ФРАЗЕАЛАГІЧНАЯ СІНАНІМІЯ Ў МОЎНАЙ СПАДЧЫНЕ ЯКУБА КОЛАСА

0
306

Прыгажосць, сілу, прывабнасць Коласавага слова імкнецца спазнаць, зразумець, адчуць не адно пакаленне чытачоў. І гэта не выпадкова. Бо перад намі майстар слова, які не пакідае нікога раўнадушным, здольны захапіць, павесці за сабою, выклікаць на суперажыванне. Ад яго слоў вее зладжанасцю, лірычнай мяккасцю, пяшчотаю. Геніяльны мастак валодаў незвычайным чуццём духу мовы, ён разумеў яе як ніхто іншы, прадбачыў заканамернасці развіцця. І ў сваіх творах даваў узоры трапнага выкарыстання жывога народнага слова, мясцовых гаворак, фальклору. Кожная адзінка мовы пад яго пяром набывала своеасаблівае гучанне.

Якуб Колас валодаў незвычайным талентам пісаць лёгка, зразумела і вобразна. Такі талент – гэта вынік яго працавітасці, кантактнасці, смеласці, глыбокай літаратурнай і моўнай адукацыі. Ён не проста ўзбагачаў лексічны склад беларускай мовы, а аказваў рэальны ўплыў на яго далейшае фарміраванне. Але ў найвышэйшай ступені нацыянальную спецыфіку мовы Коласа выражае багатая і шматлікая фразеалогія. Фразеалагізмы як невычэрпная крыніца моўнага багацця валодаюць надзвычай яркай сэнсавай і стылістычнай выразнасцю. З іх дапамогай ствараюцца непаўторныя карціны жыцця і побыту людзей, трапныя характарыстыкі персанажаў, раскрываюцца іх самыя патаемныя пачуцці і мары. Фразеалагічныя адзінкі надаюць мове выразнасць, эмацыянальнасць, ёмістасць, у руках «мастакоў слова – пісьменнікаў і публіцыстаў – фразеалагізмы становяцца самым дзейсным моўным сродкам увасаблення мастацкага вобраза, іх выкарыстоўваюць з мэтай стварэння моўнай характарыстыкі героя, ажыўлення аўтарскай мовы і г.д.» [2, с. 148]. Адметнасцю мовы мастацкіх твораў Якуба Коласа якраз і з’яўляецца тое, што ён выявіў выключнае майстэрства ва ўтварэнні і ўжыванні шматлікіх фразеалагічных адзінак, гэтым самым ствараючы незвычайныя стылістычныя эфекты. Аб’ектам нашага аналізу сталі сінанімічныя рады фразеалагізмаў, якія былі вылучаныя намі з творчай спадчыны славутага мастака.

Наяўнасць сінонімаў у мове сведчыць пра яе развітасць, выразнасць, багацце, бо дзякуючы гэтым моўным адзінкам можна перадаваць найтанчэйшыя рухі думкі, выяўляць самыя складаныя адценні пачуццяў, як гэта зрабіў Якуб Колас у апавяданні «Недаступны», калі паказваў рух-уцёкі ад помслівай жонкі Арцёма, што быў нападпітку: «Прабегшы некалькі хат, Арцём звярнуў на агароды, шуснуў у каноплі, адтуль разораю між капусты забег у надворак Юркі Труса, з надворка заламаў у вулачку і пасучыў проста да калодзежа» [І, ІV, с. 90]. Існаванне сінонімаў на ўзроўні фразеалогіі сведчыць таксама пра багацце мовы, яе непаўторнасць. Якуб Колас валодаў гэтым багаццем, пра гэта і сведчаць шматлікія сінанімічныя рады фразеалагізмаў у яго творах.

Як вядома, “фразеалагічныя сінонімы абазначаюць адно і тое ж паняцце, маюць тоеснае ці гранічна блізкае значэнне, належаць да аднаго семантыка-граматычнага тыпу, але звычайна адрозніваюцца адзін ад другога адценнямі значэння, стылістычнай афарбоўкай і іншымі адметнымі адзнакамі” [3, с. 82]. У склад сінанімічных радоў могуць уваходзіць два і больш фразеалагізмы, якія поўнасцю супадаюць па значэнні (абсалютныя фразеалагізмы-сінонімы) або адрозніваюцца стылем, ужываннем ці адценнем у значэннях (стылістычныя, семантычныя, семантыка-стылістычныя фразеалагізмы-сінонімы). У сучаснай беларускай мове самы вялікі сінанімічны рад утвараюць адзінкі са значэннем ‘вельмі многа’ – 55 фразеалагізмаў [3, с. 83]. Выкарыстаныя Якубам Коласам фразеалагізмы можна аднесці да самага вялікага сінанімічнага рада, што мае значэнне ‘памерці, загінуць’. Сюды ўваходзяць такія адзінкі: пайсці за бацькамі, богу аддаць душу, пачыць у бозе, закрыць вочы, скруціць сабе галаву, сысці на глум, зламаць голаў, палажыць голаў, аддаць жыццё, заснуць навекі, накрыцца зямлёю, пайсці ў сырую зямлю, злажыць косці, ляжаць пад крыжам, знайсці магілу, сысці ў магілу, ногі выпрастаць, ногі працягнуць, сысці з зямлі, накрыцца зямлёю, супакоіцца пад убогім крыжам, патрапіць пад хваёвы крыж і інш. Матыў смерці знаходзіць сваё адлюстраванне ў творчасці шматлікіх пісьменнікаў. Гэта тое, што не мае ўлады перад моцай і веліччу Тварца. Смерць заўсёды спадарожнічае чалавеку. Яна можа ўспрымацца як неабходны працэс завяршэння жыцця (трагізм смерці тады меншы), як высока трагічная з’ява, звязаная з дачасным адыходам з жыцця. Матыў смерці навеяны ў значнай ступені і тым цяжкім, гаротным жыццём, пра якое давялося пісаць Коласу. Таму фразеалагізмы адзначанага сінанімічнага рада можна сустрэць у такіх розных кантэкстах: – Нядобра, мне, Магда. Мусіць і я пайду за бацькамі, – сказаў Іван. Яму так горка стала ад гэтых слоў, што слёзы гатовы былі самі паліцца з вачэй [І, ІV, с. 131]; Гэта я без пары Богу душу аддаў [І, І, с. 76]; Вось і капліца пры дарозе, Тут з даўніх пор пачые ў бозе якісьці князь, што стаў святым, Забіты помснікам сваім [І, Х, с. 596]; За што закрыў іх, божы, вочы і вольны розум акаваў Кайданамі ліхое ночы? [І, Х, с. 457]; Што б там ні было, а Гітлер мусіць павярнуцца на захад. Няхай жа ён заверне галаву сабе [І, ХІІ, с. 203]; Жыў-быў Дзяжа ў пятай роце, Цяпер на грозным павароце, Дзе шлях адзін – сысці на глум [І, Х, с. 215]; Дык няхай на лбе запішуць Ездакі: Зломяць голаў, зубы скрышаць, Бандзюкі [І, ІІ, с. 333]; За дружбу народаў, за волю братоў Жыццё маладое аддаць я гатоў [І, ІІ, с. 211]; І злажыў яму вершы: “Бедны Дронік навекі заснуў. Спі, без часу памершы” [І, ІІІ, с. 188]; Лепей, мае любкі, накрыцца зямлёю, чым бачыць, як другі, багаты, стары, Цалуе за грошы, вянчаецца з ёю [І, Х, с. 487]; Да і чаго тут гаварыць! Ні пайду ж я за летам у сырую зямлю. Я шчэ ні стары чалавек [І, ІV, с. 304]; Шмат касцей злажыла Не адна тут раць, І фашысцкай жыле, не, не панаваць! [І, ІІ, с. 190]; Аб чым жа ён думае? Можа, аб тым, што ён такі адзінокі і забыты, што ўсе яго таварышы даўно ляжаць пад крыжамі [І, ІV, с. 97].

Яшчэ адзін сінанімічны рад утвараюць фразеалагізмы-праклёны. Яны з’яўляюцца формай выражэння незадавальнення кім-небудзь або чым-небудзь, падкрэсліваюць адмоўныя адносіны да прадмета ці з’явы (бадай ты згарэў!, каб ён здох!, каб цябе зямля сырая!, каб калом вочы пасталі!, каб з цябе кішкі павыцягвалі!, каб табе косці паламала!, што б ты лёг ды не прачнуўся, каб цябе вон нагамі вынеслі!, каб ты ногі паламаў!, каб ты поўзала сама!, а прападзі ты!, няхай адсохнуць рукі і ногі!, бадай ты спрах!, каб іх хвароба палажыла!): – Ну, і пісар жа з цябе! – накінуўся стараста на Міхалку, – пісаў пісака, не разбярэ і сабака. Бадай ты згарэў [І, ІV, с. 53]; Вось ён [пан Богут] куды гне, каб ён здох [І, VІІІ, с. 41]; А ён [зяць] дзверы адчыняе! – Так, так, матка, навучы, Каб цябе зямля сырая! [І, ІІІ, с. 8]; Каб табе калом вочы пасталі, абармот ты! Ідзі, ідзі, бо зацкую сабакамі [І, ІV, с. 125]; – Не ты ж, дармаед, будзеш за мяне бялізну мыць… Куды ваду цягнеш? А каб з цябе кішкі павыцягвалі! [І, V, с. 174]; Як якое [дзела]?! Ты будзеш мой плот ламаць, каб табе косці паламала, азрэль ты сляпы!? [І, ІV, с. 292]; Ах, што б ты лёг ды не прачнуўся больш, – думае Лабановіч і не можа дачакацца, калі госць яго пойдзе дамоў [І, ІХ, с. 293].

Калі характарызаваць іншыя сінанімічныя рады, то, як правіла, яны складаюцца з трох і болей фразеалагізмаў. У такія рады ўваходзяць рознаструктурныя адзінкі (са структурай сказа, словазлучэння, спалучэння слоў). Паміж сабой сінанімічныя адзінкі маюць адрозненні рознага характару: сэнсавыя неадпаведнасці, неаднолькавую эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку, стылявую прыналежнасць, розныя спалучальныя магчымасці. Якуб Колас у розных абставінах умела выкарыстоўвае фразеалагізмы-сінонімы, дасягаючы пры гэтым неабходнага моўнага эфекту. Параўнаем ужыванне сінанімічных фразеалагізмаў з наступнымі значэннямі:

‘прыніжаць, зняславіць, не заўважаць, чарніць каго-н., што-н.’ – таптаць у гразь, мяшаць з граззю, папіраць нагамі, класці цень, абліваць памыямі: Яны пайшлі супроць законаў гісторыі, кінулі пад ногі, утапталі ў гразь і законы людскія [І, ХІ, с. 227]; Якая цана той крытыцы, што абмінае промах старэйшага майстра, а маладога мяшае з граззю? [І, ХІ, с. 532]; – Ну, а. Мікалай, вы проста сталі маладушнымі: як жа можна маліцца за тых, хто «папірае» нагамі святыні? [І, V, с. 118]; Нават падбітае Іванава вока не клала ценю на яго перамогу [І, VІ, с. 365]; – Калі чалавека незаслужана абліваюць памыямі, – спакойна, з адценнем гарчэчы ў голасе адказаў Лабановіч, – дык зусім натуральна, гаспадзін рэдактар, што гэты чалавек хоча ачысціцца ад такога бруду [І, ІХ, с. 636];

‘чалавек, які ўмее ўсё рабіць, майстар ва ўсякай справе’ – і кухар, і прачка, і агароднік, майстар на ўсе рукі, майстар свайго дзела, і шавец, і кравец, і да дзевак маладзец: Завёз яе [жонку] Астап у горад, а сам з дзецьмі тут застаецца. Цяпер ён і кухар, і прачка, і агароднік [І, V, с. 255]; Лаяўся пан ляснічы як праўдзівы майстар свайго дзела [І, ІV, с. 43]; Ого, Рыль! І шавец, і кравец, і да дзевак маладзец… [І, Х, с. 37];

‘пра разумнага, здольнага, кемлівага чалавека’ – галава не дурная, залатая галава, саламонава галава, светлая галава, з галавою: Калман – галава не дурная, чалавек ён спрытны [І, V, с. 332]; – А ты праўду кажаш, сынку. Эге ж! Залатая ў цябе галава. Не горшая, як у Букрэя [І, VІІ, с. 343]; Задумалі бабы, Саламонавы галовы, збавіць ад бяздожджыцы наш край [І, ІV, с. 458]; – Чыталі зварот да народа міністра Гарамыкіна? Галава, светлая галава! [І, ІХ, с. 458];

‘пра неразумнага, нездагадлівага, прастакаватага чалавека’ – галава дурная, галава капусцяная, галава пустая, дубовая галава, курыная твая галава, без клёпкі, нестае ў галаве: Костусь сам сябе чуць не кусае. Ох, галава яго дурная [І, VІ, с. 148]; – Няхай сабе сядзельцавы дочкі ня дужа прыгожыя. Дык ці ж пра гэта казаць ім у вочы, галава твая капусцяная? [І, ІХ, с. 595]; Вось і адчытвайся прад імі, Перад галовамі пустымі [І, Х, с. 318]; – А ты будзеш на паноў старацца ды людзей тапіць? – не сцярпела Аўгіння. – Не на паноў, а на цябе, курыная твая галава [І, VІІ, с. 297]; Яно то праўда: у панскай плойме, Сказаць, не будзе недастачы, Ды гора ў тым – адзін лядачы, другі без клёпкі, трэці злосны [І, VІ, с. 65];

‘вельмі многа, больш чым дастаткова’ – адбою няма, нібы ў бочцы селядцоў, як у добрага вала, хоць гаць гаці, цераз край: … – А як прачуюць гэта людзі, Ад іх адбою тут не будзе [І, VІ, с. 85]; Зірнуў ён [Даніла] – люднасці багата, Ну нібы ў бочцы селядцоў [І, VІІІ, с. 211]; Ёй [Аўгіні] робіцца ад гэтага весела: яна мала што траціць, калі верх возьме ён [Мартын], бо ў яго сілы не меней [І, VІІ, с. 225]; Па віду пан і ходзіць панам, А спіць напэўна пад парканам, як у добрага вала Таго й глядзіць, каб што ўварваць… Такіх паноў – хоць гаць гаці [І, VІ, с. 265]; Выйшла борзда ў клець старая І кублы вярнуць давай. Жыва кораб набірае Сырам, маслам цераз край [І, ІІІ, с. 70].

Такім чынам, наяўнасць сінанімічных радоў фразеалагізмаў у творах Якуба Коласа яшчэ раз сведчыць аб глыбокім пранікненні мастака ў фразеалагічнае багацце свайго народа, раскрывае талент мастака ў выкарыстанні моўных адзінак.

Спіс літаратуры

1. Колас, Я. Збор твораў: у 12 т. / Я. Колас. – Мінск: Маст. літ., 1961–1964. У далейшым спасылкі даюцца па гэтым выданні з пазнакай адпаведнага тома і старонкі.
2. Шанский, Н. М. Фразеология современного русского языка / Н. М. Шанский. – М.: Высш. шк., 1985. – 160 с.
3. Лепешаў, І. Я. Фразеалогія сучаснай беларускай мовы / І. Я. Лепешаў. – Мінск: Вышэйш. шк., 1988. – 271 с.

А. С. Садоўская,
кандыдат філалагічных навук, дацэнт

Пра аўтара. Алена Станіславаўна Садоўская (нар. у 1965 г.) – даследчык беларускай мовы, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, скончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы (1987), з 1991 г. выкладае ў гэтай установе, з 2014 г. выконвала абавязкі загадчыка кафедры беларускага і супастаўляльнага мовазнаўства, з 2017 г. – загадчык кафедры беларускай філалогіі, аўтар звыш 150 навуковых і вучэбна-метадычных прац.