новае асэнсаванне класічных твораў, данясенне іх да маладых пакаленняў чытачоў. На пераходзе стагоддзяў «істотна змянілася духоўная структура асобы: цэласнае мастацкае сузіранне ўступае сваё месца аналітычнаму, аднабока рацыяналістычнаму, аперацыйнаму мысленню, не здольнаму ствараць і адэкватна ўспрымаць мастацкія вобразы. Свет чалавечых пачуццяў збядняецца і дэфармуецца. Да таго ж тэмп жыцця ў наш век машын і аўтаматаў няспынна паскараецца, як бы «знімаючы» ў чалавечым існаванні каардынаты прасторы і часу і руйнуючы сузіранне і роздум» [12, с. 55]. Таму, як ніколі, важна вяртанне сапраўдных чалавечых каштоўнасцей, узнаўленне забытых ведаў і традыцый.
Літаратура
- Купала, Я. Поўны збор твораў: у 9 т. / Я. Купала. — Мінск: Маст. літ., 1995—1999. — 9 т. Тут і далей цытаты з мастацкіх тэкстаў падаюцца ў круглых дужках з пазначэннем адпаведнага тома і старонкі.
- Юнг, К. Г. Психоанализ и искусство / К. Г. Юнг, Э. Нойманн. — М.: REFL-book; К.: Ваклер, 1996. — 304 с.
- Кавалёва, Р. М. Тэма мацярынства і бацькоўства ў беларускіх прыказках / Р. М. Кавалёва // Мова — літаратура — культура: матэрыялы ІІІ Міжнар. навук. канф., прысв. 120-годдзю з дня нар. Янкі Купалы і Якуба Коласа, Мінск, 27—28вер. 2002г.; рэдкал.: З. І. Бадзевіч [і інш.]: у 2 т. — Мінск: БДУ, 2002. — Т. 1.— С. 147—153.
- Голан, А. Миф и символ / А. Голан. — М.: РУССЛИТ, 1994. — 375 с.
- Шапарова, Н. С. Краткая энциклопедия славянской мифологии / Н. С. Шапарова. — М.: ООО «Изд-во АСТ»: ООО «Изд-во Астрель»: ООО «Русские словари», 2001. — 624 с.
- Корман, Б. О. Лирика Некрасова. / Б. О. Корман. — 2-е изд., перераб. и доп. — Ижевск: Изд-во «УДМУРТИЯ», 1978. — 299 с.
- Майхрович, А. С. Янка Купала и Якуб Колас: вопросы мировоззрения / А. С. Майхрович. — Минск: Наука и техника, 1982. — 244 с.
- Шамякіна, Т. І. Міфалогія Беларусі (нарысы) / Т. І. Шамякіна. — Мінск: Маст. літ., 2000. — 400 с.
- Конан, У. Выбранае / У. Конан. — Мінск: Смэлтак, 2009. — 535 с.
- Матерь Лада. Божественное родословие славян. Языческий пантеон. — М.: Изд-во Эксмо, 2003. — 432 с.
- Лепешаў, І. Я. Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы: у 2 т. / І. Я. Лепешаў. — Мінск: БелЭн, 1993. — Т. 2. — 607 с.
- Конан, У. М. Ля вытокаў самапазнання: Станаўленне духоўных каштоўнасцей у святле фальклору / У. М. Конан. — Мінск: Маст. літ., 1989. — 237 с.
Г. М. Мятліцкая,
кандыдат філалагічных навук
Крыніца першапублікацыі: Мятліцкая, Г. Міф і гісторыя ў паэзіі Янкі Купалы (нашаніўскі перыяд) / Г. Мятліцкая // Полымя. — 2006. — № 7. — С. 139—154.