ДУША НАРОДА Вершы народных паэтаў Беларусі пра родную мову (дыдактычны матэрыял да вывучэння беларускай паэзіі ХХ ст.)

0
54347

ЯНКА КУПАЛА

         Роднае слова

Магутнае слова, ты, роднае слова!
Cа мной ты на яве і ў сне;
Душу мне затрэсла пагудкаю новай,
Ты песень наўчыла мяне.

Бяссмертнае слова, ты, роднае слова!
Ты крыўды, няпраўды змагло;
Хоць гналі цябе, накладалі аковы,
Дый дарма: жывеш як жыло!

Свабоднае слова, ты, родyае слова!
Зайграй ты смялей, весялей!
Хоць гадзіны сыкаюць, кружацца совы,
Жывеш ты на хвалу людзей.

Загнанае слова, ты, роднае слова!
Грымі ж над радзімай зямлёй:
Што родная мова, хоць бедная мова,
Мілей найбагатшай чужой! [5, c. 35].
1908

 

ЯКУБ КОЛАС

                   Слова

Слова — радасць, слова — чары,
Вобраз вечна юных вёсен,
Ёсць ты ўсюды: у сонца, у хмары,
Ты глядзіш праз неба просінь.

Лашчыш слух мой, слова-ззянне,
Атуляеш сэрца ласкай,
Ноч і вечар, дзень, світанне,
Абняло ты, слова-краска [4, c. 125—126].
1943

 

МАКСІМ ТАНК

                   Родная мова

З легендаў i казак былых пакаленняў,
З калосся цяжкога жытоў i пшанiц,
З сузор’яў i сонечных цёплых праменняў,
З грымучага ззяння бурлiвых крынiц,

З птушынага шчэбету, шуму дубровы,
I з гора, i з радасцi, i з усяго
Таго, што лягло назаўсёды ў аснову
Святынi народа, бяссмерця яго, —

Ты выткана, дзiўная родная мова.
Няма на зямлi таго шчасця i гора,
Якога б ты нам перадаць не магла.
Няма такiх нетраў, глыбокага мора

I гор, праз якiя б ты не правяла
Мяне на радзiму, туды, дзе сягоння
Стаiць акрываўлены вораг з пятлёй
Над спаленай хатай, над родным загонам,

Над будучыняй і над песняй маёй, —
Над тым, што было i што век будзе вольным.
Народ пранясе цябе, родная мова,
Святлом незгасальным у сэрцы сваiм

Праз цемру і годы змаганняў суровых.
Калi ж ападзе і развеецца дым
I нiвы васкросшыя закаласяцца, —
Iзноў прашумiш ты вясновым дажджом,

Iзноў зазвiнiш ты у кожнай у хаце,
Цымбалам дасi iх сярэбраны гром
I вусны расквецiш усмешкай дзiцяцi [7, c. 42—13].
1943

 

ПЯТРУСЬ БРОЎКА

         Калі ласка!

У любiмай мове, роднай, наскай,
Ах, якiя словы: «Калi ласка!..»
Як звiняць яны сардэчнаю струною,
Праз усё жыццё iдуць са мною.

Трапiць госць у будзень, а цi ў свята:
— Калi ласка, калi ласка, ў хату!
Не паспелi сесцi пры сустрэчы,
Як патэльня засквiрчэла ў печы,

Ды i чарка блiснула дарэчы.
Бульба, смажанiна i каўбаска,
Пакаштуйце, людцы, калi ласка!
Хлопец кажа дарагой дзячыне:

— Калi ласка! Будзеш гаспадыняй!..
Эх, жыццё збудуем мы прыгожа,
Ўсе з табой нягоды пераможам.
Гром грымiць. З нябёсамi размова:

— Калi ласка, цёплы дождж вясновы!
I не вельмi буйны i не рэдкi —
На сады, на пушчы, на палеткi,
На грыбы, на ягады, на кветкi…

— Калi ласка! — наш зварот бясконцы.
Мы гаворым ранiшняму сонцу:
— Калi ласка, сонца, выйдзi з хмары,
Радасцю аблашчы нашы твары,

Ты ўзнiмi з сабою нашы мары!
— Калi ласка!.. — нашай роднай мовы
Шчырыя i ветлiвыя словы [2, c. 7].
1970

 

 

ПІМЕН ПАНЧАНКА

         Родная мова

Кажуць, мова мая аджывае
Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.
Для мяне яна вечна жывая,
Як раса, як сляза, як зара.
Гэта ластавак шчабятанне,
Звон світальны палескіх крыніц,
Сінь чабору, і барвы зарніц,
І буслінае клекатанне.
Калі ж хто загадае: «Не трэба!» —
Адрачэцца ад мовы народ, —
Папрашу я і сонца, і неба:
Мне не трэба ні славы, ні хлеба,
Асудзіце на безліч нягод.
Толькі месяцаў назвы пакіньце,
Назвы родныя роднай зямлі,
Пра якія з маленства ў блакіце
Бор шуміць і пяюць жураўлі:
Студзень — з казкамі снежных аблокаў,
Люты — шчодры на сіні мароз,
Сакавік — з сакатаннем і сокам
Непаўторных вясновых бяроз,
Красавік — час маланак і ліўняў,
Травень — з першым каханнем, сяўбой,
Чэрвень — з ягаднаю зарой,
Ліпень — з мёдам,
З пшаніцаю — жнівень,
Спелы яблычны верасень,
Светлы кастрычнік
У празрыстасці чыстай, крынічнай,
Лістапад — залаты лістапад,
Снежань — першы густы снегапад…
Ці плачу я, ці пяю?..
Восень. На вуліцы цёмна…
Пакіньце мне мову маю,
Пакіньце жыццё мне! [6, c. 65—66].
1964

РЫГОР БАРАДУЛІН

         Неруш

Неруш ранішні

роднае слова,

Мне шукаць цябе,

покуль гляджу,

Пад зялёным крылом верасовак,

Пад крысом

і спякоты й дажджу.

Слова,

што як нарог для ратая,

Як для ластаўкі —

стромы вільчак,

Ад якога на небе світае,

Ад якога яснее ў вачах.

А пашчасціць — натрапіцца неруш, —

Зазвіняць недзе промні наўзбоч.

Неруш свой

панясу я аберуч,

Як слязіну з матуліных воч.

 

Ад абразы,

ад позірку злога,

Шлях заблытаўшы для наслання,

Неруш ранішні —

матчына слова,

Мне, як бору,

цябе засланяць! [1, c. 134—135].

1965

НІЛ ГІЛЕВІЧ

         Родная мова

Як ты дорага мне, мая родная мова —
Песні-долі маёй векавая аснова!

Ты калісьці з калыскі мяне падымала
I вучыла ў бацькоў на руках гаварыць.
У жыцці маім слова найпершае «мама»
I цяпер для мяне сама міла гучыць.

Я па літарах родных вучыўся чытаць,
I буквар для мяне быў жыцця палавінай.
Быў шчаслівы я роднаю мовай сказаць
Першы раз: «Беларусь, мая сонца-краіна!»

I цяпер для мяне ты з усіх прыгажэй,
Хоць, я ведаю, моваў на свеце нямала,
I з усіх песняроў мне мілей і бліжэй
Роднай мовы пясняр — неўміручы Купала,

А задумае вораг з далёкага краю
Адабраць у мяне, знішчыць мову маю —
He дазволю.
He дам.
He прадам.
He змяняю.
I да смерці за волю тваю пастаю! [3, c. 273].
1947

 

Спіс літаратуры

  1. Барадулін, Р. Выбраныя творы: у 2 т. / Р. Барадулін. — Мінск: Маст. літ., 1984. — Т. 1: Вершы. — 415 с.
  2. Броўка, П. Збор твораў: у 7т. / П. Броўка. — Мінск: Маст літ., 1977. — Т. 4: Вершы, паэмы. 1968—1976. — 574 с.
  3. Гілевіч, Н. Выбраныя творы: у 2 т. / Н. Гілевіч. — Мінск: Маст. літ., 1991. — Т. 1: Вершы, паэмы, п’есы. — 478 с.
  4. Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. / Я. Колас; НАН Беларусі, Ін-т літ. імя Я. Купалы. — Мінск: Беларус. навука, 2008. — Т. 3: Вершы (1939—1945). — 518 с.
  5. Купала, Я. Поўны збор твораў: у 9 т. / Я. Купала — Мінск: Маст. літ., 1996. — Т. 2: Вершы, пераклады 1908—1910. — 342 с.
  6. Панчанка, П. Выбраныя творы / П. Панчанка; уклад. В. Шніп. — Мінск: Маст. літ., 2009. — 238 с.
  7. Танк, М. Збор твораў: у 13 т. / М. Танк. — Мінск: Беларус. навука, 2006. — Т. 2: Вершы, паэмы (1939—1954). — 566 с.

 

Падрыхтавалі:
Вікторыя Малашчанка, Ала Міхалюк, Кацярына Сумарэвіч,
студэнты ІV курса спец. «Беларуская філалогія»