Рускі крытык Яўген Асятроў, называючы ХХ стагоддзе «векам паэзіі», піша: «На зыходзе дваццатага стагоддзя ўсё яшчэ цяжка маляваць закончаную карціну руху паэтычнага слова… Навокал мноства імёнаў… Як жа адрозніць воблік, твар, маску? Бо каб зразумець паэта, трэба прайсці яго шлях». Тое ж самае мы канстатуем і пры падыходзе да беларускай паэзіі ХХ стагоддзя: яшчэ трэба не адзін раз перачытаць і па магчымасці аб’ектыўна асэнсаваць літаратурную спадчыну многіх і многіх аўтараў.
Паэт свайго часу
Без творчасцi Петруся Броўкi немагчыма ўявiць шляхi i тэндэнцыi развiцця беларускай паэзii, увогуле гiсторыю ўсёй нашай нацыянальнай лiтаратуры ХХ стагоддзя. У савецкi час П. Броўка быў шырокапрызнаны пiсьменнiк: яму былi нададзены званнi народнага паэта Беларусi (1962), заслужанага дзеяча навукi Беларускай ССР (1975), прысвоена званнне Героя Сацыялiстычнай Працы, ён стаў акадэмiкам Акадэмii навук БССР, лаўрэатам самай высокай у былым СССР Ленiнскай прэмii, а таксама неаднаразова адзначаны Дзяржаўнымi прэмiямi СССР i БССР. П. Броўка займаў адказныя пасады ў пiсьменнiцкiх саюзах — у СП БССР быў старшынёй праўлення, а СП СССР — сакратаром праўлення. Шмат гадоў П. Броўка ўзначальваў выдавецтва Беларускай Савецкай Энцыклапедыi (БелСЭ), якое стваралася пры яго непасрэдным удзеле i з’явiлася значнай падзеяй у духоўна-культурным жыццi рэспублiкi (цяпер “Беларуская Энцыклапедыя” носiць iмя паэта).
Нарадзiўся Пятрусь Усцінавіч Броўка на Ушаччыне (вёска Пуцiлкавiчы), якая таксама дала беларускай лiтаратуры такiх вядомых мастакоў слова, як Васіль Быкаў, Еўдакія Лось, Рыгор Барадулiн. Лёс яго ў многiм тыповы для нашых пiсьменнiкаў — сялянскiх сыноў, дзяцей беларускай вёскi. З маленства зведаў, што такое сялянская праца, хараство роднай прыроды, няпростае чалавечае жыццё. Калi будучы паэт авалодаў граматай, то дапамагаў складаць i пiсаў лiсты аднавяскоўцам, якiя апынулiся на франтах першай сусветнай вайны. У дзiцячыя гады ён пазнаёмiўся з першымi беларускiмi кнiжкамi Я. Купалы i Я. Коласа, а таксама тагачаснымi беларускiмi часопiсамi “Саха” i “Лучынка”. Нядоўга вучыўся ў Лепельскiм вышэйшым пачатковым вучылiшчы, бо на яго навучанне ў сям’i не хапала сродкаў. З трынаццацi гадоў пачаў працаваць: быў перапiсчыкам у валасным ваенным камiсарыяце, справаводам у валвыканкаме, рахункаводам у саўгасе, а затым — старшынёй сельсавета. Пасля П. Броўка трапiў на камсамольскую работу: працаваў загадчыкам аддзела ў Полацкiм акруговым камiтэце камсамола. З 1927 па 1928 г. — адказны сакратар газеты “Чырвоная Полаччына”. У рэдакцыю гэтага выдання ён дасылаў свае першыя допiсы i вершаваныя творы. На старонках газеты 18 жнiўня 1926 г. быў змешчаны ягоны першы верш “Ой, не шапчы, мая бярозка…”. З гэтага часу i пачынаецца творчая сцежка П. Броўкi ў вялiкую лiтаратуру. Паваротным момантам у жыццёвай i творчай бiяграфii маладога тады паэта стаў прыезд у Мiнск i паступленне на вучобу ў Беларускi дзяржаўны унiверсiтэт на лiтаратурна-лiнгвiстычнае аддзяленне педагагiчнага факультэта (скончыў БДУ ў 1931 г.). У сталiцы П. Броўка стаў актыўным удзельнiкам лiтаратурнага жыцця, увайшоў у лiтаратурнае аб’яднанне “Маладняк”.
На пачатку 1930-х гг. ён выдаў кнiжкi паэзii “Гады як шторм” i “Прамова фактамi” (абедзве — 1930), “Цэхавыя буднi” (1931). Многiя вершы з гэтых зборнiкаў увасабляюць тыповую манеру i стыль паэтычнага выказвання, характэрны для паэтаў-маладнякоўцаў. Тут шмат гучных агульных выказванняў i заклiкаў, бадзёрага аптымiстычнага красамоўства, абстрактнай планетарна-касмiчнай вобразатворчасцi: “Гэй, камсамол! // Дазорамi станем // На барыкадах сусвету змагацца”; “Мы — маладыя, як рэвалюцыя, // Поўны агню, як гартоўныя домны” (верш “Камсамольцам”). Малады аўтар паэтызаваў “цэхавыя буднi”, канстатаваў факты i падзеi, заклiкаў “машыну любiць як сябе”, услаўляў сацыялiстычнае будаўнiцтва. Бяда маладога тады П. Броўкi была ў тым, што як паэт ён вельмi моцна падпаў пад iдэалагiчны ўплыў, iмкнуўся быць летапiсцам сацыяльна-палiтычнага грамадства, аператыўна адгукаўся на патрэбы дня i заклiкi партыi, выказваўся дэкларацыйна, мыслiў схемамi i лозунгамi. I, вядома, не адзiн П. Броўка пайшоў па такiм шляху, шчодра аддаючы данiну часу, iдэалогii, палiтыцы (можна згадаць, як старалiся iсцi “ў нагу з часам”, радасна-узнёсла апявалi савецкую яву М. Чарот, А. Дудар, А. Александровiч, П. Глебка, А. Куляшоў i iнш.). Вось даволi характэрны ўзор агульшчыны, iдэалагiчнай рыторыкi: “Iмчыць цягнiк, яснеюць нашы далi, // Вядома ўсiм — не спынiмся мы тут. // Мы шчыра ўсе i горача вiталi // Вялiкiм Ленiным паказаны маршрут. // Хто на дарозе стаў? Дык ведай — сцеражыся!..” (верш “Гады, як шторм”). Лiрыка П. Броўкi З0-х гг., развiваючыся ў ключы грамадзянска-публiцыстычнай паэзii, ва ўмовах даваеннага часу была шчырым выяўленнем веры маладога пакалення ў Ленiна, камунiстычную партыю i iдэi сацыялiзму. Аднак як паэт ён не ўздымаўся над кан’юнктурай падзей i лозунгаў, не пазбегнуў паспешлiвай апiсальнасцi. Актуальнасць, надзённасць радка, пафаснасць i агiтацыйнасць голасу — вось да чаго iмкнуўся паэт. Пра гэтае сваё iмкненне ён прызнаваўся ў вершы “Тады пачынаю з пачуццямi спрэчку…” (1930):
Мне трэба, каб слова
падносiла цэглу,
а вершы ў альбом
i другiя напiшуць.
Паэт адмаўляў iнтымную лiрыку — той жанр, у якiм пазней выявiў сябе найбольш таленавiта i ярка. “Няхай i верш чарнарабочы iдзе да горнаў”,— вось у гэтым практычную карысць i прызначэнне паэзii бачыў малады П. Броўка. Ён далучыўся да тых паэтаў, для каго рыфма стала, кажучы словамi У. Маякоўскага, “лозунгам, штыком i бiзуном”. З “пачуццямi спрэчкi” пайшлi не на карысць паэтычнаму мысленню П. Броўкi. Верш 30-х гг. “Вясновая размова”, калi меркаваць па назве, павiнен быць пейзажным. Аднак паэта не цiкавiць прыгожае i вечнае, ён складае гiмн “савецкай вясне”: “Прымай, савецкая вясна, загады ад ЦК”. Такой вобразатворчасцi, памножанай на патэтыку, нямала i ў сталага Броўкi-паэта. Адзiн з яскравых прыкладаў таму — лiрычны верш пра радзiму “На родных месцах” (1957), у якiм аўтар не змог абысцiся без “iдэйнай” падсветкi: “Зыркiм бляскам святла, // Думкай мудрага Ленiна // На абшарах тваiх // Усё як ёсць апраменена”.
Шматлiкiя вершы, пачынаючы ад яго першага зборнiка “Гады як шторм” да апошняга “Савецкi чалавек” (1982), нясуць у сабе дух партыйна-камунiстычнай iдэалогii. Асаблiва багата iдэйна-палiтычнай вершатворчасцi, надзённа-рытарычных “прамоў фактамi” ў зборнiках другой паловы 30-х гг. i канца 40—50-х гг. — “Так пачыналася маладосць” (1934), “Прыход героя” (1935), “Вясна Радзiмы” (1937), “У роднай хаце” (1946), “Сонечнымi днямi” (1950), “Цвёрдымi крокамi” (1954) i iнш. Адмоўна адбiлася на яго творчасцi так званая “тэорыя бесканфлiктнасцi”, i гэты негатыўны ўплыў яскрава выявiўся ў iдэалiзацыi, спрошчаным паказе даваеннай i пасляваеннай рэчаiснасцi, калгаснага жыцця, услаўленнi культу асобы Сталiна (паэма “Хлеб”, вершы “Падарунак”, “Думы аб правадыру”, “Палессе”, “Спеў новых дзён” i шмат iнш.). Iдэалагiчнымi ўстаноўкамi пазначаны змест аповесцi “Каландры” (1931) i рамана “Калi злiваюцца рэкi” (1957). Цэнтральнымi ў многiх творах сталi вобразы камунiстаў, Ленiна, матывы ўслаўлення камунiстычнай партыi, сацыялiстычнага жыцця, неўмiручасцi Вялiкага Кастрычнiка, ленiнскiх спраў i г. д. Пералiк назваў вершаў i паэм, а тым больш цытаванне найбольш характэрных, тыповых мясцiнаў, якiя сведчылi б пра “камунiстычную высокаiдэйнасць” Броўкавай паэзii, можа заняць нямала часу: “Быць камунiстам”, “Смела, таварышы, ў ногу!”, “Мая Савецкая Улада”, “Светлы час”, “Заўсёды з Ленiным”, “Дума аб бессмяротнасцi” i шмат iнш. Не дзiўна, што нямала Броўкавых твораў, якiя нарадзiлiся на патрэбу дня, сёння састарэлi, але яны з’яўляюцца красамоўнымi фактамi гiсторыi беларускай савецкай лiтаратуры.
Слова прыгожае і мужнае
Дык дзе ж па-сапраўднаму неўвядальны, найбольш па-мастацку глыбокi i непаўторны П. Броўка як паэт? Там, дзе ён апявае крынiцу i бор, дзявочую прыгажосць i сустрэчу закаханых, дзе дасягае iнтымнасцi, спавядальнасцi i фiласафiчнасцi. Бо эстэтычнае, духоўнае — штосьцi генетычна невынiшчальнае i першаснае, чым iдэалагiчнае, наноснае. Пейзажная i любоўная лiрыка ў 30—50-я гг. як бы ратавала паэзiю, не давала ёй канчаткова забыцца на прыгожыя i вечныя пачуццi на зямлi, хоць на нейкi момант цi мiг у тагачасных умовах выбавiцца ад нейкага наддухоўнага, надчалавечага iснавання. Той жа П. Броўка, як бы нi крочыў “у нагу з часам”, як бы нi палiтызаваўся, добра бачыў i iншыя ўзоры мастацкай творчасцi, не мог абсалютна заглушыць у сабе адчуванне прыгожага, пачуццё роднай прыроды. Хоць паэзiя на вечныя тэмы ў даваенны час не вiталася крытыкай, успрымалася адыходам ад надзённых праблем часу, П. Броўка узяў за арыенцiр лiрыку прыроды Я. Коласа, традыцыi рэалiстычна-канкрэтнага i вобразнага жывапiсання. На гэты конт ёсць красамоўнае прызнанне самога паэта ў вершы “Якубу Коласу”: “Я да зямлi прыпаў. // Твае гучалi словы. // Яны праўдзiвымi, прыгожымi былi,— // Я ў iх вясну пачуў, напеў бароў сасновых // I сiлу рэк Бярозы i Сулы”. Асаблiва значным крокам у паглыбленнi эстэтыка-выяўленчага пачатку, лiрычнага “я” аўтара стала кнiга “Шляхамi баравымi” (1940). Пейзажныя вершы “Канец лета”, “Дождж”, “Мяцелiца”, “Бор” i некаторыя iншыя вылучаюцца ў даваеннай паэзii сваёй вобразнай маляўнiчасцю, прачулай рытмiка-меладычнай iнструментоўкай, iх радкi прасякнуты жывым чалавечым настроем:
Прабiўшы плынi духаты,
Пайшлi раслiны ў рост…
I птушак жоўтыя раты
Лавiлi неба з гнёзд.
Маланкi стрэламi ўстаюць,
У бубен сыпле гром…
I я, захоплены, стаю
Абдожджаны кругом.
(“Дождж”)
Асобныя строфы вершаў “Крынiца” i “Бор” набываюць фiласафiчнасць гучання, даносяць да нас важны духоўны сэнс.
Вобразнай узнёсласцю, адухоўленай музыкай пачуццяў напоўнены вершы пра каханне. Словы паэта глыбока прапушчаны праз сэрца, якое выспеўвае самыя таемныя, прыгожыя i светлыя пачуццi:
Там лiпоўнiк густы, светлавокi язмiн,
Будзем разам збiраць мёд з пахучых далiн…
Сядзем потым спачыць пад лiстом пад
адным.
Згодна ты?… Ты маўчыш…
Паляцiм?! Паляцiм!
(“Гэты, кветкамi-пухам абсыпаны сад…”)
Каларытны жывапiс словам, тонкi лiрызм пiсьма якраз i сведчаць пра тое, што ў асобе П. Броўкi даваенная паэзiя займела несумненна таленавiтага мастака слова.
Прыкметна ўзмужнеў талент П. Броўкi ў гады вайны з нямецка-фашысцкай агрэсiяй. “I выйдзе Беларусь з палону!” — рэфрэнам праходзiць патрыятычна-вызваленчая думка праз выдатны лiрыка-публi-цыстычны верш “Мацi” (1941). Традыцыйным нацыянальна-фальклорным матывам сяўбы ў творы “Будзем сеяць, беларусы!” (1942) паэт сцвяр-джаў няскоранасць беларускага народа, веру ў вечнае красаванне жыцця на роднай зямлi. З лiрычнай заглыбленасцю ў свет чалавечых перажыванняў напiсаны вершы “Рана”, “Спатканне”, у якiх уражальна гаворыцца, што значыла для салдата-франтавiка радзiма, яе краявiды, вобразы блiзкiх i родных людзей. Праз расстанне з роднай зямлёй i ўсведамленне чалавечай бяды, гора пакутуе герой П. Броўкi.
Трагедыйным i антываенным зместам напоўнена балада “Надзя-Надзейка” (1943). Тужлiва-журботная мелодыя жалейкi праходзiць праз увесь твор, якi ўспрымаецца як песня-плач па загубленай ворагам беларускай дзяўчыне: “… Травы абсыплем чыстай слязою, // Чыстай слязою, // Быццам расою. // — Надзя-Надзейка!.. — клiча жалейка”. Балада заснавана на фальклорных вобразах i параўнаннях: белая бяроза, горачка-гора, песнi-вяснянкi, горкiя слёзы i iнш. У заключных радках верша чуецца пратэст супраць жудаснай вайны, якая ўчынiла гвалт i глум, растаптала каханне, а таксама гучыць матыў помсты ворагу.
Невыпадкова ў ваенныя гады беларуская паэзiя звярнулася да вобраза Кастуся Калiноўскага. У цяжкiя, лёсавызначальныя моманты народ павiнен адчуваць гiстарычны грунт пад нагамi, мацаваць свой дух, звяртаючыся да гераiчнай славы мiнулага. У легендарным ключы напiсаны верш-балада “Кастусь Калiноўскi” (1943). Герой гэтага верша — “сiлай магутны, душою агнiсты” беларускi хлопец-партызан Калiна, якога за мужнасць i адвагу празвалi Кастусём Калiноўскiм. Ён паўстае як народны заступнiк, самахвярны змагар з ворагам, i таму ўвесь беларускi край, яго людзi i прырода славяць героя:
Чакаюць крынiцы яго ледзяныя,
Лясы, паўзнiмаўшы смыкi смаляныя,
Каб разам з вятрамi наладзiць вяселле,
Ударыць па струнах,
Па хвалях дняпроўскiх,—
Што з вечнаю воляй
Прыйшоў Калiноўскi.
Балада “Кастусь Калiноўскi” прасякнута свабодалюбным вызваленчым пафасам.
У ваенны час П. Броўска стварыў некалькi эпiчных твораў, сярод якiх лепшай лiчыцца паэма “Беларусь” (1943). Самыя яркiя мясцiны твора напiсаны з эмацыянальнай пранiкнёнасцю слова, героiка-змагарнiцкiм i патрыятычным пафасам. Вельмi адметным з’яўляецца ў творы зварот да тых падзей гiстарычнага мiнулага, калi вырашаўся лёс нашага народа, яго свабоды i будучынi. Разам з тым у паэме прамаўляюцца словы ў духу таго часу, калi ў савецкiх людзей была вялiкая вера ў iдэалы Вялiкага Кастрычнiка.
Пясняр кахання і прыроды
Асаблiва ярка паэтычны талент П. Броўкi разгарнуўся ў 60—70-я гг., якiя сталi надзвычай важным i плённым этапам у ягонай творчасцi. Гэты час аказаўся ўраджайным на кнiгi паэзii — выйшлi ў свет зборнiкi “Пахне чабор” (1959), “Далёка ад дому” (1960), “Мiж чырвоных рабiн” (1969), “Калi ласка” (1972) i iнш. Прыкметна пашырылiся абсягi творчага выяўлення паэта, узмацнiўся гуманiстычны пафас яго паэзii. У 60-я гг. паэтаў голас пацiшэў, зрабiўся задушэўна-цёплым, мяккiм, сапраўды прывабным. Хоць паэт працягваў сплочваць данiну грамадска-палiтычным тэмам, тым не менш верх у ягонай творчасцi ўзяў лiрызм цi, iнакш кажучы, тэма душы, тэма лiрычных настрояў i перажыванняў.
Прыкладам самай высокай паэзii ў творчасцi П. Броўкi могуць служыць вершы “Пахне чабор…”, “Як лiст дубовы…”, “Ты, мая пчолка”, “Калi надыдзе час спачыну…” i многiя iншыя, у якiх ён паказвае сябе як блiскучы майстар лiрычнага слова. Цудоўна гучыць пейзажна-любоўная саната “Пахне чабор…”:
Хiба на вечар той можна забыцца?
…Сонца за борам жар-птушкай садзiцца,
Штосьцi спявае пяшчотнае бор,
Пахне чабор,
пахне чабор…
Верш прасякнуты прасветленым элегiчным пачуццём, у iм праз драматызацыю лiрычнай iнтанацыi раскрываецца туга чалавечай душы па былым каханнi: “…Клiкнуць хацелася — голас замёр. // Пахне чабор, // Пахне чабор…”. Паўтор спалучэнняў слоў “пахне чабор” з кожнай новай страфой узмацяняе эмацыянальна-медытатыўнае гучанне твора.
Мiлагучнасцю, шчымлiвай пяшчотай напоўнены верш “Александрына”, якi, як i твор “Пахне чабор”, стаў цудоўнай песняй (непаўторна гэтыя вершы-песнi загучалi ў выкананнi знакамiтага ансамбля “Песняры”). У памяці паэта ажыў вобраз дзяўчыны, якую ён пакахаў у юнацтве. Яна цвіла незвычайным хараством, запаланіла сэрца, але не здолеў тады хлопец адкрыта выказаць свае пачуцці. Праз гады каханне не згасла, уваскрэсла з мінулага як цудоўны і дарагі сэрцу ўспамін:
Цяпер магу прызнацца, тады пачаў кахаць,
Цябе з ніякай кветкай не мог я параўнаць.
Сказаць, што васілёчак, дык фарба ў ім адна,
Сказаць, што ты лілея, — сцюдзёная ж яна!
Сказаць, што ты званочак… Ды ўсіх жа мала іх!..
Такою ты здалася ў семнаццаць год маіх.
«Пахне чабор…» і «Александрына» — лірычна-камерныя песні кахання, тыя адметныя ўзоры інтымнай лірыкі, якія створаны на хвалі спавядальнай шчырасці і пяшчоты.
З душэўнай прачуласцю радка напiсаны таксама вершы пра каханне “Ты мне здавалася адзiнай…”, “Памылка”, “Калi руку на развiтанне…” i iнш.
У сваiх паэтычных пейзажах П. Броўка з яркай асабовасцю светаўспрымання, вельмi вобразна i маляўнiча раскрывае непаўторны воблiк роднай зямлi. Мастак слова вядзе даверлiвую, прачулую размову з лесам, дрэвам, пчалою, ён натхнёна i адухоўлена паэтызуе неба i раку, спевы птушак, поры года (вершы “Мая Ушачка”, “Зiмовыя малюнкi”, “Восенню”, “Ранiцу люблю…”, “Вясновы дождж”, “Ты, мая пчолка”, “Здаецца, дуб са мной гаворыць…”). Узнёсла-урачыстая музыка лесу гучыць у вершы П. Броўкi “Лясныя музыканты”. Паэту чуецца цэлае сугучча галасоў, зыкаў, песень, i ён зачараваны гэтай сiмфонiяй: “Паслухаеш — аж храм гудзе…”. А спяваюць тут сасна i неба, рабiна i салавей, “усё як ёсць спявае”. Паэт успрымае лес як храм, святыню, а такое ўзвышэнне і шанаванне прыроды было ўласціва заўсёды творцам-гуманістам, улюбёным у родны край (згадайма Міколу Гусоўскага, Якуба Коласа…). П. Броўка тонка, адухоўлена ўзіраецца і ўслухоўваецца ў прыроднае наваколле, складае хваласпеў красе і жыццю. Ён нязмушана запрашае ўсіх нас адчуць чароўную музыку навакольнага свету. Запытальныя інтанацыі верша будзяць жывы водгук у сэрцы:
Наш лес. Унікнуць толькі трэба —
Спяваючы, сасна расце.
А чулі вы — спявае неба?
А так, што месяц аж цвіце.
Пейзаж у «Лясных музыкантах» палоніць адухоўленай паэтычнасцю і вобразнасцю.
Музычны рытмiка-гукавы лад вызначае i танальнасць верша “Белы барабаншчык” (1958). Тут выяўляецца парывiстасць i ўздымнасць рытму, прычым паўтор аднолькавых гукаў, гукаспалучэнняў i злучэнняў слоў яскрава перадае суровасць зiмовых стыхiй — завiрухi i марозу: “…Злосная мятлюга, // Злосная мятлюга // кружыцца, гудзе…”. Музыка прыроды дае ўзлёт паэтавай душы, прыносiць вялiкую радасць, паўнату адчування красы свету i жыцця (верш “Музыка”). Увогуле, напеўнасць, музычнасць — вызначальная рыса Броўкавай лiрычнай паэзii. I яшчэ. П. Броўка — не толькi пясняр зямнога хараства, але i заступнiк прыроды: “А быў бы рады я без меры, // Каб кожны верш у адрас твой // Мог супынiць змяю-сякеру…” (“Зварот да бярозы”). Прырода на ўсё жыццё стала шчырай сяброўкай i лекаркай паэта, таму ён i прызнаваўся, што не бывае адзiнокiм, бо спяшае да лесу i адчувае сябе сваiм у лясной сям’i (верш “Я адзiнокiм не бываю…”).
З хваляваннем пра вечнае і чалавечае
Значнае месца ў лiрыцы паэта займае роздум пра маральны воблiк чалавека, яго прызначэнне ў жыццi. Вельмi важны для П. Броўкi народны маральна-этычны кодэкс жыцця, згодна якому на нашай зямлi заўсёды шанавалася працавiтасць, сумленнасць, асуджалiся хлусня i хцiвасць, несправядлiвасць i чалавечая подласць. Народны iдэал — гэта глыбока гуманiстычная выверанасць поглядаў i ацэнак, i менавiта iмi кiруецца ў сваiм разуменнi i асэнсаваннi жыцця П. Броўка-паэт. У вершы “Аб сумленнi” (1965) ён гаворыць пра неабходнасць унутранай чысцiнi асобы, яе сцiпласць i высакароднасць:
Аб праўдзе не крычы бясконца
I выхваленне прэч адкiнь,
А будзь такiм… ну, як пад сонцам
Празрыстая нябёсаў сiнь.
Самаахвярна i без самарэкламы рабiць людзям дабро заклiкае П. Броўка ў вершы “Дабро” (1972). У сваёй маральна-этычнай скiраванасцi думка паэта перагукаецца з бiблейскiмi запаветамi, адвечнай агульначалавечай мудрасцю. “Будь добрым к людям, и всегда добро к тебе вернется”,— пiсаў яшчэ паэт сярэдневяковага Усходу Джамi. У iншых вершах П. Броўка папярэджваў пра лёгка здабытую славу, нагадваў пра вечныя каштоўнасцi, пра тое, што чалавек павiнен бачыць свае недахопы i ўмець дарадаваць чужыя памылкi (вершы “Слава”, “З нас кожны памыляцца можа..”, “Даруй!”). Паэт не прымаў дэфармацыю чалавечых асноў жыцця. А яшчэ ён даводзiў, што каб дайсцi да мэты, трэба iсцi па жыццi, пераадольваючы цяжкасцi i нягоды, i мець пры гэтым моцную веру:
Няхай, абы ты верыў прагна,
Няхай жуда, няхай адзiн,
Няхай каменне, твань i багна…
А ты iдзi,
А ты iдзi!..
(“А ты iдзi”)
Многія з’явы жыцця ў творах П. Броўкі набываюць маральна-філасофскае асэнсаванне. Паэт спазнаў цану чалавечнасці і людской дабрыні, ён цудоўна ведаў, што такое душэўныя раны, слёзы радасці і гора, як саграе чулае, спагадлівае слова і як востра раніць абыякавы, раўнадушны позірк. У людской слязе яму бачыўся ўвесь чалавек, яго сутнасць:
Хто ў слёзах плача, хто смяецца,
Ды ў кожнае характар свой…
Ну, а прытворная здаецца
Пустою кропляй дажджавой!
(«Слёзы»)
Пафасам маральна-духоўных шуканняў прасякнуты вершы «Хмарнеюць мае напевы…», «Ну што ж, бывае і заплачаш…», «Слёзы», «Раны» і многія іншыя з паэтычных кніг другой паловы 60—70-х гг. Яны напісаны з паглыбленай роздумнасцю пра сэнс чалавечага існавання, у іх — адбітак мудрага жыццёвага вопыту паэта. П. Броўка гаворыць, што зямны шлях поўны няпростых выпрабаванняў, і таму, нягледзячы на «пякучыя раны», галоўнае — гэта захаваць маральную трываласць і годнасць. Грамадзянскі абавязак паэт ставіць вышэй за ўсё, бо родная зямля і народ — тыя святыні, дзеля якіх варта пакутаваць і змагацца, трывожыцца і жыць:
Ды раны залечацца
часам гаючым —
І зноўку ад ран супакоіцца сэрца,
Няма ж больш трывожнай,
няма больш балючай,
Калі —
ўся радзіма твая ў небяспецы.
(«Раны»)
Для лепшых вершаў маральна-этычнага зместу П. Броўкi ўласцiва размоўная натуральнасць i разважлiвасць паэтычнай гаворкi, iмкненне да абагульнена-ёмiстых i афарыстычных высноў.
П. Броўка — філосаф ад жыцця. Для многiх яго вершаў характэрна лiрыка-медытатыўная заглыбленасць, роздум пра перажытае i выпакутаванае, зямное i вечнае. Паэт умее стварыць малюнак кранальнага фiласофскага гучання, як, да прыкладу, у вершы “Журавы” (1957): “Адлятаеце часта чаго? // Валасы мае ўсе абмарозiлi. // Колькi год вы з дзяцiнства майго, // Колькi год // Вы з сабой пааадвозiлi?” Спавядальнасць, матывы фiласафiчнасцi гучаць таксама ў вершах “Усё жыццё — адно iмгненне…”, “Зялёны клён лiстотай гушкаў…”, “Гады, як часовыя госцi…” i iнш.
Песня-споведзь пра маці
«Голас сэрца» — адзін з лепшых ліра-эпічных твораў П. Броўкі і ўсёй беларускай паэзіі 60-х гг. Гэтая паэма прысвечана памяці маці паэта — Алены Сцяпанаўны. У гады мінулай вайны яе напаткаў трагічны лёс — разам з іншымі ахвярамі яна была вывезена ў фашысцкі лагер смерці — Асвенцім (Польшча) і спалена ў печы крэматорыя (між іншым, гэткая ж жудасная фабрыка смерці існавала каля Мінска, у раёне вёскі Трасцянец, дзе гітлераўцы знішчылі больш за пяцьсот тысяч чалавек). Асвенцім стаў для ўсяго цывілізаванага чалавецтва сімвалам бяды і гора.
Сюды, дзе людзей ператваралі ў попел, П. Броўка прыехаў у хуткім часе пасля вайны, у 1947 г. З паэтам Аляксандрам Твардоўскім ён пабачыў тое, што скаланула сэрца. «Мы хадзілі, — згадваў П. Броўка, — па змрочных бараках, дзе гінулі тысячы і тысячы, стаялі, апусціўшы галовы, ля печаў крэматорыя, праз якія прайшлі дымам сотні тысяч, схілялі галовы ля сцяны, дзе расстрэльвалі ахвяры, з нянавісцю глядзелі на вокны дома, дзе ў час пакарання іграў аркестр і весяліліся эсэсаўцы». Твор пра маці нарадзіўся не адразу, хоць балючыя ўражанні не давалі спакою. Паэма «Голас сэрца» была напісана толькі ў 1960 г.
Пятрусь Броўка стварыў літаратурны помнік вялікай людской трагедыі. Радкі паэмы вырастаюць з глыбокага асабістага болю, пакут чалавека, які назаўсёды страціў маці. Яе схапілі за сувязь з партызанамі, адправілі ў фашысцкае пекла (паланянцы выпалілі на руцэ нумар 61580), яна прайшла праз нечалавечыя здзекі і пакуты. Твор пранізвае журботны матыў сыноўняй бяды і невымернага гора.
Паэту цяжка было паверыць у гібель маці, убачанае ў Асвенціме здавалася жахлівым сном:
Досыць мне ростані, родная, досыць.
Што ты загінула, — можа, здалося.
Сенцы адчыніш, паклічаш у хату.
Можа, й не быў я ў тым месцы
праклятым…
Паэт гаворыць з маці як з жывой, уваскрашае яе воблік у памяці: «Як пахлі рукі твае лебядою, // І хлебам жытнёвым, і сырадоем…». Ён вядзе нас на месца спаленай фашыстамі хаты, дзе квітнее «сінім аблокам бэзавы куст высокі, шырокі», які пасадзіла маці. Бэз паўстае як сведка матчынага жыцця:
Мне бэзавы куст як быццам гаворыць,
Як ты тут жыла ў бядоце, у горы,
Як на світанні ўранку ўставала,
На ўсход паглядала, нас ты чакала,
А мы былі дзесьці ў полымі бою.
Ты ж засталася ў хаце адною.
Вобраз мацi паказаны ва ўсёй трагедыйнасцi: яна — жанчына-пакутнiца, адна з шматмiльённых ахвяраў фашызму: “Мацi! Адна ты!.. А вас жа — мiльёны…”; “Там жа плач матак сабраны са свету…” П. Броўка знiтоўвае свой уласны боль з трывогай за лёс жыцця i чалавецтва. Паэт усхвалявана, на палымянай гуманiстычнай ноце заклiкае абаранiць свет, будучыню ад падобнай бяды, усiм сэрцам жадае, “каб болей пакутаў людзi не зналi”. Невыпадкова ён згадвае словы пiсьменнiка-антыфашыста Юлiуса Фучыка: “Пiльнымi будзьце!” “Голас сэрца” — паэма-рэквiем, напоўненая балючымi чалавечымi пачуццямi i антываенным пафасам.
* * *
Пятрусь Броўка быў паэтам няўрымслiвага творчага характару. “А верш, ён не дае спакою, // З грудзей iрвецца i крычыць”, — такое прызнанне чуем у вершы “Вось узялi, падсумавалi…” (1965). Ён як бы i не меў сумневу наконт таго, што канчатковым суддзёй напiсанаму з’яўляюцца яе вялiкасць Паэзiя i Час. З вышынi нашых дзён нам добра бачыцца, што дзякуючы сваёй маральна-гуманiстычнай змястоўнасцi, высокай эстэтыцы i мастацкасцi слова лепшыя творы П. Броўкi маюць пад сабой надзейны i трывалы грунт, належаць як нашай сучаснасцi, так i будучынi.
А. І. Бельскі
Крыніца публікацыі: Бельскі, А. І. Сучасны погляд на паэзію Петруся Броўкі / А. І. Бельскі // Беларус. мова і літ. — 2000. — № 2. — С. 21—32.