Васіль Быкаў з’явіўся на гэты свет 19 чэрвеня 1924 года. Ён меў шанцаванне і, відаць, Боскую апеку: 97 % з тых, хто нарадзіўся ў 24-м, загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і не дачакаліся Дня Перамогі. “Я належу да забітага пакалення”, — казаў пісьменнік, і лічыў так менавіта таму, што ледзь не ўсе 18—20-гадовыя хлопцы, народжаныя ў 1922—1925 гг., склалі свае галовы ў кровапралітным змаганні з фашызмам, жывымі засталіся лічаныя: паводле статыстыкі, толькі трое з кожнай сотні чалавек.
З пачаткам вайны В. Быкаў быў мабілізаваны на абаронную працу. Пасля зведаў горыч адступлення па пыльных дарогах на ўсход. Запомнілася і вось што: “На ўскраіне Глухава адна чарнакосая ўкраінка падбегла і пацалавала мяне — то быў першы хвалюючы дзявочы пацалунак у маім жыцці” (“Доўгая дарога дадому”).
Пагоны малодшага лейтэнанта ён атрымаў увосень 1943 г. і быў адпраўлены на фронт. Удзельнічаў у вызваленні Украіны. Пісьменнік згадваў: “Я трапіў у звычайны стралковы полк, камандзірам стралковага ўзвода. Сёлы ўсе разбітыя, баі за кожны пагорак, за кожную балку… Ахвяры страшэнныя. Пяхоту выбівалі спрэс… Зноў бой і агонь — выбухі мін, танкавыя стрэлы з абодвух бакоў”. В. Быкаў шмат чаго пабачыў на вайне: выбухі, якія бязлітасна шкамуталі зямлю, гібель людзей, салдацкую мужнасць і адвагу, няўдалыя наступленні…
У франтавых умовах В. Быкаў не думаў, што будзе пісьменнікам. Ён гаварыў: “На вайне і нейкі час нават пасля яе не толькі пісаць, але і чытаць аб ёй не хацелася”. Можна зразумець чалавека, жыццё якога пакалечыла і абпаліла ваеннае ліха. Спатрэбіўся час, каб В. Быкаў усвядоміў, што мае права сказаць праўдзівае слова пра ўбачанае і перажытае на вайне.
Пісьменнік у сваёй канцэпцыі вайны ішоў ад гуманістычнага разумення праблемы жыцця і смерці. В. Быкаў разам са сваім героямі не прымае яе антычалавечую сутнасць. Ён пераканальна паказаў, што вайна — анамальная з’ява, надзвычайная па сваім трагізме падзея, і гэтак, як і Э. Хемінгуэй, даводзіў, што “вайна — бардак”. У экстрэмальнай і небяспечнай сітуацыі, калі ідзе паляванне чалавека на чалавека, выпрабоўвае сваіх герояў пісьменнік у аповесці “Альпійская балада” (1963). Уцекачы з канцлагера беларус Іван Цярэшка і італьянка Джулія — фізічна знямоглыя людзі, але моцныя духам. Яны захавалі ў сабе лепшыя чалавечыя якасці. Пісьменнік адчувальна пераводзіць дзеянне ў рамантычны план, калі паэтызуе пачуцці Івана і Джуліі. Каханне зацепліла ў іх сэрцах надзею на жыццё і выратаванне. Аднак рэальныя абставіны заганяюць уцекачоў у безвыходна-тупіковае становішча — і яны апынуліся над безданню смерці. Спазнаўшы лагерныя жахі, вар’яцкую дзікасць вайны, воля для быкаўскіх герояў вышэй за ўсё. Іван Цярэшка самаахвярна ратуе сваю спадарожніцу, якую пакахаў. Спадзеючыся на яе паратунак, штурхае Джулію ў прорву, абы каб толькі дзяўчына не патрапіла на глум і здзек да ворагаў. В. Быкаў у ранейшых творах яскрава паказаў, як вайна калечыць і разбурае чалавечую прыроду. У “Альпійскай баладзе” ён з маральным максімалізмам імкнецца сцвердзіць, што ніякія жорсткія абставіны не здольны знішчыць, вытруціць у чалавеку чалавечае, высокае. Пісьменнік, выкрываючы злавеснае і пачварнае аблічча фашызму, у супрацьвагу вылучае духоўны, гуманны пачатак свету. Застацца чалавекам — у гэтым маральны імператыў В. Быкава.
У пісьменніка ўмацавалася перакананнне ў правільнасці абранага шляху. Ён так сфармуляваў сваю мастакоўскую задачу: “Выкрыццё зла ва ўсіх яго формах і паказ дабра, якое выяўляецца ў велічы чалавечага духу”. Пісьменнік лічыў, што ў паказе вайны трэба быць да канца сумленным і бескампрамісным. У адлюстраванні складанага і супярэчлівага мінулага ён паслядоўна прытрымліваўся прынцыпаў рэалізму. Ён пераканаўся, што неабходна “расказваць… усю праўду пра вайну, якой бы страшнай і трагічнай ні была гэтая праўда”. В. Быкаў даводзіў, што трэба памятаць “горкі смак перамогі”, сумныя вынікі гісторыі. Ён, у прыватнасці, пісаў: “Убачым пра сябе праўду. Нават непрывабную. Праўда ў гісторыі — функцыя адназначная, з яе робяць урокі. З хлусні ніякіх урокаў не зробіш, апроч новай хлусні”. На матэрыяле ваеннага часу ён імкнуўся стварыць сюжэты і канфлікты ўніверсальна значнага характару, каб у выніку адказаць на складаныя маральныя пытанні быцця.
Вайна і каханне, здавалася б, рэчы несумяшчальныя. У аповесці “Пакахай мяне, салдацік” (1996) В. Быкаў паказвае, як гэта светлае, прыгожае чалавечае пачуццё нараджаецца насуперак варожасці і жорсткасці навакольнага свету. Ім, лейтэнанту Змітраку Барэйку і беларускай дзяўчыне Франі, было суджана сустрэцца незадоўга да Вялікай Перамогі на чужой зямлі. “Дзіўна, але менавіта вайна звяла нас тут, наводдалі ад радзімы, сярод альпійскае прыгажосці. Як бы і не развяла таксама”, — думаецца Барэйку, які родам з Бешанковічаў. Ён прыйшоў у невялікі аўстрыйскі гарадок у шэрагу савецкіх салдат-вызваліцеляў, Франя апынулася ў Нямеччыне на паднявольнай працы. Хлопец закахаўся: маладзенькая дзяўчына захапіла яго сваёй прыгажосцю, дапытлівым розумам. Франя многае зведала і перажыла, пакуль апынулася ў Германіі. Бацька яе загінуў падчас рэпрэсій, маці павесілі гітлераўцы. Яна, сірата, распавядае Змітраку пра жахі акупацыі, партызаншчыну, пра тое, як не пажадала трываць нахабных прыставанняў камандзіраў, не пагадзілася з бяздумнымі загадамі. Пачуццё ўласнай годнасці і сумлення падштурхнулі яе да ўцёкаў. Наіўныя спадзяванні, што “ў Нямеччыне цішэй будзе”, не спраўдзіліся. Ёй прагнецца іншага жыцця, вартага чалавека і пазбаўленага зла, непрымірымасці, нянавісці. Але, па словах пісьменніка, “вайна — бадай, скрозь чалавечае няшчасце”.
Франя пераканалася ў тым, што і сярод немцаў ёсць людзі, якія ненавідзяць фашыстаў і маюць у сэрцы дабрыню. Такімі прыстойнымі і спагадлівымі людзьмі паўстаюць прафесар біялогіі Шарф і яго жонка фрау Сабіна, у доме якіх маладзенькая дзяўчына працуе служанкай. Быкаўская гераіня некалі была “ваяўнічаю атэісткай”, аднак на чужыне прыйшла да веры ў Бога, якая зрабілася яе глыбокім перакананнем і спаталяла надзею на лепшае. Згадваючы жахлівае мінулае, дзе “рэлігіяй была жорсткасць, непрымірымасць”, Франя адкрыла для сябе, што галоўнае ў чалавечым жыцці: “Чалавечнасць, во што. Тое, што ідзе ад Бога, а не ад д’ябла… Але ці магчыма без Бога жыць? Ніводзін народ, нават самы адсталы, не жыве без Бога. Мабыць, гэта немагчыма. Без Бога ён проста сам сябе з’есць”. Пісьменнік вуснамі сваёй гераіні, “нягледзячы на ўсё жахлівае на зямлі”, сцвярджае духоўна-хрысціянскі пачатак у існаванні грамадства і чалавецтва. Вайна ж разбурае ў чалавеку ўсё светлае, прыгожае, боскае. Яна нясе здзічэнне, ператварае нярэдка людзей у звяроў, жорсткіх забойцаў. Невыпадкова Л. Талстой гаварыў, што вайна — “страшная справа”, “самая брыдкая справа ў жыцці”. І таму нават “на парозе міру” немагчыма было чакаць толькі высокамаральных паводзінаў і ўчынкаў. Нявіннымі ахвярамі сталі мірныя людзі — беларуская дзяўчына Франя і яе старыя гаспадары. Гвалтоўная смерць каханай дзяўчыны выклікае ў Змітрака Барэйкі шок, ён агаломшаны, бязлітасна ўкрыжаваны найвялікшым горам — “тут жа маленькае юнае дзяўчо, маё нечаканае каханне”. Пісьменнік выразна раскрывае яго цяжкі псіхічны стан: “…Сядзеў так, глядзеў, аглядаў яе мёртвы тварык і не ведаў, што мне рабіць — плакаць ці, можа, крычаць? Дужа карцела выць і крычаць. Але хто мог пачуць мой крык, зразумець здзічэлы мой боль? Страшэнную несправядлівасць гэтай пагібелі? Вайны ці жыцця наогул…” Плынь аповеду ад імя героя заваблівае чытача ў атмасферу шчырай даверлівасці і стварае ўражанне дакументальнай пераканальнасці. Пісьменнік вуснамі Змітрака Барэйкі выкрывае сапраўднае аблічча вайны. На жаль, надаралася, што асобныя салдаты-вызваліцелі таксама гублялі разважлівасць, чалавечую міласэрнасць, былі аслеплыя ў сваёй жорсткасці і нянавісці. Балявы шок і адчай у душы Змітрака Барэйкі перарастаюць у гнеўны пратэст супраць забойцаў, нелюдзяў, і для яго не важна, “хто б яны ні былі — нашыя ці немцы…”. Здарылася жахлівая і непапраўная трагедыя, якая сведчыць пра звыродлівую, антычалавечую сутнасць ваеннага часу. Вайна — вар’яцтва і здзічэнне, гвалт і забойствы, злачынствы супраць мірнага насельніцтва, яна нясе вялікія страты і пакуты, адбірае самае дарагое — каханне і шчасце. Пераможныя дні ператварыліся для быкаўскага героя ў “чорнае свята бяды”. Змітрок Барэйка ў абсурдна-жорсткім свеце раптоўна губляе ўпэўненасць у сабе, для яго ў гэтыя цяжкія хвіліны абясцэніўся сэнс жыцця. Аповесць “Пакахай мяне, салдацік” — лірычная трагедыя, у якой канфлікт героя з ваеннай рэчаіснасцю дасягае псіхалагічнай напружанасці і экзістэнцыяльнай вастрыні. Быкаўскі твор прасякнуты болем за чалавека, яго зломны, скалечаны лёс і адначасова напоўнены пафасам асуджэння вайны.
Праўдзівая гісторыя вайны складаецца з многіх падзей, эпізодаў і фрагментаў. І кожны з іх, нават самы трагічны ці супярэчлівы, мае каштоўнасць дзеля стварэння агульнай карціны таго часу. Тэма ваеннага мінулага набыла ў творчасці В. Быкава 1990-х гг. новыя трагічныя аспекты адлюстравання. Празаік выкрывае вайну як найвялікшае, абсалютнае зло, паказвае складаныя падзеі таго часу, калі чалавек робіцца ахвярай непрадказальных, безвыходных абставінаў і яму неймаверна цяжка, а то і немагчыма супрацьстаяць рэальнасці, дзе льецца кроў (у тым ліку бязвінная кроў мірных жыхароў), пануюць гвалт і жах. У антаганістычнай непрымірымасці В. Быкаў зноў і зноў сутыкае жыццё і смерць, чалавечнасць і жорсткасць, прыгожае і звыродлівае. Сутнасць падзей мінулага, учынкаў сваіх герояў ён раскрывае з выразных этычных пазіцый, пры гэтым асэнсоўвае важныя філасофска-гуманістычныя пытанні — вайны і самакаштоўнасці жыцця, бесчалавечнасці абставінаў і маральнага выбару, абсурднасці навакольнай рэчаіснасці і сапраўднага сэнсу існавання.
Пісьменнік Андрэй Бітаў сказаў: “Быкаў упісаны ў сусветную літаратуру назаўсёды, навечна, і ні з кім не параўнальны. Ён найлепшы пісьменнік аб самай важнай падзеі рускай і беларускай гісторыі ХХ стагоддзя — вайне”.
А. І. Бельскі,
доктар філалагічных навук
Крыніца публікацыі: Бельскі, А. Класікі і сучаснікі ў школе: дапам для настаўнікаў / А. Бельскі. — Мінск: Аверсэв, 2005. — С. 128—157 (друкуюцца фрагменты артыкула “Васіль Быкаў”).